БУДАВЕ́СЦЬ,
рака ў Беларусі, у Шаркаўшчынскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Обаль (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 284 км². Пачынаецца за 1,2 км на ПнУ ад в. Лоўжа (у верхнім цячэнні наз. Будавіца), цячэ па ўсх. ускраіне Полацкай нізіны. Асн. прыток — р. Чарніца (справа). Рэчышча ад вытоку на працягу 19 км каналізаванае.
т. 3, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬКА СВЯТАСЛА́ВІЧ,
полацкі князь 12 ст. Сын Святаслава Усяславіча, брат Прадславы (Ефрасінні Полацкай). Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1132, калі полацкае веча прагнала навязанага Полацку кн. Святаполка Мсціславіча і выбрала Васільку Святаславіча на трон. З імем Васількі Святаславіча звязана ўсталяванне ў Полацку прынцыпу выбарнасці князя вечам. У 1143 выдаў дачку Марыю замуж за Святаслава Усеваладавіча.
Г.В.Штыхаў.
т. 4, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛТА,
рака ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 207 км². Выцякае з воз. Белае ў межах гідралагічнага заказніка Ельня, цячэ па зах. частцы Полацкай нізіны. Даліна трапецападобная, у верхняй частцы невыразная. Пойма ў вярхоўях зліваецца з прылеглай мясцовасцю, у сярэднім і ніжнім цячэнні перарывістая. У верхнім цячэнні рэчышча каналізаванае.
т. 4, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКЛА́ДНІКІ,
цяглыя сяляне, якія пераходзілі ў залежнасць да феадалаў, каб пазбавіцца ад цяжкіх падаткаў і павіннасцей на карысць дзяржавы або злоўжыванняў ураднікаў. Яны трацілі асабістую свабоду, вымушаны былі плаціць феадалу натуральныя і грашовыя падаткі. Велікакняжацкія ўлады змагаліся супраць закладніцтва, бо яно змяншала колькасць дзярж. сялян і скарачала дзярж. даходы. У 15—16 ст. закладніцтва было пашырана у Полацкай зямлі.
т. 6, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРГВА́,
рака ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Бярозаўка (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 36 км. Пл. вадазбору 158 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПдЗ ад в. Стураўшчына. Цячэ ў межах Свянцянскіх град і Полацкай нізіны. Даліна пераважна трапецападобная, характэрна чаргаванне звужаных месцаў з пашыранымі. Пойма двухбаковая. Рэчышча каналізаванае на працягу каля 26 км.
т. 10, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́СКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—62. Утвораны 15.1.1940 у складзе Вілейскай вобл. Цэнтр — в. Пліса, з 1950 — в. Падсвілле. Пл. раёна 1 тыс. км² (1941). 12.10.1940 падзелены на 18 сельсаветаў. З 20.9.1944 П.р. у Полацкай, з 8.1.1954 у Маладзечанскай, з 20.1.1960 у Віцебскай абл. 25.12.1962 раён скасаваны, тэрыторыя перададзена ў Глыбоцкі і Міёрскі р-ны.
т. 12, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІЕПІ́СКАП (ад архі... + епіскап),
духоўная асоба вышэйшай ступені хрысціянскай царк. іерархіі. Тытул уведзены ў Рымскай імперыі ў 4 ст. З заснаваннем патрыярхатаў прысвойваўся патрыярхам і мітрапалітам аўтакефальных епархій. Першы на Русі тытул архіепіскапа атрымаў епіскап наўгародскі ў 1165. На Беларусі першым архіепіскапам стаў у пач. 16 ст. епіскап Полацкай епархіі. У 1994 на Беларусі 2 архіепіскапы (праваслаўнай і рымска-каталіцкай царквы).
т. 1, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́Ц,
старажытны горад Полацкай зямлі. Належаў мінскім кн. Глебавічам, магчыма, быў цэнтрам удзельнага княства, добра ўмацаваны, размяшчаўся, верагодна, недалёка ад Мінска сярод лясоў. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1162 у сувязі з паходам друцкага кн. Рагвалода Барысавіча супраць менскага Валадара Глебавіча. Атаясамліванне Гарадца з некаторымі сучаснымі нас. пунктамі Беларусі (Гарадзеяй Нясвіжскага, Гарадзішчам Баранавіцкага, Гарадцом Талачынскага і Шаркаўшчынскага р-наў і інш.) беспадстаўнае.
т. 5, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧА́ЙКА,
рака ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Мядзелка (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 46 км. Пл. вадазбору 258 км². Выцякае з воз. Лучай за 1,5 км на ПнЗ ад в. Гаўрылавічы, цячэ на паўд.-зах. ч. Полацкай нізіны. Даліна пераважна трапецападобная. Пойма двухбаковая, у верхнім і сярэднім цячэнні забалочаная. Рэчышча звілістае, на працягу 16 км каналізаванае.
т. 9, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦВІНЁНАК (Аляксандр Уладзіміравіч) (н. 3.5.1957, г. Браслаў Віцебскай вобл.),
бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1983). У 1983—86 вучыўся ў творчых акад. майстэрнях у З.Азгура. Асн. творы: «Легенда» (1987), рэльеф «Беларускія майстры 17 ст.» (1990), «Ф.Дастаеўскі» (1991), «Ефрасіння Полацкая» (1992), «Архангел Міхаіл» (1993), «Паўшы ангел» (1995). Распрацоўвае гіст. вобразы бел. асветнікаў: Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага і інш. Іл. гл. ў арт. Драўляная скульптура.
т. 2, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)