КАНВЕРГЕ́НЦЫЯ (ад лац. convergo набліжаюся, сыходжуся),
у біялогіі — набыццё падабенства далёкімі па паходжанні арганізмамі ў выніку прыстасавання іх да аднолькавых умоў існавання. Найчасцей закранае асобныя органы і абумоўлена падабенствам іх функцый, радзей ахоплівае ўвесь арганізм. Напр., канвергентнымі з’яўляюцца форма цела ў акул і тунцоў (рыб) і кітападобных (млекакормячых), форма цела ў скакальных млекакормячых, мікраскапічная будова хіцінавых утварэнняў насякомых і касцей вышэйшых жывёл. Падабенства прыкмет, якое з’явілася ў выніку К., наз. аналогіяй у адрозненне ад гамалогіі — падабенства, заснаванага на паходжанні розных груп ад агульнага продка шляхам дывергенцыі. Канвергентна могуць развівацца цэлыя біяцэнозы, што ўключаюць рады канвергентных відаў. У фізіялогіі — сыходжанне многіх нерв. імпульсаў да аднаго і таго ж нейрона (устаўнога ці эферэнтнага); стварае гал. перадумовы для інтэгратыўнай дзейнасці нерв. сістэмы. У этнаграфіі — незалежнае ўзнікненне аднолькавых, падобных з’яў (рыс, форм) у матэрыяльнай і духоўнай культуры, мове, самасвядомасці, сац. структуры і інш. этнасац. прыкметах розных народаў. этн. і этнагр. груп. Узнікае на глебе аднолькавых сац.-эканам., паліт., прыродна-геагр., этнагенетычных і інш. фактараў ці выпадкова. Напр., у эпоху ранняга сярэдневякоўя на землях Беларусі. Украіны і Расіі склаліся аднолькавыя формы і з’явы жыццядзейнасці (земляробства, жывёлагадоўлі, жылля, промыслаў і рамёстваў), абумоўленыя падобнымі прыродна-геагр. ўмовамі. У мовазнаўстве — збліжэнне або аб’яднанне некалькіх моўных сістэм у адну. Найб. пашыраны тып К. — стварэнне адзінай літ. мовы на аснове аб’яднання мясц. дыялектаў з перавагай рыс аднаго дыялекту. Сустракаюцца і інш. тыпы К., якія адбываюцца ў выніку кантактавання моў: кайнэ, піджыны, крэольскія мовы. Да К. адносяць і збліжэнне моў у выніку ўплыву агульнага для іх субстрату. Яна ахоплівае асобныя элементы моўнай сістэмы (фаналагічную сістэму, лексіку) або мову ў цэлым. К. і процілеглая ёй дывергенцыя — узаемазвязаныя моўныя працэсы.
І.У.Чаквін (у этнаграфіі), А.Г.Лукашанец (у мовазнаўстве).
т. 7, с. 575
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)