творчасць па стварэнні маст. рэчаў, пераважна для побыту (посуд, мэбля, дробная пластыка, прылады працы, маст. тканіны, адзенне, ювелірныя вырабы і інш.); раздзел дэкаратыўнага мастацтва. Творы Д.-п.м. класіфікуюць паводле матэрыялу (метал, кераміка, шкло, косць, тэкстыль, дрэва) ці тэхнікі выканання (ліццё, чаканка, коўка, разьба, інкрустацыя, размалёўка, ткацтва, пляценне, вышыўка). Д.-п.м. вырашае практычныя і маст. задачы, садзейнічае маст. арганізацыі прадметнага асяроддзя, якое адпавядае эстэт. запатрабаванням чалавека. Творы Д.-п.м. неаддзельныя ад матэр. культуры сучаснай ім эпохі, звязаны з яе звычаямі, этнічнымі і нац. асаблівасцямі, сац.-групавымі адрозненнямі. Эстэт. каштоўнасць вырабаў Д.-п.м., мэтазгоднасць і выразнасць форм дасягаюцца канстр. і пластычнымі магчымасцямі матэрыялу, разнастайнасцю прыёмаў яго апрацоўкі. Сродкі розных відаў выяўл. мастацтва (скульптуры, жывапісу, графікі) і арнамент выкарыстоўваюць у Д.-п.м. для стварэння дэкору і для формаўтварэння вырабаў (посуд у выглядзе расліны, жывёлы, чалавека, фігурныя дэталі мэблі і інш.). У прадметах утылітарнага характару дэкор можа адсутнічаць, эстэт. якасці дасягаюцца выразнасцю формы вырабу, што падкрэслівае яго прызначэнне. Адзінства маст. і утылітарнай функцый, формы і дэкору выяўляюць сінт. характар Д.-п.м.
Д.-п.м. ўзнікла на ранняй стадыі развіцця грамадства і на працягу стагоддзяў было адной з важных галін маст. творчасці, уласцівай усім народам. Найб.стараж. творы Д.-п.м. адлюстроўвалі разнастайныя ўяўленні чалавека пра сусвет і навакольнае асяроддзе, вызначаюцца ўвагай да эстэтыкі матэрыялу, змястоўнасцю вобразаў, рацыянальнасцю форм, падкрэсленых дэкорам. З узнікненнем класавага грамадства з’явіліся творы Д.-п.м., што адлюстроўвалі густы і ідэалогію пануючых класаў. Быт. мэтазгоднасць у іх часта адсутнічала, вылучаліся багацце матэрыялу і дэкору, апошні нярэдка станавіўся самамэтай і траціў сувязь з формай. Д.-п.м. кожнай гіст. эпохі развівалася ў агульным рэчышчы маст. стыляў, характэрных для інш. відаў мастацтва.
На тэр. Беларусі найб.стараж. ўзоры Д.-п.м. адносяцца да позняга палеаліту (каля 30 тыс.г. назад). У неаліце з пераходам да аселага жыцця мастацтва ўзнялося на больш высокую ступень. Знойдзены арнаментаваныя касцяныя вырабы, упрыгожанні з косці, бурштыну, дробныя пластычныя заа- і антрапаморфныя выявы з каменю, керамічны посуд, аздоблены наколкамі, нарэзкамі, грабеньчатым і ямкавым арнаментам. У канцы неаліту і ў бронзавым веку арнамент ускладніўся, пашырэнне набыла салярная сімволіка. Больш разнастайнымі сталі формы глінянага посуду, які аздабляўся арнаментам у выглядзе паскаў, ялінкавых узораў з насечак, пракрэсленых рысак. З адкрыццём выплаўкі медзі і бронзы пашырыліся метал. ўпрыгожанні. Разнастайнасцю вызначаецца Д.-п.м. жалезнага веку: гліняныя статуэткі жывёл, фібулы, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, пацеркі, бранзалеты, вырабы з бісеру і інш. ўпрыгожанні, аздобленыя арнаментам, часам выемчатымі эмалямі. З падзелам грамадства на класы Д.-п.м. вылучылася ў самаст. галіну маст. дзейнасці. Майстры-рамеснікі, што працавалі ў гарадах і пры княжацкіх дварах, спецыялізаваліся ў асобных відах рамёстваў. Шырокае развіццё набылі разьба па косці, разьба па дрэве, ліццё мастацкае, ювелірнае мастацтва. Вырабляліся прадметы побыту, зброя, посуд, дробная пластыка (абразкі, шахматныя фігуркі), тканіны, абклады да кніг і абразоў, крыжы (гл.Крыж Ефрасінні Полацкай) і інш. Выкарыстанне ганчарнага круга спрыяла пашырэнню ганчарства і паляпшэнню якасці вырабаў. У аздабленні твораў пераважаў тэраталагічны стыль, а таксама разнастайны арнамент геам. і расл. характару, звычайна гравіраваны. У 10—12 ст. Д.-п.м. развівалася ў агульным рэчышчы мастацтва Кіеўскай Русі, адчуваўся ўплыў Візантыі. У 14—16 ст. Д.-п.м. звязана з зах.-еўрап. мастацтвам, больш разнастайным стаў дэкор. У 15 ст. ўзніклі першыя рамесныя аб’яднанні — цэхі (цэх шкларобаў у Гродне), у якіх у 16 ст. канцэнтравалася асн.ч. рамеснікаў. Стварэнне цэхаў садзейнічала развіццю Д.-п.м., узбагачэнню асартыменту і дэкору вырабаў. Дасягнула росквіту ювелірнае мастацтва, развівалася шкларобства, ружэйная справа, выраб паліхромнай рэльефнай кафлі з геам., расліннымі, геральдычнымі кампазіцыямі. У 17—18 ст. Д.-п.м. зазнала ўплыў барока, творы набылі дынамічную кампазіцыю, дэкар. пышнасць, пластычнасць і экспрэсіўнасць форм. Плоскасны характар дэкору саступіў месца аб’ёмнасці і шматпланавасці, шырока ўжываўся багаты раслінны арнамент у спалучэнні з дынамічна выгнутымі ракавінападобнымі элементамі, вітымі калонкамі, фігурнымі выявамі і інш. Многія віды Д.-п.м. актыўна ўключаліся ў інтэр’ер, набылі манум.-дэкаратыўны характар. Пашырыліся коўка мастацкая, чаканка, рэльефная паліхромная кафля, росквіту дасягнула аб’ёмна-ажурная разьба (беларуская рэзь). Многія бел. майстры-ювеліры, разьбяры, цаніннікі, збройнікі працавалі ў Маск. дзяржаве. У 18 ст. ўзнікаюць мануфактуры шкларобчыя, ткацкія, фаянсавыя, а таксама жалеза- і медналіцейныя заводы. Вядомасць набылі слуцкія паясы, карэліцкія шпалеры, урэцка-налібоцкае шкло. Часта прадукцыя выраблялася паводле зах.-еўрап. узораў, але пад уплывам мясц.нар. мастацтва набывала своеасаблівую інтэрпрэтацыю: больш рэалістычна трактаваўся дэкор, уводзіліся элементы нар. мастацтва. У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам класіцызму характар Д.-п.м. стаў больш стрыманы, ураўнаважаны, у дэкор уключыліся выявы ант. матываў, ваен. атрыбутыкі, картушаў і інш. Масавае буд-ва ў гарадах выклікала пашырэнне маст. ліцця і кавальства ў архітэктуры. У 19 — пач. 20 ст. Д.-п.м. характарызуецца моцным узаемаўплывам 2 кірункаў: прамысл. і народнага. Ручныя цэхавыя і мануфактурныя рамёствы прыходзяць у заняпад, на базе мануфактур і нар.промыслаў узнікаюць прадпрыемствы маст. прамысловасці, што напаўнялі рынак таннай, але часта маламастацкай, эклектычнай прадукцыяй. Пашырэнне прамысл. прадукцыі адмоўна ўплывала на нар.маст. промыслы, некат. з іх заняпалі (напр., набойка, пернікарства). Адначасова развівалася традыц.народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, пашырыліся яго віды, звязаныя з аздабленнем нар. жылля. Развіццю яго садзейнічалі адкрытыя земствамі на аснове мясц.промыслаў рамесніцкія школы і майстэрні, дзе рыхтавалі кваліфікаваных спецыялістаў. Аднак у цэлым Д.-п.м. пач. 20 ст. перажывала крызіс, які паглыбіўся ў сувязі з 1-й сусв. вайной. Пошукамі новага стылю вызначаецца Д.-п.м. 1920-х г. У 1919 створаны спец. керамічныя майстэрні ў Віцебску і Магілёве, ткацка-вышывальная ў Слуцку, дрэваапрацоўчая ў Гомелі, пабудавана 1-я чарга Аршанскага льнокамбіната (1928—37). Аднак слабаразвітая прам-сць не магла задаволіць патрэбы насельніцтва ў зручных і прыгожых прадметах Д.-п.м., іх маст. ўзровень часта быў недастаткова высокі. Недахоп прамысл.маст. вырабаў часткова кампенсавалі творы народных мастацкіх промыслаў. Патрэбу ў керамічным посудзе гасп. і маст. прызначэння задавальнялі традыц. ганчарныя цэнтры: у Бабінавічах, Благаўцы, Гарадку, Гарадной, Дуброўне, Крэве, Міры, Копысі, Поразаве, Пружанах, Івянцы, Ракаве і інш. (гл.Бабінавіцкая кераміка, Дубровенская керамікаі г.д.). Нар. майстры аб’ядноўваліся ў арцелі, у 1938 арганізаваны Белмастпрамсаюз. Да канца 1940-х г. створана прамысл. база для развіцця Д.-п.м., адноўлены разбураныя ням.-фаш. захопнікамі прадпрыемствы маст. прам-сці. Пачалі працаваць Віцебскі дывановы камбінат (1946), Мінскі фаянсава-фарфоравы завод (1951), аднавілі работу Аршанскі льнокамбінат, шклозаводы ў Барысаве і Бярозаўцы (Лідскі р-н). Мастакі звярталіся да класічнай спадчыны, традыц. форм і дэкору. Аднак такое спалучэнне было часам эклектычнае, творы, асабліва выставачныя, вызначаліся залішняй пампезнасцю, складанасцю і надуманасцю форм, празмерным мех. выкарыстаннем арнаменту. З пач. 1960-х г. пашыраецца вытв-сць вырабаў Д.-п.м., прызначаных для штодзённага побыту. Барацьба супраць параднасці, састарэлых і нежыццёвых форм адыграла значную ролю ў абнаўленні і развіцці маст. прам-сці, пашырыла і зацвердзіла важнае значэнне Д.-п.м., але адначасова выклікала пашырэнне твораў занадта спрошчаных. У сярэдзіне 1960-х г. лаканізм саступае месца адлюстраванню сучаснасці, творчаму засваенню нац. традыцый, разнастайнасці і багаццю форм, каларыстыкі, дэкору. 1960—70-я г. — якасна новы перыяд у развіцці Д.п.м. Пасля рэарганізацыі Белмастпрамсаюза ў ф-кі Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці БССР (1960) пашырыўся асартымент і тэматыка маст. вырабаў, павысілася іх якасць. Палепшылася і пашырылася вытв. база Д.п.м.: рэарганізаваны вытв. цэхі Маст. фонду БССР, пачаўся выпуск прадукцыі на Брэсцкім дывановым камбінаце (1963—65), павялічаны магутнасці шклозавода «Нёман» і Барысаўскага хрусталёвага завода, Аршанскага льнокамбіната. Для падрыхтоўкі спецыялістаў адкрылася аддзяленне Д.-п.м. ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (1961). Асн. прынцыпам Д.-п.м. становіцца прастата геам. форм, функцыянальнасць, строгасць, умелае выкарыстанне дэкар. уласцівасцей матэрыялу, яго натуральнай прыгажосці ў спалучэнні з разнастайнасцю і смеласцю дэкар. рашэнняў. Развіваюцца маст. шкло, фарфор, маст. кераміка, маст. тканіны. Д.-п.м. актыўна ўключаецца ў грамадскі інтэр’ер, набывае манум. характар (гл.Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва), у сувязі з гэтым развіваюцца новыя ці адраджаюцца забытыя яго віды: габелен, коўка мастацкая, чаканка. Майстры Д.-п.м. актыўна звяртаюцца да індывід. творчых вырашэнняў, новых відаў і жанраў. Дэманстрацыяй дасягненняў, праблем і тэндэнцый развіцця з’явілася рэсп. выстаўка Д.-п.м. «Гармонія і асяроддзе» (1986). Яна засведчыла прыкметны працэс станкавізацыі, часам нават адмовы ад прыкладной функцыі і імкненне да стварэння ўзораў скульптурна-пластычнага, жывапіснага, манум.-дэкар. характару. Многія майстры бяруцца за вырашэнне агульначалавечых, філас. задач, падуладных раней толькі станковым відам мастацтва. Складанае становішча перажывае Д.-п.м. з канца 1980-х г. Спыніў дзейнасць Маст. фонд БССР, што пазбавіла прафесійнае Д.-п.м. эканам. базы, выключыла са сферы манум.-дэкар. мастацтва, вымусіла майстроў пераходзіць на стварэнне невял. рэчаў масавага побыту.
Літ.:
Чекалов А.К. Основы понимания декоративно-прикладного искусства. М., 1962;
Моран А. История декоративно-прикладного искусства от древнейших времен до наших дней: Пер. с фр.М., 1982;
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;
Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Падвеска. 11 ст. Бронза.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Люстра. 18 ст. Урэцкае шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Фрагмент слуцкага пояса. 18 ст.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Флеты і келіх. Пач. 18—1-я чвэрць 19 ст. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Царскія вароты. 18 ст. Саломапляценне.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Шафа. 18 ст. Разьба па дрэве.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. В.Прыешкін. Дэкаратыўнае пано «Жнівень». 1981. Шамот, глазура.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Н.Сухаверхава. Габелен «Сонечны». 1983.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Л.Мягкова. Кампазіцыя «Птушыны двор». 1980. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У.Жохаў. Кампазіцыя «Сёння на світанні». 1985. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.Гатальскі. Вазы з серыі «У пушчах Палесся». 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЕЎЛАДА́ННЕ,
юрыдычная форма фактычнага валодання зямлёй. Права землеўладальніка вытворнае і залежнае ад права зямельнай уласнасці.
Аб’ектам гэтага права ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца зямельны ўчастак, дадзены для мэт, замацаваных у заканадаўстве. Кодэкс аб зямлі замацоўвае 2 віды З.: пажыццёвае спадчыннае валоданне зямлёй грамадзян Рэспублікі Беларусь і пастаяннае валоданне калгасаў, саўгасаў, інш.дзярж., каап., грамадскіх прадпрыемстваў, устаноў і арг-цый, рэліг. арг-цый. Зямельныя ўгоддзі даюцца грамадзянам у пажыццёвае спадчыннае валоданне з мэтай вядзення сялянскай гаспадаркі, буд-ва і абслугоўвання жылога дома, дачнага буд-ва, садаводства, жывёлагадоўлі і традыц.нар.промыслаў. У законе ўстаноўлены найб. нарматывы плошчы зямельных участкаў для кожнай мэты (напр., для вядзення сял. гаспадаркі — да 50 гас.-г. угоддзяў). У пастаяннае валоданне зямля даецца для 2 мэт — для вядзення сельскай і лясной гаспадаркі. Ва ўсіх астатніх выпадках юрыд. асобам зямля даецца ў карыстанне або арэнду. Кожны землеўладальнік можа быць адначасова і землекарыстальнікам, але не наадварот. У адрозненне ад прыватнага ўласніка землеўладальнік пазбаўлены права распараджацца зямельным участкам. Паводле закону землеўладальнік мае права самастойна гаспадарыць на зямлі, мае права ўласнасці не толькі на пасевы і вырабленую с.-г. прадукцыю, але і на даходы ад яе рэалізацыі і, у выпадку адабрання зямлі або добраахвотнага адмаўлення ад зямельнага ўчастка, мае права атрымаць поўную кампенсацыю затрат на павышэнне ўрадлівасці глебы. У астатнім іх правы ідэнтычныя правам і абавязкам землекарыстальнікаў (гл.Землекарыстанне). Падставы ўзнікнення, пераходу і спынення права З. таксама адзіныя.
У феад. перыяд на Беларусі было шырока распаўсюджана ўладанне няўласнымі землямі (пасесія), формамі яго былі падараванне, арэнда, заклад (застава), пажыццёвае кіраванне (трыманне). У пасесійным уладанні, пераважна ў форме падаравання буйным феадалам, часта знаходзіліся дзярж. землі. У заклад і арэнду паступалі ў асноўным прыватнаўласніцкія землі — ва ўладанне магнатаў і найб. прадпрымальніцкай ч. буйной і сярэдняй шляхты. У ролі трымальніка зямель выступала і царква. У 16 ст ў ВКЛ прыватнае З. складала каля 65%, дзяржаўнае — 30, царкоўнае — 5%. У выніку пераразмеркавання ўладання зямлёй на Беларусі ў апошняй чвэрці 18 ст. на прыватнае З. прыпадала 79,8% зямельнай плошчы, дзяржавы — 7,6, царквы — 12,6%. Памешчыкі часта закладвалі зямлю ў крэдытных установах. Пасля рэформы 1861 уладальнікамі зямельных надзелаў сталі і сяляне, вызваленыя ад прыгоннай залежнасці і пераведзеныя на выкуп. Купля-продаж і дарэнне зямлі былі моцна абмежаваны. Сялянам забаранялася закладваць надзельныя землі нават пасля выкупу. Яны былі абмежаваны і ў правах распрацоўкі нетраў на надзельнай зямлі. Абмяжоўвалася права сялян на надзельную зямлю, замацаваную ў асабістую ўласнасць у выніку Сталыпінскай аграрнай рэформы (продаж гэтай зямлі толькі сялянам, заклад яе толькі ў Сялянскім пазямельным банку). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 уласнікам зямлі з’яўлялася Сав. дзяржава, якая валодала і правам З. Грамадзяне і арг-цыі маглі валодаць зямлёй толькі ў выпадках, калі яе давалі ў карыстанне сав. органы. У сувязі з нацыяналізацыяй зямлі ў СССР у зямельных адносінах былі выключаны купля-продаж зямлі. Зямля не магла быць аб’ектам таварнага абароту, пазыкі, арэнды, дарэння і завяшчання; забараняўся абмен зямлі без ведама і дазволу дзяржавы.
Літ.:
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯЦЕ́ННЕ МАСТА́ЦКАЕ,
выраб рэчаў утылітарнага і дэкар. характару злучэннем палос эластычнага матэрыялу пад прамым ці косым вуглом; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх промыслаў. Адрозніваюць П. ручное і машыннае. Матэрыялы для П. — лаза, салома, чарот, карані дрэў, лыка, мачала, бяроста, лучына, стружкі, дубцы арэшніку, ядлоўцу, рабіны, скура, ніткі і інш. У 1970—80-я г. шырока ўжываюцца і сінтэт. матэрыялы. Пашырана ў многіх народаў, папярэднічала ткацтву. Шырока вядома маст. пляценне народаў Усходу, а таксама пляценне карункаў у Расіі.
На Беларусі вядома з неаліту (выяўлены рэшткі сплеценых з лыка сетак, адбіткі плеценых вырабаў на гліне). Найб. захаваліся вырабы 19—1-й пал. 20 ст. Пашырана было пляценне з лазы. На Палессі з яе плялі агароджы (пляцень), сцены гасп. пабудоў. Простай, спіральнай, крыжовай, раброва-крыжовай тэхнікамі П. выраблялі лазовыя палукашкі для вазоў і саней, рыбалоўныя снасці (каробкі, бучы, венцеры), посуд на збожжа, агародніну (кашы, кашолкі, сявенькі, карзіны), мэблю (крэслы, калыскі, падстаўкі пад вазоны, карабы на бялізну) і інш. Разнастайным камбінаваннем тэхнік П. вызначаецца мэбля, кузавы выязных вазкоў. Каркас вязалі з тоўстых прутоў, якія скрыжоўваліся пад розным вуглом і ўтваралі розныя геам. фігуры, потым яго перапляталі тонкімі дубцамі, нярэдка чаргуючы белыя, ачышчаныя ад кары, з неакоранымі, таніравалі лазу ў больш цёмны колер, абпальвалі на агні, аздаблялі выпаленымі ўзорамі. Вырабамі мэблі з лазы славіліся майстры Магілёва, Гомеля, Суража (Віцебскі р-н), кузаваў — Давыд-Гарадка (Столінскі р-н), Лахвы (Лунінецкі р-н). З саламяных жгутоў, пераплеценых лазой, выраблялі шыяны, карабы, сявенькі, кублы, гарцы; з саломы плялі шкатулкі, цацкі, сумкі, капелюшы (гл.Саломка мастацкая). З сасновай лучыны (дранкі) выраблялі посуд на садавіну і гародніну, карабы для пераноскі сена (Паазер’е), з бяросты — заплечныя кашалі для збору грыбоў, сумкі, вярэнькі (Палессе), ёю ж апляталі ганчарны посуд для малака і малочных прадуктаў (берасцянкі). З рагозу (пераважна на Палессі) выраблялі лёгкія, эластычныя сумкі і кашолкі. Дробныя вырабы: каробачкі для рукадзелля, карзінкі, сумачкі, фруктоўніцы — плялі з карэньчыкаў хваёвых дрэў, арэшніку. З лыка, вяровак плялі лапці, са скуры дэталі конскай вупражы, бізуны. Узоры П. вызначаюцца прыгожым шахматным, спіральным, дыяганальным малюнкам. Вял. пашырэнне мела П. з тэкстыльных матэрыялаў: нітак, шнуроў, вяровак і інш.Найб. простым прыёмам з’яўляецца віццё (суканне) — злучэнне дзвюх ці болей пасмаў у шнур. Суканыя шнуры і вяровачкі выкарыстоўваліся як дэкар. элементы на адзенні (разнастайныя нашыўкі), абрусах, ручніках (для кутасоў, махроў). З каляровых нітак вілі шнуркі для завязак на адзенні і паяскоў. Плоскія пляцёнкі з трох (у выглядзе касы) і больш нітак выкарыстоўвалі для вырабу паясоў, завязак, шнуркоў, нашывак на адзенне. Больш складаны від пляцення засн. на выгінанні суцэльных нітак у петлі, якія пераплятаюцца паміж сабой удоўж і ўпоперак (вязанне). Разнастайныя рэчы утылітарнага і маст. характару вырабляліся ў тэхніцы вузельчыкавага П. — завязвання вузлоў рознай канфігурацыі. З дапамогай чаўнака (ігліцы) і дошчачкі вязалі рыбацкія сеткі (Паазер’е). Такім чынам сплеценыя сеткі, нацягнутыя на раму, прызначаныя для абрусаў, сурвэтаў, пакрывалаў, аздаблялі вышыўкай насцілам ці крыжыкам з каляровых шарсцяных нітак. З развіццём прамысловасці П. захоўваецца як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і займае значнае месца ў маст. прамысловасці рэспублікі. Сурвэткі, абрусы, лазовыя кошыкі на садавіну і гародніну, цукерачніцы, хлебніцы, саламяныя капелюшы, шкатулкі і інш. плеценыя вырабы выпускаюць ф-кі маст. вырабаў. Некат. вытв. аб’яднанні вырабляюць мэблю з лазы. Шырокую папулярнасць набыло вузельчыкавае П. — макрамэ. Найб. вядомыя бел. майстры П.: Т.Агафоненка, К.Арцёменка, А.Белановіч, С.Галанчанка, В.Гаўрылюк, Л.Главацкая, М.Кулак, Н.Ліцюк, Л.Лось, У.Лук’янец, Г.Сапун, Л.Скрыпнічэнка, В.Сташкевіч, Т.Федаркова і інш.
Літ.:
Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі. Мн., 1995;
Сахута Я. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.
Я.М.Сахута.
Да арт.Пляценне мастацкае. Саламяны посуд. 1-я пал. 20 ст. Цэнтральная Беларусь.Да арт.Пляценне мастацкае. Т.Агафоненка. Маска «Казёл». 1978.Да арт.Пляценне мастацкае. Посуд з сасновай лучыны. Вёска Шахноўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬВОЎ, Львів,
горад на Украіне, цэнтр Львоўскай вобл. 797 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (аўтобусы, с.-г. машыны, аўтапагрузчыкі, абсталяванне для канвеерных піній), станкаінструментальная (фрэзерныя станкі, алмазныя інструменты), радыёэлектронная і эл.-тэхн. (тэлевізары, кінескопы, радыёэлектронная мед. апаратура), прыладабудаванне, лёгкая, харчасмакавая, паліграф., нафтаперапр., хім., хіміка-фармацэўтычная, лакафарбавая; вытв-сцьмуз. інструментаў, мэблі, кардону, буд. матэрыялаў, у т. л. керамічны і шкляны з-ды. 10 ВНУ, у т. л.Львоўскі універсітэт, кансерваторыя. Зах.навук. цэнтр АН Украіны. 4 т-ры, у т. л. оперы і балета.
Паводле летапісу вядомы з 1256. Засн. галіцка-валынскім кн.Данілам Раманавічам, які назваў горад імем свайго сына Льва. З 1272 цэнтр княства. З 1349 у складзе Польшчы (у 1370—87 у Венгрыі). У 1356 атрымаў магдэбургскае права. Адм. цэнтр 3 веравызнанняў: рымска-каталіцкага (з 1412 біскупства), правасл. (з 1539 епіскапства, у 1700 ператворана ва уніяцкае) і армянскага. Важны цэнтр кнігадрукавання (у 1572 засн. руская І.Фёдаравым, у 2-й пал. 1580-х г. польская друкарні); у 1661 засн. акадэмія (гл.Львоўскі універсітэт). У 1704 Л. захоплены шведамі. Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Аўстрыі (з 1867 — Аўстра-Венгрыі, афіц. назва Лемберг), буйнейшы цэнтр укр. культуры ў Галіцыі. У 1-ю сусв. вайну заняты (1914—15) рус. войскамі. У канцы 1918 цэнтр абвешчанай у Л. Зах.-Укр.Нар. Рэспублікі. З 1919 у складзе Польшчы, цэнтр ваяводства. 3 вер. 1939 у складзе Укр. ССР, цэнтр вобласці. Са снеж. 1939 пачалася першая хваля арыштаў і дэпартацыі жыхароў Л. (пераважна інтэлігенцыі) у глыб СССР. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі; вызвалены Чырв. Арміяй у ходзе Львоўска-Сандамірскай аперацыі 1944. У пасляваен. перыяд да пач. 1950-х г. Л. — цэнтр антысавецкай барацьбы і ўкр нац.-вызв. руху. Месцазнаходжанне адноўленых у 1991 рым.-каталіцкай і ўкр.-візант. арцыдыяцэзій. З Л. звязаны жыццё і дзейнасць прадстаўнікоў Беларусі Б.І.Дыбоўскага, Цёткі, І.І.Якубоўскага і інш.
Найб. раннія помнікі архітэктуры: руіны Высокага замка (канец 13 — пач. 14 ст.), фрагменты Мікалаеўскай царквы (канец 13 ст., перабудаваны), Пятніцкая царква (канец 14 ст., перабудавана). У аснове сярэдневяковага плана Л. — прамавугольная сетка вуліц з квадратнай у плане пл. Рынак (14—19 ст.) у цэнтры Вакол плошчы гатычныя кафедральны сабор (1360—1493; арх. П.Штэхер, М.Гром, А.Рабіш; рэстаўрыраваны ў 18 і 19 ст.; скульпт. дэкор і размалёўкі — рэнесанс і барока, надмагіллі і разныя алтары 16—17 ст.) з рэнесансавымі капліцамі Боймаў (1609—17) і Кампіянаў (1609—29, арх. П.Рымлянін), Арм. сабор (першапачатковае ядро 1363—70, майстар Дорк ці Дорынг, у духу арм. архітэктуры 12—13 ст.; перабудоўваўся ў 16—19 ст.; фрагменты фрэсак канца 15 — пач. 16 ст., надмагільныя пліты з рэльефамі 14—18 ст.); рэнесансавыя комплекс збудаванняў Львоўскага брацтва — Успенская царква (1591—1631, арх. Рымлянін, В.Капінас, А.Прыхільны, абразы 17—18 ст., іканастас канца 18 ст.), званіца (т.зв. вежа Карнякта; 1572—78, арх. П.Барбон), капліца Трох свяціцеляў (1578—91). Комплекс жылых будынкаў на пл. Рынак: дом Карнякта (1580, арх. Барбон), «Чорная камяніца» (1592). У стылях барока пабудаваны касцёлы бернардзінцаў (1600—30, арх. Рымлянін, Прыхільны) і дамініканцаў (1749—64, арх. М.Урбанік, інж. Я. дэ Віт), каралеўскі арсенал (1630-я г., арх. П.Градзіцкі), сабор св. Юра (1744—70, арх. Б.Мерэцін, С.К.Фесінгер, разны дэкор 1768—70, скульпт. Пінзель); класіцызму — ратуша на пл. Рынак (1827—35, перабудавана), будынак драм.т-ра імя М.Занькавецкай (1836—42, арх. Л.Піхаль, І.Зальцман). З 2-й пал. 19 ст. Л. забудоўваўся ў духу эклектыкі: будынкі політэхн. ін-та (1872—77, арх. Ю.А.Захарэвіч, пано ў інтэр’еры — група жывапісцаў пад кіраўніцтвам Я.Матэйкі), акад.т-ра оперы і балета імя І.Франко (1897—1900 арх. З.Гаргалеўскі, скульпт. А.Л.Попель, П.Вайтовіч; «венскае барока»). З 2-й пал. 20 ст. вядзецца вял. жыллёвае буд-ва, узводзяцца грамадскія будынкі, музеі. У Л. помнікі А.Міцкевічу (1905, скульпт. Попель, М.І.Парашчук), І.Франко (1964, скульпт. В.Н.Барысенка і інш., арх. А.М.Шуляр), Я.Галану (1972, скульпт. А.П.Пылеў, арх. В.І.Блюсюк). Стараж. могілкі. у т. л. Лычакоўскія (з 1787). 12 музеяў, у т. л. этнаграфіі і маст.промыслаў, укр. мастацтва, нар. архітэктуры і побыту, карцінная галерэя, літ.-мемарыяльны І.Франко.
Літ.:
Островский Г. Львов. 3 изд. Л., 1982;
Деркач И.С. Львов: Пер. с укр. [Львов], 1969.
Р.Ч.Лянькевіч (гісторыя).
Плошча А.Міцкевіча ў Львове.Сабор святога Юра ў Львове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т МАСТАЦТВАЗНА́ЎСТВА, ЭТНАГРА́ФІІ І ФАЛЬКЛО́РУімя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1957 на базе сектара этнаграфіі і фальклору Ін-та гісторыі і сектара мастацтва Ін-та л-ры АНБССР. З 1993 імя К.Крапівы. Аддзелы: тэатр. мастацтва; кіно і тэлемастацтва; музычнага мастацтва і этнамузыкалогіі; выяўленчага і дэкар.-прыкладнога мастацтва; архітэктуры; этналогіі; антрапалогіі і экалогіі; фалькларыстыкі; славістыкі; стараж.бел. культуры. Аспірантура (з 1957), дактарантура (з 1989).
Асн. кірункі навук. даследаванняў: заканамернасці развіцця бел. мастацтва, яго роля і значэнне ў сістэме культуры бел. народа і ў працэсе ўзаемадзеяння з культурамі інш. народаў, тэарэт. асэнсаванне мастацтвазнаўчых праблем; вывучэнне побыту, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, біясацыяльных заканамернасцей фарміравання і зменлівасці іх антрапал. рыс; даследаванне гісторыі і тэорыі бел. фальклору, яго ўзаемасувязей з вуснапаэт. творчасцю інш.слав. народаў; вывучэнне эканам. і культ. развіцця гарадоў і вёсак Беларусі, бел. архітэктуры, помнікаў стараж.-бел. мастацтва.
У галіне тэатразнаўства даследуюцца гісторыя бел.сцэн. культуры, праблемы бел. драматургіі і яе сцэн. ўвасаблення, развіццё аматарскага т-ра і інш. Выдадзена калектыўная праца «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87), манаграфіі У.І.Няфёда «Тэатр у вогненныя гады» (1959), «Сучасны беларускі тэатр (1946—1959)» (1961), «Станаўленне беларускага савецкага тэатра, 1917—1941» (1965, за ўсе тры Дзярж. прэмія Беларусі 1966) і інш. У галіне кіно і тэлемастацтва даследуюцца станаўленне, гісторыя і тэндэнцыі сучаснага развіцця бел. кіно, тэарэт. праблемы тэлемастацтва, спецыфіка экранізацыі твораў маст. л-ры, дзейнасць асобных рэжысёраў, акцёраў. Выдадзены «Гісторыя беларускага кіно» ў 2 кнігах (1969—70), «Экран і культура: Беларускае кіно і тэлебачанне ў сістэме мастацкай культуры» (1988), даведнік-каталог «Усе беларускія фільмы» (т. 1, 1996) і інш. У галіне музычнага мастацтва і этнамузыкалогіі вывучаюцца вытокі, асн. кірункі, эвалюцыя стыляў, жанравая тыпалогія і сучасны стан бел.прафес. музыкі, праблемы опернай драматургіі, балета, муз. камедыі, аперэты, тэарэт. асновы бел.нар.муз. мастацтва, сістэмная тыпалогія бел. песеннага фальклору, яго рэгіянальныя асаблівасці, бел.нар. інструменты, муз. аўтэнтычны фальклор у сістэме сучаснай культуры. Сярод прац «Музычны тэатр Беларусі» (1990—97), «Беларуская этнамузыкалогія: Нарысы гісторыі (XIX—XX стст.)» (1997); «Каляндарна-песенная культура Беларусі» З.Я.Мажэйкі (1985), «Кампазітары Беларусі» Т.Г.Мдзівані, Р.І.Сергіенка (1997) і інш. У галіне выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і архітэктуры даследуюцца гісторыя бел.выяўл., дэкар.-прыкладнога мастацтва і архітэктуры, станаўленне і развіццё асобных жанраў мастацтва (жывапісу, графікі, скульптуры, маст. разьбы па дрэве і інш.), гісторыка-культ., маст. помнікі Беларусі, узаемасувязі і ўзаемадзеянне выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва беларусаў з мастацтвам суседніх народаў, тэндэнцыі развіцця сучаснага бел. мастацтва. Выдадзены фундаментальная праца «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 1—6, 1987—94, Дзярж. прэмія Беларусі 1996), «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Помнікі мастацкай культуры Беларусі эпохі Адраджэння» (1994) і інш. У галіне этналогіі даследуюцца яе гісторыя, вытокі і этнічнае развіццё бел. этнасу, эвалюцыя яго гасп. заняткаў (земляробства, пчалярства, ткацтва, дрэваапр.промыслаў і інш.), матэрыяльнай культуры (жылля, адзення), грамадскіх традыцый і духоўнай культуры. Падрыхтаваны і выдадзены цыкл манаграфій В.К.Бандарчыка па гісторыі бел. этнаграфіі (1964, 1970, 1972, 1979), калектыўныя працы «Беларускае народнае жыллё» (1973), «Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў» (1974), «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Этнічныя працэсы і лад жыцця» (1980), «Этнаграфія беларусаў: гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя» (1985), «Грамадскі быт і культура сельскага насельніцтва Беларусі» (1993), першыя тамы абагульняльнай шматтомнай працы «Беларусы» (1995—97). У галіне антрапалогіі вывучаюцца фіз. тып стараж. і сучаснага насельніцтва Беларусі, роля спадчынных, прыродных і сац. фактараў у фарміраванні фіз. тыпу беларусаў, адаптыўныя працэсы ў сувязі са зменлівымі ўмовамі асяроддзя на тэр. рэспублікі, генетычна дэтэрмінаваныя сістэмы (дэрматагліфічныя, аданталагічныя, генагеагр. паказчыкі). Выдадзены працы «Нарысы па антрапалогіі. Беларусі» (1976), «Антрапалогія Беларускага Палесся» (1978) і «Біялагічнае і сацыяльнае ў фарміраванні антрапалагічных асаблівасцей» (1981) Л.І.Цягака, І.І.Салівон, А.І.Мікуліча, «Экалагічныя змены і біякультурная адаптацыя чалавека» (1996) і інш. У галіне фалькларыстыкі ажыццяўляецца збіранне, сістэматызацыя, публікацыя вуснапаэт. твораў, даследуюцца тэорыя і гісторыя бел. фальклору, вывучаюцца сучасныя фалькл. працэсы, праводзіцца параўнальны аналіз фалькл. твораў славян і інш. Выдадзены 44 т. шматтомнага збору «Беларуская народная творчасць» (1970—97, Дзярж. прэмія Беларусі 1986), кнігі «Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян», «Усходнеславянскі фальклор: Слоўнік навуковай і народнай тэрміналогіі» (абедзве 1993), цыкл навук. прац па гісторыі бел. фалькларыстыкі ў 3 кнігах (1987—89), гісторыка-тэарэт. даследаванне «Беларуская народная вуснапаэтычная творчасць» (1967) і інш. У ін-це створаны Музей старажытнабеларускай культуры.
У ін-це працавалі акад.АН Беларусі П.Ф.Глебка, чл.-кар. І.В.Гутараў; працуюць чл.-кар.Нац.АН Беларусі В.К.Бандарчык, С.В.Марцэлеў, У.І.Няфёд, М.Ф.Піліпенка (дырэктар з 1994).
Літ.:
Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы: (Да саракагоддзя стварэння). Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАНЕ́ЗІЯ (Micronesia),
Федэратыўныя Штаты Мікранезіі (Federated States of Micronesia), дзяржава ў цэнтр. і ўсх.ч.Каралінскіх астравоў у Ціхім акіяне; уключае таксама асобны атол Капінгамарангі. Займае частку фіз.-геагр. вобласці Мікранезія. Пл. 701,4 км². Нас. 129,7 тыс.чал. (1999). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г.Палікір на в-ве Понапе. Падзяляецца на 4 штаты. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 ліст.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1979 са зменамі 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца членамі парламента з яго складу на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. кангрэсу (14 сенатараў), які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Пытанні абароннай і знешняй палітыкі ў кампетэнцыі ЗША.
Прырода. У М. 35 груп невял. вулканічных і каралавых а-воў (усяго 607). Астравы працягнуліся з 3 на У на 3 тыс.км, з Пн на Пд на 1 тыс.км, раскіданы ў зах.ч. Ціхага ак. на пл. больш за 3 млн.км². Вулканічныя астравы (найб. Понапе, Кусаіе, Трук і Яп) горныя, абкружаны каралавымі рыфамі. Найвыш. пункт на в-ве Понапе — 791 м.
На каралавых астравах выш. не перавышаюць 5 м. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра 27—28 °C. Выпадае штогод 3000—5000 мм ападкаў. Бываюць трапічныя цыклоны (пераважна ў ліп.—снежні) і землетрасенні. Невял. рэкі і ручаі толькі на вулканічных астравах. На іх асобныя ўчасткі ўзбярэжжа заняты мангравымі зараснікамі, на горных схілах растуць бамбук, какосавыя і арэкавыя пальмы, месцамі лясы або саванны. На каралавых астравах гаі какосавых пальмаў і панданусаў. Мора багатае рыбай, ракападобнымі, малюскамі.
Насельніцтва. Мікранезійцы складаюць больш за 90 %. Падзяляюцца на 9 этнічных груп, кожная з якіх насяляе асобную частку архіпелага. На атоле Капінгамарангі жывуць палінезійцы, на найб. астравах ёсць амерыканцы і кітайцы. Вернікі пераважна католікі (50%) і пратэстанты (47%). Сярэднегадавы прырост 2,2%. Сярэдняя шчыльн. 185 чал. на 1 км², на вулканічных астравах дасягае 300 чал. на 1 км². У адзіным горадзе Палікір жыве 33,4 тыс.ж. (1994). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, абслугоўваннем замежных турыстаў.
Гісторыя. М. заселена продкамі сучасных мікранезійцаў у 2—1-м тыс. да н.э. Першыя еўрапейцы (ісп. мараплаўцы), якія наведалі ў 1527 М., назвалі астравы Каралінскімі ў гонар ісп. караля Карла II. У 1565 намінальна абвешчана ўладаннем Іспаніі. У 1898 Іспанія прадала астравы Германіі. У 1-ю сусв. вайну М. акупіравана Японіяй, якая атрымала ў 1921 ад Лігі Нацый мандат на кіраванне. У 2-ю сусв. вайну акупіравана амер. войскамі. У ліп. 1947 ААН зацвердзіла апеку ЗША над Каралінскімі, Марыянскімі і Маршалавымі а-вамі, якія аб’ядноўваліся ў падапечную тэрыторыю Ціхаакіянскія а-вы. У 1965 створаны мясц. парламент — Кангрэс М. 10.5.1979 прадстаўнікі штатаў Яп, Трук, Понапе і Кусаіе зацвердзілі канстытуцыю Федэратыўных штатаў М. (ФШМ). У кастр. 1983 усенар. плебісцыт адобрыў пагадненне пра свабодную асацыяцыю з ЗША, паводле яе ФШМ атрымалі незалежнасць пры захаванні амер. кантролю над іх абаронай. У ліст. 1986 амер. ўрад абвясціў пра спыненне рэжыму апекі над ФШМ, у снеж. 1990 гэта зацвердзіла ААН. У 1991 прэзідэнтам М. выбраны Б.Олтэр, у 1997 — Я.Нена. Член ААН з 1991.
Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае каля 1700 дол. за год. Найб. развіта земляробства. Асн. таварныя культуры: какосавая пальма, какава, агародніна, садавіна (цытрусавыя, папайя, манга, ананасы), чорны перац. Харч. культуры: маніёк, ямс, батат, бананы, тара, ароут, хлебнае дрэва, панданус, рыс, кукуруза, соя, сорга. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства задавальняе мясц. патрэбы. У рыбалоўнай зоне М. займаюцца ловам рыбы за вызначаную плату караблі ЗША, Аўстраліі, Японіі, Паўд. Карэі і інш. краін. Прамысл. прадпрыемствы заняты перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Ёсць прадпрыемствы па перапрацоўцы какосавых арэхаў (вытв-сць копры і какосавага алею), какавы, кансервавыя (з рыбы, агародніны, фруктаў), мукамольныя і інш. Працуюць лесапільні, верфі па буд-ве і рамонце невял. суднаў і лодак, дробныя прадпрыемствы па выпуску цэменту і цэглы. На в-ве Понапе вядзецца здабыча баксітаў. Вытв-сць электраэнергіі каля 70 млн.кВт∙гадз за год. Кожны год М. наведвае каля 25 тыс. турыстаў (з Японіі, Аўстраліі, ЗША). Гал. від транспарту — марскі. Асн. групы астравоў звязаны паміж сабой і з інш. краінамі рэйсамі невял. суднаў. Працуюць 4 аэрапорты, у т. л. міжнародны на в-ве Понапе. У М. 226 км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём. У 1994 экспарт склаў 29,1 млн.дол., імпарт — 141,1 млн. долараў. У экспарце пераважаюць копра (больш за 50% кошту), чорны перац, рыба і рыбапрадукты, вырабы мясц.промыслаў, какосавы алей, у імпарце — разнастайныя прамысл. і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры Японія (32% экспарту, 80 % імпарту) і ЗША (адпаведна 56% і 9%). Краіна атрымлівае значныя субсідыі і фін. дапамогу ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Літ.:
Малаховский К.В. Последняя подопечная: (История Микронезии). М., 1977.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́СУД МАСТА́ЦКІ,
прадметы бытавога, гаспадарчага, утылітарна-маст. і дэкар. прызначэння для прадуктаў харчавання, вадкасцей і інш., форма і дэкор якіх вызначаюцца эмацыянальна-вобразнай асновай. Адносна матэрыялу бывае метал. (чыгунны, медны, сярэбраны і інш.), керамічны (гліняны, фарфоравы, фаянсавы), драўляны, саламяны, шкляны, лубяны, пластмасавы і інш.; паводле вырабу — каваны, літы, штампаваны, бандарны, выдзеўбаны, такарны, плецены і інш.; аздабляецца размалёўкай, гравіраваннем, чаканкай, чарненнем, эмалямі, лепкай, разьбой і інш. Як і інш. творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваэстэт. прывабнасцю стварае колерава-пластычныя акцэнты ў інтэр’еры. У вобразным ладзе П.м. выяўляецца яго непасрэднае прызначэнне і эстэт. ўяўленні эпохі, часам грамадскія ідэі і з’явы. Асн. яго маст. прынцып — арганічнае спалучэнне дэкар. і утылітарных функцый, цесная ўзаемасувязь формы і дэкору. Вядомы ўсім народам свету, вызначаецца характэрнымі нац. асаблівасцямі.
На Беларусі з часоў неаліту вядомы гліняны посуд ручной лепкі, часта з геам. арнаментам. У 10—13 ст. пачаўся масавы рамесніцкі выраб сталовага і літургічнага П.м. У 15—16 ст. з утварэннем рамесніцкіх цэхаў пашырыліся злотніцтва і медніцтва. Геам. дэкор дапоўніўся рэльефнымі расл. і зааморфнымі матывамі. У 17 ст. пад уплывам барока П.м. набыў складаныя формы, аздобленыя рэльефнай чаканкай, літым або разьбяным арнаментам з густа пераплеценых расл. парасткаў, клетак, пладоў. Для храмаў і палацаў выраблялі разнастайныя чашы, блюды, паціры, кубкі, якія аздаблялі эмалямі, фініфцю, каштоўнымі камянямі, чарненнем, гравіраваннем і інш. Керамічныя вырабы ўпрыгожвалі ангобным геам. і расл. дэкорам, зялёнай, белай, карычневай палівамі (гл.Кераміка). Развівалася ліццё мастацкае з волава і бронзы. Высокамаст. посуд выраблялі бел. майстры, якія працавалі ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. Найб. развіцця П.м. дасягнуў у 18 ст. На буйных шкляных мануфактурах у Налібаках (Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл.), Урэччы (Любанскі р-н Мінскай вобл.), Новай Мышы (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і інш. выраблялі шкляны і хрусталёвы П.м., аздоблены расл., заа- і антрапаморфнымі выявамі, гербамі і інш. (гл.Урэцка-Налібоцкае шкло). Фаянсавы посуд мануфактур у Целяханах (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і Свержані (Стаўбцоўскі р-н мінскай вобл.) дэкарыравалі паліхромнай размалёўкай, рэльефнымі выявамі кветак, пладоў, гірляндаў, маскаронаў (гл.Целяханскія фаянсавыя вырабы, Свержанская фаянсавая мануфактура). У Бакштах (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.), Вішневе і Рудні (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.) адлівалі алавяны посуд. У Гродне, Давыд-Гарадку, Магілёве, Пінску, Слуцку выраблялі залаты, сярэбраны, латунны, пазалочаны і пасярэбраны П.м. з рэльефным чаканным дэкорам расл. характару. З 2-й пал. 18 ст. пад уплывам класіцызму формы і аздабленне П.м. сталі больш ураўнаважаныя, дэкарыраваныя ўчасткі чаргаваліся з гладкімі, пашырыліся ант. матывы, ваен. атрыбутыка, маскароны. У 19 ст. пачаўся масавы прамысл. выраб П.м. штампоўкай, адліўкай і выдзіманнем у формы. У канцы 19 — пач. 20 ст. формы і дэкор П.м. часта мелі эклектычны характар, адлюстроўвалі ўплыў ампіру і мадэрну. У нар. побыце пераважаў самаробны П.м. з дрэва, гліны, саломы, лазы, бяросты (карцы, сальніцы, талеркі і інш.) простых канструктыўных форм, часта падкрэсленых нескладаным геам. ці зааморфным дэкорам, які захоўваў стараж. сімвалічную ролю. У 2-й пал. 19 ст. прыёмы і сродкі аздаблення традыц.нар. П.м. ўзбагаціліся, пашырыўся яго асартымент (гліняныя вазы, цукарніцы, масленіцы, сальніцы з размалёўкай і ляпнінаю, фігурныя пасудзіны для вадкасцей, драўляныя талеркі з разьбой, берасцяныя вырабы з цісненнем і інш.). Нар. майстры імкнуліся паўтараць формы і дэкор прамысл. вырабаў, але інтэрпрэтавалі іх у адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі густамі. У 1920-я г. П.м. амаль не вырабляўся. Шкляны і хрусталёвы П.м. (пераважна для выставак) выпускалі шклозаводы ў Барысаве, Бярозаўцы Лідскага р-на Гродзенскай вобл. (гл.Барысаўскае шкло, Нёманскае шкло). У характары вырабаў выяўляліся рэмінісцэнцыі маст. стыляў 19 ст. Недахоп П.м. часткова кампенсавалі вырабы традыц. ганчарных цэнтраў, у многіх з іх былі створаны арцелі (гл.Ганчарства). У 1940—50-я г. выставачны П.м. вызначаўся арнаментальным багаццем, перавагай дэкору над формай, пампезнасцю і электрычнасцю. У 1951 пачаў працаваць Мінскі фаянсава-фарфоравы з-д (гл.Мінскі фарфоравы завод) прадукцыя якога ў значнай ступені стваралася па ўзорах з-даў Расіі і Украіны. У канцы 1950-х г. задачы масавасці і функцыяналізму выклікалі выпрацоўку адточаных і выразных форм пры мінімуме дэкору, прастату і лаканізм абрысаў П.м. У 1960—80-х г. мастакі пры стварэнні ўзораў П.м. звярталіся да асн. прынцыпаў нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва: спалучэння мэтазгоднасці і функцыянальнасці з умелым выкарыстаннем магчымасцей матэрыялу, яго колеру і фактуры. З’яўляюцца больш індывід. творчыя вырашэнні, вырабы пазбавіліся залішняга лаканізму. Сучасны П.м. вызначаецца разнастайнасцю форм, багаццем дэкар. вырашэнняў. Керамічны, драўляны разьбяны і размаляваны, плецены з саломы і лазы П.м. ў характэрным нац. стылі вырабляюць прадпрыемствы і майстры народных мастацкіх промыслаў.
Літ.:
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;
Яе ж. Беларускае мастацкае шкло XIX — пачатак XX ст.Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МНІКІ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ,
аб’екты матэрыяльнай і духоўнай творчасці, якія маюць гіст. ці маст. каштоўнасць; своеасаблівае адлюстраванне гісторыі народа. Вылучаюць тыпалагічныя групы помнікаў: археалогіі, гісторыі, архітэктуры і горадабудаўніцтва, мастацтва, дакументальныя. П.г. і к. адыгрываюць важную ролю ў патрыят. і духоўным выхаванні людзей усіх дзяржаў і нацый, складаючы вобразны летапіс іх гісторыі 1 культуры. Найб. выдатныя помнікі сусв. значэння ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. На тэр. Беларусі П.г. і к. сусв. значэння са снеж. 2000 з’яўляецца Мірскі замкава-паркавы комплекс. У 1972 прынята міжнар. Канвенцыя па ахове сусв.культ. і прыроднай спадчыны, падпісаная большасцю краін свету. У Рэспубліцы Беларусь П.г. і к. прызнаны ўсенар. набыткам і ахоўваюцца дзяржавай. У Расіі захады па ахове асобных помнікаў старажытнасці ўпершыню прыняты Пятром 1 (1718, 1722). Указамі 1838 і 1839 зацверджана дзярж. апека над помнікамі, пачалася работа па іх уліку і каталагізацыі. У сав. час выдадзена больш за 15 дэкрэтаў па ахове помнікаў. На Беларусі 24.12.1923 СНКБССР прыняў пастанову аб абавязковай рэгістрацыі і ахове помнікаў мастацтва, старажытнасці і прыроды, якія знаходзіліся ва ўласнасці ўстаноў, т-ваў, прыватных асоб. Да 1925 ахову помнікаў ажыццяўляў Наркамат асветы БССР, потым Інбелкульт. Першы спіс помнікаў культуры зацверджаны пастановай СНКБССР ад 5.7.1926. У 1950 і 1957 праведзена перарэгістрацыя помнікаў, што зберагліся, зацверджаны новыя спісы помнікаў ваен. гісторыі, археалогіі, архітэктуры і мастацтва, якія падлягалі дзярж. ахове. У снеж. 1966 створана Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. З 1967 ахова помнікаў ускладзена на Мін-ва культуры БССР, а нагляд за іх станам — на выканкомы мясц. Саветаў і іх аддзелы культуры. У 1969 у БССР прыняты закон «Аб ахове помнікаў культуры», у 1978 — закон «Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры», паводле якога з 1.11.1978 дзярж. кіраўніцтва па ахове помнікаў ажыццяўляў СМБССР, выканкомы абл., раённых, пасялковых Саветаў, а таксама ўпаўнаважаныя дзярж. органаў аховы помнікаў. У 1.984—88 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» выпусціла «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» ў 7 тамах (8 кнігах), які стаў афіц. дакументам уліку помнікаў, што падлягаюць дзярж. ахове. 13.11.1992 прыняты закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (змены і дапаўненні 1995 і 1998), паводле якога дзярж. палітыка ў галіне ўліку і аховы гіст.культ. спадчыны ажыццяўлялася ўрадам рэспублікі праз спец.дзярж. орган — Дзярж. інспекцыю (у 1997 пераўтворана ў Камітэт па ахове гіст.-культ. спадчыны пры Мін-ве культуры). Матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праяўленні чалавечай творчасці, якім у адпаведнасці з гэтым законам нададзены статус каштоўнасці, уносяцца ў Дзярж. спіс гіст.-культ. каштоўнасцей. Вінаватыя ў наўмысным разбурэнні і пашкоджанні помнікаў падлягаюць крымін. адказнасці. Кансервацыю і рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры, выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва праводзяць пад кантролем К-та па ахове гіст.-культ. спадчыны дзярж. і прыватныя спецыялізаваныя прадпрыемствы: «Мінскрэстаўрацыя», «Брэстрэстаўрацыя», «Белбудэнерга» і інш. У 1970—89 Бел. добраахвотнае т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры выдавала інфармацыйны навук.-метадычны бюлетэнь «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», з 1989 сумесна з Бел. фондам культуры выдае час.«Спадчына». На тэр. Беларусі (кастр. 2000) зарэгістравана 17 769 нерухомых гіст.-культ. каштоўнасцей (помнікаў).
Да помнікаў археалогіі адносяцца: стаянкі і паселішчы, селішчы, гарадзішчы розных археалагічных культур, ч.стараж. гарадоў (вакольны горад, замчышчы, пасады); стараж. помнікі вытв. дзейнасці чалавека — руднікі, шахты крэменездабыўныя, майстэрні, ірыгацыйныя сістэмы, курганы, могільнікі, каменныя ідалы і крыжы, наскальныя малюнкі і помнікі эпіграфікі (Барысавы камяні), знаходкі першабытнага мастацтва, следавікі, свяцілішчы, месцы асобных знаходак археал. прадметаў (касцей выкапнёвых жывёл, скарбаў, затанулых стараж. суднаў і іх грузаў).
Помнікі гісторыі ўключаюць: стараж. прылады земляробства (саха, валакуша), вытв-сці і перапрацоўкі с.-г. прадуктаў (млыны, ветракі і інш.), прамысл. вытв-сці (будынкі мануфактур, першых фабрык, з-даў і майстэрняў), гідратэхн. і дарожнага буд-ва (каналы, дарогі, масты і г.д.), інж. гаспадаркі (унікальныя збудаванні, механізмы), рамесныя і гандл. цэнтры, цэнтры нар.промыслаў, мясціны і помнікі прац. дзейнасці, гіст.прамысл. будоўлі. Помнікі і памятныя мясціны, звязаныя з гісторыяй грамадска-паліт. рухаў, паліт. падзей, нар. паўстанняў, у т. л. з рэв. рухам дзекабрыстаў, рэв.-дэмакратаў, з кіраўнікамі і дзеячамі нац.-вызв. руху, з рэвалюцыяй 1905—07, Лютаўскай і Кастр. рэвалюцыямі 1917, грамадзянскай вайной і замежнай інтэрвенцыяй 1918—20. Помнікі і памятныя мясціны, звязаныя з дзярж. і грамадскім жыццём, уключаюць месцы гіст.нар. сходаў, будынкі дзярж. устаноў, будынкі, у якіх адбываліся важныя з’езды, кангрэсы, нарады. Помнікі і памятныя мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю нар. герояў, рэвалюцыянераў, герояў воінскай славы і працы, выдатных грамадска-паліт., дзярж., паліт. і ваен. дзеячаў. Да помнікаў гісторыі таксама адносяцца: будынкі, звязаныя з узнікненнем культ.-асв. устаноў, навуковых т-ваў, творчых саюзаў і інш. арг-цый, дзе працавалі выдатныя дзеячы культуры; памятныя мясціны, сядзібы, паркі, будынкі, звязаныя з жыццём і дзейнасцю вядомых асветнікаў, вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, музыкантаў і інш.; магілы дзеячаў навукі і культуры і скульптурныя надмагіллі на іх. Помнікі барацьбы народа за сваю незалежнасць і мясціны воінскай славы ўключаюць месцы бітваў, месцы фарміравання нар. дружын і апалчэнняў, вайск. часцей, дыслакацыі партыз. атрадаў і злучэнняў, падп.патрыят. арг-цый, памятныя мясціны братэрства па зброі, брацкія і адзіночныя магілы сав. воінаў і партызан, помнікі ахвярам фашызму, помнікі аднавяскоўцам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, месцы спаленых ням.-фаш. захопнікамі разам з жыхарамі вёсак; помнікі і памятныя знакі, звязаныя з ахвярамі рэпрэсій палітычных у СССР, з воінамі-інтэрнацыяналістамі, што загінулі ў Афганістане і інш. мясцінах. На месцы гіст. падзей ці ў іх гонар, на месцы пахаванняў ставяцца помнікі, сярод якіх шмат выдатных арх.-маст. твораў. Найб. пашыраны абеліскі, храмы, мемар. капліцы, манументы, стэлы, мемарыяльныя дошкі, арх.-маст. комплексы і інш. мемарыяльныя збудаванні.
Помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва ўключаюць: помнікі горадабуд. мастацтва — гіст. гарады (Гродна, Мінск, Полацк, Тураў і інш.) і іх часткі, рэшткі стараж. планіроўкі, буйныя арх. комплексы і ансамблі, якія вызначаюць сілуэт стараж. гарадоў і вёсак, іх панараму; жыллёвай архітэктуры — гар. і сельскія жылыя дамы, гасп. будынкі, палацы і палацава-замкавыя комплексы; грамадз. архітэктуры — будынкі ратуш, банкаў, судоў, навуч. устаноў, тэатраў, бальніц, вакзалаў, гандлёвыя будынкі, музеі; прамысл. архітэктуры — вытв. збудаванні; культавай архітэктуры — манастыры, цэрквы, саборы, касцёлы, капліцы, сінагогі, мячэці, кірхі; ваеннаабарончага дойлідства — равы, валы, дзядзінцы, вежы, абарончыя збудаванні; садова-паркавага мастацтва — планіроўка паркаў з насаджэннямі, фантанамі, каналамі, альтанкамі, паркавай скульптурай, малымі формамі ў архітэктуры; арх. манументы ў гарадах, на месцах пахаванняў, мемарыяльныя ансамблі на тэрыторыях, звязаных з гіст. падзеямі — абеліскі, стэлы, калоны, Курганы Славы, Курганы Дружбы, арх.-скульптурныя комплексы.
Помнікі мастацтва ўключаюць творы манум., выяўл.дэкар.-прыкладнога і інш. відаў мастацтва. Помнікі манум. мастацтва: манум. скульптуры — скульптурныя кампазіцыі, манументы, бюсты, надмагіллі, скульптура прыдарожная, рэльефы, мемарыяльныя дошкі; манументальнага жывапісу — унутр. і вонкавая размалёўка сцен, перакрыццяў; дэкар. мастацтва — арнаментальная і дэкар. размалёўка, дэкар. лепка, разьба па дрэве. Помнікі выяўл. мастацтва — творы станковага і дэкар. жывапісу, мініяцюры; станковая, газетна-часопісная, кніжная, прамысл.графіка, плакат, карыкатура; станковая скульптура і скульптура малых форм. Помнікі дэкар.-прыкладнога мастацтва — посуд, прылады працы, адзенне, ювелірныя і ткацкія вырабы.
Дакументальныя помнік і — акты органаў дзярж. улады і органаў дзярж. кіравання, інш. пісьмовыя і графічныя дакументы, кінафотадакументы і гуказапісы, а таксама стараж. і інш. рукапісы і архівы, запісы фальклору і музыкі, рэдкія друкаваныя выданні. Да П.г. і к. могуць быць аднесены і інш. аб’екты, якія маюць гіст., навук., мастацкую і інш.культ. каштоўнасць. Іл.гл. пры арт.Архітэктура, Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, Жывапіс, Манументальная скульптура, Манументальны жывапіс, Мемарыяльныя збудаванні і інш.
Літ.:
Короткевич В.Б. Памятники истории и культуры. Мн., 1978;
Кисель В.П. Памятники всемирного наследия. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПА́Л, Каралеўства Непал (Непал Адхірая),
дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на Пн з Кітаем, на З, Пд і У з Індыяй. Пл. 140,8 тыс.км². Нас. 24,3 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — непалі. Сталіца — г.Катманду. Падзяляецца на 14 зон (анчол), якія складаюцца з 75 абласцей. Нац. свята — Дзень нараджэння караля (28 снежня).
Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы і вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Заканад. ўлада належыць манарху і двухпалатнаму парламенту, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў (ніжняя палата, 205 дэпутатаў выбіраюцца прамым усеагульным і тайным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў) і Нац. асамблеі (верхняя палата, складаецца з 60 членаў, 10 з якіх назначае кароль, 35 выбіраюцца ніжняй палатай, астатнія 15 — калегіяй выбаршчыкаў. Тэрмін паўнамоцтваў верхняй палаты — 6 гадоў, яна абнаўляецца на 1/3 кожныя 2 гады; яе роспуск не дапускаецца. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кіраўнік урада.
Прырода. Тэр. Н. размешчана на паўд. схіле цэнтр.ч.Гімалаяў і ў перадгор’ях. На мяжы Н. і Кітая найвыш. вяршыня Зямлі — г.Джамалунгма. На крайнім Пд краіны — вузкая паласа алювіяльнай нізіны — тэраі (ч.Інда-Гангскай раўніны). У Гімалаях вылучаюцца 3 паралельныя хрыбты: Вял. Гімалаі (сярэднія выш. 5000—6000 м), Малыя Гімалаі (выш. каля 3000 м), хр. Сівалік (700—900 м). Паміж хрыбтамі — міжгорныя даліны на выш. 1000—1500 м, найб. з іх Катманду. Ёсць невял. радовішчы каменнага вугалю, сланцаў, жал., медных, свінцова-цынкавых руд, золата, серабра і інш. Клімат трапічны, мусонны, залежыць ад выш. над узр. мора. У студз. т-ры ў ніжняй зоне 15 °C, у сярэдняй каля 0 °C; у ліп. адпаведна 30 і 21 °C. На выш. больш за 4500—5000 м т-ры ўвесь год адмоўныя, вышэй 5000—5900 м — вечныя снягі і ледавікі. Ападкаў 1000—3000 мм, месцамі больш. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй, належаць бас. Ганга, найб. — Карналі, Гандак, Арун. У ніжняй зоне забалочаныя вечназялёныя субтрапічныя і трапічныя лясы, у сярэдняй — лістападныя шыракалістыя з дамешкам вечназялёных дрэў, на выш. 3500—4500 м — хвойныя, вышэй — хмызнякі і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі 42% тэр. краіны. У джунглях трапляюцца сланы, тыгры, леапарды, насарогі, дзікі, у гарах — гімалайскія мядзведзі, снежныя барсы, горныя бараны, дзікія козы. Нац. паркі — Чытаўэн, Сагарматха (разам з далінай Катманду ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны) і інш., некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Больш за 80% складаюць народы індаарыйскай групы: непальцы, або гуркхі — каля 13,4 млн.чал., біхарцы — каля 4,3 млн.чал., тхару, хіндустанцы, бенгальцы. Жывуць таксама народы сіна-тыбецкай сям’і (разам больш за 4 млн.чал.): тамангі, невары, магары, раі, гурунг, ламбу, бхатыя, шэрпа і інш. Каля 90% вернікаў вызнаюць індуізм, 5% — будызм (пераважна ламаізм), 3% — іслам. Сярэднегадавы прырост 2,5% (1998). Сярэдняя шчыльн. 172,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены міжгорныя даліны, асабліва даліна Катманду, дзе на 1 юг прыпадае больш за 1 тыс.чал. Шчыльна населены тэраі — да 200—300 чал. на 1 км². У гарадах жыве 11% насельніцтва (1998). Найб. гарады (1993, тыс.чал.): Катманду — 535, Лалітпур — 190, Бхактапур — 132. У сельскай гаспадарцы заняты 81% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 3%, у абслуговых галінах — 16%.
Гісторыя. Паселішчы на тэр. Н. вядомы з 3-га тыс. да н.э., а дзярж. ўтварэнні — з 8 ст. да н.э. У 1769 Прытхві Нараян Шах аб’яднаў тэр. Н. ў адзіную дзяржаву і заснаваў каралеўскую дынастыю Шах, якая кіруе дагэтуль. Пасля англа-непальскай вайны 1814—16 быў заключаны Сегаульскі дагавор, які ператварыў Н. у залежную ад Вялікабрытаніі дзяржаву. У 1846 пры падтрымцы англічан уладу захапіў прэм’ер-міністр Джанг Бахадур Рана, клан якога кіраваў Н. больш за 100 гадоў, каралі Н. заставаліся намінальнымі правіцелямі. У 1951 улада клана Рана скінута і ўсталявана канстытуцыйная манархія. Пасля перамогі на выбарах партыі Непальскі кангрэс (НК, засн. ў 1947) кароль Махендра Бір Бікрам Шах Дэў [1955—72] распусціў парламент і забараніў усе паліт. партыі. Канстытуцыя 1962 усталявала беспарт. сістэму панчаятаў (саветаў), пазбаўленых рэальнай улады. Пад націскам нар. выступленняў кароль Бірэндра Бір Бікрам Шах Дэў (з 1972) санкцыяніраваў увядзенне ў 1990 новай канстытуцыі, якая ўстанавіла шматпарт. рэжым парламенцкай дэмакратыі. Але ніводная з паліт. партый не можа атрымаць устойлівую большасць у парламенце.
Унутрыпаліт. становішча Н. ў 1990-я г. характарызавалася вострай барацьбой паміж НК і Камуніст. партыяй Н. — аб’яднанай марксісцка-ленінскай (КПН — АМЛ). Становішча ўскладняе т.зв.нар. вайна, якую з 1996 вядзе адна з мааісцкіх груповак. Пасля ўрада КПН — АМЛ (1994—95) на чале з М.М.Адхікары ў Н. змянілася некалькі кааліцыйных кабінетаў з прадстаўнікоў НК, КПН — АМЛ і Нац.дэмакр. партыі. Н. — чл.ААН (з 1955). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліп. 1993.
Дзейнічаюць паліт. партыі: Непальскі кангрэс, Камуніст. партыя Н. — аб’яднаная марксісцка-ленінская, Нац.дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з панаваннем феад. і паўфеад. адносін. Адна з найменш эканамічна развітых краін Азіі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 1100 дол. (1998). Сельская гаспадарка дае 41% ВУП, прам-сць — 22%, абслуговыя галіны — 37% (1997). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 4,5 млн.га зямель (32% пл. краіны), у т. л. пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 2,4 млн.га (арашаецца 0,85 млн.га), пад лугамі і пашай — каля 2,1 млн.га. 70% апрацаванай зямлі прыпадае на тэраі, 27% — на сярэднягорную вобласць, 3% — на высакагор’е. У гарах земляробства на тэрасавых схілах. Захоўваюцца памешчыцкае землеўладанне і дробнае сял. землекарыстанне. Значная частка сялян арандуе зямлю. На адну сял. гаспадарку прыпадае 0,5 га пашы. Гал.харч. культура — рыс (60% пасяўных плошчаў, штогадовы збор 2—3 млн.т). Вырошчваюць у тэраях і даліне Катманду, дзе збіраюць 2—3 ураджаі за год. Там жа вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, сою, экспартныя і тэхн. культуры — джут (3-е месца ў свеце), цукр. трыснёг, бавоўнік, алейныя культуры (гарчыца, арахіс), тытунь, чай, вострыя прыправы. У гарах вырошчваюць жыта, ячмень, проса, грэчку, гарох, бульбу; адзначана незаконнае вырошчванне опіумнага маку і кантрабандны вываз опію. Жывёлагадоўля — асн. галіна ў горных раёнах, разводзяць якаў, цзо (гібрыд яка і каровы), коз, авечак. У раўнінных раёнах пераважае буйн. раг. жывёла, выкарыстоўваецца і як цяглавая сіла. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (разам з якамі, буйваламі і зебу) 10,4, коз 5,9, авечак 0,9, свіней 0,7, птушкі 15,6. У прам-сці развіты асобныя галіны. Невял. здабыча жал., медных, цынкавых, свінцовых руд, золата, слюды, мармуру і інш.Вытв-сць электраэнергіі 1 млрд.кВт∙гадз (1996), 97% атрымліваюць на невялікіх ГЭС (выкарыстоўваецца толькі 0,2% гідраэнергет. патэнцыялу краіны). Пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. і лясной прадукцыі: джутавыя, тэкст., гарбарна-абутковыя, цукр., рысаачышчальныя, алейныя, піваварныя, малочныя, мукамольныя, запалкавыя, лесаапрацоўчыя. Гал. экспартнае значэнне маюць дывановая, швейная і джутавая галіны. Ёсць прадпрыемствы па выпуску паркету, тытунёвых вырабаў, цэменту, шкла, паперы, мыла і інш.Гал.прамысл. цэнтр — Катманду. Пашыраны саматужныя промыслы, звязаныя з вырабам прадметаў хатняга ўжытку, тканін, абутку, кошыкаў, цыновак, керамічнага посуду, с.-г. прылад, біжутэрыі, упрыгожанняў і інш. Экспартны кірунак маюць саматужнае дыванаткацтва і выраб прадметаў рэліг. культу. Развіта лесанарыхтоўка. Транспарт аўтамаб. і авіяцыйны. У краіне 7,7 тыс.км аўтадарог, у т. л. 3,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Авіяц. сувязі забяспечваюць 45 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Катманду. У гарах пераважае ўючны транспарт. Каля граніцы з Індыяй участкі чыгункі (101 км), канатная падвесная дарога (42 км). У 1997 экспарт склаў 394 млн.дол., імпарт — 1,7 млрд.дол. Н. экспартуе дываны і швейныя вырабы (70% кошту экспарту), джут і джутавыя вырабы, драўніну, рыс, алейную сыравіну, скуры, прадукцыю маст.промыслаў, імпартуе нафтапрадукты, хімікаты, трансп. сродкі, машыны і абсталяванне, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Індыя (каля 30% экспарту і імпарту), ЗША, Сінгапур, Кітай, Японія. Важную ролю адыгрываюць замежны турызм і альпінізм. Асн. раён турызму — даліна Катманду, альпінізму — раёны найвышэйшых гор-васьмітысячнікаў. Штогод Н. наведвае 300—400 тыс. замежных грамадзян, краіна атрымлівае каля 200 млн. долараў. Дэфіцыт гандл. балансу часткова пакрываецца пераводамі замежнай валюты непальцамі, якія працуюць за мяжой. Н. атрымлівае замежную дапамогу (35% расходнай ч. бюджэту). Асн. донары — Японія, Германія, ЗША, Індыя, Швейцарыя, Вялікабрытанія, міжнар. фінансавыя арг-цыі. Знешні доўг каля 2,5 млрд.дол. (1997). Грашовая адзінка — непальская рупія.
Літ.:
Непал: история, этногр., экономика: [Сб. ст.] М., 1974;
Редько И.Б. Очерки социально-политической истории Непала в новое и новейшее время. М., 1976.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя).
Герб і сцяг Непала.Да арт.Непал. Вялікі Гімалайскі хрыбет.Да арт.Непал. Ворыва на штучнай тэрасе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАТЭМА́ЛА (Guatemala),
Рэспубліка Гватэмала (República de Guatemala), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на З і Пн з Мексікай, на ПнУ з Белізам, на У і ПдУ з Гандурасам і Сальвадорам; на Пд абмываецца Ціхім ак., на ПнУ — Гандураскім зал. Карыбскага м.Пл. 108,9 тыс.км². Нас. 10 446 тыс.чал. (1993). Падзяляецца на 22 дэпартаменты. Дзярж. мова — іспанская, каля 40% насельніцтва карыстаецца індзейскімі мовамі. Сталіца — г.Гватэмала. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Гватэмала — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1985 (набыла сілу ў 1986). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. кангрэс Рэспублікі са 100 дэпутатаў.
Прырода. ⅔ плошчы Гватэмалы займае нагор’е выш. 1000—3000 м. Яго паўн.-ўсх.ч. — складкава-глыбавыя хрыбты і плато, падзеленыя глыбокімі далінамі рэк. На ПдЗ нагор’е складзена з вулканічных парод. Ёсць патухлыя (Тахумулька — 4217 м, Такана — 4117 м) і дзеючыя (Фуэга — 3918 м) вулканы. Бываюць разбуральныя землетрасенні. На Пн вапняковае плато Петэн. Узбярэжжы нізінныя. Карысныя выкапні: нафта, нікель, поліметалы, марганцавыя і хромавыя руды, золата і інш. Клімат трапічнага пояса, пасатны, вільготны. Частыя ўраганы. Сярэдняя т-ра паветра на нізінах 23—27 °C, на міжгорных плато 15—20 °C. Ападкаў на ўсх. схілах нагор’я больш за 2000 мм, на ўнутр. плато, у міжгорных далінах і на ўзбярэжжах 500—1000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй; самыя значныя з іх Усумасінта і Матагуа. З азёр найб. Ісабаль (на У). На Пн і па ўзбярэжжы Ціхага ак. саванны і хмызняковыя зараснікі, на ніжніх схілах гор вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы, вышэй — дубовыя і хваёвыя лясы. Усяго пад лесам і хмызнякамі 40% тэр. У трапічных лясах шмат каштоўных парод дрэў: каўчукавае, кампешавае, махагонавае, ружовае, чорнае, бальзавае, бакаўт і інш.Нац. паркі: Тыкаль, Рыо-Дульсе, Атытлан і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Карэннае насельніцтва — індзейцы моўнай групы майя складаюць 44%, падзяляюцца на 22 народы і плямёны. Найб. з індзейскіх народаў — кічэ, какчыкель, маме, кекчы, жывуць пераважна на З нагор’я. Другая вял. група — гватэмальцы (больш за 50%), народ, які ўтварыўся ад змяшання заваёўнікаў-іспанцаў з мясц. насельніцтвам. Ёсць невял. групы неграў, еўрапейцаў (пераважна іспанцаў) і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (75%), ёсць пратэстанты (больш за 20%); сярод індзейцаў моцныя перажыткі стараж. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 96 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана на нагор’і, дзе шчыльнасць у асобных дэпартаментах дасягае 300—400 чал. На 1 км². У гарадах жыве 41% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Гватэмала — 1150 і Кесальтэнанга — 101. У сельскай гаспадарцы занята 60% працаздольных, у абслуговых галінах — 13, прам-сці — 12, гандлі — 7, буд-ве — 4, на транспарце — 3%.
Гісторыя. Гватэмала — радзіма стараж. індзейскіх цывілізацый. У 1-м тыс.н.э. на Пн і У існавалі гарады-дзяржавы майя. на Гватэмальскім нагор’і — дзярж. ўтварэнні інш. індзейскіх плямён. Варожасць паміж імі аблегчыла заваяванне тэр. Гватэмалы ў 1523—24 іспанцамі на чале з П. дэ Альварада. У 1560 утворана генерал-капітанства Гватэмалы, у склад якога ўвайшла амаль уся Цэнтр. Амерыка. Індзейскае насельніцтва жорстка эксплуатавалася каланізатарамі. У гады вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 народ Гватэмалы дамогся незалежнасці (абвешчана 15.9.1821). У 1822—23 Гватэмала ў складзе Мексіканскай імперыі, у 1823—39 — Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. У межах яе ішла вострая паліт. барацьба паміж кансерватарамі і лібераламі. Пасля распаду федэрацыі да ўлады ў Гватэмале прыйшоў кансерватыўна клерыкальны блок на чале з Р.Карэрам (прэзідэнт у 1844—48, 1851—65), які імкнуўся захаваць феад. парадкі і панаванне буйных землеўладальнікаў. Большасць насельніцтва Гватэмалы фактычна была пазбаўлена паліт. правоў. З сярэдзіны 19 ст. ў Гватэмале сталі закладвацца плантацыі кавы, дзе выкарыстоўвалася наёмная праца. Скарыстаўшы незадаволенасць палітыкай кансерватараў, лібералы ажыццявілі ў 1871 дзярж. пераварот. Урад Х.Р.Бар’ёса (1873—85) нямала зрабіў для развіцця эканомікі Гватэмалы (буд-ва чыгунак, развіццё плантацыйнай гаспадаркі і інш.). Паводле прынятай у 1879 канстытуцыі царква аддзелена ад дзяржавы. У гады дыктатуры Э.Кабрэры (1898—1920) гаспадарка краіны падпарадкавана амер. манаполіям. Асаблівыя прывілеі атрымала кампанія «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО), якая валодала велізарнымі бананавымі плантацыямі, амаль усімі чыгункамі, прадпрыемствамі і інш. Асабліва жорсткі рэжым усталяваўся ў Гватэмале ў перыяд дыктатуры Х.Убіка (1931—44). Былі ліквідаваны бурж.-дэмакр. свабоды, забаронены стачкі, узаконены бесчалавечныя формы прымусовай працы індзейцаў на плантацыях. Гэта стала прычынай Гватэмальскай рэвалюцыі 1944—54. У выніку перамогі Нар.-вызв. фронту прынята дэмакр. канстытуцыя, праведзены шэраг сац. рэформаў, прыняты закон аб агр. рэформе, легалізавана дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў. Паколькі рэформы закранулі інтарэсы ЗША і найперш ЮФКО, амерыканцы арганізавалі інтэрвенцыю з тэр. Гандураса атрадаў узбр. гватэмальскіх эмігрантаў. 28.6.1954 уладу ў Гватэмале захапілі ваенныя на чале з палкоўнікам К.Кастыльё Армасам. Да 1985 (за выключэннем 1966—70) краінай, змяняючы адзін аднаго, кіравалі ваен. рэжымы. Уздым эканомікі Гватэмалы суправаджаўся ўзмацненнем эксплуатацыі індзейцаў на плантацыях. Партызанскі рух, які ўзнік у Гватэмале ў 1960-я г., асабліва ўзмацніўся ў 1980-я г., калі была створана паўстанцкая арг-цыя — Гватэмальскае нац. адзінства. Армія пачала жорсткія рэпрэсіі — спальваліся цэлыя вёскі, тысячы сялян расстраляны без суда і следства. Грамадз. вайна забірала да 10 тыс. жыццяў штогод. Не маючы сілы для задушэння паўстанцаў, пад націскам міжнар. грамадскасці ўрад О.У.Мехія Вікторэса згадзіўся на правядзенне свабодных выбараў. На выбарах у ліст.—снеж. 1985 перамог кандыдат апазіцыйнай Хрысц.-Дэмакр. партыі М.В.Серэса Арэвала. У 1986 набыла сілу новая канстытуцыя. Пачалася дэмакратызацыя паліт. рэжыму, праведзена амністыя. У 1991 прэзідэнтам Гватэмалы стаў Х.Серана Эліяс. У выніку яго прамых перагавораў з паўстанцамі прынята пагадненне пра ўзаемнае спыненне агню ўзамен на спыненне тэрору і роспуск усіх ваенізаваных фарміраванняў, створаных арміяй. Серана Эліяс быў скінуты ваен. кіраўніцтвам у адказ на яго антыканстытуц. дзеянні — роспуск Нац. кангрэса і Вярх. суда Гватэмалы. 5.6.1993 Нац. кангрэс Гватэмалы выбраў на пасаду прэзідэнта вядомага праваахоўніка Р. дэ Леана Карпіо. Гватэмала — чл.ААН з 1945, Арг-цыі амер дзяржаў, Лацінаамер. эканам. супольнасці, Арг-цыі цэнтральна-амер. дзяржаў і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1993. Асн.паліт. партыі: Саюз нац. цэнтра, Рух салідарнага дзеяння, Хрысц.-дэмакр. партыя, Інстытуцыйна-дэмакр. партыя, Рух нац. вызвалення, Гватэмальская партыя працы (кампартыя), Нац.рэв. адзінства Гватэмалы. Дзейнічае шэраг прафс. аб’яднанняў.
Гаспадарка. Гватэмала — адсталая агр. краіна з эканомікай, моцна залежнай ад замежнага капіталу. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае 25% валавога нац. прадукту, прам-сці — 20, абслуговых галін — 55%. Асн. спецыялізацыя эканомікі — вытв-сць экспартных трапічных с.-г. культур. Апрацоўваецца 12% тэр. краіны, столькі ж зямлі пад лугамі і пашамі. Для сельскай гаспадаркі характэрна спалучэнне буйных плантацый з мноствам дробных паўнатуральных сял. гаспадарак. Каля паловы сялян арандатары. Плантацыйныя культуры (кава, цукр. трыснёг, бананы, бавоўна) займаюць каля ⅓ пасяўной плошчы, даюць больш за 50% валавой і экспартнай прадукцыі. Важнейшая таварная і экспартная культура — кава, штогадовы яе збор 120—200 тыс.т (6-е месца ў свеце). Гал. раёны вырошчвання — ціхаакіянскі схіл і цэнтр.ч. нагор’я. На ўзбярэжжы Ціхага ак. вырошчваюць цукр. трыснёг, бананы (штогадовы збор 0,6—1 млн.т) і бавоўну. Экспартнае значэнне маюць манільская пянька (валакно тэкстыльнага банана), сізаль, кардамон, кенаф, тытунь, кунжут, цытрусавыя і авакада, эфірныя расліны. Асн.харч. культуры сял. гаспадарак — кукуруза, фасоля, пшаніца, рыс, бульба, розныя віды гародніны. Жывёлагадоўля мяснога кірунку, у асн. Экстэнсіўная. Гадуюць пераважна буйн. раг. жывёлу (каля 2,5 млн. галоў) і свіней (каля 1 млн. галоў), на высакагорных пашах нагор’я — авечак. Нарыхтоўка каштоўных парод дрэва і лясныя промыслы, збор лекавых раслін. З марскіх промыслаўнайб. развіта лоўля крэветак у прыбярэжных водах Карыбскага м. (на экспарт). Прам-сць развіта слаба. Адна з асноўных яе галін — горназдабыўная. Штогод здабываюць каля 100 тыс.т нафты, 1,4 тыс.т свінцу, 1,3 тыс.т цынку, у невял. колькасцях золата, серабро, азбест, серу. Каля воз. Ісабаль здабываюць латэрыты, якія маюць у сабе нікель. Там жа горнаабагачальны камбінат. Вытв-сць электраэнергіі 847,6 млн.кВт∙гадз (1992) на невялікіх ГЭС і ЦЭС. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена пераважна прадпрыемствамі лёгкай і харч. галін (у т. л. каваапрацоўчыя і цукр. з-ды), якія вырабляюць харч. тавары, тэкстыль, абутак, тытунёвыя вырабы, паперу, запалкі і інш. Пераважаюць дробныя, паўсаматужныя прадпрыемствы. З новых галін прам-сці нафтаперапрацоўка (у г. Матыяс-дэ-Гальвес на ўсх. узбярэжжы), вытв-сць гальванізаванай сталі, бытавых прылад, зборка тэлевізараў і фотаапаратуры. Асн.прамысл. цэнтры — гарады Гватэмала і Кесальтэнанга. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 26,4 тыс.км, у т. л. 2,9 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 11,4 тыс.км гравійных. Праз Гватэмалу праходзіць Панамерыканская шаша. Чыгункі вузкакалейныя, даўж. 1019 км. Гал. з іх звязвае сталіцу з партамі на ўзбярэжжах, а адгалінаванні — з Мексікай і Сальвадорам. Знешнія сувязі пераважна марскім шляхам. Гал. порт — Пуэрта-Барыле на ўзбярэжжы Карыбскага м. Парты на Ціхім ак. Сан-Хасэ і Чамперыка маюць меншае значэнне. Гватэмала экспартуе каву (26% па кошце), цукар, бананы, мяса, бавоўну, драўніну, крэветкі, гародніну і інш.; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры — ЗША (36% экспарту, 40% імпарту), Германія, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — кетсаль.