КАБАКО́ЎСКА-МА́ЛЕЦКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ,
у Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля вёсак Кабакі і Малеч. Паклад у выглядзе адорвеня залягае ў тоўшчы канцова-марэнных адкладаў сожскага ледавіка. Мел белы і шаравата-белы, шчыльны, трэшчынаваты. Разведаныя запасы 6,1 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,6—21,5 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,2—10,8 м. Мы прыдатны для вытв-сці вапны і падкорму с.-г. жывёл і птушак. Радовішча распрацоўваецца Бярозаўскім камбінатам сілікатных вырабаў.
А.П.Шчураў.
т. 7, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ЖВІРО́ВА-ПЯСЧА́НАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ,
у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Казловічы. Лінзападобны паклад звязаны з краявымі марэннымі адкладамі сожскага ледавіка. Жвірова-пясчаная парода жаўтавата- і буравата-шэрая з праслоямі і лінзамі розназярністага, палёвашпатава-кварцавага пяску. Разведаныя запасы 32,8 млн. м³, перспектыўныя — 2,9 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,2—26,7 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,2—6,8 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны ў дарожным буд-ве, на вытворчасць бетону. Радовішча распрацоўваецца.
А.П.Шчураў.
т. 7, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ,
у Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл., на правым беразе р. Сож, каля в. Каменка. Пластавы паклад звязаны з адкладамі туронскага яруса верхняга мелавога перыяду. Мел белы і светла-шэры, шчыльны, трэшчынаваты, з рэдкімі ўключэннямі крэменю і праслойкамі мелападобнага мергелю. Разведаныя запасы 119,3 млн. т, перспектыўныя 145 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 8,8—55,4 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,7—19,6 м Мел прыдатны на выраб партландцэменту. Радовішча распрацоўваецца ВА «Крычаўцэментнашыфер».
А.П.Шчураў.
т. 7, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ТВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ.
У Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Лотвічы. Пластападобны паклад звязаны з краявымі марэннымі адкладамі сожскага зледзянення. Пясчана-жвіровы матэрыял жаўтавата-шэры, месцамі бураваты, слаба гліністы, з праслоямі розназярністых пяскоў. Разведаныя запасы 12,8 млн. м³, перспектыўныя 14 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 5—20,2 м, ускрышы (пяскі, супескі) 1—7 м. Пясчана-жвіровая сумесь і пяскі прыдатныя на выраб бетону, буд. раствораў, у дарожным буд-ве.
А.П.Шчураў.
т. 9, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТА́ШЫНА,
радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу і пяскоў ва Ушацкім і Полацкім р-нах Віцебскай вобл., каля вёсак Мажуйкі і Зерчаніцы. Пластавы паклад звязаны з марэннымі адкладамі паазерскага зледзянення. Пясчана-жвіровы матэрыял шэры, месцамі гліністы. Пяскі сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя. Разведаныя запасы 25,2 млн. м³, перспектыўныя — 33,6 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,8—15 м, ускрышы (пяскі, торф) 0,2—3,4 м. Жвір і пясок прыдатныя на выраб бетону, буд. раствораў, у дарожным буд-ве.
А.П.Шчураў.
т. 11, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ЖСКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ У Чэрыкаўскім р-не Магілёўскай вобл., каля вёсак Рэчыца і Міхалін. Пластавы паклад звязаны з адкладамі туронскага яруса (верхні мел). Мел белы, светла-шэры, аднародны, шчыльны, месцамі трэшчынаваты, у верхняй ч. запясочаны, у ніжняй ч. пераходзіць у мергель. Разведаныя запасы 109 млн. т, перспектыўныя 127,4 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы (пройдзеная) 3,7—26,7 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0,2—9,5 м. Мел прыдатны на выраб цэменту і буд. вапны.
А.П.Шчураў.
т. 15, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАДО́ЛІЧЫ 1-я,
радовішча глін і суглінкаў у Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл., за 5 км на ПнЗ ад в. Стадолічы. Пластападобны паклад звязаны з нерасчлянёнымі адкладамі палеагенавай і неагенавай сістэм. Гліны і суглінкі шэрыя, жаўтаватыя, месцамі з бурымі плямамі ажалязнення, шчыльныя, вязкія; прыдатныя на выраб цэглы. Разведаныя запасы 1,9 млн. м³ Магутнасць карыснай тоўшчы 1,6—7,3 м, ускрышы (пяскі) 0,5—3 м. Разведаныя запасы пяскоў ускрышы 0,2 млн. м³.
А.П.Шчураў.
т. 15, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАСЦЯНІ́ЦА,
радовішча пяскоў у Мазырскім р-не Гомельскай вобл., за 1 км на ПнЗ ад в. Стрэльск. Назва ад б.в. Трасцяніца. Лінзападобны паклад звязаны з сучаснымі алювіяльнымі адкладамі поймы р. Прыпяць. Пяскі жаўтавата-шэрыя, палевашпатава-кварцавыя, дробназярністыя, з дамешкамі жвіру. Разведаныя запасы 7,4 млн. м³, перспектыўныя 25,7 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 5,2—19,2 м, ускрышы (тонказярністыя пяскі, торф) 0,2—6,8 м. Пяскі прыдатныя для вытв-сці сілікатных вырабаў і буд. работ.
А.П.Шчураў.
т. 15, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГУ́ЗЗЕ,
радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу і пяску ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., каля в. Загуззе. Паклад (3 участкі) звязаны з краявымі і флювіягляцыяльнымі адкладамі паазерскага зледзянення. Пясчана-жвіровая парода жаўтавата-шэрая, бурая, месцамі гліністая, з праслоямі і лінзамі пяскоў. Разведаныя запасы 33,8 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—19,8 м, ускрышы (пяскі, супескі, гліны) 0,2—5,3 м. Жвір і пясок прыдатныя ў дарожным буд-ве, на вытв-сць бетону, сілікатнай цэглы. Радовішча распрацоўваецца.
А.П.Шчураў.
т. 6, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НЬКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў.
У Дрыбінскім р-не Магілёўскай вобл., каля зах. ускраіны в. Еськаўка. Назва ад былой в. Манькаўка. Пластавы паклад звязаны з флювіягляцыяльнымі адкладамі сожскага зледзянення. Пяскі шаравата-жоўтыя, пераважна сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя, месцамі слабагліністыя, з уключэннямі жвіру і галькі. Разведаныя запасы 7,9 млн. м³, перспектыўныя 10,7 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 9,3—25 м, ускрышы (супескі, пяскі) да 5 м. Пяскі прыдатныя на выраб бетону, буд. раствораў, для дарожнага буд-ва.
А.П.Шчураў.
т. 10, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)