здольнасць электронных вылічальных машын розных тыпаў да ўзаемадзеяння. Адрозніваюць С. апаратную, праграмную і інфармацыйную. Поўная С. ЭВМ дадзеных тыпаў бывае пры існаванні адначасова С. усіх відаў.
Апаратная (тэхн.) С. — здольнасць ЭВМ дадзенага тыпу працаваць з прыладамі ці вузламі ЭВМінш. тыпу. У т. л. разглядаецца эл.-магн. С., калі тэхн. сродкі не ствараюць узаемных эл.-магн. перашкод або іх уласнае эл.-магн. выпрамяненне істотна не ўплывае на работу інш.тэхн. сродкаў. Праграмная С. — магчымасць выканання адных і тых жа праграм на ЭВМ розных тыпаў пры атрыманні аднолькавых вынікаў. С. праграм — калі яны прыдатныя да аб’яднання ў складаныя праграмныя комплексы. Інфармацыйная С. — здольнасць ЭВМ розных тыпаў ідэнтычна ўспрымаць пэўны набор даных. Для яе забеспячэння дастаткова С. фарматаў прадстаўлення даных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА,
прылада для вымярэння эл. велічынь (напружання, сілы току, магутнасці і інш.), дзеянне якой заснавана на ўзаемадзеянні магн. палёў рухомай і нерухомай шпуль з токамі. Выкарыстоўваюцца ў якасці пераносных вальтметраў, амперметраў, ватметраў пераменнага току (могуць працаваць і на пастаянным току).
Сярод электравымяральных прылад пераменнага току Э.п. найб. дакладныя (прыведзеная хібнасць не вышэй доляў працэнта). Частату, вуглы зруху фаз, ёмістасць, індуктыўнасць вымяраюць электрадынамічнымі лагометрамі, у якіх адхіленне рухомай часткі вызначаецца суадносінамі токаў у яе шпулях. Асн. недахопы Э.п. — вял. ўласнае спажыванне магутнасці, адчувальнасць да перагрузак і вонкавых магн. палёў. Межы вымярэння Э.п. павялічваюць нерухомымі шпулямі, рэзістарамі, трансфарматарамі напружання і току Разнавіднасць Э.п. — ферадынамічныя прылады.
У.М.Сацута.
Схема электрадынамічнай прылады: 1 і 2 — нерухомая і рухомая шпулі; 3 — вось; 4 — спружына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫПІСНЫ́Я СЯЛЯ́НЕ,
феадальна-залежнае насельніцтва Расіі ў 17 — сяр. 19 ст., якое замест аброку і падушнага падатку было абавязана працаваць на казённых і прыватных з-дах ці ф-ках. У канцы 17 і асабліва ў 18 ст. ўрад дзеля падтрымкі буйной прам-сці шырока практыкаваў прыпіску (звычайна без указання тэрміну) дзярж. сялян да з-даў ці мануфактур на Урале і ў Сібіры. Фармальна сяляне заставаліся ўласнасцю дзяржавы, але прадпрымальнікі эксплуатавалі і каралі іх як сваіх прыгонных. Цяжкае становішча П.с. выклікала шматлікія паўстанні і ўцёкі. З канца 18 ст. ўрад спыніў прыпіску сялян да з-даў. У пач. 19 ст. П.с. пад назвай «неадменных работнікаў» увайшлі ў катэгорыю пасэсійных сялян, скасаваную ў 1861—63 пасля адмены прыгоннага права.
Літ.:
Панкратова А.М. Формирование пролетариата в России. (XVII—XVIII вв.). М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ СТУ́ДЫЯ ТЭЛЕБА́ЧАННЯ Пачала рэгулярнае вяшчанне з 1.1.1956 у Мінску. Напачатку Мінскі тэлецэнтр меў часовую студыю, разлічаную на аднапраграмнае вяшчанне з сярэднясутачным аб’ёмам 6 гадз, радыус дзеяння каля 60 км. У ліп. 1957 арганізавана перадача з дапамогай перасоўнай тэлевізійнай станцыі. У 1958—69 уведзены ў дзеянне тэлецэнтры ў Гомелі, Віцебску, Брэсце, Гродне. З 1962 пачалося вяшчанне па 2, з 1972 — па 3 праграмах. У 1962 адбыўся выхад бел. тэлебачання на Інтэрбачанне. У 1965 на Мінскім тэлецэнтры пачаў працаваць відэамагн. запіс. З вер. 1974 Р.с.т. стала рэгулярна ўключаць у праграму каляровыя перадачы ўласнай вытв-сці, з 1981 пачала працаваць на самаст. канале, адбыўся поўны пераход рэсп. вяшчання на каляровы стандарт. У склад Р.с.т. ўваходзяць інфарм. агенцтва і 6 дырэкцый: вяшчання 1-га нац. канала; маст.; спарт.; грамадска-паліт.; перспектыўнага вяшчання; спец. праектаў. Як сродак электроннай масавай інфармацыі, прапаганды і камунікацыі, асветы, выхавання, арганізацыі вольнага часу насельніцтва функцыянуе ў адпаведнасці з прынцыпамі праграмнага планавання, дакументальна зафіксаванымі ў т.зв. сетцы эфірнага вяшчання. Яна прадугледжвае перыядычнасць выхаду цыклавых праграм, збалансаванасць відаў вяшчання (інфарм., сац., пазнавальнага, спарт., маст., забаўляльнага), размеркаванне перадач на працягу дня ў адпаведнасці з узростам, сац. і прафес. катэгорыямі гледачоў, а таксама рэйтынгам тэлепрадукцыі. Паводле структуры тэлевізійнае вяшчанне падзяляецца на ўласнае (падрыхтаванае супрацоўнікамі бел. тэлебачання) і мясц. (агульны аб’ём прадукцыі, што выходзіць на экран; уласнае вяшчанне, заказное, дэманстрацыя тыражаваных кінафільмаў, паўторы перадач, спектакляў, канцэртаў і інш.). У канцы 1997 распрацавана і прынята канцэпцыя пад дэвізам «Зямля пад белымі крыламі», у якой вызначаны асн. кірункі палітыкі вяшчання нац. канала. Р.с.т. прымае ўдзел у ажыццяўленні праектаў — Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь, тэлефестываль бел. песні «На скрыжаваннях Еўропы», рэсп. фестываль камернай музыкі «Музы Нясвіжа», Маладзечанскі фестываль песні і паэзіі, фестываль-кірмаш «Дажынкі», міжнар. фестывалі «Славянскі базар», «Залаты шлягер» і спец. акцый, прысвечаных юбілейным датам і інш. Перадачы бел. тэлебачання поўнасцю ахопліваюць тэр. Беларусі. На 2001 адзіная праграмная сетка мае 6 тэлецэнтраў і 23 рэтранслятары. Р.с.т. ўваходзіць у склад Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА Ў КАРЧМЕ́, СПІ́САНАЯ КАНДРА́СЕМ З-ПАД ДО́КШЫЦ»,
вершаваны твор бел. л-ры канца 19 ст. Адзіны вядомы рукапісны спіс з в. Людвінаў (цяпер Вілейскі р-н) датуецца 20.7.1891. Звесткі пра Кандрася з-пад Докшыц (гэта аўтар «Гутаркі...» ці толькі перапісчык) адсутнічаюць. Упершыню поўнасцю апубл. Л.Бэндэ ў час. «Полымя» (1956. № 2). Сяляне ў карчме абмяркоўваюць праблему «зямлі скупа і пашы мала». Яны спадзяюцца на новы перадзел зямлі. Бядняк Аляксей смела абгрунтоўвае сваё права на зямлю, Пётр верыць у добрага цара і яшчэ чакае ад яго літасці, а кулак Ігнат выражае афіц. погляд і лічыць, што шчасце селяніна ў яго ўласных руках, трэба толькі адцурацца гарэлкі і добра працаваць. У «Гутарцы...» ёсць яркія быт. дэталі і трапныя этнагр. замалёўкі.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БНТ). Існавала з чэрв. 1942 да канца 1943 у Мінску. Створана ням.-фаш.акупац. ўладамі з дапамогай калабарацыяністаў. У склад прэзідыума БНТ уваходзілі І.Ермачэнка
(старшыня),
В.Іваноўскі, Ф.Юрда (намеснікі), Г.Касяк (вучоны сакратар), члены т-ва А.Адамовіч, П.Свірыд і інш.; «ганаровы прэзідэнт» — ген. камісар Беларусі В.Кубэ. Т-ва мела на мэце сабраць усе навук. кадры, што па розных прычынах апынуліся на акупіраванай тэрыторыі, і прымусіць іх працаваць на акупантаў. Аднак на працягу года дзейнасць БНТ плёну не дала. У чэрв. 1943 зноў абвешчана аб адкрыцці т-ва. Яго прэзідэнтам стаў Іваноўскі, намеснікамі — Лыноўскі і Масевіч. Ад бел. вучоных, якіх пад пагрозай рэпрэсій гітлераўцы сагналі на ўстаноўчы сход т-ва, патрабавалася распрацоўваць навук. тэмы, зыходзячы з задач ваен. часу. Перастала існаваць у выніку байкоту і супраціўлення вучоных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМЕЛІ́ТЫ,
манахі каталіцкага жабрацкага ордэна, заснаванага ў 1155 св. Бертольдам у Палесціне. Назва ад гары Кармель, дзе быў першы скіт К. Ордэн зацверджаны папам рымскім у 1247. Манахі павінны былі жыць у асобных келлях, не мець уласнасці, працаваць фізічна, строга захоўваць пасты, быць маўклівымі і г.д. У 13 ст. К. перабраліся на Кіпр, у Сіцылію, Англію і інш. краіны Зах. Еўропы. З канца 14 ст. сталі пашырацца ў Польшчы, адкуль праніклі ў ВКЛ. У 1452 зацверджаны і жаночы ордэн кармелітак. Мужчынскія кляштары К. існавалі ў Ружанах (цяпер Пружанскі р-н; з 1617), Мсціславе (з 1618), Вільні (з 1628), Глыбокім (з 1639), Гродне (з 1676), Мінску (з 1704), Пінску (з 1734), Гудагаі (Астравецкі р-н; з 1764) і інш. У 19 ст. ўсе кармеліцкія кляштары зачынены. У 1990-я г. пачала аднаўляцца дзейнасць К. у Мядзеле і Гудагаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РЫ (Meri) Ленарт-Георг (н. 29.3.1929, Талін),
эстонскі дзярж. дзеяч, дыпламат, пісьменнік. Сын эст. дыпламата Г.Меры, які да 2-й сусв. вайны знаходзіўся з сям’ёй у Берліне і Парыжы. Скончыў Тартускі ун-т (1953). У 1941 разам з маці і братам дэпартаваны сав. ўладамі ў Сібір, адкуль вярнуўся ў Эстонію ў 1946. З-за забароны працаваць па спецыяльнасці (гісторыя) займаўся драматургіяй, кінадакументалістыкай, радыёжурналістыкай, перакладамі; удзельнічаў у этнагр. экспедыцыях па вывучэнні фіна-угорскіх і народаў Сярэдняй Азіі. З 1986 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Эстоніі. З крас. 1990 міністр замежных спраў Эстоніі, з крас. 1992 пасол у Фінляндыі. З кастр. 1992 прэзідэнт Эст. Рэспублікі (у вер. 1996 перавыбраны). Аўтар кніг лірычных і філас. падарожных дзённікаў: «У краіну вулканаў» (1964; пра Камчатку), «Зорная ваколіца» (1974; пра падарожжа па паўн. узбярэжжы Еўразіі), «Серабрысты світанак» (1976; гісторыя фіна-угорскіх плямён).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫТА́ЛЬНЫ СКАЗ,
сказ, які выражае недахоп інфармацыі пра пэўны аб’ект і патрабуе адказу на пытанне. Напр.: «Ці хопіць светлых, звонкіх думак-слоў, // Ці гладка пойдзе песня-дабрадзейка?» (Я.Купала).
Фармальныя паказчыкі значэння пытальнасці: пытальная інтанацыя («Дождж яшчэ ідзе?»), пытальныя словы — часціцы «ці», «хіба», «а», «няўжо»; займеннікі «хто», «што», «чый», «які», «колькі»; прыслоўі «дзе», «калі», «як», «куды», «адкуль», «навошта». Важную ролю ў пабудове П.с. адыгрывае лагічны націск, які дазваляе дакладна ўказаць, якой інфармацыі не хапае («Ко́ля прыехаў?» — «Коля прые́хаў?»). Як П.с. у маўленні могуць афармляцца: рытарычны вокліч («Хто яго не ведае?!»), альтэрнатыўнае запытанне («Гэту кнігу возьмеш ці тую?»), даданая ч. складанага сказа («Я ўсё гадаў, хто мог мне тэлефанаваць»), пабуджэнне («Ты пачнеш нарэшце працаваць?!»), перапытанне-паўтор («Кажаш, ужо прачытаў? Вазьмі другі раман»), пацвярджэнне («А як жа іначай? Так і трэба было!»). У канцы П.с. ставіцца пытальнік (?).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯ, Гродзенская медыцынская школа,
першая ў Беларусі вышэйшая навуч. ўстанова па падрыхтоўцы мед. персаналу. Існавала ў 1775—81 у Гродне. Засн. па ініцыятыве Адукацыйнай камісіі і гродзенскага старосты А.Тызенгаўза. Арганізатар і кіраўнік — Ж.Э.Жылібер. Мела 3 аддзяленні: вышэйшае лекарскае (на 10 юнакоў са шляхты) для працы ў гарадах; падрыхтоўкі правінцыяльных лекараў і хірургаў (20 чал.); аддзяленне павітух (на 5, потым 17 чал.). Навучэнцы 2-га і 3-га аддзяленняў утрымліваліся за кошт казны і набіраліся з прыгонных сялян Брэсцкага, Гродзенскага, Оліцкага, Шавельскага каралеўскіх уладанняў, дзе яны павінны былі працаваць пасля заканчэння вучобы. Пры акадэміі дзейнічалі шпіталь (60 ложкаў), прыродазнаўчы кабінет, анатамічны т-р, аптэка (з 1687), б-ка, бат. сад (першы ў Беларусі і Рэчы Паспалітай, налічваў каля 2 тыс. раслін). У 1781 пераведзена ў Вільню, дзе стала базай для стварэння мед. ф-та Віленскага універсітэта.