КАРПА́ЦКІ ПРЫРО́ДНЫ ПАРК,

у Івана-Франкоўскай вобл., Украіна. Засн. ў 1980 для аховы ляснога горнага масіву Чарнагора, стварэння ўмоў для адпачынку, турызму, правядзення навук. даследаванняў. Пл. 50,3 тыс. га. Размешчаны на схілах Укр. Карпат, у бас. рэк Прут і Чарамош. У запаведную зону парку ўваходзяць Высакагорнае і Гавярлянскае лясніцтвы — участак Карпацкага запаведніка. Маляўнічыя ландшафты з лясамі, паланінамі, высакагорнымі азёрамі. Раёны г. Ярэмча і горнакліматычнага курорта Варохта — зоны адпачынку і турызму.

т. 8, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́НІН,

вёска ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Лунінец—Пінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на ПнЗ ад г. Лунінец, 227 км ад Брэста, 2 км ад чыг. ст. Лоўча. 1939 ж., 722 двары (1999). Участак Лунінецкага дрэваапр. камбіната, 2 лясніцтвы. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Барысаглебская царква (1824).

т. 9, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗО́ЛІСТАЕ ЦЕ́ЛА сукупнасць нервовых валокнаў, участак белага рэчыва галаўнога мозга плацэнтарных млекакормячых і чалавека. Размешчана ў глыбіні падоўжнай шчыліны паміж паўшар’ямі галаўнога мозга. Даўж. 7—9 см. Уяўляе сабой сукупнасць папярочна размешчаных камісуральных нерв. валокнаў (колькасцю 200—350 млн.), якія злучаюць сіметрычныя, рознаіменныя звіліны ці зоны новай кары абодвух паўшар’яў. Ажыццяўляе абмен нерв. імпульсацыяй паміж паўшар’ямі, што забяспечвае іх каардынаваную дзейнасць; з’яўляецца важнай сістэмай перапрацоўкі інфармацыі пры абучэнні.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБО́Й,

1) канец горнай вырабаткі, які паступова прасоўваецца ў выніку горных работ і з’яўляецца рабочым месцам гарняка. У шахтах і рудніках З. бываюць: гарызантальныя, вертыкальныя і нахіленыя; ачышчальныя, дзе непасрэдна здабываюць карысныя выкапні, і падрыхтоўчыя, або праходчыя. У кар’ерах (пры адкрытай распрацоўцы радовішча) З. — участак заходкі (рабочага ўступа і інш.), які непасрэдна распрацоўваецца экскаватарам. Паводле размяшчэння адрозніваюць З. бакавыя (тарцовыя) і франтальныя.

2) Тарцовая паверхня буравой свідравіны, якая пры праходцы разбураецца буравым інструментам.

т. 6, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГУРТАВА́ННЕ ў біялогіі,

сукупнасць арганізмаў розных відаў, якія сумесна жывуць і ўяўляюць сабой вызначанае экалагічнае адзінства (напр., фітапланктон якога-н. возера, глебавыя жывёлы ўчастка лесу). Часам вызначаецца як сукупнасць усіх арганізмаў (раслін, жывёл і мікраарганізмаў), якія насяляюць участак сушы або вадаёма, і трактуецца як сінонім тэрміна біяцэноз. Вылучаюць таксама З. раслін (фітацэноз) і жывёл (зоацэноз). З. — сістэма вызначанага ўзроўню арганізацыі жывой матэрыі. Элементы З. — папуляцыі розных відаў, а само З. з’яўляецца элементам экасістэмы (біягеацэнозу).

т. 7, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЭЛІ́Н [ад грэч. myelos (касцявы) мозг],

тлушчападобнае рэчыва, якое ўкрывае большасць аксонаў ц. н. с. і перыферычных нерваў. Уяўляе сабой ліпапратэінавы комплекс, які складаецца з фосфаліпідаў, глікаліпідаў, халестэрыну і бялку. У ц. н. с. М. утвараецца алігадэндрагліацытамі, у перыферычных нервах — шванаўскімі клеткамі. Гэтыя клеткі ўдзельнічаюць ва ўтварэнні міэлінавай абалонкі, укрываючы асобны участак нерв. валакна спіральнымі слаямі. Утварэнне М. пачынаецца з 4-месячнага ўнутрывантробнага развіцця і працягваецца да дарослага стану чалавека.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІНА́РЫЙ, камяністы сад,

участак у бат. садзе, скверы або парку, створаны для вырошчвання горных (альпійскіх) раслін ва ўмовах, набліжаных да натуральных; дэкар. альпінарый наз. таксама ракарыем. У бат. садах альпінарый ствараюць у навук. мэтах на штучных узгорках, дзе экспануюцца расліны пэўных горных раёнаў. Найбольшы ў рэспубліцы альпінарый у Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі. Альпінарый — адна з формаў дэкар. афармлення паркаў і сквераў. З бел. флоры ў альпінарыі выкарыстоўваюць дуброўкі, кураслепы, чубаткі, мінушкі, бурачок скальны, аўсяніцы і інш.

Альпінарый.

т. 1, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРХО́ВІЧЫ,

вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Калінкавічы—Высокае. Цэнтр сельсавета. За 26 км на ПнЗ ад г. Камянец, 39 км ад Брэста, 12 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 678 ж., 267 двароў (1996). Вярховіцкі крухмальны з-д, участак Высокаўскага прамысл.-гандл. камбіната. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, 2 бальніцы, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі архітэктуры — Мікалаеўская царква (1933) і царква (пач. 20 ст.).

т. 4, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАРНО́Е ЗЛУЧЭ́ННЕ,

нераздымнае злучэнне двух ці болей дэталей, частак канструкцыі, выкананае зваркай. Паводле ўзаемнага размяшчэння элементаў, якія злучаюцца, адрозніваюць З.з. стыкавыя, накладачныя, вуглавыя, таўровыя і інш. Кожнае з іх у залежнасці ад спосабу зваркі (дугавой, кантактавай, электрашлакавай і інш.) мае спецыфічныя адзнакі. Участак З.з., які непасрэдна звязвае элементы, што зварваюцца, наз. зварным швом.

Будова зварнога злучэння пры зварцы плаўленнем (a) і ціскам (б): 1 — зварное шво; 2 — зона сплаўлення; 3 — зона тэрмічнага ўплыву; 4 — прылеглы асноўны матэрыял.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ПІВАВА́РНЫ ЗАВО́Д Засн. ў 1865 у Магілёве

(яго уладальнік — купец Лекерт). Размяшчаўся ў мураваным будынку, у 1890 меў 2 паравыя машыны (72 к.с.),

у 1895 — паравы кацёл. У 1913 працавала 50 рабочых. У Вял. Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1961 з магутнасцю 1,4 млн. дал піва за год. У 1966 уведзены ў эксплуатацыю цэх па вырабе соладу магутнасцю 3300 т за год. З 1986 — участак № 1 Магілёўскага з-да напіткаў, з 1997 — цэх № 1 у дзярж. ВА «Магілёўаблхарчпрам».

т. 9, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)