ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў г. Мазыр і Мазырскім р-не Гомельскай вобл.Засн. ў 1986 з мэтай захавання, рэкрэацыйнага выкарыстання і павышэння ўстойлівасці лагчынна-яравых утварэнняў. Пл. 1141,5 га.
Размешчаны на ўзвышанай і расчлянёнай ч. Мазырскай грады на выш. 150—200 м. Шчыльнасць яроў да 30 шт/км². Града складзена з пяскоў, пясчана-гравійнага матэрыялу, марэнных супескаў і суглінкаў. Лясы бярозавыя, хваёвыя, дубовыя, чорнаальховыя, грабавыя і кляновыя; ёсць бук і піхта. У флоры больш за 500 відаў сасудзістых раслін, у т. л. занесеных у Чырв. кнігу: венерын чаравічак сапраўдны, гусіная цыбуля пакрывальцавая, званочак сібірскі, клапагон еўрапейскі, кураслеп лясны, лілея кучаравая, мнаганожка звычайная. Шмат гаспадарча-карысных раслін, у т. л. ажына, барбарыс, маліна, каліна, шыпшына і інш.; у арнітафауне шмат драпежных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААЧЫШЧЭ́ННЕ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ,
здольнасць прыроднага асяроддзя раскладаць, уключаць у біятычны кругаварот, засвойваць (асіміляваць) або пераводзіць у індыферэнтны стан забруджвальныя антрапагенныя выкіды, што трапляюць у яго. Уключае працэсы пераносу рэчываў з аднаго асяроддзя ў другое (атм. ападкамі, паветр. плынямі, вадасцёкамі), фільтрацыю вадкіх рэчываў праз глебу і інш. Пры ўключэнні ў біял. кругаварот асн. ролю адыгрываюць сапратрофныя арганізмы (бактэрыі, грыбы, прасцейшыя), шматклетачныя жывёлы-фільтранты; прадуцэнты (зялёныя расліны і хемасінтэзуючыя мікраарганізмы), кансументы (жывёлы). Інтэнсіўнасць С.н.а. залежыць ад буфернай ёмістасці экасістэм, колькасці ультрафіялетавай радыяцыі, сумы актыўных т-р асяроддзя, наяўнасці акісляльнікаў і інш. Буфернасць экасістэм і біясферы ў цэлым значна зменшылася з прычыны вял. намнажэння ў навакольным асяроддзі ксенабіётыкаў (пестыцыдаў, цяжкіх металаў, дэтэргентаў, фенолаў, пластмас і інш.), многія з якіх не ўтылізуюцца натуральным шляхам і негатыўна ўплываюць на арганізмы-дэтаксікатары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПО́ЦКІНСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Гродзенскім р-не. Засн. ў 1978 для аховы прыродных запасаў лек. раслін, ландшафтных і фларыстычных комплексаў з рэдкімі і знікаючымі відамі. Пл. 12,6 тыс.га. Займае лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі імшыстыя, верасовыя, арляковыя, бруснічныя, чарнічныя і інш. Трапляюцца ельнікі, бярэзнікі, чорнаалешнікі. Выдзелены рэдкія ландшафтныя прыродныя комплексы: участак стужачных ліпнякоў, поймавых дуброў і грабнякоў, хвойніку на карэнным беразе р. Нёман і інш.Лек. расліны: талакнянка, брусніцы, ядловец, цмен пясчаны, ландыш майскі і інш. Купальнік горны, баранец звычайны, сон лугавы, мнаганожка звычайная, лопух дуброўны, сіела прамая, кастрэц Бенякена, кураслеп лясны занесены ў Чырв. кнігу. З прадстаўнікоў фауны, занесеных ў Чырв. кнігу, барсук, бугай вялікі, бусел чорны, аляпка, варакушка, махаон, стужка ордэнская блакітная, чмель шрэнка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́Я ПАЖА́РЫ (Узнікаюць па віне насельніцтва) (да 90%),
у выніку с.-г. і лесагасп. работ, забруджвання лесу, самаўзгарання торфу, ад маланак і інш. Асабліва схільныя да Л.п. хвойныя насаджэнні. Адрозніваюць Л.п. нізавыя (найчасцейшыя), верхавыя, падземныя (тарфяныя); нізавыя і верхавыя бываюць беглыя і ўстойлівыя, тарфяныя — устойлівыя. Прычыняюць вял. страты нар. гаспадарцы; разбураюць або аслабляюць лясныя біяцэнозы, спыняюць аднаўленне лесу, садзейнічаюць забалочванню, глебавай эрозіі, пашырэнню шкодных насякомых, дрэваразбуральных грыбоў; пагаршаюць уласцівасці глебы, склад, ахоўныя, сан.-гігіенічныя, рэкрэацыйныя функцыі лясоў. Для прадухілення Л.п. лес ачышчаюць, ствараюць проціпажарныя лясныя палосы і разрывы, праводзяць проціпажарную прапаганду. На Беларусі ў 1990-я г. рэгістравалася ад 0,9 да 8,1 тыс. Л.п. за год на пл. ад 0,3 да 26 тыс.га.
Літ.:
Чулюков В.И., Чайков М.А. Торфяные пожары и меры борьбы с ними., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАСТАЎСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1978 з мэтай аховы прыродных запасаў лек. раслін і арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі лек. сыравіны. Пл. 6857 га.
Большая ч. заказніка — забалочаны лясны масіў; уздоўж воз. Белае пясчаныя і супясчаныя бугры і грады. Лясы займаюць 82% (пераважаюць хвойнікі). Хваёвыя бары на вяршынях бугроў, па схілах — з дамешкамі асіны, дуба, вольхі. Бярэзнікі (24%) і чорнаалешнікі (19%) з дамешкамі асіны, дуба, граба, ясеня. Дубровы (1,4%) з відамі раслін, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі: венерын чаравічак сапраўдны, смярдзюх звычайны, зубніца клубняносная, касач сібірскі, лілея кучаравая, пылкагалоўнік чырвоны. З лек. раслін распаўсюджаны буквіца, валяр’ян, жывакост і купена лекавыя, багун, лотаць, шабельнік і ўвярэднік балотныя, святаяннікі плямісты і прадзіраўлены, ландыш майскі, талакнянка, крушына ломкая і інш.; чарнічнікі займаюць 19% тэр., журавіннікі — 3%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РТЭЛЬ (Мікалай Аляксандравіч) (н. 5.5.1937, в. Галяшы Расонскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне генетыкі. Акад.Нац.АН Беларусі (1996; чл.-кар. 1986), д-рбіял.н. (1984), праф. (1991). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1959). З 1967 у Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі (у 1978—94 нам. дырэктара, з 1985 адначасова заг. лабараторыі, з 1994 дырэктар). Навук. працы па малекулярнай генетыцы і генет. трансфармацыі раслін, пытаннях селекцыі і генетыкі драўняных раслін, радыяцыйным мутагенезе с.-г. раслін, праблемах генет. і клетачнай інжынерыі вышэйшых раслін. Распрацаваў метад генет. трансфармацыі, стварыў трансгенныя расліны бульбы, распрацаваў малекулярна-генет. карту жыта, атрымаў новыя даныя пра ролю паўтораў ДНК у структурна-функцыян. арганізацыі генома раслін, падрыхтаваў тлумачальны слоўнік па генетыцы.
Тв.:
Биоинженерия: методы и возможности. Мн., 1989;
Фитогормоны и фитопатогенность бактерий. Мн., 1994 (разам з А.У.Лабанок, В.У.Фамічовай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКРЭА́ЦЫЯ (польск. rekreacja адпачынак ад лац. recreatio аднаўленне),
дзейнасць чалавека ў вольны час, накіраваная на аднаўленне і ўмацаванне здароўя, фіз. і духоўных сіл, працаздольнасці.
Рэкрэацыйныя патрабаванні чалавека залежаць ад узроўню развіцця прадукц. сіл і характару вытв. адносін, а таксама ад узросту, прафесіі і інш. Рост аўтаматызацыі працы ў спалучэнні з урбанізацыяй у эпоху навукова-тэхн. рэвалюцыі вядуць да скарачэння фіз. нагрузак і рухальнай актыўнасці, росту псіхаэмацыянальнага напружання і стомленасці чалавека. Пасіўны адпачынак не забяспечвае поўнага аднаўлення працаздольнасці, патрабуецца актыўнае развіццё рэкрэацыйных заняткаў. Жыццядзейнасць людзей абумоўлівае неабходнасць узаемазвязанага рэкрэацыйнага асяроддзя: бліжэйшае наваколле — двор, азялененыя пляцоўкі, паркі і скверы; таксама загарадныя рэкрэацыйныя тэр.; для працяглага адпачынку — спецыялізаваныя курортна-турысцкія раёны і цэнтры.
Пры праектаванні рэкрэацыйных тэрыторый прадугледжваюцца прыродаахоўныя мерапрыемствы і іх рэкрэацыйная ёмістасць. На Беларусі 319 устаноў адпачынку, санаторнага лячэння і турызму на 47 тыс. месцаў; для Р. — каля 2 млн.гатэр. (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНЕ́Ц,
біялагічны заказнік на Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл.Засн. ў 1996. Пл. 10 460 га. Створаны з мэтай захавання эталонных участкаў балотна-лугавых і лясных угоддзяў, стабілізацыі гідралагічнага рэжыму Дняпроўска-Бугскага балотна-карбанатна-саланчаковага комплексу. Расліннасць з бярозавага драбналесся з невял. лугамі; трыснягова-асакова-гіпнавае балота з бярозай пушыстай, вярбой попельнай і размарыналістай. На пагорках дрэвастоі з дуба, асіны, вольхі чорнай, граба, клёна, ліпы, ясеня, а таксама кустовыя віды: арэшнік, брызгліна бародаўчатая, жасцёр слабільны, каліна, крушына ломкая, свідзіна і інш. Фауна прадстаўлена млекакормячымі: андатра, бабёр, барсук, воўк, выдра, заяц-русак, дзік, казуля. ліс, лось, норка амер. сабака янотападобны, арнітафауна — відамі адкрытых прастораў, ляснымі, каляводнымі, балотнымі, сінантропнымі: крыжанкі, кулікі, луні лугавыя і камышовыя, пастушковыя, цецерукі, чыркі; з паўзуноў — чарапаха балотная; у энтамакомплексе 40 відаў матылёў. Занесеныя ў Чырв. кнігу: расліны — венерын чаравічак, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны, жывёлы — аўсянка садовая, варакушка, журавель шэры, кулон вялікі, пустальга звычайная, сава балотная, саракуш шэры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРНА-ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ АНСА́МБЛЬ БЕЛАРУ́СКАГА ТЭЛЕБА́ЧАННЯ І РА́ДЫЁ Створаны ў 1932 як секстэт домраў з артыстаў аркестра рус.нар. інструментаў Бел. радыёкамітэта. У рэпертуары творы рус. і зах.-еўрап. класікі, апрацоўкі фальклору народаў б.СССР. У 1935 удзельнічаў у першых запісах бел. музыкі на грампласцінкі (інстр. і вак. творы бел. кампазітараў, апрацоўкі бел.нар. песень у выкананні Л.Александроўскай, І.Балоціна, М.Дзянісава, Р.Млодак, В.Несцярэнкі, М.Пігулеўскага). Выступаў таксама з хорам Бел. радыё. У 1941—44 не працаваў. З 1971, пасля ўключэння ў ансамбль арфы, баяна, цымбалаў і ўдарных інструментаў, сучасная назва. Рэпертуар узбагачаецца за кошт пералажэнняў сусв. папулярнай музыкі розных кірункаў. Кіраўнікі: Г.Лабанок (з 1938), Г.Жыхараў (з 1946), Л.Смялкоўскі (з 1960), А.Халшчанкоў (1976—79), Я.Валасюк (1983—91), А.Арабей (з 1995). Сярод салістаў (1998): Г.Радзько, Т.Пячынская. В.Кучынскі, А.Золатава.
Літ.:
Жураўлёў Дз.М. Камерна-інструментальны ансамбль Беларускага тэлебачання і радыё. Мн., 1982.
Н.Я.Бунцэвіч.
Камерна-інструментальны ансамбль Беларускага тэлебачання і радыё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́Я РЭСУ́РСЫ,
запасы драўніны і інш. прадуктаў лесакарыстання ў сукупнасці з ахоўнымі і грамадска карыснымі якасцямі лясоў; адзін з найважнейшых відаў узнаўляльных прыродных рэсурсаў. Адрозніваюць Л.р. расліннага (драўняныя і недраўняныя) і жывёльнага (уваходзяць у паляўнічы дзяржаўны фонд) паходжання. Недраўняныя падзяляюцца на харч. (ядомыя грыбы, ягады, плады, травы, карані, прадукты ляснога пчалярства), кармавыя (галінкавы корм, трава, ігліца, жалуды і інш.), тэхнічныя (жывіца, таніны, арган. фарбавальнікі і інш.), лекавыя. Сусветны запас драўніны больш за 300 млрд.м³. На Беларусі агульны запас драўніны 1,1 млрд.м³, эксплуатацыйны 81,5 млн.м³, сярэднегадавы прырост 25 млн.м³ (1997); пл. грыбных угоддзяў 30—35% ад пл. дрэвастояў; рэсурсы ў розныя гады (тыс.т): грыбоў 55—70, журавін 6,5—31, брусніц 10,6—12, чарніц 48—64; у паляўнічых угоддзях 12,7 тыс. ласёў, 3,8 тыс. высакародных аленяў, 25,7 тыс. дзікоў, 40,5 тыс. казуль, 22,8 тыс. баброў, 2,9 тыс. выдраў, 300 глушцоў, 2,1 тыс. ваўкоў (1999).