АНГЕМІТО́НІКА (ад ан... + гемі... + грэч. tonos тон),
гукавая сістэма, заснаваная на беспаўтонавых гукавых суадносінах. Разнавіднасці ангемітонікі — 3-, 4-, 5-ступенная (пентатоніка) у аб’ёмах кварты, квінты, а таксама актавы, малой сексты, септымы. Тыповая інтанацыя — трыхорд у кварце (напр., рэ-фасоль). На ангемітоннай, упрыватнасці пентатоннай, сістэме засн. музыка многіх народаў (кітайцаў, манголаў, татараў, башкіраў, буратаў, шатландцаў і інш.). Услав. народаў ангемітоніка часта спалучаецца з дыятанічнымі сістэмамі, але сустракаецца і ў чыстым выглядзе, асабліва ў песенным фальклоры стараж. пласта.
Літ.:
Квитка К.В. Ладовые системы в музыке славян и соседних народов // Избр. гр.М., 1971. Т. 1;
Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;
Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЎКЛІ́ДАВА ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
геаметрычная тэорыя, якая аксіяматычным метадам вывучае найпрасцейшыя прасторавыя формы і прасторавыя суадносіны. Грунтуецца на сістэме аксіём, выкладзенай у «Асновах» Эўкліда (3 ст. да н.э.).
Узнікла як сукупнасць абстрактных уяўленняў аб будове рэальнай прасторы. Мае 5 груп аксіём, якія без доказаў вызначаюць зыходныя суадносіны (прыналежнасць. парадак. рух, неперарыўнасць, паралельнасць) паміж невызначальнымі (першаснымі) паняццямі (пункт, прамая, плоскасць). Глыбокае вывучэнне аксіяматыкі Э.Г., упрыватнасці аксіёмы паралельнасці, прывяло да стварэння Лабачэўскага геаметрыі, Рымана геаметрыі. афіннай і праектыўнай геаметрыі. Развіццё прыродазнаўства, у т. л. з’яўленне адноснасці тэорыі, паказала, што Э.г. апісвае рэальную прастору толькі з пэўнай ступенню дакладнасці. Гл. таксама Абсалютная геаметрыя, Геаметрыя, Неэўклідавы геаметрыі, Прастора, Эўклідава прастора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЛІМА́ЦЫЯ,
сукупнасць карысных гамеастатычных змен у арганізме, якія даюць яму магчымасць існаваць пры змене ўмоў асяроддзя. Грунтуецца на т.зв. аклімацыйных рэакцыях — абарачальных зменах фізіял. механізмаў і марфал. структуры ў адказ на павольныя і працяглыя змены ў асяроддзі, упрыватнасці сезонныя. Напр., аклімацыйныя змены покрыва птушак і звяроў забяспечваюць ім захаванне цяпла зімой і рассейванне яго летам, што дае магчымасць падтрымліваць адносна пастаяннай т-ру цела з мінім. затратамі энергіі. Халаднакроўныя жывёлы, а таксама расліны прыстасоўваюцца да сезонных змен пераключэннем ферментных і інш. біяхім. сістэм з рознымі тэмпературнымі оптымумамі і т.ч. як бы падганяюць свае дыяпазоны ўстойлівасці да пераважных умоў асяроддзя. Часам аклімацыю памылкова атаясамліваюць з акліматызацыяй і эксперым. адаптацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗО́БАЎ Мікалай Аляксеевіч (н. 23.1.1940, в. Красыні Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. матэматык. Акад.Нац.АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1980), д-рфіз.-матэм.н. (1979), праф. (1990). Скончыў БДУ (1965). З 1967 уБДУ, з 1969 нам.гал. рэдактара міжнар.час. «Дифференциальные уравнения». З 1980 у Ін-це матэматыкі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па звычайных дыферэнцыяльных ураўненнях, упрыватнасці па тэорыі характарыстычных паказчыкаў Ляпунова і тэорыі ўстойлівасці. Атрымаў крытэрый устойлівасці паказчыкаў Ляпунова, алгарытм вылічэння і ацэнку мінім. паказчыка. Рашыў прыватную і ў некрытычным выпадку агульную задачы Ляпунова пра экспаненцыяльную ўстойлівасць па лінейным прыбліжэнні.
Тв.:
Исследования в Беларуси по теории характеристических показателей Ляпунова и ее приложениям // Дифференц. уравнения. 1993. Т. 29, № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕГНЕТАПАЎПРАВАДНІКІ́,
крышталічныя матэрыялы, якія спалучаюць уласцівасці сегнетаэлектрыкаў і паўправаднікоў. Тыповыя С.: ёдыд-сульфід сурмы SbSI, тытанат барыю BaTiO3. Сегнетаэл. і паўправадніковыя ўласцівасці С. узаемна звязаны: пры змене канцэнтрацыі носьбітаў зараду (асвятленнем, награваннем, легіраваннем) назіраецца змена сегнетаэл. уласцівасцей (напр., змена даменнай структуры, зрух пункта Кюры і інш.). Упрыватнасці, у С. назіраецца хуткая змена аптычных характарыстык пры асвятленні, напр., падвойнага праменепераламлення (фотарэфрактыўны эфект), што застаецца і пасля спынення асвятлення. У сваю чаргу спантанная палярызацыя, нелінейнасць дыэлектрычнай пранікальнасці (сегнетаэл. ўласцівасці С.) абумоўліваюць электронныя працэсы ў С., не тыповыя для звычайных паўправаднікоў, напр., істотнае адрозненне паверхневай праводнасці ад аб’ёмнай. Выкарыстоўваюцца ў галаграфічных прыладах, тэрмарэгулятарах, тэрмакампенсатарах, сістэмах аптычнай памяці і інш.
Літ.:
Фридкин В.М. Сегнетоэлектрики — полупроводники. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАКО́Б (Jacob) Макс (11.7.1876, г. Кемпер, Францыя — 5.3.1944),
французскі пісьменнік і мастак. Дэбютаваў казкамі «Кароль Кабул і кухцік Гавен» (1903), «Сонечны волат» (1904) і гратэскнымі раманамі «Святы Матарэль» (1909), «Бурлескныя і містычныя творы брата Матарэля» (1912). Зб-кі вершаў у прозе «Ражок з ігральнымі касцямі» (1917), кн. вершаў «Цэнтральная лабараторыя» (1921) і кніга крыт. артыкулаў «Паэтычнае мастацтва» (1922) адыгралі значную ролю ў станаўленні авангардызму, упрыватнасці кубізму. У зборніках «Бераг. Брэтонскія песні» (1911), «Тыя, што каюцца, у ружовых трыко» (1925), «Імператарская ахвяра» (1929), «Балады» (1938), «Цар Беотыі» (1920) і інш. спалучаюцца пародыя, містыфікацыя, гратэск з містыкай, сінтэз антычнай, хрысц. і іудзейскай міфалогій. Шэраг яго твораў выдадзены пасмяротна, у т. л. «Апошнія вершы» (1945). Загінуў уфаш. канцлагеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБІ́НКА Яўген Паўлавіч (2.2.1812, с. Мар’янаўка Палтаўскай вобл., Украіна — 15.12.1848),
украінскі пісьменнік. Скончыў Нежынскую гімназію вышэйшых навук (1831). З 1834 жыў у Пецярбургу. Друкаваўся з 1831. Пісаў на ўкр. і рус. мовах. У 1841 выдаў першы ўкр. альманах «Ластівка» («Ластаўка»). Вершы (некаторыя сталі нар. песнямі), а таксама раннія аповесці і раманы («Нежынскі палкоўнік Залатарэнка», 1842; «Чайкоўскі», 1843) рамантычныя па стылі, прысвечаны гісторыі Украіны, упрыватнасці Запарожжа. У байках выкрываў сац. несправядлівасць, невуцтва, прадажнасць паноў і чыноўнікаў. У канцы 1830 — пач. 1840-х г. напісаў шэраг рэаліст. твораў («Апавяданні пірацінца», 1837; аповесць «Кулік», 1841; раман «Доктар», 1844, і інш.). На бел. мову творы Грабінкі перакладаў Э.Валасевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАТЭ́ТЫЯ (ад гама + грэч. thetos размешчаны) у матэматыцы, пераўтварэнне, пры якім кожнаму пункту М плоскасці або прасторы ставіцца ў адпаведнасць такі пункт М′, што выконваецца роўнасць SM′=k∙SM, дзе S — цэнтр і k — каэфіцыент гаматэтыі. Пункты М і М′ ляжаць на адной прамой з аднаго боку ад пункта S, калі k>0, і з розных бакоў, калі k<0; упрыватнасці, калі k = -1, атрымліваецца сіметрыя адносна пункта S. Пры гаматэтыі прамая пераходзіць у прамую; захоўваецца паралельнасць прамых і плоскасцей; захоўваюцца вуглы (лінейныя і двухграневыя); кожная фігура пераходзіць у падобную ёй фігуру і наадварот, дзве любыя падобныя фігуры атрымліваюцца адна з адной паслядоўным выкарыстаннем гаматэтыі і перамяшчэння. Гаматэтыя выкарыстоўваецца пры павелічэнні відарысаў (праекцыйны апарат, кіно), пры здымках плана мясцовасці (мензульная здымка) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭМПЕРАТУ́РАў астрафізіцы,
параметр, які характарызуе выпрамяненне і цеплавы стан скопішчаў матэрыі, зорак, туманнасцей. Вызначаецца шляхам даследаванняў выпрамянення, заснаваных на некаторых тэарэт. меркаваннях і мадэльных уяўленнях; упрыватнасці, дапускаецца, што асяроддзе знаходзіцца ў раўнавазе тэрмадынамічнай і да яго прымяняльныя законы выпрамянення абсалютна чорнага цела.
Адрозніваюць Т.: эфектыўную (мадэль абсалютна чорнага цела з эквівалентнымі памерамі і поўнай энергіяй выпрамянення), яркасную (мадэль абсалютна чорнага цела са спектрам выпрамянення, у вузкім інтэрвале частот такім самым, як у аб’екта), спектрафотаметрычную (мадэль абсалютна чорнага цела са спектрам, максімальна блізкім да рэальнага ва ўсім інтэрвале частот), кінетычную (гіпотэза пра максвелаўскі характар размеркавання скарасцей часціц) і інш. Паколькі рэальныя ўмовы на нябесных аб’ектах далёкія ад тэрмадынамічнай раўнавагі, вынікі вызначэння Т. рознымі метадамі могуць у значнай ступені адрознівацца (для стану тэрмадынамічнай раўнавагі ўсе метады даюць аднолькавае значэнне Т.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМЕ́ЖНЫЯ ГРАМАДЗЯ́НЕ,
асобы, якія не з’яўляюцца грамадзянамі пэўнай дзяржавы і маюць доказы сваёй прыналежнасці да грамадзянства замежнай краіны. Іх прававое становішча вызначаецца нац. заканадаўствам дзяржавы месцазнаходжання і заключанымі міжнар. дагаворамі і пагадненнямі. Нац. заканадаўства звычайна адрознівае некалькі катэгорый З.г.: якія пастаянна пражываюць на тэр. дзяржавы, якія часова знаходзяцца ў дзяржаве, замежныя прадстаўнікі, якія валодаюць дыпламат. імунітэтам, бежанцы. Прававое становішча кожнай катэгорыі мае свае асаблівасці. У Рэспубліцы Беларусь правы і абавязкі З.г. вызначаюцца Канстытуцыяй, адпаведным законам, міжнар. дагаворамі. З.г. на тэр. Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнар. дагаворамі (упрыватнасці, З.г. не валодаюць выбарчым правам, не могуць прымаць удзел у рэферэндумах, пазбаўлены абавязкаў ваен. службы і інш.).