род нематодаў. Больш за 10 відаў. Паразітуюць у падслізістай абалонцы страўніка гусей, радзей качак, куранят і галубоў. Выклікаюць амідастамоз. Найб. пашырана Amidostoma anseris.
Даўж.самцоў да 14,5 мм, шыр. да 0,26 мм, самак адпаведна 20,3 і 0,39 мм. Яйцы выдзяляюцца ў вонкавае асяроддзе. Развіццё без прамежкавага гаспадара. Інвазійная лічынка пасля двухразовай лінькі пры т-ры паветра 16—26 °C праз 3—5 сутак выходзіць з яйца. У страўнік гаспадара трапляе з травой ці вадой, праз 17—22 сут дасягае палавой спеласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАКО́НЫ (Draco),
род яшчарак сям. агам. 22 віды. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі. Жывуць пераважна ў кронах дрэў.
Даўж. да 40 см. Тулава ярка і страката афарбаванае. Па баках цела шырокія скурныя складкі, якія падтрымліваюцца 5—7 несапраўднымі рэбрамі. Складкі здольны распасцірацца ў выглядзе крылаў, таму Д. могуць планіраваць на адлегласць да 30 м і на ляту мяняць напрамак палёту. У самцоў на горле мяшэчкападобная скурная складка. Хвост тонкі і доўгі. Адкладваюць 2—6 яец у неглыбокую ямку. Кормяцца дробнымі насякомымі, пераважна мурашкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНЬ ПРЖАВА́ЛЬСКАГА (Equus przewalskii),
джунгарскі конь, няпарнакапытнае млекакормячае сям. коней. Апісаны рус. вучоным і падарожнікам М.М.Пржавальскім (1879). Пашыраны ў Паўн.-Зах. Кітаі (Джунгарыі) і Манголіі. У Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. 2,2—2,8 м, выш. ў карку 1,2—1,4 м, маса 200—300 кг. Самкі драбнейшыя за самцоў. Тулава прысадзістае, грудзі шырокія, спіна роўная, ногі высокія, моцныя. Масць карычнева-жоўтая. Жывуць статкамі па 6—12 асобін. Кормяцца расліннасцю. Адзін з продкаў коней свойскіх, блізкі да тарпана (некат. сістэматыкі лічаць К.П. надвідам тарпана).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІРАХВО́СТЫ, птушкі-ліры (Menuridae),
сямейства вераб’інападобных. 1 род, 2 віды. Пашыраны ў лясах Паўд.-Усх. Аўстраліі, завезены на в-аў Тасманія (1934).
Даўж. цела да 90, хваста да 70 см. Афарбоўка цёмна-бурая зверху, шэрая знізу, з рыжаватым горлам. У самцоў у хвасце 16 пёраў, 2 з іх своеасабліва сагнуты і нагадваюць ліру (адсюль назва). Крылы акругленыя. Ногі доўгія, моцныя. Палігамы. Гнёзды на зямлі ў бураломе, радзей на дрэвах. Нясуць 1 яйцо. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі, насеннем. Самцы спяваюць, здольныя імітаваць розныя гукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́ДАВАЧНІК (Phacochoerus aethiopicus),
млекакормячая парнакапытная жывёла сям. свіных. Адзіны від у родзе. Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Жыве ў саваннах, рэдкалессі, кустовых, прыбярэжных зарасніках на раўнінах і ў гарах.
Даўж. цела без хваста 1,5—1,9 м, выш. ў плячах 65—85 см, маса 50—150 кг. Цела ўкрытае рэдкім шчаціннем. У самцоў па баках галавы бародаўчатыя скурныя нарасты (адсюль назва). У верхняй сківіцы вял. іклы, якія загінаюцца ўверх. Дзённая ўсёедная жывёла, начуе ў норах; нараджае 3—4 парасят. Аб’ект промыслу (мяса, шкура).
насякомае атрада стракоз. Усходнееўрап. від з ізаляванымі ўчасткамі арэала. На Беларусі трапляецца лакальна, занесена ў Чырв. кнігу. Жыве на забалочаных участках праточных вадаёмаў, старыцах рэк, парослых белымі або жоўтымі гарлачыкамі.
Даўж. брушка 24—27 мм, крыла 29—32 мм. Цела чорнае. Пры аснове задніх крылаў па чорнай пляме. Брушка на канцы расшырана, у самцоў у пярэдняй частцы з блакітным налётам. Цыкл развіцця 2 гады. Лічынкі жывуць у стаячых або слабапраточных вадаёмах. Драпежнік, корміцца дробнымі насякомымі і іх лічынкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛАСАГАЛО́ВЫ (Trichocephalus),
род паразітычных гельмінтаў кл. круглых чарвей. 62 віды. Пашыраны ўсюды, у т. л. на Беларусі. Паразітуюць у тоўстым кішэчніку дзікіх і свойскіх жывёл, таксама чалавека. Найб. вядомыя воласагалоў чалавечы (Trichocephalus trichiuris), у дзікай і свойскай жывёлы Trichocephalus ovis, Trichocephalus globulosa, Trichocephalus suis, Trichocephalus vulpis, Trichocephalus nutria.
Даўж.самцоў 20—80 мм, самак 39—90 мм. Галаўны канец воласападобны, хваставы патоўшчаны. Жывёлы і чалавек заражаюцца пры заглынанні інвазійных яец з ежай і вадой. Паразіты глыбока пранікаюць у слізістую абалонку кішэчніка і выклікаюць хваробу — трыхацэфалёз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАЕ́Д ЗВЫЧА́ЙНЫ, пчалаед (Pernis apivorus),
драпежная птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашырана ў Еўразіі. Трапляецца на ўсёй тэр. Беларусі, нешматлікі пералётны від.
Даўж. цела каля 60 см, маса да 0,85 кг. Апярэнне спіны шэра-бурае, брушка белае з шаравата-жоўтым адценнем у самцоў і бурае з цёмнымі плямкамі або стракацінамі ў самак. На хвасце 3 шырокія белыя паласы. Прылятае ў крас.—маі. Гнёзды на дрэвах на выш. 5—15 м у лісцевых і мяшаных лясах паблізу палян. Нясе 2—3 яйцы. Корміцца насякомымі. Зімуе ў Афрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ САВА́, палярная сава (Nyctea scandiaca),
птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашырана кругапалярна, характэрна для Арктыкі і Субарктыкі: у тундрах Еўразіі, Паўн. Амерыкі і на а-вах Паўн. Ледавітага ак. Вандроўная птушка. На Беларусі вельмі рэдкі зімуючы від.
Даўж. цела 56—65 см, маса 1,4—2,5 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне белае з бураватымі стракацінамі розных памераў або э бурымі папярочнымі палоскамі. Самцы больш светлыя, чым самкі, зрэдку зусім белыя. Дзюба і кіпцюры чорныя. Радужына ярка-жоўтая. Гняздо на зямлі ў выглядзе ямкі. Корміцца мышападобнымі грызунамі, птушкамі, зайцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНАДАТРАПІ́НЫ, ганадатропныя гармоны,
гармоны, якія рэгулююць эндакрынную функцыю палавых залоз (ганад) пазваночных. Вырабляюцца пярэдняй доляй гіпофіза (гіпафізарныя ганадатрапіны) і плацэнтай (харыянічны ганадатрапін). Да гіпафізарных ганадатрапінаў належаць фалікуластымулюючыя гармоны (фолітрапін, пралан А, тылакентрын), лютэінізуючыя гармоны (пралан Б, метакентрын) і лютэатропныя гармоны (пралактын, лютрапін, маматрапін, мамаген), што стымулююць у самак выспяванне яйцаклетак, авуляцыю, утварэнне жоўтага цела (у млекакормячых) і сакрэцыю эстрагенаў, у самцоў узмацняюць сперматагенез, рост інтэрстыцыяльных клетак і сакрэцыю тэстастэрону. Харыянічныя ганадатрапіны, якія атрымліваюць з мачы цяжарных жанчын і сывараткі крыві жарэбных кабыл, выкарыстоўваюць у гінекалогіі, пры атлусценні.