ЛІ́НІЯ ПЕРАМЕ́НЫ ДА́ТЫ,

умоўная лінія на паверхні зямнога шара для размежавання месцаў, дзе ў адзін і той жа момант часу каляндарныя даты розняцца на адны суткі. Праведзена па Ціхім ак., прыблізна па 180° даўгаты так, што яна не праходзіць па сушы, за выключэннем Антарктыды. На захад ад Л.п.д. каляндарная дата на 1 суткі большая, чым на ўсход.

т. 9, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТЛАС ГЕАГРАФІ́ЧНЫ,

сістэматызаваны збор геаграфічных картаў. Аб’яднаны агульнай назвай, выкананы па адзінай праграме сродкамі картаграфічнага адлюстравання ў форме цэласнага картаграфічнага твора. Назва дадзена фламандскім картографам Г.​Меркатарам (збор картаў; 1595) у гонар Атласа, міфічнага караля Лівіі. Класіфікуюць атласы па тэр. ахопе — атласы геаграфічныя свету, асобных кантынентаў ці буйных частак, краін, асобных абласцей, правінцый і раёнаў, атласы гарадоў; па змесце — агульнагеаграфічныя, тэматычныя (геал., кліматычныя, сельскай гаспадаркі, прам-сці і г.д.); па прызначэнні — навукова-даведачныя, краязнаўчыя, вучэбныя, ваенныя, турысцкія, дарожныя і інш.; па фармаце — настольныя (сумарная пл. больш за 15 м²), сярэднефарматныя (пл. ад 6 да 14 м²), кішэнныя (пл. не больш за 5 м²). Атласы геаграфічныя могуць уключаць тэксты, табліцы, даведачна-статыстычныя звесткі. Першы сістэматызаваны збор картаў склаў стараж.-грэч. географ К.​Пталамей (2 ст. нашай эры). Атлас «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» выдадзены ў 1958, вучэбны атлас — у 1990 (атлас «Беларуская ССР»).

А.​В.​Саломка.

т. 2, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХПО́ЛЮСНАЕ ТЭЛЕГРАФАВА́ННЕ,

тэлеграфаванне пастаянным токам, калі па лініях сувязі пасылкі аднаго напрамку (палярнасці) току перадаюцца ўслед за пасылкамі процілеглага напрамку. У параўнанні з аднаполюсным тэлеграфаваннем мае павялічаную скорасць перадачы, меншыя скажэнні знакаў, меншы ўплыў умоў надвор’я і інш. Выкарыстоўваецца для далёкай тэлеграф. сувязі па правадах.

т. 6, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЯПРЭ́Ц,

рака ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток р. Быстрая (бас. Дняпра). Даўж. 25 км. Пл. вадазбору 71 км² Пачынаецца за 1 км на ПнУ ад в. Зайцава. Цячэ па паўд. схілах Смаленскага ўзв. і па Горацка-Мсціслаўскай раўніне. На рацэ вадасх. Дняпрэц.

т. 6, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСЕМІНА́ЦЫЯ (ад дыс... + лац. semino рассейваю, рассыпаю),

распаўсюджанне ўзбуджальніка інфекц. хваробы з першаснага ачага ці пухлінных клетак з асн. вузла па крывяноснай і лімфатычнай сістэмах у межах аднаго органа ці па ўсім арганізме. За Д. бывае генералізацыя паталаг. працэсу, развіццё новых, часта шматлікіх, ачагоў (метастазаў).

т. 6, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРКАЛЯ́РНЫ РОСТ, уставачны рост,

рост раслін у даўжыню ў выніку дзялення клетак утваральнай тканкі (мерыстэмы), якая знаходзіцца ніжэй верхавіны органа (напр., у міжвузеллях сцёблаў злакаў, у аснове ліста). Пры І.р. сцябло расце па ўсёй даўжыні. У розных раслін хуткасць росту сцябла неаднолькавая. Напр., у бамбука прырост парасткаў да 30 см за сут, канчатковай выш. 30 м ён дасягае за некалькі месяцаў, інш. дрэвы — за дзесяткі гадоў.

т. 7, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЛА́СА ЎРАЎНЕ́ННЕ,

дыферэнцыяльнае ўраўненне з частковымі вытворнымі Δu(x, y, z) = 0, дзе Δ — Лапласа аператар, u(x, y, z) — шуканая функцыя. Уведзена П.Лапласам (1782) у працах па нябеснай механіцы і тэорыі гравітацыйнага патэнцыялу.

Да Л.ў. зводзіцца шэраг задач фізікі і тэхнікі, напр., яго задавальняе т-ра пры стацыянарных працэсах, патэнцыял эл.-статычнага поля па-за межамі зарадаў, гравітацыйны патэнцыял па-за межамі прыцягальных мас. У прамавугольных дэкартавых каардынатах яно мае выгляд ∂2u ∂x2 + ∂2u ∂y2 + ∂2u ∂z2 = 0 , дзе x, y, z — незалежныя пераменныя Рашэнні Л.ў., якія маюць неперарыўныя частковыя вытворныя да 2-га парадку ўключна, наз. гарманічнымі функцыямі.

А.​А.​Гусак.

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНЫЯ АПЕРА́ЦЫІ,

від банкаўскай дзейнасці па куплі-продажу замежнай валюты і каштоўных папер, выражаных у замежнай валюце, а таксама па ажыццяўленні інш. здзелак з валютнымі каштоўнасцямі. Уключае аперацыі, звязаныя з пераходам права ўласнасці на валютныя каштоўнасці (замежную валюту, каштоўныя паперы ў замежнай валюце, каштоўныя металы, прыродныя камяні і інш.), выкарыстаннем у якасці сродку плацяжу замежнай валюты ў знешнеэканам. дзейнасці, увозам і перасылкай валютных каштоўнасцей, ажыццяўленнем міжнар. грашовых пераводаў. Валютныя аперацыі бываюць бягучыя і звязаныя з рухам капіталу. Да бягучых адносяцца: аперацыі па куплі-продажу валютных каштоўнасцей, тавараў і паслуг, рэалізацыі права на інтэлектуальную ўласнасць, разлікі за якія ажыццяўляюцца без адтэрміноўкі плацяжу і не маюць на мэце давання і залучэння пазыковых сродкаў; пераводы сродкаў за мяжу і з-за мяжы, працэнтаў, дывідэндаў і інш. даходаў ад банкаўскіх фін. аперацый; пераводы сродкаў негандл. характару. Валютныя аперацыі, звязаныя з рухам капіталу, уключаюць: інвестыцыі, у т. л. набыццё і продаж каштоўных папер; даванне і атрыманне крэдытаў, залучэнне сродкаў і размяшчэнне іх на рахунках і ўкладах; рух капіталу ў таварнай форме па экспартна-імпартных аперацыях; фін. аперацыі, выкананне якіх праз пэўны тэрмін прадугледжвае плацяжы ці пераход права ўласнасці на валютныя каштоўнасці. Адрозніваюць валютныя аперацыі наяўныя («своп»: разлік ажыццяўляецца ў момант заключэння здзелкі ці праз мінімальна кароткі тэрмін па курсе, зафіксаваным на момант здзелкі) і тэрміновыя («форвард»: маюць на мэце плацяжы ў тэрмін і па курсе, зафіксаваным на момант здзелкі).

Г.​І.​Краўцова.

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДЗЕ́ЛЬНАЯ АПЛА́ТА ПРА́ЦЫ,

форма аплаты працы, пры якой заработная плата работніка вызначаецца за кожную адзінку выкананай работы (м​З, м, шт. і г.д.) па здзельнай расцэнцы. Пры прамой здзельнай сістэм е аплата працы ставіцца ў залежнасць ад яе вынікаў — колькасці вырабленай прадукцыі па нязменнай (прамой) здзельнай расцэнцы. Ускосная здзельная сістэма практыкуецца пры аплаце працы дапаможных рабочых, якія займаюцца тэхн. абслугоўваннем і бягучым рамонтам абсталявання. Іх заработак ставіцца ў залежнасць ад вынікаў працы абслугоўваемых ім рабочых-здзельшчыкаў. Пры здзельна-прэміяльнай сістэме працаўніку акрамя аплаты працы налічваецца прэмія за выкананне і перавыкананне колькасных і якасных паказчыкаў. Здзельна-прагрэсіўная сістэма адрозніваецца ад прамой здзельнай тым, што ўся прадукцыя, вырабленая звыш нормы, аплачваецца не па звычайнай (прамой) здзельнай расцэнцы, а па павялічанай (прагрэсіўнай). У спалучэнні з прэміяльнай аплатай яна ўтварае здзельна-прагрэсіўна-прэміяльную сістэму. Пры акорднай а п лаце працы заработак устанаўліваецца не на асобную аперацыю, а на ўвесь аб’ём работ. Пры гэтым работнікі прэміруюцца за скарачэнне тэрмінаў выканання акорднага задання, што стымулюе ролю гэтай сістэмы ў росце прадукцыйнасці працы. З.а.п. можа быць індывідуальнай, калі вынікі працы кожнага работніка ўлічваюцца і аплачваюцца паасобна, і калектыўнай, калі аплата працы робіцца па выніках працы калектыву (брыгады). Існуе брыгадная (калектыўная) аплата працы па канчатковых выніках на падставе комплексных норм выпрацоўкі і расцэнак калект. (брыгаднага) падраду. Гл. таксама Заработная плата.

У.​Г.​Залатагораў.

т. 7, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕ́ЛАСЦЬ,

1) лад жыцця, пры якім чалавек або людзі жывуць на адным месцы. Абумоўлена пэўнымі формамі гаспадаркі. З’явілася з узнікненнем рыбалоўства і матычнага земляробства ў пач. неаліту.

2) Цэнз аселасць — заканадаўча ўстаноўлены ў некаторых краінах перыяд, на працягу якога грамадзянін павінен жыць на адным месцы, каб атрымаць права ўдзелу ў выбарах прадстаўнічых органаў дзяржавы.

3) У некаторых краінах тэрыторыя, па-за якой не маюць права жыць пэўныя слаі насельніцтва (напр., нац. меншасці). У Рас. імперыі ў 1791 была вызначана тэр., па-за якой забаранялася пастаянна жыць яўрэям. Гл. Мяжа аселасці.

т. 2, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)