ГІПЕРГЕ́ННЫЯ МІНЕРА́ЛЫ,

мінералы, якія ўзнікаюць у зоне гіпергенезу пры нізкіх т-рах і цісках, пад уздзеяннем атмасферы, гідрасферы і жывых арганізмаў (гл. Гіпергенныя працэсы). Уключаюць гліністыя мінералы, гідраксіды, солі кіслародных кіслот (сульфаты, нітраты і г.д.).

т. 5, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОМІСТАВАДАРО́ДНАЯ КІСЛА́ТА,

раствор бромістага вадароду ў вадзе, HBr. Бясколерная вадкасць, якая пры захоўванні жаўцее (акісляецца з утварэннем брому), шчыльн. (65%-ны раствор) 1767,5 кг/м³. Моцная аднаасноўная кіслата, моцны аднаўляльнік. Солі броміставадароднай кіслаты — браміды. Выкарыстоўваюць як каталізатар у арган. сінтэзе.

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ВА ў горнай справе,

доўгая ачышчальная падземная горная вырабатка, у канцы якой (у забоі) адбываецца здабыча (выманне) карысных выкапняў (вугалю, каменнай солі і інш.). Даўжыня Л. — 25—350 м і болей (залежыць ад горна-геал. умоў і сістэмы распрацоўкі радовішча).

т. 9, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАГЕ́НЫ,

рэчывы для халоднага фарбавання; прадукты, якія выкарыстоўваюцца для сінтэзу азафарбавальнікаў непасрэдна на валакністых матэрыялах. Найб. пашыраны азатолы і дыазолі.

Азатолы — арыламіды шэрагу араматычных кіслот (напр., 3-гідраксі-2-нафтойнай кіслаты) ці β-кетакіслот (напр., ацэтавоцатнай кіслаты) — крышталічныя рэчывы, нерастваральныя ў вадзе, пры награванні са шчолачамі ўтвараюць водарастваральныя солі. Дыазолі — стойкія формы дыазазлучэнняў, пераважна двайныя солі з хлорыстым цынкам, араматычнымі сульфакіслотамі (крышталічныя рэчывы, растваральныя ў вадзе, пры награванні ці ўдары ўзгараюцца, пылапаветраныя сумесі іх выбухованебяспечныя). Для змяншэння небяспечных уласцівасцей дыазолі змешваюць з напаўняльнікамі (сернакіслымі солямі натрыю ці алюмінію).

Азагены змяшчаюцца на матэрыялах (цэлюлозных, поліамідных, поліэфірных, поліакрыламідных валокнах, тканінах, пражы) і пры адпаведнай апрацоўцы (гл. Фарбаванне) надаюць ім яркую і трывалую афарбоўку любога колеру.

Выкарыстоўваюцца пры друкаванні на тканінах.

т. 1, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРО́Л,

гетэраараматычнае злучэнне, C4H5N. Цыкл П. — структурны фрагмент прыродных пігментаў (напр., гема, хларафілаў), вітаміну B12, а таксама некаторых святлоўстойлівых фталацыянінавых фарбавальнікаў. П. ёсць у каменнавугальнай смале, у якой адкрыты ў 1834 ням. хімікам Ф.​Рунге.

Бясколерная вадкасць, пры стаянні ла паветры цямнее (акісляецца), tкіп130 °C, шчыльн. 969,8 кг/м³. Добра раствараецца ў этаноле, дыэтылавым эфіры, мала — у вадзе. Слабая к-та; утварае солі пры ўзаемадзеянні з натрыем ці каліем у інертным растваральніку. Пад уздзеяннем мінер. кіслот полімерызуецца (утвараецца т.зв. П.-чырвоны). У прам-сці атрымліваюць перагонкай амоніевай солі слізевай к-ты, каталітычным аманолізам фурану. Выкарыстоўваюць для сінтэзу піралідзіну і шэрагу лек. сродкаў. Таксічны: пара П. выклікае стойкае павышэнне т-ры цела. Іл. гл. да арт. Гетэрацыклічныя злучэнні.

т. 12, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫПІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,

арганічнае злучэнне з ліку карбонавых кіслот HOOC (CH2)4COOH. Мал. м. 146,14. Бясколерныя крышталі, t пл. 153 °C, узганяюцца, растваральныя ў вадзе і спіртах. Утварае солі — адыпінаты. Атрымліваюць двухстадыйным акісленнем цыклагексану. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці нейлону, інсектыцыдаў, змазак, яе эфіры — пластыфікатары.

т. 1, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРСЕНІ́ТЫ,

солі мыш’яковістых кіслот HAsO2 і H3AsO3. Арсеніты шчолачных металаў і амонію раствараюцца ў вадзе, астатнія — у к-тах. Выкарыстоўваюць як інсектыцыды напр. парыжскую зелень Cu(CH3COO)2∙3Cu(AsO2)2, кампаненты неабрастальных фарбаў для суднаў, пігменты для маст. фарбаў. Водарастваральныя арсеніты — моцныя яды.

т. 1, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРТ-СУДА́Н,

горад на ПнУ Судана, у прав. Касала. Засн. ў 1908. Каля 300 тыс. ж. (2000). Гал. порт краіны на Чырвоным м. Чыгункай і аўтадарогамі злучаны з далінай р. Ніл. Аэрапорт. Прам-сць: нафтаперапр., тэкст., суднарамонтная, харчовая. Паблізу — здабыча солі з марской вады.

т. 12, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАМА́ТЫ,

солі брамнаватай кіслаты HBrO3. Крышталічныя рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе (акрамя браматаў барыю). Устойлівыя ў звычайных умовах, пры награванні раскладаюцца з вылучэннем кіслароду або кіслароду і брому. Атрымліваюць узаемадзеяннем брому з шчолачамі, хім. ці электрахім. акісленнем брамідаў. Выкарыстоўваюцца як акісляльнікі ў арган. сінтэзе і хім. аналізе.

т. 3, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСКУНЧА́К,

бяссцёкавае салёнае самасадачнае возера на Пн Прыкаспійскай нізіны, у Астраханскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Пл. 106 км². Размешчана на 21 м ніжэй за ўзровень мора. Жыўленне пераважна водамі салёных крыніц, якія выходзяць каля падножжа гор В. і М.​Богда. Больш як 100 гадоў вядзецца здабыча кухоннай солі.

т. 2, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)