Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЭНАМІМЕ́ТЫКІ,
лекавыя сродкі, якія выклікаюць фізіял. эфекты, падобныя на ўздзеянне медыятараў — норадрэналіну, адрэналіну, дафаміну. У залежнасці ад тыпу адрэнарэцэптара, з якім узаемадзейнічаюць адрэнаміметыкі, іх падзяляюць на α-, β- і αβ-адрэнаміметыкі.
α-адрэнаміметыкі (мезатон, нафтызін) звужаюць крывяносныя сасуды, павышаюць артэрыяльны ціск. Выкарыстоўваюць пры рэзкім паніжэнні артэрыяльнага ціску (гіпатаніі) і мясцова — для звужэння сасудаў (пры насмарку, кан’юнктывітах і інш.). β-адрэнаміметыкі (ізадрын, салбутамол) стымулююць работу сэрца, ліквідуюць бронхаспазму, актывізуюць абмен рэчываў. Ужываюць пры лячэнні бранхіяльнай астмы і некаторых парушэннях сардэчнага рытму. α, β-адрэнаміметыкі (адрэналін, эфедрын) стымулююць работу сэрца, звужаюць сасуды, павышаюць артэрыяльны ціск, актывізуюць абмен рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСТРО́М (Мар’ян Станіслававіч) (н. 15.3.1944, в. Янкоўцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне кардыялогіі і геранталогіі. Д-рмед.н. (1990), праф. (1992). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1966). З 1977 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1999 заг. кафедры). Навук. працы па метабалічных і гемадынамічных парушэннях у хворых ішэмічнай хваробай сэрца, клініцы і асаблівасцях лячэння хворых ішэмічнай хваробай сэрца і гіпертанічнай хваробай у герыятрычнай практыцы, прафілактыцы старэння.
Тв.:
Неотложные состояния: Диагностика, тактика, лечение: Справ. для врачей. Мн., 1995 (у сааўт.);
Практическая кардиология. Т. 1—2. Мн., 1997 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЎЧАНКА (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 6.8.1949, г. Гродна),
бел. вучоны ў галіне кардыяхірургіі. Д-рмед.н. (1982), праф. (1986). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1972). У 1979—93 у Бел.НДІ кардыялогіі (заг. лабараторыі, з 1981 заг. аддзела, з 1988 нам. дырэктара). Навук. працы па пытаннях сардэчна-сасудзістай хірургіі, ішэмічнай хваробы сэрца, хірург. лячэнні набытых заган сэрца, устаноўцы штучных кардыястымулятараў. З 1993 жыве за мяжой.
Тв.:
Заболевания артерий и вен конечностей (разам з І.М.Грышыным) // Справочник хирурга. Мн., 1980;
Клиническая ангиология и ангиохирургия. Ч. 1—2. Мн., 1980—81 (з ім жа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́СТАЛА (ад грэч. systolē сцісканне, скарачэнне),
рытмічнае сцісканне (звужэнне) поласцей сэрца, якое выклікаецца скарачэннем мышцаў перадсэрдзяў ці жалудачкаў. Адначасова памяншаецца аб’ём крыві, што ў іх знаходзіцца. Пры С. перадсэрдзяў кроў паступае з іх у жалудачкі, пры С. жалудачкаў нагнятаецца ў артэрыяльную сістэму. У чалавека пры рытме 75 скарачэнняў за 1 мін С. перадсэрдзяў доўжыцца 0,1 с, жалудачкаў — 0,3 с, за адну С. сэрца выкідвае ў крывацёк 60—70 мл крыві (сісталічны, ці ўдарны, аб’ём), за суткі — 7,2 тыс.л (больш за 100 тыс. скарачэнняў). Па дзеянні С. процілеглая дыястале. Паслядоўныя С. і дыястала складаюць сардэчны цыкл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СТМА (ад грэч. asthma удушша),
1) бранхіяльная астма — звычайна хранічная алергічная хвароба, якая характарызуецца паўторнымі прыступамі ўдушша з прычыны спазмаў бронхаў і ацёку іх слізістай абалонкі пад уплывам алергенаў. Узнікненню астмы садзейнічае спадчынная схільнасць да алергічных рэакцый. Частата прыступаў удушша ад 1—2 за тыдзень (мяккая форма) да некалькіх за суткі (цяжкая форма), пры зацяжной форме астматычны стан доўжыцца некалькі дзён. Прыступы суправаджаюцца цяжкім са свістам дыханнем, сінюшнасцю твару, набуханнем вен на шыі, пад канец пакашліваннем і выдзяленнем невял. колькасці шклопадобных макрот. Акрамя імуналагічнай астма можа мець неімуналагічную аснову, калі яе прыступы развіваюцца пры зменах надвор’я, ахаладжэнні, фіз. напружанні, вегетатыўна-рэфлекторным дысбалансе, ужыванні нестэроідных процізапаленчых лек. сродкаў (напр., аспірыну). Ускладненні: эмфізема лёгкіх, разрастанне злучальнай тканкі вакол бронхаў, змены мышцаў правага жалудачка сэрца і як вынік сардэчная недастатковасць. Лячэнне медыкаментознае, інгаляцыямі аэразоляў.
2) Сардэчная астма — прыступы рэзкай задышкі (удушша), абумоўленыя вострай недастатковасцю функцыі левага жалудачка сэрца. Развіваецца пры гіпертанічнай хваробе, інфаркце міякарда, пароках сэрца, хранічных нефрытах і інш. Доўжыцца ад некалькіх мінут да некалькіх гадзін (магчымы ацёк лёгкіх). Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГЯ́ЛА (Алег Георгіевіч) (1.5.1930, г. Полацк, Віцебскай вобл. — 1.4.1986),
бел. вучоны ў галіне тэрапіі. Д-рмед.н. (1968), праф. (1972). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1955), дзе працаваў з 1960. З 1971 у Віцебскім мед. ін-це. Навук. працы па зменах у печані ад ачаговай пнеўманіі, механізмах развіцця сардэчнай недастатковасці, ішэмічнай хваробы, дзеянні вітамінаў на мышцу сэрца ў хворых з недастатковасцю кровазвароту, распрацоўцы бязлекавых метадаў прафілактыкі ішэмічнай хваробы сэрца і артэрыяльнай гіпертэнзіі.
Тв.:
Патогенез, клиника и лечение хронической недостаточности кровообращения. Мн., 1974;
Ишемическая болезнь сердца: ранняя диагностика и безлекарственная профилактика в поликлинических условиях. Мн., 1986 (разам з Н.М.Федарэнка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯГНАСТЫ́ЧНЫ ЦЭНТР,
медыцынская ўстанова, якая ажыццяўляе абследаванне насельніцтва на аснове канцэнтрацыі і выкарыстання найноўшых сродкаў і метадаў дыягностыкі. Забяспечвае неабходны аб’ём і ўзровень дыягностыкі, комплексную кансультацыю спецыялістаў любога профілю. Структура Д.ц.: кансультацыйнае аддзяленне і 6 дыягнастычных — лабараторна-дыягнастычнае (праводзяцца біяхім., імуналагічныя, мікрабіял. і інш. даследаванні), эндаскапічнае (вызначаецца стан унутр. полых органаў — страўніка, жоўцевага пузыра, бронхаў і інш.), функцыян. дыягностыкі (даследаванні сэрца і сасудаў), ультра-гукавых даследаванняў унутр. органаў, прамянёвай дыягностыкі з камп’ютэрнай тамаграфіяй, клінічнай патамарфалогіі. На Беларусі першы Д.ц. адкрыты ў 1989 у Мінску.
А.В.Таўкачоў.
Дыягнастычны цэнтр у Мінску. 1. Ультрагукавое даследаванне сэрца. 2. Камп’ютэрнае даследаванне галаўнога мозга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЎРУ́К (Алесь) (сапр.Сінічкін Аляксандр Дзмітрыевіч; 19.8.1910, г. Сянно Віцебскай вобл. — 23.8.1942),
бел.паэт. Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1938). Загінуў у баях пад Сталінградам. Друкаваўся з 1926. У зб-ках «Ручаіны» (1936), «Дняпро выходзіць з берагоў» (1938) аптымістычны пафас, рамантыка прац. будняў, эстэтычная завершанасць. Апяваў героіку грамадз. вайны, рэв. подзвіг («Чапаеў», «Рагачоўскі сшытак», «Песня пра дукорскіх партызан»). Паэма «Крывёю сэрца» (1938) пра барацьбу з фашызмам у Іспаніі. З А.Ушаковым напісаў для дзяцей паэмы «Пра майго таварыша», «Пра слаўных папанінцаў нашага дзетсада» (абедзве 1939), лібрэта аперэты «Зарэчны барок».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАНІМАТАЛО́ГІЯ (ад рэанімацыя + ...логія),
раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае механізмы надыходу смерці і аднаўлення функцый арганізма чалавека. Навукова абгрунтоўвае метады рэанімацыі і прафілактыкі развіцця небяспечных для жыцця станаў. Вывучае прычыны смерці (танаталогія), прычыны раптоўнага спынення сэрца або дыхання, абгрунтоўвае своечасовае правядзенне метадаў ажыўлення, распрацоўвае сучасныя прыёмы рэанімацыі. Даследуе жыццёва важныя сістэмы арганізма: сардэчна-сасудзістую, ц. н. с., дыхальную і інш., прафілактыку развіцця неабарачальных змен у арганізме (біял. смерць), інтэнсіўныя рэанімацыйныя мерапрыемствы пасля спынення сэрца або дыхання, прыёмы па ажыўленні да поўнага аднаўлення функцый арганізма.
Літ.:
Неотложные состояния: Справ. для врачей. 2 изд. Мн., 1998;