ВАЛАНЦІ́Р (Міхай) (Міхаіл) Ермалаевіч (н. 9.3.1934, г. Бельцы, Малдова),
малдаўскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1984). З 1957 у Малд.муз.-драм. т-ры імя В.Аляксандры (Бельцы). Сярод роляў: Іон («Напасць» І.Караджале; і рэж.), Стары («Стары» М.Горкага), Вано Пантыяшвілі («Ханума» А.Цагарэлі), Васіль («Вечар» А.Дударава; і рэж.). З 1968 здымаецца ў кіно: «Патрэбны брамнік», «Чацвёрты», «Гэтае салодкае слова — свабода», «Дзмітрый Кантэмір» (Дзярж. прэмія Малдовы 1976), «У зоне асаблівай увагі» (Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1980), «Ад Буга да Віслы». Найб. вядомая работа — роля Будулая ў тэлефільмах «Цыган» і «Вяртанне Будулая».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛЕРА ПЛАН,
сістэма індывідуалізаванага навучання ў ВНУ. Стваральнік — амер. псіхолаг і педагог Ф.С.Келер. Спачатку К.п. распрацоўваўся (1963—64) як сістэма выкладання псіхалогіі ў Бразільскім ун-це; у 1968 прапанаваны як агульнадыдактычная сістэма навучання ў ВНУ. Асн. рысы К.П.: арыентацыя на поўнае засваенне зместу навуч. матэрыялу; індывід.работа студэнтаў ва ўласным тэмпе; выкарыстанне лекцый (каля 6 за семестр) толькі з мэтай матывацыі і агульнай арыентацыі навучэнцаў; бягучая ацэнка засваення матэрыялу па раздзелах курса проктарамі (асістэнты выкладчыка) і інш. Паводле К.п. навучэнцы могуць свабодна выбіраць від навуч. дзейнасці і рэжым працы. Найбольшае пашырэнне атрымаў у вышэйшых навуч. ўстановах ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗЕВА (Ніна Цімафееўна) (н. 6.4.1925, г. Кіраў, Расія),
бел. вучоны ў галіне педыятрыі і гігіены. Д-рмед.н. (1974), праф. (1976). Скончыла Ленінградскі сан.-гігіенічны ін-т (1949). У 1967—95 у Мінскім мед. ін-це (у 1975—89 заг. кафедры), з 1997 у Рэсп. дыспансеры спарт. медыцыны. Навук. працы па біял. заканамернасцях рухальнай актыўнасці і рэзервах здароўя дзяцей, аптымізацыі фіз. і гігіенічнага выхавання, асаблівасцях развіцця і здароўя школьнікаў у забруджаных радыенуклідамі зонах і дзяцей-інвалідаў.
Тв.:
Профилактическая и оздоровительная работа педиатра. Мн., 1982 (у сааўт.);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯССО́ННІЦАінсамія, агрыпнія,
парушэнне начнога сну. Выяўляецца цяжкім засынаннем, частым на працягу ночы або раннім абуджэннем ці поўным знікненнем глыбокага сну. Прычыны бяссоніцы: няўстойлівасць сну з дзяцінства (спадчынная, ад некаторых перанесеных у дзяцінстве хвароб), парушэнні ўмоў і дынамічнага стэрэатыпу сну (начная работа, дзённае фіз. і псіхічнае ператамленне, познія заняткі, нязвыклае месца для сну і інш.), хваробы нерв. сістэмы, траўмы галаўнога мозга, змены біялагічных рытмаў і фізіял. працэсаў у арганізме пры пераходзе ў сталы і старэчы ўзрост. Бяссонніца — абавязковы сімптом некаторых хвароб, напр. алкагалізму, цяжкіх неўрозаў і псіхозаў. Лячэнне: правільны рэжым працы і адпачынку, заняткі фізкультурай, водныя працэдуры, заспакаяльныя і снатворныя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАРАЛО́ГІЯ (ад грэч. akari клешч + ...логія),
галіна арахналогіі, навука пра кляшчоў. Мае прыкладныя раздзелы — мед., вет., с.-г. акаралогія. Навук. акаралогія сфарміравалася ў 18 ст. (швед. вучоны К.Ліней). На Беларусі н.-д.работа вядзецца з 1920-х г. (М.М.Судзілоўскі, І.В.Шчарбінін, В.Л.Якімаў, К.Ф.Расцягаева, І.Ц.Арзамасаў, Б.П.Савіцкі, В.І.Вацякоў, Н.П.Мішаева, І.В.Чыкілеўская і інш.). Вывучаюцца біялогія кляшчоў і іх роля ў фарміраванні эпідэміял. сітуацый; даследуюцца кляшчы — узбуджальнікі хвароб чалавека, жывёл і раслін (іксодавыя, гамазавыя, чырванацельцавыя, панцырныя, акароідныя, раслінаедныя і інш.). Вывучаюцца асаблівасці змен акаракомплексаў у залежнасці ад ландшафтнага размеркавання з мэтай прагназіравання ачагоў масавага размнажэння кляшчоў у асн. лесараслінных зонах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕВЫ (цёзкі па прозвішчы; псеўд.браты Васільевы),
рускія кінарэжысёры і сцэнарысты.
Георгій Мікалаевіч (25.11.1899, г. Волагда, Расія — 18.6.1946), засл. дз. маст. Расіі (1940). Вучыўся ў маскоўскай тэатр. студыі «Маладыя майстры». Сяргей Дзмітрыевіч (4.11.1900, Масква — 16.12.1959), нар.арт.СССР (1948). Скончыў Ленінградскі ін-т экраннага мастацтва (1924). Пачалі працаваць у кіно ў 1924. Вучні С.М.Эйзенштэйна. Першая іх сумесная рэжысёрская работа — дакумент. фільм «Подзвіг у льдах». Пад агульным псеўданімам упершыню выступілі ў 1930 (фільм «Спячая прыгажуня»). Сумесна знялі фільмы: «Чапаеў» (1934, Дзярж прэмія СССР 1941), «Валачаеўскія дні» (1937), «Абарона Царыцына» (1942, 1-я серыя, Дзярж прэмія СССР 1942), «Фронт» (1943). Аўтары сцэнарыяў большасці сваіх фільмаў. У 1955 Сяргей Васільеў паставіў фільм «Героі Шыпкі» (з балг. кінематаграфістамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ДРАМАТЫ́ЧНАЯ МАЙСТРО́ЎНЯ,
аматарская тэатральная студыя ў Вільні. Існавала ў 1922—25 (юрыдычна аформлена ў 1924). Мела на мэце папулярызацыю бел.тэатр. культуры ў Зах. Беларусі, стварэнне асновы для прафес. тэатра. Кіраўнікі М.Красінскі, А.Канчэўскі, А.Міхалевіч, Л.Родзевіч. Удзельнікі — навучэнцы і настаўнікі Віленскай бел. гімназіі, прадстаўнікі мясц. інтэлігенцыі. Работа па падрыхтоўцы спектакляў спалучалася з тэарэт. заняткамі па гісторыі тэатра, майстэрстве акцёра і інш. Наладжваліся спектаклі ў вёсках. У рэпертуары: «На папасе» і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Рысь» («У зімовы вечар») паводле Э.Ажэшкі, «Лес шуміць» паводле У.Караленкі, «Апошняе спатканне» У.Галубка. Для паказаў выкарыстоўвалася форма беларускіх вечарынак.
Літ.:
Лабовіч А. Тэатр змагання. Мн., 1969. С. 21—28, 82—83, 94—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТНАЯ РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ,
рознасць патэнцыялаў паміж праваднікамі з рознай работай выхаду, якія знаходзяцца ў электрычным кантакце, ва ўмовах раўнавагі тэрмадынамічнай.
Пры кантакце двух праваднікоў паміж імі адбываецца абмен электронамі праводнасці. У выніку праваднік з меншай работай выхаду зараджаецца дадатна, з большай — адмоўна. У вобласці кантакту ўзнікае эл. поле, накіраванае так, што патокі электронаў у абодвух напрамках ураўнаважваюцца, і ўстанаўліваецца пастаянная К.р.п. Яна роўная рознасці работ выхаду праваднікоў. аднесенай да зараду электрона. К.р.п. залежыць ад прыроды правадніка, стану яго паверхні і можа дасягаць некалькіх вольт. На існаванні К.р.п. грунтуецца работа важнейшых элементаў паўправадніковай электронікі: p—n пераходаў і кантактаў метал—паўправаднік; яна выкарыстоўваецца для прамога пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную; яе трэба ўлічваць пры канструяванні электравакуумных прылад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНУЭ́ЛЬСКІЯ КУ́РЫ, корнішы,
парода курэй мяснога кірунку прадукцыйнасці. Выведзена ў Вялікабрытаніі (графства Корнуал) у 19 ст. скрыжаваннем мясц. байцовых курэй старой англ. пароды, пароды азіль і малайскіх. Выкарыстоўваюць у гібрыдызацыі з курамі інш. мясных і мяса-яечных парод для атрымання помесных куранят-бройлераў, якіх гадуюць на мяса. На Беларусі племянная работа з корнішамі вядзецца на племптушказаводзе «Слуцкі» Мінскай вобл.
Тулава масіўнае, з шырокімі грудзямі і плячамі, звужаецца да хваста. Галава кароткая, шырокая, з кароткай дзюбай і стручкападобным грэбенем. Ногі тоўстыя, сярэдняй даўж., шырока расстаўлены. Хвост кароткі, звіслы. Апярэнне бліскучае, часцей белае, трапляецца таксама цёмнае, чырв., палевае. Жывая маса дарослых пеўняў 4,5—5 кг, курэй 3—3,5 кг. Яйцаноскасць 110—130 і больш яец за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРАЦЫ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,
комплекс праграм на ЭВМ, якія забяспечваюць усе працэсы пры выкананні любой праграмы карыстальніка. Пастаянна знаходзіцца ў памяці машыны, звязвае ўсе яе вузлы ў адзінае цэлае, забяспечвае эфектыўнае выкарыстанне выліч. сістэмы і шырокі набор паслуг. Складанасць і структура аперацыйнай сістэмы залежаць ад функцый і характарыстык працэсараў, сістэмы камандаў, спосабу размяшчэння праграм у памяці, прыстасаванняў уводу-вываду інфармацыі, метадаў доступу да выліч. сістэмы і інш.Тэарэт. аснову распрацоўкі аперацыйнай сістэмы складаюць графаў тэорыя, масавага абслугоўвання тэорыя і інш. Апаратныя сродкі і матэм. забеспячэнне ствараюцца для пэўнай аперацыйнай сістэмы, якая складаецца са стартавай праграмы (запуск ЭВМ і яе самакантроль; кантролеры знешніх прыстасаванняў), дыспетчара (устанаўлівае чарговасць выканання праграм), рэдактара (работа са структурнымі аб’ектамі), адміністратара (улік часу работы працэсара і выкарыстанне памяці) і інш.