ЧАРНЯХО́ЎСКІ Іван Данілавіч (29.6.1906, с. Аксаніна Уманскага р-на Кіеўскай вобл., Украіна — 18.2.1945),

савецкі ваен. дзеяч. Ген. арміі (1944). Двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1944). Скончыў Кіеўскую артыл. школу (1928), Ваен. акадэмію механізацыі і матарызацыі РСЧА (1936). У Чырв. Арміі з 1924. У 1938—41 у БВА: камандзір легкатанк. палка, нам. камандзіра танк. дывізіі. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., Варонежскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах: камандзір танк. і стралк. дывізій, танк. корпуса, камандуючы арміяй. Удзельнік абароны Ноўгарада, Варонежа; вызначыўся ў Курскай бітве, Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі 1943, Варонежска-Касторненскай, Кіеўскай, Жытомірска-Бярдзічаўскай, Роўна-Луцкай наступальных аперацыях. З крас. 1944 камандуючы войскамі 3-га Бел. фронту, якія разам з 1-м Прыбалт. фронтам ажыццявілі Віцебска-Аршанскую аперацыю 1944, а з 1-м і 2-м Бел. франтамі — Мінскую аперацыю 1944, стварылі мінскі «кацёл»; вызвалілі Віцебск, Оршу, Барысаў, Мінск, Ліду, Вільнюс і інш. населеныя пункты. Войскі на чале з Ч. першыя ўступілі ва Усх. Прусію і Паўн. Польшчу, выйшлі на подступы да г. Кёнігсберг. Каля г. Мельзак (цяпер г. Пянежна, Польшча) Ч. смяротна паранены. Каля в. Рэдзькі Дубровенскага р-на на месцы каманднага пункта Ч. мемар. пліта, у в. Сцешыцы Вілейскага р-на яго бюст. У гонар Ч. г. Інстэрбург Калінінградскай вобл. (Расія) перайменаваны ў г. Чарняхоўск.

Літ.:

Люди бессмертного подвига. Кн. 2. 4 изд. М., 1975;

Герои огненных лет. Кн. 6. М., 1983;

Шарипов А.А. Черняховский. 3 изд. М., 1985;

Алексеев Н.И. Осколком оборванная жизнь. 2 изд. М., 1983.

І.Д.Чарняхоўскі.

т. 17, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)