сяляне-слугі ў ВКЛ 14—18 ст., гал. абавязкам якіх была ахова пушчаў вял. князя ці буйных феадалаў, падрыхтоўка палявання і ўдзел у ім. Жылі ў асобных вёсках ці на хутарах каля пушчаў, вызваляліся ад паншчыны і грашовых падаткаў, удзельнічалі ў ваен. паходах. Паводле «Уставы на валокі» 1557 за службу атрымлівалі 2 валокі зямлі, якія не абкладаліся падаткамі. З развіццём фальваркаў эканам. становішча асочнікаў пагоршала, іх зямельныя надзелы паменшалі да 1—0,5 валокі. У 18 ст. асочнікаў пераводзілі на чынш, а за зямельны надзел яны павінны былі выплачваць дзякло, ахоўваць лясы, рамантаваць дарогі і масты ў пушчах, перавозіць пошту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ЖЛЫ,
група парод паляўнічых сабак. Паходзяць ад стараж. сабак Зах. і Паўд. Еўропы. Пашыраны ва ўсіх краінах свету. Выкарыстоўваюцца для палявання на балотную, стэпавую і палявую дзічыну, радзей на звера. Выжлаў падзяляюць на астраўных англ. (пойнтэр і сетэры — англ., ірландскі і шатландскі, або гардон) і кантынентальных (ням. каратка-, даўга- і цвердашэрсная выжла, чэшскі фаўсек, венгерская і вял. мюнстэрлендэрская выжла і інш.).
Мускулістыя і зграбныя сабакі, выш. ў карку 53—67 см, характэрны алюр — галоп.
Для кантынентальных парод найб. уласціва гнаць дзічыну па крывавым следзе ўголас. Масць разнастайная, у залежнасці ад пароды. Астраўных выжлаў трымаюць як дэкар.-пакаёвых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШНЭ́П (Lymnocryptes minimus),
птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундры, лесатундры, на травяністых і сфагнавых балотах паўн.ч. Еўразіі. Селіцца на адкрытых багнах з невял. травастоем, на глеістых берагах азёр, балотах, якія параслі хвашчом, асакой ці чаротам. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца пераважна на пралётах, у паўн. раёнах зрэдку гняздуецца; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. каля 20 см, маса да 80 г. Спіна карычнявата-бурая з зеленаватым металічным адлівам і вохрыстымі падоўжнымі палоскамі па баках. Над вачамі белыя палосы, брушка белае з рыжаватымі плямкамі. Дзюба доўгая, тонкая, прамая; ногі кароткія. Выседжвае 3—4 птушанят. Корміцца насякомымі, іх лічынкамі, чарвямі і малюскамі. Аб’ект спарт.палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЧ, дзяркач (Crex crex),
птушка сям. пастушковых атр. жураўлепадобных. Пашыраны па ўсёй Еўропе, Зах. Азіі (да Байкала). Жыве на вільготных травяністых лугах, у пасевах с.-г. культур, на лясных высечках, агародах. На Беларусі звычайны пералётны від (нар. назвы дзяргач, дзяргун). Актыўны пераважна ўначы.
Даўж. цела 18—27 см, маса 100—200 г. Афарбоўка светла-рыжая з цёмнымі стракацінамі. Дзюба кароткая, моцная. Бегае хутка. Вясной самец выдае моцныя скрыпучыя гукі (адсюль назва). Гняздуецца парамі. Гняздо — ямка пад кустом або на купіне. Нясе 7—12 яец. Птушаняты ўкрыты чорна-бурым пухам. Корміцца насякомымі, смаўжамі, дажджавымі чарвямі, насеннем пустазелля і інш. Аб’ект палявання. Зімуе ў Афрыцы і Міжземнамор’і.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМЕ́ННІК (Anser fabalis),
птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашыраны ў зоне тундры ад а-воў Грэнландыя, Шпіцберген і Ісландыя праз Еўропу і Азію да Чукоткі і паўн. Камчаткі; на У Еўропы і ў Азіі трапляецца ў зоне тайгі. Жыве на ўчастках травяністай і хмызняковай тундры, пераважна па суседстве з вадаёмамі; у лясной паласе — на глухіх лясных ручаях, рачных далінах, мохавых балотах, горных лясных азёрах. На Беларусі пралётны від.
Даўж. 73—90 см, маса да 4,5 кг. Апярэнне шаравата-бурае, ніз светлы. Дзюба чорная з ружовай або жоўтай перавязкай. Нясе найчасцей 3—4 (да 9) яйцы. Корміцца пераважна расліннай ежай (ягады, лісце, насенне). Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЬ БЕЛАЛО́БАЯ (Anser albifrons),
птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Жыве ў сырых тундрах і лесатундрах Еўразіі, Паўн. Амерыкі, на астравах Паўн. Ледавітага ак. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца на веснавым (крас.) і асеннім (кастр.—ліст.) пралётах.
Даўж. цела 66—76 см, маса 2—3,2 кг. Апярэнне зверху буравата-шэрае, знізу святлейшае, на бруху чорныя папярочныя плямы. На лбе вакол дзюбы белая пляма (адсюль назва). Дзюба аранжава-жоўтая, ногі светла-аранжавыя. Добра ходзіць і плавае, пры небяспецы нырае, хутка бегае. Гняздо будуе на сухім месцы — узгорку, высокім беразе ракі. Нясе 4—6 яец. Корміцца маладымі раслінамі (злакі, асокі і інш.). На зіму адлятае на Пд. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫКІ́ (Meleagrididae),
птушкі сям. індычых атр. курападобных. 2 роды: Meleagris і Agriocharis, у кожным 1 від. Пашыраны ў паўд. частцы Паўн. і ў Цэнтр. Амерыцы, пераважна ў лесастэпавай зоне.
Даўж. цела І. звычайнага (M. gallopavo) да 110 см, маса самца да 10 кг, самкі да 4 кг. Апярэнне медна-бронзавае, з метал. адлівам. Галава і верхняя частка шыі не апераныя. З верхняй ч. дзюбы звісае скурны прыдатак, на горле складка скуры. Развіты шпоры. Палігамы. Гняздо на зямлі, пад кустамі. Нясуць да 15 яец. Добра бегаюць, лётаюць марудна. Корм раслінны і жывёльны. Аб’екты палявання. Ад І. звычайнага паходзяць індыкі свойскія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНЬ, даніэль (Cervus dama),
млекакормячая жывёла сям. аленяў атр. парнакапытных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн.-Зах. Афрыцы, акліматызавана ў Амерыцы і Аўстраліі. Жыве ў мяшаных і лісцевых лясах. 1 падвід — Л. іранская (C.d. mesopotamica) — у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 1,6 м, выш. ў карку да 1 м, маса да 120 кг, самкі драбнейшыя. Поўсць на спіне і баках летам рыжавата-бурая з белымі плямамі, зімой шаравата-бурая. Каля хваста невял. белая пляма — «люстэрка». Рогі ў самцоў лапатападобныя, самкі бязрогія. Корміцца травяністай, хмызняковай расліннасцю, лісцем, парасткамі, галінкамі, карой лісцевых парод дрэў. Палігамы. Нараджаюць 1—2 цялят. Аб’ект палявання і гадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЖЫЯ ПЯЧО́РЫ,
група помнікаў эпохі мусцье, у якіх адлюстраваліся раннія сімвалічныя ўяўленні чалавека. У М.п. захоўваліся галовы і канечнасці мядзведзя пячорнага, які быў адным з асн. аб’ектаў паляваннястараж. чалавека, галоўным сапернікам у міжвідавым супрацьстаянні з ім, таму займаў выключнае месца ў светапоглядзе палеаантрапа. М.п. распаўсюджаны ад Іспаніі да Чарнаморскага і Каспійскага ўзбярэжжаў Каўказа. Напр., у пячоры Драхенлох (Швейцарыя) выяўлены каменныя скрыні з чарапамі мядзведзя, пакладзенымі ў пэўным парадку па 3—4 і болей; у пячоры Рэгурду (Францыя) знойдзена неандэртальскае пахаванне, побач з якім у яме, накрытай каменнай плітой, знаходзіліся чарапы і разбітыя косці мядзведзя. М.п. лічаць прасцейшай зародкавай формай у генезісе анімалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́НІЧЫ (Porzana),
балотныя курачкі, вадзяныя курачкі, род птушак сям. пастушковых атр. жураўлепадобных. 18 відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жывуць на балотах, вільготных лугах. Актыўныя ўначы. На Беларусі 2 віды: П. звычайны (P. porzana) і П. малы (P. parva), нар. назва малая вадзяная курачка, занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 28 см, маса да 130 г. Апярэнне чорнае, шараватае, бураватае з стракацінкамі.
Крылы кароткія. Ногі і пальцы доўгія. Добра бегаюць і плаваюць. Часта і гучна свішчуць, нібы пастух, што паганяе статак (адсюль назва). Корм пераважна жывёльны. Гняздуюцца на зямлі. Нясуць да 18 яец. Аб’ект палявання.