ПАРУМБЕ́СКУ ((Porumbescu) Чыпрыян) (14.10.1853, Шыпатэле-Сучэвей, Румынія — 25.5.1883),

румынскі кампазітар, дырыжор; адзін з заснавальнікаў рум. прафес. музыкі. У 1879—81 вучыўся ў Венскай кансерваторыі ў А.Брукнера і інш. З 1870-х г. кіраваў хар. калектывамі, выкладаў музыку ў г. Брашоў, Чарнаўцы. Яго музыка арганічна звязана з рум. муз. фальклорам. Найб. вядомы хар. песні, у т. л. «Тры колеры» (з 1977 Дзярж. гімн Румыніі). З інш. твораў: быт. сатырычная камедыя «Кандыдат Лінтэ» (1877, на ўласнае лібрэта), аперэта «Маладзік» (паст. 1882), «Балада» для скрыпкі і фп. (1880), «Румынская рапсодыя» для фп., рамансы, хары, музыка для драм. т-ра.

Літ.:

Ванча З. Ч.​Порумбеску // Страницы истории румынской музыки: Пер. с рум. М., 1979.

т. 12, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДЫНЬШ ((Mediņš) Язепс) (13.2.1877, г. Каўнас, Літва — 12.6.1947),

латышскі кампазітар, дырыжор. Засл. дз. маст. Латвіі (1945). Брат Екабса Медыньша і Яніса Медыньша. Скончыў 1-ы Рыжскі муз. ін-т па класах скрыпкі, віяланчэлі і фп. (1896), потым кіраўнік гэтага ін-та і педагог. У 1906—11 дырыжор т-ра Рыжскага лат. т-ва, у 1915—22 кіраўнік розных оперных труп. У 1922—25 канцэртмайстар і дырыжор Латв. нац. оперы. Выкладаў у Латв. кансерваторыі (з 1946 праф.). Асн. творы: оперы «Жрыца» (паст. 1927), «Земдэгі» (1947, закончана М.​Зарыньшам); 3 сімфоніі (1922—41), сімф паэма «Латышская зямля» (1935); канцэрт для скрыпкі з арк. (1911); хары, сольныя песні і інш.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 10, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ў Коўне

(сучасны г. Каўнас),

грамадская арганізацыя ў Літве. Існавала з лют. 1932 да 1935 (?). Асн. мэта дзейнасці — пашырэнне бел. асветы і культуры на роднай мове. У 1933 налічвала больш за 1000 чал. У прэзідыум т-ва ўваходзілі М.​Матач, К.​Плескачэўская, С.​Якавюк і інш. Мела Алаіцкае, Бразельскае, Вількамірскае, Гялвойскае, Мярэцкае аддзяленні; прадстаўніцтвы ў Троках і Зарасаі; жаночы аддзел у Коўне. Пры т-ве працавалі перасоўны Бел. нар. ун-т, Бел. нар. тэатр (у Коўне, з 1932), хары ў Коўне і пры Бразельскім аддзяленні, з 1933 — дзіцячы сад, бібліятэка-чытальня. Уваходзіла ў ініцыятыўны камітэт Міжнар. асацыяцыі бел. арг-цый (г. Коўна), супрацоўнічала з аб’яднаннем студэнтаў-беларусаў Літоўскага ун-та.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАЛА́ПАЎ (Якаў Ягоравіч) (1.5.1934, г. Орша Віцебскай вобл. — 8.7.1982),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1966, клас А.Багатырова). З 1966 выкладаў у Віцебскім муз. вучылішчы. Яго творчасці характэрна актыўная распрацоўка муз. фальклору Віцебшчыны. Сярод твораў: вак.-сімф. паэма «Белавежа» на словы Я.​Пушчы (1966), кантата «Нараджэнне дзяржавы» на словы П.​Макаля, М.​Калачынскага, М.​Хведаровіча, А.​Бачылы (1967); «Беларуская уверцюра» (1966), п’еса «Успенская горка» (1968) для сімф. арк.; фантазія на тэму бел. нар. песні для камернага арк. (1971); «Беларуская уверцюра» для арк. нар. інструментаў (1971); дывертысмент для ансамбля скрыпак і фп. (1968); сюіта (1970) і цыкл апрацовак бел. нар. песень «Аршанскі вяночак» (1979) для фп.; канцэртная фантазія для цымбалаў і фп. (1973); хары, песні, музыка да драм. спектакляў.

Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 8, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́РЦЫНГ, Лортцынг (Lortzing) Альберт (23.10.1801, Берлін —21.1.1851), нямецкі кампазітар. Музыцы вучыўся самастойна. З 1820 оперны спявак (тэнар). З 1833 спявак і капельмайстар у Лейпцыгскім гар. т-ры, у 1846—50 оперны дырыжор у Вене, тэатр. капельмайстар у Берліне. Аўтар каля 30 опер і зінгшпіляў. Большасць яго опер блізкія да ням. зінгшпілю і ўвасабляюць рысы італьян. і франц. камічнай оперы. Імкнуўся да стварэння нац. муз. дэмакратычнай мовы, заснаванай на фальклоры. Сярод твораў: оперы «Скарбніца інкаў» (паст. 1836), «Цар і цясляр, або Два Пятры» (1837), «Казанова» (1841), «Ундзіна» (1845), «Збраяносцы Роланда» (1849) і інш., зінгшпілі «Чацвёра вартавых на пасту» (1828), «Паляк і яго дзіця», «Куцця», «Сцэны з жыцця Моцарта» (усе 1832) і інш.; араторыя, кантата, хары, песні, музыка да драм. спектакляў.

т. 9, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ЛІТАРАТУ́РНА-МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К Існаваў у Магілёве ў 1905—14. Аб’ядноўваў мясц. інтэлігенцыю

(у 1912 каля 300 чал.). Меў у сваім складзе сімф. аркестр (дырыжор У.​Крэвінг),

хор (кіраўнікі М.​Фідзюноў, В.​Зубоўскі), вял. групу прафес. музыкантаў (спевакі С.Мігай, Ю.​Рэйдэр, Я.​Казанская, Е.​Калабазіна, піяністы В.​Багалюбава і А.​Боркус, скрыпач С.​Дзісман, музыказнаўцы С.​Вяржбіцкі, Ю.Дрэйзін). Удзельнікі гуртка наладжвалі канцэрты і муз. вечары (больш за 10 у сезон), чыталі лекцыі пра жыццё і творчасць выдатных кампазітараў, пісьменнікаў і паэтаў, ставілі асобныя дзеі і акты, выконвалі уверцюры, арыі, ансамблі, хары, у т. л. з опер «Жыццё за цара» і «Руслан і Людміла» М.​Глінкі, «Пікавая дама» і «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага і інш.

А.​Л.​Капілаў.

т. 9, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РШНЕР ((Marschner) Генрых Аўгуст) (16.8.1795, г. Цытаў, Германія — 14.12.1861),

нямецкі кампазітар, дырыжор; прадстаўнік ранняга ням. рамантызму. Ганаровы д-р Лейпцыгскага ун-та (1834). У 1811—16 вучыўся кампазіцыі ў І.​Шыхта. З 1827 дырыжор у Лейпцыгу, у 1831—59 прыдворны капельмайстар у Гановеры. У творчасці развіваў традыцыі К.М.Вебера, асабліва ў жанры рамант. оперы на казачна-фантаст. і сярэдневяковыя сюжэты; імкнуўся да псіхал. распрацоўкі характараў, сімфанізацыі муз.-драм. дзеяння. У лепшых з 14 опер («Вампір», паст. 1828; «Храмоўнік і яўрэйка», паст. 1829; «Ганс Гейлінг», паст. 1833) прадвызначыў прынцыпы муз. драмы Р.​Вагнера. З інш. твораў: балет «Гордая сялянка» (1810), зінгшпілі, духоўныя творы; 2 арк. уверцюры, камерна-інстр. ансамблі, мужчынскія хары, песні, музыка да драм. спектакляў і інш.

т. 10, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЗУР ((Masur) Курт) (н. 18.7.1927, г. Брыг, Швейцарыя),

нямецкі дырыжор. Чл. АМ Германіі. Вучыўся ў Лейпцыгскай вышэйшай муз. школе (1946—48). З 1948 дырыжор оперных т-раў у Гале, Эрфурце, Лейпцыгу. У 1955—72 генерал-музік-дырэктар Дрэздэнскага філарманічнага аркестра, Мекленбургскага т-ра ў Шверыне, т-ра «Комішэопер», з 1970 гал. дырыжор аркестра «Гевандхаўза», з 1991 Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены оперы «Хары Янаш» З.​Кодая, «Рамэо і Юлія» Г.​Зутэрмейстара, «З мёртвага дома» Л.​Яначака, «Арабела» Р.​Штрауса, «Атэла» Дж.​Вердзі, «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага і інш. Вядомы як інтэрпрэтатар сімфоній Л.​Бетховена, А.​Брукнера, Р.​Шумана, Ф.​Мендэльсона, П.​Чайкоўскага. Нац. прэміі ГДР 1970, 1982. Прэмія імя Шумана 1981.

К.Мазур.

т. 9, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛО́ЕВІЧ ((Milojević) Мілое) (28.10.1884, Бялград — 16.6.1946),

сербскі кампазітар, музыказнавец, педагог; адзін са стваральнікаў сучаснай сербскай кампазітарскай школы. Вучань С.​Мокраняца (кампазіцыя), З.Неедлы (музыказнаўства).’ Выкладаў у ун-це (1925—39) і Муз. акадэміі (з 1941 праф.) у Бялградзе. Стваральнік і кіраўнік вак.-інстр. ансамбляў педагогаў Сербскай муз. школы (1911) і ун-та (Collegium musicum, 1925), рэдактар час. «Muzika» (1928). У творчасці апіраўся на муз. фальклор. Сярод твораў: сімф. паэма «Смерць маці Юговічаў» (1921), лірычная сімфонія для голасу з арк. «Баль на лузе» (1939), уверцюра «Даніла і Сіманіда» (1913); камерна-інстр. ансамблі; фп. п’есы, у т. л. «Мелодыі і рытмы Балкан», хары, рамансы. Аўтар муз.-тэарэт. прац пра Б.​Сметану, Р.​Вагнера, Р.​Штрауса, Г.​Малера, Мокраняца, сербскі муз. фальклор і інш.

т. 10, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУШ ((Bush) Алан Дадлі) (н. 22.12.1900, Далуіч, каля Лондана),

англійскі кампазітар, піяніст, дырыжор. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1918—22), выкладаў у ёй. У 1929—40 маст. кіраўнік і дырыжор рабочага хар. саюза. Заснавальнік (1936) і старшыня Рабочай муз. асацыяцыі (з 1941 прэзідэнт), кіраўнік створанага ім камернага аркестра (1938—51). Як дырыжор гастраляваў у многіх краінах свету. Сярод тв.: оперы «Уот Тайлер» (1953), «Людзі з Блэкмура» (1956), «Джо Хіл, чалавек, які ніколі не памрэ» (1970); аперэта «Чароўнасць» (1953); кантаты, у т. л. «Галасы прарокаў» (1952); З сімфоніі, у т. л. Нотынгемская (1949) і «Байран» (1960); тв. для аркестра; камерна-інстр. творы; хары «Галодны паход», «Песня працы», «Абаронцы міру», «Песня дружбы», «Увесь свет — яго песня» (апошні прысвечаны П.​Робсану); песні і інш.

Літ.:

Котляров Б. Алан Буш. М., 1981.

т. 3, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)