ГАРЭ́ЦКІ Пятро Ігнатавіч (26.6.1919, в. Максімільянаўцы Данецкай вобл., Украіна — 17.3.1997),
украінскі паэт. Скончыў Ужгарадскі ун-т (1956). Друкуецца з 1937. Аўтар зб-каў вершаў «Дружба» (1948), «Мая любоў» (1957), «Вечнае цяпло» (1973), «Асеннія пракосы» (1979), «З дарог жыцця» (1982), «Зачараванне» (1986), у якіх паэтызаваў будні новай сав. рэчаіснасці, прыгажосць і шматграннасць роднай прыроды. Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Астрэйкі, П.Броўкі, А.Бялевіча, П.Глебкі, П.Прыходзькі, М.Танка і інш. На бел. мову творы Гарэцкага пераклалі Р.Барадулін, А.Вярцінскі, Х.Жычка, М.Калачынскі, У.Паўлаў, П.Прыходзька, А.Пысін, Ю.Свірка, Я.Семяжон і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫЁНЫ,
цяжкія (у параўнанні з электронамі) элементарныя часціцы з напаўцэлым спінам і масай, не меншай за масу пратона; удзельнічаюць ва ўсіх вядомых фундаментальных узаемадзеяннях. Належаць да адронаў і складаюцца з 3 кваркаў, што і вызначае іх квантавыя лікі (дзіўнасць, чароўнасць, прыгажосць і інш.). Да барыёнаў адносяцца нуклоны, гіпероны і некаторыя рэзанансы.
Адзіны стабільны барыён — пратон, усе астатнія нестабільныя і паслядоўным распадам ператвараюцца ў пратон і лёгкія часціцы. Гэты эксперым. факт прывёў да ўвядзення ў 1938 новага квантавага ліку — барыённага зараду і ўстанаўлення закону яго захавання. Дакладнасць, з якой выконваецца закон захавання барыённага зараду, характарызуе ўстойлівасць пратона, эксперым. час жыцця якога перавышае 1032 гадоў, што ў сваю чаргу забяспечвае стабільнасць Сусвету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФСКІ Апалон Апалонавіч (10.9.1868, г. Ульянаўск, Расія — 12.1.1937),
рускі паэт, перакладчык. Рэдагаваў час. «Север», супрацоўнічаў у «Правительственном вестнике» (1895—1904). Друкаваўся з 1886. Аўтар гіст. балад, лірычных і пейзажных вершаў. Апяваў прыроду, «чыстую прыгажосць»; «Гімн прыгажосці» (1899), «Народная Русь» (1901), «Славянскія бывальшчыны» (1914) і інш. Яго паэзія вызначаецца сузіральнасцю, рацыяналістычнасцю, асобныя вершы — яркай вобразнасцю і вял. эмацыянальнасцю. Пасля 1917 амаль не пісаў. Пераклаў асобныя творы П.Беранжэ, С.Т.Колрыджа, А.Міцкевіча, Ю.Славацкага. Быў знаёмы з Я.Купалам, пераклаў на рус. мову 16 яго вершаў, напісаў біягр. даведку пра яго (час. «Педагогический листок», 1914, № 1). Беларусі прысвяціў верш «Літоўскімі палямі».
Літ.:
Малютина А. Янка Купала и Аполлон Коринфский // Неман. 1961. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕР [Clair; сапр.Шамет
(Chomette)] Рэнэ (11.11.1898, Парыж — 15.3.1981),
французскі кінарэжысёр і сцэнарыст. Чл.Франц. Акадэміі (1960). У 1935—46 у Вялікабрытаніі і ЗША. Творчасць адметная арыгінальнасцю аўтарскага бачання, высокай культурай, цікавасцю да праблем сучаснага жыцця. Фільмы вылучаюцца камедыйна-іранічнай накіраванасцю з элементамі пародыі, сатыры, часам лірызму, звязаным з паэт. пераасэнсаваннем жыцця сац. нізоў: «Саламяны капялюшык» (1927; нямы фільм), «Пад дахамі Парыжа» (1930), «Апошні міліярдэр» (1934), «Прыгажосць д’ябла» (1949), «Вялікія манеўры» (1955), «Порт дэ Ліла» (1957, у сав. пракаце «На ўскраіне Парыжа»), «Усё золата свету» (1961), «Галантныя святы» (1965, у сав. пракаце «Святы кахання»). Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў, п’есы «Дзіўнае стварэнне нябёс» (1971), зб. апавяданняў «Гульня выпадку» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЎН Мікалай Леапольдавіч (15.1.1902, с. Парахіна Арсеньеўскага р-на Тульскай вобл. — 12.2.1975),
рускі паэт. Скончыў Ленінградскі пед.ін-т (1929). У зб-ках «Даліны Радзімы маёй» (1947), «Жывапіс» (1963), «Вехі часу» (1971), «Да вяршыні веку» (1975) адлюстраваў жыццё Радзімы, яе гісторыю, прыгажосць роднай зямлі. Пераклаў на рус. мову творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Ф.Багушэвіча, П.Глебкі, А.Куляшова, М.Танка, П.Панчанкі, В.Таўлая і інш. На бел. мову творы Браўна пераклалі А.Бялевіч, А.Бачыла, С.Грахоўскі, А.Грачанікаў, А.Зарыцкі, М.Калачынскі, Ю.Свірка.
Тв.:
Избранное. Т. 1—2. Л., 1972;
Бел.пер. — Ленінградскае неба. Мн., 1977;
У кн.: Прызнанне: Вершы паэтаў Ленінграда. Мн., 1979.
Літ.:
Филиппов Г. Николай Браун: Жизнь и поэзия. Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЧКО́Ў Барыс Уладзіміравіч (н. 24.9.1938, г. Екацярынбург, Расія),
бел. музыкант-габаіст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1983). Канд. мастацтвазнаўства (1999). Скончыў Уральскую кансерваторыю (Свярдлоўск, 1961). У 1960—66 саліст Дзярж.нар. аркестра Беларусі, аркестраў Бел. тэлебачання і радыё, Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1967 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі [у 1981—91 (з перапынкам) заг. кафедры, у 1986—91 прарэктар, з 1987 праф.]. Яго выканальніцкай манеры характэрны прыгажосць гуку, тэхн. дасканаласць. Арганізатар і маст. кіраўнік ансамбля салістаў Дзярж. аркестра сімфанічнай і эстр. музыкі Беларусі (з 1993). Аўтар кн. «Народныя духавыя інструменты ў музычнай культуры Беларусі» (1981). Лаўрэат Рэсп. конкурсу выканаўцаў на духавых інструментах (1963). Сярод вучняў Л.Каліноўскі, Ю.Лікін, І.Ляшчышын, Л.Мурашка, С.Сяргеенка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКАЛІ́З (франц. vocalise ад лац. vocalis галосны гук; гучны, пявучы),
1) практыкаванне для развіцця вакальнай тэхнікі, якое выконваецца на галосным гуку.
2) Канцэртны твор, найчасцей для сапрана з інстр. суправаджэннем. Адсутнасць слоў і кантыленнасць, часам віртуознасць, дазваляюць выявіць прыгажосць і выпрацаванасць голасу («Вакаліз у форме хабанеры» М.Равеля, «Вакаліз» С.Рахманінава). У 20 ст. вакаліз набліжаецца да інстр. жанраў (5 мелодый для голасу ці скрыпкі з фп. С.Пракоф’ева, вакаліз-эцюд К.Шыманоўскага; саната-вакаліз, сюіта-вакаліз для голасу з фп. М.Метнера; канцэрт для голасу з арк. Р.Гліэра). Спецыфічны эфект дасягаецца ў харавым вакалізе («Дафніс і Хлоя» Равеля). Вакалізы ў бел. музыцы: Канцэрціна для голасу з арк. Дз.Лукаса, вакаліз з сімф.арк. памяці Дз.Шастаковіча Л.Абеліёвіча, вакаліз-калыханка з балета «Мара» Я.Глебава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРО́ЎНА,
гераіня аднайм. песні-балады, пашыранай на Беларусі, Украіне, часткова ў Літве і Польшчы. Твор узнік у 18 ст., звязаны з учынкамі старосты г. Канеў М.Патоцкага, які прымусам браў прыгожую дзяўчыну замуж, а нацешыўшыся ахвярай, забіваў яе і наладжваў пышнае пахаванне. Падобны сюжэт і ў аснове нар. балады, толькі там гордая дзяўчына нават пад пагрозай смерці не згаджаецца на дамаганні пана. У вобразе Бандароўны адлюстравана нар. ўяўленне пра маральную чысціню і стойкасць, чалавечую годнасць і прыгажосць. Першы баладу пра Бандароўну апубл. Я.Чачот. Яе запісалі Е.Раманаў, М.Федароўскі, У.Вярыга, П.Шэйн, Р.Шырма і інш. Я.Купала на аснове балады стварыў паэму «Бандароўна».
Літ.:
Балады. Мн., 1978. Кн. 2. С. 343—354;
Салавей Л.М. Беларуская народная балада. Мн., 1978. С. 173—183.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУК Уладзімір Іосіфавіч (н. 2.1.1941, в. Засулле Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастак-плакатыст. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Творы вылучаюцца лаканізмам выяўл. мовы, філасафічнасцю, часам у іх жорсткі сарказм, гумар: «Пабудаваны ў 18 ст. Рэканструяваны ў 20 ст.» (1974), «Лес — магутная крыніца здароўя» (1977), «Перабудова» (1987), «Мазыр. Віцебск» (1988), «26.IV. Чарнобыль» (1989), «Трэба любіць усё: звяроў, птушак, расліны, у гэтым — прыгажосць жыцця. А.Купрын», «За Радзіму, за Сталіна!» (абодва 1990), «Адраджэнне» (1992), «Што наша жыццё? Гульня!» (1995) і інш. Аўтар афіш для спектакляў «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава (1979) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, «Пінская шляхта» (1980) нар.т-раг. Слонім і інш.
У.Жук. Афіша спектакля «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі. 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЛІ Вера Аляксееўна (8.8.1889, Масква — 16.11.1972),
руская артыстка балета і кінаактрыса. Па паходжанні грачанка. Пасля сканчэння Маскоўскага тэатр. вучылішча (1906, педагог А.Горскі) у Вял. т-ры. Мела эфектную сцэн. знешнасць; яе танцу былі ўласцівы вытанчанасць, адухоўленая пластыка, скульпт. завершанасць і прыгажосць поз. Сярод партый: Анітра («Нур і Анітра» на муз. А.Ільінскага), Саламбо і Багіня Таніт («Саламбо» А.Арэндса), Эўніка («Эўніка і Петроній» на муз. Ф.Шапэна), Раймонда, Пастушка («Раймонда», «5-я сімфонія» на муз. А.Глазунова), Жызэль, Медора («Жызэль», «Карсар» А.Адана), Нікія, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса). Выканала канцэртны нумар «Лебедзь, які памірае» на муз. К.Сен-Санса. З 1918 за мяжой. У 1919—20 у Рускім балеце С.Дзягілева, потым у розных трупах Еўропы і ЗША. З 1914 здымалася ў кіно (каля 30 фільмаў).