Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗРАЗМЕ́РНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,
вытворная фізічная велічыня, не залежная ад змены ў аднолькавую колькасць разоў велічыняў, выбраных за асноўныя. У сістэме велічыні, дзе за асн. выбраны даўжыня L, маса M і час T, размернасць некаторай безразмернай велічыні х роўная 1, г. зн. dim x = L°M°T° = 1 (усе паказчыкі размернасці такой велічыні роўныя нулю). Напрыклад, цэнтр. плоскі вугал, абмежаваны двума радыусамі акружнасці, не залежыць ад даўжыні радыуса і ў сістэме велічынь LMT будзе безразмернай велічынёй. Да безразмерных велічынь належаць усе адносныя велічыні: адносная шчыльнасць, адноснае падаўжэнне, адносныя дыэлектрычная і магн. пранікальнасці і інш. Безразмерная велічыня ў адной сістэме велічыняў можа быць размернай у іншай сістэме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАЁНАК (Марыя Іванаўна) (н. 24.10.1949, в. Кісялі Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1969). Працуе ў жанрах партрэта, нацюрморта, пейзажа. У творчасці імкнецца да выяўлення гармоніі чалавека з навакольным асяроддзем, адлюстравання стану прыроды праз стрыманую) каляровую гаму. Асн. работы: «Восеньскія грыбы» (1977), «У новай майстэрні» (1983), «Нацюрморт са шклом» (1989), «Жанчына з бульбай» (1991), «Пахаванне бацькі» (1993), «Партрэт у інтэр’еры» (1995), «Нацюрморт з чорным вінаградам», «Адчыненае акно», «Змрок» (усе 1996), «Настрой», «Бабіна лета», «Пліса», «Жанчына ў чырвоным», «Нацюрморт з птушкай», «Нацюрморт з жоўтымі кветкамі» (усе 1997) і інш.
Г.А.Фатыхава.
Марыя Іванаўна Ісаёнак. Нацюрморт з жоўтымі кветкамі. 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСІМО́ВІЧ (Ігар Сяргеевіч) (н. 18.6.1966, Мінск),
бел. скульптар. Скончыў Бел.АМ (1994). Працуе ў манум. і станковай скульптуры. Творы вылучаюцца інтэлектуальнай распрацоўкай, імкненнем да асэнсавання рэлігіі і міфалогіі праз філасофію знака і сучасную пластыку. Сярод работ: «Ікар» (1991), «Чарнобыльскае малако» (1992), рэльефы па матывах балад Ф.Шылера і «Лесвіца ў неба» (усе 1993), «Птушкі спяваюць у дождж», помнік 1000-годдзю хрысціянства на Беларусі (абедзве 1994), «Космас», «Дрэва жыцця», «Бласлаўленне. Рука Бога» (усе 1995), «Белая птушка» і «Анёл ахоўнік Беларусі. Прысвячэнне ахвярам Чарнобыля» (абедзве 1996). Адзін з арганізатараў і ўдзельнік пленэру «Размова з Камянямі» (1996, Мінск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТРО́ФЫ [ад бія... + ...троф(ы)],
арганізмы, якія жывяцца іншымі жывымі арганізмамі. Усе біятрофы (жывёлы, грыбы, большасць бактэрый, а таксама бесхларафільныя наземныя расліны і водарасці) з’яўляюцца гетэратрофамі (у т. л.фітафагі і заафагі, уключаючы паразітаў). Гл. таксама Сапратрофы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕ́ЛЬНЫ ПЕРАНО́С,
пераўтварэнне прасторы ці яе часткі (напр., пераход ад адной фігуры да другой), пры якім усе пункты зрушваюцца ў адным і тым ж напрамку на адну і тую ж адлегласць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖАСТРАЎНО́Е МО́РА,
мора, размешчанае сярод астравоў, парогі і мелкаводдзі паміж якімі перашкаджаюць свабоднаму водаабмену з адкрытай часткай акіяна. Звычайна мелкаводныя. Амаль усе знаходзяцца сярод астравоў Малайскага архіпелага (найб. з іх Яванскае, Банда, Сулавесі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕ́ЛЬ ЗЯМНА́Я (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач),
паралель геаграфічная, лінія сячэння паверхні зямнога шара плоскасцямі, паралельнымі экватару. Усе пункты, якія ляжаць на адной П.з. маюць аднолькавую геагр. шырату. Мерыдыяны і паралелі ўтвараюць градусную сетку Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎПРА́ВІЛЬНЫ МНАГАГРА́ННІК, Архімеда цела,
мнагаграннік, усе грані якога — правільныя многавугольнікі розных відаў, а мнагагранныя вуглы кангруэнтныя або сіметрычныя. Існуе 13 розных тыпаў выпуклых П.м. і 2 бясконцыя серыі (прызмы і антыпрызмы), нявыпуклых (зоркападобных) П.м. больш за 51.