прамежак часу, цераз які паўтараюцца ў адной і той жа паслядоўнасці сонечныя і месяцавыя зацьменні. Быў вядомы ў Егіпце і Грэцыі ўжо за некалькі стагоддзяў да н.э. Абумоўлены перыядычным паўтарэннем узаемнага размяшчэння Сонца, Месяца і вузлоў месяцавай арбіты на нябеснай сферы. Прыблізна роўны 6585 1/3сут. На працягу аднаго С. бываюць 43 зацьменні Сонца і 28 зацьменняў Месяца (у розныя перыяды іх колькасць можа некалькі мяняцца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛІ́ВЫ І АДЛІ́ВЫ,
перыядычныя ваганні ўзроўню акіяна (мора), абумоўленыя сіламі прыцяжэння Месяца і Сонца ў спалучэнні з цэнтрабежнымі сіламі. Пад дзеяннем сіл, што ўзнікаюць пры абарачэнні Месяца вакол Зямлі і Зямлі вакол Сонца адбываецца дэфармацыя цвёрдага цела Зямлі і ваганні атм. ціску. Зямля пад дзеяннем прыліваўтваральных сіл Месяца і Сонца набывае форму эліпсоіда вярчэння. Водная абалонка Зямлі расцягваецца ўздоўж лініі, накіраванай да Месяца. Прыліваўтваральная сіла Сонца амаль у 2,2 раза меншая, чым Месяца, таму П. і а. ў большай ступені залежаць ад Месяца. Пры сутачным абарачэнні Зямлі П. і а. паслядоўна абыходзяць зямны шар; за месячныя суткі (24 гадз 50 мін) назіраюцца 2 прылівы і 2 адлівы. Іх велічыня і характар залежаць ад узаемнага размяшчэння Зямлі, Месяца і Сонца, ад геагр. шыраты, глыб. мора, формы берагавой лініі і інш. умоў. Прыліў найб., калі Зямля, Месяц і Сонца размяшчаюцца на адной прамой (сізігія), найменшы, калі Месяц, Зямля і Сонца ўтвараюць вугал 90° (квадратура). Найвышэйшы ўзровень у час П. і а. наз. поўнай вадой, ніжэйшы — малой вадой. У залежнасці ад перыяду адрозніваюць П. і а. паўсутачныя, сутачныя і мяшаныя (няправільныя). Пры паўсутачных П. і а. назіраюцца 2 поўныя вады і 2 малыя, пры сутачных — 1 поўная і 1 малая вада. Пры мяшаных П. і а. найб. пашыраны няправільныя паўсутачныя і няправільныя сутачныя прылівы. Велічыня П. і а. ў адкрытым акіяне да 1 м, у залівах і бухтах, берагі якіх паступова звужаюцца, пад’ём вады дасягае 18 м (зал. Фанды ў Атлантычным ак. каля берагоў Канады). Звычайна выш. прыліваў каля берагоў акіянаў 2—4 м, ва ўнутр. морах (Чорнае, Балтыйскае) некалькі сантыметраў. Энергія прыліваў можа выкарыстоўвацца на прыліўных электрастанцыях. У выніку зямных прыліваў адбываюцца верт. плаўныя зрушэнні паверхні да 50 см, змены сілы цяжару да 0,25-10−5м/с2 на экватары і інш. з’явы, вывучэнне якіх дазваляе даследаваць унутр. будову Зямлі і асаблівасці будовы зямной кары. Атм. прылівы выклікаюць паўсутачныя змены атм. ціску і адыгрываюць вял. ролю ў дынаміцы верхняй атмасферы.
Сілы, якія ўтвараюць прылівы і адлівы: 1 — цэнтрабежная сіла; 2 — прыцягненне Месяца; 3 — прыліваўтваральная сіла; Z — зеніт; C — цэнтр Зямлі; N — надзір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БАЦ ((Kabatc) Эўгеніюш) (н. 11.1.1930, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл.),
польскі празаік і перакладчык. У 1967—73 супрацоўнік польск пасольства ў Рыме. Друкуецца з 1950. У зб.апавяд. «П’яны анёл» (1957), аповесцях «Занадта многа сонца» (1959), «Раманс» (1960), «Адзінаццатая запаведзь» (1965), «Адпачынак у высокай траве» (1968), «Выкраданне Джульеты» (1974) сац.псіхал. праблемы сучаснага яму пакалення. Аповесці «Патрыцыя, ці Аб каханні і мастацтве ў асяродку ночы» (1975), «Аўтастрада сонца» (1979) прысвечаны Італіі. Аўтар фантаст. аповесці «Смерць працаўніка ў атэлі «Savoy» (1985). Тэматыка асобных твораў звязана з Беларуссю. Пераклаў на польск. мову аповесць «Трэцяя ракета» В.Быкава, раман «Людзі на балоце» І.Мележа. Аўтар успамінаў пра Мележа «Сонца ў вачах» (1979). На бел. мову творы К. перакладалі Я.Брыль, В.Рагойша, А.Клышка, П.Стэфановіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯРКО́Ў (Яфрэм Іванавіч) (н. 1.2.1921, с. Несцерава Цвярской вобл., Расія),
рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1981). Чл.-кар.АМСССР (1975). Скончыў Маскоўскі маст.ін-т (1953). Аўтар жанравых карцін («Каруначніцы», 1964, «Белая ноч. Вяселле», 1967, і інш.). Асн. месца ў творчасці займае лірычны пейзаж, прысвечаны прыродзе сярэднярускай паласы і Поўначы: «Сіні дзень» (1965), «Кроплі дажджу», «Паўночная вясна» (абодва 1969), «Зімовае сонца» (1971), «Цішыня», «Блакітны красавік» (абодва 1972) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯЦІ́ЛЬНАСЦЬ ЗО́РКІ,
магутнасць выпрамянення зоркі. Роўная поўнай энергіі, якая выпрамяняецца зоркай за адзінку часу. Вымяраецца звычайна ў адзінках свяцільнасці Сонца, а таксама ў абс.зорных велічынях.
Поўная свяцільнасць Сонца 3,86∙1026Вт, свяцільнасць зорак 1033—1020Вт. Поўная С.з. з нулявой зорнай велічынёй — 2,72∙1028Вт. Акрамя поўнай адрозніваюць С.з. ў пэўным спектральным інтэрвале, напр., візуальная С.з. (святлоаддача ў бачнай частцы спектра), фатаграфічная (у інтэрвале 0,33—0,49 мкм) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САТУ́РН,
планета Сонечнай сістэмы, шостая па парадку ад Сонца і другая па памерах і масе. Астр. знак . Адносіцца да класа планет-гігантаў.
Сярэдняя адлегласць ад Сонца 1.43 млрд.км (эксцэнтрысітэт арбіты 0,056). Перыяд абарачэння вакол Сонца 29,46 зямнога года. Экватарыяльны дыяметр 120 536 км; з прычыны хуткага вярчэння вакол восі (перыяд каля 10,53 гадз) С. значна сплюснуты — палярны радыус меншы за экватарыяльны прыблізна на 6500 км. Маса 5,68∙1026кг. Сярэдняя шчыльнасць — самая малая з усіх планет, 700 кг/м³ (прыблізна ўдвая менш за шчыльнасць Сонца). З Зямлі С. выглядае як жаўтаватая зорка, бляск якой мяняецца ад 0-й да 1-й візуальнай зорнай велічыні. С. з’яўляецца газавадкім целам у стане гідрастатычнай раўнавагі і не мае цвёрдай паверхні. Вонкавая газавая абалонка вадародна-геліевая, за ёй знаходзіцца абалонка ў асноўным з вадкага вадароду, потым — з металічнага вадароду. С. мае ўнутр. крыніцы энергіі і выпрамяняе ў 2,5 разу больш энергіі, чым атрымлівае ад Сонца; т-ра ў нетрах 12000 К. На С. назіраюцца воблакі, т-ра іх верхняй часткі каля -175 °C. Вось магн. поля амаль супадае з воссю вярчэння планеты. Напружанасць магн. поля на экватары роўная 0,7 зямной, унутр.магн. поле значна большае за зямное з-за вял. памераў. У сістэму С. ўваходзяць кольцы Сатурна і 18 спадарожнікаў (гл. Спадарожнікі планет); выяўлены радыяцыйныя паясы. Большасць звестак пра С. атрымана пры дапамозе аўтам. міжпланетных станцый «Піянер» і «Вояджэр».
Літ.:
Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁСЕКСТА́НТ (ад радыё... + секстант),
прылада для дакладнага вызначэння напрамку на Сонца (зорку ці інш. пазаземны аб’ект) па іх радыёвыпрамяненні. Складаецца з востранакіраванай прыёмнай антэны, радыёпрыёмніка, платформы, якая служыць штучным гарызонтам і стабілізуецца ў прасторы гіраскопам, і аўтам. ўстройства (сістэмы сачэння), якое фіксуе вось антэны ў напрамку Сонца (зоркі). У параўнанні са звычайным (аптычным) секстантам Р. можа працаваць пры любых метэаралагічных умовах. Хібнасць вызначэння напрамку пры дапамозе Р. (адносна яго платформы) не перавышае 1′. Выкарыстоўваецца ў паветр. і марской навігацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́КТЫКА (ад познагрэч. galaktikos малочны, млечны),
гіганцкая зорная сістэма, да якой належаць Сонца і ўся Сонечная сістэма разам з Зямлёй. У яе ўваходзяць не менш за 100 млрд. зорак (іх агульная маса каля 1011 мас Сонца), міжзорнае рэчыва (газ і пыл, маса якіх каля 0,05 масы ўсіх зорак), касм. часціцы, эл.-магн. і гравітацыйнае поле.
Структура Галактыкі неаднародная. Адрозніваюць 3 асн. падсістэмы: сферычную (гала) — шаравыя скопішчы, чырвоныя гіганты, субкарлікі, пераменныя зоркі тыпу RR-Ліры, якія рухаюцца вакол цэнтра мас Галактыкі па выцягнутых арбітах у разнастайных напрамках і не ўдзельнічаюць у вярчэнні галактычнага дыска; прамежкавую (дыск) — большасць зорак галоўнай паслядоўнасці, у т. л.Сонца, зоркі-гіганты, белыя карлікі, планетарныя туманнасці; скорасць іх вярчэння мяняецца з адлегласцю ад цэнтра; узрост — некалькі млрд. гадоў; плоскую (тонкі дыск ці спіральныя рукавы) — маладыя зоркі, міжзорны газ і пыл, доўгаперыядычныя цэфеіды, пульсары, многія галактычныя крыніцы гама-, рэнтгенаўскага і інфрачырвонага выпрамянення; узрост гэтых зорак не большы за 100 млн. гадоў, яны не паспелі значна аддаліцца ад месцаў свайго нараджэння, таму спіральныя галіны Галактыкі лічаць месцам утварэння зорак. Цэнтральная вобласць Галактыкі (ядро) знаходзіцца ў напрамку сузор’я Стралец і заслонена ад зямнога назіральніка міжзорнымі воблакамі касм. пылу і газу. Памеры ядра Галактыкі больш за 1000 пк. Яно з’яўляецца крыніцай магутнага радыевыпрамянення, што сведчыць пра актыўныя працэсы, якія адбываюцца ў ім. Самая знешняя частка сферычнай падсістэмы — карона Галактыкі радыусам каля 70 кпк і масай, у 10 разоў большай за масу ўсёй астатняй Галактыкі. Сонца, знаходзіцца на адлегласці 8,5 кпк ад цэнтра, амаль дакладна ў плоскасці Галактыкі, і аддалена ад яе на Пн прыблізна на 25 кпк Скорасць вярчэння Сонца вакол цэнтра Галактыкі 230 км/с. Для зямнога назіральніка зоркі канцэнтруюцца ў напрамку плоскасці Галактыкі і зліваюцца ў бачную карціну Млечнага Шляху. Знаходжанне Сонца паблізу плоскасці Галактыкі ўскладняе даследаванне нашай зорнай сістэмы.
Літ.:
Марочник Л.С., Сучков А.А. Галактика. М., 1984;
Воронцов-Вельяминов Б.А. Очерки о Вселенной. 8 изд. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РЫ ГО́ДА,
перыяды года (вясна, лета, восень, зіма), змена і паслядоўнасць якіх абумоўлены рухам Зямлі вакол Сонца і нахілам яе восі да плоскасці арбіты (пад вуглом 66°33′). Нахіл восі і пастаянства яе напрамку ў прасторы прыводзяць да таго, што ў адзін перыяд года Сонца асвятляе больш Паўн. паўшар’е, у другі — Паўд. паўшар’е і адбываецца змена П.г. Астранамічны пачатак П.г. ў Паўн. паўшар’і супадае з момантамі праходжання Сонца праз пункт веснавога раўнадзенства (20 або 21 сак.), пункт летняга сонцастаяння (21 або 22 чэрв.), пункт асенняга раўнадзенства (23 вер.) і пункт зімовага сонцастаяння (21 або 22 снеж.). З-за эліптычнасці зямной арбіты і нераўнамернасці руху Зямлі вакол Сонца П.г. маюць неаднолькавую працягласць. У Паўн. паўшар’і астр. працягласць вясны 92,8 сут.; лета 93,6; восені 89,8; зімы 89 сут. П.г. ў прыродзе могуць не супадаць з каляндарнымі, што залежыць ад перамяшчэння паветр. мас атмасферы. Таму побач з астр. вылучаюцца феналагічныя сезоны, якія не маюць цвёрдых каляндарных межаў і вызначаюцца ўмовамі надвор’я, рознымі феналагічнымі з’явамі. На Беларусі (56—51°паўн. ш.) вясна пачынаецца ў канцы сак. і цягнецца да сярэдзіны мая, лета канчаецца ў сярэдзіне вер., зіма пачынаецца ў сярэдзіне лістапада.
Да арт.Поры года. Рух зямлі па арбіце і асветленасць яе паверхні сонечнымі прамянямі ў дні сонцастаянняў і раўнадзенстваў.