АЦЭТЫЛСАЛІЦЫ́ЛАВАЯ КІСЛАТА́, аспірын,

вытворнае саліцылавай кіслаты, мал. м. 180,2. Бясколерныя крышталі, tпл 141—144 °C, мала раствараецца ў вадзе (1:300), лепш у этылавым спірце (1:7). Атрымліваюць ацыліраваннем саліцылавай кіслаты воцатным ангідрыдам.

Процізапаленчы сродак з анальгетычнымі і гарачкапаніжальнымі ўласцівасцямі, выкарыстоўваецца пры рэўматызме, неўралогіях, ліхаманкавых захворваннях і інш. Хутка ўсмоктваецца са страўніка, звязваецца бялком сывараткі крыві (97%), выводзіцца ў асноўным праз ныркі. Уваходзіць у састаў камбінаваных лекаў (асфен, аскафен, цытрамон).

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЗНІ́,

кліматабальнеалагічны курорт у Арменіі. У цясніне р. Раздан на выш 1300 м, паблізу Ерэвана. Засн. ў 1925. Клімат умерана цёплы з гарачым летам і цёплай восенню. Субтэрмальныя мінер. воды, прыдатныя на ванны, арашэнні, кішэчныя прамыванні, піццё. Санаторыі спецылізаваныя на лячэнні хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, а таксама спадарожных хвароб страўніка, кішэчніка, печані, жоўцевага пузыра, гінекалагічнай сферы. Завод па разліву мінер. вады «Арзні». Паблізу арх. комплексы Эчміядзіна, Гегарда, крэпасці Гарні, воз. Севан.

т. 1, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСКУЛЬТА́ЦЫЯ (ад лац. auscultatio слуханне, выслухванне),

метад даследавання ўнутраных органаў выслухваннем. Робіцца вухам ці спец. апаратамі — стэтаскопам або фанендаскопам. Пры аўскультацыі лёгкіх выслухваюць дыхальныя шумы, хрыпы, характэрныя для запаленчых працэсаў у бронхах або лёгачнай тканцы. Па змене тону, шумах у сэрцы мяркуюць пра стан сардэчнай дзейнасці. Артэрыі выслухваюць для вызначэння артэрыяльнага ціску. Аўскультацыя жывата выяўляе наяўнасць перыстальтыкі страўніка і кішэчніка, у цяжарных — сэрцабіцце плода. Аўскультацыяй карыстаюцца і ў ветэрынарыі.

т. 2, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГОЛКАЛЯЧЭ́ННЕ, акупунктура,

лячэнне ўколамі з дапамогай спец. іголак; адзін з асн. метадаў кіт. нар. медыцыны (у Кітаі вядомы з 2 ст. да н.э.). Робяць пры хваробах нерв. сістэмы, бранхіяльнай астмы, некат. хваробах унутр. органаў, страўніка, рэўматычных артрытах, алергіі, парушэнні менструальнага цыкла і інш. Кропкі для ўколаў (іх налічваецца больш за 600) выбіраюць у залежнасці ад характару хваробы.

Іголкі (залатыя, сярэбраныя, стальныя) уводзяць на пэўную глыбіню на 5—20 мін.

т. 7, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТА́Р (ад грэч. katarrheō працякаю, сцякаю),

катаральнае запаленне, запаленне слізістых абалонак з пачырваненнем, набраканнем, ацёкам і выдзяленнем вадкасці (эксудату). Эксудат бывае празрысты (серозны К.), з прымессю слізі (слізісты К.) і гною (гнойны К.). Прычына К. — бактэрыяльная ці вірусная інфекцыя (катар верхніх дыхальных шляхоў), патагенныя грыбы (напр., каліт). К. страўніка (устарэлая назва гастрыту) развіваецца пры няправільным харчаванні, злоўжыванні алкаголем, курэннем. Вострая форма К. пры несвоечасовым лячэнні можа перайсці ў хранічнае запаленне.

т. 8, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́Ў (Юрый Васілевіч) (н. 7.5.1951, г. Вілейка Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне анкалогіі. Д-р мед. н. (1994), праф. (1988). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1974) і працуе ў ім (з 1990 заг. кафедры). Навук. працы па паталаг. анатоміі, дыферэнцыяльнай дыягностыцы язвавай хваробы і рака страўніка.

Тв.:

Возможности гастробиопсии в диагностике дисплазии и рака желудка // Вопр. онкологии. 1989. Т. 35, № 11;

Краткий курс патологической анатомии. Дубна;

Витебск, 1998.

Ф.Г.Крылоў.

т. 8, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНГЕРГА́НСА АСТРАЎКІ́,

групы клетак падстраўнікавай залозы пазваночных, якія ўтвараюць яе эндакрынную частку. Названы імем ням. вучонага П.​Лангерганса, які апісаў іх (1869). У кругларотых астраўковая тканка знаходзіцца ў сценках страўніка. Л.а. развіваюцца з трубчастых нарасцей пярэдняй кішкі і ў залежнасці ад віду жывёлы складаюцца з клетак некалькіх тыпаў: ȥ-, β-, δ-клетак. У ȥ-клетках утвараецца гармон глюкагон, у β-клетках — інсулін, у δ-клетках сінтэзуецца сакрацін і інш. гармоны.

т. 9, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУД (Мікалай Рыгоравіч) (3.1.1947, в. Кажан-Гарадок Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі і анкалогіі. Д-р мед. н., праф. (1992). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1971), працуе ў ім (з 1993 заг. кафедры). Навук. працы па анкалогіі, хірургіі страўніка і кішэчніка.

Тв.:

Клиника и лечение синдрома укороченного кишечника. Мн., 1988 (разам з І.​М.​Сіпаравым), Ультразвуковая диагностика в медицине. Витебск, 1995 (у сааўт.).

т. 9, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЭНАЛІ́Н,

гармон мазгавога слоя наднырачнікаў. Вылучаны з наднырачнікаў жывёл у 1985. Крыніцай утварэння адрэналіну ў арганізме з’яўляюцца амінакіслоты тыразін і фенілаланін. Стымулюе работу сэрца, звужае крывяносныя сасуды, павышае крывяны ціск, расслабляе мускулатуру бронхаў і страўніка, расшырае зрэнкі, павышае бялковы, вугляводны і тлушчавы абмен. Прымяняецца пры вострым зніжэнні артэрыяльнага ціску, нечаканым спыненні работы сэрца (уводзіцца ўнутрысардэчна), алергічных хваробах, анафілактычным шоку. Колькасць адрэналіну ў крыві павялічваецца пры эмацыянальных нагрузках (стрэсе) і цяжкай мышачнай рабоце.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫВЕРТЫ́КУЛ (ад лац. diverticulum дарога ў бок, адхіленне),

прыроджанае ці набытае выпучванне сценкі полага органа чалавека ў выглядзе мяшка. Найчасцей бывае Д. стрававода, мачавога пузыра, радзей — дванаццаціперснай кішкі, страўніка. Прыроджаны Д. звязаны з заганамі развіцця органа, набыты — з прычыны ціску з поласці органа на яго сценку. Можа развівацца пры хваробах суседніх органаў. Запаленне сценак Д. — дывертыкул і т (катаральны, язвавы, флегманозны; магчымы прабадзенні Д.). Лячэнне залежыць ад лакалізацыі і цячэння Д., іншы раз хірургічнае.

т. 6, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)