АКАРАЛО́ГІЯ (ад грэч. akari клешч + ...логія),

галіна арахналогіі, навука пра кляшчоў. Мае прыкладныя раздзелы — мед., вет., с.-г. акаралогія. Навук. акаралогія сфарміравалася ў 18 ст. (швед. вучоны К.​Ліней). На Беларусі н.-д. работа вядзецца з 1920-х г. (М.​М.​Судзілоўскі, І.​В.​Шчарбінін, В.​Л.​Якімаў, К.​Ф.​Расцягаева, І.​Ц.​Арзамасаў, Б.​П.​Савіцкі, В.​І.​Вацякоў, Н.​П.​Мішаева, І.​В.​Чыкілеўская і інш.). Вывучаюцца біялогія кляшчоў і іх роля ў фарміраванні эпідэміял. сітуацый; даследуюцца кляшчы — узбуджальнікі хвароб чалавека, жывёл і раслін (іксодавыя, гамазавыя, чырванацельцавыя, панцырныя, акароідныя, раслінаедныя і інш.). Вывучаюцца асаблівасці змен акаракомплексаў у залежнасці ад ландшафтнага размеркавання з мэтай прагназіравання ачагоў масавага размнажэння кляшчоў у асн. лесараслінных зонах.

т. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗІ́МАВА (Ірына Васілеўна) (н. 22.2.1932, Тбілісі),

бел. мастацтвазнавец, педагог. Скончыла Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1957). Працавала ў Дзярж. маст. музеі Беларусі, у Палацы мастацтваў Бел. саюза мастакоў, у 1962—70 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це, у 1975—82 у Мінскім ін-це культуры. Даследуе тэорыю і гісторыю бел. і сусв. выяўл. мастацтва, праблемы эстэт. выхавання. Аўтар прац «А.​А.​Барысаў. Жыццё і творчасць» (1959), «Жывапіс» (1962), «М.​А.​Савіцкі» (1973), «Зоя Літвінава. Мая Радзіма» (1983) і інш. Аўтар уступных артыкулаў да каталогаў твораў бел. мастакоў: В.​Цвіркі (1988), В.​Жолтак (1999) і інш. Працуе таксама ў галіне станковай і кніжнай графікі.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 11, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАГА ПЕРАСЫ́ЛЬНАГА ПУ́НКТА ПАЎСТА́ННЕ 1916,

найбольшае на Беларусі і Зах. фронце выступленне салдат у 1-ю сусв. вайну. Адбылося каля Гомеля пад уплывам рэв. прапаганды чл. Палескага к-та РСДРП(б) і салдат-бальшавікоў. Росту незадаволенасці садзейнічалі ваен. паражэнні, разруха ў тыле, здзекі над салдатамі. Паўстанню папярэднічалі хваляванні салдат 15 крас., 20 мая, 10 ліпеня. У адказ на арышт казака М.​Ф.​Башкіна 4.11.1916 паўстала каля 4 тыс. салдат і матросаў. Яны абяззброілі варту, вызвалілі 800 арыштаваных і знішчылі ў канцылярыі гаўптвахты ўсе абвінаваўчыя дакументы. Выкліканыя камандаваннем каравульныя роты паўстанцы сустрэлі ружэйным агнём. Аднак зброі ў паўстаўшых было мала і іх выступленне задушылі. 8.11.1916 паўстанне аднавілася: каля 200 салдат разагналі атрад паліцэйскіх, разам з перасыльнымі яны абяззброілі варту і вызвалілі арыштаваных. Да іх далучыліся яшчэ 1000 чал. Паўстанне задушылі ўзбр. сілай. 16 найб. актыўных удзельнікаў былі асуджаны, 9 з іх — да пакарання смерцю.

Э.​М.​Савіцкі.

т. 5, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ОКТЯ́БРЬ»,

літаратурна-мастацкі і публіцыстычны часопіс. Выдаецца з 1924 у Маскве на рус. мове штомесячна. Мае раздзелы: «Проза і паэзія», «З літаратурнай спадчыны», «Публіцыстыка і нарысы», «Літаратурная крытыка» і інш. Асвятляе пытанні грамадска-паліт. і культ. жыцця краіны. Змяшчае літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, успаміны, матэрыялы па пытаннях культуры і мастацтва. Знаёміць з новымі кнігамі. У часопісе надрукаваны маст. творы К.​Ваншэнкіна, В.​Каверына, Э.​Казакевіча, Ю.​Морыц, К.​Паустоўскага, А.​Рыбакова, У.​Салаухіна, А.​Сафронава, А.​Талстога, А.​Твардоўскага, А.​Фадзеева, Л.​Філатава, А.​Чакоўскага, М.​Шолахава і інш. Сярод бел. пісьменнікаў, творы якіх друкаваліся ў «О.», П.​Броўка, Я.​Брыль, В.​Быкаў, М.​Гарэцкі, У.​Калеснік, Я.​Колас, Я.​Купала, І.​Навуменка, А.​Савіцкі, М.​Танк, І.​Шамякін і інш. Гал. рэдактары: А.​Серафімовіч (1926—29), Ф.​Панфёраў (1931—60, з перапынкамі), У.​Кочатаў (1961—73), А.​Ананьеў (з 1973).

т. 11, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫН-ГА́ЛКІН (Уладзімір Піліпавіч) (сапр. Галкін Ісаак; 22.1.1861, Магілёў — 22.7.1925),

удзельнік рэв. руху ў Расіі, філосаф-марксіст. У 1882 за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях выключаны з Харкаўскага вет. ін-та. Стварыў нарадавольскія гурткі ў Сімферопалі, Адэсе. У 1887 арыштаваны і сасланы на 10 гадоў у Верхаянск. Удзельнік Сібірскага с.-д. саюза (1901), чл. Саратаўскага к-та РСДРП (1902—03), працаваў у с.-д. арг-цыях Растова-на-Доне, Баку, Тыфліса, Кутаісі. Супрацоўнічаў у газ. «Искра». Дэлегат II з’езда РСДРП (1903), бальшавік. Пасля з’езда застаўся за мяжой. Пад псеўд. К.​Грабоўскі ў 1910 выдаў кн. «Далоў матэрыялізм!»: (Крытыка эмпірыякрытычнай крытыкі)». Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію. З жн. 1917 у Петраградскім к-це РСДРП(б), удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні Кастр. ўзбр. паўстання. Адзін з арганізатараў Наркамата замежных спраў РСФСР. З 1918 на кіруючай ваен.-паліт. рабоце ў Чырв. Арміі, з 1920 на навук.-пед. рабоце ў Маскве.

Э.​М.​Савіцкі.

т. 5, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУБЕ́РНЯ,

асноўная адм.-тэр. адзінка ў Расіі і ў СССР у 1708—1929. Падзялялася на правінцыі і дыстрыкты, з 1775 — на паветы ці акругі; 2—3 губерні складалі намесніцтва, з 1775 — генерал-губернатарства. Узначальваў губерню губернатар. Выканаўчыя органы — губернскае праўленне і земскі суд. Пасля скасавання прыгону (1860-я г.) апарат губ. кіравання складаўся з губ. праўлення, галіновых канцылярый (земскіх, гар., суд.-адм., вайск.-адм., грашовых і інш.) і устаноў (казённыя палаты, губ. статыстычныя к-ты і інш.). На Беларусі губерні ўведзены пасля далучэння да Расіі (1772—95). У розны час тут існавалі Пскоўская (1772—76), Магілёўская (1772—78, 1802—1919), Полацкая (1776—96), Беларуская (1796—1802), Мінская (1793—1921), Слонімская (1795—97), Віленская (1795—97, 1801—1920), Літоўская (1797—1801), Гродзенская (1801—1921), Віцебская (1802—1924), Ковенская (1843—1919), Смаленская (1919—24), Гомельская (1919—26) губерні (гл. адпаведныя артыкулы). На тэр. СССР губерні скасаваны ў 1923—29, у БССР — у 1924.

Э.​М.​Савіцкі.

т. 5, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р АБ ПЕРАМІ́Р’І НА ЗАХО́ДНІМ ФРО́НЦЕ 1917,

часовы дагавор паміж ням. і рус. арміямі, заключаны 4.12.1917 у мяст. Солы (цяпер Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.). Пасля звароту Сав. ўрада 22.11.1917 па радыё да салдат і матросаў з заклікам узяць справу міру ў свае рукі ВРК Зах. фронту прапанаваў армейскім і карпусным ВРК неадкладна пачаць перагаворы з ням. войскамі. Да канца ліст. большасць злучэнняў фронту заключыла дагаворы аб перамір’і на сваіх участках. 2.12.1917 у штаб ням. Усх. фронту для перагавораў выехала дэлегацыя Зах. фронту з 16 чал., у т. л. С.​І.​Берсан, М.​Р.​Пятроў, В.​В.​Фамін, М.​С.​Ціхменеў, С.​Я.​Шчукін. 4.12.1917 паміж 2, 3 і 10-й арміямі Зах. фронту і ням. арміямі падпісаны дагавор аб перамір’і на 2 месяцы. Ён набыў сілу з 12 гадзін 6.12.1917 на ўсім Зах. фронце ад мяст. Відзы да р. Прыпяць (уключна). Страціў сілу 15.12.1917 у сувязі з заключэннем дагавора аб перамір’і 1917.

Э.​М.​Савіцкі.

т. 5, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ МАСТА́К БЕЛАРУ́СІ,

ганаровае званне. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 7.1.1944. Прысвойваецца з 1994 Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь дзеячам выяўл. мастацтва, якія маюць ганаровае званне заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (не менш як 5 гадоў), вял. заслугі ў развіцці жывапісу, скульптуры, графікі, манум. і дэкар.-прыкладнога, тэатр., кіна- і тэлемастацтва.

Народныя мастакі Беларусі

1944. З.​І.​Азгур, В.​К.​Бялыніцкі-Біруля, А.​В.​Грубэ.

1949. І.​В.​Ахрэмчык, С.​П.​Нікалаеў.

1955. А.​А.​Бембель, В.​В.​Волкаў, А.​К.​Глебаў.

1961. А.​П.​Марыкс.

1963. Я.​А.​Зайцаў, В.​К.​Цвірка, С.​І.​Селіханаў, Я.​Р.​Чамадураў.

1967. Я.​Дз.​Нікалаеў.

1972. А.​А.​Анікейчык, М.​А.​Савіцкі.

1983. Л.​Дз.​Шчамялёў.

1988. Г.​Х.​Вашчанка, У.​І.​Стальмашонак.

1991. В.​А.​Грамыка, А.​М.​Кашкурэвіч, А.​М.​Кішчанка, В.​П.​Шаранговіч, Л.​М.​Гумілеўскі.

1992. Б.​Ф.​Герлаван.

1994. П.​В.​Масленікаў.

1995. М.​В.​Данцыг.

1997. Г Г.​Паплаўскі.

1999. Р.​У.​Кудрэвіч.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬНЫ (сапр. Ажгірэй) Анатоль Іўсцінавіч

(2.12.1902, ст. Пухавічы Мінскай вобл. — 29.10.1937),

бел. пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1935). Вучыўся ў БДУ. Літ. дзейнасць пачаў у 1921. У зб-ках вершаў «Камсамольская нота» (1924, з А.​Александровічам), «Чарнакудрая радасць» (1925), «Табе» (1927) услаўляў рэв. здзяйсненні. У паэт. стылістыцы Вольнага абстрактна-сімвалічная фразеалогія, штучныя неалагізмы. У некаторых ранніх вершах сум, летуценнасць. Прыгодніцкая аповесць «Два» (1924—25) прысвечана барацьбе супраць польск. акупантаў, аповесць «Антон Савіцкі» (1927) — грамадз. вайне. Штучнасць у падачы асобных фактаў і падзей, неглыбокае раскрыццё псіхалогіі герояў зніжалі маст. вартасці твораў. Аўтар паэмы «Кастусь Каліноўскі» (1925), незакончаных паэм «Сінія кветкі», «Лэя» (абедзве 1926). Адзін з аўтараў рамана «Ваўчаняты» (1925, з Александровічам і А.​Дударом). Пісаў гумарэскі і фельетоны (зб. «Суседзі», 1932, пад псеўд. Алёша), драматызаваныя агітжарты, п’есы (камедыя «Ратуй, божа!», 1932, з. Р.​Кобецам), сцэнарыі фільмаў («Атэль «Савой», «У агні народжаныя», 1930; «Сонечны паход», 1931, «Новая радзіма», 1935, і інш.). У 1936 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1957.

Тв.:

Шасцідзесятая паралель: Кінааповесць. Мн., 1935.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОНЧ-БРУЕ́ВІЧ (Міхаіл Дзмітрыевіч) (8.3.1870, Масква — 3.8.1956),

ваенны дзеяч, геадэзіст. Ген.-лейт. рус. арміі (1915), ген.-лейт. Чырв. Арміі (1944). Д-р ваен. і тэхн. н. Брат У.​Дз.Бонч-Бруевіча (іх радавы маёнтак Чонкі на Гомельшчыне). Скончыў Маскоўскі межавы ін-т (1891), Акадэмію Генштаба (1898), дзе з 1907 выкладаў тактыку. У 1-ю сусв. вайну ген.-кватэрмайстар 3-й арміі, у штабе Паўн.-Зах. фронту, нач. штаба 6-й арміі, армій Паўн. фронту. У Лют. рэвалюцыю 1917 нач. Пскоўскага гарнізона і чл. выканкома Пскоўскага Савета. У жн.вер. 1917 галоўнакамандуючы войскамі Паўн. фронту, удзельнічаў у ліквідацыі карнілаўшчыны. З кастр. 1917 нач. Магілёўскага гарнізона, чл. выканкома Магілёўскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 20.11.1917 СНК РСФСР прызначаны нач. штаба Вярх. галоўнакамандуючага. У лют. 1918 удзельнічаў у арганізацыі абароны Петраграда. З сак. 1918 ваен. кіраўнік Вышэйшага ваен. савета, з чэрв. 1919 нач. ваен.-палявога штаба Рэўваенсавета Рэспублікі. Адзін са стваральнікаў (1919) і кіраўнік Вышэйшага геад. ўпраўлення ВСНГ, стваральнік (1925) дзярж. тэхн. бюро «Аэрафотаздымка». З 1928 у распараджэнні РВС СССР. Аўтар прац па ваен. гісторыі і тактыцы. Пад яго рэдакцыяй выдадзены даведнік «Геадэзія» (т. 1—9, 1939—49).

Э.​М.​Савіцкі.

М.​Дз.Бонч-Бруевіч.

т. 3, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)