геалагічнае агаленне ў яры на левым беразе р. Дняпро, за 1 км на Пн ад г. Шклоў Магілёўскай вобл.; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1991). Лінза арганагенных і гумусаваных адкладаў шклоўскага міжледавікоўя падсцілаецца марэнай і лімнагляцыяльнымі адкладамі дняпроўскага зледзянення і перакрываецца лімнагляцыяльнымі, флювіягляцыяльнымі і марэннымі ўтварэннямі сожскага зледзянення. Даўж. яра каля 700 м, глыб. ў вусці 30 м. Магутнасць міжледавіковых адкладаў (торф, гіція, суглінак і супесак) да 13 м, даўж. каля 100 м. Міжледавіковыя адклады багатыя выкапнёвымі рэшткамі — пылок і споры 220 відаў раслін, плады і насенне 195 відаў і форм раслін, астракоды 16 відаў, насякомыя 109 відаў. У азёрна-балотнай тоўшчы міжледавіковых адкладаў адлюстраваны працяглыгеал. летапіс канца дняпроўскага зледзянення, усяго шклоўскага міжледавікоўя і пачатку сожскага зледзянення. Знаходка каля вусця яра за 60 м ад міжледавіковай лінзы гляцыякупала сведчыць аб парушэннях парод карэннага берага р. Дняпро ў час актыўнай дзейнасці дняпроўскага ледавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЫ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА, Понт,
эліністычная дзяржава ў М. Азіі ў 302 (ці 301) — 64 да н.э.Засн. былым дынастам Мітрыдатам II з перс. роду Ахеменідаў. Склалася шляхам дыпламатыі і заваёў яго напаўгрэч.-напаўіранскіх валадароў. Этнічны склад насельніцтва неаднародны. Разам з высокаразвітымі грэч. гарадамі ў П.ц. ўваходзілі тэр., дзе існавалі родаплемянныя адносіны. Мела гандл. сувязі з гарадамі Паўн. Прычарнамор’я, рэгіёнам Эгейскага мора. З пач. 2 ст. да н.э. вяло актыўную знешнюю палітыку. Дасягнула найвышэйшага росквіту пры Мітрыдаце VI Еўпатару, уключыўшы амаль усе землі вакол Понта Эўксінскага (адсюль назва). П.ц. супрацьстаяла экспансіі Рыма, уступіўшы з ім у працяглы канфлікт — т.зв. Мітрыдатавы войны, якія скончыліся паражэннем і ўключэннем П.ц. ў склад рым. дзяржавы. Часткова адноўлена Маркам Антоніем як залежная ад Рыма дзяржава на чале з дынастыяй Палеманідаў, з мэтай супрацьстаяння Парфіі. Паводле загаду Нерона (64 да н.э.) канчаткова ператворана ў правінцыю.
Літ.:
Ломоури Н.Ю. К истории Понтийского царства. Ч. 1. Тбилиси, 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГА́ЗМ (ад грэч. orgaō гарэць страсцю),
вышэйшая ступень сладастраснага пачуцця, якое ўзнікае ў момант завяршэння палавога акта або пры іншых формах палавой разрадкі (мастурбацыі, петынгу, эратычным фантазіраванні і да т.п.).
У аснове аргазму ляжыць безумоўны рэфлекс, які падмацоўвае сукупнасць сексуальных рэакцый, фарміруючы цэласны акт паводзін; у гэтым — біял. роля аргазму. У самак большасці відаў жывёл (акрамя некаторых млекакормячых) аргазм адсутнічае і не з’яўляецца абавязковым для апладнення. У сексалогіі аргазм разумеюць як вынік складанага ўзаемадзеяння шэрагу структурна-функцыянальных сістэм на розных узроўнях.
Жаночы аргазм (адрозніваюць клітарыяльны і клітарыяльна-вагінальны) больш разнастайны і працяглы ў параўнанні з мужчынскім, у пэўнай меры звязаны са стымуляцыяй эрагенных зон і характарам сексуальнай гульні. У адрозненне ад здаровых мужчын, у якіх заканчэнне палавога акта ў норме звычайна завяршаецца наступленнем аргазму, у многіх здаровых жанчын поўнае абуджэнне сексуальнасці настае праз некалькі месяцаў або гадоў пасля пачатку рэгулярнага палавога жыцця. У далейшым аргазм бывае не пры кожным палавым акце; значная частка жанчын пакутуе на анаргазмію, якая паддаецца карэкцыі, некаторыя — на фрыгіднасць.
Вонкавыя праяўленні аргазму ў абодвух палоў абумоўліваюцца тыпам палавой канстытуцыі, тэмпераменту, агульным і палавым выхаваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЫЯЛЕКТАЛАГІ́ЧНЫ А́ТЛАС БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ»,
сістэматызаваны набор лінгвістычных карт, на якіх пры дапамозе ўмоўных знакаў адлюстравана пашырэнне ў межах беларускай мовы разнастайных асаблівасцей яе гаворак. Выдадзены ў 1963. Адзін з найб. поўных лінгвістычных атласаў, адлюстроўвае стан развіцця бел. гаворак у іх прасторавых узаемаадносінах у сярэдзіне 20 ст. Ствараўся на аснове метадалагічных прынцыпаў і метадычных прыёмаў, прынятых сав. школай лінгвістычнай геаграфіі. Яго складанню папярэднічаў працяглы перыяд абследавання жывых гаворак у межах нац.тэр. Беларусі па спец. праграме, арыентаванай на выяўленне сістэмна звязаных дыялектных адрозненняў. У аснове Атласа — тэорыя акад. Р.І.Аванесава. Складаецца з 2 раздзелаў. У 1-м змешчаны 7 гіст.-адм. і 338 лінгвістычных карт, якія даюць максімальную інфармацыю пра фанет. сістэму, грамат. структуру і лексічныя асаблівасці бел. гаворак. 2-і раздзел уключае ўступныя артыкулы, каментарыі да карт, даведачны і фактычны матэрыял. Калектыву аўтараў (Г.У.Арашонкава, М.В.Бірыла, Н.Т.Вайтовіч, І.М.Гайдукевіч, А.П.Груца, З.Ф.Краўчанка, А.А.Крывіцкі, Ю.Ф.Мацкевіч, А.Р.Мурашка, Я.М.Рамановіч, А.І.Чабярук, В.М.Шэлег) і рэдактараў (Аванесаў, К.Крапіва, Мацкевіч) за комплекс работ прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБІТА́ЛЬНАЯ СТА́НЦЫЯ,
касмічны апарат, які працяглы час функцыянуе на арбіце штучнага спадарожніка Зямлі або інш. планеты ці яе спадарожніка. Можа дзейнічаць у пілатуемым (з экіпажам касманаўтаў) і аўтам. рэжымах. Першая ў свеце эксперым. арбітальная станцыя створана 16.1.1969 на арбіце стыкоўкай караблёў «Саюз-4» і «Саюз-5»; доўгачасовая сав. арбітальная станцыя «Салют» выведзена на арбіту 19.4.1971; у ЗША арбітальная станцыя «Скайлэб» запушчана 14.5.1973; з 20.2.1986 дзейнічае арбітальная станцыя «Мір».
Арбітальная станцыя дастаўляецца на арбіту 2 спосабамі: цалкам збіраецца на Зямлі і выводзіцца на арбіту ракетай-носьбітам (маса і габарыты арбітальнай станцыі абмежаваны энергет. магчымасцямі ракеты); зборка ажыццяўляецца на арбіце з элементаў, якія дастаўляюцца ракетамі-носьбітамі ці транспартнымі караблямі, што дае магчымасць ствараць арбітальныя станцыі неабходнай масы, аб’ёму і канфігурацыі, у працэсе эксплуатацыі мяняць яе прызначэнне і спецыялізацыю. Найб. важная праблема пры стварэнні арбітальнай станцыі — стыкоўка на арбіце. Канструкцыі арбітальнай станцыі прадугледжваюць вырашэнне праблем пераадольвання працяглага ўздзеяння бязважкасці на арганізм чалавека, аховы ад радыяцыі і мікраметэарытаў, забеспячэння надзейнасці і дастатковага рэсурсу працы бартавых сістэм і інш.
Арбітальныя станцыі выкарыстоўваюцца для даследавання каляземнай (каляпланетнай) касм. прасторы і Зямлі (планеты) з арбіты штучнага спадарожніка; правядзення метэаралагічных і астр. назіранняў, медыка-біял. і тэхн. эксперыментаў, ваеннай разведкі і інш., могуць служыць базай для зборкі і запуску цяжкіх міжпланетных касм. караблёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХМО́ЎЕ, білінгвізм,
валоданне і карыстанне 2 моўнымі сістэмамі. Адрозніваюць Д.: актыўнае (асоба валодае вуснай формай мовы і карыстаецца ёю), патэнцыяльна актыўнае (асоба валодае вуснай мовай, але працяглы час не карыстаецца ёю) і пасіўнае (асоба разумее мову, але не можа карыстацца вуснай формай); нарматыўнае, або каардынацыйнае (паслядоўна правільнае ўжыванне нормаў абедзвюх моў), аднабакова-нарматыўнае (асоба валодае нормамі толькі адной мовы) і ненарматыўнае (асоба не валодае нормамі ні адной мовы); чыстае (мова выбіраецца адпаведна пэўнай сітуацыі) і змешанае (асоба ў адной і той жа сітуацыі карыстаецца 2 мовамі); непасрэднае (калі мова непасрэдна звязана з мысленнем) і апасродкаванае (мова кадзіруе думкі, выказаныя першаснай мовай); двухбаковае (Д. пашыраецца сярод абодвух этнасаў, якія кантактуюць) і аднабаковае (Д. пашырана толькі ў асяроддзі аднаго з кантактуючых этнасаў); індывідуальнае, групавое, масавае, тэрытарыяльнае, пагранічнае, суцэльнае, агульнанароднае. Для білінгва (асобы) уласцівы т.зв. дамінантны механізм у адносінах да адной з моў: праз гэтую мову рэчаіснасць успрымаецца хутчэй і лягчэй, чым праз іншыя. Для большасці асоб роднай мовы з’яўляецца мова свайго этнасу.
У наш час на Беларусі найб. пашырана бел.-рус. Д. Для шэрагу раёнаў характэрны тып Д. і шматмоўя, пры якім адна з моў — беларуская (бел.-лат., бел.-літ., бел.-польск., бел.-ўкр., бел.-рус.-ўкр.і г.д.). Сярод беларусаў, якія жывуць за мяжой, найб. пашыраны такія тыпы Д.: бел.-польск. (Польшча), бел.-англ. (Канада, ЗША), бел.-іспанскае (Лац. Амерыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРУЧЭ́ННЕ ЖЫВЁЛ.
адамашніванне жывёл, працяглы працэс пераўтварэння дзікіх жывёл у свойскіх, якіх расплоджваюць для задавальнення патрэб чалавека; першы этап узнікнення жывёлагадоўлі. Пад уплывам П.ж. і штучнага адбору жывёлы паступова страчваюць некат. рэфлексы, змяняюцца іх паводзіны, унутр. і знешняя будова. У параўнанні з дзікімі жывёламі, у свойскіх больш лёгкі шкілет, менш трывалыя косці, больш тонкая скура, знікла ахоўная афарбоўка, менш развіты галаўны мозг, органы пачуццяў, лёгкія, сэрца, ныркі. Лепш функцыянуюць млечныя залозы, органы размнажэння (свойскія жывёлы больш пладавітыя), у многіх знікла сезоннасць у расплоджванні.
Паводле звестак археалогіі, раней за інш. былі прыручаны сабака (каля 20—50 тыс.г. да н.э.), свіння, авечка, каза, буйн. раг. жывёла (8—3 тыс.г. да н.э.), пазней конь. Найб. буйныя ачагі П.ж. — Блізкі і Пярэдні Усход (Паўд. Турцыя, Палесціна, Ірак, Іран, Сярэдняя Азія), пазней раёны стараж. культур у бас. рэк. Ніл, Тыгр, Еўфрат, Ганг, Інд, Амудар’я і інш. Працэс П.ж. не спыняецца, працягваюцца спробы па прыручэнні і развядзенні ў няволі аленяў, ласёў, маралаў, антылоп, пушных звяроў, рэптылій (змей, кракадзілаў), амфібій і інш. Асаблівае значэнне набывае развядзенне ў няволі (зоакультура) жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння з мэтай узнаўлення іх колькасці ў прыродзе; драпежных і паразітычных беспазваночных для барацьбы са шкоднікамі; насякомых-апыляльнікаў, глебавых арганізмаў, гідрабіёнтаў-фільтрантаў для выкарыстання ў біягеацэналагічнай меліярацыі і ахове прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́РУСНЫЯ ХВАРО́БЫ,
хваробы раслін, жывёл і чалавека, узбуджальнікамі якіх з’яўляюцца вірусы. Падзяляюцца на групы: пухліны і інфекцыі. У чалавека выклікаюцца вірусамі РНК- і ДНК-геномных тыпаў. Крыніца заражэння — хворыя і вірусаносьбіты; шляхі — паветрана-кропельны (узбуджальнікі вострых рэспіратарных захворванняў, адру і інш.), аліментарны (узбуджальнікі кішэчных інфекцый і інш.), трансмісіўны (узбуджальнікі крывяных інфекцый і інш.), праз скуру (вірусы шаленства, воспы натуральнай, папіломы і інш.), палавы (вірус герпесу, узбуджальнік СНІДу і інш.), парэнтэральны (узбуджальнік гепатыту B), трансплацэнтарны (унутрывантробны, выклікае цяжкія захворванні нованароджаных) і інш. Патагеннае дзеянне вірусаў абумоўлена ў першую чаргу пашкоджаннем клетак, у якіх яны размнажаюцца. Часткова яно можа быць звязана з гібеллю клетак пад уплывам антывірусных антыцел і сенсібілізаваных Т-лімфацытаў, а таксама з цытатаксічным уплывам вірыёнаў на клеткі органаў, у якіх вірус не размнажаецца. Вірусныя хваробы класіфікуюць паводле цяжкасці хваробы, віду ўзбуджальніка, механізма перадачы, крыніцы інфекцыі, месца заражэння і інш. Адрозніваюць прыроднаачаговыя і антрапагенныя заанозы, паза- і ўнутрыбальнічныя антрапанозы. Да вірусных хвароб адносяцца: поліяміэліт, герпес, грып, воспа, адзёр, энцэфаліты, ліхаманкі, гепатыт інфекцыйны, краснуха, шаленства і інш. У большасці выпадкаў пасля іх застаецца працяглыімунітэт. Лячэнне: процівірусныя хім. прэпараты, інтэрфероны, імунапрэпараты, патагенетычныя і сімптаматычныя сродкі. У жывёл вірусныя хваробы выклікаюцца агульнымі з чалавекам або патагеннымі толькі для іх заавірусамі. Адрозненні ў этыялогіі, патагенезе, клінічных праяўленнях, фарміраванні імунітэту, метадах дыягностыкі і лячэння ў параўнанні з віруснымі хваробамі чалавека нязначныя. Для свойскай жывёлы асабліва небяспечныя яшчур, шаленства, чума, воспа, грып і інш.У раслін — гл.Вірусныя хваробы раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎПАТО́РЫЯ,
горад на Украіне, у Рэспубліцы Крым, на беразе мелкаводнага заліва Чорнага м. 110,5 тыс.ж. (1991). Порт, чыг. станцыя. З-ды: рамонтна-мех., вінаробны, малочны, рыбны. Краязнаўчы музей, тэатр.Арх. помнікі: мячэць Джума-Джамі (1552), тур. лазня (16 ст.), 2 караімскія храмы (18 ст.).
У 6—5 ст. да н.э. на месцы сучаснай Е. грэкі заснавалі калонію Керкінітыда (згадваецца ў Герадота). У 3 ст. да н.э. належала Херсанесу Таўрычаскаму. У 2 ст. да н.э. на месцы б. калоніі размяшчаўся рым, ваен. лагер, названы Е. ў гонар Мітрыдата VI Еўпатара. У 4 ст.н.э. горад заняпаў. У 15 ст. рэзідэнцыя крымскіх ханаў, у 16—17 ст. на месцы Е. тур. крэпасць і горад Гезлёў, адзін з пунктаў гандлю рабамі ў Крыме. З 1783 у складзе Расіі, у 1784 перайменавана ў Е. У час рус.-тур. вайны 1853—54 захоплена па чарзе франц., англ. і тур. войскамі. Месца ваен. дзеянняў у час грамадз. вайны (1918—22). У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (1941—44).
Прыморскі кліматычны і бальнеагразевы курорт. Развіваецца з канца 19 ст., у сав. час ператварыўся ў дзіцячы курорт. Субтрапічны клімат, пляжы, працяглы купальны сезон і інш. фактары спрыяюць эфектыўнаму аздараўленню і лячэнню дзяцей, хворых на рэўматызм, з парушэннямі функцый органаў дыхання (нетуберкулёзнага паходжання), руху і апоры (у т. л. касцёва-сустаўнага туберкулёзу, скаліёзу), нырак, нерв. сістэмы (інфекц. этыялогіі) і інш. У лячэнні выкарыстоўваюць аэра-, гелія- і таласатэрапію, азёрныя і ліманныя гразі, рапу, мінер. і тэрмальныя воды. Дзесяткі санаторыяў, пансіянатаў і баз адпачынку, у т. л. для дарослых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯДО́ВЫ РЭЖЫ́М,
сукупнасць заканамерных працэсаў утварэння, развіцця і разбурэння ледзянога покрыва на водных аб’ектах. Адрозніваюць 3 асн. фазы — замярзанне, ледастаў і крыгалом. Асаблівасці Л.р. для кожнага ўчастка вадацёку вызначаюцца кліматам, умовамі жыўлення ракі, будовай рэчышча і дынамікай патоку; істотна ўплывае на яго гасп. дзейнасць: скідванне ў вадаёмы прамысл. і адпрацаваных вод ЦЭС, буд-ва плацін, паглыбленне і выпростванне рэчышчаў.
Першыя ледзяныя ўтварэнні на рэках Беларусі (шарош, заберагі, сала) адзначаюцца ў 2-й пал.ліст., у бас.р. Нёман — у 1-й дэкадзе снежня. Заберагі і сала раней утвараюцца на прыбярэжных участках, водмелях і затоках. Адначасова пачынае ўзнікаць унутрыводны лёд, які ўсплывае і ператвараецца ў шарош. Наслаенне кавалкаў доннага лёду і шарошу пад ледзяное покрыва можа прывесці да ўтварэння зажораў. Ледастаў звычайна бывае ў сярэдзіне снеж., спачатку на плёсах, потым на перакатах. Трымаецца ў сярэднім каля 100 сут, найб.працяглы на рэках бас.Зах. Дзвіны — да 160 сут. і болей, самы кароткі на рэках бас. Нёмана і Прыпяці — да 10—20 сут. Крыгалом на рэках адбываецца пераважна ў 2-й пал. сакавіка. Ускрыццю рэк папярэднічае ўтварэнне закраін і зрушэнне лёду. На ПдЗ ускрыццё рэк пачынаецца ў 2—3-й дэкадах сак., на працягу месяца дасягае ПнУ. Працягласць веснавога крыгаходу 2—10 сут. На азёрах і вадасховішчах ледзяныя ўтварэнні паяўляюцца звычайна на 1—2, а на Палессі на 3 тыдні пазней, чым на рэках. Сярэдняя працягласць ледаставу на вадаёмах на Пн да 150 сут, на Пд да 130 сут. Азёры і вадасховішчы ачышчаюцца ад лёду на 10—15 сут пазней, чым рэкі.