МЭН (Maine),

заліў Атлантычнага ак., на паўд.-ўсх. узбярэжжы ЗША і Канады. Абмежаваны паўастравамі Новая Шатландыя на ПнУ і Кейп-Код на ПдЗ. Пл. 95 тыс. км². Глыб. да 227 м. Берагі моцна парэзаныя. На ПнУ — зал. Фанды, у якім вышыня паўсутачных прыліваў да 18 м (найб. ў Сусв. ак.). Асн. парты: Бостан, Портсмут і Портленд (ЗША), Сент-Джон (Канада).

т. 11, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭТА́НЬ (Bretagne),

паўвостраў на ПнЗ Францыі. Абмываецца на Пн прал. Ла-Манш і зал. Сен-Мало, на З Атлантычным ак., на Пд Біскайскім зал. Значная ч. Брэтані занята Армарыканскім узв. (выш. да 391 м, горы Арэ). Берагі пераважна скалістыя, на З — рыясавага тыпу. Клімат умераны марскі. Верасоўнікі, тарфяныя пустэчы; трапляюцца дубовыя і букавыя лясы. Характэрны культ. ландшафт тыпу бакаж. Гал. парты Нант і Брэст.

т. 3, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТНІ́ЧНЫ ЗАЛІ́Ў (швед. Bottniska viken, фін. Pohjanlahti),

паўночная частка Балтыйскага м., паміж Швецыяй і Фінляндыяй. Злучаецца з адкрытым морам пралівам Сёдра-Кваркен паміж Аландскімі а-вамі і берагам Швецыі. Пл. 117 тыс. км². Даўж. 668 км, шыр. да 240 км. Найб. глыб. 290 м. Шэраг невял. астравоў — шхераў. Зімой замярзае. Прылівы мяшаныя, на Пн сутачныя (да 0,1 м). Гал. парты: Васа, Оўлу, Поры (Фінляндыя), Лулео, Умее (Швецыя).

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ НЯВО́ЛЬНІЦКАЕ ВО́ЗЕРА (Great Slave Lake),

возера на ПнЗ Канады. Пл. 28,6 тыс. км², даўж. каля 480 км, глыб. да 150 м. Берагавая лінія значна парэзаная. Зах. берагі нізкія, парослыя хвойнымі лясамі, паўн. і ўсх. ўзгорыстыя, пераважна бязлесныя. Ва ўсх. ч. шмат астравоў. На паўн. узбярэжжы залатыя капальні. Упадаюць р. Нявольніцкая, Хей і інш., выцякае р. Макензі. Гал. парты: Форт-Рэзальюшэн, Форт-Провідэнс, Йелаўнайф.

т. 4, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВА́Р,

газанафтавае радовішча ў Саудаўскай Аравіі, адно з найбуйнейшых у свеце. За 20 км на З ад г. Эль-Хуфуф. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1948, распрацоўваецца з 1951. Пач. запасы нафты 10 136 млн. т, газу 1013 млрд. м³. Паклады на глыб. 1,5—3 км. Шчыльн. нафты 850—865 кг/м³. Свідравіны фантануючыя. Нафтаправоды ў парты Рас-Танура і Янбу.

т. 4, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРО́Н (Huron),

возера ў Паўн. Амерыцы, у ЗША і Канадзе, другое па велічыні ў сістэме Вялікіх азёр. Пл. 59,6 тыс. км². Даўж. 330 км, шыр. каля 293 км, глыб. да 208 м. Злучаецца р. Сент-Мэрыс і каналам Су-Сент-Мары з Верхнім воз., пралівам Макіна — з воз. Мічыган; сцёк па р. Сент-Клэр у воз. Эры. Рыбалоўства. Суднаходства. Гал. парты — Сарнія і Мідленд (Канада), Алпіна (ЗША).

т. 5, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГДА́НЬСКІ ЗАЛІ́Ў, Гданьская бухта (польск. Zatoka Gdańska),

заліў Балтыйскага м., каля берагоў Польшчы і Расіі. Даўж. да 74 км, шыр. каля ўваходу 107 км, глыб. да 115 м. У Гданьскі заліў упадае р. Вісла. Салёнасць 8 ‰. На ПнЗ Гэльская каса аддзяляе ад Гданьскага заліва Пуцкую бухту, на ПдУ Балтыйская каса — Віслінскі і Калінінградскі залівы. Прылівы мяшаныя (да 0,1 м). Гал. парты: Гдыня, Гданьск (Польшча), Балтыйск (Расія).

т. 5, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯАДУ́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

на ПнУ Кітая, паміж Ляадунскім і Зах.-Карэйскім залівамі Жоўтага м. Даўж. 225 км, шыр. 80—130 км. Берагі прамалінейныя, нізкія, на ПдЗ (на п-ве Гуаньдун) — рыясавага тыпу. Узгоркавая раўніна і нізкагор’і выш. да 1132 м (г. Буюньшань). Складзены пераважна з вапнякоў, сланцаў, кварцавых пясчанікаў; месцамі базальтавыя покрывы. Хмызнякі, участкі лясоў. Раўніны і пакатыя схілы апрацаваны (пасевы кукурузы, гааляну). Найб. парты: Далянь (Дальні) і Люйшунь (Порт-Артур).

т. 9, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́БІ-ШЭБЕ́ЛІ, Уабі-Шэбэле ў Эфіопіі, Уэбі-Шабеле ў Самалі, рака ва Усх. Афрыцы. Даўж. 2490 км, пл. бас. 200 тыс. км². Пачынаецца на паўн.-зах. ускраіне плато Самалі, перасякае яго; каля г. Магадыша паварочвае на ПдЗ і цячэ паралельна берагу Індыйскага ак.; за 40 км ад узбярэжжа губляецца ў балотах. Сярэдні расход вады каля 320 м³/с. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Вебі-Шэбелі гарады Беледуэйне, Булабардэ, Джоўхар. Парты Магадыша і Марка (Самалі).

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬТА (Volta),

рака ў Зах. Афрыцы, пераважна ў Гане. Утвараецца ад зліцця Чорнай Вольты і Белай Вольты. Даўж. 1600 км (ад вытоку р. Чорная Вольта). Пл. бас. 394 тыс. км². Упадае ў Гвінейскі заліў, утварае балоцістую дэльту. Буйныя прытокі — Оты (левы), Афрам (правы). Паўнаводная са жн. да снежня. Сярэдні расход вады 1288 м³/с. Гадавы сцёк 41 км³. ГЭС. Вадасх. Вольта. Рыбалоўства. Суднаходная за 400 км ад вусця. Гал. парты — Кетэ-Крачы, Акасомба.

т. 4, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)