БЕ́ЛІ,

паталагічныя выдзяленні з палавых органаў жанчыны; сімптом парушэння сакраторнай функцыі палавых органаў пры хваробах палавой сферы (ганарэя, трыхаманоз, септычныя запаленчыя працэсы, пухліны і інш.), а таксама сімптом агульных захворванняў. У здаровай жанчыны выдзяленні могуць павялічвацца перад менструацыяй і пасля яе, пры цяжарнасці, юрлівасці, у гэтых выпадках яны светлыя, хутка знікаюць.

Адрозніваюць похвенныя, вестыбулярныя, шыйкавыя, матачныя і трубныя белі. Найчасцей бываюць похвенныя белі белаватага колеру пры агульных хваробах (туберкулёз, інфекц. хваробы, хваробы шчытападобнай залозы і інш.), а таксама ў жанчын пры згасанні функцыі яечнікаў і парушэнні глікагенаўтварэння ў слізістай абалонцы похвы. Усе похвенныя белі (жоўтага колеру) могуць узнікаць ад інфекцыі пры разрывах прамежнасці і зеўранні палавой шчыліны, пры апушчэнні сценак похвы, мочапалавых і кішачна-палавых свішчах як вынік няправільных і непатрэбных спрынцаванняў. Прычына вестыбулярных беляў — запаленне вульвы або вял. залоз перад уваходам у похву (барталінавыя залозы). Белі збіраюцца ў складках вульвы і выклікаюць раздражненне. Шыйкавыя белі белаватага або гемарагічнага колеру ўзнікаюць пры запаленнях і пашкоджаннях, паліпах і раку маткі; у норме яны празрыстыя, слізістыя, найчасцей у першую фазу менструальнага цыкла і перад авуляцыяй. Матачныя белі ў другую фазу (сакраторную) менструальнага цыкла толькі ўвільгатняюць паверхню эндаметрыя. Пры вострых запаленчых працэсах яны гнойныя, пры хранічных — вадзяністыя, пры ракавым пашкоджанні — колеру мясных памыяў. Трубныя белі ўтвараюцца пры запаленчых працэсах у трубах, праз матку і похву яны выдзяляюцца вонкі і праз ампулярны аддзел трубаў у брушную поласць. Бываюць серозныя, вадзяністыя або гнойныя. Лячэнне беляў залежыць ад прычыны хваробы.

І.​У.​Дуда.

т. 3, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РУСНЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы раслін, жывёл і чалавека, узбуджальнікамі якіх з’яўляюцца вірусы. Падзяляюцца на групы: пухліны і інфекцыі. У чалавека выклікаюцца вірусамі РНК- і ДНК-геномных тыпаў. Крыніца заражэння — хворыя і вірусаносьбіты; шляхі — паветрана-кропельны (узбуджальнікі вострых рэспіратарных захворванняў, адру і інш.), аліментарны (узбуджальнікі кішэчных інфекцый і інш.), трансмісіўны (узбуджальнікі крывяных інфекцый і інш.), праз скуру (вірусы шаленства, воспы натуральнай, папіломы і інш.), палавы (вірус герпесу, узбуджальнік СНІДу і інш.), парэнтэральны (узбуджальнік гепатыту B), трансплацэнтарны (унутрывантробны, выклікае цяжкія захворванні нованароджаных) і інш. Патагеннае дзеянне вірусаў абумоўлена ў першую чаргу пашкоджаннем клетак, у якіх яны размнажаюцца. Часткова яно можа быць звязана з гібеллю клетак пад уплывам антывірусных антыцел і сенсібілізаваных Т-лімфацытаў, а таксама з цытатаксічным уплывам вірыёнаў на клеткі органаў, у якіх вірус не размнажаецца. Вірусныя хваробы класіфікуюць паводле цяжкасці хваробы, віду ўзбуджальніка, механізма перадачы, крыніцы інфекцыі, месца заражэння і інш. Адрозніваюць прыроднаачаговыя і антрапагенныя заанозы, паза- і ўнутрыбальнічныя антрапанозы. Да вірусных хвароб адносяцца: поліяміэліт, герпес, грып, воспа, адзёр, энцэфаліты, ліхаманкі, гепатыт інфекцыйны, краснуха, шаленства і інш. У большасці выпадкаў пасля іх застаецца працяглы імунітэт. Лячэнне: процівірусныя хім. прэпараты, інтэрфероны, імунапрэпараты, патагенетычныя і сімптаматычныя сродкі. У жывёл вірусныя хваробы выклікаюцца агульнымі з чалавекам або патагеннымі толькі для іх заавірусамі. Адрозненні ў этыялогіі, патагенезе, клінічных праяўленнях, фарміраванні імунітэту, метадах дыягностыкі і лячэння ў параўнанні з віруснымі хваробамі чалавека нязначныя. Для свойскай жывёлы асабліва небяспечныя яшчур, шаленства, чума, воспа, грып і інш. У раслінгл. Вірусныя хваробы раслін.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 4, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБНЫ́Я ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, мікозы,

інфекцыйныя захворванні, якія выклікаюцца фітапатагеннымі грыбамі (паразітамі і паўпаразітамі). Пашкоджваюць вышэйшыя расліны, імхі, водарасці. Найб. страты прычыняюць с.-г. раслінам. Пад уздзеяннем грыбоў — узбуджальнікаў хваробы — у раслінах узнікаюць паталагічныя працэсы, якія суправаджаюцца зменай структуры і фізіял. функцый інфіцыраваных частак або цэлай расліны. Вонкавыя прыкметы грыбных хвароб раслін: завяданне раслін, гнілі, некрозы, плямістасці, пустулы, налёты, разбурэнне асобных органаў, муміфікацыі, пухліны і дэфармацыі. Грыбныя хваробы раслін перадаюцца насеннем, клубнямі, цыбулінамі, каранямі, чаранкамі, саджанцамі і інш. часткамі хворых раслін. Патагенныя грыбы могуць пранікаць у тканкі раслін праз вусцейкі (мілдзью вінаграду), вадзяныя поры, клеткі эпідэрмісу і кутыкулу (кіла капусты, рак бульбы), трэшчыны і раны, што ўзнікаюць ад граду, сонечных апёкаў (чорны рак яблыні).

Паводле спосабу паразітызму фітапатагенныя грыбы ўмоўна падзяляюць на біятрофы (экалагічна аблігатныя паразіты раслін, якія ўвесь інфекц. перыяд узаемадзейнічаюць з жывымі клеткамі і тканкамі расліны-гаспадара) і некратрофы (факультатыўныя паразіты, што выкарыстоўваюць рэчывы адмерлых тканак гаспадара). Пашырэнне патагенаў у тканках гаспадара можа быць лакальнае і сістэмнае (дыфузнае), напр., ва ўзбуджальнікаў галаўні злакаў, жоўтай іржы пшаніцы, несапраўднай мучністай расы цыбулі. Характар і ступень праяўлення ўстойлівасці расліны да патагеннага грыба залежыць ад вірулентнасці патагена, наяўнасці генаў устойлівасці, фізіял. стану расліны, глебава-кліматычных умоў яго вырошчвання.

У кліматычных умовах Беларусі, аптымальных для развіцця фітапатагенных грыбоў, найб. страты грыбныя хваробы раслін прычыняюць збожжавым культурам, часам знішчаюць да 20% ураджаю. Пры адсутнасці ахоўных мерапрыемстваў да 50% бульбы гіне ад фітафтарозу, 40% ад ранняй сухой плямістасці. Пашыраны мучністая раса (на злакавых культурах, парэчках, агрэсце, ружах, флоксах і інш.), ліставая і сцябловая іржа, спарыння (на жыце), пыльная і цвёрдая галаўня, гельмінтаспарыёзныя плямістасці (на ячмені), фітафтароз, бурая гніль (на бульбе, памідорах) і інш. Меры барацьбы: выкарыстанне агратэхн. прыёмаў для знішчэння крыніц інфекцыі, каранцінныя мерапрыемствы, вырошчванне ўстойлівых сартоў, хім. ахова.

Літ.:

Тарр С. Основы патологии растений. Пер. с англ. М., 1975;

Жизнь растений. Т. 2. М., 1976;

Проблемы иммунитета сельскохозяйственных растений к болезням. Мн., 1988.

В.​В.​Карпук.

т. 5, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)