ПАЛАВЫ́Я ПРЫКМЕ́ТЫ,
марфалагічныя і функцыянальныя прыкметы, якія вызначаюць асн. адрозненні паміж самцом і самкай у жывёл, мужчынам і жанчынай у чалавека Адрозніваюць першасныя і другасныя палавыя прыкметы. Да першасных П.п. самцоў млекакормячых і чалавека адносяць семяннікі, семяправод, палавы член, прастату, у самак — яечнікі, яйцаводы, матку, похву. Гл. таксама Палавыя органы.
т. 11, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
сінтаксічныя адзінкі ў форме слова ці спалучэння слоў, якія адыгрываюць асноўную ролю ў арганізацыі сказа. Да іх адносяцца дзейнік і выказнік 2-састаўнага сказа і галоўны член 1-састаўнага сказа. Дзейнік і выказнік сінтаксічна раўнапраўныя, узаемазалежныя, прадвызначаюць адзін аднаго і ў сваім аб’яднанні ўтвараюць структурную аснову сказа.
Могуць быць фармальна прыпадобненыя (каардынаваныя): «У небе звінелі жаваранкі» і непрыпадобненыя (некаардынаваныя): «Падрыхтаваць цікавы даклад — справа нялёгкая»; заўсёды цесна звязаны па сэнсе: «Грош цана такой рабоце». Паміж дзейнікам і выказнікам заўсёды існуюць прэдыкатыўныя адносіны; дзейнік звычайна абазначае прадмет, выказнік — адзнаку прадмета, паказвае на час яе выяўлення, суадноснасць выказвання з рэчаіснасцю. Галоўны член састаўнага сказа суадносіцца па форме з дзейнікам або выказнікам 2-састаўнага сказа, але адрозніваецца па значэнні: ён адзін фарміруе прэдыкатыўнае ядро, складае структурную аснову сказа («Раніца. Цішыня»; «Са смагі поўны п’ю карэц халоднага бярозавага соку»).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.
Л.І.Бурак.
т. 4, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБАШЫ́НСКІ (Андрэй Станіслававіч) (н. 4.5.1970, г. Ашмяны Гродзенскай вобл.),
бел. спартсмен (ручны мяч). Скончыў у Мінску школу алімп. рэзерву (1987). Алімп. чэмпіён (1992, Барселона), чэмпіён свету сярод юніёраў (1989), СССР (1989), бронзавы прызёр чэмпіянату свету (1991), у складзе клуба СКА (Мінск), уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1989), Кубка СССР (1989). Член зборнай каманды Беларусі з 1992.
т. 2, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЛАР, Лейлар (Lalor) Джэймс Фінтан (каля 1807, Тынакіл, Ірландыя — 27.12.1849), дзеяч ірландскага нац.-вызв. руху. З 1847 член левага крыла т-ва «Маладая Ірландыя», потым адзін з кіраўнікоў Ірландскай канфедэрацыі. Выступаў з заклікамі да паліт. барацьбы (разрыў англа-ірл. уніі 1801) і агр. рэвалюцыі (захоп зямлі ірл. сялянамі-арандатарамі). У чэрв. 1848 арыштаваны брыт. ўладамі.
т. 9, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКУРЭ́НТНАЯ ФО́РМУЛА,
суадносіны, па якіх можна вылічваць любы член паслядоўнасці па зададзеных значэннях яе папярэдніх членаў. Напр.: an+1 = an + d — арыфметычная прагрэсія, an+1 = anq — геаметрычная прагрэсія. Калі Р.ф. лінейная, то паслядоўнасць, якая задавальняе яе, наз. рэкурэнтнай паслядоўнасцю і задача адшукання такіх паслядоўнасцей аналагічная рашэнню звычайных аднародных лінейных дыферэнцыяльных ураўненняў з пастаяннымі каэфіцыентамі.
т. 13, с. 573
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НЦЛЕР (ням. Kanzler),
1) начальнік канцылярыі вял. князя ВКЛ, хавальнік вял. дзярж. пячаткі, член паноў-рады. Пасада ўведзена ў 15 ст. Назначаўся пажыццёва з феад. знаці. Дакладваў вял. князю і радзе пра дзярж. справы, рэдагаваў статуты і рашэнні рады, змацоўваў афіц. дакументы пячаткай і падпісваў іх, вёў перагаворы з замежнымі дзяржавамі, захоўваў копіі дзярж. дакументаў. Пасля Люблінскай уніі 1569 К. ВКЛ — член сената Рэчы Паспалітай, займаўся замежнымі справамі разам з каронным (польскім) К. Лічыўся другім пасля маршалка міністрам. У якасці жалавання атрымліваў ад караля староства. Займаў інш. кіруючыя пасады (ваявода, гетман). Фактычна выконваў функцыі міністра ўнутр. і замежных спраў.
2) У царскай Расіі — найвышэйшы грамадзянскі чын, уведзены Пятром I у 1709.
3) У Швейцарыі — сакратар Савета палаты парламента.
4) У Германіі (1871—1945) рэйхсканцлер — прэм’ер-міністр.
5) У Вялікабрытаніі К. казначэйства — міністр фінансаў; лорд-К. — старшыня палаты лордаў.
6) У Аўстрыі і ў Германіі федэральны К. — кіраўнік урада.
А.П.Грыцкевіч.
т. 8, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЭ́Р, Барэр дэ В’ёзак (Barère de Vieuzac) Бертран (10.9.1755, г. Тарб, Францыя — 13.1.1841), французскі рэвалюцыянер. Адвакат. Дэп. Устаноўчага сходу і Канвента. Спрабаваў прымірыць жырандыстаў з якабінцамі, падтрымліваючы то адных, то другіх. У час якабінскай дыктатуры член К-та грамадскага выратавання. У дні тэрмідарыянскага перавароту садзейнічаў падзенню ўлады М.Рабесп’ера. У гады Рэстаўрацыі ў выгнанні. Аўтар мемуараў.
т. 2, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЎМАН (Мікалай Эрнеставіч) (29.5.1873, г. Казань — 31.10.1905),
рускі рэвалюцыянер. Рэв. дзейнасць пачаў у Казані. У 1896—97 член Пецярбургскага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1899 эмігрыраваў, у Жэневе ўвайшоў у групу «Вызваленне працы». У 1900 удзельнічаў у стварэнні газ. «Іскра». У 1903 узначаліў Маскоўскую арг-цыю бальшавікоў, у 1904 — Паўн. бюро ЦК РСДРП. Забіты чарнасоценцамі ў час рэв. дэманстрацыі ў Маскве.
т. 2, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕ́Р (Albert; сапр. Мартэн; Martin) Аляксандр
(27.4.1815, г. Бюры, Францыя — 29.5.1895),
французскі сацыяліст. Удзельнік Ліёнскага паўстання 1834, адзін з кіраўнікоў тайнага рэв. т-ва 1840-х г. «Таварыства новых пораў года». Удзельнік Рэвалюцыі 1848 у Францыі, член Часовага ўрада Другой рэспублікі, віцэ-прэзідэнт Люксембургскай камісіі. Дэп. Устаноўчага сходу. За ўдзел у рэв. выступленні рабочых Парыжа 15.5.1848 зняволены на 20 гадоў, у 1859 амнісціраваны.
т. 1, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНТО́Н ((Danton) Жорж Жак) (28.10.1759, г. Арсі-сюр-Об, Францыя — 5.4.1794),
дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99, адзін з правадыроў якабінцаў. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 10.8.1792, якое скінула манархію. Быў дэпутатам Канвента, міністрам юстыцыі ў новым урадзе. З 1793 член Камітэта грамадскага выратавання; выступаў за прымірэнне з жырандыстамі, супраць рэв. тэрору. Асуджаны рэв. трыбуналам, гільяцінаваны.
Літ.:
Левандовский АП. Дантон. Ростов н/Д, 1997.
т. 6, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)