ТРЫБУ́НА (франц. tribune),

1) узвышэнне для выступлення прамоўцы.

2) Збудаванне на плошчы (у час парада, дэманстрацыі), стадыёне з паступовым узвышэннем радоў з месцамі для публікі. Т. наз. таксама месца, сфера ажыццяўлення чыёй-н. грамадскай дзейнасці.

т. 15, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ТАЧЧЫН ШАР,

праліў паміж Паўн. і Паўд. астравамі Новай Зямлі (Расія). Злучае Баранцава і Карскае м. Даўж. 98 км, найменшая шыр. каля 600 м, глыб. 12 м. Берагі высокія, месцамі стромкія. Большую ч. года праліў укрыты лёдам.

т. 10, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАНСЕ́Й (РУКЮ́) ЖО́ЛАБ,

дэпрэсія дна на З Ціхага ак., якая працягнулася ўздоўж а-воў Нансей (Рукю) амаль на 1500 км. Мае V-падобны папярочны профіль, дно месцамі плоскае, падзеленае парогамі на асобныя дэпрэсіі. Макс. глыб. 7507 м.

т. 11, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЗЯРЫ́ШЧА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Обаль, за 42 км на Пн ад г. Гарадок. Уваходзіць у арніталагічны заказнік Езярышчанскі. Пл. 15,39 км², даўж. каля 8,9 км, найб. шыр. 3,2 км, найб. глыб. 11,5 м, даўж. берагавой лініі 32,8 км. Пл. вадазбору 264 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м; месцамі да 25 м, пераважна разараныя, часткова пад пашай і сенажаццю. Берагі пясчаныя, паўн. і паўн.-зах. месцамі абразійныя. Дно няроўнае (шмат упадзін і меляў), да глыб. 4—6 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. 20 астравоў агульнай пл. 0,67 км². Шыр. паласы надводнай расліннасці да 120 м. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 2—2,5 м. Упадаюць 8 ручаёў, рэкі Агнеш і Дубоўка, выцякае р. Обаль. Гняздуецца больш за 60 відаў птушак.

Возера Езярышча.

т. 6, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІФО́РНІЯ (Califomia),

паўвостраў на З Паўн. Амерыкі, у Мексіцы. Абмываецца Ціхім ак. на З і яго Каліфарнійскім залівам на У. Даўж. 1200 км, шыр. 50—250 км. Пл. 144 тыс. км². Берагі абрывістыя, асабліва на У, на З — месцамі лагуннага тыпу. На Пд шмат прыбярэжных астравоў і бухтаў. На У адасобленыя вулканічныя і крышт. масівы, пераважныя выш. 500—1500 м, найб. 3078 м (г. Ла-Энкантада). На З — ступеньчатыя пласкагор’і выш. 1000—1500 м, прыморскія нізіны і кароткі хр. Сьера-Віскайна. Клімат субтрапічны на Пн і трапічны на Пд. Ападкаў менш за 250 мм за год на ўсёй тэрыторыі. На ўзбярэжжы частыя туманы. Расліннасць пустынная і паўпустынная (хмызняк, кактусы, агавы, юкі), у гарах месцамі лясы. Нац. парк Сьера-дэ-Сан-Педра-Мартыр. Арашальнае земляробства і пладаводства. Пашавая жывёлагадоўля. Рыбалоўства.

т. 7, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́К, Пялік,

возера ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Бярэзіна (цячэ праз возера), за 30 км на Пн ад г. Барысаў. Пл. 7,68 км², даўж. 6,2 км, найб. шыр. 3 км, найб. глыб. 2,1 м. Пл. вадазбору 2760 км². У межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Схілы катлавіны выш. 7—8 м, спадзістыя, пясчаныя, параслі лесам. Берагі нізкія, забалочаныя, тарфяністыя, месцамі пясчаныя, пад хмызняком. На Пд вузкі доўгі заліў. Дно плоскае, сапрапелістае, месцамі ўздоўж берагоў вузкая пясчаная паласа. Мінералізацыя вады 115—120 мг/л, празрыстасць каля 2 м. Эўтрофнае. Моцна зарастае, паласа расліннасці 500 м. Упадаюць рэкі Лютка, Смольніца, Бурчак. У Вял. Айч. вайну ў ваколіцах П. базіраваліся партыз. брыгады «Дзядзькі Колі», «Стары», імя Кірава, імя Панамарэнкі, дзейнічаў Барысаўскі падп. міжраённы к-т КП(б)Б.

Возера Палік.

т. 11, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́У,

паўвостраў на Пд Індакітая, паміж Паўднёва-Кітайскім м. і Сіямскім зал., на ПдЗ ад дэльты р. Меконг. Тэр. В’етнама. Выступае ў мора на 180—200 км. Балоты, часткова асушаныя. Акультураная поймавая расліннасць. Месцамі на берагах мангравыя лясы. Рысаводства.

т. 7, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ф’Е́ЛЬДЫ (нарв. fiell),

платопадобныя вяршынныя паверхні асобных горных масіваў у Скандынавіі. Уяўляюць сабой прыўзнятыя ўчасткі стараж. пенепленаў, эрадзіраваныя плейстацэнавымі ледавікамі, укрытыя плямамі тундравай расліннасці. Месцамі над Ф. ўздымаюцца шапкі сучасных ледавікоў, вострыя пікі. У паніжэннях — шматлікія азёры і балоты.

т. 16, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАНО́ЦКІ ЗАЛІ́Ў,

заліў Ціхага ак. каля ўсх. берага п-ва Камчатка, паміж п-вамі Шыпунскім і Краноцкім. Даўж. 68,5 км, шыр. каля ўвахода 231 км, глыб. да 1500 м. Берагі нізінныя, месцамі абрывістыя. Прылівы мяшаныя (да 2 м). Зімой замярзае.

т. 8, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́Я,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 18 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 1,54 км², даўж. 2,8 км, найб. шыр. 820 м, найб. глыб. 3,6 м, даўж. берагавой лініі 8,1 км, пл. вадазбору 787 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы выш. 5—8 м, на ПдУ і месцамі на Пд да 10—14 м, пясчаныя, пад лесам, на Пн разараныя. Участкамі на выш. 1—3 м абразійны ўступ. Пойма шыр. 10—20 м забалочаная, пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя, сплавінныя, утвараюць некалькі заліваў і паўастравоў. Дно выслана сапрапелем, у прыбярэжнай зоне пясчанае. Прыбярэжная паласа надводнай расліннасці шыр. 8—50 м, пашырана да глыб. 0,7 м; падводная расліннасць развіта да глыб. 2 м. Упадаюць 4 ручаі, злучана пратокамі з азёрамі Гомель і Туроўля. Уваходзіць у зону адпачынку Азёрная.

т. 15, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)