старажытнаіндыйская імперыя ў 4—6 ст. Назва ад дынастыі Гуптаў. Сталіца г. Паталіпутра (цяпер г. Патна). Утварэнне Гуптаў дзяржавы пачалося пры Чандрагупце I
[320 — каля 335],
які прыняў імператарскі тытул. Пры яго сыне Самудрагупце [каля 335 — 375] дзяржава стала адной з найбуйнейшых на стараж. Усходзе. Пад уладай Гуптаў была амаль уся Паўн. Індыя. У часы Скандагупты [455—467] Гуптаў дзяржава вяла барацьбу з плямёнамі пуш’ямітраў у Зах. Індыі і з эфталітамі на ПнЗ дзяржавы (у пач. 6 ст. яны авалодалі зах.ч. Індыі, але каля 528 былі разбіты). Войны і ўнутр. крызіс аслабілі магутнасць Гуптаў дзяржавы, і ў канцы 6 ст. яна распалася. Эпоха Гуптаў — час росквіту стараж.-інд. духоўнай культуры, яе называюць залатым векам Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПСІЛА́НЦІ (Аляксандр Канстанцінавіч) (12.12.1792, г. Стамбул — 19.1.1828),
дзеяч грэч.нац.-вызв. руху. Князь, ген.-маёр рас. арміі (1817). У вайну 1812 удзельнічаў у бітвах каля Клясціц і Полацка, у час замежных паходаў рас. арміі 1813—14 падпалк. Гродзенскага гусарскага палка І. вызначыўся ў бітвах каля Баўтцэна і Дрэздэна. З 1816 ад’ютант цара Аляксандра І. У крас. 1820 узначаліў грэч. тайнае т-ва «Філікі Этэрыя», якое мела на мэце вызваленне Грэцыі ад асманскага прыгнёту. У лют. 1821 з невял. атрадам уступіў у Малдавію, дзе ўзначаліў антытур. паўстанне, якое стала сігналам да пачатку Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. 19.7.1821 войскі І. разбіты туркамі пад Драгашанамі; уцёк у Аўстрыю, дзе арыштаваны ўладамі. Вызвалены ў 1827.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭЗ (грэч. Kroisos; 595—546 да н.э.),
апошні цар Лідыі [560—546 да н.э.]. Значна пашырыў тэр. Лідыйскага царства, падпарадкаваў грэч. гарады (Эфес, Мілет і інш.) у М. Азіі, захапіў амаль усю яе зах. частку. Імкнуўся пашырыць у Лідыі грэч. культуру, пасылаў багатыя ахвяраванні грэч. храмам (Дэльфы, Эфес). Стаў першы чаканіць залатую манету. Пра багацці К. складаліся легенды, што зрабіла яго імя назыўным. Разбіты ў вайне з пер. царом Кірам II каля Птэрыі ў Кападокіі, а сталіцу Лідыі Сарды захапілі персы. К. трапіў у палон (546 да н.э.) і паводле адной версіі (Герадот і большасць стараж.-грэч. гісторыкаў) быў прыгавораны да спалення, але памілаваны Кірам, паводле другой (стараж.-ўсх. крыніцы) — пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЧА́НСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Створаны ў 1-й пал. 18 ст. на левым беразе р. Нёман. Парк рэгулярнага тыпу. Пл. без пладовага саду каля 4 га. У кампазіцыі парку — Любчанскі замак. На квадратным унутр. двары замка размешчаны круглы партэр з кальцавымі пасадкамі дэкар. кустоў. У канцы 18 ст. паміж вежамі скапаны абарончы вал, за ровам разбіты партэр з кветнікамі і баскеты. За імі з трох бакоў замак абкружае пладовы сад, падзелены рэгулярнай сістэмай алей. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў парку групамі і паасобку пасаджаны экзоты. Растуць арэх шэры, хвоя веймутава, лістоўніцы еўрап. і сібірская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКА АБАРО́НА 1649,
абарона Бабруйска казакамі і гараджанамі ад урадавых войскаў ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У кастр. 1648 паўстаўшыя жыхары Бабруйска разам з казацкім атрадам Паддубскага перабілі заможную шляхту, утапілі ў Бярэзіне гар. старасту. Каля сцен горада быў разбіты пасланы на задушэнне паўстання атрад харужага Паца. У пач.студз. 1649 да Бабруйска падышлі 1,5 тыс. шляхты і наёмнікаў на чале з польным пісарам ВКЛ У.Валовічам. 4 тыдні паўстанцы адбівалі атакі. На дапамогу Валовічу падышоў атрад польнага гетмана ВКЛ Я.Радзівіла. Скарыстаўшы рознагалоссі сярод паўстанцаў, Радзівіл схіліў на свой бок багатых мяшчан, гандляроў, рамеснікаў, духавенства. Ноччу 21.2.1649 яны адчынілі гар. вароты. Войскі Радзівіла ўчынілі расправу над паўстанцамі, забіта некалькі тысяч гараджан і казакоў, Паддубскі быў пасаджаны на кол.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЛАВУ́Х (Фелікс Аўгусцінавіч) (23.9.1833, Рэчыцкі пав. Мінскай губ. — ?),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве. З 1856 вучыўся ў Маскоўскім, з 1858 у Кіеўскім ун-тах. У 1861 праходзіў вайск. падрыхтоўку ў польск. ваен. школе ў Італіі. Прыхільнік партыі «чырвоных». У пач. паўстання паводле загаду Літ. правінцыяльнага к-та на чале атрада вёў баявыя дзеянні ў Свянцянскім і Ашмянскім пав. 15.2.1863 яго атрад разбіты непадалёку ад мяст. Солы. З канца мая 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Трокскага пав., аб’ядноўваў дзеянні 3 атрадаў. Некалькі месяцаў вёў партыз. барацьбу супраць царскіх карнікаў на Віленшчыне, быў паранены. Паводле некат. звестак, у апошні перыяд паўстання кіраўнік паўстанцкіх узбр. сіл усёй Віленскай губ. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў. У 1869 жыў у Парыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ БОЙ 1651,
бой паміж казацка-сялянскім войскам і войскам ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У чэрв. 1651 4 тыс.ўкр. казакоў на чале з палк. І.Шохавым зрабілі рэйд праз тэр. Расіі ва ўсх. паветы ВКЛ. 6 чэрв. яны захапілі Рослаўль, частка казакоў і сялян, якія далучыліся да іх, пасланы Шохавым да Крычава. На дапамогу гарнізону горада Я.Радзівіл накіраваў атрад Вейса ў 300 коннікаў і 600 пехацінцаў, які злучыўся з атрадам мсціслаўскай, аршанскай і віцебскай шляхты на чале з мсціслаўскім падсудкам Валовічам. 28.6.1651 недалёка ад Крычава ўрадавыя войскі былі разбіты казацка-сялянскім войскам. У баі загінулі Валовіч, мсціслаўскі пісар Сухадольскі і інш. знатныя шляхціцы. Вейс узяты ў палон і забіты. Крычаў узяты штурмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЎКТРЫ (Leuktra),
старажытнагрэчаскі горад у Беотыі, за 11 км ад Фіваў, каля якіх 5.8.371 да н.э. адбылася бітва паміж спартанцамі на чале з царом Клеамбротам (10 тыс. гаплітаў і 1 тыс. коннікаў) і фіванцамі пад камандаваннем Эпамінонда (каля 6 тыс. гаплітаў і 1,5 тыс. коннікаў). Фіванцы ўпершыню выкарысталі новы тактычны прыём: размясцілі войскі нераўнамерна па фронце (т. зв. косым баявым парадкам), сканцэнтраваўшы на левым флангу ўдарную групоўку і рэзерв з лепшых воінаў, а ў цэнтры і на процілеглым флангу паставілі меншыя па колькасці сілы. Зыход бітвы вырашыў удар намнога большымі сіламі па адборнай частцы войска спартанцаў. Непераможныя да гэтага часу на сушы спартанцы былі разбіты, загінуў іх цар Клеамброт. У выніку Спарта страціла гегемонію ў Грэцыі. Пелапанескі саюз распаўся. Пачалося кароткатэрміновае панаванне Фіваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войскаў правага крыла 1-га Бел. фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 24—29 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі 3-я, 28, 48, 65-я арміі, конна-механізаваная група, 16-я паветр. армія, Дняпроўская ваен. флатылія, злучэнні авіяцыі і бел. партызаны. Ім процістаяла 9-я і частка 4-й ням. арміі, якія мелі ўмацаваную глыбокаэшаланіраваную абарону. Задача аперацыі — акружыць і разграміць бабруйскую групоўку праціўніка. У ходзе аперацыі разбітыгал. сілы ням. 9-й арміі, на ПдУ ад Бабруйска акружана і ліквідавана 40-тысячная групоўка ворага (гл.Бабруйскі «кацёл»). Войскі Чырв. Арміі прасунуліся на 100—110 км, былі створаны спрыяльныя ўмовы для наступлення на Мінск і Баранавічы.
Да арт.Бабруйская аперацыя 1944. Разбітая тэхніка ворага ў раёне Бабруйска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ АРХІ́Ў»,
зборнік дакументаў па сац.-эканам. гісторыі Беларусі 15—18 ст. Падрыхтаваны гісторыка-археал. (пазней археаграфічнай) камісіяй Ін-та бел. культуры, выдадзены пад кіраўніцтвам Дз.І.Даўгялы ў Мінску (т. 1—3, 1927—30). Дакументы ў 1-м томе разбіты па раздзелах «Справы вышэйшых устаноў», «Справы мясцовых устаноў» (у асн. датычаць Магілёва), «Справы скарбу Вялікага княства Літоўскага». У 2-м томе (1928) змешчана т.зв. кніга запісаў № 16 з фондаў Метрыкі Вялікага княства Літоўскага (судовая кніга Полацкага і Віцебскага пав. за 1530—38). 3-і том мае падзагаловак «Менскія акты. Вып. 1», змяшчае 245 дакументаў 1494—1791, у асн.сац.-эканам. зместу, заканадаўчыя і ўстаўныя акты, матэрыялы аб цэхавым ладзе і рамесніцкай дзейнасці ў Менску. «Беларускі архіў» — найб. значнае навук. археаграфічнае выданне Беларусі даваен. часу.