ДЫСГЕНІТАЛІ́ЗМ (ад дыс... + лац. genitalis дзетародны, палавы),

агульная назва парушэнняў развіцця палавых органаў, пры якіх яны маюць празмерна вял. ці малыя памеры. Д. можа мець дачыненне да розных аддзелаў палавых органаў, аднак у плане сексуальных узаемаадносін вядучую ролю адыгрываюць змяненні формы і памераў геніталій (палавога члена, вульвы, похвы, шыйкі маткі), дзе ёсць эрагенныя зоны. Д. адрозніваюць ад набытых змяненняў формы і велічыні палавых органаў у выніку мех. пашкоджанняў, запаленчых, сасудзістых і інш. захворванняў, пухлін, парушэнняў лімфаадтоку.

т. 6, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФО́РМНАЕ АДЛЮСТРАВА́ННЕ ў матэматыцы,

адлюстраванне адной вобласці на другую, пры якім захоўваюцца вуглы паміж прамымі, што перасякаюцца ўнутры абласцей; раздзел тэорыі функцый камплекснай пераменнай. Пры К.а. бясконца малыя фігуры пераўтвараюцца ў падобныя ім бясконца малыя фігуры. Уласцівасці К.а. маюць адналіставыя аналітычныя функцыі. К.а. дазваляе пры рашэнні задач пераходзіць ад зададзенай вобласці складанай формы да вобласці больш простай формы, для якой задача рашаецца непасрэдна. Выкарыстоўваецца ў гідра- і аэрамеханіцы, тэорыі фільтрацыі, электра- і радыётэхніцы, тэорыі пругкасці, картаграфіі і інш.

т. 8, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ́ТАНА КО́ЛЬЦЫ,

канцэнтрычныя светлыя і цёмныя кольцы, што назіраюцца вакол пункта судатыкнення сферычных паверхняў дзвюх лінз або выпуклай сферычнай лінзы з плоскай пласцінкай пры асвятленні іх монахраматычным святлом. Апісаны І.Ньютанам у 1675. Узнікаюць у выніку інтэрферэнцыі святла ў тонкім паветр. зазоры паміж судатыкнёнымі паверхнямі. Пры асвятленні немонахраматычным (напр., белым) святлом Н.к. становяцца каляровымі. Назіранне формы кольцаў з’яўляецца зручным метадам кантролю якасці шліфоўкі пласцінак і лінз, а таксама праверкі дакладнасці формы плоскай і сферычнай паверхняў.

Ньютана кольцы ў адбітым святле.

т. 11, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРУБ,

сцены драўлянага збудавання, складзеныя з бярвён або брусоў, злучаных у чатырохвугольныя ці інш. формы вянкі. Гл. ў арт. Вянковая канструкцыя.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЧЫ́НКА (лац. larva),

постэмбрыянальная стадыя індывідуальнага развіцця арганізмаў, у якіх запасаў пажыўных рэчываў у яйцы недастаткова для завяршэння марфагенезу. Характэрна для многіх беспазваночных і некат. пазваночных (рыбы, земнаводныя). Жыве самастойна, актыўна корміцца, расце і (у беспазваночных) перыядычна перажывае лінькі. Можа мець органы, якіх няма ў дарослай формы і не мець тых органаў, што характэрны для імага. Найб. характэрныя формы Л. — апалонік, вусень, маляўка, наўпліус, трахафора. Працягласць стадыі Л. ад 1 месяца (матылі, мухі) да 2—3 гадоў (хрушч майскі). Гл. таксама Метамарфоза, Неатэнія.

т. 9, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ТАР у радыётэхніцы,

прылада для атрымання (генерацыі) эл.-магн. ваганняў вызначанага віду (пэўных частаты, амплітуды, фазы, формы імпульсаў і інш.). Адрозніваюць генератар з самаўзбуджэннем (аўтагенератары; гл. ў арт. Аўтаваганні), у якіх характарыстыкі ваганняў вызначаюцца ўласцівасцямі самога генератара, і з незалежным узбуджэннем (узмацняльнікі магутнасці эл.-магн. ваганняў ад асобнага аўтагенератара). Генерацыя ажыццяўляецца пераважна за кошт энергіі крыніц пастаяннага току з дапамогай актыўных элементаў (электронных прылад) або шляхам пераўтварэння першасных эл. ваганняў у ваганні зададзенай частаты і формы (квантавы генератар, параметрычны генератар).

Паводле тыпу актыўнага элемента адрозніваюць лямпавыя генератары (напр., на генератарных лямпах), цвердацельныя (на вырашальных узмацняльніках, Гана дыёдах, транзістарах, тунэльных дыёдах), генератар з газаразраднымі прыладамі (на тыратронах), форме ваганняў, частаце, магутнасці і прызначэнні — генератар гарманічных ваганняў (гл. Гарманічныя ваганні), генератар ваганняў спец. формы, нізка-, высока- і звышвысокачастотныя, імпульсныя генератары і інш. У генератары інфранізкіх частот і ў генератары ваганняў спец. формы ўмовы генерацыі забяспечваюцца адваротнай сувяззю; генератары нізкіх і радыёчастот маюць вагальныя контуры, фільтры і інш. ланцугі з засяроджанымі элементамі, генератар звышвысокіх частот — ланцугі з размеркаванымі параметрамі (аб’ёмныя і адкрытыя рэзанатары, радыёхваляводы, палоскавыя і кааксіяльныя лініі і інш., звычайна спалучаныя з актыўнымі элементамі ў адно цэлае). Гл. таксама Генератар вымяральны, Блокінг-генератар, Мультывібратар, Свіп-генератар, Фантастрон.

П.​С.​Габец.

т. 5, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКО́РДНАЯ АПЛА́ТА ПРА́ЦЫ,

разнавіднасць здзельнай формы заработнай платы, калі аб’ём работы загадзя агавораны ў пагадненні, а аплата ажыццяўляецца за поўнае выкананне гэтага аб’ёму.

т. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ГЛУ (эскімоскае igdlu),

у часткі канадскіх эскімосаў зімовае жытло са снегу купалападобнай формы з уваходам праз доўгі калідор. Часам сцены ўнутры пакрываюць шкурамі.

т. 7, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗА... (ад грэч. isos роўны, аднолькавы, падобны), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае роўнасць, падабенства паводле формы ці прызначэння, напр., ізагамія, ізатэрмы.

т. 7, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІТА́НЦЫЯ (італьян. quitanza),

афіцыйная распіска ўстаноўленай формы, якая сведчыць аб прыняцці грошаў, дакументаў, каштоўнасцей асобай, што выдала К., у асобы, якой яна выдадзена.

т. 8, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)