ПСУ́Я,

возера ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Шоша, за 30 км на У ад г. Глыбокае. Пл. 0,65 км², даўж. 2,28 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 10,5 м, даўж. берагавой лініі 5,9 км. Пл. вадазбору 3,6 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. да 12 м, пераважна разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, задзернаваныя, пад хмызняком. Дно сапрапелістае, пясчанае. Зарастае слаба, найб. моцна ў паўд. заліве. Выцякае ручай у воз. Доўгае. На беразе П. Псуеўскі парк.

т. 13, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАНЧАКІ́,

тып засоленых глеб, у паверхневым слоі якіх 1—15% (у глебавай скарынцы часам больш за 30%) лёгкарастваральных солей. Пашыраны ў зонах стэпаў, паўпустынь і пустынь на саляносных пародах (аўтаморфныя С.) або ва ўмовах блізкага залягання мінералізаваных грунтавых вод (гідраморфныя С.).

Характарызуюцца слабадыферэнцыраваным глебавым профілем, слаба выражаным гумусавым гарызонтам з прожылкамі ці плямамі солей, шчолачнай рэакцыяй. Расліннасць галафітная або адсутнічае. Малаўрадлівыя, прыдатныя для земляробства пасля гіпсавання, прамыўкі, паніжэння ўзроўню грунтавых вод. Пры рассаленні з С. фарміруюцца саланцы.

т. 14, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛЯКІ́ (Lampyris),

род жукоў сям. Lampyridae, які раней адносілі да мяккацелак. Начныя насякомыя, свецяцца ў цемры. Органы свячэння размешчаны на канцы брушка. Жывуць пераважна ў лясах. На Беларусі трапляецца С. звычайны, ці вялікі, нар. назва іванаў чарвяк.

Даўж. 10—20 мм. Самцы крылатыя, надкрылы буравата-шэрыя, пярэдняспінка жоўта-бурая, добра лятаюць, свецяцца слаба. Самкі бяскрылыя (нагадваюць лічынак), верх цела цёмна-буры, па краях больш светлы. Выпраменьваюць яркае святло, якое прываблівае самцоў, Драпежнікі, кормяцца насякомымі. Развіваюцца ў лясным подсціле.

т. 14, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСПАРАГІ́НАВАЯ КІСЛАТА́, α-амінаянтарная кіслата, монаамінадыкарбонавая кіслата,

HOOCCH2CH(NH2)COOH, заменная амінакіслата. Мал. м. 133,1. Слаба раствараецца ў вадзе, не раствараецца ў спірце і эфіры. У арганізме знаходзіцца ў свабодным стане, уваходзіць у састаў бялкоў (акрамя пратамінаў). Удзельнічае ў рэакцыях цыкла мачавіны і пераамінавання, біясінтэзе пурынаў і пірамідзінаў, папярэднік у біясінтэзе незаменных амінакіслот — метыяніну, трэаніну і лізіну ў раслін, жывёл і мікраарганізмаў. Дэкарбаксіліраваннем аспарагінавай кіслаты могуць утварацца α- і β-аланіны. У абмене рэчываў аспарагінавая кіслата папярэднік і першая ступень распаду аспарагіну.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЦА,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Абабіца, за 20 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,42 км², даўж. 1,35 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі 3,83 км. Пл. вадазбору 9 км².

Схілы катлавіны ў ніжняй частцы стромкія, пясчаныя, парослыя лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на Пн і Пд нізкія, пад лесам. Дно плоскае, да глыб. 2 м пясчанае, глыбей сапрапелістае. Зарастае слаба. Упадае ручай, пратокай злучана з воз. Дубра.

т. 3, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСЧАРАПНЫ́Я (Acrania),

падтып хордавых жывёл. 1 клас — галавахордавыя, 2 роды — ланцэтнікі і Asymmetron (уключае 13 відаў дробных жывёл). Найб. прымітыўныя з сучасных хордавых. Пашыраны ў экватарыяльнай зоне Індыйскага, Ціхага і Атлантычнага акіянаў. Жывуць на вял. глыбінях. Найб. вядомы ланцэтнік, які трапляецца і ў Чорным м.

Памеры ад некалькіх міліметраў да 7,5 см. У адрозненне ад чарапных (гл. Пазваночныя) усё цела падзелена на сегменты, галаўны аддзел не адасоблены, чэрапа няма (адсюль назва), органы пачуццяў развіты слаба, сэрца адсутнічае (ёсць пульсуючы брушны сасуд).

т. 3, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАСАПРО́БЫ (ад аліга... + грэч. sapros гнілы + bios жыццё),

арганізмы, якія жывуць у чыстых або слаба забруджаных арган. рэчывамі водах з лішкам растворанага кіслароду. Для алігасапробаў характэрна вял. відавая разнастайнасць пры павольнай змене згуртаванняў. Да іх належаць: зялёныя і дыятомавыя водарасці і кветкавыя расліны (напр., гарлачык белы); некаторыя калаўроткі, лічынкі стракоз і аўсянікаў, дафніі; сцерлядзь, фарэль; трытоны. Сярод алігасапробаў шмат драпежнікаў, але мала сапратрофаў, у т. л. бактэрый і арганізмаў, якія кормяцца бактэрыямі. Выкарыстоўваюцца як біял. індыкатары ступені забруджанасці вадаёмаў шкоднымі рэчывамі.

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНІ́ВАЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ,

у Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., за 3 км на ПдУ ад в. Занівачча. Паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі паазерскага зледзянення. Пясчана-жвіровая парода шэрая, буравата-шэрая, месцамі слаба-гліністая, з праслоямі і лінзамі розназярністых пяскоў. Разведаныя запасы 6,2 млн. м³, перспектыўныя 28,9 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,5—18 м, ускрышы (супескі, пяскі, торф) 0,2—5 м. Пяскі і жвір прыдатныя на выраб бетону, буд. раствораў, у дарожным буд-ве.

А.​П.​Шчураў.

т. 6, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАВО́ЛЬВАННЕ НЕЙТРО́НАЎ,

змяншэнне кінетычнай энергіі нейтронаў у выніку шматразовых сутыкненняў з атамамі асяроддзя. Прыводзіць да ўтварэння т.зв. цеплавых нейтронаў, якія могуць выклікаць ланцуговую ядзерную рэакцыю, напр. у прыродным уране.

У працэсе запавольвання частка нейтронаў губляецца: паглынаецца ядрамі атамаў ці вылятае за межы рабочага асяроддзя. У запавольніках (рэчывы, якія маюць лёгкія ядры і слаба захопліваюць нейтроны: вада, цяжкая вада, графіт, берылій і інш.) малыя страты нейтронаў і большая іх частка пераўтвараецца ў цеплавыя (механізм запавольвання залежыць ад энергіі нейтронаў). Гл. таксама Ядзерны рэактар, Нейтронаграфія.

т. 6, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВА́НАЕ ВО́ЗЕРА,

у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 48 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,35 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі каля 2,7 км. Пл. вадазбору 13,4 км². Схілы катлавіны выш. да 8 м, пад лесам, на З і Пн разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, на Пд забалочаныя, тарфяністыя. Мелкаводдзе да глыб. 1—1,5 м пясчанае, ніжэй дно глеістае. Зарастае слаба. На Пд выцякае ручай у воз. Грыбна.

т. 7, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)