працэс атрымання высакародных металаў высокай чысціні шляхам ачысткі ад дамешкаў; адзін з відаў рафінавання металаў. Золата і серабро ачышчаюць электролізам (чысты метал асядае на катодзе); атрыманае золата мае пробу не ніжэй за 999,9. Плаціну і металы плацінавай групы ачышчаюць т.зв. «мокрым» спосабам: раствараюць у мінер. кіслотах і асаджаюць спец. рэагентамі (хлорысты амоній, аміяк, цукар). Афінаж золата робяць і «сухім» спосабам: расплаўляюць, насычаюць хлорам, хларыды невысакародных металаў выпарваюць, хларыды серабра ўсплываюць на паверхню. Проба золата 996,5, серабра, адноўленага з хларыдаў, 999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РГІУС ((Bergius) Фрыдрых) (11.10.1884, Гольдшмідэн, цяпер у межах Вроцлава, Польшча — 30.3.1949),
нямецкі хімік-тэхнолаг. Скончыў Брэслаўскі ун-т (1907). Працаваў ва ун-тах Берліна і Гановера. У 1910 на свае сродкі стварыў лабараторыю, у 1914 стаў прадпрымальнікам. З 1938 займаўся вытв. дзейнасцю ў канцэрне «І.Г.Фарбэніндустры». Распрацаваў метады высокага ціску ў хіміі і хім. тэхналогіі. Прапанаваў працэсы гідрагенізацыі вугалю і ператварэння цэлюлозы ў кармавы цукар, што забяспечыла Германію ў гады 2-й сусв. вайны жыццёва неабходнымі рэсурсамі. Нобелеўская прэмія 1931 (разам з К.Бошам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САСЮ́Р ((Saussure) Нікала Тэадор) (14.10.1767, г. Жэнева, Швейцарыя — 18.4.1845),
швейцарскі аграхімік і фізіёлаг раслін. Чл.-кар. Парыжскай АН (1808), чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1820). З 1802 праф. Жэнеўскага ун-та. Навук. працы па фізіцы, хіміі, геалогіі, фізіялогіі раслін. Вывучаў фізіялогію прарастання насення, ператварэнне крухмалу ў цукар, браджэнне. Упершыню выкарыстаў метады колькаснага хім. аналізу пры вывучэнні газаабмену і мінер. жыўлення раслін. Эксперыментальна паказаў засваенне раслінамі на святле вугляроду з вуглякіслага газу з выдзяленнем кіслароду, і што ў працэсе дыхання расліны, як і жывёлы, паглынаюць кісларод і выдзяляюць вуглякіслы газ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКО́САВАЯ ПА́ЛЬМА (Cocos nucifera),
кветкавая расліна сям. пальмаў. Адзіны від роду. Пашырана на акіянічных узбярэжжах трапічных абласцей, дзе шырока культывуецца.
Вечназялёнае дрэва выш. да 30 м, крона з вял. перыстага лісця даўж. 3—6,5 м, шыр. 1—1,5 м. Кветкі аднаполыя, сабраныя ў пазушныя суквецці. Плод (какосавы арэх) — касцянка 1,5—2,5 кг. Драўніну выкарыстоўваюць у буд-ве, валакністую абалонку плода (койр) — на пляценне канатаў, цыновак і інш.; з мякаці пладоў (копры) атрымліваюць какосавы алей, макуху (корм для жывёлы); насенне і яго вадкасць (какосавае малако) ядомыя. З соку суквеццяў робяць цукар, сіроп, віно. Дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАДУ́ХА,
у беларусаў кісла-салодкая мучная страва. Наз. таксама путра. Жыта замочвалі на суткі, потым сушылі і малолі ў жорнах; разводзілі вадой у гаршку, прыварвалі і вылівалі ў дзежку закісаць. Як укісне, елі з бульбай. Часцей С. рабілі з жытняй нясоладавай мукі. Тады яе даўжэй парылі, каб лепш усаладжала, або дадавалі мёд, цукар. С. разводзілі таксама з грэцкай або з сумесі жытняй (2 часткі) і грэцкай (1 частка) мукі. З С. рабілі квас, на ёй некат. рашчынялі хлеб. На Мядзельшчыне, Пастаўшчыне С. наз. ўсаладжалую закалоту з жытняй мукі, з якой разводзілі раўгеню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́СТАЛЬ, Брыстал (Bristol),
горад на ПдЗ Вялікабрытаніі. Адм. ц. графства Эйван. 396,6 тыс.ж. (1992). Порт пры ўпадзенні р. Эйван у Брыстольскі зал. 2 аэрапорты. Чыгунка. Суднабудаванне, авіякасм. прам-сць (у прыгарадзе Філтан), каляровая металургія, папяровая, паліграф., харчасмакавая (у т. л. мукамольная, алейная, шакаладная, піваварная, тытунёвая), хім., абутковая прам-сць. Каля Брысталя — нафтахім. комплекс Севернсайд. Музей і маст. галерэя. Цэнтр турызму. Ун-т. Арх. помнікі 12—19 ст.
Засн. каля 6 ст. З 12 ст. вядомы як буйны порт. У перыяд каланізацыі Паўн. Амерыкі і Вест-Індыі (17 — пач. 18 ст.) адзін з цэнтраў гандлю рабамі і калан. гандлю (цукар, тытунь і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАГАНДЛЁВЫ СТАТУ́Т 1667,
закон пра ўнутр. і знешні гандаль, выдадзены ў Расіі па ініцыятыве кіраўніка Пасольскага прыказа А.Л.Ардына-Нашчокіна. Меў на мэце папаўненне дзярж. казны і падтрымку рас. купецтва. Н.с. развіваў нормы гандл. статута 1653, уніфікаваў пошліны, абмяжоўваў гандаль іншаземцаў. Замежныя купцы абавязваліся гандляваць оптам у памежных гарадах, а пры праездзе ў глыб краіны плаціць акрамя мытнай дадатковыя пошліны з тавару і за праезд, што разам у 4 разы перавышала зборы з рас. купцоў. Іншаземцам забаранялася на тэр. Расіі гандляваць паміж сабой. Найб. высокімі пошлінамі абкладаліся прадметы раскошы, віны, цукар і інш. Н.с. 1667 — тыповы прыклад правядзення дзярж. палітыкі пратэкцыянізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНАЯ АКТЫ́ЎНАСЦЬ,
здольнасць актыўнага асяроддзя выклікаць вярчэнне плоскасці палярызацыі святла, што праз яго праходзіць. Натуральная аптычная актыўнасць абумоўлена несіметрычнай будовай малекул рэчываў (цукар, камфора, вінная кіслата і інш.; гл.Аптычная ізамерыя) або выклікана спецыфічнай арыентацыяй малекул (іонаў) у элементарных ячэйках крышталёў (кварц, кінавар і інш.). Крышталі такіх рэчываў не маюць пунктаў, восяў і плоскасцяў сіметрыі, заўсёды існуюць у 2 люстраных формах — правай і левай (гл.Энантыямарфізм). Штучная аптычная актыўнасць выяўляецца ў выніку вонкавых уздзеянняў, напр., магн. поля (гл.Фарадэя эфект). Аптычная актыўнасць вымяраецца з дапамогай палярыметраў, цукрамераў, спектрапалярыметраў і інш. На аснове аптычнай актыўнасці ў малекулярнай фізіцы і хіміі распрацаваны метады даследавання прасторавай структуры малекул, палімераў, крышталёў, унутры- і міжмалекулярных узаемадзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРГА́ (Amelanchier),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны 3 віды: І. каласістая (A. spicata), І. канадская (A. canadensis), І. альховалістая (A. alnifolia). У дэндрарыях і парках Беларусі трапляюцца яшчэ 5 відаў І. (круглалістая, пышнаквітучая, гладкая, малаплодная, крывава-чырвоная).
Аднадомныя, лістападныя дрэвы і кусты выш. да 8 м. Лісце простае, суцэльнае, цёмна-зялёнае, восенню аранжава-чырвонае. Кветкі белыя або крэмавыя ў шчыткападобных гронках. Цвітуць у маі, пладаносяць у ліп. — жніўні. Плод — сакавіты, ягадападобны, сінявата-чорны яблык дыяметрам да 1 см, ядомы. мае цукар, вітамін С, карацін і інш Пладовыя, меданосныя, лек. (плады, кара, лісце), дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛА СМЕТАНКО́ВАЕ,
харчовы прадукт, які з’яўляецца канцэнтратам малочнага тлушчу; адзін з асн.малочных прадуктаў. Вызначаецца павышанай біял. каштоўнасцю і каларыйнасцю (каля 3 МДж на 100 г прадукту). Мае 52—98% тлушчу (у залежнасці ад віду), 1—20% вільгаці, а таксама бялкі, малочны цукар, фасфатыды, тлушчарастваральныя вітаміны A, D, E і інш. рэчывы.
Вырабляюць розныя віды М.с.: салодкасметанковае, кісла-сметанковае, валагодскае (не меней за 82,5% тлушчу), аматарскае (78% тлушчу), сялянскае (72,5% тлушчу), бутэрброднае (зніжанай каларыйнасці і высокай пажыўнасці, за кошт увядзення маслёнкі), таплёнае (98% тлушчу), салёнае (з дабаўленнем кухоннай солі), дэсертнае са смакавымі і пахучымі напаўняльнікамі — какавы, ваніліну і цукру (шакаладнае масла), натуральных сокаў і цукру (фруктовае масла). Гл. таксама Масларобства.