МІКРА... (ад грэч. mikros малы), 1) дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў дольных адзінак, роўных 10−6 зыходным адзінкам. Пазначаецца мк. Напр., 1 мкг (мікраграм) = 10−6г, 1 мкКл (мікракулон) = 10−6Кл.
2) Першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на малы памер чаго-небудзь (напр., мікраарганізм, мікрасхема), а таксама слоў, звязаных з вывучэннем або вымярэннем малых велічынь (напр., мікраскоп, мікрабіялогія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАЦЕ́ННІКІ (Limosa),
род птушак падатр. кулікоў атр. сеўцападобных. 4 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на балотах, поймавых лугах, гразкіх травяністых берагах азёр. На Беларусі 2 віды: вераценнік вялікі (Limosa limosa) і вераценнік малы (Limosa lapponica). Вераценнік вялікі (нар. назвы грыцук, грута, грыца, нецяг) шматлікі на Палессі, звычайны ў цэнтр. частцы, рэдкі на ПнУ. Вераценнік малы — рэдкая птушка, трапляецца на веснавым і асеннім пралётах.
Даўж. цела да 45 см, маса да 350 г. Афарбоўка апярэння рыжая. Дзюба доўгая, прамая або ледзь загнутая ўгару, ногі доўгія. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, дробнымі малюскамі, жукамі, зрэдку насеннем. Гняздо — неглыбокая ямка на купіне сярод травы, крыху высланая сухой травой. Аб’екты палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛХА́НВялікі і Малы,
хрыбты на З Туркменістана. Вялікі Балхан даўж. каля 70 км. Выш. да 1880 м (г. Арлан). Складзены пераважна з вапнякоў і пясчанікаў юры і мелу. Моцна расчлянёны, стромкі, цэнтр.ч. з плоскімі вяршынямі. Ландшафты пустынныя, паўпустынныя, горнастэпавыя. Малы Балхан — адасобленая сухім рэчышчам Узбой горная града на Пд ад Вялікага. Даўж. каля 30 км. Выш. да 777 м. Складзены з вапнякоў і мергеляў. Стромка абрываецца на Пн і спадзіста апускаецца на Пд. Схілы расчлянёныя ярамі і рэчышчамі часовых рэк. Палыновая і палынова-салянкавая пустыня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАБА́Н (магчыма, цюрк.),
ударны мембранны музычны інструмент. Мае полы цыліндрычны драўляны (радзей металічны) корпус-рэзанатар, 2 скураныя мембраны (адносная вышыня гуку рэгулюецца іх нацяжэннем), па якіх удараюць драўлянай калатушкай з мяккім наканечнікам, палкай або рукамі. У старажытнасці барабан выкарыстоўваўся як сігнальны інструмент, пазней — для суправаджэння рытуальных танцаў, ваен. шэсцяў, у рэліг. абрадах. Вядомы барабаны розных формаў і памераў, а таксама бронзавыя, драўляныя (без мембран). У сучасным аркестры выкарыстоўваюць т.зв. вялікі і малы (ваенны) барабаны, цяпер вядучы інструмент рытмічнай групы джаза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБРЫЭ́ЛЬ ((Gabriel) Жак Анж) (23.10.1698, Парыж — 4.1.1782),
французскі архітэктар. Прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў свайго бацькі арх. Жака V Габрыэля і ў Акадэміі архітэктуры (з 1718) у Парыжы. З 1742 першы архітэктар караля і прэзідэнт Акадэміі архітэктуры. Яго работы рацыянальныя па планіроўцы, выразныя і дакладныя па форме, вытанчаныя па аздобе: Оперны т-р (1748—70), Малы Трыянон (1762—64) і інш. ў Версалі, Ваен. школа (1751—75) у Парыжы. Аўтар планіроўкі і забудовы пл. Людовіка XV (цяпер пл. Згоды; 1755—63) у Парыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУЙКІ́ (Charadrius),
род птушак сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. 23 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць З. жыве паблізу вадаёмаў, некаторыя — у пустынях і камяністых стэпах. Найб. вядомыя З.: гальштучнік, або зуёк вялікі; малы (Ch. dubius); мангольскі (Ch. mongolus); марскі (Ch. alexandrinus); таўстадзюбы (Ch. leschenaultii). На Беларусі 2 віды З.: гальштучнік, занесены ў Чырв. кнігу, і малы.
Даўж. цела 15—25 см, маса 30—90 г. Галава вял., дзюба прамая, кароткая, слабая, ногі тонкія, крылы доўгія. Верх цела шаравата-пясочны, брушка белае. Гняздо — невял. ямка ў пяску. Нясуць 2—4 яйцы. Кормяцца насякомымі, іх лічынкамі і інш. беспазваночнымі.