сістэма навуковых ведаў і практычных прыёмаў, накіраваных на зберажэнне і ўмацаванне здароўя людзей, папярэджанне, распазнаванне і лячэнне хвароб, падтрыманне актыўнага даўгалецця; састаўная ч.аховы здароўя. Вывучае будову, працэсы жыццядзейнасці арганізма ў норме і паталогіі, уплыў фактараў прыроднага і сац. асяроддзя на здароўе і хваробы чалавека; выкарыстоўвае біял., мех., хім., фіз., псіхал. фактары для зберажэння і ўмацавання здароўя. На стан і ўзровень развіцця М., змест і метады мед. дзейнасці ўплываюць матэрыяльныя ўмовы жыцця грамадства, узровень развіцця эканомікі, агульны ўзровень культуры, дасягненні навукі і тэхнікі. Праблемы здароўя звязаны са згубнымі прывычкамі людзей (алкагалізм, курэнне, ужыванне наркотыкаў, таксічных рэчываў і інш.). Найважнейшы кірунак дзейнасці М. — фарміраванне здаровага ладу жыцця. М. падзяляецца на 3 групы дысцыплін: медыка-біялагічныя (анатомія, біяфізіка, біяхімія, вірусалогія, генетыка медыцынская, гісталогія, паразіталогія, паталагічная анатомія, паталагічная фізіялогія, таксікалогія, фармакалогія, фізіялогія), клінічныя (акушэрства, анкалогія, артапедыя, афтальмалогія, венералогія, гастраэнтэралогія, гематалогія, герыятрыя, дэрматалогія, інфекцыйныя хваробы чалавека, курарталогія, лячэбная фізічная культура, неўрапаталогія, нейрахірургія, нефралогія, педыятрыя, псіхіятрыя, радыялогія медыцынская, рэаніматалогія, стаматалогія, траўматалогія, уралогія, эндакрыналогія і інш.) і гігіенічныя (гігіена, мікрабіялогія, эпідэміялогія і інш.). Асобна вылучаюць навукова-практычныя комплексы мэтавага прызначэння: ваенная медыцына, касмічная медыцына, спартыўная медыцына і інш.
Звесткі пра М. вядомы з глыбокай старажытнасці. Ужо ў першабытным грамадстве людзі ўжывалі лекі расл., жывёльнага, мінер. паходжання, умелі памагаць пры родах, раненнях, рабілі некат. аперацыі (нават трэпанацыю чэрапа). У часы язычніцтва лекарамі пераважна былі вешчуны, знахары, жрацы. Асновы народнай медыцыны мелі эмпірычны і стыхійна-матэрыяліст. характар. Багатая мед. спадчына Стараж. Кітая і Індыі. Дасягненні М. ў Стараж. Грэцыі абагульніў Гіпакрат (5 ст. да н.э.). У сярэдневяковай Еўропе М. падпарадкоўвалася царкве, знаходзілася пад уплывам схаластыкі, што тармазіла яе развіццё. У эпоху Адраджэння ў М. ўмацаваліся клінічны і эксперым. метады, развівалася анатомія (А.Везалій) і інш. У 17 ст. У.Гарвей распрацаваў вучэнне аб кровазвароце, М.Мальпігі — аб кровазвароце ў капілярах. З 18 ст. развіваўся даследчы кірунак у М. У 19 ст. распрацаваны метады фіз. дыягностыкі, заснаваны тэорыя клетачнай паталогіі (Р.Вірхаў) асновы бактэрыялогіі і імуналогіі (Л.Пастэр, І.І.Мечнікаў), ваенна-палявой хірургіі (М.І.Пірагоў), удасканалены хірург. аперацыі (М.В.Скліфасоўскі, М.А.Вельямінаў), вучэнне пра ролю нерв. сістэмы пры хваробах (С.Ч.Боткін) і інш. У 20 ст. распрацаваны вучэнне пра вышэйшую нерв. дзейнасць (І.П.Паўлаў), фізіял., гігіенічныя і біял. асновы тэрапіі, сувязь арганізма з навакольным асяроддзем (Боткін, Р.А.Захар’ін, А.А.Астравумаў), пра вітаміны, хіміятэрапеўтычныя сродкі. Укаранёны ў практыку гіпатэрмія, пераліванне крыві, трансплантацыя і інш.
На Беларусі ў 15—16 ст. ствараліся шпіталі ў Брэсце (у 1495 і 1508), Мінску (1513), Мазыры (1516), аптэкі. Працы Ф.Скарыны, С.Буднага, Сімяона Полацкага фарміравалі навук.мед.-біял. думку (гл.Медыцынская адукацыя). У склад навук. устаноў Беларусі, якія займаюцца пытаннямі М. (1999), уваходзяць 14 НДІ і 2 навук.-практычныя цэнтры, у т. л.Анкалогіі і медыцынскай радыялогіі НДІ, Аховы мацярынства і дзяцінства Беларускі НДІ, Кардыялогіі Беларускі НДІ і інш., дзе працуюць больш за 3 тыс.навук. супрацоўнікаў, у т. л. 339 д-роў мед. навук, 1356 канд.мед.навук.Бел. вучоныя зрабілі значны ўклад у развіццё М.: І.А.Бірыла распрацаваў методыку ажыўлення хворых унутрыартэрыяльным уліваннем крыві, І.С.Лягенчанка, Л.С.Персіянінаў — метады ажыўлення нованароджаных пры асфіксіі, А.Я.Пракапчук — лячэнне чырв. ваўчанкі, І.М.Стальмашонак — аперацыі пластыкі стрававода, Т.В.Бірыч — лячэнне хвароб вачэй кіслародам, М.Я.Саўчанка — аперацыйнае аднаўленне інервацыі ўнутр. органаў, А.У.Шот — пратэзаванне клапанаў сэрца, Ц.Е.Гніларыбаў — трансплантацыю эндакрынных залоз і тканак і інш. У канцы 1990-х г.навук. даследаванні па М. выконваліся па 9 дзярж.навук.-тэхн. праграмах: анкалогія, кардыялогія, інфекц. хваробы, стаматалогія і хірургія сківіц і твару, рэабілітацыя, дыягнастычныя і лячэбныя тэхналогіі, дзеці Беларусі, навакольнае асяроддзе, а таксама па 19 асобных навук.-тэхн. праектах. У Мінскім мед. ін-це распрацаваны уніфікаваныя схемы медыкаментознай тэрапіі вострага інфаркту міякарда, прафілактыкі і лячэння плацэнтарнай недастатковасці антыаксідантным комплексам вітамінаў, хірург. лячэння язвенай язвавай хваробы страўніка і інш., у Віцебскім — доследныя ўзоры магн. сепаратараў крыві і інш.; у Гродзенскім — метады кансервацыі біяпластычных тканак для трансплантацыі, у Гомельскім — вывучаны ўплыў злучанага ўздзеяння на арганізм радыенуклідаў і хім. злучэнняў у дародавы і пасляродавы перыяды. У Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў створаны паўаўтааналізатар электралітаў крыві і інш.біял. вадкасцей, фізіятэрапеўт. апаратура, вывучаны ўплыў цяжкіх металаў і мікраэлементаў на здароўе дзяцей.
Літ.:
Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУГ,
прылада для асноўнай апрацоўкі глебы — ворыва. Бываюць: агульнага прызначэння — для ўзворвання глебы на глыб. 20—35 см з абаротам пласта (адвальныя П.) і без абароту (безадвальныя); спецыяльныя — для спец. апрацоўкі глебы ці звычайнай у асаблівых умовах (плантажныя, балотныя, балотна-хмызняковыя, ярусныя, садовыя, вінаградныя, лясныя, П. для пескавання тарфянікаў і інш.).
Паводле віду цягі П. падзяляюцца на трактарныя (навясныя, паўнавясныя, прычапныя), канатныя (выкарыстоўваюцца ў цяпліцах, на горных схілах) і конныя; паводле тыпу рабочых органаў — на лямешныя (з суцэльнаадвальнымі, пласціністымі і выразнымі карпусамі) і дыскавыя. Асн. вузлы найб. пашыраных лямешных трактарных П. — рабочыя органы (карпусы, перадплужнікі, глебапаглыбляльнікі, дыскавыя і тронкавыя нажы), механізмы рэгулявання глыбіні ўзворвання, навясное, аўтасчэпнае або прычэпнае прыстасаванні. Карпусы маюць рабочую паверхню культурнага, паўвінтавога ці вінтавога тыпу; складаюцца з лемяша, адвала, палявой дошкі, стойкі. Перад кожным корпусам ставіцца перадплужнік, перад заднім — дыскавы нож. Перадплужнік зразае верхні слой глебавага пласта і скідвае яго на дно баразны; нож падразае бок пласта перад корпусам; глебапаглыбляльнік разрыхляе падворыўны слой (ніжэй лемяша) без вынасу яго на паверхню; лямеш падразае глебавы пласт, а адвал крышыць яго і пераварочвае ў суседнюю баразну; дыскавы нож каля задняга корпуса адразае пласт, пакідаючы неабрушаную сценку і чыстую баразну. Для апрацоўкі глебы на глыб. да 18 см выкарыстоўваюць П.-лушчыльнікі (гл.Лушчыльнік), на глыб. 40—80 см (плантаж глебы пад садовыя і лясныя насаджэнні, вінаграднікі) — плантажныя (звычайна аднакорпусныя). Для звальна-развальнага ворыва выкарыстоўваюць П. з праваабарачальнымі карпусамі, для гладкага ворыва (без грабянёў і барознаў) — абаротныя (маюць права- і леваабарачальныя карпусы на агульнай раме), клавішныя (абсталяваны секцыямі права- і леваабарачальных карпусоў, якія працуюць папераменна) і чаўночныя (секцыі права- і леваабарачальных карпусоў навешваюцца спераду і ззаду трактара; агрэгат працуе ўпоперак схілу чаўночным спосабам, секцыі ўключаюцца папераменна). Лямешныя П. агульнага прызначэння выпускаюцца з 1—9 карпусамі для агрэгатавання з колавымі і гусенічнымі трактарамі. Ярусныя П. маюць 3 ці 4 секцыі карпусоў у верхнім і ніжнім ярусе (або ў 3 ярусах); прызначаны для паслойнага ворыва глебы на глыб. да 45 см з перамяшчэннем глебавых слаёў (для карэннага паляпшэння падзолістых і саланцовых глеб; гл.Глебапаглыбленне). Дыскавыя П. замест карпусоў з лемяшамі маюць пастаўленыя пад вуглом сферычныя дыскі, выкарыстоўваюцца пераважна для першаснай апрацоўкі глебы з драўніннымі рэшткамі, пераўвільготненых цяжкіх камяністых глеб (гл.Дыскаванне). Для паляпшэння якасці апрацоўкі глебы выпускаюцца П. з ротарнымі адваламі (добра пераварочваюць і рыхляць пласт на павышаных скарасцях) і ратацыйныя.
П. — найб.стараж. глебаапрацоўчая прылада, вядома з 2-га тыс. да н.э. (Вавілонія, Стараж. Егіпет і інш.). Вырабляўся з дрэва, меў дышаль для запрагання жывёл. Рабочы орган — лямеш, замацоўваўся нахілена (саха) ці гарызантальна (уласна П). У 1-м тыс. да н.э. з’явіліся П. з жалезным лемяшом; у Стараж. Рыме вынайдзены перадок на колах, які дазваляў рэгуляваць глыбіню ворыва; выкарыстаны нож, размешчаны перад лемяшом для разразання глебы, і дошкі-адвалы. З 17 ст. пачалося развіццё сучаснага тыпу П. Першыя метал. конныя П. з’явіліся ў канцы 18 ст. Заводская вытв-сць у Расіі пачалася ў 1802, П. з мех. цягай — пасля 1917, серыйных трактарных у СССР — у 1925 (у Адэсе).
На тэр. Беларусі для ворыва з часоў жал. веку выкарыстоўвалася драўлянае рала (з 8—9 ст. мела метал. наральнікі), з 10—11 ст. драўляная саха з метал. сашнікамі, з канца 19 ст. — метал. П. Сучасныя 2- і 3-карпусныя трактарныя, а таксама конныя П. выпускае з-д «Лідсельмаш».
В.М.Кандрацьеў.
Плугі — тыпы карпусоў; а — скарасны (1 — лямеш, 2 — адвал); б — паўвінтавы (1 — пятка, 2 — палявая дошка, 3 — пяро); в — безадвальны (1 — палявая дошка, 2 — пашыральнік); г — выразны (1—2 — ніжні і верхні лемяшы); д — ратацыйны (1 — ратацыйны рыхліцель, 2 — корпус, 3 — пад’ёмныя лапаткі); е — культурны (1 — глебапаглыбляльнік, 2 — стойка).Плугі: а — конны 19 ст. (1 — рэгулятар глыбіні ворыва, 2 — нож, 3 — лямеш, 4 — адвал); б — трактарны прычапны (1 — вінтавы механізм палявога кола, 2 — перадплужнік, 3 — корпус); в — навясны (1 — аўтасчэпка, 2 — перадплужнік, 3 — корпус); г — дыскавы (1 — чысцік, 2 — дыск, 3 — перадплужнік); д — навясны абаротны (1, 2 — права- і леваабарачальныя карпусы, 3 — леваабарачальны перадплужнік, 4 — навеска); е — трох’ярусны (1—3 — задні, сярэдні і пярэдні карпусы, 4 — чаранковы нож); ж — лясны завода «Лідсельмаш» (1 — корпус, 2 — шчокі для падвескі, 3 — дыск); з — для пескавання тарфянікаў канструкцыі БелНДІМіЛ (1 — перадплужнік, 2 — корпус).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТАЦТВАЗНА́ЎСТВА,
1) у шырокім сэнсе — комплекс грамадскіх навук, які вывучае мастацтва: яго асобныя віды, заканамернасці развіцця, сукупнасць пытанняў зместу і формы маст. твораў, маст. культуру грамадства ў цэлым. Уключае літаратуразнаўства, музыказнаўства, тэатразнаўства, кіназнаўства. Уяўляе сабой адзінства тэорыі, гісторыі мастацтва, мастацкай крытыкі. Тэорыя мастацтва вывучае метады творчага працэсу, прынцыпы кампазіцыйнай і маст. формы, адзінства вобразнага зместу і выяўл. сродкаў, заканамернасці эстэт. ўспрыняцця твораў мастацтва, сінтэз розных відаў мастацтва, узаемасувязі колеру, матэрыялу і інш. Гісторыя мастацтва даследуе агульныя заканамернасці развіцця сусв. мастацтва ад першабытнасці да сучаснасці, мастацтва асобных кантынентаў, рэгіёнаў, краін, творчасць розных суполак, аб’яднанняў, асобных майстроў у розныя эпохі і перыяды.
2) У вузкім сэнсе — навука пра пластычныя мастацтвы, архітэктуру, дызайн і тэхн. эстэтыку. Даследуе маст. творчасць, дае яе эстэт. ацэнку і навук. аналіз, спрыяе эстэт. выхаванню грамадства. У структуры М. вылучаюць раздзелы: іканаграфія, сацыялогія мастацтва, псіхалогія мастацтва, музеязнаўства, рэстаўрацыя і ахова помнікаў (гл.Ахова гісторыка-культурнай спадчыны) і інш. Звязана з філасофіяй, археалогіяй, нумізматыкай, геральдыкай і інш. навукамі.
Элементы М. вядомы са старажытнасці і разглядаліся ў кантэксце філасофій, л-ры, багаслоўя, гіст. хронік, практычных кіраўніцтваў па рамёствах. Першыя вядомыя вучэнні пра мастацтва распрацоўваліся ў Стараж. Грэцыі Арыстоцелем і Платонам. Пытанні стылістыкі, іканаграфіі, тэхнікі закраналі ў сваіх трактатах скульпт. Паліклет, жывапісцы Еўфранор, Апелес, Памфіл, эвалюцыю грэч. жывапісу — першыя гісторыкі мастацтва Дурыс і Ксенакрат. Апісанні маст. твораў рабілі падарожнікі Палемон і Паўсаній. Больш цэласны і універсальны характар мелі маст. трактаты Стараж. Рыма. Эстэт. зварот да грэч. мастацтва сцвярджалі Цыцэрон і Квінтыліян, прынцыпы ўзаемасувязі арх. формы і буд. канструкцыі — Вітрувій, помнікі мастацтва апісваў Пліній Старэйшы. Здабыткі архітэктуры і мастацтва Усходу змяшчаюць трактаты стараж. і сярэдневяковай Індыі («Чытралакшана», «Шылпашастра», «Манасара», 1—12 ст.), Кітая (Се Хэ, Ван Вэй, Го Сі, 5—11 ст.), Японіі (Нісікава Сукэнобу, Сіба Какана, Кацусіка Хакусай, 18—19 ст.) і інш., краін ісламу (Султан Алі Мешхедзі, Дуст Мухамад, Казі-Ахмед, Садыгі-бек Афшар, 16 — пач. 17 ст.) і інш. У раннім хрысц. мастацтве эстэтыку «хараства свету і майстэрства творцы» распрацоўваў тэолаг Аўгусцін (4—5 ст.).
Пытанні эстэтыкі візант.рэліг. мастацтва закраналі багасловы Іаан Дамаскін і Феодар Студыт (8—9 ст.), якія сцвярджалі яго вял. ролю як матэрыяльнага пасрэдніка да першавобраза — Божага свету. У 12 ст. трактат пра выяўл. і дэкар. мастацтва напісаў Тэафіл (Германія). У 13 ст. ў Францыі цэласную сістэму хрысц. мастацтва стварыў Фама Аквінскі, суадносіны прапорцый у гатычным мастацтве распрацаваў Вілар дэ Анекур. Важным этапам у станаўленні М. стала эпоха Адраджэння. Гуманіст. ідэалы ант. традыцыі ў мастацтве, прызнанне ў асобе мастака творцы сцвярджаў італьянец Ч.Чэніні («Трактат пра жывапіс», 14 ст.). У 15 ст. акцэнт на навук. прынцып спасціжэння свету і чалавека закладзены ў працах італьянцаў Л.Гіберці («Каментарыі»), Л.Б.Альберціні (работы пра жывапіс, архітэктуру і скульптуру), Франчэска ды Джорджа (пра арх. прапорцыі), А.Філарэтэ («Трактат пра архітэктуру») і інш. У 16 ст. мастацтвазнаўчыя ідэі ў Італіі выказвалі Леанарда да Вінчы (сумяшчаў тэарэтычныя, ідэйна-вобразныя і метадычныя мэты мастацтва), П.Арэціна (адзін з першых крытыкаў венецыянскага жывапісу), Дж.Віньёла, Д.Барбара, С.Сермо, А.Паладыо (распрацоўваў у архітэктуры рэнесансавую ордэрную сістэму на аснове ант.), у Германіі — А.Дзюрэр («Чатыры кнігі пра прапорцыі чалавека», 1528, і інш.), у Нідэрландах — К. ван Мандэр (біяграфіі нідэрл. жывапісцаў). Вял. ўклад у развіццё М. зрабіў італьянец Дж.Вазары («Жыццеапісанні найбольш вядомых жывапісцаў, скульптараў і дойлідаў», 1550). У 17 ст. пашырылася колькасць трактатаў, аглядаў і апісанняў, прысвечаных мастакам і творам мастацтва розных часоў. У Італіі Дж.П.Белоры распрацаваў тэарэт. прынцыпы класіцызму («Жыццеапісанні сучасных жывапісцаў, скульптараў, архітэктараў», 1672). Першы слоўнік тэрмінаў выяўл. мастацтва склаў Ф.Бальдынучы (Італія). Жывапіс класіцызму даследаваў А.Феліб’ен, архітэктуру — Ф.Бландэль (абодва Францыя). Ант. мастацтва даследаваў англічанін Ф.Юніус («Пра жывапіс старажытных». 1637), раннехрысціянскае — італьянец А.Бозіо («Падземны Рым», 1634), праблемы каларыту — француз Р. дэ Піль («Да дыскусіі пра каларыт», 1673; «Асновы курса жывапісу», 1708), італьянец М.Баскіні («Скарбы венецыянскага жывапісу», 1684) і інш. У 18 ст. М. склалася як самаст. навука ў работах І.Вінкельмана (Германія), які паказаў развіццё ант. мастацтва як адзіны працэс змены маст. стыляў, звязаны з эвалюцыяй грамадства і дзяржавы («Гісторыя старажытнага мастацтва», 1763), англічан У.Чэмберса (даследаваў англ. готыку), У.Хогарта («Аналіз хараства», 1754), французаў Ф.Феліб’ена, К.Ф.Кейлюса («Зборы егіпецкіх, этрускіх, грэчаскіх і рымскіх старажытнасцей», т. 1—7, 1767), італьянцаў Л.Ланцы (апісанні жыцця і творчасці італьян. жывапісцаў з часоў антычнасці), Ф.Міліцыа («Запіскі пра антычных і новых дойлідаў», 1781; «Слоўнік мастацтва», 1787) і інш. У перыяд Асветніцтва ў работах Д.Дзідро зарадзілася прафес.маст. крытыка («Салоны», 1759—81, энцыклапедычныя артыкулы і інш.). Ням. філосаф Г.Лесінг увёў тэрмін «выяўленчыя мастацтвы» і прааналізаваў іх спецыфіку. У 19 ст. на развіццё М. ўплывалі эстэт. канцэпцыі ням. філосафаў І.Канта, Ф.Шэлінга, А. і Ф. Шлегеляў, Г.Гегеля і інш. Пераадольваліся канцэпцыі класічных маст. норм, распрацаваных Г.Меерам (Германія) і А.К.Катрмерам дэ Кенсі (Францыя). Новы погляд на свабоду творчасці і індывідуалізму ўнеслі рамантыкі Дж.Констэбл (Англія), Э.Дэлакруа, Ш.Бадлер (Францыя) і інш. У Германіі першыя спробы стварэння ўсеагульнай гісторыі мастацтва зрабілі Ф.Куглер, К.Шназе, А.Шпрынгер. У Францыі развівалася крытыка дэмакр. кірунку, што выступала ў абарону рэалізму (Т.Тарэ і інш.). Вял. ролю адыгралі эстэт. погляды англічаніна Дж.Рэскіна, які імкнуўся адрадзіць гармонію з прыродай і маст. традыцыі сярэднявечча. У канцы 19 ст. ў еўрап. М. абвастрылася барацьба з кансерватыўнай тэндэнцыяй непрыняцця новых маст. кірункаў (імпрэсіянізм, сімвалізм, сезанізм і інш). У Расіі першыя трактаты пра архітэктуру (П.Яропкін, І.Корабаў, М.Зямцоў) і выяўл. мастацтва (І.Урванаў, П.Чакалеўскі і інш.) з’явіліся ў 18 ст. У 19 ст. цікавасць да гісторыі нац. мастацтва выявілася ў творах І.Акімава, П.Свіньіна, І.Снегірова, А.Вастокава, А.Пісарава. У 20 ст. стылістычны аналіз мастацтва зрабіў І.Грабар, візант. мастацтва і хрысц. іканаграфію даследавалі Дз.Айналаў, Н.Кандакоў, усеагульную гісторыю мастацтва — А.Бенуа, І.Цвятаеў, Б.Фармакоўскі. Важны ўклад у развіццё сав. М. зрабілі М.Алпатаў, Н.Гершэнзон-Чагадаева, Грабар, Ю.Колпінскі, В.Лазараў, Г.Недашывін, В.Палявой, Г.Вагнер, Б.Рыбакоў, Дз.Сараб’янаў, А.Фёдараў-Давыдаў, У.Стасаў, У.Фаворскі і інш.Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі Г.Апалінэр, А.Англіўель дэ Ла Бамель, Т.Бюрале, Д.Габары (Францыя), Ф.Вікгоф і М.Дворжак (Аўстрыя), А. і Л. Вентуры, А.Баларын. Л.Белозі (Італія), Я.Беластоцкі (Польшча), Я.Гамолка (Чэхія), Э.Панофскі (ЗША), Э.Боўнес (Вялікабрытанія) і інш. Сярод тэарэтыкаў сучаснага мастацтва — К.Малевіч (Расія), У.Страмінскі (Беларусь—Польшча), П.Мондрыян (Нідэрланды), Ле Карбюзье (Францыя) і інш. Сучаснае М. ахоплівае шырокае кола праблем мастацтва ўсіх эпох і краін, мае развітую метадалогію, апіраецца на філас.-эстэт. думку, грамадскія і дакладныя навукі. Сярод кірункаў — іканалогія (Э.Папофскі), даследаванне структуры помнікаў (П.Франкастэль), псіхалогія творчасці (Э.Гомбрых), псіхааналіз (Э.Крыс).
На Беларусі першыя звесткі і выказванні пра мастацтва трапляюцца ў «Словах» Кірылы Тураўскага (11 ст.), прадмовах і пасляслоўях Ф.Скарыны да ўласных выданняў (16 ст.), некат. прамовах-пропаведзях і трактатах Сімяона Полацкага (17 ст.). Вывучэннем бел. мастацтва ў 19 ст. займаліся пераважна прафес. мастакі, якія напісалі шэраг прац мастацтвазнаўчага характару: К.Ельскі (трактат «Аб сувязі архітэктуры, скульптуры і жывапісу», 1822), А.Шэмеш («Успаміны пра Дамеля», 1845), В.Смакоўскі («Валенты Ваньковіч», 1845), А.Ромер (вывучаў бел.нар.дэкар.-прыкладное мастацтва, падрыхтаваў навук. публікацыю пра слуцкія паясы), а таксама У.Сыракомля (апісаў маст. творы, якія знаходзіліся ў 19 ст. ў храмах Мінска) і інш. Матэрыялы пра бел. мастацтва змяшчаў час.«Атэнэум», што выдаваўся ў Вільні. У 1920-я г. ў перыяд. друку з’яўляліся даследаванні пра гравюры ў выданнях Скарыны і В.Вашчанкі, выдадзены «Нарысы па гісторыі беларускага мастацтва» М.Шчакаціхіна, перакладзены працы ням. мастацтвазнаўца А.Іпеля, прысвечаныя самабытнасці бел. мастацтва. Манаграфіі пра набіванку (крашаніну) выдалі А.Шлюбскі і І.Фурман, пра гравюры С.Юдовіна — Фурман, пра мастакоў Віцебска — І.Гаўрыс. Вял. ролю ў развіцці бел. М. адыграў Інстытут беларускай культуры і дзейнасць аднаго з яго заснавальнікаў — Шчакаціхіна. Матэрыялы па праблемах мастацтва змяшчалі час. «Искусство», «Полымя», «Маладняк», «Трыбуна мастацтва», у 1930-я г. — газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Чырвоная Беларусь», «Мастацтва і рэвалюцыя». У Зах. Беларусі тэарэт. працы па эстэт. задачах мастацтва пісаў Ф.Рушчыц, па тэорыі фотамастацтва — Я.Булгак. У «Нарысах па гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі» (1940) зроблена спроба вызначыць асн. этапы развіцця бел.выяўл. мастацтва і даць характарыстыку творчасці вядучых мастакоў. З канца 1940-х г. вывучэнне бел. мастацтва вядзецца планамерна і мэтанакіравана. Важнае значэнне ў развіцці бел. М. мела стварэнне Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклоруНац.АН Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Беларускай акадэміі мастацтваў і інш.Вял. ўклад у развіццё бел. М. зрабілі А.Аладава, М.Арлова, А.Воінаў, Н.Высоцкая, В.Гаўрылаў, П.Герасімовіч, Л.Дробаў, І.Елатомцава, В.Жук, Ю.Карачун, М.Кацар, А.Лявонава, А.Лакотка, П.Масленікаў, М.Нікалаеў, М.Раманюк, Я.Сахута, А.Сурскі, У.Чантурыя, В.Церашчатава, Т.Чарняўская, Р.Шаура, В.Шматаў, Ю.Якімовіч, М.Яніцкая і інш. Праблемы розных відаў мастацтва даследавалі і даследуюць А.Атраховіч, М.Баразна, В.Буйвал, Л.Вакар, П.Васілеўскі, Э.Вецер, Т.Габрусь, Т.Гаранская, В.Гаршкавоз, М.Гугнін, В.Каваленка, П.Карнач, Б.Крэпак, А.Кулагін, В.Лабачэўская, Б.Лазука, Л.Лапцэвіч, Л.Налівайка, Э.Петэрсон, І.Паньшына, А.Пікулік, У.Пракапцоў, Э.Пугачова, У.Рынкевіч, Г.Сакалоў-Кубай, Л.Салавей, А.Сяліцкі, В.Трыгубовіч, Н.Трыфанава, Л.Фінкельштэйн, М.Цыбульскі, М.Шамшур, А.Ярашэвіч і інш. Артыкулы па гісторыі і тэорыі мастацтва, нарысы пра творчасць мастакоў, агляды выставак друкуюцца ў час.«Мастацтва», «Беларусь», «Маладосць», «Нёман», альманаху «Запіскі Беларускай акадэміі мастацтваў» (з 1998), газ. «Культура», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» і інш.
Літ.:
Базен Ж. История истории искусства: От Вазари до наших дней: Пер. с фр.М., 1995;
Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Прабл. адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАО́С (Lao),
Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (Сатхаланалат Пасатхіпатаі Пасасон Лао), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, у цэнтр. частцы п-ва Індакітай. Мяжуе на Пн з Кітаем, на У з В’етнамам, на Пд з Камбоджай, на З з Тайландам і М’янмай. Пл. 236,8 тыс.км². Нас. 5,1 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — лаоская (лаацянская). Сталіца — г.В’енцьян. Краіна падзяляецца на 16 правінцый (кхуэнгаў) і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (2 снежня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на сесіі парламента на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — Нар. сход, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам.
Прырода. Каля 90% тэрыторыі занята сярэдневышыннымі гарамі. У цэнтры — плато Сіянгкхуанг (выш. да 2820 м, г. Бія), на У — паўд.-зах. схілы хр. Чыангшон, на Пд — плато Балавен. Раўнінныя ўчасткі размешчаны на З уздоўж р. Меконг. Карысныя выкапні: алавяныя, жал., медныя руды, каштоўныя камяні, золата, каменная соль, буд. матэрыялы. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C на Пн да 23 °C на Пд. У ліп.т-ра 28—30 °C. Ападкаў ад 1500—1700 мм на раўнінах да 3000 мм у гарах; дажджлівы сезон з чэрв. да кастрычніка. Рэкі мнагаводныя, парожыстыя. Найб. рака — Меконг. Лясы займаюць каля 60% тэрыторыі. Пераважаюць лістападныя і вечназялёныя трапічныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў (цік, сал, палісандравае, эбенавае, сандалавае, ружовае, жалезнае); у верхнім поясе гор — дубовыя і хваёвыя лясы. Участкі саваннаў. Жывёльны свет: слон, алені, малпы, фазаны, шмат змей. Лясныя рэзерваты Донгсіенгтхонг, Донгхыасау і інш.
Насельніцтва. Жыве больш за 60 народнасцей. Большая ч. насельніцтва адносіцца да тайскай моўнай групы: лао (больш за 60%), тай, горныя тай і інш. Да аўстраазіяцкай моўнай групы (каля 25%) належаць кхмеры і горныя монкхмерскія народы. Жывуць таксама кітайцы, в’етнамцы, індыйцы і інш. Вернікі пераважна будысты (85%) і прыхільнікі розных рода-племянных вераванняў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 21,6 чал. на 1 км². У далінах шчыльн. дасягае 500 чал. на 1 км², у гарах месцамі каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве 25% насельніцтва. Найб. горад — В’енцьян (каля 500 тыс.ж., 1995). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Луангпрабанг, Паксе і Саванакхет. У сельскай гаспадарцы занята каля 80% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%. Адзначаецца часовая эміграцыя працоўных у Тайланд пераважна на с.-г. работы.
Гісторыя. Найбольш стараж. сляды чалавека на тэр. Л. адносяцца да верхняга палеаліту. З 9 ст. даліну р. Меконг засялілі лао, якія да 11—13 ст. стварылі тут некалькі княстваў. У 1353 кароль Фа Нгун аб’яднаў іх у дзяржаву Лансанг, якая дасягнула найб. росквіту ў 17 ст. Пануючай рэлігіяй стаў будызм. У пач. 18 ст. Лансанг распаўся на залежныя ад Сіяма (гл.Тайланд) і В’етнама княствы Луангпрабанг, В’енцьян і Цямпатсак. У 19 ст. ў выніку войнаў частка лаоскіх тэрыторый адышла да Сіяма і В’етнама. У 1893 Л. захоплены Францыяй і ў 1898 уключаны ў Франц. Індакітай (Луангпрабанг абвешчаны каралеўствам пад франц. пратэктаратам). У 2-ю сусв. вайну Л. акупіраваны Японіяй (1941—45). У гэты час узнік нац.-вызв. рух Лао Ісара (Вызваленне Лаоса) на чале з прынцамі Сувана Фумам і Суфанувонгам. Пасля капітуляцыі Японіі 12.10.1945 абвешчана незалежная Патэт-Лао (краіна Лао). Аднак Францыя прызнала незалежнасць Л. толькі 22.10.1953 у выніку нац.-вызв. барацьбы, якая вялася пад кіраўніцтвам Фронту вызвалення Л. (з 1956 Патрыятычны фронт Л., ПФЛ). Гал. ролю ў фронце адыгрывала Нар. партыя Л. (вылучылася ў 1955 з Камуніст. партыі Індакітая, з 1972 Нар.-рэв. партыя Л., НРПЛ).
Паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 (гл.Жэнеўскія нарады 1954—59) Л. абвешчаны нейтральным каралеўствам, створаны ўрад на чале з Сувана Фумам (з 1957 — кааліцыйны з удзелам прадстаўнікоў ПФЛ, нейтралістаў і правых). Спробы правых сіл у 1958—62 захапіць усю ўладу ў Л. прывялі да грамадз. вайны. Пасля Жэнеўскай нарады па ўрэгуляванні лаоскага пытання ў 1962 створаны ўрад на чале з Сувана Фумам, які ўключаў усе паліт. сілы Л. У выніку моцных унутр. супярэчнасцей у крас. 1963 ПФЛ выйшаў з яго і разгарнуў на У Л. ўзбр. барацьбу. Ён атрымаў дапамогу ад Дэмакр. Рэспублікі В’етнам, якая ў час В’етнамскай вайны 1964—73 выкарыстоўвала тэр. Л. для забеспячэння сваіх войскаў у Паўд. В’етнаме ў абход дэмаркацыйнай лініі. Са жн. 1964 ЗША пачалі бамбардзіроўкі тэрыторыі, што кантраляваў ПФЛ. 21.2.1973 у В’енцьяне падпісана пагадненне аб аднаўленні міру і дасягненні нац. згоды ў Л. 5.4.1974 створаны Часовы ўрад нац. адзінства і Нац.паліт. савет з усіх паліт. сіл Л. Да лета 1975 войскі ПФЛ усталявалі свой кантроль над усёй тэр. Л. 29.11.1975 кароль Саванг Ватхана [1959—75] адрокся ад прастола. 2.12.1975 абвешчана Лаоская Нар.-Дэмакр. рэспубліка (ЛНДР) на чале з прэзідэнтам Суфанувонгам (1975—86) і прэм’ер-міністрам К.Фамвіханам (1975—91), узяты курс на пабудову ў Л. сацыялізму. 14.8.1991 прынята канстытуцыя ЛНДР, якая, захоўваючы кіруючую ролю НДПЛ, дазваляла прыватную маёмасць. Прэзідэнтам Л. быў выбраны Фамвіхан (да ліст. 1992, з 1992 Н.Фумсаван), прэм’ер-міністрам — ген. К.Сіфандон. Л. — чл.ААН (з 1955), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1998). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1994.
Дзейнічаюць Нар.-рэв. партыя Л., Фронт за нац. будаўніцтва Л.
Гаспадарка. Л. — слабаразвітая агр. краіна са шматукладнай эканомікай. Штогадовы даход на 1 чал. каля 200—300 дол. Дзяржаве належаць дзяржгасы, многія прамысл. прадпрыемствы, транспарт. У сельскай гаспадарцы пераважаюць кааператывы. С.-г. угоддзяў каля 2 млн.га, палавіна іх пад ворывам, палавіна пад пашай і лугамі. Найб. развіта земляробства. У далінах і на раўнінах пераважае арашальнае земляробства, здымаюць 2 ураджаі за год. У горных раёнах пашырана лядна-агнявое земляробства. Каля 90% пасяўных плошчаў займае рыс, штогадовы яго збор да 2 млн.т. Вырошчваюць таксама кукурузу (горныя раёны на Пн), проса, бульбу, батат, маніёк, сою і інш. бабовыя, алейныя, агародніну, бавоўнік, тытунь, рамі, цукр. трыснёг. Экспартныя культуры: кава, опіумны мак, чай, каўчуканосы, кардамон, перац. Трапічнае садоўніцтва (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Буйн. раг. жывёлы і буйвалаў каля 2,1 млн. галоў, выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Коней каля 50 тыс. галоў, свіней 1,7 млн. галоў, авечак і коз 1,1 млн.гал. У лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 1 тыс. прыручаных сланоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 30—50 тыс.т рыбы штогод), паляўніцтва. Лясныя промыслы: нарыхтоўка драўніны каштоўных парод, гумілаку, бензойнай смалы, сыравіны для атрымання бетэлю і інш. У прам-сці вылучаецца здабыча алавянай руды (каля 5 тыс.т штогод), каменнай солі, гіпсу, золата, каштоўных камянёў (сапфіры, чырвоная шпінель). У энергетыцы пераважаюць невял. ЦЭС на імпартным паліве. Працуе ГЭС Нам Нгум (магутнасць 150 тыс.кВт) на р. Нгум, пастаўляе электраэнергію на экспарт у Тайланд. Агульная вытв-сць электраэнергіі 900 млн.кВт∙гадз. (1995). Аснову апрацоўчай прам-сці складаюць лесапілаванне і рысаачыстка, вытв-сцьбуд. матэрыялаў; ёсць невял. цукр., алейныя, вінна-гарэлачныя, піваварныя, тытунёвыя, керамічныя, тэкст. (у т. л. шаўкаткацкія), швейныя, трыкат., гарбарна-абутковыя, металаапр., мэблевыя прадпрыемствы. Шырока развіты маст. рамёствы, у т. л. ювелірныя вырабы з золата і серабра, слановай косці, каштоўных камянёў. Горад В’енцьян — асн.прамысл. цэнтр, вылучаецца таксама вырабам лакавых маст. прадметаў хатняга ўжытку; г. Саванакхет — цэнтр суднабудавання (дробныя рачныя судны) і суднарамонту; гарады Луангпрабанг і Кхонг — цэнтры саматужна-рамесніцкіх промыслаў. Транспарт унутр. водны і аўтамабільны. Рака Меконг і яе асн. прытокі на асобных участках даступныя для невял. суднаў. Унутр. водных шляхоў 4,6 тыс.км. Аўтадарог 27,5 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 2 тыс.км. У краіне 20 тыс. аўтамашын (1997). Авіятранспарт выкарыстоўвае 10 аэрапортаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля В’енцьяна. У 1995 экспарт склаў 348 млн.дол., імпарт — 628 млн. долараў. У экспарце пераважаюць драўніна і піламатэрыялы (33%), электраэнергія (14%), волава, кава, гіпс, натуральныя смолы і інш. У імпарце гал. роля належыць нафтапрадуктам, прамысл. і харч. таварам. Гал.гандл. партнёры: Тайланд (41% экспарту, 45% імпарту), В’етнам (25% экспарту), Японія (11% імпарту), Кітай, Сінгапур. Дадатковыя крыніцы даходаў — замежны турызм (штогод Л. наведвае каля 120—150 тыс. турыстаў пераважна з Тайланда) і грашовыя пераводы грамадзян краіны, якія працуюць за мяжой. Л. штогод атрымлівае замежную дапамогу ў памеры 180—240 млн. долараў. Знешні доўг зах. краінам перавышае 1,2 млрд. долараў. Грашовая адзінка — кіп.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (1998) больш за 200 тыс.чал., у т. л. 100 тыс.чал. у мясц. войсках. Камплектаванне — па прызыве. У сухап. войсках каля 195 тыс.чал. асабовага складу, на ўзбраенні 55 танкаў, 70 бронетранспарцёраў, каля 100 гармат палявой артылерыі і інш. У ВПС каля 3,5 тыс.чал., 30 баявых самалётаў, 15 верталётаў. У ВМС 16 патрульных катэраў.
Літаратура. Найб. раннія помнікі эпіграфікі Л. датуюцца 13 ст. Пасля ўтварэння дзяржавы Лансанг (14 ст.) і пашырэння будызму з’явіліся першыя рэліг. і свецкія творы: паэма «Прынц Хунг» і «Паданне пра Кхуна Балому» (13—15 ст.). На фарміраванне л-ры Л. паўплывала стараж.-інд.л-ра (паэма «Рамаяна» і будыйскі канон «Тыпітака»), Пад уплывам мясц.фалькл. традыцый сюжэты стараж.-інд. л-ры перапрацоўваліся і пераасэнсоўваліся. Вяршыня развіцця сярэдневяковай л-ры — паэма «Сінсай» Панкхама (16—17 ст.). Развіваліся рэлігійна-дыдактычныя і дыдактыка-быт. творы: «Настаўленне Інтыяна» і «Настаўленне дзеда ўнукам» Кэу Дангта; ананімныя аповесці «Путасен», «Мунла Тантай». У выніку распаду дзяржавы Лансанг (1707) і страты незалежнасці (канец 19 ст.) л-ра Л. заняпала. Адрадзілася пасля 2-й сусв. вайны і ў перыяд росту нац.-вызв. руху. Пасля ўзнікнення Лаоскай Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (1975) пануючым стаў рэаліст. кірунак. Пераважалі творы малых форм (невял. аповесці, апавяданні, вершы, песні) і публіцыстыка. Асн. тэмы — барацьба за незалежнасць, пабудова новага грамадства Найб. вядомыя паэты — Д.Самсі («Рэвалюцыйная паэзія», 1977), Сісан, празаікі — Чантхі Дыянсаван (раман «Дарогі жыцця», 1970), Сувантхонг Буфанувонг (раман «Другі батальён», 1976—80), К.Фалсена (раман «Каханне», 1980) і інш.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва Л. — вялізныя гранітныя «пасудзіны», згрупаваныя пераважна ў Даліне Збаноў (нагор’е Транінь, пач.н.э.). З сярэдзіны 1-га да пач. 2-га тыс.н.э. мастацтва развівалася пад уплывам культуры кхмераў (свяцілішчы каля Саванакхета). З 14 ст. пачала пашырацца будыйская культура. Забудова гал. гарадоў (В’енцьян, Луангпрабанг) была рэгулярнай. Амаль да 20 ст. тут пераважалі драўляныя на палях і глінабітныя дамы. Для культавага буд-ва характэрны храмы-ваты — прамавугольныя ў плане цагляныя будынкі з 3 нефамі, высокімі двухсхільнымі дахамі (Сіенг-Тхонг у Луангпрабангу, 1561; Фра-Кео ў В’енцьяне, 1565). У складзе вял. ватаў былі малельні, б-кі, свяцілішчы (тхаты). Тхаты паўсферычнай, звонападобнай ці ступеньчатай формы ставілі і асобна, спалучалі з тэрасамі, галерэямі (пагада тхат Луанг у В’енцьяне, 1586). Архітэктура 19 ст. адзначана ўплывам Сіяма (ват Сісакет у В’енцьяне, 1820). Сярод сярэдневяковых помнікаў выяўл. мастацтва — каменныя, драўляныя, бронзавыя статуі Буды (вядомы з 14 ст.), у якіх кананічнасць кампазіцыі суіснуе з выразнай пластыкай форм і ліній. У 16—19 ст. створаны ватыўныя рэльефныя выявы на будыйскія сюжэты з выкарыстаннем жывапісу — пхаботы і пхакесоны. З 20 ст. відавочны ўплыў еўрап. архітэктуры (больш рэгулярная планіроўка вуліц і кварталаў гарадоў). У архітэктуры 2-й пал. 20 ст. спалучаюцца сучасныя канструкцыі і формы класічнага дойлідства (комплекс ват Сіенг Кун, манумент Анусавары ў В’енцьяне, 1960-я г.). У 1950—80-я г. развіваюцца станковы жывапіс (мастакі Нуараонг, Вілівонг), графіка (Самнан), скульптура, у нар. мастацтве — ткацтва, апрацоўка металу, разьба па дрэве. Працягваюцца традыцыі насценнай размалёўкі і лакавага жывапісу «лайкхіян» і «лайсуай», жывапісу па трафарэце «лайпхок».
Літ.:
Иоанесян С.И. Лаос: соц.-экон. развитие (конец XIX — 60-е г. XX в.). М., 1972;
Кожевников В.А. Очерки новейшей истории Лаоса. М., 1979;
Симонов В.В. Экономическое развитие Лаоса (50—80-е гг.). М., 1988.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), С.А.Сергачоў, В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Лаоса.Да арт.Лаос. Даліна р. Меконг.Да арт.Лаос. Уступленне войск Народна-вызваленчай арміі ў г. Саванакхет. 1975.Да арт.Лаос. Пагада тхат Луанг у В’енцьяне.Да арт.Лаос. Скульптура Буды кхафон у ваце Пхакео ў В’енцьяне. 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
В’ЕТНА́М (Viêt Nam),
Сацыялістычная Рэспубліка В’етнам (Công Hòa Xã Hôi Chu Nghia Viêt Nam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі. Займае ўсх.ч. п-ва Індакітай. Абмываецца на У і ПдПаўд.-Кітайскім морам, яго залівамі Бакбо (Танкінскі) і Сіямскім. Мяжуе з Кітаем (на Пн), Лаосам і Камбоджай (на З). Падзяляецца на 50 правінцый; 3 гарады цэнтр. падпарадкавання (Ханой, Хайфон, Хашымін). Захоўваецца і гісторыка-геагр. падзел на Паўн. частку (Бакбо), Цэнтр. (Чунгбо) і Паўд. (Намбо). Пл. 329,6 тыс.км². Нас. 71,8 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Ханой. Дзярж. мова в’етнамская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (2 вер.).
Дзяржаўны лад. В’етнам — сацыяліст. дзяржава. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. сход тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход (395 дэпутатаў) — выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Урадавы савет (урад) — узначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Большую частку тэр. займаюць невысокія і сярэдневышынныя горы. Найб. узвышаная паўн.-зах. частка — хр. Хаангльеншон з вяршыняй Фаншыпан (3143 м). Уздоўж зах. межаў цягнуцца горы Чыангшон (Анамскія) з лакальнымі пласкагор’ямі і плато (найб. Кантум і Даклак на Пд). Каля ўзбярэжжаў — нізіны, найб. значныя ў дэльтах рэк Меконг (каля 50 тыс.км²) і Хангха (каля 15 тыс.км²). Карысныя выкапні (знаходзяцца пераважна на Пн): каменны вугаль (геал. запасы каля 15 млрд.т), жалезная руда, волава, свінец, цынк, малібдэн, вальфрам, тытан, баксіты, храміты, марганец, фасфарыты і апатыты; вял. запасы нафты і газу ў нетрах шэльфа Паўд.-Кітайскага м. Клімат субэкватарыяльны мусонны, на Пн трапічны. Зіма на Пд гарачая, на Пн халаднаватая, лета ўсюды гарачае. Сярэдняя т-растудз. на раўнінах на Пн 15 °C, на Пд 26 °C, ліп. адпаведна 28 °C і 29 °C. У гарах халадней. Вылучаюцца 2 сезоны: летні (з сярэдзіны мая да сярэдзіны кастр.) — гарачы і дажджлівы; зімовы (з сярэдзіны кастр. да сярэдзіны сак.) — цёплы і сухі. Восенню бываюць тайфуны, у далінах рэк і на ўзбярэжжы — разбуральныя навадненні. Ападкаў 1500—2000 мм за год, у гарах да 3000 мм. Большая частка іх прыпадае на летні сезон. Рэкі горныя — кароткія, парожыстыя і мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй (сумарныя рэсурсы 15 млрд.кВт). На Пд ніжняе цячэнне р. Меконг, на Пн сярэдняе і ніжняе р. Хангха (Чырвоная). Прыкладна 40% тэр. (амаль выключна ў гарах) пад вечназялёнымі субтрапічнымі і трапічнымі лясамі. Вышэй за 600—700 м на Пн і 1000—1200 м на Пд побач з трапічнымі пародамі растуць дуб, бук, каштан, хвоя. Значныя ўчасткі, асабліва ў дэльце Меконга, заняты балотнай расліннасцю, у прыбярэжнай паласе — мангравыя зараснікі.
Насельніцтва. Налічваецца больш як 60 народнасцей і плямён. Асноўнае насельніцтва — в’етнамцы, або кінь (прыкладна 87%), якія жывуць пераважна на раўнінах, у перадгорных раёнах і ў гарадах. Блізкія да іх мыонгі (каля 1 млн.чал.). На Пд на раўнінах жывуць кхмеры (каля 1 млн.), ва ўзвышаных і горных раёнах на Пн — горныя таі (каля 2,5 млн.чал.), меа, ман і горныя моны, на ПдЗ — горныя кхмеры, на ПдУ — чамы і горныя чамы. У гарадах жыве каля 2 млн. кітайцаў. Сярод большай часткі вернікаў пашыраны будызм, які цесна пераплецены з даасізмам, канфуцыянствам, культам продкаў, ёсць хрысціяне (пераважна католікі), чамы — брахманісты і мусульмане. Частка горных плямён захоўвае стараж.традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 218 чал. на 1 км² (ад 20—30 чал. на 1 км² у гарах да 1000—1500 чал. на 1 км² у асвоеных нізінных раёнах). Гар. насельніцтва 20% (1993). Найб. гарады (тыс.ж., 1989): Хашымін — 3924, Хайфон — 1448, Ханой — 1088, Дананг — 370, Кантхо — 284, Нячанг — 270, Хюэ — 260, Намдынь — 220, Лангсюен — 214, Куінён — 202.
Гісторыя. Тэр. В’етнама заселена чалавекам у ніжнім палеаліце. Непасрэднымі продкамі в’етнамцаў былі лакв’еты. У 3 ст. да н.э. на Пн В’етнама ўтварыліся протадзяржавы Намв’ет і Аўлак, якія ў 111 да н.э. былі заваяваны стараж. кітайцамі. Пазней тут распаўсюдзіліся будызм махаянісцкага толку і канфуцыянства. На Пд В’етнама каля 2 ст.н.э. ўзнікла протадзяржава Цьямпа, якая знаходзілася пад уплывам Стараж. Індыі (будызм хінаянісцкага толку, індуізм у шываісцкай форме). У пач. 10 ст.Паўн. В’етнам вызваліўся ад кіт. панавання. Тут правілі каралі з дынастый Кхук [906—923], Ню [939—965], Дзінь [968—981; засн. военачальнікам Дзінь Бо Лінем, які назваў краіну Дайкав’ет — Вялікі стараж. В’ет], Ранніх Ле [981—1009]; у 10—11 ст. захоплены паўн. землі Цьямпы. Пры ўладарах дынастыі Лі [1010—1225] створана цэнтралізаваная дзяржава, у 1069 назва краіны зменена на Дайв’ет (Вялікі В’ет). Пасля палацавага перавароту 1225 сваяк караля Чан заснаваў аднайм. дынастыю (існавала да 1400). Яе ўладары стварылі моцную армію і баяздольны флот, пры падтрымцы народа адбілі ўварванні манголаў [паводле мірнага дагавора 1289 кіт. (манг.) дынастыя Юань фармальна прызнавалася сюзерэнам Дайв’ета; арганізатар абароны краіны галоўнакамандуючы Чан Хынг Дао стаў нац. героем]. З 1371 кіраўніком урада і фактычным правіцелем быў Хо Кюі Лі, які абмежаваў спадчынныя ўладанні знаці, упарадкаваў падаткаабкладанне і інш., аднак уварванне кіт. войск паклала канец праўленню заснаванай ім дынастыі Хо [1400—07]. Пасля вываду кіт. войск у выніку выступленняў патрыётаў-в’етаў іх кіраўнік Ле Лоі заснаваў дынастыю Позніх Ле [1428—1789] і прадоўжыў рэформы Хо (адноўлены статус абшчыны, праведзены адм. рэформа і ўлік зямлі, немаёмныя сяляне атрымалі надзелы). У 1471 канчаткова далучаны паўд. землі Цьямпы. У выніку аслаблення ўлады правіцеляў дому Ле (з 16 ст.) і міжусобіц 17 ст.Пн краіны фактычна захапілі буйныя саноўнікі Чыні, Пд — Нгуены. У 17 ст. ў Дайв’еце з’явіліся партуг., ісп., франц. місіянеры-католікі. Масавыя сял. выступленні (з 2-й пал. 18 ст.) у абедзвюх частках краіны перараслі ў тэйшонаў паўстанне пад лозунгам аднаўлення ўлады дынастыі Ле. Пасля спынення дынастыі Ле (1789) Нгуены пры падтрымцы французаў задушылі паўстанне і аб’ядналі дзяржаву пад сваёй уладай (1802). Пры імператарскай дынастыі Нгуенаў [1802—1945] у 1-й пал. 19 ст. адноўлена разбураная паўстаннем гаспадарка, умацавана сістэма адм. улады, пашырыліся кантакты з Францыяй. З 1804 краіна афіцыйна наз. В’етнам (Паўднёвы В’ет). У 1858 пачаўся захоп В’етнама французамі, якія пад выглядам абароны каталіцкіх місіянераў увялі ваен. эскадру ў бухту Дананг, у 1859 занялі Сайгон. Пазней акупіравана зах. частка Паўд. В’етнама — Кахінхіны (Намбо), што замацавана дагаворам 1862, у 1867 анексіравана астатняя ч. краіны. Паводле франка-в’етнамскага дагавора 1874 увесь Пд В’етнама трапіў пад уладу франц.калан. адміністрацыі. У ходзе 2-й франка-в’етн. вайны 1883—84 франц. войскі занялі ключавыя ваен. пазіцыі ў краіне і прымусілі яе правіцеляў прызнаць пратэктарат Францыі над усім В’етнамам. Пратэктарат быў падзелены на 2 часткі: паўн. (Танкін, ці Бакбо) і цэнтр. (Анам, Чунгбо). З 1893 калонія Кахінхіна і пратэктараты Анам і Танкін у складзе франц. Індакітайскага саюза (разам з Камбоджай і Лаосам). Французы заснавалі ў В’етнаме горназдабыўную прам-сць, вытв-сць рысу (76% экспарту), кавы, чаю, каўчуку. В’етн. памешчыкі валодалі 50%, каланізатары — 9% зямель. 58% мясц. сялян не мелі ўласнай зямлі. У канцы 19 ст. зарадзіўся нац.-вызв. рух (рух «вернасці імператару», партыз. выступленні сялян). У 1904 створана Таварыства абнаўлення В’етнама (выступала за выгнанне французаў з дапамогай Японіі і стварэнне канстытуцыйнай манархіі), якое ў 1912 рэарганізавана ў Таварыства адраджэння В’етнама. У 1919—20 пачаў рэв. дзейнасць Хо Шы Мін. У 1923 засн. Канстытуцыйная партыя (выступала за рэформу калан. парадкаў і наданне краіне статуса дамініёна), у 1927 — Нац. партыя В’етнама (патрабавала ліквідаваць калан. рэжым). Падрыхтаванае апошняй Йенбайскае паўстанне 1930 пацярпела няўдачу. У 1930-я г. ў нац.-вызв. барацьбу ўключылася Камуніст. партыя В’етнама (засн. ў пач. 1930, з кастр. 1930 наз.Камуніст. партыя Індакітая — КПІК). На пач. 2-й сусв. вайны тэр. В’етнама акупіравана яп. войскамі (1940—41); захавалася і франц.калан. адміністрацыя. У маі 1941 пад кіраўніцтвам КПІК створана Ліга барацьбы за незалежнасць В’етнама (гл.В’етмінь). 9.3.1945 японцы ліквідавалі франц. адміністрацыю і абвясцілі фіктыўную незалежнасць В’етнама. У выніку перамогі ўзбр. паўстання 1945 (гл.Жнівеньская рэвалюцыя 1945) скінута ўлада японцаў, 2.9.1945 у г. Ханой абвешчана Дэмакр. Рэспубліка В’етнам (ДРВ). У хуткім часе Пн краіны акупіравалі кіт. (гаміньданаўскія), Пд — брыт. войскі; потым вярнуліся французы. Паводле в’етн.-франц. пагадненняў 1946 ДРВ прызнана незалежнай дзяржавай у рамках Індакіт. федэрацыі і Франц. саюза; брыт. і гаміньданаўскія войскі заменены французскімі. У 1946 адбыліся выбары ў мясц. органы ўлады і Нац. сход (парламент), прынята Канстытуцыя ДРВ (ліст. 1946), створаны Нац. саюз В’етнама (гл.Льен-В’ет); КПІК вымушана была перайсці на нелегальнае становішча. Французы правакавалі сутыкненні, патрабавалі раззброіць узбр. сілы ДРВ. Каб захаваць свае калан. пазіцыі, Францыя 19.12.1946 пачала вайну ў Індакітаі. У 1950 ваен. ініцыятыва перайшла да в’етн.нар. арміі, якая вяла вайну Супраціўлення. Ва ўмовах вайны ў ДРВ у 1949 пачаліся агр. пераўтварэнні, якія з 1953 перараслі ў ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і размеркаванне зямель сярод сялян. У 1950 ДРВ прызнана Сав. Саюзам і інш. краінамі. У 1951 КПІК перайменавана ў Партыю працоўных В’етнама (ППВ). У сак. 1954 часці в’етн.нар. арміі акружылі ўмацаваны раён Дзьенб’енфу, дзе знаходзіліся гал. сілы франц. экспедыцыйнага корпуса, і праз 2 месяцы французы капітулявалі. Паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 аб Індакітаі тэр. В’етнама падзелена дэмаркацыйнай лініяй уздоўж 17-й паралелі (на Пн ад яе канцэнтраваліся войскі ДРВ, на Пд — войскі паўд.-в’етн. ўрада, створанага французамі ў 1949), выводзіліся франц. войскі, прадугледжваліся свабодныя агульнав’етн. выбары пад наглядам міжнар. камісіі і інш. Аднак паўд.-в’етн. ўлады адмовіліся ад удзелу ў выбарах і пад уплывам ЗША стварылі ў 1955 т.зв. Рэспубліку В’етнам (РВ) са сталіцай у Сайгоне. У ДРВ з 1954 праводзіўся курс на пабудову сацыялізму на ўзор СССР. Да 1958 адноўлена разбураная вайной гаспадарка. У 1960 пачалася індустрыялізацыя, прынята новая канстытуцыя. Ва ўмовах супраціўлення праамерыканскаму дыктатарскаму рэжыму Нго Дзінь Зьема ў Паўд. В’етнаме ў снеж. 1960 узнік Нацыянальны фронт вызвалення Паўднёвага В’етнама (НФВПВ), які меў на мэце стварэнне незалежнага дэмакр. і нейтральнага Паўд. В’етнама, аб’яднанне краіны мірным шляхам. Пад націскам мас у 1963 скінуты непапулярны Нго Дзінь Зьем, аднак уладу захапіў генералітэт. У 1965 устаноўлены ваенна-дыктатарскі рэжым ген. Нгуен Ван Тхіеў. У выніку ваен. пагаднення 1961 паміж ЗША і РВ колькасць амер. ваеннаслужачых у Паўд. В’етнаме павялічылася з 200 чал. у 1954 да 25—30 тыс. у 1964. Ва ўмовах няўдалай барацьбы паўд.-в’етн. арміі супраць ваен. атрадаў (у т. л. партызанскіх) НФВПВ, якім аказвала дапамогу ДРВ, адбылося прамое ваен. ўмяшанне ЗША (пазней і іх саюзнікаў). З 1965 амерыканцы пачалі сістэм. бамбардзіроўкі тэр. ДРВ і карныя аперацыі на Пд В’етнама. Да 1969 амер.ваен. кантынгент у РВ налічваў 543 тыс.чал., а таксама 69 тыс. ваеннаслужачых з Паўд. Карэі, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Тайланда і Філіпін. Вайна з боку ЗША вялася жорсткімі метадамі (гл.Сангмі). Нягледзячы на 4-разовую колькасную перавагу, амерыканцы і іх саюзнікі не здолелі знішчыць асн. сілы праціўніка, які спалучаў класічныя і партыз. метады вядзення вайны — пазбягаў франтальных сутыкненняў з буйнымі амер. злучэннямі і прымушаў іх трымаць у рэзерве значныя сілы для аховы ўласных ваен. баз і камунікацый. На вызваленых патрыят. сіламі тэрыторыях у 1968—69 праведзены выбары, у чэрв. 1969 створаны Часовы рэв. ўрад Рэспублікі Паўднёвы В’етнам (РПВ), які далучыўся да ўдзелу ў перагаворах па в’етн. пытанні ў Парыжы (пачаліся ў сак. 1968 паміж прадстаўнікамі ДРВ, РВ, ЗША). На пач. 1970-х г. РПВ прызнана 40 дзяржавамі свету. Ва ўмовах росту антываен. выступленняў унутры ЗША і падзення іх міжнар. прэстыжу новае амер.паліт. кіраўніцтва на чале з прэзідэнтам Р.Ніксанам узяло курс на «в’етнамізацыю» вайны (з 1969) — паступовы перанос асн. цяжару баявых дзеянняў на паўд.-в’етн. армію пры захаванні матэрыяльнай і ваен.-тэхн. дапамогі з боку ЗША. Да пач. 1973 амер.ваен. кантынгент скарочаны да 69 тыс.чал. Пасля падпісання Парыжскага пагаднення 1973 з В’етнама выведзены войскі ЗША і іх саюзнікаў. Аднак вайна ў В’етнаме працягвалася і скончылася паражэннем сайгонскага рэжыму (30.4.1975 вызвалены Сайгон). Гэтым завершана аб’яднанне краіны: у ліст. 1975 склікана Паліт. кансультатыўная нарада па аб’яднанні Паўн. і Паўд. В’етнамаў; абраны на ўсеагульных выбарах адзіны Нац. сход 2.7.1976 абвясціў Сацыяліст. Рэспубліку В’етнам — СРВ. Цяжкія вынікі вайны (у т. л. знішчэнне 50% лясных масіваў і 20% с.-г. угоддзяў), нізкая эфектыўнасць эканомікі, вайна В’етнама ў Камбоджы (1979), пагран. канфлікт 1979 з Кітаем і інш. спарадзілі эканам. праблемы. У 1988 дэмакратычная і сацыялістычная партыі самаліквідаваліся, паліт. кіраўніцтва СРВ (камуніст. партыя) стала праводзіць курс на паступовыя рыначныя пераўтварэнні эканомікі. У 1992 прынята новая канстытуцыя (замяніла канстытуцыю 1980), праведзены выбары ў Нац. сход. В’етнам — член ААН (з 1977), АСЕАН (з 1995). Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Камуніст. партыя В’етнама, Саюз камуніст. моладзі Хо Шы Міна, Айчынны фронт В’етнама, Усеагульная канфедэрацыя працоўных В’етнама.
Гаспадарка. В’етнам — індустрыяльна-аграрная дзяржава. Прамысловасць дае асноўную ч. валавога ўнутр. прадукту і экспарту, аднак большасць насельніцтва (65%) занята ў сельскай гаспадарцы. Здабываюць каменны вугаль і нафту — па 4,8 млн.т (1992), вальфрам, волава, апатыты, храміты, марганцавыя руды, соль з марской вады, буд. матэрыялы. Асн. цэнтры здабычы вугалю Хангай, Камфа, Куангйен, апатытавы руднік у Лакаі, руднік па здабычы хрому з абагачальнай ф-кай у Кадзіне, алавяны камбінат у Каабангу. Асн. цэнтр нафтаздабычы г. Вунгтаў. Электраэнергетыка пераважна на каменным вугалі, вытв-сць электраэнергіі 9,8 млрд.кВт∙гадз (1992). Ёсць прадпрыемствы чорнай (Тхайнгуен, Б’енхаа) і каляровай (Ціньтук) металургіі. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю дызеляў, помпаў, с.-г. тэхнікі, трансп. сродкаў (у т. л. невялікіх рачных і марскіх суднаў), разнастайных механізмаў (Ханой, Хайфон, Хашымін, Б’енхаа, Міньхай, Вінь). Ёсць прадпрыемствы па рамонце самалётаў, суднаў, аўтамашын, зборцы веласіпедаў, рухавікоў, матаролераў, гадзіннікаў, радыёапаратуры. Хім.прам-сць (вытв-сцьмінер. угнаенняў) развіваецца ў правінцыях Хабак, Ламтхаа, вытв-сць цэменту і будматэрыялаў — у Ханоі, Хайфоне, правінцыі Хатуен, працуюць лесапільныя і дрэваапрацоўчыя, цэлюлозна-папяровыя, мэблевыя, па вытв-сці чарапіцы, жалезабетонных вырабаў, шкла, піламатэрыялаў, запалак і інш. прадпрыемствы. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўных парод дрэў (жалезнага, чорнага, палісандравага, розных відаў бамбуку). У лясах праводзіцца збор кардамону, бадзяну, карыцы, бензою, камедзі, каніфолі, сыравіны для дубільных і фарбавальных рэчываў. Лёгкая (баваўняная, трыкат., абутковая) і харч. (рысаачышчальная, цукровая, чайная, рыбаперапрацоўчая, кансервавая, вытв-сць эфірных алеяў) прам-сць. Прадпрыемствы мясц. прам-сці і кааператываў вырабляюць цукар, патаку, піва, рыбны соус (традыцыйны харч. прадукт), тытунёвыя вырабы, рэчы хатняга ўжытку, тканіны, абутак, мыла і інш. Саматужная вытв-сць і маст. рамёствы даюць каля ⅓ прамысл. прадукцыі і больш як 1/5 кошту экспарту. У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства. Пасяўныя пл. — 8,2 млн.га (1992), каля паловы іх арашаецца. На большай частцы зямель штогод здымаюць 2—3 ураджаі. 86% пасяўных пл. займаюць харч. культуры, пераважна рыс (у дэльтах рэк Меконг і Хангха, на прыбярэжных раўнінах), а таксама батат, кукуруза, маніёк, проса. Валавы збор харч. культур у пераліку на рыс склаў 24 млн.т (1992). З тэхн. культур вырошчваюць цукр. трыснёг, чай, тытунь, джут, арахіс, бавоўну, каву, каўчуканосы (гевею). Развіта трапічнае садоўніцтва (пераважна бананы і ананасы), вырошчваюць гародніну, кветкі, лекавыя травы. Буйн. раг. Жывёлы (1993), гал. чынам буйвалаў, што выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла, 3,3 млн. галоў, свіней 14,9 млн. галоў, коней 133 тыс. галоў. Птушкагадоўля. У сажалках, на рысавых палях, рэках і морах — рыбалоўства (сумарны ўлоў рыбы 1080 тыс.т; 1993). Транспарт прадстаўлены сеткай вузкакалейных чыгунак (пераважная шырыня каляі 1 м, даўж. 3,1 тыс.км, у т. л.гал. чыгунка Ханой—Хашымін — 1,8 тыс.км), суднаходных рэк, праток і каналаў каля 40 тыс.км, аўтадарог больш за 300 тыс.км. 17 марскіх і рыбалоўных партоў, у т. л. Хашымін, Хайфон, Дананг, Камфа. 100 аэрадромаў і аэрапортаў, міжнар. аэрапорты ў Ханоі і Хашыміне. Экспарт 2,4 млрд.дол., імпарт 2,3 млрд.дол. (1992). Экспартуюцца с.-г. і рамесніцкая прадукцыя, вугаль, мінералы і руды, нафта, морапрадукты, баваўняныя тканіны, каўчук, чай, драўніна, некаторыя тавары нар. спажывання, у асобныя гады рыс. Імпартуюцца электронныя і эл.-тэхн. вырабы, прадукцыя хім. прам-сці, трансп. сродкі, нафтапрадукты, лекі, бавоўна, угнаенні, зерне. Гал.гандл. партнёры: Тайвань, Сінгапур, Сянган, КНР, Філіпіны, Японія, Расія. В’етнам атрымлівае значную дапамогу ад шэрагу краін (Японія, Францыя, Вялікабрытанія). Беларусь экспартуе ў В’етнам пракат чорных металаў, грузавікі, трактары, падшыпнікі, матацыклы, імпартуе пераважна натуральны каўчук. Арганізаваны 2 сумесныя прадпрыемствы па вытв-сці натуральнага каўчуку. Грашовая адзінка — донг.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя В’етн.нар. армію (ВНА; складаецца з сухап. войск, ВПС, войск ППА і ВМС) і войскі МУС, а таксама ірэгулярнае нар. апалчэнне. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У ВНА больш за 850 тыс.чал. (1994). Сухап. войскі (700 тыс.чал.) падзяляюцца на палявыя і мясцовыя. Усяго ў іх 62 пях. і механізаваныя і 8 інж. дывізій, 10 бранятанк. брыгад, 15 асобных пях. палкоў, 10 брыгад палявой артылерыі, 20 асобных інж. брыгад; маюць 1750 танкаў (Т-34, -54, -55 і тыпу 59), каля 1700 адзінак інш. бранятанк. тэхнікі, каля 3 тыс. гармат палявой і процітанк. артылерыі, каля 10 тыс. мінамётаў і інш. У ВПС (каля 15 тыс.чал.) 4 авіяц. дывізіі (у т. л. 2 знішчальна-бамбардзіровачныя і 5 знішчальных палкоў, 3 палкі ваен.-трансп. авіяцыі), каля 270 баявых самалётаў і верталётаў (у т. л. знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі Су-17, Су-22, знішчальнікі МіГ-21 біс і верталёты Мі-24). Войскі ППА (каля 100 тыс.чал.) складаюцца з зенітна-ракетных і радыётэхн. войск і зенітнай артылерыі, зведзеных у дывізіі і брыгады, якія маюць 66 комплексаў SA-2, -3 і -6, каля 100 радыёлакацыйных станцый, больш за 1000 гармат зенітнай артылерыі. У складзе ВМС (42 тыс.чал.) надводныя караблі (7 фрэгатаў, 64 патрульныя і вартавыя катэры, 8 ракетных і 21 тарпедны катэр, 7 дэсантных караблёў), марская пяхота (каля 30 тыс.чал., 2 брыгады, ёсць плаваючыя танкі, бронетранспарцёры, лёгкая артылерыя), часці берагавой абароны (маюць лёгкія танкі, баявыя машыны пяхоты, каля 100 гармат берагавой артылерыі і зенітна-ракетныя сродкі), якія аб’яднаны ў ваенна-марскія базы і раёны. Войскі МУС складаюцца з войск унутр. аховы і пагранічных, маюць пераважна лёгкую артыл. і стралк. зброю. Нар. апалчэнне — масавая ваенізаваная арг-цыя, якая фарміруецца паводле тэр.-вытв. адзнакі і забяспечвае падрыхтоўку і мабілізацыйнае разгортванне ваенна-абучанага рэзерву ВНА.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 63, жанчын 68 гадоў. Смяротнасць 8 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 298 чал., урачамі — 1 на 2843 чал. Узровень нараджальнасці 27 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 46 на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета. Сістэма адукацыі В’етнама ўключае ўстановы дашкольнага выхавання, агульнаадук. школу, сярэднія спец.навуч. ўстановы, прафес. вучылішчы, ВНУ. Паводле звестак ЮНЕСКА, непісьменнасць у В’етнаме знізілася да 12,4% (1990). У 1961 пачалі стварацца 1-гадовыя падрыхтоўчыя класы для дашкольнікаў, якія сталі абавязковымі. 12-гадовая агульнаадук. школа прадугледжвае 2 ступені: 1—5-ы кл. і 6—12-ы кл. (навучанне на 2-й ступені на працягу 4 гадоў дае няпоўную сярэднюю адукацыю; наступнае навучанне на працягу 3 гадоў — поўную сярэднюю). Пач. і няпоўная сярэдняя адукацыя абавязковая. Прафес. адукацыю даюць прафес.-тэхн. вучылішчы і тэхнікумы. Ствараецца сістэма завочнай і вячэрняй (сярэдняй і вышэйшай) адукацыі. На прадпрыемствах вядзецца курсавая падрыхтоўка рабочых кадраў без адрыву ад вытв-сці. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты, ін-ты, вышэйшыя школы і вучылішчы (тэхн. і пед.). Тэрмін навучання ў ВНУ 4—5 гадоў, у вышэйшых школах і вучылішчах 3—4 гады. Буйнейшыя ВНУ: Ханойскі ун-т (з 1918), ун-ты ў гарадах Хашымін, Хюэ, Кантхо, Далат; політэхн., пед., мед. ін-ты, кансерваторыя (усе з 1955), ін-ты нар. гаспадаркі (з 1956), сувязі (1969), інжынераў транспарту (1968) — усе ў Ханоі. Б-кі: Нац., Цэнтральная, Ханойскага ун-та і інш. Музеі: Нац. музей, Музей прыгожых мастацтваў і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў н.-д. установах, ун-тах і галіновых ін-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць больш як 100 цэнтральных, а таксама правінцыяльных перыяд. выданняў. Буйнейшыя газеты «Nhân dân» («Народ», з 1951), «Lao dông» («Праца», з 1943), «Dôc lâp» («Незалежнасць», з 1953), «Tô quôć» («Радзіма», з 1946), «Tiê’n phong» («Авангард», з 1953), «Hanoi Moi» («Новы Ханой»). Асноўныя радыё- і тэлестанцыі размешчаны ў буйных гарадах: Ханой, Хашымін, Хайфон, Дананг. Ханойская радыёстанцыя «Голас В’етнама» (з 1945) вядзе перадачы на в’етнамскай, англ., франц., кіт. і яп. мовах. Тэлецэнтр у Ханоі працуе з 1971. Афіц.дзярж.інфарм. орган — В’етнамскае інфарм. агенцтва (ВІА, з 1945).
Літаратура. Старажытны фальклор в’етнамцаў — гэта цыкл міфал. паданняў пра гасудара Дракона Лака, першапродка і першанастаўніка людзей, багатырская казка пра героя Фу Донга, паданні пра буд-ва Крэпасці-смаўжа, пра старадаўніх ваяўніц сясцёр Чынг. Раннія помнікі в’етн. пісьменства датуюцца 10—12 ст. У 13—14 ст. развівалася прыдворная паэзія, пазначаная сузіральным будыйскім светаадчуваннем. Патрыят. настроі ў вершах і рытмічнай прозе пра барацьбу з манг. нашэсцем у 13 ст. У канцы 14 ст. ў паэзіі з’явіліся тэмы сац. пратэсту, раннія сац. утопіі. На аснове апавядальнага фальклору і летапіснай традыцыі пачала фарміравацца навела. У 15 ст. паэзія развівалася на гутарковай в’етн. мове («Зборнік вершаў на роднай мове» Нгуен Чая). У гэтым працэсе ўдзельнічала літ. аб’яднанне «Збор дваццаці васьмі зорак» на чале з імператарам Ле Тхань Тонгам. У 16—17 ст. з’явілася рытмічная проза. Выдатны помнік канца 17 — пач. 18 ст.гіст.-эпічная паэма «Кніга нябеснага Поўдня» — апавяданні пра подзвігі гіст. асоб і легендарных герояў В’етнама. У 18 — пач. 19 ст. зарадзілася лірычная паэма (нгэм), росквіту дасягнула апавядальная паэма (чуен). Сінтэз гэтых жанраў — у паэме Нгуен Зу «Стогны спакутаванай душы». У прозе з’явіўся раман-эпапея («Імператар Ле — аб’яднальнік краіны»). З 2-й пал. 19 ст.л-ра В’етнама развівалася ва ўмовах нац.-вызв. руху. У паэзіі пераважалі патрыят. матывы (Нгуен Дзінь Цьеў), узмацнілася сатыр. накіраванасць твораў (Нгуен Кхюен, Ту Сыонг). Паэзія і публіцыстыка пач. 20 ст. адлюстроўвалі ідэі асветніцтва, грамадз. пафас (Фан Бой Цяў). Фарміруюцца сучасныя празаічныя жанры: навела, раман, драма. У 1930-я г. ўзнік рух «Новай паэзіі», які садзейнічаў перабудове сістэмы вершаскладання, вызваленню чалавека ад феад. перажыткаў. У 1920—30-я г. зарадзілася рэв.л-ра (То Хыў, Хо Шы Мін), фарміраваўся рэаліст. кірунак (проза Нгуен Конг Хаана, Нгуен Хонга, Нго Тат То і інш.). У гады Супраціўлення і «двух В’етнамаў» (1945—75) л-ра на фоне далейшай дэмакратызацыі літ. мовы вяла пошукі маст. формы твораў. З 1976 л-ра В’етнама развіваецца ва ўмовах аб’яднанай дзяржавы (творчасць Нгуен Хюі Тыонга, Нгуен Конг Хаана, То Хыў, Хюі Кана, Тэ Ханя, Нгуен Туана, Нгуен Хонга, Суан Зьеў, Тэ Лан В’ена, То Хаая, Нгуен Дзінь Тхі). На бел. мове выдадзены асобнымі кнігамі анталогія в’етн. паэзіі «Апалены лотас» (пер. Я.Семяжона, 1968), зб. апавяданняў Нгуен Конг Хаана «Зачараваная манета» (пер. Г.Шаранговіч і В.Бурносава, 1973), раман Нгуен Дзінь Тхі «Абвальваюцца берагі» (пер. Л.Салаўя, 1981), зб. вершаў Хо Шы Міна «Турэмны дзённік» (пер. Я.Сіпакова, 1985).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Самыя стараж. помнікі маст. культуры на тэр. В’етнама (бронзавыя барабаны) адносяцца да данешонскай культуры (10—1 ст. да н.э.). Стараж.арх. помнік — г. Калоа (3 ст. да н.э., Паўн. В’етнам), абнесены 9 канцэнтрычнымі сценамі (захаваліся часткі). Найб. вядомыя пабудовы адносяцца да эпох Позніх Лі і Чан: будыйскі храм Тхонг-Нгіем (1010), «Храм літаратуры» ў гонар Канфуцыя (1070), пагада Мот-Кот (1049, адноўлена ў 1956) у Ханоі і інш. Захаваліся храмавыя комплексы Тай-Фыонг паблізу Ханоя (17 ст.), Кэо ў правінцыі Тхайбінь (1632), грамадскія будынкі «дзынь» у в. Дыньбанг паблізу Ханоя (18 ст.). Палацы 19 ст. багата аздоблены разьбой па дрэве, слановай косці і лакам (тронная зала «Палаца дасканалай гармоніі» ў Хюэ, 1805—33). У скульптуры (каменнай, драўлянай, пакрытай лакам) з 15 ст. з’яўляюцца выявы кананізаваных памерлых свяшчэннаслужыцеляў (статуя мудраца Тует Шона з пагады Тай-Фыонг, 15 ст.). Жывапіс 15—19 ст. — храмавыя размалёўкі, пейзажы, пахавальныя партрэты, нар. лубок. З маст. рамёстваў пашыраны разьба па слановай косці, дрэве, якая спалучалася з інкрустацыяй косцю і перламутрам, ліццё з металу, пляценне з чароту, вытв-сць лакавых вырабаў з размалёўкай каляровымі і залатымі лакамі. У калан. перыяд нац. традыцыі В’етнама захоўваліся ў нар. дойлідстве і прыкладным мастацтве. У 1925 заснавана Вышэйшая школа прыгожых мастацтваў у Ханоі. У гады вайны Супраціўлення (1945—54) мастакі То Нгок Ван, Фан Ке Ан, Лыонг Суан Ньі і інш. стваралі агітац. плакаты, эстампы, малюнкі, прысвечаныя подзвігам нац. герояў. Пасля 1954 важнае месца заняло прамысл.буд-ва. Сучасныя арх. формы спалучаюцца з традыцыямі нар. дойлідства. У выяўл. мастацтве развіваюцца жывапіс вадзянымі фарбамі на шоўку (Нгуен Фан Цян, Чан Донг Лыонг і інш.) і асабліва лакавы жывапіс (Фан Ке Ан, Хаанг Тык Цю, Ле Нгіен і інш.), якія дзякуючы іх своеасаблівай дэкар. выразнасці пачалі выкарыстоўваць для стварэння станковых карцін. Пашырыўся і алейны жывапіс (Чан Ван Кан, Май Ван Хіен, Лыонг Суан Ньі і інш.). Асн. тэматыка жывапісных твораў — працоўнае жыццё і барацьба народа. Развіваюцца графіка (ілюстрацыя, эстамп, плакат) і скульптура (Чан Ван Лам, Зьен Мінь Цяў, Дао Ван Кан і інш.). У 1957 адкрыта Вышэйшае маст. вучылішча, у 1958 — Маст.-прамысловае вучылішча ў Ханоі. У 1958 арганізаваны Саюз мастакоў ДРВ.
Музыка. Уключае муз. традыцыі асн. этнасу — в’етаў і інш. народнасцей краіны. Найб.стараж. помнікі муз. культуры — літафоны (4—3-е тыс. да н.э.), бронзавыя барабаны і гонгі (1-е тыс. да н.э.), якія складалі аснову цырыманіяльных ансамбляў (сустракаюцца і ў наш час). З музыкай в’етаў узаемадзейнічалі кітайскія (з 2 ст. да н.э.) і інш. (з 1—2 ст.н.э.) муз. традыцыі, абмежаваныя сферай прыдворнага і храмавага музіцыравання (канфуцыянскія і будыйскія рытуалы). Найб. інтэнсіўна музыка в’етаў пачала развівацца з 10 ст. У 10—11 ст. на Пн краіны фарміраваўся сельскі муз.т-р тэа. У 14—15 ст. развіваліся формы вак. музыкі. У 15—16 ст. складваюцца асновы класічнай прафес. музыкі. Разам з канфуцыянскім вучэннем на прыдворную культуру ўплывалі кіт. класічная музыка і т-р. У працэсе в’етнамізацыі кіт. музыкі ўзніклі шматсастаўныя цырыманіяльныя аркестры — «Ня няк», «Донг ван», «Зяо Фыонг», паказы муз. драмы туонг — адной з вяршынь класічнага т-ра ў Паўд.-Усх. Азіі. У асяроддзі феад. арыстакратыі было пашырана распяванне класічных паэм у суправаджэнні лютні і цытры (існуе і цяпер). У 17—19 ст. інтэнсіўна развіваліся муз. традыцыі гарадоў (камерна-інстр. традыцыя г. Хюэ і інш.), уводзіліся розныя тыпы натацыі. Сярод муз. інструментаў: духавыя (пераважна з бамбуку) — сяо, тыеў (тып флейты), кен, сона (род габоя); кі па (бычыны рог); струнныя смычковыя ні, хо, струнныя шчыпковыя дан баў, дан ты ба, дан нгуэт, дан дай (лютні), дан чань (цытра); ударныя — літафоны, разнавіднасці барабанаў, гонгі, званочкі, драўляныя бразготкі; ксілафон трынг, клом пут (дынг бут), губны арган хен і інш. На мяжы 19—20 ст. у В’етнаме з’явіліся элементы зах.-еўрап. музыкі. Сярод вядучых кампазітараў: Нгуен Суан Хаат, Гуй Зу, Лыў Хыў Фыок, До Нюан, Ван Као, Хуанг В’ет, Дам Лінь, Нгуен Дык Туан і інш. Пасля ўз’яднання В’етнама (1975) актыўна развіваецца муз. адукацыя, адкрываюцца спец.навуч. ўстановы еўрап. тыпу. Працуюць (1997): Т-р оперы і балета ў Ханоі, 2 сімф. аркестры, у т. л.Дзярж. сімфанічны; аркестр нар. інструментаў; кансерваторыі ў Ханоі і Хашыміне, муз. вучылішча ў г. Хюэ; Ін-т музыказнаўства ў Ханоі (1956); Саюз кампазітараў.
Тэатр. Традыц. віды в’етн.т-ра — муз.-драм. прадстаўленні туонг, тэа і кай-лыонг. Туонг (класічны т-р) узнік у 11 ст. на Пн краіны як прыдворнае відовішча. У рэпертуары былі п’есы на сюжэты в’етн. міфалогіі і кіт. гісторыі. Неад’емная яго частка — музыка і танцы, якія садзейнічаюць раскрыццю характараў герояў. Прадстаўленні ідуць без дэкарацый. Да лепшых дасягненняў т-ра туонг на пач. 20 ст. належаць гіст. п’есы Нгуен Хыў Тыена і Хаанг Танг Бі. Вытокі тэа (нар.т-р) — у нар. песнях паўн. В’етнама, у святкаваннях, якімі штогод адзначалі збор ураджаю ў дэльце р. Хангха. Асн. персанажы прадстаўленняў — сяляне. Дзеянне суправаджалася музыкай, танцамі, спевамі. Паказы звычайна ладзіліся ў дварах культавых пабудоў. Пазней спектаклі тэа перанесены на сцэну. На пач. 20 ст. на Пд В’етнама сфарміраваўся новы від т-ра — кай-лыонг (рэфармаваны т-р). Прадстаўленні суправаджаліся музыкай, былі заслона і дэкарацыі. Яго сюжэты разнастайныя: гіст., легенды, з жыцця в’етн. грамадства пач. 20 ст., пераробленыя п’есы еўрап. аўтараў ці сцэнарыі фільмаў. Значны ўклад у развіццё кай-лыонга зрабіў паэт Тхе Лы, які ў 1942—43 стварыў трупу, што пазней стала насіць яго імя. У 1920-я г. ўзнік «размоўны» (драм.) т-р кіць-ной, які ставіў камедыі Мальера, п’есы нац. драматургаў Ву Дзінь Лонга, Ву Гуен Дака і інш. Пасля 1945 створаны калектывы «Архідэя», «Народная трупа», «Трупа Перамогі» і інш.; з’явіліся новыя п’есы; адрадзіліся туонг, тэа, кай-лыонг (прафес. і аматарскія). На працягу стагоддзяў у В’етнаме існаваў традыцыйны нар.т-р лялек. Яго мастацтва перадавалася з пакалення ў пакаленне. Першы прафес.т-р лялек створаны ў Ханоі ў 1957. З 1957 дзейнічае Асацыяцыя артыстаў в’етн.т-ра. У 1961 адкрыта Вышэйшая драм. школа.
Кіно. Нац. кінематограф пачаўся ў 1948 хранік. фільмам пра барацьбу в’етн. партызан. На пач. 1950-х г. зняты дакумент. стужкі «Перамога на Паўночна-Заходнім фронце», «Абарона адной вёскі» і інш. У 1958 створана кінастудыя ў Ханоі. У 1959 зняты першы маст. фільм «На берагах адной ракі» (рэж. Нгуен Хонг Нгі і Фам Фіеў Зан). Сярод фільмаў 1960—80-х г.: «Апельсінавы сад», «17-я паралель: дні і ночы», «Дзяўчынка з Ханоя», «Спустошанае поле», «Малады баец», «Раён бур», «Каханне не вяртаецца». У Ханоі працуюць студыі маст., хранік.-дакумент., мультыплікацыйных і лялечных фільмаў. У 1959 створана Нац. кінашкола, у 1969 — Саюз кінематаграфістаў.
Літ.:
История Вьетнама в новейшее время (1917—1965). М., 1970;
Новейшая история Вьетнама. М., 1984;
Вьетнам: Справ. М., 1993;
Муриан И.Ф. Изобразительное искусство Социалистической Республики Вьетнам. М., 1980;
Нгуен Фи Хоань. Искусство Вьетнама: Пер. с вьетнам. М., 1982;
Хуан Тан Ши. Народные музыкальные инструменты Вьетнама // Из истории музыки XX в.: Сб. ст.М., 1971.
П.І.Рогач (прырода, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя да 1884), М.Г.Елісееў (гісторыя з 1884), А.М.Гарахавік (музыка).
Герб і сцяг В’етнама.Да арт.В’етнам. Вёска каля г. Хайфон.Да арт.В’етнам. Горны краявід.Да арт.В’етнам. Панарама г. Хошымін.Да арт.В’етнам. Статуэтка. Бронза. 6 ст.Да арт.В’етнам. Ле Нгіен. Танец. 1956.Да арт.В’етнам. Вечка шкатулкі. 1950-я г.Да арт.В’етнам. Танцоўшчыца. Скульптура п’едэстала з Чак’е. Каля 9 ст.Да арт.В’етнам. Ахвяры вайны ЗША у В’етнаме 1964—73.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЕ́НІЯ (Slovenija),
Рэспубліка Славенія (Republika Slovenija), дзяржава на Пдцэнтр.ч. Еўропы, на ПнЗ Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Аўстрыяй, на У з Венгрыяй, на Пд і ПдУ з Харватыяй, на З з Італіяй і абмываецца Трыесцкім зал. Адрыятычнага мора. Пл. 20,3 тыс.км². Нас. 1927, 6 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — славенская. Сталіца — г.Любляна. Падзяляецца на 62 раёны. Нац. свята — Дзень дзяржаўнасці (25 чэрв.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Парламент — Дзяржаўны сход з 90 дэпутатаў, якія выбіраюцца на 4 гады. Дзяржаўны савет (у ім 40 дэпутатаў, выбіраюцца на 5 гадоў і прадстаўляюць сац., эканам., прафес. і мясц. інтарэсы) — дарадчы орган, карыстаецца правам адкладальнага вета. Вышэйшая выканаўчая ўлада належыць ураду, які самастойны ў межах сваёй кампетэнцыі і падсправаздачны Дзярж. сходу.
Прырода. С. — пераважна горная краіна. На ПнЗ і Пн хрыбты Альпаў (усх.ч.), у т. л. Юлійскія Альпы з г. Трыглаў (2863 м). На Пдпаўн. ўскраіна Дынарскага нагор’я, у т. л. вапняковае плато Карст. Нізінныя і раўнінныя ўчасткі на З, каля ўзбярэжжа Адрыятычнага м. і на У. Ёсць радовішчы свінцова-цынкавых і медных руд, бурага вугалю і інш. Клімат на большай ч.тэр. ўмерана-кантынентальны. У міжгорных далінах т-растудз. ад 0 °C да -2 °C, ліп. 18—19 °C. На ўзбярэжжы клімат субтрапічны міжземнаморскі. Ападкаў 800—1200 мм за год, у гарах месцамі больш за 2000 мм. Асн. рэкі — Сава і Драва (бас. Дуная). Горныя ледавіковыя і карставыя азёры. Горныя букавыя, дубовыя і хвойныя лясы займаюць каля 55% тэр., ёсць участкі са стэпавай расліннасцю (плато Карст), горныя лугі, на ўзбярэжжы міжземнаморскія хмызнякі. Жывёльны свет больш захаваўся ў гарах, там трапляюцца мядзведзі, рысі, дзікі, ваўкі, алені, серны і дзікія козы. Ёсць запаведнікі і заказнікі. Пячоры Скочыян уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць славенцы. Жывуць таксама харваты (3%), сербы (2%), баснійцы-мусульмане, венгры, італьянцы і інш. Вернікі ў асн. католікі (больш за 70%), ёсць лютэране, уніяты, мусульмане. Сярэдняя шчыльн. каля 95 чал. на 1 км², на раўнінах і ў міжгорных далінах дасягае 200—300 чал. на 1 км², у гарах каля 10—20 чал. на 1 км². У гарадах жыве 52% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1996): Любляна — 330, Марыбар — 103,5, Цэле — каля 50. У прам-сці і буд-ве занята каля 45% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 20%, у абслуговых галінах — 35%.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. С. насялялі ілірыйцы. У 1 ст.н.э. яе каланізавалі рымляне (значна раманізавана). З 6 ст. заселена славянамі (славенцамі). У 7 ст. яны ўтварылі княства Карантанія, якое напачатку ўваходзіла ў дзяржаву Сама, потым падпарадкоўвалася Баварыі (з 740—745) і Франкскай дзяржаве (з 788). Тут узніклі паселішчы ням. каланістаў (у Зах. С), у 11—13 ст. утварыліся княствы Карынтыя, Штырыя, Крайна, Горыца, Істрыя. З 1282 яны пад уладай аўстр. Габсбургаў (канчаткова з пач. 16 ст.), тэр. ядром С. з 1394 было герцагства Крайна. У час напалеонаўскіх войнаў большая ч. С. ўваходзіла ў Ілірыйскія правінцыі (1809—14) Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 славенскія землі зноў трапілі пад уладу Аўстр. імперыі (з 1867 Аўстра-Венгрыя). Пасля 1-й сусв. вайны і распаду Аўстра-Венгрыі тэр. С. 1.12.1918 увайшла ў новастворанае Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну землі С. акупіраваны ў ходзе Балканскай кампаніі 1941 і падзелены паміж Германіяй, Італіяй і Венгрыяй. Да 15.5.1945 яны вызвалены Нар.-вызв. арміяй Югаславіі. Пасля абвяшчэння Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславіі (29.11.1945) С. ўвайшла ў яе склад як адна з 6 рэспублік (з 1963 у складзе Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі). Уз’яднанню тэр. С. пасля 2-й сусв. вайны садзейнічалі Парыжскія мірныя дагаворы 1947. С. ўносіла значны ўклад у агульнаюгасл. эканоміку. На мяжы 1980—90-х г. улады С., як і суседняй Харватыі, сталі ініцыятарамі выхаду сваіх рэспублік са складу югасл. федэрацыі і тым самым распаду Югаславіі. Напачатку Саюз камуністаў С. (СКС) на чале з М.Кучанам прапаноўваў пераўтварыць Саюз камуністаў Югаславіі (СКЮ) у саюз самаст.рэсп. арг-цый, а югасл. федэрацыю — у канфедэрацыю незалежных рэспублік. Потым Кучан узначаліў працэс супраціўлення С. югасл. федэральным уладам («раздружэнне»).
У сак. 1990 Сацыяліст. Рэспубліка С. перайменавана ў Рэспубліку С. У крас. 1990 у краіне адбыліся першыя свабодныя парламенцкія выбары, на якіх перамог саюз 7 партый «Дэмас»; прэзідэнтам С. выбраны Кучан (перавыбраны ў 1992 і 1997). 2.7.1990 парламент прыняў «Дэкларацыю аб суверэнітэце дзяржавы Славенія». На плебісцыце (праведзены 23.12.1990) 88,2% выбаршчыкаў выказаліся за дзярж. незалежнасць С. 25.6.1991 парламент прыняў акт аб незалежнасці С. (абвешчаны 26.6.1991 адначасова з Харватыяй). Паміж 27.6 і 7.7.1991 адбыліся сутыкненні паміж уведзенымі ў С. часцямі югасл. федэральнай арміі і славенскімі ўзбр. атрадамі («малая вайна»). Пры пасрэдніцтве Еўрап. супольнасцей (ЕС) і процістаянні з Харватыяй югасл. ўрад спыніў узбр. канфлікт і 29.7.1991 вывеў свае войскі з тэр. С., і яна стала незалежнай дзяржавай дэ-факта. Незалежнасць С. першымі прызналі ФРГ (26.12.1991), краіны ЕС (15.1.1992), Расія (14.2.1992). 22.5.1992 С. прынята ў ААН. 13.8.1992 дзярж. суверэнітэт С. прызнаў і югасл. ўрад (двухбаковыя дыпламат. адносіны ўстаноўлены 30.11.1995) У С. разгарнуліся паліт. і сац.-эканам. пераўтварэнні. 23.12.1991 прынята канстытуцыя, паводле якой С. стала парламенцкай рэспублікай. Найб. уплывовай паліт. сілай стала ў 1992 Ліберальна-дэмакр. партыя (зноў пасля выбараў 1996), лідэр якой Я.Дрноўшак стаў прэм’ер-міністрам С. У 1994 С далучылася да праграмы НАТО «Партнёрства дзеля міру». У 1995 парафіравана пагадненне аб асацыіраваным партнёрстве С. і Еўрап. Саюза. За гады незалежнасці С. дасягнула пэўных эканам. поспехаў, пераважна за кошт унутр. рэсурсаў. Урад краіны стымуляваў развіццё малых і сярэдніх прадпрыемстваў, заахвочваў вытв-сць на экспарт. Праведзена рэформа цэнаўтварэння і эканам. лібералізацыя ў цэлым, уведзена нац. валюта (толар). С. — чл. Савета Еўропы (з 1993). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 23.7.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Найб. уплывовымі паліт. партыямі краіны з’яўляюцца: Ліберальна-дэмакр. партыя С., Славенская нар. партыя, С.-д. партыя С., Славенскія хрысц. дэмакраты, Аб’яднаны спіс сацыял-дэмакратаў, Дэмакр. партыя пенсіянераў, Славенская нац. партыя і інш.
Гаспадарка. С. — індустр.-агр. краіна, па ўзроўні эканам. развіцця блізкая да найб. развітых краін Зах. Еўропы. Нягледзячы на эканам. спад пасля распаду Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі, нармалізавалася сітуацыя ў нар. гаспадарцы, праведзена прыватызацыя. Краіна атрымлівае штогод 1,8—2 млрд.дол. замежных інвестыцый (пераважна з Германіі, Аўстрыі, Францыі). Валавы ўнутр. прадукт у 1998 склаў 20,4 млрд.дол. (каля 10 300 дол. на 1 чал.), 35% яго атрымліваюць у прам-сці, 5% — у сельскай гаспадарцы, 60% — у сферы паслуг. У горнай прам-сці найб. значэнне мае здабыча бурага вугалю (4,6 млн.т у 1999, асн. радовішчы на Пд), свінцовых і цынкавых руд, буд. матэрыялаў. Энергетыка заснавана на выкарыстанні гідрарэсурсаў (175 ГЭС на горных рэках, у т. л. каскады ГЭС на рэках Драва, Сава, Соча), бурага вугалю і імпартнай нафты (68 ЦЭС). Працуе АЭС у Кршко (штогод выпрацоўвае каля 4 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі). У 1999 выпрацавана 13,1 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Шматгаліновая апрацоўчая прам-сць. Развіты чорная (у 1999 чыгуну, сталі, ферасплаваў атрымана 947 тыс.т, асн. цэнтр г. Есеніцы) і каляровая (вытв-сць свінцу, цынку, алюмінію, гарады Межыца і Кідрычава) металургія, хім. (вытв-сць мыйных сродкаў, лакафарбавых вырабаў, пластмас, пестыцыдаў і мінер. угнаенняў) і фармацэўтычная прам-сць. Развіта машынабудаванне, асабліва с.-г., электратэхн., трактара- і аўтамабілебудаванне, цяжкае машынабудаванне і інш. Аўтамабілі (118,9 тыс., 1999) выпускаюць філіялы ням. і франц. кампаній. Эл.-тэхн. прадпрыемствы выпускаюць разнастайную прадукцыю быт. (халадзільнікі, маразільнікі, пральныя машыны і інш.) і прамысл. прызначэння. Вырабляецца таксама абсталяванне для харч. прам-сці і металург. з-даў. Харч. і лёгкая прам-сць у асн. забяспечвае ўнутр. патрэбы, часткова — знешні рынак. У цэнтр. і ўсх. раёнах развіты мукамольная, маслабойная, мяса- і малочна-кансервавая, цукр.прам-сць. На Адрыятычным узбярэжжы вінаробства, вытв-сць аліўкавага алею, рыбных і фруктовых кансерваў, перапрацоўка імпартнай прадукцыі (кавы, чаю і інш.). Баваўняная, шарсцяная, шаўковая і гарбарна-абутковая прам-сць працуе пераважна на імпартнай сыравіне. Есць вытв-сць штучных валокнаў і скуры. У 1999 атрымана 39,1 млн.м² баваўняных і 4 млн.м²сінт. тканін. Развіты электронная, лясная і дрэваапр., папяровая, паліграф., мэблевая, швейная, шкляная і керамічная, буд. матэрыялаў прам-сць, разнастайныя саматужныя промыслы, выраб сувеніраў і інш. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 680 тыс.га зямлі, у т. л. каля 500 тыс.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, каля 180 тыс.га пад пашай і лугамі. Збожжавыя культуры займаюць каля 90 тыс.га, тэхн. — 15 тыс.га, збожжа на фураж —49 тыс.га, кармавыя травы — 292 тыс.га, пад садамі і вінаграднікамі —31 тыс.га. У 1999 сабрана 117,2 тыс.т пшаніцы, 309 тыс.т кукурузы. У жывёлагадоўлі (2000) найб. значэнне мае гадоўля буйн. раг. жывёлы (453 тыс. галоў) і свінагадоўля (592 тыс. галоў). У гарах і на плато Карст гадоўля авечак і коз. Птушкагадоўля (8,55 млн. курэй, 2000). У 1999 атрымана 247 тыс.т мяса (128,6 кг на душу насельніцтва), 620 тыс.т малака (323 л на душу). Марское і рачное рыбалоўства. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. У 1999 у С. было 20,1 тыс.км аўтадарог, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 16,3 тыс.км (619 км дарог міжнар. класа); 1201 км чыгункі. У краіне 657 тыс. легкавых, 37 тыс. грузавых аўтамашын і аўтобусаў (2000). Развіты авіяц. транспарт, каля г. Любляна — міжнар. аэрапорт. Гал. марскі порт Копер. Выкарыстоўваюцца таксама парты Трыест (Італія) і Рыека (Харватыя). У 1999 экспарт склаў 8,5 млрд.дол., імпарт 10,1 млрд.дол. У экспарце пераважае прадукцыя машынабудавання і тэкст. прам-сці (разам больш за 70% кошту), хім. (8%) і с.-г. (5%) прадукцыя; у імпарце — машыны і абсталяванне, сыравіна і паліва. Гал.гандл. партнёры: Германія (29% экспарту, 21% імпарту), Італія (15 і 17% адпаведна), Харватыя, Аўстрыя, Францыя, Расія, ЗША. С. — краіна развітога турызму і горнага спорту. Ёсць горнаклімат. і прыморскія курорты. Штогод С. наведвае больш за 1 млн. замежных грамадзян. даход ад замежнага турызму ў 1999 склаў 1,01 млрд.дол. Грашовая адзінка — талар.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (9 тыс. 550 чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (паліцыя, 4,5 тыс.чал.). Рэзерв —61 тыс.чал. (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву На ўзбраенні 96 танкаў, да 100 баявых браніраваных машын, каля 230 адзінак рэактыўных сістэм залпавага агню, гармат палявой артылерыі і мінамётаў, 9 пускавых установак зенітных ракет, да 60 гармат зенітнай артылерыі, каля 10 самалётаў-разведчыкаў, 18 лёгкіх трансп. самалётаў, 16 верталётаў, 2 патрульныя катэры.
Ахова здароўя. Агульнадзярж. палітыку ў галіне аховы здароўя ажыццяўляе савет па ахове здароўя. Разам з бясплатным дзярж. лячэннем існуюць страхавая медыцына, прыватныя ўрачы. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 72, жанчын 79 гадоў. Узровень нараджальнасці — 9 на 1 тыс.чал. Смяротнасць — 10 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост адмоўны: — 0,05%. Дзіцячая смяротнасць — 5 на 1 тыс.чал. (2001). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 177 чал., урачамі — 1 на 866 чал. (1997).
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у С. каля 656 перыяд. выданняў. Найб. уплывовыя газеты: «Dnevnik» («Штодзённік», з 1951), «Večer» («Вечар», з 1952), «Delo» («Праца», з 1959), «Slovenske novice» («Славенскія навіны», з 1991). Інфарм. агенцтва — Славенскае тэлегр. агенцтва (СТА, з 1991). Радыё і тэлебачанне С. ў складзе прадпрыемства «Радыё і тэлебачанне Славенія». Радыёвяшчанне з 1928. Радыёстанцыя «Радыё Славенія» вядзе перадачы па 3 нац. праграмах. У 1996 зарэгістравана 59 радыёстанцый, у т. л. 19 мясц., 2 студэнцкія і камерцыйныя (найб. уплывовыя «Радыё Копер-Кападзістрыя» і «Радыё Марыбар»). Тэлебачанне з 1959 (каляровае з 1974). Цэнтр. студыя тэлебачання «Тэлебачанне Славенія» вядзе перадачы па 2 нац. каналах. Дзейнічаюць 2 рэгіянальныя каналы. З 1998 трансліруюцца праграмы па кабельным тэлебачанні і праз Інтэрнет. З 1999 працуе 41 прыватная камерцыйная, рэгіянальная і лакальная тэлевізійныя станцыі. Вяшчанне на славенскай, венг. і італьян. мовах.
Літаратура. Развіваецца на славенскай мове. Першы літ. твор рэліг. зместу на лацінцы — Фрэйзенгскія фрагменты (10—11 ст.). У 14—15 ст. створаны Ратацкі і Сцічанскі рукапісы, якія ўключалі малітоўныя творы, у т. л. казанні і царк. песні. У 16 ст. пад уплывам пратэстантызму абуджалася нац. свядомасць славенцаў, развівалася літ. мова (біблейскія пераклады П.Трубара, поўны пераклад Бібліі Ю.Далмаціна). Пасля застою ў літ. жыцці на мяжы 18—19 ст. выйшаў першы паэт. альманах «Пісаніцы». Вылучыліся драматургія А.Т.Лінхарта, паэзія В.Водніка, аўтара першай славенскай граматыкі на славенскай мове (1811). Рамант. паэзія 19 ст. прадстаўлена творчасцю Ф.Прашэрна, які спалучыў дасягненні нар. паэзіі з высокім узроўнем літ. мовы. У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі: у прозе — лірычныя і рэаліст. апісанні сял. побыту (Ф.Леўсцік, І.Юрчыч), у паэзіі — вершы І.Стрытара, С.Грэгарчыча, А.Ашкерца. На мяжы 19—20 ст. праявіліся шматлікія плыні і школы, у т. л. мадэрнізм і новы рамантызм з імпрэсіянізмам, дэкадансам, экспрэсіянізмам, сімвалізмам (творы І.Цанкара, О.Жупанчыча, С.Косавела), якія спрыялі ўздыму славенскай л-ры. У 1930-я г.найб. уплывовай плынню быў сац. рэалізм (творчасць Прэжыхава Воранца, Ю.Казака, М.Кранеца, С.Касмача). Л-ра перыяду 2-й сусв. вайны прадстаўлена партыз. лірыкай і драматургіяй М.Бора К.Дзястоўніка-Каюха, прозай Т.Свяціны. У сучаснай прозе традыцый рэалізму прытрымліваецца Б.Зупанчыч, пераемнікам мадэрнізму і новага франц. рамана з’яўляецца Р.Шаліга, да постмадэрнізму схіляецца А.Блатнік. Яскравыя прадстаўнікі жаночай прозы — Б.Баету, М.Новак. У паэзіі пераважаюць інтымнасць, двухсэнсавасць, ірацыяналізм і суб’ектыўнасць (Д.Зайц, Я.Менарт, К.Ковіч, В.Таўфер, С.Макаравіч, Т.Шаламун, Б.А.Новак, А.Дабяляк). У драматургіі значнае месца заняла творчасць Д.Янчара. У перакладзе на бел. мову выдадзены апавяданні ў зб. «Югаслаўскія апавяданні» (1975), казкі ў зб. «Югаславянскія казкі» (1999), вершы ў зб-ках «На волю птушку выпускаю» (1989), «На зорных шляхах» (1991), «Знічкі сямі нябёс» (1992), анталогія паэзіі «Маці мая, Славенія» (1976), творы Леўсціка («Марцін Крпан», 1982), Зупанчыча («Памінкі», 1983), Жупанчыча («У вечным дазоры»), Прэжыхава Воранца («Падарункі»), Юрчыча («Як аднойчы казла судзілі: Незвычайная аповесць з даўніх часоў», усе 1986), Прашэрна («Санеты смутку», 1987). Сярод перакладчыкаў на бел. мову: Н Гілевіч, С.Законнікаў, А.Зарыцкі, В.Зуёнак, Р.Люхцікаў, С.Мінскевіч, А.Разанаў, У.Рубанаў, К.Севярынец, Я.Сіпакоў, І.Чарота, Г.Шаранговіч і інш.
Архітэктура. З эпохі бронзы вядомы абкружаныя валамі і равамі паселішчы, некропалі з магіламі на круглых каменных падмурках. Захаваліся ўмацаваныя паселішчы ілірыйцаў, рэшткі паселішчаў кельтаў (Цэле), стараж.-рым. гарадоў (Любляна, Птуй). З 8 ст. будавалі 1-нефавыя хрысц. храмы дараманскага тыпу (падмуркі з неапрацаванага каменю, плоскія драўляныя дахі). У 12—13 ст. панаваў манум. раманскі стыль, будавалі кляштарныя комплексы з 3-нефавымі базілікамі (у Сцічне, 1136—56; Кастаневіцы), 1-нефавыя касцёлы і ратонды (баптыстэрый у Коперы), касцёлы са шматграннай апсідай (у Сподня-Муце), невял. замкі з палацам, капэлай і данжонам (у Хмельніку каля Нова-Места). Гар. паселішчы, што вырасталі на месцы ант. (Любляна, Птуй, Цэле), захоўвалі іх рэгулярную планіроўку. У 13 ст. з’явіліся гатычныя арх. элементы, раслі ўмацаваныя гарады. У цэнтр.ч. С. пераважалі 2-павярховыя дамы з вузкімі фасадамі, на ўзбярэжжы Адрыятыкі — 3-павярховыя палацы з параднымі заламі і стральчатымі аконнымі праёмамі (у Коперы, Піране і інш.). У культавым буд-ве стаў пашыраным тып 3-нефавага касцёла (касцёл Маці Божай у с. Птуйска-Гора каля Птуя); сустракаліся 2-нефавыя зальныя касцёлы з вежай на фасадзе (у Свеці-Прымажы-над-Камнікам, каля 1459—1507) і 1-нефавыя з плоскай столлю і шматграннай скляпеністай апсідай. Саборы вызначаліся строгім вонкавым выглядам, акцэнтаваліся шмат’яруснымі квадратнымі вежамі з шатровым завяршэннем (у Марцьнцы, каля 1392; Солчаве, 1461—85); іх убранне стала больш дэкаратыўным, сеткавыя і зорчатыя скляпенні пакрывалі маляўнічай арнаментацыяй (у Шэнт-Руперце, каля 1482—97). У свецкай архітэктуры 16 ст. з’явіліся рэнесансавыя элементы — балконы, лоджыі, арачныя галерэі, ордэрныя парталы (ратуша і замак у Марыбары; замкі Тур’як і Жужамберк, палац «Старая графовія» ў Цэле). У пач. 17 ст. пашырыўся стыль барока. Формы італьян. і аўстр. дойлідства спалучаліся з мясц. асаблівасцямі. Касцёлы ўзводзілі 1-нефавыя з прадстаўнічым фасадам (касцёл св. Якаба, 1613—15; сабор св. Мікалая, 1700—07; урсулінак, 1718—26, 1744, гал. алтар маст. Ф.Роба, у Любляне), у плане трохвугольныя (у Шмарна-Горы, 1711—12), авальныя (у Паляне, 1720, арх. абодвух Г.Мачак) ці з увагнутым 2-вежавым фасадам (у Сладка-Горы, каля 1750). З 19 ст. ўсталяваўся класіцызм, з’явіліся элементы гістарызму (неагатычная ратуша ў Птуі, неарэнесансавы Нац. музей у Любляне) і стыль мадэрн (творы арх. М.Фабіяні ў Любляне). 1920-я г. адзначаны пошукамі ў стылі нац. неарамантызму з выкарыстаннем сярэдневяковай, рэнесансава-барочнай спадчыны, нар. архітэктуры (б-ка ун-та ў Любляне, арх. І.Плечнік, дзейнасць якога заклала аснову славенскай арх. школы 20 ст.). У 1930-я г. выявілася тэндэнцыя да функцыяналізму (арх. І.Вурнік, В.Шубіц у Любляне, Марыбары). Вял. урбаністычныя праекты канструктывізму рэалізоўваліся з рэгіянальнымі адметнасцямі: выкарыстанне разам з бетонам мясц. парод каменю, цэглы, дрэва, арганічнае ўпісанне архітэктуры ў горны ландшафт, пашырэнне 8-павярховых «кропачных» і вежападобных дамоў «стоўпніц». Пасля 2-й сусв. вайны ўзведзены новыя гарады з выразнай свабоднай планіроўкай, прамысл. раёны, добраўпарадкаваныя жылыя комплексы з грамадскімі цэнтрамі, школамі і інш. Паводле праектаў арх. Фабіяні і Плечніка рэканструяваны плошчы і набярэжныя Любляны. Сярод найб. значных пабудоў 2-й пал. 20 ст.: Нар. скупшчына (арх. В.Гланц), спарт. зала «Цівалі» (арх. М.Божыч), ансамбль будынкаў на пл. Рэвалюцыі (арх. Э.Раўнікар) у Любляне, атэль «Рыўера» у Петравіцы (арх. І.Арнаўтавіч), комплекс вакзала і атэля «Славія» ў Марыбары (арх. М.Чэрнігай), работы арх. В.Мушыча, С.Севеча, М.Міхеліча і інш. У 1959 засн. Саюз архітэктараў С.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. С. выяўлены дробная пластыка эпохі палеаліту, неалітычная кераміка з геам. арнаментам, блізкая да помнікаў Апуліі і Сіцыліі, творы выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва ілірыйцаў (бронзавыя пасудзіны-сітулы з рэльефнымі культавымі і быт. сцэнамі). Да 4—7 ст. адносяцца маст. вырабы готаў і стараж. славян. У сярэдневякоўі пашыраны рэльефы ў тымпанах, з’явіліся алтары са статуямі і рэльефамі, драўляная скульптура («Божая Маці», 3-я чвэрць 14 ст., царква ў Солчаве). Асобным творам скульптуры 13—14 ст. уласцівы прыальпійскія і паўн.-італьян. ўплывы. Лінейна-плоскасны стыль размалёвак 1-й пал. 14 ст. (у Турнішчы, у Свеці-Янезе на Бохінскім воз.) пад італьян. уплывам змяніўся больш аб’ёмнымі выявамі з наіўнай непасрэднасцю (у Марцьянцы, 1392, майстар Янез Аквіла). Лірызмам, цікавасцю да пейзажу, быт. дэталей, простанар. вобразаў вылучаюцца размалёўкі Янеза Люблянскага ў Вісака (1443) і Муляве (1456). Евангельскія сцэны часта ствараліся ў выглядзе сцэн з сял. жыцця (размалёўкі касцёла ў Црнгробе, 1453, майстар Вольбенк). Рысы Адраджэння праяўляліся ў разных алтарах, рэльефных эпітафіях, найб. у размалёўках касцёлаў у Крыжна-Горы (1502) і Свеці-Прымажы-над-Камнікам (1504 і каля 1520), у якіх спалучаліся жывая характэрнасць вобразаў і шматлікасць быт. дэталей. Пад венецыянскім уплывам у канцы 16 ст. ўзніклі свецкія жанры — партрэт і дэкар. жывапіс. У скульптуры вылучаюцца пластычна-выразныя і дынамічныя работы Ф.Робы, у жывапісе — ілюзіяністычныя размалёўкі і алтарныя карціны Ф.Ялоўшака, партрэты Ф.Берганта. У дэкар.-прыкладным мастацтве пашыранымі сталі вырабы з металу, дрэва, керамікі. У выяўл. мастацтве класіцызм суіснаваў з рамантызмам (творы Ф.Каўчыча, М.Лангуса). У жанрава-партрэтных кампазіцыях І.Томінца рамант. ноты спалучаліся з рысамі бідэрмееру. У канцы 19 ст. ў стылістыцы позняга класіцызму жывапісныя кампазіцыі стваралі А.Ажбе, А.Гангл, І.Заец, А.Карынгер, браты Ю. і Я. Шубіцы, у якіх рысы акадэмізму саступілі месца пленэрным пошукам. У пач. 20 ст. склаўся славенскі імпрэсіянізм (нац. пейзажы часта са сцэнамі сял. працы І.Грохара, М.Стэрнена, М.Ямы, Р.Якапіча). Жывапісцы і графікі І.Ваўпаціч, Х.Смрэкар, Ф.Тратнік у пошуках нац. своеасаблівасці звярталіся да сімволікі і стылізацыі. Цікавасць да сял. жыцця, драм. выразнасць, часам сац.-крытычныя ноты ўласцівы творчасці экспрэсіяністаў Ф. і Т.Краляў, В.Пілана, Тратніка. У 1920—30-я г. побач з экспрэсіянізмам і сюррэалізмам (С.Крэгар) развіваўся т. зв. паэтычны рэалізм: вытанчаныя па каларыце інтымныя і лірычныя жанравыя сцэны, партрэты, пейзажы Б.Якаца, Г.А.Коса, Ф.Міхеліча і інш., якія выкарыстоўвалі прыёмы постімпрэсіянізму. У скульптуры пад уплывам І.Мештравіча неакласічная манументальнасць спалучалася з дэкар. стылізацыяй. З 1950-х г. мастакі звяртаюцца да фармальна-фактурных і колеравых пошукаў: жывапіс і графіка Я.Берніка, Г.Ступіцы, скульптура Я.Савіншака, С.Ціхеца. Нац.рэаліст. і гуманіст. традыцыі развівалі Кос, Міхеліч, Якац, Л.Далінар. Развіваецца манум. мастацтва (мазаікі М.Прэгеля, вітражы Крэгара), маст. канструяванне.
Музыка. Муз. фальклор С. падзяляецца на прыморска-істарскі, альпійскі і меджымурскі (усх.ч.). Бытуюць лірычныя, жартаўлівыя, шлюбныя песні, стараж. балады. Нар. песні і танцы маюць агульныя рысы з ням.-аўстр. і венг.нар. музыкай. У альпійскіх, прыморскіх і ўсх. рэгіёнах пашыраны шматгалосыя спевы, у паўд.-ўсх. — аднагалосыя абрадавыя песні, т.зв. каледы. Нар. музыка дыятанічная, для яе характэрны скачкі на шырокія інтэрвалы, пераменны метр, складаны рытм. Сярод муз. інструментаў пераважаюць духавыя — фрулы, рог, губны гармонік. Прафес. музыка развіваецца з 12—13 ст. Сярод кампазітараў 15—16 ст. Б.Праспергіус, Ю.Слатканя, Я.Галус (царк. і свецкае шматгалоссе). З 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. актывізавалася муз. жыццё ў гарадах. У 1701 Я.Хёфер засн. у Любляне Філарманічную акадэмію (адна са старэйшых у Еўропе, з 1794 — Філарманічнае т-ва). Сярод кампазітараў 18 ст. Я.Зупан (аўтар першай оперы на славенскай мове «Белін», 1780 ці 1782, не паст.), Я.Новак, М.Омерза, Хёфер, Я.Хочавар, М.Чадзеж. Рысы нац. стылю, пераважна ў песенна-харавым жанры, усталяваліся да сярэдзіны 19 ст. (Ю.Флейшман, М.Вілхар, Г. і К. Машакавы). Пры муз. т-ве «Глазбена маціца» ў Любляне (з 1872) засн.муз. школа (1882), хор (1891), сімф. аркестр. У 1892 адкрыты Славенскі т-р (ставіліся нац. оперы і аперэты), пры ім — Славенская опера. У канцы 19—пач. 20 ст.нац.муз. мастацтва развівалі Ф.Гербіч, А.Фёрстэр, у пач. 20 ст. — Г.Крэк, Э.Адаміч, Р.Савін, А.Лаявіц. У 1919 адкрыта Люблянская кансерваторыя (з 1926 Дзярж. кансерваторыя, з 1939 Муз. акадэмія, з 1945 Вышэйшая муз. школа), у 1934 — Ін-т фальклору, у 1935 — Люблянская філармонія. Пачынальнік сучаснай нац. кампазітарскай школы С.Осцерц (прыхільнік зах.-еўрап. музыкі). Да нац. вытокаў звярталіся Б.Арніч (сімф. творы), М.Казіна, Д.Швара, П.Шывіц, М.Ліпаўшак. Пасля 2-й сусв. вайны развіццю муз. культуры С. садзейнічалі: кампазітары І.Петрыч, П.Рамаўш, Швара; дырыжоры Д.Жэбрэ, Б.Лескавіц, С.Хубад, З.Цыгліч; піяністы Ліпаўшак, Шывіц; скрыпач І.Озім; спевакі В.Букавец, Л.Корашац, Ф.Лупша, Р.Францп, Х.Хелцл; музыказнаўцы А.Рыявец, Д.Цветка і інш. Працуюць Ін-т музыказнаўства пры Люблянскім ун-це, Славенская філармонія, сімф. і камерны аркестры, аркестр лёгкай музыкі пры радыё і тэлебачанні, Люблянскі камерны хор, Славенскі актэт, «Актэт Галус» у Любляне і інш. З 1950 дзейнічае Саюз кампазітараў С.
Тэатр. Першыя тэатр. прадстаўленні паказаны ў пач. 17 ст. ў Любляне ў гімназіі езуітаў. У 17—18 ст. адбываліся лац. і ням. містэрыі. Першае славенскае прадстаўленне, створанае манахам Ромуальдам, пастаўлена ў 1721. У 1765 у Любляне адкрыўся пастаянны Саслоўны т-р (з 1862 — Дзярж.т-р), у якім у 1789 пастаўлена першая славенская п’еса «Міцка — дачка жупана» А.Лінхарта. У 2-й пал. 19 ст. ствараліся аматарскія гурткі пры славенскіх чытальнях. У 1867 арганізавана Тэатр.т-ва ў Любляне, пры якім працавала драм. школа. Драм. т-вы існавалі таксама ў Трыесце (1902), Марыбары (1909), Цэле (1911), Птуі (1912). У 1892 у Любляне засн. першы прафес. Славенскі нац.т-р, дзе ставілі п’есы класічнай драматургіі і нац. аўтараў (І.Цанкар, Э.Крыстан, Ф.Фінжгар). На яго сцэне працавала першае пакаленне славенскіх акцёраў: І.Борштнік, С.Борштнік-Звонарава, А.Даніла-Цэрар, А.Данілава, Л.Дрэнавац, Х.’Нучыч, М.Скрбіншак. Паміж сусв. войнамі нанава сфарміравана трупа Славенскага нац.т-ра (акцёры М.Вера, М.Данілава, І.Левар, Скрбіншак, рэжысёры Ц.Дзебевец, Б.Гавела, Б.Крэфт, Б.Ступіца, О.Шэст), засн.т-р у Марыбары. У 1945 дзейнасць гэтых т-раў адноўлена, створаны новыя тэатр. калектывы, у т. л. Гарадскі т-р у Любляне. З 1950-х г. ствараліся эксперым. т-ры, якія аддавалі перавагу драме абсурду. У 1970-я г. распачалі дзейнасць шматлікія авангардысцкія калектывы («Глей», «Пекарна» ў Любляне). Існуе больш за 10 прафес. т-раў, працуюць таксама аматарскія калектывы; асн. цэнтры тэатр. жыцця — Любляна, Марыбар, Цэле, Нова-Горыца. Працуюць акцёры П.Бабіч, Ш.Дрольц, Д.Почкай, Р.Роліч, В.Юван; рэжысёры М.Корун, З.Шэдлбаўэр, Д.Іованавіч і інш. З 1945 у Любляне працуюць Акадэмія тэатр. мастацтва, Славенскі тэатр. музей.
Герб і сцяг Славеніі.Да арт.Славенія. Падножжа Юлійскіх Альпаў на ПнЗ краіны.Да арт.Славенія. Горад Марыбар.Да арт.Славенія. Ландшафт паблізу г. Любляна.Да арт.Славенія. Галоўны алтар касцёла урсулінак у Любляне. Мастак Ф.Роба.Да арт.Славенія. Від горада Любляна.Да арт.Славенія. Касцёл урсулінак у Любляне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЦЫЯ (Hellas),
Грэчаская Рэспубліка (Hellēnikē Demokratia), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на Балканскім п-ве і шматлікіх суседніх астравах (найб. Крыт, Эўбея, Родас, Лесбас). Мяжуе на Пн з Албаніяй, Македоніяй, Балгарыяй, на ПнУ з Турцыяй. На З, Пд і У абмываецца Іанічным, Міжземным і Эгейскім морамі. Пл. 132 тыс.км², у т. л. 24,8 тыс.км² астравы. Нас. 10,5 млн.чал. (1995). Дзярж. мова — грэчаская. Сталіца — г.Афіны. Падзяляецца на 52 номы. Існуе падзел на гіст. вобласці. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 сак.).
Дзяржаўны лад. Грэцыя — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1975 (з дапаўненнямі 1985). Кіраўнік краіны — прэзідэнт, якога выбірае парламент тэрмінам на 5 гадоў. Прэзідэнт валодае шырокімі паўнамоцтвамі; мае права вета на заканад. акты парламента, распускаць урад і парламент, уводзіць без згоды парламента надзвычайнае становішча ў краіне. Заканад. орган — парламент (300 дэпутатаў), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.
Прырода. Грэцыя — горная краіна, (больш за 4/5тэр. занята гарамі), займае найб. парэзаную морам ч. Балканскага п-ва. Даўжыня берагавой лініі ў 12 разоў большая за сухапутныя граніцы, узбярэжжа моцна расчлянёнае, шмат зручных гаваней. Найб. значныя паўастравы — Пелапанес і Халкідыкі. Пераважаюць сярэдневышынныя масівы (да 1200—1800 м). Уздоўж узбярэжжа Іанічнага м. цягнецца горны масіў Пінд з вяршынямі вышэй за 2 тыс.м. На ПнУ адгор’і Радопаў і гор Македоніі з найвышэйшым пунктам Грэцыі — г. Алімп (2917 м). Далей на Пд раўніна Фесаліі. Паўд.ч. краіны і Пелапанес таксама заняты гарамі. Самая значная нізіна — Саланікская па ніжнім цячэнні р. Вардар. Тэр. Грэцыі вызначаецца сейсмічнасцю, на в-ве Тыра дзеючы вулкан Каймені. Карысныя выкапні разнастайныя, але іх запасы невялікія: жалезныя, марганцавыя, хромавыя, нікелевыя, поліметалічныя руды, баксіты, буры вугаль, прыродны газ і нафта, буйнейшае ў свеце радовішча наждаку (в-аў Наксас), высакаякасны мармур, магнезіт, пемза і інш. Клімат міжземнаморскі. Т-ра паветра ў студз. ад 4 °C на Пн да 10—12 °C на Пд, ліп. 24—28 °C. Ападкаў каля 500—1000 мм за год, пераважна зімой. У гарах клімат больш халодны і вільготны. Рэкі горныя, кароткія і малаводныя, за выключэннем Марыцы, Нестаса, Стрымона, Вардара, якія належаць Грэцыі ў сваіх нізоўях. Найб.воз. Прэспа, на граніцы з Албаніяй і Македоніяй. На ўзбярэжжах субтрапічная расліннасць (у т. л. маквіс і фрыгана), вышэй шыракалістыя лясы (дуб, бук, ліпа, каштан, клён), потым хвойныя. Пад лесам каля 11% тэрыторыі. 10 нац. паркаў (найб. Вікас-Аоас, Мікра-Прэспа, Эта) і 19 заказнікаў.
Насельніцтва. Каля 96% — грэкі. На Пн невял. групы албанцаў, македонцаў, туркаў. Большасць вернікаў (97%) праваслаўныя. Сярэднегадавы прырост каля 0,1%. Сярэдняя шчыльн. 79,5 чал. на 1 км². Найб. густа населены раёны вакол Афін і Салонікаў, раўніны і ўзбярэжжы. Вял. эміграцыя пераважна мужчын. За мяжой жыве каля 3 млн. грэкаў. У гарадах 64% насельніцтва (1993). Найб. гарады (1991, тыс.ж.): Афіны — 2890 (з прыгарадамі), Салонікі — 384, Пірэй — 183, Патры — 153, Іракліян — 116, Ларыса — 113.
Гісторыя. Чалавек на тэр. Грэцыі з’явіўся ў эпоху сярэдняга палеаліту. Пазней тут была пашырана крыта-мікенская культура (эпоха бронзы), існавала ант. цывілізацыя (гл.Грэцыя Старажытная). З 146 да н.э. Грэцыя пад уладай Стараж. Рыма, з 4 ст.н.э. ў складзе Візантыі. У сярэдзіне 15 ст. пасля падзення Візантыі ў выніку заваяванняў туркаў-асманаў б.ч. кантынентальнай Грэцыі і некаторыя астравы трапілі пад уладу Асманскай імперыі; часткай Пелапанеса і многімі астравамі валодалі венецыянцы і генуэзцы, в-вам Родас — ордэн рыцараў-іаанітаў. Паступова туркі заваявалі Родас (1522), Кіпр (1571), Крыт (1669) і ўстанавілі ў Грэцыі сваю ваен.-ленную сістэму, абклалі большасць яе насельніцтва цяжкімі падаткамі, спец. павіннасцямі (праца на рудніках, пастаўка матросаў для тур. флоту), што разам з інш. дыскрымінацыйнымі захадамі стала прычынай эміграцыі часткі грэкаў у Італію, Аўстрыю, Расію і інш. Ва ўмовах тур. панавання ў Грэцыі актывізаваўся нац.-вызв. рух [паўстанні на Пелапанесе (1463—79, 1571, 1770), у кантынентальнай Грэцыі, Македоніі, на а-вах Эгейскага м., у Эпіры (1611) і інш.]. Туркі не здолелі замацавацца ў цяжкадаступных горных раёнах, дзе пастаянна дзейнічалі партыз. атрады клефтаў. Вызв. барацьбе грэкаў садзейнічалі рус.-тур. войны (гл.Руска-турэцкія войны 18—19 ст., Архіпелагскія экспедыцыі рускага флоту) і Міжземнаморскі паход Ушакова. Кючук-Кайнарджыйскі мір 1774 даў магчымасць суднам Грэцыі выкарыстоўваць рас. флаг, спрыяў развіццю суднаходства ў Эгейскім м. Адначасова ўзмацнілася грэч. эміграцыя ў Расію (Паўн. Прычарнамор’е). У 1814 у Адэсе ўзнікла тайнае рэв.т-ва«Філікі Этэрыя». У выніку падрыхтаванай ім пад кіраўніцтвам А.Іпсіланці Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29 Грэцыя атрымала аўтаномію, а ў 1830 — незалежнасць. У склад грэч. дзяржавы ўвайшлі тэр. кантынентальнай Грэцыі і а-вы Кіклады. У 1832 Англія, Францыя, Расія абвясцілі каралём Грэцыі прынца Атона з баварскай дынастыі Вітэльсбахаў. На пачатку яго царавання (правіў як Атон I у 1832—62) у Грэцыі палепшаны шляхі зносін, рэарганізавана сістэма адукацыі (у 1837 засн. Афінскі ун-т), распрацаваны крымін. і грамадз. кодэксы, закрыты многія манастыры. Да канца 1837 грэч. ўрад узначальвалі баварцы, з 1838 кароль выбіраў прэм’ер-міністраў з лідэраў 3 грэч. груповак, знешнепалітычна арыентаваных на Вялікабрытанію, Францыю, Расію. Засілле баварскіх чыноўнікаў і самаўладства Атона выклікалі ў вер. 1843 выступленне патрыятычна настроеных грэч. вайскоўцаў у Афінах. Паводле прынятай у 1844 канстытуцыі ў Грэцыі ўстаноўлены рэжым канстытуцыйнай манархіі з вял. паўнамоцтвамі караля (пажыццёва прызначаў членаў сената, прызначаў і здымаў міністраў, распускаў палату дэпутатаў). Пасля першых парламенцкіх выбараў урад узначаліў кіраўнік прафранц. групоўкі Я.Калетыс (1844—47), які высунуў у 1844 т.зв. «мегалі ідэа» («вял. ідэю»), што прадугледжвала барацьбу за далучэнне да грэч. каралеўства населеных грэкамі правінцый Асманскай імперыі.
У час Крымскай вайны 1853—56 адбыліся антытур. паўстанні ў Эпіры і Фесаліі, падтрыманыя атрадамі добраахвотнікаў з Грэцыі; пад націскам Англіі і Францыі Грэцыя прыняла ультыматум аб захаванні нейтралітэту, быў сфарміраваны ўрад на чале з лідэрам праангл. групоўкі К.Маўракардатасам. Акупац.англ. войскі (1854—57) навязалі Грэцыі міжнар. кантроль над яе фінансамі. Эканам. цяжкасці, роспуск каралём палаты дэпутатаў (кастр. 1859), высылка і зняволенне апазіцыянераў, закрыццё ўладамі шэрагу газет выклікалі рэвалюцыю 1862, у выніку чаго скінуты Атон I. У 1863 грэч. каралём стаў Георг I (гл. ў арт.Георг). Паводле новай канстытуцыі 1864 уведзены аднапалатны парламент, абвешчаны недатыкальнасць асобы і жылля, права сходаў і асацыяцый, свабода друку. У 1864 Вялікабрытанія вярнула Грэцыі Іанічныя а-вы (з 1815 былі пад брыт. пратэктаратам). З 1860-х г. паскорылася прамысл. развіццё краіны, у 1869 пракладзена першая чыгунка. У 1866—69 адбылося антытур. паўстанне на Крыце. У 1870—90-я г. ўрады папераменна ўзначальвалі Х.Трыкупіс і Т.Дэліяніс. У 1881 Грэцыя дамаглася ад Асманскай імперыі вяртання Фесаліі і акругі Арта ў Эпіры. Крыцкае паўстанне 1896 перарасло ў грэка-тур. вайну 1897, у якой Грэцыя пацярпела паражэнне (гл. ў арт.Крыцкія паўстанні). Ва ўмовах адсутнасці сродкаў на выплату кантрыбуцыі Турцыі даходы і выдаткі грэч. ўрада перайшлі пад кантроль створанай у 1898 міжнар.фін. камісіі з прадстаўнікоў Англіі, Францыі, Расіі, Германіі, Італіі і Аўстра-Венгрыі. У 1898 пад націскам буйных еўрап. дзяржаў тур. султан даў аўтаномію Крыту. Пасля выступлення ў жн. 1909 у Афінах «Ваеннай лігі» (створана малодшымі афіцэрамі) прэм’ер-міністрам Грэцыі працяглы час быў Э.Венізелас (у 1910—15, 1917—20, 1924, 1928—32, 1933). Яго першы ўрад упарадкаваў фін. і бюджэтную сістэмы, стварыў мін-вы сельскай гаспадаркі, гандлю і прам-сці, актывізаваў знешнюю палітыку (гл.Балканскі саюз 1912). У выніку Балканскіх войнаў 1912—13 у склад Грэцыі ўвайшлі Крыт, Эпір, Паўд. Македонія, ч.Зах. Фракіі, Эгейскія а-вы; колькасць яе насельніцтва павялічылася з 2,7 да 4,6 млн.чал. Пры каралю Канстанціне I [1913—17, 1920—22] Грэцыя працяглы час захоўвала нейтралітэт у 1-й сусв. вайне. Яна ўступіла ў вайну пад націскам Антанты 29.6.1917 пры каралю Аляксандру [1917—20] — другім сыне Канстанціна I. Пасля грэка-турэцкай вайны 1919—22 у Грэцыі ўстаноўлена рэспубліка (1924). У 1934 у Афінах утворана Антанта Балканская (распалася ў 2-ю сусв. вайну). У канцы 1935 пасля ваен. перавароту і ініцыіраванага манархістамі плебісцыту ў Грэцыі адноўлена ўлада караля Георга II (правіў у 1922—23, 1935—41, 1946—47; гл. ў арт.Георг). Пасля ваен. перавароту 4.8.1936 устаноўлена дыктатура ген. І.Метаксаса (існавала да 1941). У пач. 2-й сусв. вайны краіна захоўвала нейтралітэт. 28.10.1940 супраць Грэцыі развязаў вайну фаш. дыктатар Італіі Б.Мусаліні, аднак грэч. армія да 14.11.1940 спыніла італьян. наступленне і ў хуткім часе адцясніла праціўніка. Пазней у выніку Балканскай кампаніі 1941 Грэцыю акупіравалі ням., італьян. і балг. войскі. Намаганнямі ўдзельнікаў Руху Супраціўлення (гл.ЭАМ, ЭЛАС) да восені 1943 вызвалена каля 1/3тэр. краіны. Поўнасцю вызвалена ў кастр. 1944. У 2-ю сусв. вайну загінула больш за 400 тыс. грэкаў, значна заняпала гаспадарка. Пасля Ліванскага пагаднення 1944 у Грэцыі абвастрылася барацьба за ўладу, што прывяло да грамадз. вайны 1946—49, у ходзе якой урадавыя войскі ліквідавалі супраціўленне партыз. атрадаў левых паліт. сіл. У 1948—51 Грэцыя атрымала эканам. дапамогу ад ЗША паводле Маршала плана. Грэч. ўлады праводзілі курс на інтэграцыю краіны ў зах.-еўрап. рэгіянальныя арг-цыі (у 1952 Грэцыя ўступіла ў НАТО, у 1962 як асацыіраваны чл. — у «Агульны рынак»). У выніку ваен. перавароту 1967 у Грэцыі фактычна ліквідавана манархія (з 1947 правіў Павел I, з 1964 — Канстанцін II) і ўстаноўлена т.зв. дыктатура «чорных палкоўнікаў» (прэм’ер-міністр — палк. Г.Пападопулас). У 1974 пасля няўдалай спробы далучыць да Грэцыі Кіпр ваен. хунта скінута, праведзены плебісцыт аб скасаванні манархіі і ўстанаўленні рэсп. ладу (у 1975 прэзідэнтам Грэцыі выбраны К.Цацас), засн. вядучыя паліт. партыі — Новая дэмакратыя (НД) і Усягрэчаскі сацыялістычны рух (ПАСОК). Цывільны ўрад НД на чале з К.Караманлісам (1974—80) садзейнічаў дэмакратызацыі грэч. грамадства. У 1974—80 Грэцыя прыпыніла членства ў НАТО, у 1981 стала членам Еўрапейскага эканамічнага супольніцтва. Эканам. цяжкасці (у т. л. рост знешняга доўгу) і скандалы вакол карупцыі прывялі да адстаўкі ўрада ПАСОК на чале з А.Папандрэу (1981—89). Пры прэм’ер-міністру К.Міцатакісу (НД; 1990—93), які праводзіў курс на сац. эканомію (у т. л. за кошт паніжэння зарплаты), абвастрыўся канфлікт паміж прафсаюзамі і ўрадам (усеагульная забастоўка ў 1992). Пасля працяглага прэзідэнцтва Караманліса (1980—85, 1990—95) прэзідэнтам Грэцыі ў сак. 1995 выбраны К.Стэфанопулас. У студз. 1996 пасля адстаўкі па стане здароўя Папандрэу (кіраўнік урада з канца 1993) прэм’ер-міністрам Грэцыі выбраны К.Сімітыс (ПАСОК). У знешняй палітыцы Грэцыі захоўваецца напружанасць у адносінах з Турцыяй з-за Кіпра і 2 невял. астравоў у Эгейскім м. Грэцыя — чл.ААН (з 1945), НАТО (членства адноўлена ў 1981), Зах.-еўрап. саюза (з 1992), Савета Еўропы, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Усягрэчаскі сацыяліст. рух (ПАСОК), Новая дэмакратыя, Кааліцыя левых і прагрэс. сіл, Камуніст. партыя Грэцыі, Арг-цыя моладзі Новай дэмакратыі і інш.Найб. прафсаюз — Усеагульная канфедэрацыя працоўных Грэцыі.
Гаспадарка. Грэцыя — індустр.-агр. краіна. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %): прам-сці — 34, сельскай гаспадаркі — 10, сферы паслуг — 56. У прамысловасці занята 25% працуючых. Вядзецца здабыча бурага вугалю (на Пн і ў цэнтры Пелапанеса) — 55,4 млн.т (1993, 7-е месца ў свеце), а таксама жалезнай, хромавай, нікелевай, меднай і сурмянай руд, баксітаў, нафты і прыроднага газу, пірыту, магнезіту, наждаку і інш. Аснову энергабалансу складаюць буры вугаль, імпартная нафта (здабыча каля в-ва Тасас пакрывае толькі 5% патрэб), ГЭС на горных рэках. Вытв-сць вугальных брыкетаў і коксу (Пталемаіс). Нафтаперапр. з-ды ў Карынфе, Афінах, Элеўсіне, Салоніках, Аспрапіргасе. Вытв-сць электраэнергіі больш за 34 млрд.кВт∙гадз. (1994). Чорная металургія (каля 1 млн.т сталі штогод; Афіны, Пірэй, Салонікі). Выплаўка алюмінію (каля 150 тыс.т штогод) і феранікелю (Ларымна). Машынабудаванне і металаапрацоўка: суднабудаванне і суднарамонт (Салонікі, Пірэй, Александрупаліс), аўта- і трактаразборка (Пірэй), электратэхніка, абсталяванне і машыны для сельскай гаспадаркі і вінаробства, быт. тэхніка і прылады. Развіты нафтахімія, вытв-сць салянай кіслаты, азотных угнаенняў (Пталемаіс), аўтамаб. шын (Патры), цэменту (Пірэй, Халкіс), буд. матэрыялаў (Волас, Ларыса, Элефсіс), мэблі і інш. вырабаў з дрэва (Патры). Прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай прам-сці (Афіны, Салонікі, Волас, Патры, Ларыса). Вылучаецца тэкст.прам-сць, асабліва выраб баваўняных і з дамешкамі сінт. валокнаў тканін (Афіны, Салонікі, Патры, Волас і інш.), шаўковых тканін (Афіны, Кавала, Каламата), дываноў (Яніна, Ламія). Афіны — цэнтр швейнай прам-сці. Развіта гарбарна-абутковая прам-сць, вытв-сць разнастайных скураных і футравых вырабаў (Афіны, Салонікі, Патры, Волас, Яніна). Харч.прам-сць прадстаўлена шматлікімі прадпрыемствамі вінаробства (Афіны, Салонікі, Іракліян, Ханья), па апрацоўцы тытуню (Салонікі, Пірэй, Волас і інш.), вытв-сці алею з аліў (Афіны, Салонікі, Ханья і інш.), цукру (Платы, Ларыса, Ксанты, Серэ), рыбных прадуктаў (Пірэй, Салонікі, Кавала), сыроў (Яніна), разынак (Піргас); перапрацоўка цытрусавых (Ханья). У сельскай гаспадарцы занята 25% працуючых. Пераважаюць дробныя гаспадаркі памерам каля 3,5 га. Пад земляробчымі ўгоддзямі каля 30% тэр. краіны, у т. л. 2,3 млн.га пад ворывам, 1,2 млн.га пад вінаграднікамі, аліўкавымі плантацыямі і садамі. Каля 1/3 угоддзяў арашаецца. 40% тэр. краіны займаюць малаўрадлівыя горныя пашы і лугі. Спецыялізацыю вызначаюць працаёмкія экспартныя культуры: тытунь, алівы (каля 1,6 млн.т штогод, 3-е месца ў свеце), бавоўна і цукр. буракі (арашальныя землі ў далінах Вардара і Стрымона, в-аў Лемнас), вінаград (1,3 млн.т штогод), цытрусавыя. Вырошчваюць яблыкі, грушы, персікі, абрыкосы, інжыр. Развіта парніковая гаспадарка экспартнага кірунку, агародніцтва (у т. л. памідоры — каля 1,7 млн.т штогод). Са збожжавых вырошчваюць пшаніцу (больш за 50% пасяўных плошчаў), рыс (на арашальных землях), кукурузу і ячмень. Жывёлагадоўля развіта недастаткова. Гадуюць авечак (каля 8 млн. галоў), коз (каля 5 млн. галоў), свіней (каля 1 млн. галоў), буйн. раг. жывёлу (каля 1 млн. галоў). Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства. Замежны турызм і адпачынак дае больш за 50% прыбытку. З ім звязана каля 1/3 занятых у гаспадарцы. Штогод Грэцыю наведвае 8—10 млн. замежных турыстаў. Асн. раёны: Афіны і наваколле, узбярэжжа Пелапанеса, стараж.гіст. цэнтры Карынф, Эпідаўр, Містра, Мікены, Алімпія, Спарта, Салонікі, Яніна, а-вы Эгейскага мора. Транспарт пераважна марскі і аўтамабільны. Танаж гандл. флоту — 41,7 млн.т (1993, 3-е месца ў свеце). Частка грэч. флоту плавае пад флагамі інш. краін. Флот абслугоўвае гандл. сувязі Грэцыі і многіх краін свету. Гал. парты Пірэй, Салонікі, Элефсіс. Аўтадарог каля 40 тыс.км, на аўтатранспарт прыпадае больш за 60% унутр. перавозак, чыгунак 2,6 тыс.км. Каля 40 аэрапортаў (у т. л. 22 міжнародныя), найб. Элінікон каля Афін. Экспарт (каля 8—10 млрд.дол. штогод): нафтапрадукты, тэкст. і швейныя вырабы, абутак, цэмент, мінер. сыравіна, аліўкавы алей, вінаград, цытрусавыя, віны, тытунёвыя вырабы. Імпарт (каля 20 млрд.дол. штогод): машыны і абсталяванне, нафта, харч. тавары, трансп. сродкі, драўніна. Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца за кошт паступленняў ад марскіх перавозак, турызму, грашовых пераводаў эмігрантаў. Гал.гандл. партнёры: Германія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ЗША, Саудаўская Аравія. Грэцыя экспартуе на Беларусь футравыя і скураныя вырабы, цытрусавыя, кансервы, імпартуе трактары, грузавыя аўтамабілі, калійныя ўгнаенні, шыны. Грашовая адзінка — драхма.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (канец 1994) 159,3 тыс.чал. (406 тыс. рэзервістаў). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухап. войсках 113 тыс.чал., аб’яднаных у 10 пях., механізаваную і бранятанкавую дывізіі, асобныя 2 пях., механізаваную і 5 бранятанк. брыгад, асобныя парашутны полк, 20 артыл. дывізіёнаў і інш.; маюць на ўзбраенні 2722 танкі, 2365 баявых машын пяхоты, 2019 гармат палявой артылерыі і мінамётаў, 95 самалётаў і верталётаў армейскай авіяцыі і інш. У ВПС 26,8 тыс.чал., каля 270 баявых самалётаў і 28 верталётаў. У ВМС (пач. 1996) 20 тыс.чал., 47 караблёў (у т. л. 8 дызельных падводных лодак) і 124 баявыя катэры амер., герм. і грэч. вытв-сці.
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Грэцыі сфарміравалася ў выніку рэформаў 1963—65, 1974—76, 1984—85 і закону 1985, паводле якога ўстаноўлены 9-гадовы тэрмін абавязковага школьнага навучання. Дашкольныя дзіцячыя ўстановы для дзяцей ад 3,5 да 5,5 года не абавязковыя. Першая ступень абавязковай агульнай адукацыі — 6-гадовыя пач. школы для дзяцей ад 5,5 да 11,5 года. Сярэднюю адукацыю даюць гімназіі (абавязковая няпоўная, тэрмін навучання 3 гады) і дадатковую сярэднюю — ліцэі (агульнага тыпу, класічныя, прафес.-тэхн., шыракапрофільныя і духоўныя), тэрмін навучання 2—6 семестраў. Права паступлення ў ВНУ дае толькі ліцэй. Буйнейшыя ВНУ: ун-ты ў Афінах (з 1837), Салоніках (з 1925), Патры (з 1966), Яніне, Фракіі; політэхн. ін-ты ў Афінах (з 1836) і на в-ве Крыт; вышэйшыя школы ў Афінах — агранамічных навук, эканам. і камерцыйных навук, паліт. навук, прыгожых мастацтваў; вышэйшыя індустр. школы ў Пірэі і Салоніках. Найб. б-кі: Нац., б-кі Палаты дэпутатаў (з 1844), Афінскай АН, ун-та ў Салоніках (з 1927). Найб. музеі: Нац.археал. (з 1874), Музей Акропаля (з 1878), Нац.маст. галерэя (з 1900), Візантыйскі (з 1914), Музей Бенакі (з 1931) і Музей Аляксандра Сутзаса ў Афінах, археал. музеі ў Алімпіі, Дэльфах, Карынфе, на а-вах Родас і Крыт. Навук. даследаванні праводзяцца Афінскай АН (з 1926), ун-тамі і ін-тамі, галіновымі н.-д. ўстановамі і цэнтрамі, Афінскай абсерваторыяй, навук. т-вамі і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца больш за 100 штодзённых (цэнтральных і мясцовых) і каля 300 штотыднёвых газет (1993). Найб. папулярныя выданні: «Akrópolis» («Акропаль», з 1881), «Rirospástēs» («Радыкал», з 1918), «Tá Néa» («Навіны», з 1931), «Augē» («Світанне», з 1951), «Eleútheros kósmos» («Свабодны свет», з 1966) і інш. Тыражы газет у адносінах да колькасці насельніцтва большыя, чым у многіх зах.-еўрап. краінах. Афіц. Афінскае інфарм. агенцтва засн. ў 1895. Радыёвяшчанне з 1938 на грэч., англ. і франц. мовах. Тэлебачанне ў Афінах з 1965. Нац. радыё і тэлебачанне ў 1976 аб’яднаны ў карпарацыю ЭРТ. Дзейнічаюць 1500 радыёстанцый і 180 тэлекампаній, найбуйнейшыя з іх — прыватныя кампаніі «Мега Чэнел» і «Антэна-1», дзяржаўныя ЕТ-І, ЕТ-2. Рэтрансліруюцца 9 (1993) замежных тэлепраграм, у т. л. ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, Іспаніі.
Літаратура. Развіваецца на навагрэч. мове. Пачала складвацца пасля падзення Візантыі пад уплывам традыцый ант. і візант. культур, ідэй Адраджэння і вусна-паэт. творчасці грэч. народа (эпас «Дыгеніс Акрыт», 9—11 ст.; гіст. акрыцкія песні, песні пра клефтаў). У 15—17 ст. развівалася на а-вах Родас (ананімны зб-к «Сто слоў пра каханне» і інш.), Дадэканес (любоўная лірыка), Крыт [ідылічная ананімная паэма «Пастушка» (выд. 1627), трагедыя «Эрафілі» і камедыя «Кацурбас» Е.Хартакіса (абедзве каля 1600), драма «Ахвяра Аўраама» (1635, аўтарам лічаць В.Карнараса), раман у вершах «Эратакрытас» Карнараса]. У часы тур. панавання (1453—1821) былі пашыраны пераробкі сатыр. баек («Чароўная гісторыя пра асла, воўка і ліса» і інш.), апрацоўкі сярэдневяковых раманаў, апавяданні рэліг.-дыдактычнага і гіст.-легендарнага характару («Аповесць пра Аляксандра Македонскага»). Проза 17—18 ст. прадстаўлена пераважна павучальнай рыторыкай і палемічнымі памфлетамі, якія абаранялі правасл. веру, мемуарнай л-рай. Прыкметным быў зб. вершаў грэч. паэтаў-студэнтаў у Італіі «Кветкі набожнасці» (выдадзены ў Венецыі, 1708), у якім адчувальны ўплыў позняга італьян. Адраджэння. На фарміраванне грэч. л-ры паўплываў уздым нац.-вызв. руху на мяжы 18—19 ст.Нац. праблематыка, рэв.-патрыятычныя матывы адлюстраваліся ў творчасці Ферэаса, А.Калваса, А.Суцаса, А.Валаарытыса і інш. Закладваліся асновы нац. драматургіі (творы А.Матэсіса). У л-ры вялася вострая ідэйная барацьба вакол пытання аб шляхах гіст. развіцця грэч. нацыі (моўная палеміка, адносіны да ант. спадчыны і нар. навагрэч. традыцый).
Новы этап у развіцці л-ры звязаны з грэч.нац.-вызв. рэвалюцыяй 1821—29. Рэв. рамантызм з элементамі рэалізму ўласцівы творчасці заснавальніка навагрэч. л-ры Д.Саламоса, антыманархічныя вольналюбівыя матывы — творчасці паэтаў-рамантыкаў 1-й Афінскай школы П.Суцаса, А.Рангавіса. Жанр гіст. рамана распрацоўваў Э.Раідыс. Нар. мову і нац. тэматыку сцвярджалі заснавальнік 2-й Афінскай школы К.Паламас, а таксама Е.Драсініс і інш. Цікавасць да нар. паэзіі адчуваецца ў творчасці Л.Мавіліса, Драсініса, І.Палеміса, А.Эфталіётыса, І.Псіхарыса і інш. У прозе і драматургіі рэалізм з элементамі бытапісання сцвярджалі Г.Ксенопулас, А.Пападыямандыс, А.Каркавіцас і інш. Крытыка бурж маралі, ідэалы гуманізму, увасобленыя ў творчасці К.Варналіса, Я.Рыцаса, К.Парарытыса і інш., далі пачатак сучаснай прагрэс. л-ры. Сац. тэматыка стала вызначальнай для творчасці К.Тэатокіса, І.Тэатакаса, А.Тэрзакіса і К.Хадзопуласа. У 1920—30-я г. С.Мірывіліс і інш. пісьменнікі ўвялі ў л-ру жанр антываен. рамана і аповесці-хронікі. Антыфаш. л-ра Супраціўлення прадстаўлена творамі А.Сікеліяноса, В.Ротаса, Ф.Ангулеса, Рыцаса і інш. Асаблівае месца ў л-ры займае т.зв. «паэзія катаргі», якая стваралася ў канцы 1940 — пач. 50-х г. у канцлагерах пасля паражэння дэмакр. сіл у грамадз. вайне 1946—49. Паэзія пасляваен. гадоў прадстаўлена творчасцю Р.Бумі-Папа, Н.Папаса, Н.Врэтакаса, Т.Лівадытыса і інш.; у 2-й пал. 1950-х г. сцвярджаецца лірыка-эпічная «паэма сінтэзу» (А.Элітыс). Гераічныя і сац. матывы характэрныя для пасляваен. творчасці раманіста Н.Казандзакіса, празаікаў Я.Мангліса, Д.Хадзіса, А.Франгіяса, К.Кадзіяса, В.Васілікоса і інш. Развіваюцца жанры гіст. рамана (Д.Фатыядыс, П.Прэвелакіс, Д.Сатырыу), хроніка-дакументальны. У гады ваен. дыктатуры (1967—74) многія пісьменнікі рэпрэсіраваны ці вымушаны былі эмігрыраваць; прагрэс. выдавецтвы і газеты былі забаронены. Л-ру антыдыктатарскага Супраціўлення прадстаўлялі Рыцас, Врэтакас, Элітыс, М.Аўгерыс, Васілікос і інш. Пасля 1974 шмат пісьменнікаў вярнулася на радзіму. Аднавіла дзейнасць Т-вагрэч. пісьменнікаў (1934—67). У тв-сці М.Александропуласа, З.Скараса, А.Ненедакіса і інш. адлюстраваліся зрухі ў самасвядомасці грамадства. Шматпланавасць маст. ўзнаўлення рэчаіснасці вылучае прозу Васілікоса, Э.Ваіску і інш. Навагрэч. л-ра развіваецца таксама ў Рэспубліцы Кіпр.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Пра мастацтва Грэцыі да тур. заваявання (сярэдзіна 15 ст.) гл. ў арт.Грэцыя Старажытная і Візантыя. Да вызвалення ад асманскага заняволення (1821) у Грэцыі панавала манастырскае мастацтва ў познавізант. традыцыях, развівалася нар. творчасць, іканапіс, нар. вышыўка. Гарады раслі павольна, многія заняпалі. З 1830-х г. на аснове традыцый нар. і ант. дойлідства вырасла архітэктура сучаснай Грэцыі. У 19 ст.буд-ва ішло пераважна ў Афінах. Арх. С.Клеантыс, Л.Каўтадзоглу распрацавалі тып жылога дома ў класічных формах. Замежныя архітэктары стваралі грамадскія пабудовы з каланадамі: Нац.б-ка (1832) і ун-т (1837, арх. абодвух Х.К.Хансен) у Афінах і інш.Царк. архітэктура 19 ст. наследавала візант. ўзоры. Майстры наіўнага, дакумент. жывапіснага партрэта (Н.Кандуніс, Н.Кунелакіс) працавалі ў свецкай тэматыцы. У 2-й пал. 19 ст. на аснове традыцый мюнхенскай школы жывапісцы Н.Гізіс, Н.Літрас звярталіся да нац. тэмы; К.Валанакіс і Я.Алтамурас стварылі школу грэч. пейзажа. У пач. 20 ст. разрастаюцца гарады (Афіны, Салонікі), фарміруецца тып шматкватэрнага дома з балконамі-лоджыямі і тэрасамі (арх. К.Кіцыкіс). Архітэктура 1920—30-х г. развівалася пад уплывам функцыяналізму і неакласіцызму. У жыллі выкарыстоўвалі маналітны жал. каркас. У вілах і маёнтках відавочныя матывы нар. дойлідства (арх. Д.Пікіёніс). Будынкі атэляў і музеяў арганічна ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе (арх. Х.Сфаэлас, П.Васіліядыс). Мастакі пач. 20 ст., ствараючы нац. вобразы, засвойвалі тагачасныя еўрап. стылі (жывапісец К.Партэніс, скульпт. Я.Халепас). У сярэдзіне 20 ст. жывапісцы А.Геаргіядыс, Э.Тамопулас, Я.Мораліс, Я.Царухіс працягвалі рэаліст. традыцыі папярэднікаў. Сярэдневяковыя рэмінісцэнцыі і нар. вобразы знайшлі адлюстраванне ў фрэсках Ф.Кандоглу, графіцы С.Васіліу, ант. матывы — у графіцы Д.Галаніса, Я.Кефалінаса, скульпт. М.Томбраса, А.Сохаса. Нац.-вызв. барацьба 2-й сусв. вайны адлюстравана ў дэмакр., рэаліст. плынях (жывапісцы В.Семерцыдыс, Д.Кацыкаяніс, скульпт. Х.Капралас, графікі В.Катракі, А.Тасас). У рэчышчы абстракцыянізму працуюць К.Граматопулас, К.Клуватас, К.Лукопулас і інш.
Музыка. Грэч.муз. культура — адна з найб. старадаўніх у свеце (гл.Грэцыя Старажытная). З 4 ст.грэч. музыка развівалася ў рэчышчы візант. культуры. З усталяваннем асманскага панавання нац.муз. традыцыі зберагаліся толькі ў нар. творчасці і царк. музыцы. Побач з разнастайнымі песеннымі жанрамі вылучаюцца танц. сіртас (карагодны танец) і педыктас (танец з падскокамі). З сярэдзіны 18 ст. пашырыліся песні клефтаў (змагароў за нац. вызваленне). Сярод муз. інструментаў: розныя тыпы лютні, жалейка, ліра, падоўжная флейта, валынка, бузукі, скрыпка, мандаліна, якія ўваходзяць у склад нар. аркестра (з 1930-х г. таксама кларнет і гітара). Развіццё прафес.муз. мастацтва пачалося пасля 1829. Сярод кампазітараў прадстаўнікі іанічнай школы Н.Мандзарас — аўтар грэч.нац. гімна (1865), заснавальнік Філарманічнага т-ва на в-ве Керкіра (1840), С.Ксіндас, С.Самарас — аўтар «Алімпійскага гімна» (1896), Д.Лаўрангас — заснавальнік Нац. опернага т-ра (Афіны, 1939), П.Карэр, Г.Ламбелет. Сапраўдная грэч.муз. школа фарміруецца з канца 19 ст. Узнік новы жанр спектакляў-вадэвіляў (камідыліён), аўтары якіх Д.Карамілас і Д.Какінас. Першую нац. оперу «Кандыдат у дэпутаты» (1867) стварыў Ксіндас. Новую грэч. кампазітарскую школу ўзначалілі М.Каламірыс, заснавальнік Элінскай (1919) і Нац. (1926) кансерваторый у Афінах, Лаўрангас, Ламбелет, М.Варвагліс, Э.Рыядыс. Сярод іх паслядоўнікаў Л.Маргарытыс (засн. Саланікскую кансерваторыю), П.Петрыдыс, А.Незерытыс, А.Евангелатас, Н.Скалкотас, С.Міхаілідыс, Г.Геаргіядыс, Д.Мітропулас. З сярэдзіны 1940-х г. вядомы кампазітары М.Хадзідакіс, Я.Ксенакіс, Я.Хрысту і інш. Новы этап у развіцці грэч. музыкі — творчасць М.Тэадоракіса і многіх яго паслядоўнікаў. У галіне эстр. музыкі вылучыліся кампазітары М.Плесас, Г.Замбетас, К.Капнісіс, Г.Музакіс, Т.Маракіс, Г.Кацарас і інш. Сярод вядомых выканаўцаў: дырыжоры Мітропулас, Л.Зорас, Міхаілідыс, Хадзідакіс, Евангелатас, Ф.Візантыу; спевакі М.Калас, Н.Масхонас, К.Дамасіёты, А.Захарату, Д.Русас; піяністы Г.Тэмеліс, В.Дэветцы; сярод музыказнаўцаў В.Аркадынас, Геаргіядыс, Міхаілідыс, С.Мацэнігас. У Грэцыі працуюць (1988): Нац. оперны т-р, 5 сімф. аркестраў, у т. л. Афінскі дзярж.сімф. аркестр; Дзярж. аркестр Паўн. Грэцыі ў Салоніках; Дзярж. кансерваторыя ў Салоніках (з 1914), 14 кансерваторый, у т. л. Афінская (1871), Пірэйская (1904), Элінская (1919) і Нац. (1926) у Афінах, а таксама іх філіялы і інш.
Тэатр. У перыяд Візантыйскай імперыі традыцыі ант.тэатр. мастацтва (гл.Грэцыя Старажытная, раздзел Тэатр) былі перапынены. Першыя спробы адрадзіць т-р зроблены ў 17 ст. на в-ве Крыт і ў 18 ст. на в-ве Закінф. У Афінах пастаянныя трупы ўзніклі на пач. 1860-х г. У 1901 К.Хрыстоманас арганізаваў т-р «Новая сцэна», створаны дзярж. Каралеўскі т-р. У 1910—20-я г.тэатр. мастацтва занепадае. Імкненне пераадолець гэты крызіс характарызуюць творчасць рэж. Ф.Палітыса, пастаноўкі Нац.т-ра (засн. ў 1932). У гады дыктатуры і ням.-фаш. акупацыі тэатр. жыццё было ў застоі, аднак працавалі аматарскія групы, што ставілі патрыятычныя п’есы. У 1945 створаны т-р «Аб’яднаныя артысты», у рэпертуары якога былі п’есы нац. драматургаў і перакладныя. У наступныя гады прагрэс.тэатр. дзеячы падвяргаліся ганенням, але працягвалі барацьбу за дэмакр. мастацтва. У 1940—50-я г. значнай з’явай была дзейнасць Мастацкага т-ра (засн. ў 1942 рэж. К.Кунам), сярод спектакляў якога былі «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Кар’ера Артура Уі» (1961) Б.Брэхта, «Двор цудаў» (1958) Я.Кампанеліса, «Дзядзька Ваня» А.Чэхава і інш. У 1955 створаны Грэч.нар.т-р (кіраўнік М.Катракіс), у 1959 «Новы тэатр» (засн. В.Дыямандопулас і М.Алкеу), у 1957 Пірэйскі т-р (засн. Д.Рандырыс). Значнае распаўсюджанне атрымалі калектывы, што стваралі маладыя рэжысёры: «Тэатр 1959», «Тэатр 1961» і інш.Т-р «Дванаццатая заслона» штогод ставіў спектаклі, якія складаліся з 3 аднаактовых п’ес пачынаючых грэч. драматургаў. У 1960-я г. рэпертуар т-раў значна пашырыўся: ставіліся стараж.-грэч. трагедыі, п’есы У.Шэкспіра, Мальера, А.Чэхава і інш. У канцы 1970 — 80-х г. аднавілі дзейнасць Афінскі маст.т-р, Грэч.нар.т-р, Пірэйскі т-р, т-ры ў Салоніках, Сіракузах і інш. Сярод вядомых дзеячаў тэатр. мастацтва: акцёры А.Александракіс, Катракіс, М.Меркуры, А.Сінадыну, І.Папас, К.Паксіну; рэжысёры М.Пларытыс, М.Лігізас, М.Какаяніс, Кун, Т.Музенідыс.
Кіно. У 1906 зняты першы хранік. фільм, у 1911—12 — першыя кароткаметражныя кінакамедыі (рэж. і выканаўца гал. роляў С.Дымітракопулас). У 1914 засн. фірма «Афіны-фільм», пачаўся выпуск поўнаметражных фільмаў. У 1-ю сусв. вайну выпускалася пераважна ваен. кінахроніка. У 1928—31 на кінафірме «Даг-фільм» здымаліся гіст. фільмы і экранізаваліся літ. творы: «Каханне і хвалі» (1927), «Прыкуты Праметэй» (1929, рэж. абодвух Д.Газіядыс), «Дафніс і Хлоя» (1931, О.Ласкас) і інш. У 1932 выпушчаны першы гукавы фільм. З устанаўленнем дыктатуры Метаксаса і ў гады ням.-фаш. акупацыі здымаліся ў асн.хранік., зрэдку маст. фільмы: «Голас сэрца» (1943, Л.Іаанопулас), «Апладысменты» (1944, Г.Дзавелас). У канцы 1940-х г. здымалася па 8—10 фільмаў за год — пераважна меладрамы з гіст. фонам. У 1950-я — пач. 60-х г. у фільмах знайшлі адлюстраванне праблемы тагачаснага жыцця, здымаліся меладрамы, фарсы, шпіёнскія, гангстэрскія і прыгодніцкія фільмы. Сярод лепшых: «Крывавыя Каляды» (1951, рэж. Г.Зервас), «Фальшывая манета» (1955) і «Антыгона» (1961, рэж. абодвух Дзавелас), «Электра» (1962, М.Какаяніс), «Да карабля» (1966, А.Даміянас). У гады ваен. дыктатуры шэраг кінадзеячаў арыштаваны, некаторыя эмігрыравалі. Пасля падзення дыктатуры здымаліся фільмы, што выкрывалі злачынствы дыктатарскага рэжыму, пра барацьбу народа ў гады 2-й сусв. вайны, узнімаліся надзённыя праблемы. Міжнар. прызнанне атрымалі фільмы Т.Ангелопуласа, якія спалучаюць спадчыну ант. л-ры з сучаснай кінадраматургіяй. У 1974 створаны Саюз кінематаграфістаў Грэцыі. У Афінах знаходзіцца кінаархіў. Сярод вядомых дзеячаў кінамастацтва: І.Папас, М.Меркуры, А.Фонсу, П.Зервас, Т.Венгас, А.Стаўрас. З 1974 у Салоніках штогод праводзіцца міжнар. кінафестываль.
Літ.:
Никитина Т.В. Греция накануне первой мировой войны: Особенности внутриполит. развития. М., 1984;
Соколовская О.В. Греция в годы первой мировой войны, 1914—1918 гг.М., 1990;
Кирьякидис Г.Д. Гражданская война в Греции, 1946—1949. М., 1972;
Зорбалас С.Д. Неофашизм в Греции (1967—1974): Соц.-полит. анализ и выводы: Пер. с греч. М., 1981;
Паниев Н.А. Греция после хунты. М., 1979;
Шеменков К.А. Греция: Проблемы современной истории. М., 1987;
Мочос Я. Современная греческая литература: Очерки. М., 1973;
Ильинская С.Б. Поэзия Сопротивления в послевоенной Греции. М., 1974;
Полевой В.М. Искусство Греции. 2 изд. М., 1984.
Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя), В.Я.Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Герб і сцяг Грэцыі.Да арт.Грэцыя. Царква св. Феодара ў Містры. 1296.Да арт.Грэцыя. Манастыры Метэара ў Фесаліі. 12 ст.Да арт.Грэцыя. На востраве Крыт.Да арт.Грэцыя. Адзін з эпізодаў грамадзянскай вайны 1946—49.Да арт.Грэцыя. Турыстычныя будынкі на марскім узбярэжжы.Да арт.Грэцыя. Слабааблесеныя горы Цэнтральнай Грэцыі.Да арт.Грэцыя. Гавань на востраве Родас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛІЯ (Монгал),
Мангольская Рэспубліка (Монгал Улс), дзяржава ў Цэнтр. Азіі. Мяжуе на Пн з Расіяй, на З, Пд і У з Кітаем. Пл. 1565 тыс.км². Нас. 2,58 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — мангольская. Сталіца — г.Улан-Батар. Падзяляецца на 18 аймакаў. Гарады Улан-Батар, Дархан і Эрдэнэт вылучаны ў самастойныя адм. адзінкі. Нац. свята — Дзень Народнай Рэвалюцыі (11 ліп.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Вялікаму дзярж. хуралу, які складаецца з 76 дэпутатаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным парламентам.
Прырода. У рэльефе пераважаюць горы і пласкагор’і. На З горы Мангольскі Алтай з найвыш. пунктам краіны г. Мунххайрхан-Ула (4362 м), Габійскі Алтай, Хангай, падзеленыя міжгорнымі катлавінамі (Катлавіна Вялікіх Азёр, Даліна Азёр). У цэнтр.ч. — нагор’е Хэнтэй. На Пд, ПдУ, У вял. раўніны — часткі пустыні Гобі (выш. 1000—1200 м) з асобнымі вулканічнымі масівамі, участкамі пяскоў і саланчакамі. Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, жал., уранавыя, медна-малібдэнавыя, алавяныя, марганцавыя, залатыя і сярэбраныя руды, фасфарыты, каштоўныя і паўкаштоўныя камяні і інш. Клімат умераны, рэзка кантынентальны, засушлівы, з кароткім гарачым летам і працяглай халоднай маласнежнай зімой. Сярэдняя т-растудз. ад -35 °C на Пн да -10 °C на Пд, ліп. адпаведна 18 і 20 °C. Ападкаў 60—200 мм на Пд, 200—300 мм на Пн, у гарах 300—500 мм, пераважна летам. На большай ч.тэр. краіны няма пастаянных рэк. Маюць сцёк у акіян рэй: на Пн Селенга з прытокам Архон, Керулен і Анон. З рэк унутр. сцёку найб. Кобда і Дзабхан. Шмат азёр: Убсу-Нур, Хяргас-Нур (бяссцёкавыя, салёныя), Хубсугул, Хара-Ус-Нур, Хара-Нур (праточныя, прэсныя). На Пн у гарах лясы з лістоўніцы і кедра (10% тэр. краіны), ніжэй лесастэпы і стэпы, пераважна злакавыя з дамешкамі разнатраўя. 2/3 тэрыторыі займаюць сухія стэпы, паўпустыні і пустыні. Для жывёльнага свету характэрны грызуны, ёсць ваўкі, лісы, антылопы дзерэн, джэйран і сайгак. На ПдЗ вельмі рэдка трапляюцца конь Пржавальскага і дзікі двухгорбы вярблюд. Вялікі Габійскі запаведнік (4,3 млн.га), рэзерваты.
Насельніцтва. Манголамоўныя народы складаюць 92,4%, у т. л. халха-манголы 80,5%. З імі паступова зліваюцца блізкія да іх дэрбеты, бураты, дарыганга, баяты, захчыны, таргуты і інш. Жывуць таксама казахі (4,4%, на З), рускія і кітайцы (пераважна ў гарадах). Вернікі — будысты-ламаісты. Сярэднегадавы прырост каля 1,5%. Сярэдняя шчыльн. 1,6 чал. на 1 км², у бас.р. Селенга да 3—7 чал. на 1 км², на Пд на 10—15 км² прыпадае 1 чалавек. Каля 25% насельніцтва вядзе качавы спосаб жыцця. У гарадах жыве 61% насельніцтва (1997). Найб. гарады (1997, тыс.ж.): Улан-Батар (680), Дархан (87), Чайбалсан (80), Эрдэнэт (59). У сельскай гаспадарцы занята 40% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 12%.
Гісторыя. Чалавек на тэр. М. паявіўся больш за 100 тыс. гадоў назад. У 3—2-м тыс. да н.э. ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах М. ўзніклі ачагі земляробства. У І-м тыс. да н.э.стараж. насельніцтва М. перайшло да качавой жывёлагадоўлі. У 3 ст. да н.э. тут склаўся моцны саюз качавых плямён сюну (хуну). Пасля яго распаду ў I ст.н.э.тэр. М. ўваходзіла ў склад племянных саюзаў сяньбі (1—3 ст.), жужаняў (3—5 ст.), Цюркскага і Усх.-Цюркскага каганатаў (6—7 ст.), дзяржавы кіданяў (10—12 ст). Этнонім «мангол» упершыню сустракаецца ў кіт.гіст. хроніках дынастыі Тан (7—10 ст.) у форме «мэнгу», «мэнгулі», «мэн-ва». Да канца 12 ст. на тэр. ад Вял.кіт. сцяны да р. Іртыш існавалі саюзы манг. плямён: тайджыюты, татары, меркіты і інш. У пач. 13 ст.б.ч. іх падпарадкаваў сабе хан Тэмучын з племя тайджыют. У 1206 курултай (з’езд манг. ханаў) абвясціў яго вял. ханам з тытулам Чынгісхан. Рэформы Чынгісхана (ваен., адм., судовая і інш.) ператварылі М. ў найб. моцную ваен. дзяржаву Азіі. У ходзе мангольскіх заваяванняў у 13 ст. ўтварылася Мангольская імперыя, якая акрамя М. ахоплівала Кітай, Цэнтр. Азію, Каўказ, Афганістан, Іран, Месапатамію, б.ч. зямель Русі і інш. У 1280 вял. хан Хубілай абвясціў сябе кіт. імператарам, заснавальнікам дынастыі Юань. У 1368 манголы выгнаны з Кітая. У 1388 кіт. войскі зруйнавалі манг. сталіцу г.Каракарум, адзіная манг. дзяржава распалася на шэраг ханстваў, якія ваявалі паміж сабой. На кароткі час М. аб’ядноўвалі пад сваёй уладай ханы Дайсун [1434—55] і Даян [каля 1479—1543]. Да канца 16 ст. з Манголіі гістарычнай вылучыліся Паўн. М., Паўд. М. (падзяляліся на дробныя ханствы). У 1630-я г. ў Джунгарыі (цяпер ч.тэр.Паўн.-Зах. Кітая і Зах. Манголіі) зах.-манг. плямёны (айраты) утварылі Айрацкае ханства. Непрацяглы час існавалі буйныя аб’яднанні паўд.-манг. плямён: тумэтаў на чале з Алтан-ханам (1543—83] і чахараў на чале з Лігдан-ханам [1604—34]. З канца 16 ст. сярод манголаў пашырыўся будызм у форме ламаізму, які аказваў вялізны ўплыў на іх жыццё і культуру. У 1634 маньчжуры заваявалі дзяржаву Лігдан-хана, у 1636 падпарадкавалі ўсю Паўд. М. У канцы 17 ст. ўладу маньчжурскай дынастыі (правіла ў Кітаі ў 1644—1911) прызналі наёны (князі) Паўн. М. У маньчжурскім Кітаі Паўд. М. атрымала назву Манголія Унутраная, а Паўн. М. — Манголія Знешняя. У 1758 маньчжуры заваявалі Айрацкае ханства і знішчылі б.ч. яго насельніцтва. Тэр. сучаснай М. падзялялася на Зкіт. намесніцтвы з цэнтрамі ў гарадах Урга (цяпер Улан-Батар), Улясутай і Кобда. Асн. заняткам яе жыхароў была качавая жывёлагадоўля, у краіне практычна адсутнічала прам-сць. Вял. ўплыў мела ламаісцкая царква (больш як 750 манастыроў, 120 тыс. манахаў — 40% мужчын краіны). Неэквівалентны тавараабмен з Кігаем, закабаленне кіт. ліхвярамі да пач. 20 ст.б.ч.манг. жывёлаводаў вялі да росту антыкіт. настрояў. У час Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 успыхнула антыкіт. паўстанне ў Знешняй М., 1.12.1911 з’езд манг. знаці ў г. Урга абвясціў яе незалежнай дзяржавай (манархіяй) на чале з кіраўніком ламаісцкай царквы богда-гэгэнам. Пад націскам вял. дзяржаў манг. ўрад у маі 1915 паводле Кяхцінскага рус.-кіт.-манг. пагаднення згадзіўся на аўт. статус Знешняй М. ў складзе Кітая. У 1919 кіт. войскі акупіравалі Знешнюю М. і пазбавілі яе аўтаноміі. Гэта выклікала ўздым нац.-вызв. руху, які ўзначаліла створаная ў 1920 Манг. нар.-рэв. партыя (МНРП, да 1925 наз.Манг.нар. партыя) на чале з С.Данзанам, Д.Сухэ-Батарам і Д.Бода. У выніку Мангольскай нацыянальна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1921 пры падтрымцы Чырв. Арміі з тэр. Знешняй М. выгнаны кіт. войскі і атрады рас. белагвардзейцаў ген. Р.Ф.Унгерна фон Штэрнберга. У ліп. 1921 у г. Урга створаны Нар. ўрад на чале з Бода. 5.11.1921 заключаны дагавор аб узаемадапамозе паміж М. і РСФСР. Сав. войскі знаходзіліся ў М. да 1925. У 1921—24 Нар. ўрад правёў у краіне важныя пераўтварэнні: нацыяналізаваў зямлю, ліквідаваў прыгонніцтва і залежнасць жывёлаводаў ад ліхвяроў, адмяніў феад. тытулы і прывілеі. Да смерці богда-гэгэна (1924) дзяржава фармальна заставалася манархіяй.
26.11.1924 1-ы Вял.нар. хурал (ВНХ) абвясціў Манг.Нар. Рэспубліку (МНР) і прыняў яе канстытуцыю. 3-і з’езд МНРП (жн. 1924) прыняў рашэнне пра пабудову ў М. некапіталіст. грамадства. Залежнасць М. ад СССР і капіраванне яе кіраўніцтвам сав. вопыту былі ў значнай ступені абумоўлены тым, што Кітай да 1946 не прызнаваў яе дзярж. суверэнітэту і лічыў М. часткай сваёй тэр. У 1929 у МНР праведзена кааперацыя жывёлагадоўчых гаспадарак. У выніку рэпрэсій 1936—39 загінула б.ч.парт. і дзярж. кіраўніцтва МНР, моцна пацярпела духавенства. Улада сканцэнтравалася ў руках Х.Чайбалсана (прэм’ер-міністр у 1939—52). У 1939 сав. і манг. войскі перамаглі яп. агрэсараў на р. Халхін-Гол. Манг. войскі прынялі ўдзел у Маньчжурскай аперацыі 1946сав. войск. 20.10.1945 паводле рашэння Крымскай канферэнцыі 1945 адбыўся плебісцыт, на якім насельніцтва М. выказалася за незалежнасць краіны (у студз. 1946 прызнана Кітаем). Пасля смерці Чайбалсана (студз. 1952) прэм’ер-міністрам (да 1974) стаў Ю.Цэдэнбал (кіраўнік МНРП у 1940—54 і 1958—84, старшыня Прэзідыума ВНХ у 1974—84). У 1960 прынята новая канстытуцыя краіны. У 1950—70-я г. адбыўся пераход асн. масы манголаў да аселасці, з дапамогай СССР і інш.сацыяліст. краін пабудавана прам-сць, ліквідавана непісьменнасць. У 1984 ген. сакратаром МНРП і старшынёй ВНХ выбраны Ж.Батмунх. З пачаткам перабудовы ў СССР у М. разгарнуўся масавы рух за дэмакратыю і шматпартыйнасць, які са снеж. 1989 узначальваў Манг.дэмакр. саюз. Пасля масавых дэманстрацый апазіцыі пленум ЦК МНРП у сак. 1990 прыняў адстаўку кіраўніцтва партыі і выбраў яе старшынёй Г.Ачырбата, Старшынёй ВНХ выбраны П.Ачырбат (з вер. 1990 прэзідэнт МНР). У маі 1990 уведзена шматпартыйнасць. У студз. 1992 прынята новая канстытуцыя, паводле якой МНР перайменавана ў Мангольскую Рэспубліку, замест ВНХ створаны Вял.дзярж. хурал (ВДХ). На першых свабодных выбарах у ВДХ перамагла МНРП. У чэрв. 1993 на першых прамых выбарах прэзідэнтам краіны выбраны Ачырбат. Непаслядоўнасць МНРП у рэфармаванні эканомікі і грамадства прывяла да перамогі дэмакр. апазіцыі на выбарах у ВДХ у чэрв. 1996. Урад М.Энхсайхана (1996—98) правёў радыкальныя рыначныя рэформы, якія спрыялі адраджэнню эканомікі, але выклікалі сац. напружанасць у грамадстве, што праявілася ў выбранні прэзідэнтам краіны ў маі 1997 прадстаўніка МНРП Н.Багабандзі. М. — чл.ААН (з 1961). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 24.1.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Манг. нар.-рэв. партыя, Манг. нац.-дэмакр. партыя, Манг.с.-д. партыя, Партыя «зялёных», Рэліг.-дэмакр. партыя і ІНШ.; Федэрацыя манг. прафсаюзаў.
Гаспадарка. М. — аграрна-індустрыяльная краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Штогадовы даход на 1 чал. каля 900 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае каля 40% валавога ўнутр. прадукту, прам-сць — каля 30%. У 1991—92 былыя с.-г. кааператывы пераўтвораны ў акц. кампаніі, завершана прыватызацыя жывёлы. На канец 1998 у прыватнай уласнасці 95% пагалоўя свойскай жывёлы. Больш за 80% тэр. (каля 130 млн.га) прыдатная для выкарыстання ў якасці пашы. Па колькасці жывёлы на душу насельніцтва М. займае адно з першых месц у свеце. Найб. развіта авечка- і козагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, канец 1996): авечкі — 13,5, козы — 9,1, буйн. раг. жывёла — 3,5, коні — 2,8, вярблюды — 0,4. Гадуюць таксама якаў і іх помесі з буйн. раг. жывёлай — артомаў і хайнакаў (у гарах), паўн. аленяў (у гарах на Пн). Прадукцыйнасць жывёлы нізкая. Вытв-сць (1995, тыс.т): ялавічыны і цяляціны — 71, бараніны — 98, каніны — 28, малака — 316. Авечак гадуюць усюды, але найб. у зах. і цэнтр. раёнах, буйн. раг. жывёлу — пераважна на ПнУ і Пн, коз — на З, вярблюдагадоўля ў асн. у паўд. і паўд.-ўсх. раёнах, конегадоўля — ўсюды. У прыгарадных раёнах свінагадоўчыя і птушкагадоўчыя гаспадаркі. Ёсць фермы пушной зверагадоўлі. Раслінаводства — новая галіна сельскай гаспадаркі, займае каля 0,5 млн.га зямель на Пн, у далінах рэк Селенга і Архон. Ураджаі рэзка вагаюцца ў залежнасці ад колькасці ападкаў летам. Пераважае яравая пшаніца, меншыя зборы ячменю, проса, жыта, аўса. У 1998 сабрана 214 тыс.т збожжа. У гарах і стэпах пашыраны пушны промысел, штогод нарыхтоўваюць больш за 1 млн. шкурак сурка. З галін прам-сці найб. значэнне маюць горназдабыўная і каляровая металургія, лёгкая і харчовая. Здабываюць медна-малібдэнавыя і вальфрамавыя руды, буры і каменны вугаль, плавікавы шпат, золата. Самае магутнае прадпрыемства краіны — горнаабагачальны камбінат «Эрдэнэт», які выпускае (тыс.т, 1996) медны (351) і малібдэнавы (4,7) канцэнтрат. Прадпрыемства «Манголрасцэмент» штогод выпускае больш за 1 млн.т цэменту. Камбінат «Керулен» выпрацоўвае плавікава-шпатавы канцэнтрат (565 тыс.т, 1996). Аснова энергетыкі — вугаль (5,1 млн.т, 1996). Вытв-сць электраэнергіі 3,2 млрд.кВт∙гадз (1995). Буйнейшая ЦЭС у сталіцы. Шмат дызельных электрастанцый невял. магутнасці ў аддаленых раёнах. ГЭС на р. Архон. Лёгкая прам-сць перапрацоўвае пераважна жывёлагадоўчую прадукцыю. Працуюць прадпрыемствы гарбарнай, абутковай, валюшна-лямцавай, аўчынна-футравай, скургалантарэйнай, суконнай, дывановай, трыкатажнай і інш. галін прам-сці. Харч.прам-сць прадстаўлена мясакамбінатамі і мясахоладабойнямі, харч. камбінатамі, якія вырабляюць кансервы, сыр, масла, хлебапрадукты. Прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, жалезабетонныя канструкцыі, цеплаізаляцыйныя пліты, керамічныя пліты) ва Улан-Батары і Дархане. Дрэваапр. камбінаты ва Улан-Батары і Сухэ-Батары. Вытв-сць мэблі, фанеры, драўнінна-стружкавых пліт. Ёсць вытв-сць фармацэўтычных, шкляных і фарфоравых вырабаў, прадпрыемствы мікрабіялагічнай, паліграф., металаапр. і металарамонтнай галін. Асн.прамысл. цэнтр — г. Улан-Батар. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 46,7 тыс.км, у т. л. палепшаных 4,3 тыс.км, чыгунак 1,8 тыс.км. Трансмангольская чыгунка — частка чыг. магістралі Масква—Улан-Батар—Пекін. У краіне 397 аэрапортаў. Суднаходства па воз. Хубсугул, рэках Селенга і Архон. У 1995 экспарт склаў 451 млн.дол., імпарт — 473 млн. долараў. У экспарце пераважаюць медныя і малібдэнавыя канцэнтраты (каля 50%), плавікавы шпат, жывая жывёла, прадукцыя жывёлагадоўлі, аўчынна-футравыя, скургалантарэйныя вырабы; у імпарце — машыны і абсталяванне, паліва і электраэнергія, агародніна, хімікаты. Гал. гандлёвыя партнёры: Расія (больш за 50% кошту экспарту), Кітай, Японія. У 1991—98 развітыя краіны і міжнар. арганізацыі аказалі М. бязвыплатнай дапамогі на суму больш за 600 млн.дол. Грашовая адзінка — тугрык.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі і ППА) і пагранічных войск. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі налічваюць (1998) каля 8,5 тыс.чал., на ўзбраенні больш за 650 танкаў, 400 баявых машын пяхоты, 300 бронетранспарцёраў, 300 гармат палявой артылерыі і інш. У ППА каля 500 чал., 9 баявых самалётаў, 12 баявых верталётаў, зенітныя ўстаноўкі і комплексы. У пагранічных войсках каля 5 тыс. чал.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,1, жанчын 63,2 года. Смяротнасць 8 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 101 чал., урачамі — 1 на 402 чал. Узровень нараджальнасці — 25 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,6%. Дзіцячая смяротнасць — 68 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. Сістэма адукацыі М. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школу, прафес., сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1997/98 навуч.г. ў М. 663 агульнаадук. школы, у якіх навучалася больш за 380 тыс.чал. У сістэме вышэйшай адукацыі 64 ВНУ, у т. л. 27 дзярж. ун-таў, ін-таў і каледжаў, у якіх вучылася каля 29 тыс. студэнтаў па 60 спецыяльнасцях на ступень бакалаўра і па 35 — на ступень магістра. ВНУ: Мангольскі дзярж.ун-т (з 1942), Дзярж.пед.ін-т (з 1951), політэхн.ін-т (з 1961), пед.ін-трус. мовы (філіял Маскоўскага ін-та рус. мовы імя Пушкіна, з 1978), мед. (з 1982) і с.-г. (з 1958) ін-ты — усе ва Улан-Батары, пед.ін-т (з 1979) у г. Кобда. У 1998 у М. 424 б-кі з агульным фондам 4,2 млн. кніг, найбольшыя з іх Дзярж. публічная і б-ка Мангольскага дзярж. ун-та. Музеі: Цэнтр.дзярж., рэлігіі, горада Улан-Батар і інш.Навук. даследаванні праводзяцца вядучымі навук. ўстановамі сістэмы АН М. (з 1961) і галіновымі НДІ.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. каля 130 перыяд. выданняў. Найб. папулярныя газеты — «Унадур» («Сёння», з 1992), «Ардын эрх» («Народнае права», з 1990), «Унэн-уу?» («Ці праўда?», з 1920), «Ардчылал» («Дэмакратыя», з 1990), «Худулмур» («Праца», з 1928), «Уг» («Слова», з 1990), «Засгійн газрын мэдээ» («Урадавы веснік», з 1991), «Ертанц» («Сусвет», з 1990), «Мангалын залучуд» («Моладзь Манголіі», з 1924), «Шынэ уе» («Новае пакаленне», з 1991); на рус. мове — «Новости Монголии» (з 1942). Інфарм. агенцтвы — Монгал Цахілган Медэній Агентлаг (МОНЦАМЭ, Мангольскае тэлеграфнае агенцтва, засн. ў 1921), «Мангалын дуу хаалой» («Голас Манголіі») і Сан-прэс (з 1992). Радыёвяшчанне з 1934. Тэлебачанне з 1967. Радыё- і тэлеперадачы вядуцца на манг., рус., кіт., англ., франц. і каз. мовах.
Літаратура. Фальклор манголаў прадстаўлены гераічнымі паданнямі, казкамі, ероаламі (пажаданні дабра), магтааламі (ухваленні), сургааламі (павучанні), легендамі і інш. Зберагліся эпіграфічныя помнікі 12—13 ст., дыялагічныя нар. песні («Золатаардынскі рукапіс на бяросце», 13—14 ст.), нар. эпас «Джангар» (15 ст.), эпічнае сказанне пра Гэсэр-хана (16—17 ст.), летапісы («Алтан Тобчы», 17 ст.) і інш. У 14—18 ст. росквіту дасягнула перакладная л-ра (зборы будыйскіх кананічных твораў «Ганжур», «Данжур»). У 2-й пал. 19 ст. зарадзілася рэаліст.л-ра. Дэмакр., антыфеад. тэндэнцыі выявіліся ў гіст. раманах В.Інжынаша, сатыр. паэзіі Х.Сандага. Пасля рэвалюцыі 1921 узнікла новая л-ра: створаны аповесці (Д.Нацагдорж, Ц.Дамдзінсурэн), зарадзілася рэв. паэзія, значных поспехаў дасягнула драматургія (п’есы С.Буянэмэха, Нацагдоржа). Пасля 2-й сусв. вайны пашырылася ваен. тэматыка (аповесці «Аюуш» Д.Сэнгээ, «Вучань Ганбат» Д.Цэвэгмэда, вершы Ч.Лхамсурэна, Дамдзінсурэна), з’явіліся п’есы на тэмы сучаснасці (Сэнгээ, Л.Ванган). Вызначальная рыса л-ры 1950—60-х г. — станаўленне і развіццё новага рамана: прыгодніцкага («На Алтаі» Ч.Ладайдамба), гісторыка-рэв. («Ранішняя зара» Б.Рынчэна, «Чырвонае сонца» С.Дашдэндэва), на тэмы сучаснасці («Вясна — восень» Ч.Чыміда). У 1960—70-я г. далейшае развіццё атрымалі раман (Л.Тудэў), аповесць (С.Удвал), апавяданне і навела (Э.Аюун, С.Эрдэнэ). Паэзія ўзбагацілася лірычнымі і грамадз. вершамі Б.Явуўхулана, Чыміда, паэмамі Ц.Гайтава. Вядучае месца занялі пераклады. Творчасць сучасных манг. пісьменнікаў сведчыць пра збліжэнне л-ры М. з прагрэс.сусв. л-рай з захаваннем нац. асаблівасцей. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі «Мангольскія казкі» (пер. А.Якімовіча, 1956), раманы Тудэва «Горны паток» (пер. І.Сакалоўскага і У.Шахаўца, 1971) і Н.Банзрагча «Шлях» (пер. М.Парахневіча, 1978), зб. навел «Вясновыя птушкі» (пер. В.Рабкевіча, В.Новіка, З.Прыгодзіча, М.Паслядовіча, Я.Крамко, А.Рыбака, 1981), казка «Залатая ластаўка» (пер. С.Міхальчука, 1982). На бел. мову паасобныя вершы і навелы манг. пісьменнікаў перакладалі Я.Бяганская, М.Калачынскі, П.Макаль, Ю.Свірка, Х.Чэрня і інш.
Архітэктура. Збудаванні на тэр. М. вядомы з часоў Цюркскага каганата (7 ст.), калі на месцы пахаванняў узводзілі храмы з мемар. стэламі і скульптурай. Ад перыяду Уйгурскага каганата (745—840) захаваліся руіны сталіцы Орду-Балык (пазней Хара-Балгас) са строгай планіроўкай, абарончымі збудаваннямі, дамамі, храмамі. Пры кіданях (10—12 ст.) інтэнсіўна будаваліся гарады. Звычайна горад, амаль квадратны ў плане, быў абкружаны равамі і землянымі валамі. Яго перасякалі адна ці некалькі вуліц з адм. будынкамі, храмамі і дамамі, на незабудаваных участках ставілі юрты і палаткі. Пры раскопках г. Барс-Хот I (10—12 ст.) выяўлены рэшткі будыйскага храма з сюжэтнымі і арнаментальнымі фрэскамі і 2 цагляныя пагады з 5 і 7 ярусамі (апошняя выш. 16 м), у дэталях звязаныя з мясц. традыцыяй і ўплывам Кітая. У канцы 12 — пач. 13 ст. вядомасць набывае архітэктура сталіцы Каракарум. Захаваліся рэшткі палаца хана Угедэя (пл. 2475 м²) на штучнай насыпной платформе (гранітныя цокалі і базы калон, разьба па камені і дрэве, лепка, чаканка і інш.) і кумірні (малітоўныя дамы) з насценнымі размалёўкамі. У 16 — пач. 20 ст. ў манг. ханствах і княствах асн. відам жылля была лямцавая зборна-разборная юрта (гэр: дыяметр 5 м, выш. каля 3 м) на драўляным каркасе з рассоўнымі насценнымі рашоткамі, дзвярной каробкай і дахам у форме ўсечанага конуса; звонку дзверы лямцавыя, унутры — драўляныя размаляваныя. Для далёкіх паездак з караванамі служылі шасцісхільныя палаткі (майханы). З канца 16 ст. з пашырэннем ламаізму вялося буд-ва манастыроў і храмаў. З’явіліся культавыя пабудовы з дрэва, у аснове якіх — кампазіцыя юрты (часам на колах) круглай, шматвугольнай, з сярэдзіны 17 ст. квадратнай формы, а таксама цагляны кіт. і каменныя тыбецкага тыпаў (у манастырах Амур-Баясхуланту-хіт, Эрдэні-дзу). Своеасаблівыя мемар. збудаванні — субурганы (Бодзі-субурган у манастыры Эрдэні-дзу). Захаваліся храмы змешанага тыпу: манг.-кіт. (манастыр Да-Хурэ ва Улан-Батары, засн. ў 1651 як качавы, з 1779 — аселы; юртападобныя храмы 18 ст.), тыбецка-кіт., тыбецка-манг. (манастыр Гандан, пач. 18 ст., з храмам Мэгджыд-Джанрайсэг, пач. 20 ст., ва Улан-Батары). У 19 — пач. 20 ст. цэнтрам культавага і свецкага буд-ва быў Улан-Батар (палацавы комплекс Ноган-Орга, «Зялёны палац», 1832). У 1920—30-я г. разгарнулася грамадз. і прамысл.буд-ва, рэканструкцыя старых (Улан-Батар) і стварэнне новых (Дархан, Налайха, Сайншанд) гарадоў і пасёлкаў з рэгулярнай планіроўкай, рысамі сав. канструктывізму. У 1940—50-я г. фасады грамадскіх будынкаў упрыгожвалі порцікамі, каланадамі, нац. арнаментам (Мангольскі ун-т ва Улан-Батары). Будынкі ўзводзілі з улікам кліматычных умоў, патрабаванняў камфорту, выразнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі (Т-р оперы і балета ва Улан-Батары). У 1960—80-я г.буд-ва вялося паводле тыпавых праектаў, з выкарыстаннем жалезабетонных канструкцый на аснове прынцыпаў функцыян. архітэктуры (выставачная зала ва Улан-Батары, будынак вакзала ў Сухэ-Батары).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва на тэр. М. вядомы з 14—10 ст. да н.э. (выбітыя або нанесеныя фарбай на скалах выявы жывёл). У 4—3 ст. да н.э.метал. вырабы і каменныя надмагільныя слупы аздаблялі стылізаванымі фігуркамі жывёл. У кургане Наін-Ула (1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.) выяўлены начынне, тканіны, лямцавыя дываны, аздабленне конскай вупражы. У 6—8 ст. развіваліся рамёствы па вырабу конскай вупражы, зброі, упрыгожанай расл. арнаментам, з’явіліся мемарыяльныя каменныя стэлы на пастаментах у выглядзе чарапоў, скульпт. фігуры мужчын каля надмагільных помнікаў, т.зв.каменныя бабы. У 8—10 ст. развіваліся партрэтная пластыка, прысвечаная уйгурскім уладарам, фігуратыўная размалёўка з выявамі уйгурскіх і кіданьскіх уладароў у мемар. палацах і храмах, у 10—12 ст. — кераміка (фігуркі будыйскіх божастваў, жывёл і інш. з раскопак г. Барс-Хот I). Сінтэзам мастацтваў і стылістычнай разнастайнасцю вызначаюцца творы 12—13 ст., знойдзеныя ў Каракаруме: фігуратыўныя скульптуры, дэкар. маскі, жывапісныя партрэты ханаў і інш.Найб. пашыраным відам жывапісу 16 — пач. 20 ст. былі танка — будыйскія кампазіцыі, выкананыя на палатне фарбамі тыпу гуашы. У насценных размалёўках адчувальны ўплыў мастацтва Тыбета, Кітая, Непала. Стваралася храмавая скульптура з гліны, дрэва і бронзы, заснавальнік яе кананічнай формы — скульпт. Дзанабадзар (2-я пал. 17 ст.; рабіў таксама танка). З канца 19 ст. пашырыўся таксама свецкі жывапіс (ургінская школа і інш.) — партрэты, пейзажы, жанравыя палотны. У пач. 20 ст. пад уплывам еўрап.рэаліст. традыцый пачала фарміравацца сучасная манг.маст. школа (жывапісцы Б.Шараў, Д.Манібадар і інш.). У 2-й пал. 20 ст. пашырылася тэматыка твораў, у якіх спалучаліся прыёмы нац. і еўрап. мастацтва (жывапісцы Г.Адон, Будбазар, Н.Цултэм, А.Цэвэгжаў, Д.Чойдаг, графікі Д.Амгалан, Балдан, скульптары Н.Жамба, С.Чоймбал і інш.). Развіваюцца вышыўка, аплікацыя, маст. апрацоўка металу, ювелірнае мастацтва, разьба па дрэве, выраб каляровых масак з пап’е-машэ, сюжэтных дываноў і інш.
Музыка. У традыц. музыцы М. пераважае вак. музіцыраванне, часта з інстр. суправаджэннем, пашыраны сольныя і ансамблевыя інстр. кампазіцыі. Ладавая аснова пераважна ангемітонная (часам пентатоніка). Спецыфічнае гуказдабыванне ў традыцыях гарлавога спеву (хаамэй), ігры на цууры (падоўжная флейта), аманхурах (самагучальныя язычковыя тыпу варганаў) і інш. Сярод традыц. інструментаў: стр. смычковыя — морын-хур, іх-хур, хучыр; стр. шчыпковыя — тобшур, шудрага (шанза), цытра ятга, род цымбалаў ёачын; драўляныя духавыя — лімбэ, цуур, біш-хур (тып габоя), эвэр-бурээ (рог); ударныя — барабаны хэнгэрэг, бумбур, талеркі цан, літафоны, шаманскія бубны; храмавыя інструменты — марская ракавіна дун, званы хонх, гонгі, вял. медныя трубы і інш.Стараж. музыка звязана з паляўнічай і жывёлагадоўчай практыкай, абрадамі. У 3 ст. да н.э. — 2 ст.н.э. ўзніклі разнастайныя жанры і віды музыкі. Да 13 ст. развівалася прыдворная музыка, дзейнічалі шматскладавыя аркестры. Музыка ўваходзіла ў абрады шаманізму і культу продкаў, суправаджала баявыя дзеянні; былі пашыраны караванныя песні без слоў (уншуу). У 13—14 ст. выпрацоўваліся нарматывы класічнай музыкі. Склаўся рэпертуар віртуознай сольнай інстр. музыкі, развіліся муз.-паэт. жанры магтаал (ода) і сургаал (дыдактычны верш). Розныя жанры манг.муз.-паэт. традыцыі спалучае гісторыка-эпічнае «Патаемнае казанне» (13 ст.). У канцы 17 — пач. 20 ст.муз. жыццё засяроджвалася пераважна ў ламаісцкіх манастырах. У 18 ст. цэнтрам культ. жыцця М. стала Урга. Вызначыліся асн. песенныя жанры: найб. развітая працяжная — уртын-дуу і кароткая — богіна-дуу. У 1920—30-я г. пачалося асваенне жанраў еўрап. музыкі (опера, балет, сімфонія, інстр. канцэрт). Сярод дзеячаў муз. мастацтва: кампазітары С.Ганчыксумла, Б.Дамдзінсурэн (першая нац. опера «Сярод трох маркотных гор», з Б.Смірновым, паст. 1942), Л.Мурдорж (першая нац. сімфонія «Мая радзіма», 1955), У.Білегжаргал, Э.Чойдаг, Д.Луўсаншараў (першая нац. аперэта «Голы князь», 1986; песні і інш); дырыжоры Ж.Чулун, Ц.Намсрайжаў, Ж.Жамсранжаў, спевакі Ц.Пурэўдорж, А.Сурдал, А.Загдсурэн, Х.Уртнасан, А.Хаўлаш; інструменталісты Т.Цолман, З.Сэрэтэр, Аюуш; выканаўцы традыц. музыкі — спевакі Л.Луўсанбалдан, Ш.Дамба, М.Дашрынчэн, С.Гомба, Б.Луўсангампіл, М.Дугаржаў, Ж.Дарждагва, Н.Нараўбанзад, інструменталісты А.Сандаг, Д.Ішдулам, О.Дашдэлэг, У.Луўсанхурчы, Л.Цэрэндорж, Г.Жам’ян, Д.Дашдулам. У М. працуюць (1999): больш за 10 муз. т-раў, у т. л.Дзярж.т-р оперы і балета (з 1963); філармонія, пры якой сімф. аркестр (з 1957), эстр. калектывы; Ансамбль Манг.нар. арміі (з 1932), Дзярж. ансамбль песні і танца (з 1950). Муз. аддзел у Пед. ін-це (Улан-Батар), муз.-харэаграфічныя вучылішчы. У 1957 створаны Саюз кампазітараў М.
Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва М. — у тэатралізаваных рытуальных дзействах, нар. абрадах, танцах-пантамімах, выступленнях нар. спевакоў-сказіцеляў. З канца 14 ст. на манг. мастацтва, у т. л.т-р, паўплываў кіт. класічны т-р. Папулярнымі былі выступленні артыстаў-лялечнікаў. У 17 ст. з распаўсюджаннем будызму ўзнік містэрыяльны т-р цам (сінт. форма, дзе драм. дыялогі перамяжоўваюцца з пантамімай, танцам, харавымі спевамі). Пры дварах манг. князёў існавалі прыдворныя т-ры. У 1830 у Габійскім аймаку адбыўся першы публічны спектакль «Месячная зязюля». З 1920-х г. пачала шырока развівацца тэатр. самадзейнасць; арганізаваны муз.-драм. гурткі, з якіх пазней узніклі праф. т-ры. Спектаклі ставіліся ў нар. традыцыях. Рэпертуар складаўся з інсцэніровак нар. песень і сцэнак на надзённыя тэмы. Рабіліся спробы выкарыстоўваць вопыт кіт. класічнага т-ра і т-ра ян-гэ. У 1930 ва Улан-Батары арганізавана тэатр. студыя, з якой у 1931 узнік Цэнтр.дзярж.манг.т-р (з 1942 Дзярж.муз.-драм.т-р). Новая нац. драматургія была сарыентавана на традыцыйную манг.тэатр. форму сінт.т-ра. Ставіліся п’есы манг. аўтараў, творы сусв. класікі, сав. драматургаў. У 1963 на базе Дзярж.муз.-драм.т-ра створаны Дзярж.т-р оперы і балета і Дзярж.т-р драмы імя Д.Нацагдоржа. З 1970-х г. развіваецца драматургія сучаснай тэматыкі; прасочваецца тэндэнцыя засваення еўрап.тэатр. школы і драматургіі. Ва Улан-Батары працуюць таксама Т-р лялек (з 1948), Цэнтр. дзіцячы т-р (з 1950), існуюць аймачныя (абласныя) т-ры.
Кіно. У 1935 ва Улан-Батары створана кінастудыя «Манголкіно». У 1936 выйшлі першыя дакумент. фільмы, у 1938 — маст. фільм «Шлях Норжмы» (рэж. Т.Нацагдорж, Л.Шэфер). З 1947 пачаўся сістэматычны выпуск кінаперыёдыкі. Першых поспехаў манг. кінематаграфісты дасягнулі ў гісторыка-рэв. тэматыцы: «Пасланец народа» (1959), «Адзін з многіх» (1962), «Раніца» (1968, усе рэж. Д.Жыгжыда), «Апавяданні пра вайну» (1970, рэж. Ж.Бунтар, Н.Нямдава), «Пачатак вялікага шляху» (1978, рэж. Б.Сумху) і інш. На сучасную.тэматыку ставіліся камедыі і меладрамы, з 1970-х г. здымаліся псіхал.сац. драмы: «Зяць» (1970, рэж. Жыгжыд), «Шум матора» (1973) і «Жонка» (1975, рэж. Сумху), «Сустрэча» (1974, рэж. Нямдава), «За перавалам перавал» (1977, рэж. Бунтар), «Неба праясняецца» (1978, рэж. Р.Даржпалам), «Жыццё чалавечае» і «Хатанбатар» (1981, рэж. Г.Жыгжыдсурэн). Значны ўплыў на станаўленне манг. кінематографа зрабілі сав. кінематаграфісты. Сярод сумесных сав.-манг. фільмаў: «Яго завуць Сухэ-Батар» (1942, рэж. А.Зархі, І.Хейфіц), «Віцязі стэпу» (1945, рэж. Ю.Тарыч, Дудсан-Джалел, М.Болд), «Слухайце, на тым баку!» (1972, рэж. Б.Ермалаеў, Сумху), «Праз Гобі і Хінган» (1982, рэж. В.Ардынскі, Сумху). Здымаюцца дзіцячыя (рэж. Х.Дамдзін, Нямдава і інш.) і дакумент. (рэж. А.Уртнасан, Г.Даждорж і інш.) фільмы. У 1970-я г. створаны Саюз работнікаў мастацтваў, які аб’ядноўвае і кінематаграфістаў.
Літ.:
История Монгольской Народной Республики. М., 1983;
Татаро-монголы в Азии и Европе: Сб. ст. 2 изд. М., 1977;
Трепавлов В.В. Государственный строй Монгольской империи XIII в.: Пробл. исп. преемственности. М., 1993;
Михайлов Г.И., Яцковская К.Н. Монгольская литература. М., 1969;
Тудэв Л. Национальное и интернациональное в монгольской литературе: Пер. с монг. М., 1982;
Майдар Д. Архитектура и градостроительство Монголии. М., 1972;
Майдар Д., Пюрвеев Д. От кочевой до мобильной архитектуры. М., 1980;
Цултэм Ням-Осорын. Искусство Монголии с древнейших времен до начала XX в. М., 1982;
Кондратьев С.А. Музыка монгольского эпоса и песен. М., 1970;
Смирнов Б.Ф. Монгольская народная музыка. М., 1971;
Герб і сцяг Манголіі.Да арт.Манголія. Краявід на поўначы краіны.Да арт.Манголія. Горна-абагачальны камбінат «Эрдэнэт».Да арт.Манголія. Мангольскія дываны.Да арт.Манголія. Мангольскае войска. Мініяцюра са «Зборніка летапісаў» Рашыд-ад-дзіна. 1301—14.Да арт.Манголія. Байцы Мангольскай народна-рэвалюцыйнай арміі вядуць бой з японскімі захопнікамі. Халхін-Гол. 1939.Да арт.Манголія. Трыумфальныя вароты ў палацавым комплексе Ноган-Орга ва Улан-Батары. 19 ст.Да арт.Манголія. Храм Мэгджыд-Джанрайсэг манастыра Гандан. Пач. 20 ст.Да арт.Манголія. Юрта.Да арт.Манголія. Будынак вакзала ў г. Сухэ-Батар.Да арт.Манголія. Будынак выставачнай залы ва Улан-Батары.Да арт.Манголія. Каменныя бабы. 6—8 ст.Да арт.Манголія. Буда. Невядомы майстар. 19 ст.Да арт.Манголія. Абраз «Буда Алмазнапрастольны (Ваджрасана)». Палатно, клеявыя фарбы. Канец 11—12 ст.Да арт.Манголія. Галаўное ўпрыгожанне. 19 ст.Да арт.Манголія. Майстар ургінскай школы. Шак’ямуні. 19 ст.Да арт.Манголія. Маска для рэлігійнай цырымоніі цам. Бегдзе-Дармапала. 19 ст.Да арт.Манголія. Б.Шараў. Партрэт жонкі VIII богда-гэгэна. Пач. 20 ст.Да арт.Манголія. Дзанабадзар. Сіяма-Тара (Зялёная тара; злева) і Сіта-Тара (Белая тара; справа).Да арт.Манголія. Ансамбль мангольскіх народных інструментаў.Да арт.Манголія. Сцэна з оперы «Сярод трох маркотных гор».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НГРЫЯ (Magyarország),
Венгерская Рэспубліка (Maguar Köztársaság), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на З з Аўстрыяй, Славеніяй, Харватыяй, на Пд і ПдУ з Югаславіяй і Румыніяй, на У з Украінай, на Пн з Славакіяй. Падзяляецца на 38 медзьё (раёнаў) і сталічную акругу. Пл. 93 тыс.км², нас. 10 324 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Будапешт. Дзярж. мова — венгерская. Нац. свята — гадавіна Венг. паўстання 1956 (23 кастр.).
Дзяржаўны лад. Венгрыя — парламенцкая рэспубліка. На чале дзяржавы прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея, якая складаецца з 386 чл., выбраных тэрмінам на 4 гады. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Венгрыя — пераважна раўнінная краіна, займае б.ч. Сярэднедунайскай (Венгерскай) раўніны. Вылучаюцца яе асобныя часткі: на У ад Дуная плоская нізіна Альфёльд, на З узгорыстая раўніна Дунантуль з асобнымі невысокімі кражамі (масівы Бакань, Вертэш, Мечэк і інш.). На ПнЗ нізіна Кішальфёльд, абмежаваная на З адгор’ямі Альпаў (выш. да 500—800 м). На Пн адгор’і Карпат з карставай пячорай Агтэлек і ланцуг сярэдневышынных вулканічных масіваў, у т. л. Матра з найвышэйшым пунктам краіны — г. Кекеш (1015 м). Карысныя выкапні: значныя запасы баксітаў, ёсць радовішчы каменнага і бурага вугалю, прыроднага газу і нафты, жал. руды, марганцу, мінер. водаў. Клімат умерана кантынентальны з гарачым летам і ўмерана кароткай зімой. Сярэдняя т-раліп. 20—22 °C, студз. ад -2 да -4 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў ад 900 мм на ПдЗ да 450 мм у цэнтры і на У. Бываюць засухі, асабліва на У краіны. Рэкі належаць да бас. Дуная, даўж. яго ў межах Венгрыі 410 км. Гал. прытокі — Ціса, Раба і Драва. Найб. возера — Балатан. Натуральная лясная, лесастэпавая і стэпавая расліннасць моцна зменена чалавекам. Каля 75% тэр. выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы і занята нас. пунктамі, прамысл. прадпрыемствамі, шляхамі зносін; пад лесам 18,3%.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць венгры, жывуць таксама цыганы (4%), немцы (2,6%), сербы (2%), славакі, румыны і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (67,5%), ёсць кальвіністы (20%), лютэране (5%) і інш. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 111 чал. на 1 км², крыху больш на Пн, менш на Пд. У гарадах жыве 64% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Будапешт — 1996, Дэбрэцэн — 218, Мішкальц — 190, Сегед — 179, Печ — 172, Дзьёр — 131, Ньірэдзьхаза — 116, Секешфехервар — 110, Кечкемет — 106.
Гісторыя. Тэр. сучаснай Венгрыі заселена чалавекам у палеаліце. У старажытнасці тут жылі скіфы, ілірыйцы, кельты, якія ў канцы 1 ст. да н.э. — пач. 2 ст.н.э. трапілі пад уладу рымлян (была ўтворана прав.Панонія). У 1-й пал. 1-га тыс. ў Венгрыі з’явіліся стараж. германцы, гуны, авары, готы, з 6 ст. і славяне; яе тэр. ў 7 ст. ўваходзіла ў склад дзяржавы Сама, пазней — у Вялікамараўскую дзяржаву і Блатэнскае княства. У 896 тут з’явіліся венгры (іх прарадзіма — Прыуралле). Адсюль яны рабілі набегі на землі суседніх народаў. Пасля разгрому каля Аўгсбурга (955) набегі венграў спыніліся і яны перайшлі да земляробства. У час праўлення князя Геза (970—997) і яго сына Іштвана I Святога (997—1038; з 1000 кароль) арганізацыйна аформілася венг. дзяржава. У сярэдзіне 13 — пач. 14 ст. яна была раздробленая, яе развіццё затрымалі манг. нашэсце 1240—41 і працяглыя міжусобіцы. Пазней абарону краіны ад тур. заваявання арганізаваў трансільванскі ваявода Я.Хуньядзі (правіцель Венгрыі ў 1446—52). Яго сын Мацьяш Хуньядзі (кароль з 1458) цэнтралізаваў дзяржаву, аднак пасля яго смерці міжусобіцы аднавіліся. Пасля задушэння Дожы Дзьёрдзя паўстання 1514 былі канчаткова запрыгонены венг. сяляне. Пасля паражэння венграў ад туркаў у Мохацкай бітве 1526 пачаўся распад Венг. каралеўства. Да 1541 паўн. і зах. землі Венгрыі захапілі Габсбургі, паўд. і цэнтральныя — туркі-асманы, на У краіны ўтварылася залежнае ад Асманскай імперыі Трансільванскае княства (у 1571—76 правіў князь Стафан Баторый). У 1686 аўстр. і венг. войскі вызвалілі Венгрыю ад туркаў, аднак уся тэр. краіны ў 1699 трапіла пад уладу Габсбургаў. Іх каланізатарская палітыка выклікала выступленні венграў (у т. л.Ракацы Ферэнца II рух 1703—11), якія былі задушаны. У 1820—30-я г. актывізавалася венг. дваранская апазіцыя. З яе ў 1840-я г. вылучылася левае крыло на чале з Л.Кошутам, узнікла арг-цыя «Маладая Венгрыя» (кіраўнік паэт Ш.Пецёфі). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі скасавана прыгонніцтва, створаны К-т абароны радзімы на чале з Кошутам і рэв.нар. армія (пазней нанесла шэраг паражэнняў аўстр. войскам). У крас. 1849 парламент у г. Дэбрэцэн абвясціў поўную незалежнасць краіны ад Аўстрыі, вярх. правіцелем дзяржавы выбраны Кошут. Пасля заключэння Габсбургамі саюза з Расіяй супраць венг. паўстанцаў аўстр. і рас. войскі сумеснымі намаганнямі прымусілі венграў капітуляваць (жн. 1849). Аўстр. тэрор не спыніў венг.вызв. рух, і Габсбургі пайшлі на кампраміс з венграмі: у 1867 створана дуалістычная дзяржава Аўстра-Венгрыя, у якой аўстр. імператар стаў адначасова венг. каралём. Венгрыя атрымала свой парламент і ўрад, аднак яе залежнасць ад Аўстрыі захавалася (Вена мела вырашальны голас пры прыняцці агульнадзярж. рашэнняў). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. паскорылася эканам. развіццё Венгрыі, заснаваны шэраг паліт. партый, у т. л. С.-д партыя Венгрыі (СДПВ; 1890). У 1-й сусв. вайне Аўстра-Венгрыя была ў саюзе з Германіяй. У канцы вайны кіраўнік апазіцыйнай «партыі незалежнасці» граф М.Карайі выступіў за разрыў з Германіяй, за заключэнне сепаратнага міру з краінамі Антанты, дэмакратызацыю і незалежнасць Венгрыі ў яе «гістарычных межах». Па яго ініцыятыве створаны Нац. савет, у які ўвайшлі і сацыял-дэмакраты. Абнародаваны ім 26.10.1918 маніфест прадугледжваў абвяшчэнне раўнапраўя нацый у рамках цэласнай і непадзельнай Венгрыі, увядзенне агульнадэмакр. свабод і інш. Аднак венг. кароль Карл IV Габсбург (ён жа імператар Аўстрыі Карл I) адмаўляўся ад правядзення рэформ. У ноч на 31.10.1918 адначасова з Аўстрыяй у Венгрыі распачата рэвалюцыя, у ходзе якой створаны саветы. Карайі з удзелам сацыял-дэмакратаў сфарміраваў урад, праграма якога паўтарала Маніфест 26 кастрычніка. 13.11.1918 падпісана перамір’е з Антантай. 16.11.1918 Нац. савет абвясціў Венгрыю рэспублікай. У пач. 1919 ва ўмовах блакады Вегрыі краінамі-пераможцамі, эканам. заняпаду, палярызацыі класаў і слаёў венг. грамадства ўрад пайшоў у адстаўку. Лідэры СДПВ, якім было прапанавана сфарміраваць новы ўрад, пайшлі на саюз з Камуніст. партыяй Венгрыі (КПВ): 24.3.1919 створана аб’яднаная Сацыяліст. партыя Венгрыі (СПВ) і абвешчана Венг.Сав. Рэспубліка. Яе ўрад — рэв. ўрадавы савет — узначаліў правы сацыял-дэмакрат Ш.Гарбай, наркомам замежных спраў стаў камуніст Б.Кун. Рэв. ўрад стварыў Чырв. Армію, праводзіў нацыяналізацыю прадпрыемстваў і інш. 1.8.1919 пад націскам франц., чэшскіх і рум. войск слабая Венг.Сав. Рэспубліка пала. Значную частку Венгрыю акупіравалі рум. войскі. Пазней у Будапешт уступіў афіцэрскі корпус на чале з контр-адміралам М.Хорці, які быў прызначаны галоўнакамандуючым, а ў 1920 абвешчаны рэгентам (у 1921 б. кароль выгнаны з краіны). Трыянонскі мірны дагавор 1920, прадыктаваны краіне дзяржавамі Антанты, якія перамаглі ў 1-й сусв. вайне, меў вынікам страту 2/3тэр. Венгрыі, скарачэнне яе насельніцтва і выклікаў незадаволенасць венг. грамадства. Імкненне дамагчыся яго перагляду прывяло аўтарытарны рэжым Хорці да пошуку саюзу з гітлераўскай Германіяй. Вынікам гэтага збліжэння сталі Венскія арбітражы 1938 і 1940, паводле якіх Венгрыя атрымала тэр. прырашчэнні. У 1939 Венгрыя выйшла з Лігі нацый. У крас. 1941 венг. войскі разам з ням. фашыстамі ўдзельнічалі ў нападзе на Югаславію (гл.Балканская кампанія 1941). 27.6.1941 Венгрыя ўступіла ў вайну супраць СССР. У студз. 1943 на Доне ў ходзе сав. контрнаступлення амаль поўнасцю знішчана 2-я венг. армія. У 1944 Хорці намагаўся заключыць перамір’е з СССР і шукаў кантакты з Вялікабрытаніяй і ЗША. 19.3.1944 Венгрыю акупіравалі ням.-фаш. войскі, якія пазней скінулі Хорці і прывялі да ўлады мясц. фашыстаў (гл.Нілашысты) на чале з Ф.Салашы. На вызваленай сав. войскамі тэр. Венгрыі 2.12.1944 у г. Сегед створаны антыфаш. Венг.нац. фронт незалежнасці, у які ўвайшлі камуністы, сацыял-дэмакраты, нац.-сял. партыя, партыя дробных сельскіх гаспадароў, бурж.-дэмакр. партыя і свабодныя прафсаюзы. Дэлегаты гэтых партый сталі дэпутатамі Часовага нац. сходу (пасяджэнні адкрыліся 21 снеж. ў г. Дэбрэцэн). Сфарміраваны ім Часовы ўрад Венгрыі абвясціў вайну Германіі, заключыў у Маскве перамір’е з СССР і яго саюзнікамі, распусціў і забараніў паліт. і ваен. арг-цыі фашыстаў. Найб. важнае мерапрыемства ўрада — зямельная рэформа (канфіскаваны землі кіраўнікоў фаш. арг-цый і ваенных злачынцаў, нацыяналізаваны буйныя маёнткі, створаны зямельны фонд, б.ч. якога размеркавана сярод 640 тыс. беззямельных і малазямельных сялян). Тэр. Венгрыі канчаткова вызвалена часцямі Чырв. Арміі да 4.4.1945 (у ходзе вызвалення загінула 140 тыс.сав. воінаў). 1.2.1946 Венгрыя абвешчана рэспублікай. Паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947 адноўлены граніцы Венгрыі па стану на 1.1.1938. З 1947 на тэр. Венгрыі размяшчаліся сав. войскі (выведзены ў 1991).
Пасля перамогі на выбарах 1947 у Дзярж. сход (парламент) левых сіл і аб’яднання ў чэрв. 1948 камуністаў і сацыял-дэмакратаў у адзіную Венг. партыю працоўных (ВПП) у краіне праводзіўся курс на пабудову сацыялізму на ўзор СССР. Яна атрымала назву Венг.Нар. Рэспубліка (1949). Пасля выцяснення астатніх партый (іх дзейнасць спынілася пасля выбараў 1949) пачаліся рэпрэсіі і ў самой ВПП. Летам 1953 пасля перагавораў з сав. кіраўніцтвам ЦК ВПП адмежаваўся ад палітыкі кіраўніцтва на чале з М.Ракашы. Па прамым указанні сав. кіраўніцтва венг. ўрад узначаліў І.Надзь, які абвясціў «новы курс»: адмова ад фарсіраванай індустрыялізацыі і прымусовай калектывізацыі, арыентацыя на ўздым жыццёвага ўзроўню працоўных, большы ўлік нац. асаблівасцей і інш. Аднак Ракашы, які застаўся 1-м сакратаром ЦК ВПП, абмежаваўся паўмерамі і дамогся зняцця Надзя з пасады прэм’ер-міністра і выключэння яго з партыі (1955). Пахаванне 6.10.1956 у Будапешце Л.Райка і іншых камуністаў — ахвяр рэпрэсій з боку ракашыстаў — скалыхнула грамадскасць. 23.10.1956 мірная 20-тысячная студэнцкая дэманстрацыя ў венг. сталіцы пад лозунгамі паляпшэння сацыялізму, раўнапраўных дружалюбных адносін з СССР, салідарнасці з польскім абнаўленнем, вяртання ва ўрад Надзя і інш. перарасла ў беспарадкі (штурм і захоп будынка Венг. радыё). Увод ноччу 24 кастр. па просьбе венг. ўрада А.Хегедзюша сав. механізаваных часцей у Будапешт надаў падзеям нац.-вызв. характар. Узбр. паўстанцы (15—20 тыс.) стварылі ў горадзе сетку вузлоў супраціўлення, вялі баі з сав. падраздзяленнямі. Адзін з найб. трагічных момантаў — расстрэл паўстанцамі супрацоўнікаў дзярж. бяспекі, якія абаранялі будынак Будапешцкага гаркома партыі. 29—30.10.1956 сав. войскі (больш за 3 дывізіі) выведзены з Будапешта. 1 ліст. ўрад Надзя (вярнуўся ва ўрад 24 кастр.) заявіў аб выхадзе Венгрыі з Варшаўскага дагавора 1955, абвясціў краіну «нейтральнай» і звярнуўся ў ААН з просьбай аб абароне. Антыкамуніст. і антысав. акцыі адбываліся і ў правінцыі. 3.11.1956 пасля перагавораў аб вывадзе войск СССР з тэр. Венгрыі паміж сав. і венг.ваен. дэлегацыямі апошняя арыштавана супрацоўнікамі сав.КДБ (перагаворы адбываліся каля Будапешта ў размяшчэнні сав.вайск. часцей). Ноччу 4 ліст. група венг.паліт. кіраўнікоў на чале з Я.Кадарам арганізавала ў г. Сольнак рэв. рабоча-сял. ўрад, які звярнуўся за падтрымкай да СССР. У Будапешт былі ўведзены сав. войскі, якія да 10 ліст. ў асноўным ліквідавалі паўстанне. Новае кіраўніцтва стварыла Венгерскую сацыялістычную рабочую партыю (ВСРП) і садзейнічала кансалідацыі грамадства, у т. л.эканам. захадамі (напр., пры калектывізацыі вёскі ў 1958—61 улічваўся прынцып добраахвотнасці, захоўвалася ўласнасць сялян на зямлю). У сярэдзіне 1960-х г. пачата эканам. рэформа з элементамі рыначных адносін. Аднак яе паступовае згортванне ў 1970-я г., памяншэнне знешняга гандлю, рост знешняга доўгу пры імкненні захаваць дасягнуты ўзровень жыцця насельніцтва пагоршылі сац.-эканам. становішча. У 2-й пал. 1980-х г. паскорыліся дэмакр. пераўтварэнні. Пасля Усевенг. канферэнцыі ВСРП (май 1988) новае парт. кіраўніцтва на чале з К.Гросам узяло курс на стварэнне рыначнай сістэмы дэмакр. сацыялізму і прававой дзяржавы. Паводле заканад. актаў 1989 устаноўлены Дзень рэспублікі (23 кастр.), прынята сучасная назва дзяржавы, уведзены канстытуцыйны суд і пасада прэзідэнта, зафіксаваны паліт. плюралізм, раўнапраўе грамадскай і прыватнай уласнасці і інш. У канцы 1989 на базе ВСРП утварыліся Венг.сацыяліст. партыя (ВСП) і абноўленая ВСРП. У сак.—крас. 1990 адбыліся свабодныя шматпарт. выбары, на якіх перамог Венг.дэмакр. форум (ВДФ). Урад на чале з І.Анталам праводзіў радыкальны рыначны курс, які суправаджаўся спадам вытв-сці і сац. цяжкасцямі. На выбарах у маі 1994 перамагла ВСП, якая выступала за паступовасць рэформ пры захаванні сац. гарантый. Урад Дз.Хорна прадоўжыў рыначныя пераўтварэнні, аддаючы значную ўвагу сац. абароне насельніцтва (зніжэнне беспрацоўя, спыненне інфляцыі і інш.), і скарэкціраваў знешнепаліт. курс. Да сярэдзіны 1990-х г. спынены спад вытв-сці, зменшыўся знешні доўг, павялічыліся памеры знешняга гандлю і даходы насельніцтва. Венгрыя — чл.ААН(з 1995) (з 1955), Савета Еўропы (з 1990), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, «Вішаградскай групы». Дыпламатычныя адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Венг.сацыяліст. партыя, Венг.дэмакр. форум, Венг.сацыяліст. рабочая партыя, Незалежная партыя дробных гаспадароў, Саюз маладых дэмакратаў, Саюз свабодных дэмакратаў, Хрысц.-дэмакр.нар. партыя; Канферэнцыя венг. прафсаюзаў, Незалежныя прафсаюзы, Венг. савет саюзаў моладзі і інш.
Гаспадарка. Венгрыя — развітая індустр.-агр. краіна. Доля прамысловасці ў нац. даходзе — 47%, сельскай гаспадаркі — 18%. З 5,4 млн.чал. працаздольнага насельніцтва (1993) у прам-сці занята 29,7%, буд-ве 7, сельскай гаспадарцы 16,1, абслуговых галінах 44,8%. На сусв. рынку Венгрыя вядома як пастаўшчык прадукцыі машынабудавання (пераважна аўтобусаў, дэталей і вузлоў да іх, партальных і плывучых кранаў, сродкаў сувязі, мед. апаратуры), хім. прам-сці (у т. л. фармацэўтычных прэпаратаў, сродкаў аховы раслін), с.-г. і харч. Прадуктаў. У паліўна-энергет. рэсурсах пераважае буры вугаль і лігніты (штогадовая здабыча каля 25 млн.т; у раёне гарадоў Татабанья, Дораг, Шальгатар’ян, Дзьёндзьёш, Озд, Мішкальц), каменны вугаль (каля 2—3 млн.т штогод) здабываюць у гарах Мечэк каля г. Печ. Здабываюць таксама (млн.т, 1991) нафту (1,9), баксіты (2,4), прыродны газ (каля 7 млрд.м³), марганец, поліметалы, буд. матэрыялы. Большая ч. нафты і газу імпартуецца пераважна з Расіі. Вытв-сць электраэнергіі 29,7 млрд. КВт∙гадз (1991) пераважна на ЦЭС. АЭС у г. Пакш. У апрацоўчай прам-сці найб. значэнне маюць машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лёгкая і харч.прам-сць, каляровая металургія. Чорная металургія (выплаўка сталі ў 1991 — 1,9 млн.т) працуе ў асн. на імпартнай сыравіне; яе цэнтры — Будапешт, Мішкальц, Озд, Дунаўйвараш, Шальгатар’ян. У каляровай металургіі гал. ролю адыгрывае вытв-сць гліназёму і алюмінію (Альмашфюзіцё, Айка, Варпалата, Секешфехервар). У машынабудаванні вылучаюцца неметалаёмкія галіны: электратэхніка, электронная прам-сць, прыладабудаванне, а таксама выпуск разнастайных рухавікоў, дызельных паяздоў, цеплавозаў, грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Буйнейшы ў Еўропе вытворца аўтобусаў — з-д «Ікарус» у Будапешце і філіял у Секешфехервары. Развіта станкабудаванне, вытв-сць шарыкападшыпнікаў, абсталявання для лёгкай і харч. прам-сці, сродкаў сувязі, вымяральных прылад, выліч. тэхнікі, мед. абсталявання і прылад, с.-г. машын. Асн. цэнтры машынабудавання — Будапешт (больш за 50% прадукцыі галіны), Секешфехервар, Мішкальц, Эстэргам, Дзьёр, Дэбрэцэн. Выпушчана (1991): 4,7 тыс. аўтобусаў, 308 тыс. тэлевізараў, 435 тыс. халадзільнікаў. У хім. прам-сці (каля 15% валавой прамысл. прадукцыі) важнае месца займае вытв-сцьмінер. угнаенняў, сродкаў аховы раслін, прадуктаў арган. сінтэзу, фармацэўтычных прэпаратаў (прадпрыемствы «Хінаін» і «Гедэон Рыхтэр»), гумавых вырабаў, лакаў і фарб. Вытв-сць азотных угнаенняў (Казінцбарцыка), фосфарных (Сольнак). З-ды па вытв-сці сернай (Будапешт і Сольнак) і азотнай (Печ) кіслот. Развіта нафтаперапр.прам-сць (з-ды ў Будапешце, Альмашфюзіцё, Печы, Сазхаламбаце); прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла і інш.). У харч. прам-сці найб. развіты вінаробства, вытв-сць кансерваў з агародніны і мяса, вэнджаных каўбас, цукр., мукамольная, малочная, масларобчая і алейная, тытунёвая, маргарынавая і інш. галіны. З галін лёгкай прам-сці найб. развітыя тэкст. (пераважна баваўняная), швейная, гарбарна-абутковая, трыкатажная. Гал. цэнтр лёгкай прам-сці — Будапешт (каля 60% прадукцыі галіны). Атрымана (млн.т, 1991): мінер. угнаенняў 0,3, штучных смол і пластмас 0,6, цэменту 3; тканін 272 млн.м², абутку 19,8 млн. пар, цукру 490 тыс.т.
У структуры сельскай гаспадаркі доля раслінаводства і жывёлагадоўлі прыкладна аднолькавая. Збожжавыя і зернебабовыя культуры займаюць каля 2/3 ворнай зямлі, тэхнічныя — 13%, агародніна — 3, кармавыя — 19%. Каля 150 тыс.гас.-г. зямель арашаецца. Пасевы пшаніцы і кукурузы пашыраны раўнамерна. Цукр. буракі найб. вырошчваюць на ПнЗ і ПдУ. У міжрэччы Цісы і Дуная, на паўд. схілах горных масіваў развіты садоўніцтва і вінаградарства. Збор (млн.т, 1991): збожжавых 12,6, бульбы 1,2, цукр. буракоў 4,7, садавіны 1,5. Пашыраны таксама бахчаводства, агародніцтва, вырошчванне сланечніку, рысу, тытуню, канапель. У жывёлагадоўлі найб. развіта гадоўля свіней і птушкі. Пагалоўе (млн. галоў, 1991): буйн. раг. жывёлы 2, свіней 8, авечак 2,5, птушкі 58,6. Рыбалоўства на рэках і воз. Балатан.
Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 130,2 тыс.км, у т. л. 29,9 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Даўж. чыгунак 7765 км. Рачны транспарт абслугоўвае пераважна знешнеэканам. сувязі. Даўж. водных шляхоў (р. Дунай, яго прытокі, шэраг каналаў) 1622 км. Нафтаправодаў 1204 км, газаправодаў 4387 км. 92 аэрапорты і аэрадромы. Гал. транспартны вузел — Будапешт. Экспарт (10,9 млрд.дол. ЗША, 1992): сыравіна, паўфабрыкаты, хімікаты, машыны, тавары лёгкай і харч. прам-сці і інш. Імпарт (11,7 млрд.дол. ЗША, 1992): паліва і энергарэсурсы, сыравіна, хімікаты, машыны і інш. Большая ч. знешнегандл. абароту прыпадае на краіны Зах. і Усх. Еўропы. Беларусь экспартуе ў Венгрыю трактары, калійныя ўгнаенні, некаторыя хімікаты, драўнінна-валакністыя пліты і фанеру, шыны і інш., набывае ў Венгрыі медыкаменты, гербіцыды, тканіны, збожжа, віно, алей і інш. Венгрыю штогод наведвае каля 20—22 млн. замежных турыстаў. Грашовая адзінка — форынт.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск і ВПС, налічваюць 77 тыс.чал.; ёсць эксперым. брыгада войск тэр. абароны (створана ў 1992). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. На 1.1.1995 у сухап. войсках 56,5 тыс.чал. (80% агульнай колькасці ўзбр. сіл); арганізацыйна ўключаюць камандаванне, 4 ваен. акругі, 17 брыгад (3 танк., 9 механізаваных, 3 артыл., процітанк. артыл. і зенітная артыл.), войскі падтрымкі (полк баявых верталётаў і трансп.авіяц. брыгада), падраздзяленні баявога і тылавога забеспячэння, часці і ўстановы цэнтр. падпарадкавання. Маюць на ўзбраенні 1190 танкаў, 500 баявых машын пяхоты, каля 1200 бронетранспарцёраў, 991 гармату палявой і 160 гармат зенітнай артылерыі, 218 мінамётаў, 39 баявых верталётаў і інш. У ВПС 22 тыс.чал. (1993), 10 баявых эскадрылляў, 171 баявы і вучэбна-баявы самалёт.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 67, у жанчын 76 гадоў. Смяротнасць 13 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 100 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 262 чалавекі. Узровень нараджальнасці 12 на 1 тыс. чалавек. Дзіцячая смяротнасць 13 на 1 тыс. нованароджаных.
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Венгрыі паводле закону 1985 уключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, асн. 8-гадовую школу (абавязковае навучанне дзяцей ва ўзросце 6—16 гадоў), агульнаадук. гімназіі (4 гады навучання), 3—4-гадовыя сярэднія прафшколы, прафес.-тэхн. навуч. ўстановы, ВНУ. Агульную адукацыю ў Венгрыі дае 8-гадовая школа і на яе аснове гімназія або сярэдняя прафшкола. У 1988/89 навуч.г. ў Венгрыі працавала больш за 3,5 тыс. 8-гадовых школ (1,3 млн. вучняў). Агульную сярэднюю адукацыю даюць гімназіі (праграма арыентавана на гуманіт. падрыхтоўку і наступны працяг адукацыі ва ун-це), а таксама сярэднія прафшколы і сярэднія прафес.-тэхн. вучылішчы. У 1989/90 навуч.г. налічвалася больш за 250 гімназій. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты, ін-ты універсітэцкага тыпу, галіновыя ін-ты і вышэйшыя вучылішчы. Буйнейшыя ВНУ: Будапешцкі універсітэт (з 1635), мед.ін-т універсітэцкага тыпу (з 1769), эканам.ін-т (з 1948), тэхн.ун-т (з 1782); ун-т у Сегедзе (з 1872). Буйнейшыя б-кі: Дзярж.б-ка, Будапешцкага ун-та, Венг.АН, гар.б-ка Будапешта. Музеі: Нац. музей гісторыі і прыродазнаўчых навук (з 1802), Нац. музей выяўл. мастацтваў (з 1896), Музей прыкладнога мастацтва (з 1872), Нац. галерэя (усе ў Будапешце) і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Венг.АН (з 1825), ун-тах і ін-тах, галіновых НДІ.
Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты «Magyar Hirlap» («Венгерская газета», з 1968), «Nèpszabadsád» («Народная свабода», з 1942). Радыёвяшчанне з 1925. Тэлебачанне з 1958. Праграмы радыё і тэлебачання трансліруюцца па сетках наземнага, кабельнага і спадарожнікавага вяшчання. Больш за 55% тэлевіз. абанентаў прымаюць праграмы са спадарожнікаў з дапамогай індывідуальных (25%) і калектыўных (30% у сетках кабельнага тэлебачання) прыёмных установак. Са спадарожніка ЕЎТЭЛСАТ 11—Ф3 па сістэме ПАЛ перадаецца праграма тэлебачання Дзіна ТВ на венг. мове адначасова з праграмай Тэлетэкст. З больш як 40 інш. спадарожнікаў магчымы прыём праграм інш. краін. Дзейнічае Венгерскае тэлеграфнае агенцтва (МТІ).
Літаратура. Першыя пісьмовыя помнікі (жыціі, пропаведзі, тлумачэнні Бібліі, літургічныя гімны) створаны на лац. мове ў 11—12 ст. Галоўнымі творамі сярэдневяковай л-ры былі хронікі. У 13—14 ст. развівалася рэліг.л-ра на венг. мове, што было звязана з дзейнасцю жабрацкіх манаскіх ордэнаў і гусіцкім рухам; у 1430-я г. гусіцкія прапаведнікі Тамаш і Балінт пераклалі на венг. мову Біблію. З сярэдзіны 15 ст. пашыраліся ідэі Адраджэння; пачынальнікамі гуманістычнай л-ры, свабоднай ад тэалагічных догмаў і насычанай зямнымі перажываннямі, былі Я.Вітэз (эпісталярныя і аратарскія творы) і Я.Паноніус (лац. вершы). Фарміраванне ўласна венг. л-ры на венг. мове пачалося з канца 15 ст., асабліва ў эпоху Рэфармацыі (байкі і памфлеты Г.Хельтаі, паэзія вандроўнага песняра Ш.Тынадзі, пропаведзі П.Борнемісы). У 2-й пал. 16 ст. з’явілася рэнесансавая проза ў выглядзе т.зв. забаўляльных гісторый — апрацовак стараж.-венг. паданняў, часткова ант., італьян. і паўд.-слав. сюжэтаў («Гісторыя аб Аргірушу»), Буйнейшым паэтам венг. Адраджэння быў Б.Балаж. У 17 ст. ў венг. л-ры ўсталяваўся стыль барока, які адлюстроўваў контррэфармацыйна-феад. і вызв., антытур. і антыгабсбургскія памкненні. Пачынальнікам барока і духоўным правадыром контррэфармацыі быў езуіт і багаслоў-палеміст П.Пазмань, найб. вядомымі пісьменнікамі — М.Зрыньі і І.Дзьёндзьёшы. Познагуманіст. традыцыі (у спалучэнні з цікавасцю да пурытанізму і рацыяналістычнай філасофіі Дэкарта) працягвалі існаваць толькі ў Трансільваніі (Я.Апацаі-Чэрэ). Вызваленчыя антыгабсбургскія паўстанні канца 17 — пач. 18 ст. спрыялі росквіту вуснай паэзіі паўстанцаў. Была пашыранай і мемуарная л-ра. Л-ры эпохі Асветніцтва (апошняя чвэрць 18 — пач. 19 ст.) былі ўласцівыя асветніцкая форма класіцызму, шырокае выкарыстанне нац.-гіст. і дэмакр. тэматыкі, барацьба за т.зв. аднаўленне венг. мовы (творы і пераклады Дз.Бешэньеі, вершы Я.Бачаньі). Пасля задушэння ў 1795 рэсп. змовы правадніком ідэй Асветніцтва стаў літ.-грамадскі рух «абнаўляльнікаў мовы», які ўзначаліў Ф.Казінцы. У паэзіі М.Фазекаша, драмах І.Катаны выразней загучалі вольналюбівыя матывы, з’явіліся прыкметы рэалізму. Росквіт рамантызму (драмы К.Кішфалудзі, паэзія М.Вёрэшмарці і Я.Араня) у венг. л-ры суправаджаўся развіццём рэалізму (проза І.Этвеша, М.Іошыка). У паэзіі трыбуна рэвалюцыі 1848—49 Ш.Пецёфі рамант. і рэаліст. элементы дасягнулі вяршыні, былі закладзены асновы сучаснай венг.літ. мовы. Л-ра 2-й пал. 19 ст. жывілася ў асноўным праблематыкай новай бурж. эпохі (паэты І.Мадач, Я.Вайда, Арань; празаікі М.Іокаі, К.Міксат). Развіццё і аднаўленне венг. л-ры на пач. 20 ст. звязана з творчасцю паэтаў Э.Адзі, М.Бабіча і Д.Косталаньі. Пасля паражэння рэвалюцыі 1919 частка венг. пісьменнікаў апынулася ў эміграцыі (А.Габар, Балаж, Б.Ілеш, А.Гідаш, М.Залка). У 1920—30-я г. выступалі т.зв. пісьменнікі-народнікі: П.Верэш, П.Саба, Л.Немет, Дз.Іеш, І.Дарваш і інш. Да авангардызму імкнуліся Л.Касак, Т.Дэры. Пасля 2-й сусв. вайны І.Добазі, Л.Надзь, М.Саба, Ш.Веэрэш і інш. развівалі традыцыі крытычнага рэалізму. Да літ. авангарду 1970-х г. належаць П.Эстэрхазі і Д.Тандары; прадстаўнікі сюррэалізму 1980-х г. — Л.Надзь, Ш.Чоары, Дз.Петры і Л.Краснахоркаі. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб-кі «Венгерскія апавяданні» (1957), «Сучасная венгерская паэзія» (1977), творы Пецёфі, Гідаша, Дарваша, Залкі і інш. На венг. мову перакладаліся асобныя творы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Адамовіча, В.Быкава, П.Броўкі, Я.Брыля, В.Віткі, А.Вялюгіна, Н.Гілевіча, П.Глебкі, К.Крапівы, А.Кулакоўскага, А.Куляшова, А.Макаёнка, П.Панчанкі, П.Прыходзькі, М.Танка, В.Таўлая. Т.Хадкевіча, І.Шамякіна.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Венгрыі захаваліся неалітычная кераміка і скульптура, помнікі мастацтва скіфаў і кельтаў, рэшткі рым. пасяленняў, ювелірныя вырабы гунаў і авараў, сляды пасяленняў стараж. славян. З 9 ст. вядома маст. апрацоўка металу. Да 10—11 ст. адносяцца «ніжнія храмы» ў гарадах Фельдэбрэ і Ціхань, да 11 — пач. 13 ст. — раманскія базілікі (у Яку, Печы, Жамбеку), раннегатычная палацавая капэла ў Эстэргаме. У выяўл. мастацтве 11 ст. відавочны ўплыў Візантыі. У канцы 13—15 ст. будуюцца гатычныя цэрквы (у Шопране, Пешце і інш.) і замкі (Дыяшдзьёр, Вішэград). Станковы жывапіс канца 14 — пач. 15 ст. блізкі да сярэднееўрапейскага, у скульптуры вылучаюцца бронзавыя статуі братоў М. і Дз.Колажвары. Росквіту мастацтва Венгрыя дасягнула ў 2-й пал. 15 ст. пры каралю Мацьяшу Хуньядзі (Корвіне). Творчасць італьян. архітэктараў і мастакоў, якія працавалі ў Венгрыі, садзейнічала пашырэнню культуры Адраджэння. У гарадах Буда і Вішэград створаны каралеўскія рэзідэнцыі. Свецкі дух быў уласцівы і царк. будынкам (капэла Бакаца з ордэрным дэкорам пры саборы ў Эстэргаме, 1506—07). У жывапісе захаваліся сувязі з познагатыч. традыцыямі (работы майстра «M.S.», блізкія дунайскай школе). Высокага ўзроўню дасягнулі мастацтва кнігі (рукапісы з рэнесансавым арнаментам з б-кі Корвіна), ювелірныя вырабы, маёліка. Турэцкае нашэсце (1526) надоўга затрымала развіццё венг. культуры. З канца 17 ст. будуюцца пераважна палацы і цэрквы (палац у Рацкеве, цэрквы ў Пешце, Эгеры, Эстэргаме); у мастацтве замацоўваецца аўстр. ўплыў і стыль барока. У барочным жывапісе вылучаюцца творы аўстрыйца Ф.А.Маўльберча. У архітэктуры і скульптуры 1-й пал. 19 ст. пераважаў класіцызм (рэфарматарскі сабор у Дэбрэцэне, 1803—21, арх. М.Печы; Нац. музей у Пешце, 1837—47, арх. М.Полак; партрэты і статуі скульпт. І.Ферэнцы). Пасля рэвалюцыі 1848 гіст. жывапіс прасякнуты нац.-вызв. ідэямі (палотны В.Мадараса і інш.). У 2-й пал. 19 ст. вядучым стаў рэаліст. жанравы жывапіс (творы М.Мункачы, Ш.Біхары, І.Рэвеса). У галіне пейзажа вылучаліся блізкія да барбізонскай школы жывапісу работы Л.Паала, Л.Медньянскі, П.Сіньеі-Мершэ. У канцы 19 ст. склаліся характэрныя рысы арх. аблічча Будапешта — шырокія магістралі, будынкі ў духу неаготыкі, неабарока і неарэнесансу (парламент, 1884—1896; оперны т-р, 1875—84, арх. М.Ібль). На мяжы 19—20 ст. з’явіліся збудаванні ў стылі мадэрн (Музей прыкладнога мастацтва ў Будапешце, 1896, арх. Э.Лехнер). У 1900—10-я г. працавалі мастакі групы Надзьбаньі, якія выкарыстоўвалі прыёмы пленэрнага жывапісу (Ш.Холашы, К.Ферэнцы, Я.Торма і інш.), майстры альфёльдскай школы — паслядоўнікі Мункачы (Я.Торняі, І.Коста, І.Надзь і інш.), партрэтысты-жанрысты І.Чок, І.Рыпль-Ронаі, мастакі-авангардысты групы «Восем» (К.Кернштак, Б.Пор, Р.Берэнь). Пасля ўстанаўлення ў Венгрыі рэжыму фаш. дыктатуры многія мастакі працавалі ў эміграцыі (Б.Уітц, Ш.Бортнік, Л.Мохай-Надзь і інш.). Для пасляваеннай архітэктуры характэрныя мэтазгоднасць планіроўкі, спалучэнне простых, ясных аб’ёмаў: Нар. стадыён (1948—53), мост «Эржэбет» (1955—65), гасцініца «Дуна Інтэркантыненталь» (1969) у Будапешце, Палац спорту ў Мішкальцы (1970), т-р у Дзьёры (1978), прамысл. будынкі ў Ньірэдзьхазе і інш., гасцініцы ў Дэбрэцэне, Кечкемеце, Хайдусобасла і інш. Сучасныя збудаванні ўдала спалучаюцца з гіст. ансамблямі. У развіцці выяўл. мастацтва Венгрыі важную ролю адыгралі майстры-рэалісты (група альфёльдскіх мастакоў, жывапісцы І.Сёньі, А.Бернат, скульптары Ф.Медзьешы, Ж.Кішфалудзі-Штробль, П.Пацаі, Ш.Мікуш, Б.Ферэнцы). Створаны манумент Вызвалення на гары Гелерт у Будапешце (1947, Кішфалудзі-Штробль), фрэскі на металург. камбінаце г. Дунаўйвараш (1955, Э.Даманоўскі). У 1960—70-я г. ўзмацнілася цікавасць да абстрактных і ўскладненых экспрэсіўных вырашэнняў (жывапіс Ф.Марціна, Т.Дураі, Ф.Салаі, І.Барчаі, скульптура І.Шомадзьі, А.Макрыса, Т.Вільта, графіка Б.Кондара, А.Вюрца) з рысамі сімвалізму і сюррэалізму (жывапіс Т.Чэрнуша, скульптура І.Варгі, графіка А.Гроша, Дз.Хінца). Сярод майстроў станковай і манум. скульптуры Е.Керэньі, М.Боршаш, І.Кіш, Варга, Шомадзьі, Я.Конёрчык і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве сучасныя формы тактоўна спалучаюцца з нар. традыцыямі (кераміка М.Ковача і І.Гадара, габелены Хінца, работы дызайнера Л.Фінты і інш.).
Музыка. Для нар. музыкі Венгрыі характэрна ўзаемадзеянне стараж.-ўсх. асновы (пентатоніка) і больш позніх уплываў (гемітоніка, мажора-мінор). З 10 ст. вандроўныя спевакі-казачнікі прытрымліваліся традыцыі язычніцкіх эпічных спеваў. У 11 ст., з прыняццем каталіцтва, на тэр. Венгрыі пашырыліся грыгарыянскія спевы. З 13 ст. сярод венг.нар. інструментаў рог, фуруя (род флейты), больш познія — духавыя валынка (дуда), тарагата; струнныя кабза, скрыпка, лютня, цытра, цымбалы. З 15 ст. ў Венгрыі развівалася зах.-еўрап. прыдворная культура (сольныя спевы ў суправаджэнні лютні і скрыпкі, вак.-інстр. капэлы; каралеўская капэла ў Будзе была адна з лепшых у Еўропе). З 16 ст. вядомыя свецкія муз. творы на венг. тэксты (апубл. ў зб. Ш.Тынадзі, 1554, і Б.Бакфарка, 1553, 1565). У 17—18 ст. у рэзідэнцыях аўстра-венг. арыстакратаў ствараліся аркестры (у 1761—90 аркестрам кн. Эстэрхазі кіраваў І.Гайдн). Фарміраванне нац. стылю адбывалася ў рамках стылю вербункаш (канец 18 ст.), развітога ў творчасці скрыпачоў-віртуозаў і кампазітараў Я.Біхары, Я.Лаваты, А.Чэрмака, кіраўнікоў цыганскіх аркестраў і тэатр. труп. Уплыў вербункаша відавочны ў першых венг. операх І.Ружычкі («Уцёкі Белы» і «Кемень Шыман», 1822), А.Бартаі («Аўрэлія», 1837; «Хітрасць», 1839), М.Рожавёльдзі («Шукальнікі скарбу з Вішэграда», 1839), у операх Ф.Эркеля на тэмы нац.-вызв. руху («Ласла Хуньядзі», 1844; «Банк бан», 1852; «Дзьёрдзь Дожа», 1867). Сярод музыкантаў-рамантыкаў 19 ст. віртуозы-скрыпачы Э.Рэменьі, Е.Хубаі, а таксама І.Іоахім і Л.Аўэр (пачалі творчую дзейнасць у Венгрыі). Вяршыня развіцця венг. музыкі 19 ст., асабліва праграмнага сімфанізму, — творчасць Ф.Ліста. На пач. 20 ст. вядомасць набылі аперэты Ф.Легара, І.Кальмана, які ўнёс у аперэту элементы венг. песенна-танц. мелодыкі. Развіццё венг. музыкі 1-й пал. 20 ст. звязана з імёнамі Б.Бартака і З.Кодая. Сярод буйнейшых сучасных кампазітараў П.Кадаша, Дз.Ранкі, А.Сёлёшы, Ш.Балаша, Дз.Лігеці, Ж.Дурка. Сусв. вядомасць набылі балеты Бартака («Драўляны прынц», 1917; «Цудоўны мандарын», 1919), а таксама оперы Ш.Сокалаі («Крывавае вяселле», 1964) і Э.Петравіча («Сей
Тэатр. Вытокі тэатр. культуры ў язычніцкіх абрадах венграў-качэўнікаў. Яе носьбітамі былі скамарохі (ёкулатары), казачнікі (рэгешы). У канцы 17 ст. ўзнік школьны т-р. У 1790 акцёр і тэатр. дзеяч Л.Келемен стварыў прафес.т-р у Пешце. У 1792 браты Феер арганізавалі 2-і венг.т-р у Клужы. У 1-й пал. 19 ст., не вытрымаўшы канкурэнцыі з ням. трупамі, якія мелі дзярж. падтрымку, венг.т-р становіцца вандроўным. Асновы нац. школы мастацтва залажылі акцёры Келемен, Г.Моар, П.Янча, Ж.Сентпетэры, К.Медзьеры, Р.Дэрыне і інш. У 1837 адкрыты «Пешты мадзьяр сінхаз» (з 1840 Нац.т-р). У 2-й пал. 19 ст. створаны Нар.т-р у Будзе (1861), «Непсінхаз» у Пешце (1875), «Вігсінхаз» (1896) і «Мадзьяр сінхаз» (1897) у Будапешце, т-ры ў Мішкальцы, Сегедзе, Печы, Дэбрэцэне, Эгеры і інш. У пач. 20 ст. ствараліся невял. тэатры-студыі. У 1949 т-ры Венгрыі нацыяналізаваны. Узніклі новыя калектывы. Дзейнічаюць тэатры імя І.Мадача, імя К.Кішфалудзі, «Віг», «Талія», маладзёжны імя Ш.Пецёфі і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: Т.Маяр, Э.Гелерт, З.Варканьі, Л.Маркуш, Е.Руткаі, М.Тэрэчык. У Будапешце працуюць Ін-т тэатра і кіно, Навукова-даследчы ін-т тэатра.
Кіно. Першыя хранікальныя карціны зняты ў канцы 19 ст., у 1911—13 пачалася рэгулярная вытв-сць фільмаў. У час рэжыму М.Хорці выпускаліся пераважна агіткі, салонныя драмы, камедыі (фільмы з удзелам Ф.Гааль — «Петэр», «Маленькая мама», 1934). У большасці пасляваенных фільмаў (канец 1940 — 1-я пал. 1950-х г.) — актуальныя праблемы грамадскага жыцця Венгрыі: «Дзесьці ў Еўропе» (1947, рэж. Г.Радваньі), «Пядзя зямлі» (1948, Ф.Бан), «Карусель» (1955, З.Фабры). Сярод фільмаў 1960-х г. «Альба-Рэгія» (1961, рэж. М.Семеш), «Сыны чалавека з каменным сэрцам» (1965, З.Варканьі), «Зоркі і салдаты» (1967) і «Цішыня і крык» (1968, абодва М.Янча); экранізаваліся творы нац. л-ры. З канца 1960-х г. дзеячы кіно звярнуліся да фільмаў на гіст. тэмы: «Дзесяць тысяч дзён» (1967, Ф.Коша), «Светлыя вятры» (1969), дылогія «Венгерская рапсодыя» і «Allegro barbaro» (1979). Здымаюцца фільмы для дзяцей, анімацыйныя, кінадакументалістыка. Сярод рэжысёраў і акцёраў: Янча, М.Месараш, З.Хусарык, Дз.Кабаш, П.Явар, Е.Руткаі, І.Печы. Кадры рыхтуе Вышэйшая школа т-ра і кіно ў Будапешце (кінафакультэт з 1946). У 1969 заснаваны Саюз работнікаў кіно і тэлебачання Венгрыі.
Літ.:
История Венгрии. Т. 1—3. М., 1971—72;
Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991;
Марков Д.С. Венгрия. М., 1990;
Тихомиров А.Н. Искусство Венгрии IX—XX вв. М., 1961;
Кодай З. Венгерская народная музыка: Пер. с венг. Будапешт, 1961;
Сабольчи Б. История венгерской музыки: Пер. с венг. Будапешт, 1964;
Герб і сцяг Венгрыі.Да арт.Венгрыя: мост «Эржэбет» у Будапешце (уверсе); вадасховішча ў гарах Матра.Да арт.Венгрыя. Майстра М.Калажвары. Рэлікварый «Святы Ласла». 2-я пал. 14 ст.Да арт.Венгрыя. Рэфарматарскі сабор у Дэбрэцэне. Арх. М.Печы. 1803—21.Да арт.Венгрыя. Будынак першага венгерскага Нацыянальнага тэатра. Будапешт. З гравюры 19 ст.Да арт.Венгрыя. Тэатр камедыі «Вігсінхаз» у Будапешце. Фота канца 19 ст.Да арт.Венгрыя. Будынак тэатра ў г. Эгер.Да арт.Венгрыя. Будынак парламента ў Будапешце. Арх. І.Штэйндль. 1884—96.Да арт.Венгрыя. Тэатр пад адкрытым небам на Саборнай плошчы ў г. Сегед.Да арт.Венгрыя. Сцэна са спектакля «Берэніка» Ж.Расіна ў Тэатры імя К.Кішфалудзі ў г. Дзьёр. Дэкарацыі В.Вазарэлі.Да арт.Венгрыя. Партал царквы ў Яку. 1220—56.Да арт.Венгрыя. М.Мункачы. Сляпы Мільтан, які дыктуе сваім дочкам паэму «Страчаны рай». 1878.Да арт.Венгрыя. Сялянскія дамы ў этнаграфічным раёне Гечэй каля г. Залаэгерсег.Да арт.Венгрыя. І.Чок. Куток атэлье. 1905.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́Н, Ісламская Рэспубліка Іран (Джамхурые Эсламіе Іран),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі. Да 1935 афіц. назва Персія. Мяжуе на Пн з Арменіяй, Азербайджанам, Туркменістанам, на У з Афганістанам і Пакістанам, на З з Іракам і Турцыяй. На Пн абмываецца водамі Каспійскага м., на Пд — Персідскага і Аманскага заліваў. Пл. 1648 тыс.км². Нас. 67 540 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — персідская (фарсі). Сталіца — г.Тэгеран. У складзе І. 25 астанаў (правінцый). Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (11 лют.).
Дзяржаўны лад. І. — ісламская рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1979 (са зменамі 1989), паводле якой вышэйшы аўтарытэт і ўладу ў краіне мае рэліг.-паліт. лідэр мусульм. абшчыны. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (ён жа ўзначальвае выканаўчую ўладу), які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Мусульм. кансультатыўнаму сходу — меджлісу (270 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Функцыі кантролю за адпаведнасцю рашэнняў меджліса палажэнням ісламу і канстытуцыі і нагляд за правядзеннем рэферэндумаў, выбараў прэзідэнта і дэпутатаў меджліса ажыццяўляе Савет стражнікаў ісламскай рэвалюцыі з 12 членаў, з іх 6 назначае кіраўнік І. і 6 мусульм. правазнаўцаў выбірае меджліс на тэрмін 6 гадоў. Мясц. ўлада ў астанах належыць губернатарам, якіх назначае нац. ўрад, і саветам, што выбіраюцца насельніцтвам пэўнага астана.
Прырода. І. — краіна гор і высокіх нагор’яў (4/5 тэрыторыі). Большую ч. займае Іранскае нагор’е, акаймаванае горнымі сістэмамі. На Пн — Туркмена-Харасанскія горы і Эльбурс (з найвыш. пунктам І. г. Дэмавенд, 5604 м), на З і Пд Курдыстанскія горы, Загрос і Мекран, на ПдУ і У — Усх.-Іранскія горы, на ПнЗ — Армянскае нагор’е. Унутр.ч. Іранскага нагор’я занята хр. Кухруд і замкнёнымі бяссцёкавымі ўпадзінамі (пустыні Дэштэ-Кевір, Дэштэ-Лут). Уздоўж Каспійскага м. паласой у 2—6 км распасціраецца Прыкаспійская нізіна. На ПдЗ — ч. Месапатамскай нізіны, на ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў — пустыня Гермсір, у бас.р. Атрэк — Гарганская раўніна. Часта бываюць землетрасенні. Нетры І. багатыя нафтай, прыродным газам, каменным вугалем. Ёсць жалезныя, марганцавыя, медныя, свінцова-цынкавыя, храмітавыя, нікелевыя і кобальтавыя руды, руды высакародных металаў. З няруднай сыравіны: сера, калійная, кухонная і глаўберава солі, азбест, карунд, графіт, тальк, слюда, барыты, каштоўныя камяні. Разнастайныя буд. матэрыялы: граніты, даламіты, вапнякі, мармур, туфы. Радовішчы нафты і газу пашыраны ў межах Персідскага заліва нафтагазаноснага басейна, асобныя радовішчы ў Цэнтральнаіранскім і Паўд.-Каспійскім басейнах. Разведаныя запасы нафты 12,8 млрд.т, найб. радовішчы: Агаджары, Гечсаран, Марун, Бібі-Хекіме, Ахваз. Запасы прыроднага газу каля 20 трыльёнаў м³ (2—е месца ў свеце пасля Расіі), найб. радовішчы Кенган, Пазенан, Парс, Керманскі і Эльбурскі каменнавугальныя басейны. Клімат на большай частцы тэр. І. субтрапічны, сухі, на ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў трапічны, гарачы. Сярэдняя т-растудз. ад -2 °C на Пн да 19 °C на Пд, ліп. адпаведна 25 °C і 32 °C. Ападкаў ад 30 мм да 500 мм за год (пераважна зімой і вясной), на паўн. схілах Эльбурса да 2000 мм. Рэкі малаводныя, большасць іх адносіцца да ўнутр. басейнаў, многія летам перасыхаюць. Гал. рэкі: Аракс, Кызылузен, Шат-эль-Араб з прытокам Карун, Атрэк, Гарган. Шмат азёр, пераважна бяссцёкавых і салёных — Урмія, Дэр’ячэе-Немек, Хамун і інш. Агульная асаблівасць глеб — камяністасць і павышаная засоленасць. Ва ўнутр. раёнах і катлавінах шэразёмы і саланчакі, на схілах Эльбурса жаўтазёмы і чырваназёмы, па рачных далінах алювіяльныя глебы. Расліннасць разнастайная, больш за 600 відаў, пераважае пустынная, паўпустынная і сухастэпавая. Пад лесам каля 7% тэрыторыі, у асноўным на схілах Эльбурса (дуб, бук, граб, самшыт, грэцкі арэх). На ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў расліннасць трапічная (мімозы, аравійская акацыя, какосавая пальма, у аазісах — фінікавая пальма). Багаты жывёльны свет. З капытных — архар, антылопа-джэйран, казуля, газель, з драпежнікаў — тыгр, гепард, леапард, гіена, воўк. Шмат грызуноў, паўзуноў. Нац. паркі: Кевір, Гулістан, Урмія, Цэнтральнаэльбурскі і інш.; буйны заказнік Туран.
Насельніцтва. 50% насельніцтва складаюць персы; каля 20% азербайджанцаў, 10% лураў, 8% курдаў, па 2% арабаў і туркменаў; ёсць белуджы, армяне, яўрэі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-шыіты (90%); ёсць мусульмане-суніты (8,4%), хрысціяне (0,6%), іудзеі (0,2%) і інш. Сярэднегадавы прырост каля 3,3%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 41 чал. на 1 км². Каля 2/3 размешчана на ПнЗ і Пн, дзе найб. спрыяльныя кліматычныя ўмовы для сельскай гаспадаркі. Гар. насельніцтва 60%. Найб. гарады (тыс.ж.): Тэгеран — 6836, Мешхед — 2016, Ісфахан — 1924 (1997), Тэбрыз — 1089, Шыраз — 965,1, Ахваз — 724,7, Бахтаран — 624,1 (1991). У прам-сці заняты 21%, у сельскай гаспадарцы — 33% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя Паводле археал. звестак, тэр. І. заселена чалавекам з канца ніжняга палеаліту. У 3-м тыс. да н.э. тут існавала стараж. дзяржава Элам, якая ў 13—12 ст. да н.э. дасягнула найб. росквіту і распасціралася ад р. Еўфрат да Цэнтр. І. У 9—8 ст. да н.э. асобныя раёны І. далучаны да Асірыі. Каля 673—672 да н.э. ў выніку антыасірыйскага паўстання на Іранскім нагор’і ўзнікла дзяржава Мідыя, якая ў 616—605 да н.э. ў кааліцыі з Вавілоніяй разграміла Асірыйскую дзяржаву. Пасля вайны 553—550 да н.э. Мідыі з падпарадкаваным ёй царствам Персіда ўлада ў краіне перайшла да дынастыі Ахеменідаў. Назву Персіда (Перса, Парс, сучасны Фарс) стараж. грэкі, а пазней і інш.еўрап. народы перанеслі на ўсю краіну і сталі называць яе Персіяй. Заснавальнік дынастыі Ахеменідаў Кір II заваяваў М. Азію, Вавілонію, Сірыю і Палесціну, пазней — Егіпет. Пры Дарыю I [522—486 да н.э.] перс. дзяржава рэарганізавана (удасканалены адм.-тэр. падзел, распрацаваны заканад. кодэкс, вялося буд-ва дарог, чаканілася залатая манета), пашыраны яе межы. Барацьба за панаванне на гандл. шляхах паміж Захадам і Усходам уцягнула Ахеменідаў у працяглыя войны з Грэцыяй (гл.Грэка-персідскія войны). У 330 да н.э. гэтую дзяржаву заваяваў Аляксандр Македонскі. Пасля 312 да н.э.тэр. І. ўвайшла ў склад эліністычнай дзяржавы Селеўка I (гл.Селеўкіды), у сярэдзіне 2 ст. да н.э. — Парфянскага царства. У 224 н.э. правіцель залежнай ад Парфіі Персіды Ардашыр I разбіў войскі апошняга парфянскага цара Артабана V і стварыў Сасанідскую дзяржаву (гл.Сасаніды). Пры Сасанідах праведзены адм., падатковая і ваен. рэформы, будаваліся гарады, развіваўся гандаль; імкнучыся да ідэалаг. еднасці, яны апіраліся на дзярж. рэлігію зараастрызм. Узмоцненая Сасанідская дзяржава заваявала Паўд. Аравію, Сірыю, Палесціну і Егіпет, пагражала існаванню Візантыі. Працяглыя войны і феад. міжусобіцы аслабілі краіну. У 7 ст. яе заваявалі арабы (гл.Арабскія заваяванні) і ўключылі ў склад Араб.халіфата. Да канца 10 ст. іслам стаў рэлігіяй б.ч. насельніцтва І., араб. мова надоўга стала дзярж. і літ. мовай. Нар. рух супраць араб. панавання (у форме рэліг. рухаў пераважна шыіцкай арыентацыі, гл.Шыізм), узмацненне працэсу феадалізацыі і сепаратызм мясц. феадалаў аслабілі ўладу арабаў. Гэта прывяло да стварэння на тэр. І. ў 9—10 ст. спадчынных намесніцтваў (эміратаў), якія толькі намінальна залежалі ад Араб. халіфата: Тахірыдаў дзяржава ў Харасане (821—873), Сафарыдаў у Сістане (з 861), потым у Харасане (873—900) і інш. У 900 Харасан і ўсх. І. увайшлі ў склад дзяржавы Саманідаў (да 999); у зах. І. і Іраку склалася Буідаў дзяржава (935—1055). Пасля распаду дзяржавы Саманідаў усх. І. разам з ч. Сярэдняй Азіі і тэр. сучаснага Афганістана ўвайшоў у склад дзяржавы Газневідаў. З 11 ст. пачаліся ўварванні на тэр. І. цюркаў-агузаў, якія заваявалі ўвесь І., сумежныя з ім краіны і стварылі Сельджукскую дзяржаву. У пач. 12 ст. яна распалася на шэраг султанатаў, унутры іх склаліся княствы моцных васалаў. Барацьба паміж асобнымі дынастыямі прывяла да заняпаду гандлю, рамяства і земляробства. Аслабленая краіна ў 13 ст. заваявана манголамі, паміж 1380—93 — войскамі Цімура. Нашчадкі Цімура вялі паміж сабой няспынныя войны. У канцы 14 — пач. 15 ст. рост буйнога землеўладання разам з аслабленнем эканам. сувязей паміж асобнымі правінцыямі паглыбілі феад. раздробленасць краіны. Новы ўздым І. звязаны з панаваннем дынастыі Сефевідаў (1502—1736), калі ўмацавалася цэнтр. ўлада, наладжаны дыпламат. кантакты з еўрап. краінамі. Найб. магутнасці дзяржава дасягнула пры шаху Абасе I (1587—1629], які стварыў рэгулярную армію, знізіў падаткі, наладзіў гандл. адносіны з інш. краінамі; дзякуючы буд-ву дарог і каналаў развівалася яе эканоміка. З прычыны абвастрэння барацьбы за ўладу паміж феад. групоўкамі, духавенствам і свецкімі феадаламі ў 2-й пал. 17 ст. пачаўся паліт. і эканам. спад. Пад націскам афганцаў-гільзаяў (1722) дзяржава Сефевідаў распалася. У 1723 у паўн.-зах. і цэнтр. раёны краіны ўварваліся туркі. Антыафг. барацьбу (1726—30) і выгнанне туркаў (1730—36) узначаліў Надзір-хан Афшар (гл.Надзір-шах). У выніку шматлікіх ваен. паходаў ён стварыў велізарную феад. імперыю, якая распалася пасля яго забойства (1747). Анархія і феад. ўсобіцы зноў прывялі краіну да паліт. і эканам. заняпаду. У канцы 18 ст. да ўлады прыйшла Каджарская дынастыя (1796—1925). З гэтага часу І. — аб’ект эканам. экспансіі еўрап. краін, пераважна Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі. У выніку англ. і франц.калан. палітыкі, Руска-іранскіх войнаў 19 ст. былі падпісаны нераўнапраўныя дагаворы, якія ператварылі І. у рынак збыту прамысл. тавараў еўрап. краін. Абвастрэнне сац. супярэчнасцей, рост незадаволенасці нар. мас выліліся ў Бабідскія паўстанні 1848—52, а пазней у антыфеад. і антыкалан. Іранскую рэвалюцыю 1905—11, у ходзе якой абвешчана канстытуцыя, скліканы меджліс (парламент), праведзены інш.дэмакр. пераўтварэнні. Баючыся росту рэв. настрояў, Вялікабрытанія і Расія заключылі пагадненне (1907) і падзялілі І. на брыт. і рас. сферы ўплываў. У канцы 1911 рэвалюцыя задушана аб’яднанымі англа-рас. войскамі і кансерватыўнымі ўнутр. сіламі. У 1-ю сусв. вайну тэр. І., нягледзячы на абвешчаны ёй нейтралітэт, ператварылася ў арэну ваен. дзеянняў паміж ваюючымі дзяржавамі: паўн. раёны занялі рас. войскі, паўд. — англійскія. У 1919 прабрытанскі ўрад Васуг эд-Доўле заключыў пагадненне з Вялікабрытаніяй, якое фактычна ператварыла І. у брыт. пратэктарат. У 1919—22 антыбрыт. настроі і нац.-вызв. рух узмацніліся, асабліва ў паўн. і паўн.-ўсх. правінцыях (Іранскі Азербайджан, Харасан), дзе пад кіраўніцтвам камуністаў (у 1920 засн. Іранская камуніст. партыя) пачаліся ўзбр. паўстанні; у Гіляне абвешчана сав. рэспубліка. У лют. 1921 адбыўся дзярж. пераварот. Новы ўрад ануляваў англа-іранскае пагадненне 1919 і заключыў дагавор з Сав. Расіяй (сав. ўрад адмовіўся ад усіх прывілеяў, атрыманых царскім урадам, і ануляваў іранскія даўгі, але захаваў права ўвесці свае войскі на тэр. І. пры пэўных абставінах). У кастр. 1925 меджліс абвясціў, што Каджарская дынастыя скінута. Шахам І. пад імем Рэза-шах стаў заснавальнік дынастыі Пехлеві Рэза-хан. Ён ажыццявіў шэраг рэформ, скіраваных на мадэрнізацыю дзяржавы, узмацненне цэнтр. улады і кансалідацыю грамадства. Адначасова жорстка падаўляліся вызв. рух і сепаратысцкія імкненні нац. меншасцей, праводзіліся тэрор і рэпрэсіі ў дачыненні да дэмакр. апазіцыі. У знешняй палітыцы Рэза-шах займаў антысав. пазіцыі, адначасова імкнуўся да вызвалення І. з-пад брыт. ўплыву. З гэтай мэтай было наладжана паліт. і эканам. супрацоўніцтва з фаш. Германіяй, чые пазіцыі ў І. ў 2-й пал. 1930-х г. значна ўзмацніліся. З пач. 2-й сусв. вайны ў краіне пашырылася дзейнасць ням. агентуры. Пасля нападу фаш. Германіі на СССРсав. ўрад, спасылаючыся на дагавор 1921, увёў у паўн. правінцыі І. свае войскі, адначасова на падставе дэкларацыі ўрадаў СССР і Вялікабрытаніі ў паўд. правінцыі ўведзены брыт. (з 1942 і амер.) войскі. Тут была таксама Андэрса армія. У вер. 1941 Рэза-шах адрокся ад прастола на карысць свайго сына Махамеда Рэза Пехлеві. У вер. 1943 І. аб’явіў вайну фаш. Германіі. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 у дэкларацыі, прынятай кіраўнікамі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, даваліся гарантыі цэласнасці, незалежнасці і суверэннасці І., а таксама эканам. дапамогі. У гады вайны ў краіне павялічылася актыўнасць левых сіл, асабліва на тэр., занятай сав. войскамі (у 1941 засн.Нар. партыя І.), у 1945—46 у Іранскім Азербайджане і Курдыстане ўтвораны аўт. рэспублікі, ліквідаваныя пасля вываду адтуль сав. войск.
Ў 1949—51 у І. разгарнуўся масавы рух за нацыяналізацыю прадпрыемстваў англа-іранскай нафтавай кампаніі, які ўзначаліў Нац. фронт на чале з М.Масадыкам. У сак. 1951 меджліс прыняў закон аб нацыяналізацыі нафтавай прам-сці, быў сфарміраваны ўрад на чале з Масадыкам. Ў выніку дзярж. перавароту Масадык зняволены, у жн. 1953 прэм’ер-міністрам стаў ген. Ф.Захедзі. У І. значна ўзмацніўся ўплыў ЗША. У 1954 І. падпісаў пагадненне з Міжнар. нафтавым кансорцыумам аб перадачы яму ў эксплуатацыю паўд.-іранскай нафты, у 1955 І. уступіў у Багдадскі пакт (гл.Арганізацыя цэнтральнага дагавора). У выніку антыўрадавых выступленняў у пач. 1960-х г. у І. ажыццёўлены шэраг сац.-эканам. рэформ (т. зв. «белая рэвалюцыя»), якія мелі на мэце паскарэнне развіцця краіны на зах. ўзор, створана Партыя Новага І., што падтрымлівала праграму рэформ. Палепшыліся адносіны з СССР: у 1963 і 1966 падпісаны сав.-іранскія пагадненні аб эканам. і тэхн., у жн. 1966 і культ. супрацоўніцтве. У час ізраільска-араб. вайны 1967 І. падтрымаў араб. краіны. Нягледзячы на фармальны ўдзел у ваен. блоку СЕНТО і ваен. пагадненне 1959 з ЗША, І. імкнуўся праводзіць незалежную ўнутр. (закон 1973 аб поўнай нацыяналізацыі нафтавай прам-сці) і знешнюю (супрацоўніцтва з сацыяліст. краінамі) палітыку. У 1970-я г. ў грамадстве ўзмацнілася незадаволенасць палітыкай шаха, яго метадамі кіравання і ажыццяўлення рэформ. У апазіцыю ўключыліся і кансерватыўнае мусульм. духавенства (лічыла рэформы ў грамадстве занадта радыкальнымі), і прадстаўнікі левадэмакр. руху (выступалі супраць дэспатычнага праўлення). У 1975 у І. забаронена дзейнасць усіх паліт. партый, створана адзіная Партыя нац. адраджэння І.; узмацніліся рэпрэсіі супраць апазіцыі (дзейнасць тайнай паліцыі САВАК). У 1976—78 актыўнасць апазіцыі пабольшала, у барацьбу ўключыліся прадстаўнікі практычна ўсіх слаёў грамадства, а ў выніку Іранскай рэвалюцыі 1987—79Іранскай рэвалюцыі 1978—79 шахскі рэжым скінуты. 1.4.1979 абвешчана Ісламская Рэспубліка І., у снеж. 1979 прынята новая канстытуцыя, паводле якой паліт. і духоўным кіраўніком краіны стаў лідэр мусульм. апазіцыі аятала Р.Хамейні. У студз. 1980 абраны першы ў гісторыі І. прэзідэнт — А.Бані-Садр, адбыліся выбары ў меджліс. Значныя эканам. і чалавечыя страты краіне нанесла ірана-іракская вайна 1980—88. У чэрв. 1981 меджліс пазбавіў Бані-Садра ўлады, на пасаду прэзідэнта выбраны мусульм. тэолаг С.А.Хаменеі, што засведчыла рэліг.-паліт. адзінства судовай, заканадаўчай і выканаўчай улады. Пасля смерці аяталы Хамейні (1989) Хаменеі выбраны рэліг.-паліт. кіраўніком краіны. У 1990 падпісаны мірны дагавор і ўстаноўлены дыпламат. адносіны з Іракам. Урад І. асудзіў уварванне Ірака ў Кувейт, але пратэставаў супраць ваен. інтэрвенцыі зах. дзяржаў і блакады Ірака. У час вайны ў Персідскім зал. 1990—91 І. захаваў нейтралітэт. Пасля капітуляцыі Ірака ён прыняў тысячы бежанцаў — курдаў і іракскіх шыітаў. Паступова І. выходзіць з паліт. ізаляцыі, наладжвае кантакты з краінамі Захаду і ЗША, а таксама араб. краінамі. На выбарах 1997 прэзідэнтам краіны выбраны М.Хатамі. І. — чл.ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў сак. 1993.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Паводле канстытуцыі і закону 1981 дзейнасць паліт. партый і неісламскіх арг-цый забаронена. У краіне дзейнічаюць Нац.дэмакр. фронт, праварадыкальная Паніранская партыя, Дэмакр. партыя Іранскага Курдыстана; камуніст.Нар. партыя І. на нелегальным становішчы і дзейнічае пераважна ў эміграцыі. З 1989 пачаўся працэс легалізацыі паліт. партый. Прафсаюзы распушчаны ў 1963.
Гаспадарка. І. — аграрна-індустр. краіна. З пераходам краіны на рыначны шлях развіцця адноўлены разбураныя вайною з Іракам (у 1980-я г.) раёны, буйныя інвестыцыі ўкладзены ў электраэнергетыку, нафтавую і газавую прам-сць, створана сучасная інфраструктура (дарогі, парты, сродкі сувязі). Аб’ём валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у 1996 склаў 356,7 млрд.дол. ЗША. Доля прам-сці ў ВУП 36%, сельскай гаспадаркі 20%. Вядучая галіна прамысловасці — здабыўная, якая дае асн. прыбытак ад экспарту (87% нафтавая) і забяспечвае нац. гаспадарку сыравінай. Здабыча нафты ў 1995 склала 188 млн.т (4-е месца ў свеце). Перапрацоўка на буйных з-дах у Тэгеране, Ісфахане, Шыразе, Тэбрызе, Абадане. Здабыча спадарожнага і прыроднага газу 25 млрд.м³ (1994). Здабываюць вугаль, храміты, свінцова-цынкавыя, медныя, марганцавыя і жал. руды. На базе нафты развіваецца нафтахім. прам-сць. Вытв-сць аміяку, азотнай к-ты, мачавіны ў Шыразе, Абадане, на в-ве Харк. Магутнасць электрастанцый каля 19 млн.кВт (1996), пераважаюць ЦЭС. Вытв-сць электраэнергіі 79 млрд.кВт. гадз. Пры дапамозе Расіі ў раёне г. Бушыр будуецца АЭС, пры садзейнічанні фірм Японіі і ЗША — гідратэхн. комплекс на р. Карун. З галін цяжкай прам-сці вылучаюцца чорная і каляровая металургія. Вытв-сць сталі ў 1994—4,9 млн.т (Ісфахан, Ахваз), вогнетрывалых матэрыялаў (Эмінабад), медзі (Серчэшме), свінцу і цынку (Зенджан), свінцу (Бафк), алюмінію (Эрак). Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены зборачнымі і ваен. з-дамі (Керэдж, Тэбрыз, Тэгеран). Развіваецца эл.-тэхн. прам-сць (вытв-сць радыёпрыёмнікаў, тэлевізараў, калькулятараў). Прадпрыемствы па вытв-сці цэменту (17,6 млн.т, 1995) у Шыразе, Мешхедзе, Тэгеране, Дарудзе. Развіта тэкст. (баваўняная, суконная, джутавая), абутковая і трыкат.прам-сць, пераважна ў Тэгеранскім, Ісфаханскім і Мазендэранскім астанах. Харч.прам-сць прадстаўлена цукр. (1 млн.т, 1994), алейнай, мукамольнай, рысаачышчальнай, кансервавай, чайнай, тытунёвай галінамі. Ёсць прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці па вытв-сці паперы, кардону, мэблі. Развіта саматужная вытв-сць дываноў, метызаў. Менш развіта сельская гаспадарка. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 10% тэр. краіны. Вядучая галіна — раслінаводства, развіццё якой стрымлівае недахоп арашальных зямель (пл. 4,2 млн.га). Аснова раслінаводства — збожжавыя культуры, пл. пасеваў 9,5 млн.га (1995). Збор (млн.т, 1995) пшаніцы — 11,2, ячменю — 3,1, рысу — 2,3. Значныя пасевы бабовых (фасоля, гарох, сачавіца). Вырошчваюць і тэхн. культуры (пл. каля 500 тыс.га): цукр. буракі, сою, бавоўнік, кенаф, тытунь, чай, кунжут, клешчавіну, опіумны мак. Збор (тыс.т., 1995): цукр. буракоў — 5900, соі — 934, бавоўны — 198, чаю — 56. Развіта агародніцтва. Спецыялізуецца І. на вырошчванні яблыкаў (4% сусв. вытв-сці, 1995), груш (1,6%), сліў (1,9%), вінаграду (3,6%), цытрусавых, персікаў, абрыкосаў, інжыру, фісташак, гранатаў, хурмы. Бахчаводства. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, пашавая. Гадуюць (млн. галоў, 1996) авечак — 51,5, коз — 25,8, буйн. раг. жывёлу — 8,5, коней — 0,3, свіней, аслоў, вярблюдаў, птушку. Развіта шаўкаводства і рыбалоўства (388,3 тыс.т, 1995). Вытв-сць зярністай і паюснай ікры. Транспарт. Даўж. аўтадарог каля 140 тыс.км, у т. л. асфальтаваных 42,7 тыс.км (1996). Аўтамаб. транспартам перавозіцца каля 80% грузаў унутры краіны. Аўтапарк каля 1,6 млн. машын (1996). Даўж. чыгунак 6,4 тыс.км. Марскі транспарт перавозіць каля 50% імпарту краіны. Танаж марскога флоту каля 9 млн.т дэдвейт. Гал. парты ў Персідскім зал. — Харк і Бендэр-Махшэхр (вываз нафты), Абадан, Харэмшэхр, Бендэр-Хамейні, Бушыр (каля 90% знешнегандл. грузаў), у Каспійскім м. — Энзелі і Наўшэхр. Суднаходства па воз. Урмія і р. Карун. У краіне 3,9 тыс.км прадуктаправодаў, 5,9 тыс.км нафтаправодаў, 4,55 тыс.км газаправодаў. 26 аэрапортаў. Экспарт (1997, 22 млрд.дол. ЗША): нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, дываны, бавоўна, тканіны, сухафрукты, руды каляровых металаў, ікра. Імпарт (1997, 15 млрд.дол. ЗША): машыны і абсталяванне, хім. прадукцыя, медыкаменты, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Германія, Японія, Італія, Аб’яднаныя Араб. Эміраты, Паўд. Карэя і інш.Гандл. абарот Рэспублікі Беларусь з І. у 1996 склаў 17,5 млн.дол. ЗША. Грашовая адзінка — рыял.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС), ваенізаваныя фарміраванні — корпус «стражнікаў ісламскай рэвалюцыі» (КСІР) і жандармерыю. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 518 тыс., жандармерыі 50 тыс.чал. Камплектуюцца па прызыве. У сухап. войсках больш за 300 тыс.чал., на ўзбраенні 1470 танкаў, 1995 гармат, каля 6,5 тыс. мінамётаў, больш за 800 процітанк. і 2 тыс, зенітных сродкаў, больш за 300 верталётаў і 77 самалётаў армейскай авіяцыі, інш. зброя і тэхніка. У ВПС 30 тыс.чал. асабовага складу (у т. л. 12 тыс. у ППА), 297 баявых самалётаў. У ВМС 18 тыс.чал., 3 падводныя лодкі, 21 баявы карабель, 20 ракетных і 26 патрульных катэраў, 9 баявых верталётаў марской авіяцыі. У сухап. войсках КСІР больш за 350 тыс.чал., каля 1 тыс. танкаў, больш за 600 гармат палявой артылерыі, больш за 2 тыс. мінамётаў і інш.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 66,5, жанчын 69,2 года. Смяротнасць 6 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 650 чал., урачамі — 1 на 1600 чал. Узровень нараджальнасці 33 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2,6%. Дзіцячая смяротнасць 51 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—5 гадоў, 12-гадовую агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. навуч. ўстановы, ВНУ. Агульнаадук. школа мае 3 ступені (пач, няпоўная і поўная сярэднія). Пач. школа з 6—10-гадовага ўзросту. Пасля 5 гадоў навучання вучні здаюць экзамен і могуць прадоўжыць навучанне ў 3-гадовай няпоўнай -сярэдняй (арыентацыйнай) школе. Поўная сярэдняя школа (макс. ўзрост для паступлення 24 гады) уключае 9—12 кл., апошні — падрыхтоўчы ў ВНУ. Навучанне ў ёй вядзецца на 2 аддзяленнях (гуманіт. і прыродазнаўчанавуковым). Перс. мова і л-ра, замежная мова, рэлігія — агульныя прадметы на абодвух аддзяленнях. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 1-2-гадовыя пач.прафес. школы (на базе агульнаадук.пач. школы), 2- і 4-гадовыя прафес.-тэхн. і спец. вучылішчы (на базе няпоўнай сярэдняй школы). У 1996/97 навуч.г. ў краіне 79 ун-таў і каледжаў (каля 300 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ВНУ: Тэгеранскі ун-т (з 1934), Тэхнал. і інж.ун-т (з 1928), Іранскі нац.ун-т (з 1959) у Тэгеране, Ісфаханскі ун-т (з 1950), Тэхнал.ін-т (з 1939) у Абадане і інш. Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1935) у Тэгеране, Б-ка мячэці імама Разы ў Мешхедзе, б-кі ун-таў. Музеі: Галестанскі палац (з 1894), Археал. (з 1936) і Этнагр. (з 1938) музеі ў Тэгеране, музей «Парс» (з 1938) у Шыразе. Навук. даследаванні праводзяць спец. цэнтры (Доследны цэнтр іранскай культуры, Нац. цэнтр гісторыі мастацтва і археалогіі і інш.), а таксама цэнтры галіновых мін-ваў, Іранскай нац. нафтавай кампаніі, ун-ты і ін-ты. Вядучае месца сярод н.-д. устаноў І. займаюць цэнтры і ін-ты Тэгеранскага ун-та. Каардынуе н.-д. работу Навукова-даследчы к-т (з 1967; уваходзіць у склад мін-ва навукі і вышэйшай адукацыі).
Друк, радыё, тэлебачанне. Прэса пераважна кантралюецца дзяржавай. Сярод буйных выданняў газ. «Абрар» (на перс. мове) і «Tehran Times» («Тэгеранскі час», з 1979, на англ. мове). Найб. тыраж маюць штодзённыя тэгеранскія вячэрнія газ. «Этэлаат» («Паведамленні», з 1925, на перс. мове) і «Кейхан» («Сусвет», з 1942, на перс. мове, з 1980 і на араб., з 1984 і на тур. мовах). Інфарм. агенцтва Ісламік Рыпаблік Ньюс Эйджэнсі (засн. ў 1936 у Тэгеране як ПАРС, з 1982 ІРНА). Радыё і тэлебачанне падпарадкаваны ўрадавай структуры Ісламік Рыпаблік оф Іран бродкастынг. Радыё па 1, 2 і 3-й (перадачы на Еўропу, Азію, Афрыку і частку ЗША) агульнанац. праграмах. Перадачы для замежжа трансліруюцца на англ., франц., тур., ням., ісп., араб., урду, пушту, арм., рус., курдскай мовах. 2 агульнанац. тэлепраграмы, 28 мясц. тэлевізійных станцый.
Літаратура. Найб.стараж. помнікі пісьменнасці І. — клінапісныя надпісы (6 ст. да н.э.) на стараж.-перс. мове (пехлеві). Стараж.л-ра І. прадстаўлена адзіным помнікам — свяшчэннай кн.«Авеста». Рэліг.-навучальныя, рэліг.гіст. творы і паэзія на пехлеві развіваліся ў 2—7 ст.н.э. Пасля заваявання арабамі (7 ст.) літ. творы ў І. ствараліся пераважна на араб. мове. Л-ра ранняга сярэдневякоўя шматмоўная і шматжанравая. Арабамоўныя паэты 6—9 ст. аль-Хураймі, Башар ібн Бурд, Абу Нувас (іранцы па паходжанні) у паэт. формах рубаі, газелі, касыда, маснаві развівалі тэмы любові да радзімы, гуманіст. ідэі. На тэр. пражывання ўсх. іранцаў і таджыкаў зарадзілася л-ра на мове фарсі (перс.-тадж.л-ра), якая расквітнела ў 10 ст. (паэты А.А.Дж.Рудакі, А.Фірдаўсі). З 2-й пал. 10 ст. мова фарсі стала мовай л-ры і на Захадзе [ібн Сіна (Авіцэна), А.Ш.Балхі і інш.]. Як рэакцыя на ўціск дзярж. улады пачала развівацца містычна-філас.л-ра (Г.Умар Хаям і А.М.Насір Хасроў). Панегірычнай паэзіі процістаяў рамантычны эпас Нізамі Ганджэві. У 13—15 ст. развівалася філас.-містычная, т. зв. суфійская паэзія (Дж.Румі), аформілася гуманіст. плынь (сатырык У.Закані, паэты Саадзі і Хафіз), творчасць апошняга класіка паэта-містыка А.Джамі. 16 — сярэдзіна 18 ст. — перыяд заняпаду перс. л-ры, працэс адасаблення тадж. л-ры; цюркамоўныя народы пачалі ствараць л-ру на роднай мове. У гэты час найб. шырока бытавалі жанры, якія апіраліся на фалькл. традыцыі (дастан), з’явіліся першыя запісы трагічных містэрый — тазіе з рэліг. сюжэтам. У 18 ст. створана літ. аб’яднанне «Вяртанне» (паэты Шуле, І.Маштаг і інш.), члены якога імкнуліся адрадзіць стыль ранніх перс. класікаў (паэты Х.Каані, Вісаль, М.А.Саруш Ісфахані). У 19 ст. сярод паэтаў найб. вядомыя аўтар сатыры «Сардар-намэ» М.А.Ягма Джандагі, М.Саба; з’явіўся жанр мемуараў і падарожных нататкаў, нарадзіўся новы кірунак — асветніцтва (п’есы Мальком-хана, маст. творы Зейн-оль-Абедзіна Мерагеі і інш.). У творчасці паэтэсы Жале загучаў голас пратэсту супраць прыгнёту жанчыны на Усходзе. Падзеі пач. 20 ст. (рэвалюцыя 1905—11, нац.-вызв. рух 1918—21) адлюстраваліся ў паэзіі А.Казвіні, М.Т.Бехара, прозе Ф.Іездзі, гіст. аповесцях С.Кермані, М.Б.Хасраві. Дамінуючы раней гіст. раман (Дж.Фазел, А.Халілі) у сярэдзіне 20 ст. саступіў месца традыц. раману (С.Хедаят, Дж. аль-Ахмат і інш.) і навеле (С.М.А.Джамалзадэ). У паэзіі вылучыліся 2 плыні: паэзія класічных форм (Парвін Этэсамі) і новая, т. зв. бунтарская паэзія, якая адвяргала формы і сутнасць класічнай паэзіі (Німа Юшыдж, што ўвёў новыя тэмы і формы, М.Х.Шахрыяр, Сае). Сярод сучасных празаікаў найб. вядомыя аль-Ахмат, М.Даўлатбадзі, А.М.Афгані, Дж.Мір Садэкі, драматургаў — Хедаят, С.Чубек, Г.Саэдзі. Развіваецца публіцыстыка.
Архітэктура. Найб.стараж. помнікі на тэр. І. адносяцца да эпохі неаліту: рэшткі земляробчых паселішчаў з глінабітнымі і сырцовымі жытламі (5—4-е тыс. да н.э.; Тэпе-Сіялк). Ад часоў Элама захаваліся зікураты, ад 10—6 ст. да н.э. — скальныя пахавальні з двухстаўповай фасаднай нішай. Пры Ахеменідах у гарадах Пасаргады, Персепаль, Сузы будавалі манум. палацы з шматстаўповымі заламі (ападанамі), высокія калоны якіх увенчваліся складанымі капітэлямі. Палацы аздаблялі каменнымі рэльефамі. У 3—7 ст. інтэнсіўна будавалі ўмацаваныя гарады з рэгулярнай планіроўкай (Нішапур). Скляпеністыя залы (айваны) дапаўняліся купальнымі (Фірузабад, Сервестан), квадратныя ў плане свяцілішчы агню накрывалі купаламі. З араб. заваяваннем (7 ст.) і пашырэннем ісламу ў І. з’явіліся мячэці з шматкалоннымі скляпеністымі галерэямі вакол двара. У 11—14 ст. будавалі вежавыя маўзалеі (Гамбедэ-Кабус, 1006), мінарэты (Бестам, 1120), медрэсе і інш. Цагляную муроўку пакрывалі палівай. Да 12 ст. склаўся тып іранскай мячэці: прамавугольны двор, абкружаны галерэямі з 4 айванамі па восях і купальнай залай за адным з айванаў (Саборная мячэць у Ісфахане). Пасля манг. заваявання (1220-я г.) і ў часы праўлення ільханаў Хулагуідаў у архітэктуры ўзнікла імкненне да вытанчаных, моцна выцягнутых прапорцый і дэкору, насычанага разнастайнымі формамі і шматколернымі ўзорамі (8-гранны маўзалей Альджэйту-Хадабендэ ў Салыаніе, 1305—13, азерб. дойлід Алі-Шах). У перыяд Сефевідаў (16—17 ст.) пашырыліся буд-ва на караванных шляхах (караван-сараі, масты) і горадабудаўніцтва (Казвін); ствараліся грандыёзныя гар. ансамблі (Ісфахан), развівалася садова-паркавая архітэктура. У архітэктуры 20 ст. новыя тыпы пабудоў з жалезабетонных канструкцый, шкла і металу суіснуюць са стараж. і сярэдневяковымі традыцыямі. У 1930-я г. будавалі на ўзор палацаў Персепаля, ахеменідскіх ападанаў (будынак Археал. музея ў Тэгеране, 1938). Іх уплыў відавочны і ў пабудовах 1950—80-х г.: нац.с.-г. банк (1958, арх. М.Фараўгі, А.Садэгі, Зафар), будынак Сената (1959, арх. Фараўгі, Х.Гіяі), гар. сад Баге-Мелі са штучным возерам, дзіцячым паркам і павільёнамі (арх. Х.Сейхун) — усе ў Тэгеране.
Выяўленчае мастацтва. Маст. культура І. развівалася ва ўзаемадзеянні з маст. культурамі народаў Б. Усходу, Цэнтр. і Сярэдняй Азіі. У 3—2-м тыс. да н.э. на ПдЗ І. развівалася мастацтва дзяржавы Элам. Серыя арыгінальных твораў тарэўтыкі (рэльефная апрацоўка вырабаў з металу), выяўленая на ўзгорку Хасанлу каля воз. Урмія, сведчыць пра існаванне тут буйной маст. школы ў 1300—1000 да н.э. Кераміка гэтага перыяду адметная формамі (збаны са злівам у выглядзе трылісніка) і высокім узроўнем тэхналогіі (чорныя з глянцаваннем танкасценныя фігурныя і зааморфныя пасудзіны). У зах. І. выяўлена «лурыстанская бронза» 12—7 ст. да н.э.: літыя рытуальныя сякеры, кінжалы, дэталі конскай вупражы, аздобленыя выявамі фантаст. істот. У 7—1-й пал. 6 ст. да н.э. цэнтрам маст. культуры была дзяржава Мідыя. У мастацтве перыяду Ахеменідаў (6—4 ст. да н.э.) найб. значнай была манум. скульптура: каменныя (Персепаль) і шматколерныя паліваныя (Сузы) рэльефы з выявамі ўрачыстых працэсій і інш. Захаваліся сярэбраныя і залатыя пасудзіны з чаканкай і гравіроўкай, пячаткі, манеты, тканіны, аздобленыя сцэнамі барацьбы «цара-героя» з пачварай, ваен. трыумфаў, палявання, геральдычнымі і расліннымі матывамі. У канцы 4—2 ст. да н.э. ў І. ствараліся помнікі ўсх.эліністычнага мастацтва. У мастацтве дзяржавы Сасанідаў (3—7 ст.) асн. роля належала манум. скульптуры (статуя Шапура I, высечаная ў гіганцкім сталактыце ў гроце каля Бішапура; каменныя рэльефы ў Накшы-Рустэме, Таге-Бастане); росквіту дасягнула мастацтва тарэўтыкі і гліптыкі. Араб. заваяванне (7 ст.) і пашырэнне ісламу ў І. суправаджалася зменамі эстэт. уяўленняў, развіццём арнаменту, каліграфіі і дэкар. пачатку ў выяўл. мастацтве. Ад 8—13 ст. захаваліся фрагменты насценных размалёвак і стукавыя пано са сцэнамі палявання, прыдворнага жыцця (з палацаў Рэя, Саве, Нішапура). Пра існаванне мініяцюры сведчыць ілюстраваная «Кніга адлюстраванняў пастаянных сузор’яў» Абдарахмана ас-Суфі (1009—10, мастак аль-Хусейн). У 11—12 ст. пашыраны бронз. вырабы з меднай і сярэбранай інкрустацыяй, пасудзіны з каляровага шкла, шыкоўна арнаментаваныя тканіны. 9—13 ст. — росквіт мастацтва керамікі з размалёўкай люстрам, ажурна-праразным і гравіраваным (сграфіта) арнаментам і інш. (Нішапур, Рэй, Кашан, Саве). Пасля манг. заваявання (1220-я г.) у мініяцюру, аздабленне керамікі і тканіны праніклі далёкаўсх. выяўл. і дэкар. матывы (драконы, феніксы, лотасы). Іншаземны ўплыў быў перапрацаваны ва ўласна іранскі стыль у шыразскай школе мініяцюры і ў размаляванай кераміцы Кашана 1-й пал. 14 ст. У развіцці мініяцюры 15 — пач. 16 ст. важную ролю адыгралі жывапіс герацкай школы мініяцюры і творчасць Х.Бехзада. Эпоха Сефевідаў (16—17 ст.) вылучалася росквітам мастацтва рукапіснай кнігі і мініяцюры (школы: тэбрызская, мешхедская, казвінская, ісфаханская школа). У Тэбрызе, Кашане, Ісхафане выраблялі шоўк, аксаміт, парчу, атлас, тканіны з тканымі сюжэтнымі выявамі, ваўняныя і шаўковыя дываны, размаляваны фаянс і інш. У 18—19 ст.нац.маст. традыцыі працягваліся ў нар. мастацтве. Пад уплывамі еўрап. мастацтва ў 2-й пал. 17 ст. ўзніклі алейны жывапіс і акварэль (А.Сані-оль-Мольк, Махмуд Малек-ош-Шаара). З пач. 20 ст. развіваецца сучаснае выяўл. мастацтва. У 1920 мастак Кемаль оль-Мольк засн. Школу жывапісу і скульптуры ў Тэгеране. Побач з рэаліст. кірункам (жывапісцы Х.А.Вазіры, М.Макадам, А.Амеры, скульпт. А.Садэгі) развіваліся традыц. (мініяцюрысты Бехзад, А.Імамі) і мадэрнісцкія плыні. З’явілася цікавасць да нар. жывапісу, лубка. У 1959 у Тэгеране засн. Вышэйшая школа дэкар. мастацтваў, мастакі якой імкнуцца да засваення традыцый мініяцюры, каліграфіі, керамікі, дыванаробства, стварэння самабытных твораў мастацтва. У сучасным І. найб. папулярныя інкрустацыя дрэвам, перламутрам і косцю, чаканка па метале (Ісфахан, Шыраз).
Музыка І. складвалася ў працэсе гіст. сінтэзу і ўзаемадзеяння найстараж. культур, якія існавалі на тэр. сучаснага І., і муз. традыцый Сярэдняй, Цэнтр., Паўд. Азіі і Закаўказзя. Традыц. музыка ўключае лакальныя муз. і муз.-танц. формы. Сярод муз. інструментаў найб. пашыраны: струнна-шчыпковыя — бэрбэт, танбур, уд, тар (тыпу лютні), струнна-смычковы рэбаб, сантур (тыпу цымбалаў), духавыя най (флейта), зурна (тыпу габоя), медны духавы карнай, ударныя дэф (бубен), накхар (парны барабан) і інш. Сярод жанраў ісламскай (шыіцкай) традыцыі: азан (заклік да малітвы), тазіе (містэрыя-драма), марсіе (жалобныя плачы), маснаві (суфійскія містычныя паэмы). Асновы іран. класічнай музыкі закладваліся ў часы Ахеменідаў (6—4 ст. да н.э.), Сасанідаў (3—7 ст.н.э.), пазней Абасідаў. Яе інстр. і вак.-паэт. жанры засн. на прынцыпе ладамеладычнага разгортвання і кампазіцыйнай будовы дастгаху. Вял. ўклад у музыку сярэдневякоўя зрабілі вучоны і спявак, аўтар сямі «каралеўскіх ладоў» Барбад, заснавальнік шэрагу паэт. і муз. норм класічнай іран. музыкі А.Фірдаўсі і інш. Класічная муз. тэорыя распрацавана ў трактатах Кіндзі (9 ст.), Фарабі (10 ст.). Традыцыі прафес. музыкі І. падтрымлівалі спадчынныя групы паэтаў і музыкантаў — ашугі і мутрэбы. У традыц. музыцы склаліся характэрныя тыпы ансамбляў — даст-эматрэб, сазандэ, навазандэ з 3—5 выканаўцаў. З канца 19 ст. ў музыку І. пранікаюць еўрап. ўплывы (традыцыі ваен. аркестраў, некат. формы папулярнай музыкі). Муз. цэнтрам стаў Тэгеран. Адкрыты кансерваторыя еўрап. тыпу (1918), т-р оперы і балета (1967), створаны аркестры нац. інструментаў, сімф. аркестр (1946), філарманічнае т-ва (1940), Цэнтр па захаванні і пашырэнні традыц. музыкі, Вышэйшае муз. вучылішча (1908), Нац. кансерваторыя (1949). Пасля абвяшчэння Ісламскай рэспублікі (1979) тут дазволены толькі афіц. песні і рэліг. формы муз. мастацтва.
Тэатр. У даісламскі перыяд (да 7 ст.) тэатр элементы прысутнічалі ў рытуалах зараастрыйскіх магаў, у нар. звычаях. Захаваліся звесткі пра стараж.т-рперс. скамарохаў «базігер»; ладзіліся прадстаўленні масак, было развіта мастацтва пантамімы, т-раў ценяў і лялек (Пахлаван-Качаль — т-р пятрушак, хеймешаб-базі — т-р марыянетак). Самая стараж.тэатр. форма мусульманскага І. — нар. містэрыя тазіе («суцяшэнне», «аплакванне»). У 17—18 ст. на матэрыяле першапачатковых спісаў з’явіліся запісы містэрый у форме вершаў. Выконваліся яны нараспеў акцёрскім ансамблем з гараджан-мужчын з фіксаваным размеркаваннем роляў. Да 1930-х г. існавалі вандроўныя акцёры масхарэбаз, якія выконвалі імправізацыйныя быт. сцэнкі камічнага характару. Першы дзярж.т-р створаны ў 1890 пры Політэхн. вучылішчы Дар-оль-фанун для палацавай знаці. Ён пачаў сваю дзейнасць з пераробак п’ес еўрап. аўтараў. На пач. 20 ст. створана тэатр. акцыянернае т-ва «Фарханг», у 1911—12 — Нац.т-р, у 1917 — т-р «Іранская камедыя», пры ім існавала акцёрская школа, што падрыхтавала першых іранскіх актрыс. Цэнтрам тэатр. мастацтва 1.1930—40-х г. стаў Тэатр-студыя ў Тэгеране (засн. ў 1932 першым тэатр. мастаком С.Керманшахі). Значную ролю ў іранскім тэатр. мастацтве адыграў акцёр, рэж., драматург А.Нушын, які ў 1942 стварыў т-р «Фарханг» (з 1945 «Фірдаўсі», потым «Саадзі»). У 1-й пал. 20 ст. з’явіліся таксама т-ры «Камедые ахван» («Камедыя братоў»), «Ханар», «Гаўхар», «Тэатрэ кешвар» і інш. ў Тэгеране, правінцыяльныя сцэны ў Рэшце, Мешхедзе, Ісфахане і інш. З канца 1940-х г.т-р І. перажыў крызіс (адсутнасць фінансавання, тэатр. памяшканняў, прафес. акцёраў). З 1960-х г. назіраецца ўздым т-ра: з’яўляюцца пастаянныя трупы («Тэатр сёння», Нац. трупа і інш.), працуюць т-ры ў Тэгеране («25-га шахрывара», «Касра», «Наср», «Джамеэе Барбад»), Мешхедзе (Нац.т-р), Ісфахане («Сепахан»), Хамадане («Буалі») і інш.
Кіно. Першыя фільмы ў І. зняты ў 1930—40-я г. (нямы фільм «Абі Рабі» Эханіяна, 1930, гукавы — «Дачка Лора» А.Х.Сепенгы, 1934). У 1945 рэж. І.Кушан стварыў у Тэгеране першую кінастудыю «Мітрафільм» (пазней «Парсфільм»). Стужкі Кушана і інш. рэжысёраў былі пераважна камерцыйныя (касцюмныя драмы і меладрамы, на гіст. сюжэты). Рэгулярная кінавытворчасць пачалася ў 1950-я г. Вехай нац. кіно стаў фільм рэж. А.Шыразі «Партовы злодзей» (1954) пра побыт і адносіны людзей ніжэйшых сац. колаў. У 1960-я г. ў Тэгеране ўзніклі недзярж. кінастудыі: «Іран-фільм», «Афа Талаі», «Караван-фільм» і інш., якія здымалі пераважна фільмы «лёгкіх» жанраў — меладрамы, камедыі, дэтэктывы, мюзіклы і фільмы на матэрыяле мінулага («Зуб дракона», «Любоўная пастка» Кушана, «Адзін крок да смерці» Ж.Вазіяна, «Сельская мелодыя» М.Махсені і інш.). Некаторыя фільмы адлюстроўвалі нар. жыццё («Ластаўкі вяртаюцца ў свае гнёзды», «Цэгла і люстэрка» І.Галестана, «Але цяжкасці застаюцца» Х.Дар’юша і інш.). Важную ролю ў гісторыі іранскага кіно адыграла творчасць рэж. Д.Мехрджуі («Карова», 1970, «Дзівак», 1971, «Паштальён», 1973), Ш.Салеса, М.Набілі, М.Кім’яі, Б.Фарманара. З абвяшчэннем Ісламскай Рэспублікі ў фільматворчасці 1980-х г. адбыліся значныя змены. На гэты перыяд прыпадае росквіт кінаталентаў, што дэбютавалі ў 1970-я г.: рэж. Б.Бейзаі («Балада пра Тару», «Смерць Яэдгерда», «Чужы Башу», «Магчыма, у другі раз» і інш., сучасныя сюжэты якіх афарбаваны містыкай); А.Кіярастамі («Першакласнікі», «Дзе дом сябра?», «Дамашняе заданне», пра паэтычны свет маленства); Н.Таўгаі (тэлефільм «Светласць у прысутнасці іншых», «Капітан Харшыд»). У 1980-х г. творчую дзейнасць пачалі рэж. М.Махмалбаф, Э.Хатамікія, М.Сабазадэ, Х.Кавуш, Н.Нікнежад, М.Давідэлі, В.Карым-Масіхі, К.Айры, І.Фарузеш і інш. Для кіно гэтага перыяду характэрны тэматычная і стылявая разнастайнасць, увасабленне паліт. і сац. з’яў. У стужках 1990-х г. знайшлі адлюстраванне падзеі ірана-іракскай вайны («Ад Кархе да Рэйна» Хатамікіі), быт. тэмы, т. зв. сямейныя «разборкі» ў рэтра-стылі («Апошні акт» В.Карым-Масіхі), свету кіно («Аднойчы ў кіно», «Салам, сінема» Махмалбафа), «анталогія прытворства» («Акцёр» Махмалбафа), дабрыня, кволасць дзіцячага свету («А жыццё працягваецца», «У засені аліў», «Смак чарэшні» Кіярастамі). Развіта дакумент. кіно (рэж. Махмалбаф). У 1990-я г. стваралася да 50 фільмаў за год.
Літ.:
История Ирана. М., 1977;
Арабаджян З.А. Иран;
власть, реформы, революции (XIX—XX вв.). М., 1991;
Morgan D. Medieval Persia 1040—1797. London;
NewYork, 1988;
Брагинский И.С. Из истории персидской и таджикской литературы. М., 1972;
Комиссаров Д.С. Пути развития новой и новейшей персидской литературы: Очерки М., 1982;
Дандамаев М.А., Луконин В.Г. Культура и экономика Древнего Ирана. М., 1980;
Виноградов В.С. Классические традиции иранской музыки. М., 1982.
Герб і сцяг Ірана.Да арт.Іран: 1 — рысавыя палі на Прыкаспійскай нізіне; 2 — Тэгеран. Паўночная частка горада.Да арт.Іран. Іранскае нагор’е.Да арт.Іран. Старажытнаіранскія воіны эпохі Ахеменідаў. Фрагмент рэльефу з Персепаля.Да арт.Іран. Горад Персепаль. 5—4 ст. да н.э.Да арт.Іран. Саборная мячэць у Ісфахане.Да арт.Іран. Керамічны збан з г. Кашан.Да арт.Іран. Талерка, аздобленая люстрам, з г. Кашан. 1210.Да арт.Іран. Адам і Ева. Ілюстрацыя да рукапісу Манафі аль-Хаяван. 1294—99.Да арт.Іран. Мініяцюра «Прыезд Шырын да Фархада» да рукапісу «Хамсе» Нізамі. Шыразская школа. 1491.Да арт.Іран. Парчовая тканіна з выявай куста шыпшыны і птушкі. Сярэдзіна 17 ст.Да арт.Іран. Дыван з г. Казвін. 2-я пал. 16 ст.