ВАЛТО́РНА (ням. Waldhorn літар. лясны рог),

медны духавы муштуковы муз. інструмент; уяўляе сабой метал. ўліткападобную трубку з моцна расшыраным раструбам. Узнікла ў 2-й пал. 17 ст. ў выніку ўдасканалення паляўнічага рога. Напачатку існавалі валторны розных строяў з натуральным гукарадам. У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся клапанныя і вентыльныя валторны з поўным храматычным гукарадам. Сучасная валторна мае 3 дадатковыя трубкі з вентыльным механізмам, якія ўключаюцца ў асн. ствол; вырабляецца ў строях F або B (радзей Es); дыяпазон H1 — f​2. Аркестравы, ансамблевы і сольны інструмент. На Беларусі вядома з 2-й пал. 17 ст. Была ў складзе аркестраў і капэл 2-й пал. 18 ст. У наш час бытуе ў нар. інстр. практыцы асобных раёнаў. Класы валторны існуюць у вышэйшых і сярэдніх спец. муз. установах.

І.​Дз.​Назіна.

Валторна.

т. 3, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАМЕТРЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗВЕ́ДКІ,

магнітаразведка, адзін з кірункаў разведачнай геафізікі, які заснаваны на вывучэнні анамалій геамагнітнага поля, абумоўленай неаднолькавай намагнічанасцю горных парод. Праводзіцца магн. або аэрамагнітная здымка, апрацоўка вымярэнняў, пабудова магн. профіляў і карт, геал. інтэрпрэтацыя выяўленых анамалій магн. поля. Для атрымання больш поўнай геолага-геафіз. інфармацыі М.м.р. ўваходзяць у комплекс з інш. геафіз. метадамі: сейсма-, граві-, электраразведкай і інш. Выкарыстоўваюць магнітометры. Рознымі іх мадыфікацыямі выконваюцца наземныя, аэрамагнітныя, аўтамабільныя, марскія, свідравінныя і спадарожнікавыя вымярэнні. Па даных вымярэнняў складаюцца карты анамальнага магн. поля (гл. Магнітнае поле Зямлі), якія выкарыстоўваюцца ў геолагаразведачных работах. На Беларусі з дапамогай М.м.р. адкрыты Аколаўскае і Навасёлкаўскае радовішчы жалезных руд, трубкі выбуху, перспектыўныя на радовішчы алмазаў, рудапраяўленні каляровых і рэдкіх металаў, складзена геал. карта парод крышт. фундаменту. Гл. таксама Геафізічная разведка.

Я.​І.​Майсееў.

т. 9, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАНІМА́ЦЫЯ (ад рэ... + лац. animatio ажыўленне), ажыўленне арганізма,

сістэма мерапрыемстваў пры тэрмінальных станах (шок, агонія, клінічная смерць). Накіравана на прадухіленне незваротнага пашкоджання нейронаў лобных аддзелаў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. Пры спыненні дыхання і работы сэрца тэрмінова пачынаюць практычныя мерапрыемствы па ажыўленні: штучная вентыляцыя лёгкіх (метад рот у рот, або рот у нос), аднаўленне кровазвароту (вонкавы масаж сэрца). Р. можа ўключаць інтубацыю трахеі, ускрыццё трахеі з увядзеннем асобай трубкі, артэрыяльнае нагнятанне крыві для аднаўлення спантаннага кровазвароту, дэфібрыляцыю сэрца (спыненне разрозненых скарачэнняў сардэчнай мышцы моцным эл. разрадам), пункцыю поласцей сэрца для ўвядзення лек. рэчываў, крыві і кровазаменнікаў і інш. Неэфектыўная Р. пры гібелі нерв. клетак кары вял. паўшар’яў, што адбываецца праз 3—5 мін пасля спынення кровазабеспячэння мозга, астаноўкі спынення* сэрца і дыхання (перыяд клінічнай смерці). Вывучае рэаніматалогія.

У.​А.​Кульчыцкі.

т. 13, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗГО́РТКА ў часе,

спосаб адлюстравання змен фіз. велічыні ў часе з дапамогай адназначнага пераўтварэння яе ў інш. велічыню, якая змяняецца ў прасторы. Ажыццяўляецца разгортвальным элементам, які паслядоўна абягае (сканіруе) прастору, і пры гэтым кожнаму моманту часу адпавядае яго пэўнае становішча.

Разгортвальным элементам бывае святлівы Пункт, які рухаецца па відарысе (экране) пры адхіленні светлавога праменя (аптычная Р.), невялікая рухомая адтуліна ў экране, які закрывае відарыс, ці пяро самапісца (мех. Р.), святлівы пункт на экране электронна-прамянёвай трубкі (электронная Р.) і інш. Паводле траекторыі руху гэтага элемента адрозніваюць прамалінейную, кругавую, спіральную, растравую (2-мерную) і інш. Р. можа быць неперарыўная (пры заканчэнні аднаго цыкла адразу пачынаецца наступны). перыядычная і інш. Выкарыстоўваецца ў асцылографах, прыладах аўтам. рэгістрацыі, радыёлакацыйных індыкатарах і прыладах перадачы інфармацыі на адлегласці. У тэлебачанні і фотатэлеграфіі ў асн. карыстаюцца растравымі Р. з прамавугольным растрам.

т. 13, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́НТГЕ́Н (Röntgen) Вільгельм Конрад (27.3.1845, г. Рэмшайд, Германія — 10.2.1923),

нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай АН (1896). Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў Цюрыху (1865—68), атрымаў ступень доктара ў Цюрыхскім ун-це (1868). Працаваў у розных ун-тах Германіі. У 1900—20 праф. Мюнхенскага ун-та і дырэктар Фіз. ін-та. Навук. працы па электрамагнетызме, фізіцы крышталёў, оптыцы і малекулярнай фізіцы. Выявіў магн. поле дыэлектрыка (1885), які рухаецца ў эл. полі (т.зв. рэнтгенаўскі ток), што мела важнае значэнне для стварэння электроннай тэорыі. Адкрыў рэнтгенаўскія прамяні і даследаваў іх уласцівасці (гл. Рэнтгенаўскае выпрамяненне), прапанаваў канструкцыю трубкі для атрымання рэнтгенаўскіх прамянёў і зрабіў першыя рэнтгенаўскія фотаздымкі. Нобелеўская прэмія 1901 (першая сярод фізікаў).

Тв.:

Рус. пер. — О новом виде лучей. М.; Л., 1933.

Літ.:

Бобров Л.В. Тени невидимого света. М., 1964;

Гернек Ф. Пионеры атомного века: Пер. с нем. М., 1974.

В.К.Рэнген.

т. 14, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРЫФУ́ГА (ад цэнтр + лац. fuga бег),

1) апарат (устаноўка, машына), дзеянне якой грунтуецца на цэнтрабежнай сіле, што ўзнікае пры вярчэнні ротара. Выкарыстоўваецца для цэнтрыфугавання.

Бываюць Ц. для адстойвання (асаджэння), фільтравання і сепаратарныя (гл. Сепаратару, перыядычнага і бесперапыннага дзеяння. Ротар Ц. — з падвойнымі сценкамі, сеткавы ці суцэльны, частата вярчэння 6000 аб/мін і больш. З дапамогай Ц. раздзяляюць суспензіі і эмульсіі, абязводжваюць матэрыялы ў хім., харч., горнай прам-сці, сельскай гаспадарцы, буд-ве, медыцыне і інш.

2) Наземная або бартавая (на лятальным апараце) устаноўка, якая імітуе працяглае дзейнае паскарэнне. Выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі, у т. л. вестыбулярнай трэніроўкі лётчыкаў і касманаўтаў, для выпрабавання рознай бартавой апаратуры, даследаванняў уплыву паскарэння на жывыя арганізмы і інш. Можа ствараць цэнтраімклівае паскарэнне да 400 м/с​2 і больш.

В.​М.​Кандрацьеў.

Схема цэнтрыфугі маслянага фільтра: 1 — ротар; 2 — выпаўшы асадак; 3 — вось ротара; 4 — маслазаборныя трубкі; 5 — маслападвадны канал; 6 — калібровачная адтуліна.

т. 17, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМЕРТЫ́НЫ (Nemertini),

тып беспазваночных жывёл. 1 клас, больш за 110 родаў, каля 1000 відаў. Пераважна марскія жывёлы, каля 30 відаў — прэснаводныя; жывуць на паверхні грунту, часам закопваюцца ў яго, некат. плаваюць. Каля 10 відаў жывуць на сушы (у глебе).

Даўж. ад 0,5 мм да 30 м, шыр. да 9 мм (у большасці даўж. да 20 см, шыр. 1—5 мм). Цела двухбакова-сіметрычнае, несегментаванае, зрэдку ніткападобнае; укрыта раснічным эпітэліем з мноствам слізістых залоз. Афарбоўка разнастайная, часам стракатая. На галаўным канцы хабаток з ротавай адтулінай — орган нападу і абароны. Поласць цела запоўнена асн. тканкай. Крывяносная сістэма замкнёная, стрававальная — у выглядзе прамой трубкі з вырастамі. 2—4 пары вачэй, ёсць органы дотыку, хім. пачуцця. Дыхаюць паверхняй цела. Пераважна драпежнікі; некат. віды — паразіты і сімбіёнты малюскаў, крабаў і марскіх зорак. Раздзельнаполыя, развіццё прамое або з метамарфозам (лічынка—пілідый). Здольныя да рэгенерацыі.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987.

А.​М.​Петрыкаў.

Немертыны: 1 — нектанямертас; 2 — малакабдэла; 3 — эўнямертас; 4 — тубулянус.

т. 11, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАВА́КУУМНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады, прынцып дзеяння якіх грунтуецца на эл. з’явах, што адбываюцца ў вакууме ці ў асяроддзі разрэджаных інертных газаў. Уяўляюць сабой герметычныя шкляныя, метал., керамічныя ці інш. балоны, унутры якіх створаны вакуум або знаходзяцца разрэджаныя інертныя газы (аргон, неон і інш.). Адрозніваюць газаразрадныя прылады, электронныя і безразрадныя Э.п.

У электронных Э.п. свабодныя электроны ўтвараюцца за кошт электроннай эмісіі і абумоўліваюць праходжанне току ад катода да анода. Да іх адносяць электронныя лямпы, электронна-прамянёвыя трубкі, некаторыя фотаэл. і рэнтгенаўскія прылады. У безразрадных Э.п. эл. ток працякае па правадніках, размешчаных у вакууме ці інертным газе. Да іх адносяцца барэтэры, лямпы напальвання, вакуумныя тэрмаэлементы і інш. Э.п. служаць для розных відаў пераўтварэнняў эл.-магн. энергіі (генерацыя, узмацненне, дэтэктыраванне і інш.), а таксама пераўтварэння яе ў інш. віды энергіі, напр., механічную і наадварот, камутацыі эл. ланцугоў вял. магутнасцей з дапамогай маламагутных кіроўных сігналаў, стабілізацыі току і напружання і інш.; выкарыстоўваюцца ў электра- і радыётэхніцы, рэнтгенаграфіі і інш.

А.​А.​Кураеў.

т. 18, кн. 1, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАЛЯ́ТАР ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,

прыстасаванне для электраізаляцыі і мацавання правадоў, шын і частак эл. прылад і апаратаў, якія знаходзяцца пад напружаннем. Складаецца з уласна ізалятара (робіцца з цвёрдых дыэлектрыкаў — керамікі электратэхн., шкла, пластмасы, сіталаў і інш.) і мацавальных дэталей (з чыгуну, сталі, немагнітных матэрыялаў). Паверхню керамічных ізалятараў звычайна пакрываюць глазурай.

І.э. бываюць: нізка- (да 1000 В) і высакавольтавыя (больш за 1000 В); лінейныя, апорныя і прахадныя; унутранай і знадворнай устаноўкі. Лінейныя (штыравыя і падвесныя талеркавыя) прызначаны падтрымліваць правады — мацаваць іх да апор ліній электраперадачы; апорныя (штыравыя, флянцавыя) — для жорсткага мацавання шын, правадоў і асобных частак апаратаў; прахадныя — для ўводу вонкавых токаправодных частак эл. установак у памяшканні, апараты і інш. Пры напружанні 35 кВ і вышэй у трансфарматарах, выключальніках і інш. адказных апаратах ставяцца масланапоўненыя ізалятары (кандэнсатарныя ўводы). Высокачастотныя І.э. робяць з матэрыялаў з малымі дыэлектрычнымі стратамі (ультрафарфор, стэатыт). Да І.э. адносяцца таксама ролікі ўнуранай эл. праводкі, ізалявальныя трубкі, утулкі, шайбы і інш.

У.​М.​Сацута.

Асноўныя тыпы ізалятараў электрычных: 1, 2 — лінейныя штыравы і падвесны (талеркавы); 3, 4 — станцыйныя апорны флянцавы і прахадны; 5 — кандэнсатарны ўвод.

т. 7, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАНАБО́РНАЯ МАШЫ́НА,

разнавіднасць наборнай машыны, у якой набор ажыццяўляецца з рэгістрацыяй шрыфтавых знакаў (літар, лічбаў і інш.) фатагр. спосабам на святлоадчувальным матэрыяле (фотаплёнцы. фотапаперы). Найб. пашыраны электронныя фотанаборныя аўтаматы, у якіх асн. аперацыі фотанабору выконваюцца на наборна-праграмавальным апараце, а таксама ў сістэмах аўтаматызаванага набору тэксту і аўтаматызаванай перапрацоўкі тэксту і ілюстрацый. Аўтаматы з дапамогай кіроўнага і фатагр. прыстасаванняў ажыццяўляюць фатаграфаванне тэксту на рулонны фотаматэрыял.

Першая Ф.м. запатэнтавана ў 1894 Е.​Порцэльтам (Венгрыя). У 1952 Дж.​Макнейні (ЗША) створана Ф.м. з электронна-прамянёвай трубкай. заснаваная на ўзнаўленні знакаў, радкоў і старонак на экране трубкі і праецыравання іх на фотаматэрыял (працуе з лічбавымі шрыфтаносьбітамі, у якіх відарысы знакаў і рысункаў закадзіраваны ў лічбавай форме). Найноўшыя Ф.м. — лазерныя, якія ажыццяўляюць лазерны запіс інфармацыі на фотаматэрыял, забяспечваюць высокую якасць тэксту і відарысаў пры вял. хуткасці работы.

Літ.:

Ремизов Ю.Б. Процессы и оборудование фотонабора. М., 1990.

У.​М.​Сацута.

Аптычная схема фотанаборнай машыны «Фатон» (Вялікабрытанія); 1 — фотаматэрыял; 2 — люстэрка; 3 — дыск з аб’ектывамі; 4 — імпульсная лямпа; 5 — шрыфтаносьбіт; 6 — знак шрыфтаносьбіта.

т. 16, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)