ГУДРО́Н (франц. goudron),

астатак пасля адгонкі з нафты бензінавых, газавых і асн. масы масляных францый. Вязкая вадкасць ці цвёрды асфальтападобны прадукт чорнага колеру, шчыльн. 950—1030 кг/м³. Мае парафінавыя, нафтэнавыя і араматычныя вуглевадароды (45—95%), асфальтэны (найб. высокамалекулярныя кампаненты нафты, 3—17%), нафтавыя смолы (2—38%). Выхад гудрону складае 10—45% ад масы нафты. Выкарыстоўваюць для вытв-сці дарожнага, дахавага і буд. бітумаў, як сыравіну крэкінгу.

т. 5, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУСЬНА́ФТА»,

вытворчае аб’яднанне ў Беларусі па нафтаздабычы і правядзенні геолага-пошукавых работ на нафту і газ. Створана ў 1966 у Гомелі. У 1970—80-я г. ў складзе «Беларуськалій» дзейнічала Бел. падраздзяленне буравых работ па прабіванні нафтавых свідравін у Зах. Сібіры. Першая прамысл. здабыча нафты пачалася ў 1965 на Рэчыцкім радовішчы нафты. У 1978 у эксплуатацыі было 20, у 1995 — 37 радовішчаў. За 1965—95 здабыта 100 млн. т нафты (перададзены Гомельскаму ўпраўленню нафтаправода «Дружба») і 4,84 млрд. м³ спадарожнага газу. Найб. ўзровень нафтаздабычы быў у 1975 — амаль 8 млн. т. У 1995 здабыта 1,9 млн. т нафты.

Да арт. «Беларусьнафта». Мантаж буравой вышкі на Рэчыцкім радовішчы.

т. 3, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДКАРПА́ЦКАЯ НАФТАГАЗАНО́СНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

На тэр. Львоўскай, Івана-Франкоўскай і Чарнавіцкай абласцей Украіны. Пл. 20,8 тыс. км². Тэктанічна звязана з Перадкарпацкім краявым прагінам. Паклады нафты ў палеагенавых пясчаніках на глыб. 1000—4500 м, газу — у верхняюрскіх вапняках, верхнемелавых і міяцэнавых пясчаніках на глыб. 800—1800 м. Прамысл. здабыча нафты з 1881, газу — з 1920. Адкрыта 60 радовішчаў нафты і газу. Цэнтры здабычы і перапрацоўкі — гарады Івана-Франкоўск, Львоў, Барыслаў, Драгобыч, Даліна, Надворная і інш.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАРЫ́НДА (Samarinda),

горад у Інданезіі, на У в-ва Калімантан. Адм. ц. прав. Усходні Калімантан. Каля 350 тыс. ж. (2000). Марскі порт у нізоўях р. Махакам. Вузел аўтадарог. Цэнтр раёна здабычы вугалю і нафты. Вываз вугалю, нафты, драўніны, каўчуку. Дрэваапр. прадпрыемствы. Суднаверф. Ун-т.

т. 14, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХВА́З,

вялікае газакандэнсатна-нафтавае радовішча ў Іране. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта і распрацоўваецца з 1958. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 1215 млн. т, газу 311 млрд. м³. Прадукцыйныя паклады на глыб. 2,6—4 км. Шчыльн. нафты 863 кг/м³. Нафтаправоды да гарадоў Абадан і Тэгеран.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРТ-ЖАНТЫ́ЛЬ (Port Gentil),

горад у Габоне. Адм. ц. правінцыі Прыморскае Агаве. Каля 180 тыс. ж. (2000). Асн. марскі порт краіны (гал. ч. вываз нафты і драўніны). Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: нафтаперапр., дрэваапр. (лесапільная, фанерная), харч., суднабудаўнічая. У раёне П.-Ж. здабыча нафты і прыроднага газу.

т. 12, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІНЕ́ЙСКАГА ЗАЛІ́ВА НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

размешчаны ў Зах. Афрыцы, займае акваторыю Гвінейскага зал., раён дэльты р. Нігер у Нігерыі і Камеруне, узбярэжжа Кот-д’Івуар, Ганы, Тога і Беніна. Пл. 230 тыс. км². Здабыча нафты з 1957 на сушы і з 1965 на шэльфе. Асн. нафтагазаносныя гарызонты прымеркаваны да апт-сенаманскіх і палеаген-міяцэнавых адкладаў. Пачатковыя запасы нафты 3550 млн. т і 1380 млрд. м³ газу (1982). Глыб. залягання прадукцыйных пластоў ад 1200—2000 м на сушы да 2500—3000 м на шэльфе. Каля 300 радовішчаў нафты і газу; галоўныя — Бому, Іма-Рывер, Окан, Мерэн (Нігерыя), Эмерод (Койга), Малонга (Ангола).

т. 5, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-КАНА́ДСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

у Канадзе (прав. Брыт. Калумбія, Альберта, Саскачэван, Паўн.-Зах. тэр. і тэр. Юкан) і часткова ў межах ЗША (штат Мантана). Пл. 1,2 млн. км² (з іх у ЗША 36 тыс. км²). Прамысл. распрацоўка нафты з 1924. Нафтаносныя паклады сярэдняга дэвону — верхняга мелу. Адкрыта больш за 310 радовішчаў нафты і 600 газу. Гал. радовішчы: Пембіна, Суон-Хілс, Рэдуатэр (нафта), Кросфілд (газ). Пачатковыя запасы 2,4 млрд. т нафты і 4,3 трлн. м³ газу. Запасы бітумаў (радовішчы Атабаска) каля 40 млрд. т. Усе радовішчы звязаны разгалінаванай сеткай трубаправодаў з заводамі па перапрацоўцы і рынкамі збыту.

т. 7, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САФАНІ́Я, Сафанія-Хафджы,

газанафтавае радовішча ў паўд.-зах. частцы Персідскага зал., у тэр. водах Саудаўскай Аравіі і зоны, падзеленай паміж Саудаўскай Аравіяй і Кувейтам; самае вял. марское газанафтавае радовішча ў свеце. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1951, распрацоўваецца з 1957. Пач. прамысл. запасы нафты 3,45 млрд. т, газу 3,27 млрд. м³. Паклады нафты ў пародах мелавога ўзросту на глыб. 1500—3360 м. Паклады газу ў вапняках палеагенавага (эацэнавага) узросту на глыб. 600—900 м. Шчыльн. нафты 0,87—0,89 г/см³, мае серу (2—3%). Цэнтр здабычы — нас. пункт Сафанія.

т. 14, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАПЕРАПРАЦО́УКА,

сукупнасць тэхнал. працэсаў па тэрмічнай і тэрмакаталітычнай перапрацоўцы нафты для атрымання розных відаў паліва, змазачных матэрыялаў, бітумаў, парафінаў і інш. нафтапрадуктаў. Працэсы Н. падзяляюцца на першасныя (адбываюцца без змен хім. будовы кампанентаў нафты) і другасныя (накіраваны на пэўную змену структуры нафтавых вуглевадародаў). Перапрацоўцы нафты папярэднічаюць працэсы стабілізацыі (выдаленне раствораных газаў), абязводжвання і абяссольвання.

Асн. працэс першаснай Н. — перагонка нафты (тэрмічнае раздзяленне яе на часткі ці фракцыі з атрыманнем прамагоннага бензіну, газы, рэактыўнага, дызельнага і кацельнага паліва, топачнага мазуту). Прамагонныя бензіны складаюць да 25% ад масы нафты, маюць невысокую дэтанацыйную ўстойлівасць і патрабуюць далейшай апрацоўкі. Балансавы дэфіцыт светлых нафтапрадуктаў і павышэнне іх якасці дасягаецца пры другасных працэсах Н. — каталітычным крэкінгу, каксаванні, гідракрэкінгу, рыформінгу, ізамерызацыі, полімерызацыі, алкіліраванні і інш. Ачыстка нафтапрадуктаў, атрыманых пры першасных і другасных працэсах, уключае выдаленне сярністых, азоцістых і кіслародных злучэнняў, смалістых рэчываў, цвёрдых парафінаў. Светлыя нафтапрадукты спачатку апрацоўваюць водным растворам шчолачы ці сернай к-ты. Сярністыя злучэнні з іх выдаляюць метадам каталітычнай гідраачысткі пры наяўнасці каталізатара і вадароду. Для ачысткі масляных фракцый карыстаюцца сернай к-той, селектыўнымі растваральнікамі (фенолам, фурфуролам, нітрабензолам і інш.) і спец. адсарбентамі. Дэасфальтызацыя масляных фракцый ажыццяўляецца вадкім прапанам. Гл. таксама Нафтаперапрацоўчая прамысловасць.

Ю.​Р.​Егіязараў.

т. 11, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)