КАГУЛЯ́РЫ (cagoulards ад франц. cagoule манаскі клабук),

члены тайнай прафаш. арг-цыі ў Францыі ў 1932—40. Кіруючы цэнтр арг-цыі («Сакрэтны к-т рэв. дзеяння») на чале з марскім інж. Э.​Дэлонклем (склаўся ў 1936), рыхтаваў змовы супраць урадаў Нар. фронту, праводзіў акцыі тэрору супраць паліт. апанентаў, кантактаваў з ісп. франкістамі. Праграма К. прадугледжвала стварэнне ў Францыі фаш. дзяржавы на ўзор Італіі. Атрымлівалі грашовыя і інш. сродкі з фондаў арміі, ад манаполій і з-за мяжы (найперш ад італьян. фашыстаў). Гал. сац. база — кансерватыўныя ваенныя. Пасля акупацыі б.ч. Францыі ў пач. 2-й сусв. вайны (1940) большасць К. падтрымала ўрад «Вішы».

т. 7, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕПТЫМІ́СТЫ,

у Францыі пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 прыхільнікі звергнутай дынастыі Бурбонаў, пераважна буйныя землеўладальнікі-арыстакраты і вышэйшае каталіцкае духавенства. У 1830—48 былі ў апазіцыі да Ліпеньскай манархіі, пасля Рэвалюцыі 1848 у Францыі ў перыяд Другой рэспублікі разам з арлеаністамі ўваходзілі ў склад контррэвалюцыйнай «партыі парадку». У больш шырокім сэнсе Л. называюць манархістаў — прыхільнікаў звергнутых дынастый у любой краіне.

т. 9, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СХОД,

1) назва ўстаноўчага сходу ў Францыі ў 1789, 1848, 1871 і ў Германіі ў 1848 і 1919.

2) У Францыі ў 1840—1940 — аб’яднанае пасяджэнне абодвух палат парламента, якое выбірала прэзідэнта рэспублікі.

3) У шэрагу краін (Арменія, Беларусь, Бенін, В’етнам, Туніс, Францыя і інш.) назва парламента або адной з яго палат (Габон, Мадагаскар, Маўрытанія і інш.).

т. 11, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́НДЫЯ (Normandie),

гістарычная вобласць на ПнЗ Францыі, каля ўзбярэжжа праліва Ла-Манш. У старажытнасці населена кельтамі. Разам з Галіяй раманізавана і з 4 ст. хрысціянізавана. У 6 ст. заваявана франкамі. Пры Каралінгах аб’ект нападзенняў нарманскіх піратаў. У 911 правадыр нарманаў (адсюль назва) Ралон атрымаў Н. ад караля Карла III Праставатага ў якасці леннага ўдзела. Пасля нармандскага заваявання Англіі 1066 Н. — частка англа-нармандскай дзяржавы. У 12 ст. разам з англ. каронай перайшла пад уладу Плантагенетаў. У 1202—04 адваявана франц. каралём Філіпам II Аўгустам (замацавана пагадненнем 1259), але захавала асобныя прывілеі, самакіраванне гарадоў. У Стогадовую вайну 1337—1453 Н. — гал. арэна ваен. дзеянняў. У 1419 заваявана англічанамі. У 1450 вернута Францыі. У 1468 Людовік XI уключыў Н. ў каралеўскі дамен. У 1515 у г. Руан засн. парламент Н. У 16—17 ст. адна з найб. развітых гандл.-прамысл. правінцый Францыі (сукнаробства, выраб палатна, карункаў, шкла, жалеза і інш.). Пасля скасавання ў 1791 гіст.-адм. падзелу Францыі падзелена на дэпартаменты.

т. 11, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛЕАНІ́СТЫ,

манархічная групоўка ў Францыі ў 19 ст. Узвяла на трон у 1830 Луі Філіпа Арлеанскага. У перыяд яго праўлення [1830—48] панавалі ў Францыі, у перыяд Другой рэспублікі [1848—52] уваходзілі ў «партыю парадку», палітыка якой садзейнічала ўстанаўленню Другой імперыі. Пасля ўдзелу ў падрыхтоўцы няўдалага манарх. перавароту ў 1870-я г., а затым у буланжызме (канец 1880-х г.) сышлі з паліт. арэны.

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭСТ (Brest),

горад на ПнЗ Францыі, на п-ве Брэтань. 153,1 тыс. ж. (1990). Гандл. і рыбалоўны порт у Брэсцкай бухце Атлантычнага ак., буйнейшы ваенна-марскі порт Францыі (база атамных падводных лодак). Вузел чыгунак. Аэрапорт. Судна- і машынабудаванне, галіны па абслугоўванні партовай гаспадаркі, выраб катлоў, канатаў, ветразяў; хім., тэкст., гарбарная, дрэваапр., металургічная прам-сць. Арсеналы. Ун-т. Вышэйшая марская школа. Ін-т акіяналогіі, выкарыстання акіянаў. Музеі. Помнікі архітэктуры 12—18 ст., у т. л. замак 12 ст. (пазней перабудаваны).

У старажытнасці рым. порт. З 1239 належаў герцагству Брэтань, у 1342—97 — Англіі. З далучэннем Брэтані да Францыіваен. порт. У 2-ю сусв. вайну герм. база падводных лодак, моцна разбураны авіяц. бамбардзіроўкамі.

т. 3, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ НІЗІ́НА,

узгорыстая раўніна на Пн Францыі, гл. ў арт. Парыжскі басейн.

т. 12, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЭ́ (Conde),

арыстакратычны род у Францыі ў 16—19 ст.; малодшая галіна дынастыі Бурбонаў. Найб. вядомыя прадстаўнікі:

Луі I (7.5.1530—13.3.1569), першы прынц К. Сын Карла, герцага Вандомскага. Кіраўнік франц. гугенотаў у час першых рэлігійных войнаў. Паранены ў бітве пры Жарнаку (1569), паланёны і забіты паводле загаду прынца Генрыха Анжуйскага.

Генрых I (1552, Фертэ-су-Жуар, каля г. Мо, Францыя — 1588). Сын Луі I. Удзельнік рэліг. войнаў. У час Варфаламееўскай ночы вымушаны перайсці ў каталіцтва, у 1574 вярнуўся ў кальвінізм. Найб. уплывовы (пасля Генрыха Наварскага) лідэр гугенотаў. Атручаны.

Генрых II (1588, Сен-Жанд’Анжэлі, каля г. Сент, Францыя — 1646). Сын Генрыха I. У час рэгенцтва Марыі Медычы змагаўся за ўладу, але пацярпеў паражэнне, 3 гады быў зняволены ў Венсенскім замку. Католік, ваяваў у Паўд. Францыі супраць гугенотаў.

Луі II (8.9.1621, Парыж — 11.12.1686), палкаводзец. У Трыццацігадовую вайну 1618—48 атрымаў перамогі пры Ракруа (1643), Фрэйбургу, Нёрдлінгене (1644—45, разам з А.Цюрэнам), Дзюнкерку (1646) і Лансе (1448), якія паскорылі заключэнне выгаднага для Францыі Вестфальскага міру 1648. У перыяд Фронды камандаваў урадавымі войскамі, якія аблажылі Парыж, потым узначаліў апазіцыю і імкнуўся захапіць уладу. У 1650 зняволены. Пасля вызвалення (1651) узначаліў «Фронду прынцаў». У 1653 уцёк у Нідэрланды, прызначаны галоўнакамандуючым ісп. арміі, на чале якой да 1658 ваяваў у Паўн. Францыі. Разам з сынам А.​Ж.​Д’Ангіенам неаднаразова прэтэндаваў на трон Польшчы і ВКЛ. З 1660 зноў у Францыі. У 1668 заваяваў Франш-Кантэ. У 1672—75 паспяхова кіраваў ваен. аперацыямі ў вайне Францыі з Галандыяй. Празваны сучаснікамі «Вялікім К.».

Луі-Жазеф (9.8.1736, Шантыльі, Францыя — 13.5.1818), адзін з лідэраў франц. эміграцыі. Генерал. Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63, губернатар Бургундыі. Пасля ўзяцця Бастыліі (14.7.1789) пакінуў Францыю, узначаліў контррэв. т. зв. «армію К.» (1792). У 1797—99 на службе ў Расіі. З 1801 у Англіі, у 1814 вярнуўся ў Францыю.

Луі-Анры-Жазеф (1756—1830), сын Луі-Жазефа, апошні прадстаўнік роду. У пач. Французскай рэвалюцыі 1789—99 эмігрыраваў, служыў у «арміі К.», жыў у Англіі. З 1814 у Францыі.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 582

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЮЕ́Н І ГАСКО́НЬ (Guyenne et Gascogne),

гістарычная вобласць у Францыі, гл. Гіень і Гасконь.

т. 5, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗЕЛЬСКІЯ МІ́РНЫЯ ДАГАВО́РЫ 1795,

сепаратныя мірныя дагаворы, заключаныя ў Базелі (Швейцарыя) паміж рэсп. Францыяй і двума ўдзельнікамі першай антыфранц. кааліцыі — Прусіяй і Іспаніяй: 5 крас. — паміж Францыяй і Прусіяй (да Францыі далучаўся левы бераг Рэйна); 22 ліп. — паміж Францыяй і Іспаніяй (да Францыі адыходзіла ісп. частка в-ва Гаіці, да Іспаніі — тэр. Каталоніі, Навары і баскскія правінцыі). Заключэнне дагавораў стала пачаткам распаду першай антыфранц. Кааліцыі.

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)