электрычныя патэнцыялы, якія ўзнікаюць у жывых тканках і асобных клетках чалавека, жывёл і раслін; паказчык біяэл. актыўнасці; важнейшыя кампаненты працэсаў узбуджэння і тармажэння. Вызначаюцца іх рознасцю паміж двума пунктамі жывой тканкі. Асн. віды: мембранныя, або біяэлектрычныя патэнцыялы спакою, дзеяння, постсінаптычныя. Інш. віды біяэлектрычных патэнцыялаў розных органаў і тканак — аналагі або вытворныя асноўных.
Мембранны патэнцыял — рознасць патэнцыялаў паміж вонкавым і ўнутр. бакамі мембраны жывой клеткі. Абумоўлены нераўнамерным размеркаваннем іонаў (у першую чаргу іонаў натрыю і калію) паміж унутр. саставам клеткі і асяроддзем вакол клеткі. Унутр. частка мембраны ў спакоі зараджана адмоўна, вонкавая — дадатна. Патэнцыял дзеяння характэрны для спецыялізаваных узбуджальных утварэнняў, паказчык развіцця працэсу ўзбуджэння. Забяспечвае, напр., распаўсюджванне ўзбуджэння ад рэцэптараў да нерв. клетак і далей ад клетак да мышцаў, залоз, тканак У мышачным валакне садзейнічае сувязі фіз.-хім. і ферментатыўных рэакцый, якія закладзены ў аснову скарачэння мышцаў. Постсінаптычныя патэнцыялы (узбуджальны і тармазны) узнікаюць на невял. участках клетачнай мембраны. Месцы ўзнікнення градыентаў — мембраны, якія адрозніваюцца структурай і іонаабменнай уласцівасцю. Асноўная крыніца энергіі — адэназінтрыфосфарная кіслата (АТФ). Біяэлектрычныя патэнцыялы інфармуюць аб стане і дзейнасці розных органаў. Іх рэгіструюць і вымяраюць пры даследаванні функцый арганізма, тканак і асобных клетак. У мед. практыцы ў дыягнастычных мэтах рэгіструюць біяэлектрычныя патэнцыялы сэрца (электракардыяграфія), мозга (эл.-энцэфалаграфія), мышцаў (эл. міяграфія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЗЕ—ЭЙНШТЭ́ЙНА РАЗМЕРКАВА́ННЕ,
функцыя размеркавання на ўзроўнях энергіі тоесных часціц з нулявым ці цэлалікавым спінам (базонаў) пры ўмове, што ўзаемадзеянне паміж часціцамі можна не ўлічваць. Вызначае ўласцівасці ідэальнага квантавага газу, які падпарадкоўваецца Бозе — Эйнштэйна статыстыцы.
Паводле Бозе-Эйнштэйна размеркавання ni = [exp((εi-μ)/kT)−1]−1, дзе ni — сярэдні лік часціц у стане з энергіяй εi, i — набор квантавых лікаў, якія характарызуюць стан часціцы, μ — хім.патэнцыял, k — Больцмана пастаянная, T — абс.т-ра. Бозе—Эйнштэйна размеркаванне выкарыстоўваецца пры разліках тэрмадынамічных характарыстык эл.-магн. выпрамянення і кандэнсаваных асяроддзяў пры нізкіх т-рах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗРО́ВЕНЬ ЭКАНАМІ́ЧНАГА РАЗВІЦЦЯ́,
стан нар. гаспадаркі краіны, групы краін, эканам. раёна на пэўны гіст. момант. Характарызуецца паказчыкамі: валавы нацыянальны прадукт на душу насельніцтва; вытв-сцьвалавога ўнутранага прадукту, матэрыяльных даброт; структура грамадскай вытв-сці (доля прам-сці і сельскай гаспадаркі ў нар. гаспадарцы, аб’ём і тэмпы развіцця прагрэс. галін эканомікі і інш.); колькасны і якасны ўзровень занятасці насельніцтва; узровень выкарыстання прыродных багаццяў; узровень прадукцыйнасці працы, канцэнтрацыі вытворчасці, спецыялізацыі вытворчасці, якасці прадукцыі. Адрозніваецца ад эканамічнага патэнцыялу, малая краіна можа мець невялікі эканам.патэнцыял і высокі У.э.р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГАЛЕ́ЦЦЕ,
сацыяльна-біялагічная з’ява, якая характарызуецца дажываннем чалавека да высокіх узроставых рубяжоў. Даўгавечнымі наз. людзей, якім больш за 90 гадоў. Многія з іх захоўваюць добрую памяць, цікавасць да навакольнага свету і ў значнай ступені працаздольнасць. У іх добра працуе сэрца, эндакрынная сістэма, моцны і ўраўнаважаны тып вышэйшай нерв. дзейнасці; яны ўстойлівыя да стрэсаў і інфекц. хвароб. Вывучае Д. геранталогія.
Спрыяюць Д. генет.патэнцыял, спадчыннасць, сац.-эканам. ўмовы, матэрыяльны дабрабыт, пэўныя псіхічныя і матэрыяльныя перадумовы, фіз. праца, рэжым харчавання, высокі ўзровень грамадскай санітарыі, аховы здароўя, неўжыванне тытуню і алкаголю. На Беларусі найбольш даўгавечнікаў у Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАСАКРЭ́ЦЫЯ (ад нейра... + сакрэцыя),
утварэнне і выдзяленне спецыялізаванымі нерв. клеткамі (т.зв. нейрасакраторнымі) нейрагармонаў. Нейрагармоны, звязаныя з бялкамі-носьбітамі (нейрафізінамі і інш.), звычайна ўтвараюцца ў цытаплазме клетак (радзей у ядры), выдзяляюцца пераважна праз нерв. канцы (тэрміналі) у гемалімфу, кроў, тканкавую або спіннамазгавую вадкасць і рэгулююць функцыі вісцэральных органаў, у т. л. эндакрынных залоз, і ц. н. с. Самі нейрасакраторныя клеткі, як і звычайныя нейроны, здольныя генерыраваць патэнцыял дзеяння і распаўсюджваць імпульс па аксонах да іх канцоў, пад уплывам якога нейрагармон — бялок-носьбіт выдзяляецца ў навакольнае асяроддзе. Функцыян. актыўнасць клетак кантралюецца класічнымі нейронамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ДРАСЦЬ,
вышэйшы духоўны патэнцыял чалавека, які сінтэзуе многія віды пазнання і актыўныя адносіны чалавека да свету. Летазлічэнне духоўнай культуры кожнага народа пачынаецца з першых мудрацоў, дзякуючы якім якасць мыслення становіцца адным з найважнейшых паказчыкаў грамадскага прагрэсу. Вобраз мудрага чалавека — носьбіта ісціны, эталона жыццёвых паводзін — заўсёды разглядаўся як зямное ўвасабленне філас. ісціны. У хрысціянстве разуменне М. ўзнікае разам з ідэяй асабістага выратавання і грамадскага ўдасканалення: мудрэц — пераўтваральнік і настаўнік жыцця. Этычны сэнс М. ў тым, што нар. свядомасць захоўвае слова «мудры» для абазначэння таго, хто спалучае ў сабе любоў і праўду, пракладвае шлях да міру і згоды, нясе людзям дабро і справядлівасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДНАСЦЬ ДА ЭЛЕКТРО́НА,
здольнасць атама, малекулы далучаць электрон з утварэннем адмоўнага іона. Колькасна роўная энергіі іанізацыі адмоўнага іона (X−); вымяраецца ў электрон-вольтах (гл.Іанізацыі патэнцыял). Найб. Р. да э. (3—4 эВ) маюць атамы галагенаў. Для шэрагу хім. элементаў блізкая да нуля ці адмоўная, гэта азначае, што не існуе ўстойлівых адмоўных іонаў гэтых элементаў. Для малекул Р. да э. звычайна мае значэнні ад 0 да 4 эВ, але ёсць малекулы са значна большымі значэннямі Р. да э. (напр., для малекулы гексафтарыду плаціны Р. да э. роўная 7 эВ). Малекулы з высокімі значэннямі Р. да э. — моцныя акісляльнікі, з дапамогай якіх былі атрыманы хім. злучэнні інертных газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІТЫЗА́ЦЫЯ,
сукупнасць працэсаў у зямной кары, у выніку якіх цвёрдыя горныя пароды рознага паходжання ператвараюцца ў граніты. У выніку гранітызацыі адбываецца абагачэнне пярвічных парод крэменязёмам і шчолачнымі металамі (калій, натрый) і вынас з іх жалеза, магнію, кальцыю і інш. кампанентаў. У працэсе гранітызацыі хім.патэнцыял шчолачаў, гліназёму і крэменязёму нарастае, дасягаючы таго ўзроўню, пры якім адбываецца абагачэнне пароды палявым шпатам і далей кварцам з утварэннем гранітаў. Развіваецца пераважна ў глыбінных зонах геасінкліналей пазней гал. фаз складкаўтварэння. Вылучаюць 3 генетычныя тыпы гранітызацыі: метасаматычная, палінгенна-метасаматычная і інфільтрацыйна-анатэктычная. На тэр. СНД шырокае развіццё гранітызацыі прымеркавана да дакембрыйскіх тоўшчаў (Кольскі п-ваў, Расія), Украінскі крышталічны шчыт, Беларуская антэкліза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАСТАТЫ́ЧНАЕ ПО́ЛЕ,
поле фізічнае, створанае нерухомымі эл. зарадамі; асобны выпадак электрамагнітнага поля. Сілавая характарыстыка Э.п. — напружанасць электрычнага поля, энергетычная — электрычны патэнцыял.
Сілавыя лініі напружнасці Э.п. не замкнутыя: яны пачынаюцца на дадатных эл. зарадах і канчаюцца на адмоўных (ці ідуць у бясконцасць). У дыэлектрыках Э.п. характарызуецца вектарам электрычнай індукцыі, які падпарадкоўваецца Гаўса тэарэме. У аднародных дыэлектрыках у выніку палярызацыі дыэлектрыка Э.п. аслабляецца ў ε разоў, дзе ε — дыэлектрычная пранікальнасць. Унутры праваднікоў Э.п. роўнае нулю (у т. л. ўнутры поласці пустацелага правадніка), на чым грунтуецца эл.экранаванне. Э.п. патэнцыяльнае, г.зн. што работа па перамяшчэнні эл. зараду паміж любымі 2 пунктамі Э.п. не залежыць ад формы траекторыі і вызначаецца толькі рознасцю эл. патэнцыялаў паміж гэтымі пунктамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННА-ДЗІ́РАЧНЫ ПЕРАХО́Д, p—n-пераход,
вобласць паўправадніка, у якой тып эл. праводнасці мяняецца ад дзірачнай p (легіраванай акцэптарамі) да электроннай n (легіраванай донарамі).
Пры адсутнасці току кантактнае эл. поле, накіраванае ад нескампенсаваных электронамі праводнасці дадатна зараджаных донараў да нескампенсаваных дзіркамі адмоўна зараджаных акцэптараў, перашкаджае дыфузіі электронаў і дзірак насустрач адзін аднаму. Падвойны электрычны слой паміж электранейтральнымі p- і n-абласцямі з’яўляецца энергет. бар’ерам для руху электронаў n-вобласці ў p-вобласць і дзірак p-вобласці ў n-вобласць. Калі знешні дадатны эл.патэнцыял прыкладзены да p-вобласці, а адмоўны — да n-вобласці, г.зн. знешняе эл. поле накіравана процілегла кантактнаму полю, то энергет. бар’ер для руху электронаў і дзірак памяншаецца (прамое зрушэнне). Калі дадатны патэнцыял прыкладзены да n-вобласці, а адмоўны — да p-вобласці, то энергет. бар’ер павялічваецца (адваротнае зрушэнне). Адсюль вынікае асн. ўласцівасць p—n-пераходу — залежнасць яго супраціўлення ад напрамку і велічыні знешняга эл. поля. Пры прыкладанні да Э.-дз.п. дастаткова вял. адваротнага зрушэння ўзнікае электрычны прабойp—n-пераходу, і ток рэзка нарастае. Залежнасць таўшчыні падвойнага эл. слоя ад рознасці патэнцыялаў паміж n- і p-абласцямі дае магчымасць выкарыстоўваць Э.-дз.п. як кандэнсатар з ёмістасцю, кіравальнай знешняй крыніцай эл. поля. На залежнасці току насычэння ад розных знешніх уздзеянняў (цеплавых, мех., аптычных і інш.) заснаваны прынцыпы работы датчыкаў т-ры, ціску, іанізавальных выпрамяненняў і інш. Э.-дз.п. — аснова многіх паўправадніковых прылад (транзістараў, тырыстараў, лазерных дыёдаў, сонечных батарэй і інш.).
Літ.:
Гл. да арт.Паўправадніковыя прылады.
М.А.Паклонскі.
Да арт.Электронна-дзірачны пераход: 1 — схема p-n-пераходу (з электрычнымі кантактамі); 2 — залежнасць току I праз p-n-пераход ад рознасці электрычных патэнцыялаў U паміж электранейтральнымі p- і n-абласцямі: U1 — напружанне адкрывання p—n-пераходу; IS — ток насычэння; U2 — прабіўное напружанне (|U2| ≫ |U1|. Залежнасці I(U) пры прамым і адваротным зрушэннях прыведзены ў розных маштабах.