ПАШКЕ́ВІЧ (Валянціна Мікалаеўна) (н. 5.2.1916, г. Казельск Калужскай вобл., Расія),
бел. педагог і лексікограф. Вучылася ў Віленскім ун-це (1935—39). У 1942 вывезена на работы ў Германію, з 1946 у бел.лагеры для перамешчаных асоб у Ватэнштэце каля Браўншвайга. З 1949 у Таронта (Канада). Займалася выкладчыцкай працай. Склала «Першую чытанку пасля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў» (Кліўленд, 1968). Аўтар падручніка «Беларуская мова» (т. 1—2, Таронта, 1974—78) — адзінага сістэматычнага і найб. поўнага курса бел. мовы для навуч. мэт па-за межамі Беларусі. У дадатку да падручніка змешчаны бел.-англ. і англа-бел. слоўнікі (кожны да 9 тыс. лексічных адзінак). Падрыхтавала вял. (каля 50 тыс. слоў) «Ангельска-беларускі слоўнік». Апублікавала арт. «Навучаньне беларускае мовы ў англамоўным асяроддзі» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАСУДО́ВЫЯ О́РГАНЫ,
дзяржаўныя органы ў СССР, надзеленыя ў неканстытуцыйным парадку правам ажыццяўлення рэпрэсіўных мер без прытрымлівання крымінальна-працэсуальных норм. 21.2.1918 СНК РСФСР даў Усерас. надзвычайнай камісіі (ВЧК) і яе органам права пазасудовага разгляду спраў за контррэв., службовыя і інш. агульнакрымінальныя злачынствы з вызначэннем меры пакарання аж да расстрэлу на месцы злачынства, 5.9.1918 — права знявольваць «класавых ворагаў» у месцы пазбаўлення волі, а асоб, якія ўдзельнічалі ў белагвардзейскіх арг-цыях, змовах і мяцяжах, — расстрэльваць. Пасля ліквідацыі ВЧК і ўтварэння 6.2 1922 Дзярж.паліт. ўпраўлення (ДПУ) пры НКУС РСФСР (гл.Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР) органы ДПУ былі пазбаўлены права пазасудовага разгляду спраў. Але 16.10.1922 паводле пастановы ВЦВК РСФСР ім зноў дадзена права «пазасудовай расправы аж да расстрэлу ў адносінах да ўсіх асоб, злоўленых з доказамі на месцы злачынства пры бандыцкіх налётах і ўзброеных грабяжах». Асобай камісіі НКУС па высылках дазвалялася высылаць і знявольваць у лагеры прымусовых работ дзеячаў антысав. паліт. партый і рэцыдывістаў. 28.3.1924 у сувязі са стварэннем Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ) ЦВКСССР усклаў на Асобую нараду пры АДПУ вынясенне пастаноў пра адм. высылкі, ссылкі і зняволенні ў канцэнтрацыйны лагер. Адначасова ажыццяўляла пазасудовую дзейнасць і калегія АДПУ. Цыркулярамі АДПУ ад 29.10.1929 і 8.4.1931 у цэнтр. апараце створаны «тройкі» для папярэдняга разгляду закончаных следчых спраў і наступнага іх дакладу на суд. пасяджэннях калегіі ці Асобай нарады. 3.2.1930 Прэзідыум ЦВКСССР даў АДПУ права на час правядзення кампаніі па «ліквідацыі кулацтва» перадаваць свае паўнамоцтвы па пазасудовым разглядзе спраў паўнамоцным прадстаўнікам (ПП) АДПУ у рэспубліках, краях і абласцях. 10.7.1934 АДПУ скасавана і ўтворана НКУССССР. Пры наркоме ўнутр. спраў створана Асобая нарада, якой давалася права выносіць прыгаворы пра зняволенне ў папраўча-працоўныя лагеры, ссылцы і высылцы да 5 гадоў ці высылцы па-за межы СССР асоб, якія «прызнаваліся грамадска небяспечнымі». У наступныя гады паўнамоцтвы Асобай нарады значна пашыраны. Паводле рашэння Дзярж.к-та абароны ад 17.11.1941 ёй дадзена права па справах «аб контррэвалюцыйных злачынствах і асабліва небяспечных дзеяннях супраць парадку кіравання СССР» вызначаць меру пакарання аж да расстрэлу. Асобая нарада існавала і пры МУССССР. 27.5.1935 загадам НКУССССР у НКУС рэспублік, упраўленнях НКУС па краях і абласцях арганізаваны «тройкі» НКУС, на якія пашыраліся правы Асобай нарады. «Тройкі» прымалі рашэнні пра высылку, ссылку ці зняволенне ў лагеры на тэрмін да 5 гадоў. У сувязі з правядзеннем масавых аперацый у адносінах да «былых кулакоў, членаў антысавецкіх партый, белагвардзейцаў, жандараў і чыноўнікаў царскай Расіі, бандытаў, рээмігрантаў, удзельнікаў антысавецкіх арганізацый, царкоўнікаў і сектантаў, крымінальнікаў-рэцыдывістаў» загадам НКУССССР ад 30.7.1937 створаны рэсп., краявыя і абл. «тройкі» для разгляду спраў на названых асоб, якія па мерах пакарання разбіваліся на 2 катэгорыі: да 1-й адносіліся тыя, хто падлягаў расстрэлу, да 2-й — тыя, хто падлягаў зняволенню ў лагеры або турме на тэрмін ад 8 да 10 гадоў. У пасяджэннях Асобай нарады і «троек» прадугледжваўся абавязковы ўдзел пракурора. У адпаведнасці з загадамі НКУС ад 11.8 і 20.9.1937 спісы асоб, якія падлягалі рэпрэсіям палітычным, разглядаліся таксама «двойкамі» — наркомамі ўнутр. спраў рэспублік і начальнікамі УНКУС сумесна з адпаведнымі пракурорамі. Адначасова існаваў парадак разгляду спраў без выкліку абвінавачваемага і сведкаў у суд т.зв. «вышэйшай двойкай» у складзе Старшыні Вярх. суда і Пракурора СССР. Пастановы гэтага органа пры наяўнасці падстаў маглі адмяняцца і пераглядацца пленумам Вярх. суда СССР. З мэтай выканання пастановы СНКСССР і ЦКВКП(б) ад 17.11.1938 «Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзенні следства» 26.11.1938 загадам НКУССССР «тройкі» і «двойкі» пры НКУС скасаваны. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 1.9.1953 скасавана Асобая нарада пры МУС. У адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 16.1.1989 «Аб дадатковых мерах па аднаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, што мелі месца ў перыяд 30—40-х і пачатку 50-х гадоў», зацверджаным Вярх. Саветам СССР 31.7.1989, усе грамадзяне, за выключэннем здраднікаў Радзімы і карнікаў перыяду Вял.Айч. вайны, нацысцкіх злачынцаў, удзельнікаў бандфарміраванняў і іх памагатых, фальсіфікатараў крымінальных спраў, якія прыцягваліся да крымінальнай адказнасці П.о., былі рэабілітаваны, а згаданыя вышэй П.о. названы антыканстытуцыйнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́ВІЧ (Ян) (Іван) Станіслававіч (парт.псеўд.Борскі, Сымон, Казік; 15.6.1902, в. Параф’янава Докшыцкага р-на Віцебскай вобласці — 8.1.1943),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1922—25). Чл. Кампартыі Чэхаславакіі з 1923, чл.КПЗБ з 1926. З 1926 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. Кааптаваны ў ЦККПЗБ, яго прадстаўнік пры ЦКБеларускай сялянска-работніцкай грамады і палітрэдактар газет БСРГ «Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа» і інш.Канд. у чл.ЦК Кампартыі Польшчы. 23.12.1928 арыштаваны, прыгавораны да 15 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі з вер. 1932 у СССР. Працаваў у Камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АНБССР. У 1933 беспадстаўна рэпрэсіраваны. Памёр у Северадзвінскім лагеры (Архангельская вобл.). Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЦКІ САЮ́З ВАЕННАПАЛО́ННЫХ (БСВ),
падпольная антыфаш. арганізацыя сав. ваеннапалонных у фаш. Германіі ў гады 2-й сусв. вайны. Узнік у сак. 1943 у лагерысав. ваеннапалонных афіцэраў у Мюнхен-Перлаху (раён Мюнхена). Арганізатары — удзельнікі абароны Севастопаля. Штаб БСВ наладзіў сувязь з вязнямі інш. канцлагераў, ваеннапалоннымі і вывезенымі ў Германію людзьмі. Камітэты і ячэйкі БСВ былі ў большасці лагераў ваеннапалонных і больш як у 20 лагерах «усходніх рабочых». Гал. мэта БСВ — арганізацыя паўстання ў лагерах ваеннапалонных вакол Мюнхена, захоп горада і разгортванне ўзбр. паўстанцкай барацьбы. Летам 1943 БСВ наладзіў супрацоўніцтва з падпольным антыфаш. ням.нар. фронтам Паўд. Германіі. У канцы 1943 гестапа натраціла на след абедзвюх арг-цый. Усе кіраўнікі і шмат радавых членаў БСВ былі схоплены і закатаваны фашыстамі. 4 вер. 1944 у канцлагеры Дахаў расстраляны 93 сав. афіцэры — удзельнікі БСВ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛО́БІНСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1989 у г. Жлобін Гомельскай вобл., адкрыты ў 1992. Пл. экспазіцыі 243 м², каля 6 тыс. экспанатаў асн. фонду (1997). Сярод прадметаў даўніны бівень і косці маманта, неалітычныя крамянёвыя прылады працы, керамічныя вырабы, знойдзеныя на тэр. раёна, макет паселішча 15 ст., прылады працы і прадметы побыту 17—19 ст., дыярамы пра буд-ва Лібава-Роменскай чыгункі (1873), рэв. выступленні чыгуначнікаў (1905) і інш.
Вял. экспазіцыя прысвечана падзеям часоў Вял.Айч. вайны: абарончым баям Чырв. Арміі, дзейнасці Жлобінскага патрыятычнага падполля, партыз. руху ў раёне, матэрыялам пра Азарыцкія лагеры смерці, вызваленню Жлобіншчыны ад ням.-фаш. захопнікаў; захоўваюцца асабістыя рэчы славутых землякоў. Экспанаты знаёмяць з развіццём у пасляваенны час асветы, навукі, культуры і спорту, гаспадаркі, прадпрыемстваў у горадзе і раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВЕНСБРУ́К (Ravensbrück),
нацысцкі канцэнтрацыйны лагер у Германіі ў 2-ю сусв. вайну. Існаваў у 1939—45 каля г. Фюрстэнберг (цяпер тэр.б. лагера ў межах горада). Напачатку прызначаўся для зняволення ням. жанчын-антыфашыстак, з 1940 міжнар. жаночы канцлагер, у 1941 побач пабудаваны канцлагер для мужчын. Тут адначасова знаходзілася да 35 тыс. вязняў. Іх праца эксплуатавалася на патрэбы ваен. з-даў Сіменса і спец. прадпрыемстваў СС. У 1942—44 нацысты праводзілі над вязнямі злачынныя мед. эксперыменты. У лагеры дзейнічалі антыфаш. групы Супраціўлення. Усяго праз лагер прайшло 132—135 тыс. жанчын і дзяцей 23 нацыянальнасцей; знішчана 92—93 тыс. жанчын і дзяцей, 1617 мужчын. Ацалелыя 23—40 тыс. вязняў вызвалены сав. войскамі 30.4—1.5.1945. У 1959 на тэр.б. лагера створаны мемарыяльны музей і ўстаноўлены манумент ахвярам нацысцкага тэрору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАВЕ́ЦКІЯ АСТРАВЫ́,
група астравоў у Белым м., пры ўваходзе ў Анежскую губу, у Архангельскай вобл. Расіі. Пл. 347 км². Складзены з 6 а-воў: Салавецкі, Анзерскі, Вял. і Мал. Муксалма, Вял. і Мал. Заяцкія. Берагавыя лініі моцна зрэзаныя. Складзены з гранітаў, гнейсаў. Рэльеф узгорысты, выш. да 107 м (г. Галгофа на в-ве Анзерскі). Каля 500 азёр, частка якіх злучана каналамі. Хваёвыя лясы, часткова забалочаныя. На Салавецкім в-ве размешчаны ансамбль Салавецкага манастыра (засн. ў 15 ст.). Каля яго, а таксама на інш. астравах размешчаны былыя скіты, культавыя, жылыя і гасп. пабудовы 16—19 ст. У 1923—39 на С.а. размяшчаліся Салавецкія лагеры асобага прызначэння (у 1937 перайменаваны ў Салавецкую турму асобага прызначэння). Гіст.-культ. і прыродны ансамбль С.а. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЗІ́ЛА Іосіф, ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст 17 ст. Быў мазырскім харунжым, каралеўскім палкоўнікам і інш. З 1607 знаходзіўся ў лагеры Лжэдзмітрыя II. У 1611—12 удзельнічаў у баявых аперацыях па захопе і ўтрыманні Масквы (адзін з гал. военачальнікаў польск.-літ. гарнізона ў горадзе). Пасля здачы Масквы рус. ваяводу Дз.Пажарскаму сасланы ў Ніжні Ноўгарад, зняволены ў турму (1612—19). Яго дзённік «Гісторыя Дзмітрыя фальшывага» — важная дакумент. крыніца для вывучэння т.зв. смутнага часу. Як літ. помнік вылучаецца вобразнасцю мовы, дынамізмам у апісанні гіст. падзей, яркімі аўтарскімі ацэнкамі, багаццем інфарм. матэрыялу.
Тв.:
Дневник событий, относящийся к Смутному времени (1603—1613 гг.), известный под именем истории ложного Димитрия // Русская историческая библиотека. Т. 1. Памятники, относящиеся к Смутному времени. Т. 1. СПб., 1872.
Літ.:
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977. С. 211—212.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЕ́ЦКІ УНІВЕРСА́Л,
заканадаўчы акт, падпісаны Т.Касцюшкам 7.5.1794 у лагеры каля мяст. Паланец пад Сандамірам у час паўстання 1794. Складзены пры ўдзеле Г.Калантая. Быў 1-й спробай усебаковага рэфармавання становішча сялян у Рэчы Паспалітай, меў на мэце прыцягнуць іх да ўдзелу ў паўстанні. Абвясціў аб прадастаўленні сялянам асабістай свабоды пры ўмове іх разліку з землеўладальнікам, скарачэнні паншчыны на 33—50% у часе паўстання і яе адмене для сялян, якія далучыліся да паўстання, прызнаў права сялян на зямлю, якую яны апрацоўвалі, і забараніў іх згон. У якасці кампенсацыі землеўласнікам за змяншэнне паншчыны П.у. прадугледжваў заключэнне з сялянамі дагавораў аб наёмнай працы (фактычна прымусовай). Быў устаноўлены ін-т дазорцаў, якія павінны былі разглядаць спрэчкі паміж сялянамі і землеўласнікамі. Рэалізацыя універсала сустрэла процідзеянне шляхты. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) рэформы, прадугледжаныя П.у., скасаваны новымі дзярж. ўладамі.