ВІБРАЦЫ́ЙНАЯ ТЭ́ХНІКА,

машыны, прыстасаванні і прылады, прызначаныя для стварэння, выкарыстання і вывучэння вібрацыі, для аховы ад яе шкоднага ўздзеяння. Да вібрацыйнай тэхнікі адносяцца: вібрацыйныя машыны; датчыкі, пераўтваральнікі, аналізатары, рэгістравальныя і сігнальныя прыстасаванні; пасіўныя і актыўныя вібраахоўныя прыстасаванні (дэмпферы «сухога» і вязкага трэння, дынамічныя гасільнікі ваганняў, сістэмы аўтам. кіравання рухам вібратараў і інш.).

Вібрацыйныя машыны падзяляюцца: паводле тыпу прывода — на гідраўлічныя, пнеўматычныя, электрамех. і інш.; паводле прынцыпу стварэння ваганняў — на цэнтрабежныя (вібрацыя ўзнікае пры вярчэнні дэбалансу), поршневыя, кулачковыя, крывашыпна-шатунныя, электрамагнітныя, электрадынамічныя, магнітастрыкцыйныя, п’езаэлектрычныя і інш.; паводле прызначэння — на тэхнал., транспартавальныя, дазіруючыя і выпрабавальныя. Тэхналагічныя: вібрамолаты, вібрапагружальнікі (для апускання ў грунт і выцягвання з яго паляў, труб, шпунта і інш.), вібрапляцоўкі (для вібраўшчыльнення бетону), вібрацыйныя рашоткі (для выбівання апок), вібраштампы (для штампавання жалезабетонных вырабаў складанай канфігурацыі), вібракаткі (для ўшчыльнення дарожнага пакрыцця; гл. Каток дарожны) і інш. Транспартавальныя: вібрацыйныя транспарцёры, канвееры, пад’ёмнікі, бункеры, помпы (для транспартавання вадкіх, сыпкіх, кускавых матэрыялаў, вырабаў на адлегласць да 100 м і болей). Дазіравальныя — вібрацыйныя дазатары (для адмервання вадкіх і сыпкіх матэрыялаў). Выпрабавальныя: вібрастэнды (для вібрацыйных выпрабаванняў вырабаў або для каліброўкі датчыкаў вібравымяральнай апаратуры), машыны для выпрабавання будынкаў пры штучных сейсмічных нагрузках і інш. Сродкі вібрацыйнай тэхнікі выкарыстоўваюцца ў буд-ве, машынабудаванні, горнай і хім. прам-сці, сельскай і камунальнай гаспадарцы і інш.

Літ.:

Быховский И.И. Основы теории вибрационной техники. М., 1969;

Вибрационные массообменные аппараты. М., 1980;

Варсанофьев В.Д., Кольман-Иванов Э.Э. Вибрационная техника в химической промышленности. М., 1985.

У.​М.​Сацута.

Да арт. Вібрацыйная тэхніка. Вібрапракатны стан для вытворчасці танкасценных жалезабетонных вырабаў: 1 — секцыя цеплавой апрацоўкі; 2 — калібравальная секцыя; 3 — секцыя бетанавання і ўшчыльнення бетону; 4 — секцыя арміравання.
Да арт. Вібрацыйная тэхніка. А — схема вібраапускальніка (1 — электрарухавік, 2 — вібраўзбуджальнік, 3 — паля); Б — схема ўстаноўкі для вібраштампавання жалезабетонных вырабаў (1 — вібраштамп, 2 — прыціскная рама, 3 — аснастка); В — схема вібрапляцоўкі для ўшчыльнення бетону (1 — рухомая рама, 2 — вібраўзбуджальнік, 3 — прыстасаванне для замацоўвання формы).
Да арт. Вібрацыйная тэхніка. Самаперасоўная вібрапліта: 1 — вібраўзбуджальнік; 2 — рабочая пліта; 3 — рухавік.

т. 4, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУРТЭХНІ́ЧНЫЯ РАБО́ТЫ,

работы па наданні ворывапрыдатнага стану паверхні с.-г. угоддзяў. Уключаюць расчыстку зямель ад дрэвава-хмызняковай расліннасці, выдаленне пнёў, ачыстку тарфянікаў ад пахаванай драўніны, знішчэнне купін, выдаленне імховага пачасся, камянёў з паверхні і ворнага гарызонту, планіроўку паверхні, першасную апрацоўку глебы. Выконваюцца на асушальных тарфяна-балотных, забалочаных і залішне ўвільготненых мінер. глебах, а таксама на цалінных, абложных, зарослых хмызняком, засмечаных камянямі, драбнаконтурных землях.

Пры расчыстцы зямель звальваюць дрэвы бульдозерамі або дрэваваламі; зразаюць дрэвава-хмызняковую расліннасць кустарэзамі ці бульдозерамі; карчуюць дрэвы, пні і хмызняк карчавальнікамі. экскаватарамі, трактарамі з тросамі і інш. карчавальнымі машынамі; зграбаюць дрэвава-хмызняковую масу спец. граблямі, падборшчыкамі, валкавальнікамі, пагрузчыкамі ў валы і кучы і знішчаюць іх; фрэзеруюць дрэвава-хмызняковую расліннасць (дыяметрам да 12 см) машынамі глыбокага фрэзеравання з наступным заворваннем рэшткаў драўніны; заворваюць хмызняк балотнымі плугамі; апрацоўваюць расліннасць арбарыцыдамі і выдаляюць драўніну пасля дастатковага згнівання. Ачыстку тарфянікаў ад пахаванай драўніны робяць узорваннем на глыбіню да 50 см балотнымі плугамі або карчавальнікамі з наступным збіраннем і знішчэннем выдаленай драўніны; знішчэнне купін — фрэзераваннем, прыкочваннем гладкімі або нажавымі каткамі, зразаннем; выдаленне імховага пачасся — заворваннем або мех. разрыхленнем і зграбаннем у валы і кучы, а таксама абпальваннем; выдаленне камянёўкаменяўборачнымі машынамі або карчавальнікамі-пагрузчыкамі; планіроўку паверхні — планіроўшчыкамі, грэйдэрамі, бульдозерамі і інш.; першасную апрацоўку глебы (для разбурэння драўніны і стварэння ворнага гарызонту) — узворваннем, дыскаваннем, фрэзераваннем. Пасля К.р. вядуць работы па акультурванні глебы (вапнаванне, унясенне ўгнаенняў, паглыбленне ворнага слоя і г.д.).

П.​М.​Багаслаўчык.

Да арт. Культуртэхнічныя работы. Машыны для першаснай апрацоўкі глебы: а — навясны хмызнякова-балотны плуг для ўзорвання балот і сухадольных зямель (1 — чаранковы нож, 2 — корпус з адвалам і лемяшом, 3 — механізм рэгулёўкі); б — машына для глыбокага суцэльнага фрэзеравання зямель, якія зараслі хмызняком (1 — адвал, 2 — апорны каток, 3 — пліта для здрабнення драўніны, 4 — фрэза, 5 — ушчыльніковы каток). Некаторыя аперацыі па расчыстцы тэрыторыі і першаснай апрацоўцы глебы: 1—2 — валка дрэў; 3 — карчаванне хмызняку карчавальнікам; 4 — культурнае ўзорванне, 5 — раздзелка пласта (дыскаванне) цяжкай дыскавай бараной; 6 — апрацоўка цяжкай зубавай бараной з вычэсваннем каранёў і пнёў; 7 — фрэзераванне балотнай фрэзай.

т. 9, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЬБА́ МАСТА́ЦКАЯ,

спосаб маст. апрацоўкі дрэва, косці, каменю і інш. цвёрдых матэрыялаў шляхам выразання арнаментальных ці сюжэтных кампазіцый; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Р.м. аздабляюць прадметы побыту (мэблю, хатняе начынне, прылады працы), будынкі (гл. Разьба архітэктурная), яе тэхніку выкарыстоўваюць у стварэнні скульптуры. Самаст. від Р.м. — гліптыка.

Узнікла ў глыбокай старажытнасці з паяўленнем рэзальных інструментаў з каменю і косці, пазней — металічных; вядома ўсім народам свету. Шырока вядома Р.м. па лаку ў Кітаі і Японіі, па камені і косці ў Індыі, па ганчу ва Узбекістане. бурацкая каменная пластыка, якуцкая і халмагорская разьба па косці ў Расіі.

На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.м. Контурная разьба выконваецца заглыбленымі лініямі на гладкім фоне, блізкая да гравіравання; выемчатая разьба (пераважна трохгранна-выемчатая) утварае ўзор, заглыблены ў гладкі фон; рэльеф ная разьба мае заглыблены фон і ўзнятыя над ім выявы або ўзор — нізкарэльефныя (барэльеф) ці высокарэльефная (гарэльеф); скразная разьба не мае фону і ўяўляе сабой ажурную кампазіцыю (у залежнасці ад размяшчэння ўзору ў адной ці некалькіх плоскасцях адрозніваюць плоскаажурную і аб’ёмна-ажурную Р.м.); аб’ёмная разьба стварае трохмерную выяву, звычайна скульптуру малых форм. Найб. старадаўняя на Беларусі контурная і аб’ёмная разьба па дрэве і косці. З часоў каменнага веку вядомы касцяныя вырабы, арнаментаваныя контурнай разьбой геам. характару, касцяныя і драўляныя фігуркі жывёл і чалавека, выразаныя вельмі схематычна і ўмоўна. Высокага ўзроўню дасягнула разьба па косці і камені ў 9—13 ст. (Шклоўскі ідал, абразкі з каменю і шыферу, ліцейныя формы). Інтэр’еры храмаў, сядзіб, палацаў, мэблю аздаблялі нізкарэльефнай разьбой па дрэве, якая ў 17—18 ст. развілася ў аб’ёмна-ажурную (гл. Беларуская рэзь). З 17 ст. вядома разьба па шкле (гл. Шкло мастацкае). Фоны абразоў упрыгожвалі разьбой па ляўкасу. Разьбой па дрэве і стука аздаблялі іканастасы, алтары, амбоны, арганы, сцены храмаў і палацаў (гл. Манументальна-дэкаратыўная скульптура). З канца 19 ст. Р.м. пашыралася ў нар. дойлідстве, аздабленні мэблі; разьбой геам. характару аздаблялі хатняе начынне, прадметы побыту, посуд, прылады працы (гл. Берасцяныя вырабы, Камянецкія прасніцы). У наш час Р.м. займаюцца многія нар. майстры, прафес. і самадзейныя мастакі. Бытавыя рэчы, посуд, вырабы сувенірнага і маст. прызначэння з дрэва, рогу, бяросты выпускаюць прадпрыемствы маст. прам-сці (гл. Мастацкіх вырабаў вытворчасць).

Літ.:

Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983;

Сахута Е.М., Говор В.А. Художественные ремесла и промыслы Белоруссии. Мн., 1988.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Разьба мастацкая. Складзень. Візантыя. Разьба па косці. 10—11 ст.
Да арт. Разьба мастацкая. А.​Штанг. Ваза «Поўнач». Халмагорская разьба па косці. Расія. 1977.
Да арт. Разьба мастацкая. Каменная пліта з выявай ільва. Горад Ваўкавыск Гродзенскай вобл. 12 ст.
Да арт. Разьба мастацкая. Фрагмент прасніцы. Камянецкі раён Брэсцкай вобл. 1920-я г.
Да арт. Разьба мастацкая. Самшытавы грэбень. З раскопак Мінскага замчышча. 13 ст.

т. 13, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДМАГІ́ЛЛЕ,

твор скульптуры ці архітэктурнае збудаванне, якія прызначаюцца для ўвекавечвання памяці нябожчыка і ўстанаўліваюцца на яго магіле. Н. ствараюць у выглядзе бюстаў, статуй, рэльефаў, стэл, калон, абеліскаў і інш. Форма і характар Н. абумоўлены сац. і рэліг. патрабаваннямі, пануючым маст. стылем.

Вядомы з часоў неаліту ў выглядзе слупоў, менгіраў, у Стараж. Грэцыі — статуі, стэлы з выявай памерлага. З 11 ст. ў Зах. Еўропе асн. тыпам Н. была тумба (пустая каменная ці бронз. каробка). На сярэдневяковым Каўказе, у Румыніі, на Балканах пашыраны каменныя пліты з арнаментальнай разьбой. Кіт. Н. (верт. пліты) узводзіліся адна над адной і паступова пераўтвараліся ў мемар. сцены. У эпоху Адраджэння Н. выцеснены грабніцамі. У 17—18 ст. партрэтныя выявы часта спалучалі з сімваламі і алегарычнымі фігурамі; большую значнасць набылі надпісы 3 канца 18 — пач. 19 ст. Н. ўстанаўліваюцца на могілках. У Н. 2-й пал. 19—20 ст. рэліг.-дыдактычны пачатак паступова слабее, аздабленнем магілы часцей становіцца партрэт памерлага ці сімвалічна-мемар. эмблема.

На Беларусі Н. вядомы з 16 ст. Уяўлялі сабой каменныя або жал. пліты з тэкстам пра жыццё памерлага, выявамі герба, евангельскіх сцэн, іх клалі на магілу або ў храмах (надмагільная пліта епіскапа Цярлецкага, захоўваецца ў Музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі). Паяўленне скульпт. Н. звязана з уплывам традыцый Адраджэння і дзейнасцю італьян. мастакоў. Захаваліся Н. 16 ст.: А.​Гаштольда — рэльефная выява памерлага (1539—41, скульпт. З.​Бернардзін), П.​Гальшанскага (1550, скульпт. Падавана; абодва ў Віленскім кафедральным саборы), фрагмент мармуровага Н. з выявай спячага дзіцяці з замка ў г.п. Мір (Гродзенскі гісторыка-археал. музей), надмагільны рэльеф М.​К.​Радзівіла Сіроткі (пасля 1616) і Н. ў выглядзе бюста другога яго сына (1608, абодва ў Нясвіжскім касцёле езуітаў), шматфігурная кампазіцыя на пліце ў памяць пра тых, што загінулі пад Хоцімам (пасля 1643, Навагрудскі фарны касцёл), Мікалая і Барбары Вольскіх — укленчаныя адзін супраць аднаго перад крыжам (пасля 1623, Георгіеўскі касцёл у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.), Л.​Сапегі і яго жонак (пасля 1633, касцёл Міхаіла ў Вільні), П.​Сапегі і трох жонак (пасля 1635, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., цяпер у Музеі стараж.-бел. культуры). Рысы класіцызму выяўляюцца ў маст. вырашэнні надмагілля Б.​Біспінка з мармуровай выявай жанчыны, якая сядзіць на саркафагу (1789, скульпт. І.​Прукнер, Троіцкі касцёл, г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.), К.​Радзівіл (1825, Нясвіжскі касцёл езуітаў), графа М.​П.​Румянцава (1834, скульпт. В.​Дэмут-Маліноўскі, Гомельскі краязнаўчы музей), брата А.​Міцкевіча Аляксандра (пасля 1873, г. Кобрын Брэсцкай вобл.), А.​Чахоўскага (пасля 1858, в. Лунна Мастоўскага р-на), С.​Пац (19 ст., Троіцкі касцёл, г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.), А.​Тызенгаўза з бронзавай выявай сядзячай жанчыны і партрэтным медальёнам (1887, скульпт. Т.​Дукас, Гродзенскі касцёл езуітаў). У 2-й пал. 20 ст. створаны шэраг значных Н. дзярж. дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў: Я.​Коласа (1970, скульпт. У.​Ананька, М.​Якавенка, арх. М.​Мызнікаў), Я.​Купалы (1971, скульпт. А.​Анікейчык і А.​Заспіцкі), І.​Жыновіча (1976, скульпт. З.​Азгур), І.​Мележа (1980, скульпт. С.​Вакар, арх. Ю.​Казакоў), П.​М.​Машэрава (1983, скульпт. Анікейчык, арх. Л.​Левін, Ю.​Градаў), Е.​Лось (1985, скульпт. Заспіцкі), І.​І.​Грамовіча (скульпт. М.​Рыжанкоў), А.​А.​Анікейчыка (абодва 1988, скульпт. А.​Фінскі), Ю.​А.​Карачуна (скульпт. У.​Лятун), В.​Ц.​Турава (абодва 1999, скульпт. Якавенка). У мемар. комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» створана агульнае Н. над некропалем герояў, што загінулі ў крэпасці (1967—71, арх. У.​Кароль, Казакоў, В.​Волчак, В.​Занковіч, Г.​Сысоеў і інш.). Н.-стэлы ўстаноўлены ахвярам фашызму каля в. Маціёва Талачынскага р-на (1967) і ў г. Докшыцы (1968), на брацкай магіле партызан, ахвяр фашызму і землякоў у в. Масевічы Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. (1975), гомельскім апалчэнцам і Ц.​С.​Барадзіну (1975, скульпт. Г.​Гарбанёў), на брацкай магіле чырвонагвардзейцаў у в. Калышкі Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. (1983) і інш.

А.​К.​Лявонава.

Надмагілле Мікалая і Барбары Вольскіх у Георгіеўскім касцёле вёскі Крамяніца Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобл.
Да арт. Надмагілле. Помнік на магіле Янкі Купалы. 1971. Скульптары А.​Анікейчык і А.​Заспіцкі.

т. 11, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)