МЕ́ЛАС (грэч. melos),

1) у Стараж. Грэцыі — напеў, мелодыя. У муз.-тэарэт. трактатах М. разумелі як уласна муз. бок песні (у адрозненне ад вершаў і танц. руху). Складаецца з гукаў, інтэрвалаў і працягласцей. М. называлі таксама лірычны верш, прызначаны для спеваў.

2) Абагульненае паняцце меладычнага, песеннага пачатку ў музыцы. Першакрыніцы М. — цякучасць, працягласць, энергія і сіла меладычнай плыні. У рас. музыказнаўстве канцэпцыю М. абгрунтаваў Б.Асаф’еў.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУ́ЛІНСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (назва ад в. Мікуліна Руднянскага р-на Смаленскай вобл.),

эпоха цёплага клімату паміж маскоўскім зледзяненнем (або маскоўскай стадыяй дняпроўскага зледзянення) і валдайскім зледзяненнем у пачатку позняга плейстацэну (ад 115 да 130 тыс. гадоў назад) на тэр. еўрапейскай ч. Расіі. На тэр. Зах. і сярэдняй Еўропы адпавядае рыс-вюрму, земскаму, у Зах. Сібіры — казанцаўскаму міжледавікоўю, на тэр. Беларусі — муравінскаму міжледавікоўю.

А.​Ф.​Санько.

т. 10, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎКУБІ́ЧНАЯ ПАРА́БАЛА, парабала Нейля,

плоская алг. крывая 3-га парадку. Ураўненне ў прамавугольных каардынатах: y = ax3/2; параметрычныя ўраўненні: х =t​2, у = at​3. Пункт звароту 1-га роду ў пачатку каардынат. Наз. імем англ. матэматыка У.​Нейля, які вылічыў даўжыню яе дугі (1657). Матэрыяльны пункт пад уздзеяннем сілы цяжару рухаецца ўздоўж дугі П.п. з пастаяннай скорасцю.

Паўкубічная парабала y = ax3/2.

т. 12, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНАЯ ПАДСТА́НЦЫЯ,

электрычная падстанцыя для пераўтварэння эл. току пераважна па частаце і колькасці фаз (напр., пераменнага току ў пастаянны). Аснашчаюцца гал. чынам вентыльнымі выпрамнікамі току. Забяспечваюць пастаянным токам электрыфікаваны транспарт, электрахім. ўстаноўкі і інш. На ЛЭП пастаяннага току служаць для пераўтварэння трохфазнага току прамысл. частаты ў пастаянны ў пачатку лініі (выпрамляльныя П.п.) і адваротнага пераўтварэння току ў канцы лініі (інвертарныя П.п., на якіх выкарыстоўваюцца рознага тыпу інвертары).

т. 12, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ФАРА (грэч. anaphora літар. вынясенне ўверх),

адзінапачатак, стылістычная фігура ў вершаскладанні — паўтарэнне аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў у пачатку вершаваных радкоў або суседніх строфаў (адпаведна выдзяляюць гукавую, лексічную і сінтаксічную анафару). Павышае эмацыянальнасць паэт. выказвання, узвышае яго тон, кампазіцыйна арганізуе, яднае асобныя радкі і часткі тэксту. Прыклад лексічнай анафары:

Зноў навіслі цёмны хмары,
Зноў туманы неба крыюць,
Зноў па свеце ходзяць мары,
Зноў крапчэй нам віхры выюць...
(Цётка. «Бура ідзе»)

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЕДЭ́ЦІ МІКЕЛА́НДЖЭЛІ ((Benedetti Michelangeli) Артура) (н. 5.1.1920, г. Брэшыя, Італія),

італьянскі піяніст, педагог; адзін з найбуйнейшых піяністаў сучаснасці. Праф. Балонскай і Венецыянскай кансерваторый. Яго выкананне адметнае віртуознай тэхнікай, стрыманай прыгажосцю, бездакорнай падпарадкаванасцю аўтарскаму тэксту. На пачатку творчасці ў рэпертуары пераважала музыка сучасных кампазітараў, пазней — творы фп. класікі. 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе музыкантаў-выканаўцаў (Жэнева, 1939).

Літ.:

Kaiser J. Große Pianisten in unserer Zeit. 3 Aufl. München, 1977.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛДА́ЙСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

апошняе зледзяненне плейстацэну ў еўрап. ч. Расіі. Адбылося 80—11 тыс. г. назад. У пачатку зледзянення ледавік дасягаў макс. памераў і даходзіў да цяперашняга г. Цвер (ранневалдайская, калінінская, падпарожская стадыя), пасля чаго настала пацяпленне (сярэдневалдайскае, ленінградскае, манчалоўскае). У канцы валдайскага зледзянення ледавік зноў пашырыўся і падыходзіў да сучаснага Валдайскага узв. (познавалдайская, асташкаўская стадыі). Валдайскае зледзяненне адпавядае паазерскаму зледзяненню ў Беларусі, вюрмскаму зледзяненню ў Альпах, віскансінскаму ў Паўн. Амерыцы, вейхзельскаму, віслінскаму ў Зах. Еўропе.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАЛЮ́БАЎ (Аляксей Пятровіч) (28.3.1824, с. Памяранне Ленінградскай вобласці — 7.11.1896),

рускі жывапісец-марыніст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1850—53), у 1854—60 працаваў у Парыжы, Дзюсельдорфе. З 1873 жыў у Францыі. На пачатку творчага шляху зазнаў уплыў І.Айвазоўскага. Аўтар рамантычных пленэрных пейзажаў і панарамных марскіх баталій: «Грэнгамская бітва» (1866), «Лес у Вёле. Нармандыя» (1871), «Вусце Нявы» (1872) і інш. Заснаваў Мастацкі музей імя А.​М.​Радзішчава (1885) і Рысавальнае вучылішча ў Саратаве (1897).

т. 2, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР VI (Alexander; свецкае Радрыга Борджа; Rodrigo Borgia; 1.1.1430 ці 1431 — 18.8.1503),

папа рымскі з 1492. Імкнуўся стварыць у цэнтры Італіі моцную дзяржаву, дзеля чаго падтрымліваў заваёўніцкія планы свайго сына Чэзарэ Борджа, прадаваў царк. пасады, збіраў крыжаносную дзесяціну, канфіскоўваў маёмасць заможных асоб. Паліт. праціўнікаў ліквідаваў з дапамогай атруты і кінжала. У 1497 адлучыў ад царквы свайго праціўніка Саванаролу і садзейнічаў пакаранню яго смерцю. На пачатку італьянскіх войнаў 1494—1559 лавіраваў паміж варагуючымі бакамі.

т. 1, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕНХАТЭ́П III,

егіпецкі фараон [1417—1379 да н.э.] эпохі Новага царства (XVIII дынастыя). На пачатку яго праўлення Егіпет дасягнуў найб. ваен. магутнасці сярод дзяржаў Усх. Міжземнамор’я, пашырыў тэр. ад вярхоўя Еўфрата на Пн да 4-га парога Ніла на Пд. Пры ім пабудаваны храм Амона-Ра ў Луксоры і надмагільны храм Аменхатэпа III з вялізнымі статуямі цара — «калосамі Мемнана». У апошнія гады праўлення Аменхатэпа III унутр. супярэчнасці і націск хетаў аслабілі краіну.

т. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)