КІРГІ́ЗЫ (саманазва кыргыз),
народ, асн. насельніцтва Кыргызстана (2,23 млн. чал.). Агульная колькасць 2,7 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ва Узбекістане (175 тыс. чал.), у Кітаі (150 тыс. чал.), Таджыкістане (64 тыс. чал.), Расіі (42 тыс. чал.), Афганістане (20 тыс. чал.), Казахстане (14 тыс. чал.; 1987). Гавораць на кіргізскай мове. Вернікі мусульмане-суніты.
т. 8, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙЦЫ (саманазва хань, ханьжэнь),
народ, асн. насельніцтва Кітая (больш за 1,093 млрд. чал.). Агульная колькасць каля 1,125 млрд. чал. (1992). Жывуць таксама ў Тайландзе (6,3 млн. чал.), Малайзіі (6,1 млн. чал.), Інданезіі (6,13 млн. чал.) і інш. Гавораць на кітайскай мове. Вернікі будысты, даасісты, канфуцыянцы, ёсць і хрысціяне. Гл. таксама раздзел Насельніцтва ў арт. Кітай.
т. 8, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́ХІ (саманазва казах),
народ, асноўнае насельніцтва Казахстана (6,54 млн. чал., 1992). Жывуць таксама ва Узбекістане (808 тыс. чал.), Туркменістане (87 тыс. чал.), Кыргызстане (37 тыс. чал.), Таджыкістане і Рас. Федэрацыі (635,9 тыс. чал.), у КНР (1115 тыс. чал., 1992), Манголіі (125 тыс. чал.) і інш. Агульная колькасць 9,42 млн. чал. Гавораць на казахскай мове. Вернікі — мусульмане-суніты.
т. 7, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАСАНО́ГІЯ»,
удзельнікі нар. паўстання 1639 у Ніжняй Нармандыі (Францыя). Назва ад паўлегендарнага кіраўніка паўстанцаў Жана Басаногага. Паўстанне выклікана ўвядзеннем цяжкага салянога падатку («габелі»). Пачалося ў г. Аўранш, распаўсюдзілася на ўсю вобласць. Паўстанцы (сяляне, гар. нізы, буржуа) стварылі сваю армію (саманазва «армія пакуты»; каля 20 тыс. чал.), заклікалі насельніцтва не плаціць падаткі, узбройвацца і забіваць зборшчыкаў падаткаў. Разбіты восенню 1639 каралеўскімі часцямі.
т. 2, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАПА́СКІ, атабаскі (саманазва дэнэ,
на-дэнэ),
група роднасных па мове індзейскіх плямёнаў (апачы, навахі, чайпеваі, кучыны, кенайцы і інш.). Патомкі перадапошняй міграцыйнай хвалі з Азіі ў Паўн. Амерыку (12 ст.). Жывуць на Алясцы, на Пн Канады, на ўзбярэжжы Ціхага ак. ад штата Вашынгтон да паўд.-ўсх. Каліфорніі, у штатах Арызона, Нью-Мексіка, Аклахома. Частка асімілявана амер. культурай, але большасць жыве з паляўніцтва, гандлю футрам, рыбалоўства.
т. 2, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛАВА́РЫ (саманазва ленапе),
племя паўночнаамерыканскіх індзейцаў алганкінскай моўнай групы. У 17 ст. займалі тэр. сучасных штатаў ЗША Дэлавэр, Нью-Джэрсі, ч. штатаў Нью-Йорк і Пенсільванія. Займаліся паляўніцтвам, рыбалоўствам і земляробствам. Карысталіся піктаграфічным пісьмом, на якім была запісана легендарная гісторыя племя. Жывуць у ЗША (штаты Нью-Йорк, Вісконсін, Канзас, Аклахома; 3 тыс. чал., 1992) і ў Канадзе (рэзервацыі на Пд правінцыі Антарыо, 1 тыс. чал.). Вызнаюць пратэстантызм.
т. 6, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЙЦЫ (саманазва каро сарам, часон сарам, ханчук сарам),
нацыя, асн. насельніцтва Рэспублікі Карэя (44 млн. чал.) і Карэйскай Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (22,5 млн. чал.). Агульная колькасць 70,2 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ў Кітаі (2 млн. чал.), Японіі (1,6 млн. чал.), ЗША (0,5 млн. чал.), Узбекістане (183,3 тыс. чал.), Рас. Федэрацыі (107 тыс. чал.), Казахстане (103,3 тыс. чал.), Кыргызстане і інш. Гавораць на карэйскай мове. Вернікі пераважна будысты, канфуцыянцы, хрысціяне (прэсвітэрыяне).
т. 8, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РДЫ (саманазва курд, курмандж),
адзін са стараж. народаў Пярэдняй Азіі. Паводле ацэнкі, агульная колькасць 18 млн. чал. (1992). Жывуць у Турцыі (7,5 млн.), Іране (5,6 млн.), Іраку (3,7 млн.), Сірыі (745 тыс.), Германіі (240 тыс.), а таксама ў Арменіі, Ліване, Грузіі, Казахстане, Кыргызстане, Азербайджане, Афганістане, Рас. Федэрацыі. Гавораць на курдскай мове. Вернікі — мусульмане-суніты, частка — шыіты, хрысціяне, прыхільнікі сінкрэтычных культаў (язіды і інш.). На Беларусі створана (1995) т-ва К. «Курдыстан».
т. 9, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІСІ́ЙЦЫ (саманазва гальегі),
народ у Іспаніі (асн. насельніцтва рэгіёна Галісія) і Амерыцы (эмігранты). Агульная колькасць 4,14 млн. чал. (1987), у т. л. (1985, ацэнка) 3,12 млн. чал. у Іспаніі, каля 1 млн. чал. у Амерыцы (520 тыс. у Аргенціне, 200 тыс. у Бразіліі, 120 тыс. у Венесуэле, 60 тыс. ва Уругваі, 30 тыс. на Кубе і 20 тыс. у ЗША). Гавораць на галісійскай мове, блізкай да партугальскай. Вызнаюць каталіцызм. Асн. традыц. занятак — сельская гаспадарка; часткова рыбалоўства (на ўзбярэжжы Атлантычнага ак.).
т. 4, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДЗЬ (саманазва вадзьялайн),
прыбалтыйска-фінскі народ, які жыў на Пд ад Фінскага заліва. Як самаст. этнас водзь сфарміравалася ў 1-м тыс. н.э. У пісьмовых крыніцах упамінаецца з II ст. З сярэдзіны 1-га тыс. н.э. на тэр. рассялення водзі пранікаюць славяне. Не пазней як у 12 ст. водзь увайшла ў склад Наўгародскай зямлі і дала назву адной з яе адм. адзінак — Водскай пяціне. У гэты час водзь прыняла праваслаўе. Мова водзі блізкая да паўн.-ўсх. гаворак эстонскай мовы, бяспісьменная. Працэс славянізацыі водзі ў асн. закончыўся ў 19 ст. Асобныя паселішчы водзі захаваліся на паўд. узбярэжжы Фінскага заліва.
В.С.Пазднякоў.
т. 4, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)