НАДО́Й,

колькасць малака, атрыманага ад с.-г. жывёл за пэўны перыяд часу; паказчык малочнай прадукцыйнасці жывёлы. Адрозніваюць Н.: разавы, сутачны, месячны, гадавы, лактацыйны (за перыяд лактацыі) і пажыццёвы. Залежыць ад віду, пароды, узросту (павышаецца да 6—7-й лактацыі, потым зніжаецца), стадыі лактацыі (у першыя 1,5—3 мес павышаецца, потым зніжаецца), індывід. асаблівасцей (масы і складу цела жывёлы, узросту на момант 1-га ацёлу, фізіял. стану і інш.), кармлення, умоў трымання і тэхналогіі даення жывёл. Сярэднія лактацыйныя Н. (тыс. кг) кароў 1—5 і больш, кабыл і вярблюдзіц 1—2, зебу 0,8—1,2, буйваліц 0,8—1, коз 0,15—0,2. Найб. Н. у кароў кастрамской, сіментальскай, халмагорскай, чорна-пярэстай, чырв. дацкай, яраслаўскай і інш. парод (гл. адпаведныя арт.). На Беларусі сярэдні гадавы Н. кароў каля 2,5 тыс. кг (1990-я г.).

т. 11, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАГУ́Б (Мікалай Уладзіміравіч) (4.5.1883, Мінская губ. —7.8.1937),

удзельнік грамадз. вайны на Беларусі, камдыў (1935). Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча (1902), Акадэмію Генштаба (1910), Ваенна-паліт. курсы (1925). З 1910 у штабах Віленскай ваен. акругі, 1-й арміі. Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1918 у Чырв. Арміі, нач. штаба Усх. фронту, чл. Вышэйшай інспекцыі РСЧА, нач. аператыўнага ўпраўлення штаба Зах. фронту. Са жн. 1919 камандуючы 16-й арміяй, удзельнік Варшаўскай аперацыі 1920, камандуючы Зах. фронтам. З кастр. 1920 нач. штаба Зах., потым Паўд. франтоў, Узбр. сіл Украіны і Крыма, нач. Акадэміі паветр. флоту, потым у ваен. навуч. установах РСЧА. У чэрв. 1937 пасля «раскрыцця фашысцкай змовы ў РСЧА» С. органамі НКУС СССР быў ахарактарызаваны як «па-антысавецку настроены элемент, цесна звязаны з выкрытымі ворагамі народа».

т. 14, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТЫЛЬЁН, Бертыён (Bertillon) Альфонс (22.4.1853, Парыж — 13.2.1914), французскі крыміналіст. Распрацаваў сістэму прыёмаў раскрыцця злачынства — судовую ідэнтыфікацыю, якая да пач. 20 ст. наз. бертыльянаж; потым выцеснена дактыласкапіяй. Удзельнічаў у суд. працэсе па справе Дрэйфуса ў якасці эксперта і даў памылковае заключэнне, па якім той быў асуджаны.

т. 3, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРА́НКІ,

хлебабулачныя вырабы з абваранага цеста ў выглядзе кольцаў рознай велічыні. Называлі і абваранкамі (ад абварыць). Упершыню пачалі рабіць абаранкі ў Смаргоні (Беларусь), потым сталі вядомыя ў многіх (пераважна слав.) народаў. Славіліся янаўскія, бешанковіцкія, полацкія, мірскія і інш. Абаранкі. Выкарыстоўваліся і для прыгатавання кануна.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕРЦІ́НІ ((Albertini) Джаакіна) (1751—1811),

італьянскі кампазітар. У 1781—84 узначальваў капэлу Радзівілаў у Нясвіжы. Дырыжыраваў операй Я.​Д.​Голанда «Агатка, або Прыезд пана» (1784). Да 1804 працаваў у Польшчы, потым у Рыме. Сярод твораў оперы «Дон Жуан» (паст. 1783, Варшава), «Польскі капельмайстар» (1808).

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ІНТЭРСПАДАРО́ЖНІК»,

міжнародная арганізацыя спадарожнікавай сувязі. Створана ў 1971 сацыяліст. краінамі, да якіх потым далучыліся інш. краіны (усяго 22 краіны; Беларусь з 1997). Месцазнаходжанне — Масква. «І.» належыць аднайменная сістэма касм. сувязі (рэтрансляцыя тэлевізійных перадач, тэлефонная, факсімільная сувязь і інш.) на аснове ШСЗ «Гарызонт» і «Галс».

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́КШЫНА,

1) самаробная макарона. Пшанічнае, радзей жытняе цеста, часта з крухмалам, тонка раскочваюць, рэжуць на палосы, падсушваюць і вараць як рэдкую малочную страву ці адцэджваюць і заліваюць тлушчам, салам. Робяць Л. таксама з крухмалу: пякуць наліснікі, потым рэжуць іх і вараць.

2) Страва з Л.

т. 9, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯМЁШКА,

у беларусаў рэдкая страва з мукі. Жытнюю, радзей грэцкую муку падпрэжвалі, потым засыпалі ў круты вар або залівалі ім, варылі ў печы пры агні. У наш час Л. часам называюць зацірку, рэдкі кулеш, мяшанку жывёле. Вядома на Брэстчыне, Гомельшчыне, Магілёўшчыне.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 9, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭІНТЭГРА́ЦЫЯ (ад рэ... + інтэграцыя),

аднаўленне ў грамадзянстве якой-н. дзяржавы асоб, што мелі яго раней, а потым страцілі. Сэнс Р. найчасцей заключаецца ў спрошчанай працэдуры, якая ў гэтых выпадках выкарыстоўваецца. Р. можа прадугледжвацца ў спец. законах ці ў звычайным заканадаўстве аб грамадзянстве (разнавіднасць натуралізацыі).

т. 13, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫ́ЧНАЯ СТРАФА́,

від 10-радковай страфы. Ужывалася ў паэзіі 16—17 ст. у Францыі, потым у Германіі і Расіі, дзе ў 18 ст. была традыцыйнай для ўрачыстых одаў. Адычная страфа аб’ядноўвала 4- і 6-радкоўе па схеме АбАбВВгДДг, пісалася 4-стопным ямбам з пэўным чаргаваннем рыфмаў.

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)