характарыстыка дакладнасці апрацоўкі вырабу (дэталі, вузла, машыны, прылады), якая вызначаецца значэннямі допускаў. Устанаўліваецца на асобныя геам. памеры вырабу (напр., лінейныя памеры, вуглы) і на выраб у цэлым, або т.зв. зборачную адзінку (напр., на падшыпнікі качэння, сілавыя вузлы металарэзных станкоў). К.д. геам. параметраў — састаўная частка стандартных сістэм допускаў і пасадак. Заменены на квалітэты, у вымяральнай тэхніцы захаваліся (гл.Класы дакладнасці сродкаў вымярэння).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,
параметр (характарыстыка) магнітнага ланцуга, роўны адносінам магнітарухальнай сілы F, якая дзейнічае ў ланцугу, да створанага ёю магнітнага патоку Ф. Выкарыстоўваецца для разлікаў магн. ланцугоў (магнітаправодаў).
М.с. Rm аднароднага ўчастка магн. ланцуга вылічваецца па формуле: Rm = l/μμ0S, дзе l і S — даўжыня і папярочнае сячэнне ўчастка ланцуга, μ — адносная магн. пранікальнасць матэрыялу, μ0 — магн. пастаянная. Адзінка М.с. ў СІ — ампер (або ампер-віток) на вебер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЛАСІ́ЛА,
фізічная велічыня, роўная адносінам асветленасці відарыса прадмета, утворанага аптычнай прыладай, да яркасці прадмета; характарыстыка аптычнай прылады. Часам за С. прымаюць лікавае значэнне адноснай адтуліны — адносін дыяметра найб. дыяфрагмы аб’ектыва да яго фокуснай адлегласці. Для аб’ектыва С. прымаецца роўнай τS/f2, дзе τ < 1 — каэфіцыент прапускання аб’ектыва, залежны ад страт, звязаных з адбіццём святла і паглынаннем святла, S — плошча адтуліны апертурнай дыяфрагмы, f — фокусная адлегласць аб’ектыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРА́СТ (франц. contraste),
рэзка выражаная процілегласць. 1) Зрокавы К. — зрокавая ацэнка яркасці (асветленасці) прадмета (ці яго колеру) у параўнанні з навакольным фонам. Найменшы К., які ўспрымаецца вокам, наз. парогавым.
2) К. фатаграфічны — характарыстыка негатыўнага (ці пазітыўнага) фатаграфічнага відарысу па суадносінах яго самага светлага і самага цёмнага ўчасткаў. Для чорна-белых відарысаў вызначаецца як рознасць найб. і найменшай аптычных шчыльнасцей пачарнення і паказвае скорасць нарастання пачарнення з павелічэннем экспазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНЫ ПАТЭНЦЫЯ́Л,
абагульненая эканам.характарыстыка краіны, групы краін, рэгіёна, якая дазваляе вызначыць сукупную здольнасць нац. гаспадаркі, яе галін і прадпрыемстваў выпрацоўваць прадукцыю, ажыццяўляць інвестыцыі, аказваць паслугі, задавальняць патрэбы ў пэўны перыяд. Вызначаецца вытв. магутнасцю прадпрыемстваў, працягласцю трансп. магістралей і наяўнасцю трансп. сродкаў, колькасцю прац. рэсурсаў і іх кваліфікацыяй, развіццём галін невытв. сферы, дасягненнямі навукі і тэхнікі, аб’ёмам прыродных рэсурсаў, станам с.-г. вытв-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМО́ЎНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,
уласцівасць некаторых звычайна нелінейных элементаў эл. ланцугоў змяншаць падзенне напружання на іх пры павелічэнні сілы току (напр., 4-слойны некіроўны дыёд, тунэльны дыёд). У ланцугах пераменнага току індуктыўнае супраціўленне можна разглядаць як адмоўнае супраціўленне ў адносінах да ёмістаснага. У ланцугах пастаяннага току адмоўнае супраціўленне ўзнікае ў вобласці значэнняў токаў і напружанняў пры наяўнасці на вольт-ампернай характарыстыцы элемента ўчастка, які зніжаецца.
Вольтамперная характарыстыка элемента з адмоўным супраціўленнем. AB — спадальны ўчастак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫЁННЫ ЗАРА́Д, барыённы лік,
унутраная характарыстыкабарыёнаў, звязаная з асаблівасцямі іх распаду і абумоўленая ўстойлівасцю пратона. Абазначаецца B. Для барыёнаў B = +1, для іх антычасціц B = −1, для кваркаў B = 1/3, для ўсіх астатніх часціц B = 0. Пры розных узаемадзеяннях элементарных часціц мае месца закон захавання барыённага зараду: алгебраічная сума барыённага зараду сістэмы часціц застаецца пастаяннай. Мяркуецца, што ў некаторых працэсах барыённы зарад можа і не захоўвацца, аднак іх імавернасць мізэрна малая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́НТЭ-КА́РЛА МЕ́ТАД (назва ад г.Монтэ-Карла, які вядомы сваім ігральным домам), метад статыстычных выпрабаванняў,
лікавы метад прыбліжанага рашэння задач з дапамогаю мадэліравання выпадковых працэсаў.
Для рашэння задачы М.-К.м. выбіраецца працэс, у якім некат. імавернасная характарыстыка роўная шуканаму рашэнню. Потым працэс мадэліруецца і эксперыментальна знаходзіцца стат. ацэнка характарыстыкі. Гэтая ацэнка і бярэцца за прыбліжанае рашэнне. Выкарыстоўваецца пры рашэнні задач фізікі, радыётэхнікі, тэорыі масавага абслугоўвання, выліч. матэматыкі і інш.Найб. пашырыўся пасля стварэння ЭВМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІ́БНАСЦЬ ВЫМЯРЭ́ННЯ,
характарыстыка выніку вымярэння, якая паказвае адхіленне знойдзенага значэння велічыні ад яе сапраўднага значэння.
Адрозніваюць абсалютную Х.в. (выражаецца ў адзінках велічыні, якая вымяраецца) і адносную, роўную адносінам абсалютнай Х.в. да сапраўднага значэння велічыні (выражаецца ў долях адзінкі, працэнтах і г.д.). Сістэматычныя Х.в. абумоўлены пераважна хібнасцямі сродкаў вымярэнняў, выпадковыя — некантралюемымі зменамі ўмоў вымярэнняў, промахі (грубыя хібнасці, якія істотна адрозніваюцца ад чаканых) — няспраўнасцю сродкаў вымярэнняў. Выпадковыя Х.в. звычайна ацэньваюць метадамі матэм. статыстыкі (гл.Памылак тэорыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНІТЭ́Т (ад лац. bonitas дабраякаснасць),
эканамічна важная, як правіла, параўнальная, прыродная характарыстыка (багацце глебаў, выхад драўніны з 1 га і да т.п.) гаспадарча каштоўнай групы біял. аб’ектаў або ўгоддзяў. Найчасцей вызначаюцца банітэты глебы і лесу. Банітэт глебы (якасная характарыстыка прыродных уласцівасцяў зямельнага ўчастка і ўзровень ураджайнасці на ім с.-г. культур як сумарны паказчык яго ўрадлівасці) і банітэт лесу (паказчык прадукцыйнасці лесу, які залежыць ад умоў месцазнаходжання, пераважна глебава-грунтавых і кліматычных). Апошні вызначаецца па сярэдняй вышыні насаджэння, узросце і паходжанні (насеннае або парасткавае) дрэвастою. Вылучаны 5 класаў банітэту лесу: да I належаць найб. прадукцыйныя насаджэнні, да V — найменш прадукцыйныя; дапаўняльна вылучаюцца Iа, Iб, Iв, Vа, Vб, Vв, сярод якіх Iв найвышэйшы, Vв — найніжэйшы. II—IV класы маюць прамежкавыя паказчыкі. Насенныя і парасткавыя дрэвавыя насаджэнні ў кожным класе ўзросту (10 гадоў, 20, 30 і гэтак далей) размяркоўваюцца па класах банітэту ў залежнасці ад сярэдняй вышыні дрэвавага ствала ў метрах (напр., ва ўзросце 30 гадоў да I класа банітэту насенных лесанасаджэнняў належаць дрэвы выш. 12—13 м, да V класа — выш. 4—5 м; ва ўзросце 100 гадоў, адпаведна, 27—30 і 13—15 м). Сярэдняя прадукцыйнасць лясоў Беларусі вызначаецца II, 0 класам банітэту.