«ЗАЛАТА́Я ЗО́РКА»,

медаль, якая ўручалася асобам, удастоеным звання Героя Савецкага Саюза, з 1965 — гарадам-героям і крэпасцям-героям. Уведзена 1.8.1939 (да 16.10.1939 наз. «Герой Савецкага Саюза»). Уяўляе сабой залатую 5-канцовую зорку з гладкімі двухграннымі прамянямі на правым баку. Ўручалася разам з ордэнам Леніна.

Медаль «Залатая Зорка».

т. 6, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЗУС (лац. casus),

1) складаны, заблытаны выпадак, незвычайнае здарэнне, прыгода.

2) У праве — выпадковае дзеянне, якое ў адрозненне ад наўмыснага або неасцярожнага мае вонкавыя прыкметы правапарушэння, але пазбаўлена элемента віны і, такім чынам, не цягне за сабой юрыд. адказнасці. Ад К. трэба адрозніваць паняцце неадольнай сілы.

т. 7, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДГО́Р’І,

паніжаныя ўскраінныя ўчасткі горных краін, сістэм або хрыбтоў, якія характарызуюцца ўзгоркавым або нізкагорным рэльефам. Уяўляюць сабой пераход ад горнай краіны да прылеглай раўніны. Адносныя перавышэнні складаюць дзесяткі і першыя сотні метраў. Звычайна ўтвораны з больш маладых парод, чым уласна горы, або з прадуктаў іх разбурэння.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАДАЛІ́СЦІК,

рэпрадуктыўная частка кветкі пакрытанасенных, што ўзнаўляе семязавязі (семязародкі). Адзін або некалькі П. складаюць жаночую ч. кветкі — гінецэй. Лічыцца, што П. ліставога паходжання, але гамалагічны не вегетатыўнаму, а відазмененаму лісту, які нясе мегаспарангіі з мегаспорамі (мегаспарафілу). Замкнёны П. або некалькі зрослых паміж сабой П. наз. песцікам.

т. 12, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НШ (Romanche),

глыбакаводны жолаб у экватарыяльнай зоне Атлантычнага ак. Даўж. 230 км, сярэдняя шыр. 9 км, найб. глыб. 7856 м. Уяўляе сабой упадзіну тыпу «акіянічнага трога», буйны грабен, адзін з элементаў рэльефу аднайменнай зоны разломаў, якая рассякае Сярэдзінна-Атлантычны хр. Ва ўпадзіне выяўлены выхады ультраасн. парод.

т. 13, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСТАЎРА́ЦЫЯ ў Францыі,

перыяд другога праўлення дынастыі Бурбонаў, скінутых з каралеўскага прастола ў выніку Французскай рэвалюцыі 1789—99. Адрозніваюць 1-ю (1814—15) і 2-ю (1815—30) Р., аддзеленыя паміж сабой перыядам «Ста дзён». Дваранска-клерыкальны рэжым Р. канчаткова ліквідаваны ў выніку Ліпеньскай рэвалюцыі 1830.

т. 14, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАГО́Г (грэч. dēmagōgos літар. правадыр народа),

у Старажытнай Грэцыі, асабліва ў Афінах, кіраўнік паліт. групоўкі дэмакр. кірунку, які вёў за сабой народ. У канцы 5—4 ст. да н.э. тэрмін «Д.» набыў адмоўны сэнс і стаў абазначаць паліт. дзеяча, які імкнецца здабыць сабе папулярнасць шляхам падману і хлусні.

т. 6, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОДАМІНА́НТНАСЦЬ [ад лац. со (cum) з, разам + дамінантнасць],

удзел абодвух алеляў генаў у вызначэнні адзнакі ў гетэразіготнай асобіны; прыватны выпадак дамінантнасці. Прадукты, што сінтэзуюцца пад кантролем абодвух алеляў здольны незалежна ўплываць на выяўленне адзнакі або ўзаемадзейнічаць паміж сабой (напр., узаемадзеянне алеляў пры вызначэнні групы крыві ў чалавека і жывёл).

т. 8, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СЦЕРАВА ПЯТЛЯ́,

«мёртвая пятля», адна з фігур вышэйшага складанага пілатажу, якая ўяўляе сабой замкнутую крывую ў верт. плоскасці. Назва ад імя П.М.Несцерава. Асобныя элементы Н.п. выкарыстоўваліся ў паветр. баях у 1-ю і 2-ю сусв. войны, таксама пры выпрабаванні авіяц. тэхнікі, у спаборніцтвах і інш.

Несцерава пятля.

т. 11, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́СКАЯ СІСТЭ́МА ў будаўнічай механіцы,

сістэма, у якой восі сіметрыі ўсіх элементаў і лініі дзеяння знешніх сіл ляжаць у адной плоскасці. У буд. практыцы П.с. (канструкцыі) не сустракаюцца ў асобным выглядзе, яны прасторава звязаны паміж сабой. Карыстаюцца для спрашчэння інж. разлікаў многіх збудаванняў, якія разглядаюць як сукупнасць асобных П.с.

т. 12, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)