КО́СНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

сукупнасць умоў неарган. свету (фактараў асяроддзя) для пражывання арганізмаў, у якіх адсутнічае залежнасць і непасрэдная сувязь з жыццядзейнасцю арган. свету. Гл. таксама Абіятычнае асяроддзе, Асяроддзе.

т. 8, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗАЦЫ́ЙНАЯ СТРУКТУ́РА ў эканоміцы,

сукупнасць устойлівых і лагічных суадносін узроўняў кіравання і функцыянальных сфераў суб’екта гаспадарання, прызначаных забяспечыць эфектыўнае дасягненне мэты. Аптымальная арганізацыйная структура — найважнейшая ўмова арганізацыі вытворчасці.

т. 1, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УТО́К у ткацтве,

сукупнасць размешчаных паралельна нітак, якія ідуць упоперак тканіны тэкстыльнай, дывана або інш. тэкст. вырабу. Ніткі У. пераплятаюць (звычайна перпендыкулярна) з ніткамі асновы ў працэсе ткацтва, дыванаткацтва.

т. 16, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЗО́ТЫКА (ад грэч. exōtikos чужы, іншаземны),

сукупнасць характэрных асаблівасцей (прадметаў, звычаяў, прыроды, мастацтва і інш.) далёкіх ці малавядомых краін. У пераносным сэнсе — рэдкая рэч, нешта незвычайнае, вычварнае.

т. 18, кн. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭГА́Т (ад лац. aggregatus далучаны),

1) у петраграфіі сукупнасць мінер. зерняў ці іх зросткаў, якія ўтвараюць горныя пароды, руды, друзы і інш. Бывае просты — з аднаго мінералу (напр., мармур, кварцыт) і складаны — з некалькіх мінералаў (напр., граніт, сіеніт). Адрозніваюць агрэгаты цэментаваныя, рыхлыя, зямлістыя, порыстыя, шчыльныя і інш. 2) Машынны агрэгат — узбуйнены уніфікаваны (нармалізаваны) элемент (вузел) машыны, які адрозніваецца поўнай узаемазамяняльнасцю і самастойна выконвае пэўныя функцыі (напр., электрарухавік, помпа). Машыннымі агрэгатамі часам наз. фрэзерныя станкі-аўтаматы, транспарцёры і інш. 3) Сукупнасць дзвюх і болей машын ці апаратаў, якія працуюць сумесна, у адным комплексе (напр., ворны агрэгат складаецца з трактара, плугоў і барон; дызель-генератар — з дызельнага рухавіка і электрагенератара; турбакампрэсар — з турбіны і кампрэсара).

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНАТЫ́П (ад ген + тып),

генетычная (спадчынная) канстытуцыя арганізма, сукупнасць усіх яго генаў, лакалізаваных у храмасомах; кантралюе развіццё прыкмет арганізма — яго фенатып. У больш шырокім сэнсе генатып — сукупнасць ядзерных (геном) і няядзерных — цытаплазматычных і пластыдных (плазмон) носьбітаў спадчыннасці. Генатып разглядаецца як адзіная сістэма генаў, якія знаходзяцца ў складаным узаемадзеянні паміж сабой. Праз генатып перадаецца спадчынная інфармацыя ад пакалення да пакалення. Ён вызначае норму рэакцыі пры развіцці прыкмет арганізма. Варыяцыі ў межах гэтай нормы рэакцыі абумоўліваюцца мутацыямі і ўплывам фактараў навакольнага асяроддзя. Арганізмы з рознымі генатыпамі могуць мець аднолькавы фенатып (т.зв. фенакопіі) і, наадварот, з аднолькавым генатыпам — розны фенатып (мадыфікацыі). Для вызначэння структуры генатыпу праводзяцца адпаведныя аналітычныя скрыжаванні і генет. аналіз патомства.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЁНАЧНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,

1) танкаплёначная тэхналогія — сукупнасць спосабаў атрымання тонкіх плёнак металаў, дыэлектрыкаў і паўправаднікоў пры вырабе элементаў інтэгральных схем, паўправадніковых прылад і інш.

Тонкія плёнкі атрымліваюць фіз. (напр., выпарэннем у вакууме), хім. (эл.-хім. асаджэнне, тэрмічнае вырошчванне, анадзіраванне) і камбінаванымі (тэрмаіоннае і плазмахім. асаджэнне, газавае анадзіраванне) метадамі. Канфігурацыя элементаў мікрасхем ствараецца асаджэннем праз маскі, фоталітаграфіяй, электроналітаграфіяй і інш. спосабамі.

2) Таўстаплёначная тэхналогія — сукупнасць метадаў стварэння праводных, рэзістыўных, дыэл. і ізаляцыйных слаёў (тоўстых плёнак) пры вырабе інтэгральных схем, мантажных плат, токаправодных плёнак на керамічных карпусах інтэгральных схем і інш. Найб. пашыраны трафарэтны спосаб, пры якім плёначныя элементы ствараюцца нанясеннем праз трафарэт слоя спец. пасты з наступнай яе тэрмічнай апрацоўкай.

т. 12, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЧА́Л,

сукупнасць збудаванняў, канструкцый і прыстасаванняў для стаянкі і абслугоўвання марскіх суднаў.

Адрозніваюць П.: пасажырскія, грузавыя, суднарамонтныя, ваенныя і інш.; стацыянарныя, плывучыя, рэйдавыя (у акваторыі порта для якарнай стаянкі суднаў). У склад П. ўваходзяць прычальныя збудаванні, перагрузачныя механізмы і прыстасаванні, пад’язныя чыг. пуці і аўтадарогі, склады, спец. памяшканні і інш. Прычальныя збудаванні (пірсы) абсталёўваюць тумбамі для замацавання суднавых швартоваў і адбойнымі прыстасаваннямі, што засцерагаюць П. і барты суднаў ад пашкоджанняў. Сукупнасць П. утварае прычальную лінію ці прычальны фронт порта. Гл. таксама Прыстань.

Прычалы марскога порта: 1 — хвалялом; 2 — молы; 3 — плывучы кран; 4 — маяк; 5 — прычал для пагрузкі колавай тэхнікі; 6 — кантэйнерны прычал; 7 — мокры док для пагрузкі і разгрузкі суднаў.

т. 13, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА ў тэхніцы,

сукупнасць узаемазвязаных тэхн. аб’ектаў (прылад, машын, механізмаў), а таксама носьбітаў інфармацыі, працэсаў, элементаў і інш., аб’яднаных адзінай мэтай і агульным алгарытмам функцыянавання.

С. ў кібернетыцы і вылічальнай тэхніцы — сукупнасць апаратных і праграмных сродкаў вылічальных сістэм, у т. л. базавых праграмных сродкаў (напр., аперацыйных сістэм, комплексаў праграм для рашэння канкрэтных прыкладных задач). Адрозніваюць С. аўтаматычныя і аўтаматызаваныя (з удзелам чалавека), адаптыўныя, саманавучальныя, самаарганізавальныя і інш. Найб. пашыраны С. інфармацыйныя, пошукавыя, аўтам. кіравання, аўтаматызацыі навук. даследаванняў, навук.-тэхн. эксперыментаў і выпрабаванняў, аўтаматызаванага праектавання, кіравання прадпрыемствамі і тэхнал. працэсамі, апрацоўкі відарысаў, сігналаў, распазнавання вобразаў, тэхн. зроку і інш.

Літ.:

Острейковский В.А. Теория систем. М., 1997.

М.​П.​Савік.

т. 14, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕКТР ВАГА́ННЯЎ,

сукупнасць гарманічных ваганняў (гармонік), на якія раскладаецца дадзены вагальны рух. У залежнасці ад прыроды вагальных працэсаў адрозніваюць спектры аптычныя, рэнтгенаўскія, мех. (напр., спектр гуку), эл.-магн. сігналаў. С.в. вывучаюцца метадамі спектраметрыі.

Матэматычна вагальны рух прадстаўляецца функцыяй у выглядзе Фур’е шэрагу (для перыяд. ваганняў) ці Фур’е інтэграла (для неперыяд. ваганняў). Чым больш зыходнае ваганне адрозніваецца ад гарманічнага, тым на большую сукупнасць гармонік (абертонаў) яно раскладаецца. Чысты тон — гук з перыядычнай формай хвалі — вылучаецца, напр., камертонам. Гукі, вылучаныя муз. інструментамі, разам з асн. тонам маюць і абертоны, якія надаюць асаблівую «афарбоўку» (тэмбр) гуку. Спектры радыёхваль радыё- і тэлепраграм маюць выгляд палос, цэнтр якіх вызначаецца нясучай частатой, а бакавыя частоты — перададзенай інфармацыяй.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 15, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)