ПАКРО́ЎСКІ (Фёдар Васілевіч) (1855, с. Падольскае Краснасельскага р-на Кастрамской вобл. — 13.8.1903),
бел. археолаг. Чл.-кар. Маскоўскага археал.т-ва (1893). Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1879). З 1879 выкладаў у Мінскім, з 1880 — у Віленскім духоўных вучылішчах. У 1884—1902 хавальнік Віленскага музея старажытнасцей, склаў апісанне яго фондаў. Праводзіў археал. даследаванні на тэр. Беларусі, паўд.-ўсх. Літвы і Кастрамской губ.
Склаў археал. карты Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губ. Прымаў удзел у падрыхтоўцы і правядзенні 9-га археал. з’езда (Вільня, 1893). Узнагароджаны вял. сярэбраным медалём Рус.археал.т-ва. Асн. творы: «Археалагічная карта Віленскай губерні» (1893), «Археалагічная карта Гродзенскай губерні» (1895), «Курганы на мяжы сучаснай Літвы і Беларусі» (1895), «Да даследавання басейна Віліі ў археалагічных адносінах» (1899).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫСЕ́НКА (Пётр Фёдаравіч) (н. 16.9.1931, в. Зарачаны Полацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. археолаг. Д-ргіст. н. (1988), праф. (1993). Брат А.Ф.Лысенка. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1953). З 1964 у Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі: навук. супрацоўнік, заг. сектара, з 1988 заг. аддзела сярэдневяковай археалогіі. Даследаваў курганы 11—12 ст., стараж. гарады Тураў, Брэст, Пінск, Слуцк, Давыд-Гарадок, Клецк, Рагачоў, Мазыр. Вывучае абарончыя ўмацаванні, планіроўку, забудову, рамёствы, гандаль, структуру гаспадаркі, культ. сувязі стараж. гарадоў Беларусі. Рэканструяваў даследаваныя часткі стараж. Турава, Брэста 13 ст., Пінска 15 ст. Вынікам шматгадовых доследаў у Брэсце стала стварэнне археал. музея «Бярэсце».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НІН (Анатоль Веньямінавіч) (н. 22.8.1916, г. Каменск-Шахцінскі Растоўскай вобл., Расія),
расійскі пісьменнік. У 1941 апублікаваў аповесць «Курганы», на аснове якой і аповесцей «На поўдні» (1944) і «Таварышы» (1945) створаны раман «Чырвоны сцяг» (1951). У раманах «Суровае поле» (1958), «Забароненая зона» (1962), «Грукаціце, званы!» (1966—67), «Цыган» (кн. 1—2, 1960—83; паводле аднайм. аповесці маст. фільм 1967), аповесцях «Рэха вайны» (1963), «Вяртання няма» (1971) тэмы барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі, пасляваен. жыцця вёскі, важныя пытанні сучаснасці. Аўтар паэт.зб. «Па крузе сумлення і абавязку» (1983), кніг пра М.Шолахава, зб-каў нарысаў, літ.крытычных артыкулаў. Дзярж. прэмія СССР 1973.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1982—83.
Літ.:
Карпова В. Анатолий Калинин. 2 изд. М., 1976;
Шишкина Н.А. От имени сердца: Размышления над страницами книг АВ.Калинина. Ростов н/Д, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛАГІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ,
стараж. прадметы, збудаванні, пахаванні, што захаваліся на зямной паверхні, пад зямлёй або пад вадой і з’яўляюцца аб’ектам археал. даследаванняў. Да археалагічных помнікаў адносяцца: выкапнёвыя прылады працы, зброя, упрыгожанні, паселішчы (стаянкі, селішчы, гарадзішчы), рэшткі жытлаў, гідратэхн. збудаванняў, майстэрні, горныя выпрацоўкі, пячоры, стараж. ўмацаваныя лініі (абарончыя валы, равы), дарогі, пабудовы на па́лях, малюнкі і надпісы, высечаныя на асобных камянях і скалах, стараж.арх. помнікі, пахаванні, надмагільныя і культавыя збудаванні (каменныя бабы, следавікі, ідалы, свяцілішчы і інш.). Археалагічныя помнікі — рэчавыя гіст. крыніцы, па якіх можна аднавіць мінулае чалавечага грамадства. На Беларусі выяўлена каля 900 стаянак каменнага і бронзавага вякоў, каля 1500 гарадзішчаў і селішчаў ранняга жал. веку і інш.
Да арт.Археалагічныя помнікі. Умацаванае паселішча бронзавага веку Дун Энгус. Астравы Аран, графства Голуэй, Ірландыя.Да арт.Археалагічныя помнікі. Гарадзішча Індура ў Гродзенскім р-не.Да арт.Археалагічныя помнікі. Курганы каля в. Высачаны Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ЛАВА,
вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. Раз’езд на чыг. лініі Маладзечна—Ліда. За 23 км на ПдЗ ад г. Маладзечна, 96 км ад Мінска, 7 км ад чыг. ст. Палачаны. 403 ж., 140 двароў (1996).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1443 як прыватнаўласніцкі маёнтак з касцёлам. У канцы 16 ст. ў Ашмянскім пав.ВКЛ. Належаў А.Фурсу, Астравухам, Гансеўскім, Коцелам, Свентаржыцкім, Ахматовічам. З 1793 у Рас. імперыі, у Вілейскім пав. У 1866 пабудавана Феадосьеўская царква, працавала школа. Побач з вёскай выяўлены гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і курганы 9—10 ст., раскопкі якіх у 1854 праводзіў А.Кіркор. У 1906—07 Гарадзілава наведваў Я.Купала. З 1921 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Маладзечанскага р-на. У 1970 — 225 ж., 51 двор.
Цэх па вырабе мясных прадуктаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Феадосьеўская царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎЛЯ́НЕ,
племянное аб’яднанне ўсх. славян у 8—10 ст., якое жыло на правабярэжжы Прыпяці ў міжрэччах Гарыні, Ужа, Цецерава, Дняпра. Назва паходзіць ад лясной мясцовасці. На У межавалі з палянамі, на З — валынянамі (па Случы) і бужанамі, на Пн з дрыгавічамі. Самыя стараж. помнікі Д. — курганныя могільнікі з трупаспаленнем, у канцы 10 ст. з’яўляюцца курганы з трупапалажэннем на гарызонце, у насыпе або ў яме галавой на З. Пахавальны інвентар: пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы, шкляныя і сердалікавыя пацеркі, жалезныя нажы і інш. Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, ганчарствам, ткацтвам, апрацоўкай жалеза. Жылі ў паўзямлянках. Гал. гарады: Уручый (Оўруч), Горадск; у Іскарасцені (Корасцень) жыў князь і старэйшыны з мясц. знаці. У 9—10 ст. мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Пры княгіні Вользе (сярэдзіна 10 ст.) землі Д. далучаны да Кіева і ператвораны ва ўдзельнае княства з цэнтрам у г. Уручый. Апошні раз упамінаюцца пад 1136.
Літ.:
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫ МУЗЕ́Йу Маскве,
цэнтральны дзярж. музей гісторыі Расіі ад стараж. часоў да сучаснасці, буйное сховішча помнікаў матэрыяльнай культуры народаў СССР. Засн. ў 1872 па ініцыятыве А.А.Зялёнага (кіраўнік музея ў 1872—80), А.С.Уварава (кіраўнік у 1881—84) і інш. Адкрыты ў 1883, меў 11 залаў, больш за 3 тыс. экспанатаў. У 1992 больш за 4 млн. экспанатаў. Мае калекцыі: археал. (каля 1 млн. адзінак), нумізматычную (каля 1,5 млн. адзінак), зброі, адзення, вырабаў з металу, шкла, керамікі, косці, дрэва; захоўвае сусв. вядомыя зборы рукапісаў, старадрукаў, стараж. жывапісу, графікі і картаграфіі. Ёсць экспанаты з Беларусі: матэрыялы археал. раскопак Е.Р.Раманава і братоў Я. і К.Тышкевічаў (працавалі на Віцебшчыне, Лагойшчыне, вывучалі курганы Палесся і Падняпроўя); скарб сярэбраных рэчаў 11—12 ст. з Полацка; калекцыя слуцкіх паясоў; збор бел. рукапісаў 16—17 ст. (Слуцкі і Баркулабаўскі летапісы, рукапісы Сімяона Полацкага), першадрукаваных кніг Ф.Скарыны (84 экз.), С.Буднага і інш., дакументы па гісторыі Беларусі 19 ст., у т. л. фонд віленскага губернатара Пахвіснева і інш.
Літ.:
Кириченко Е.И. Исторический музей. М., 1984;
Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЕ́НЕ,
ільменскія славяне, паўночныя ўсх.-слав. плямёны, якія ў 2-й пал. 1-га тыс.н.э. жылі ў басейне воз. Ільмень, у 10—13 ст. рассяляліся на Іжорскім плато, па р. Малога дасягалі Яраслаўскага Паволжа і Волга-Окскага міжрэчча. Займаліся земляробствам, паляваннем, рыбалоўствам, будавалі наземныя зрубныя дамы з печамі-каменкамі. Асн. тыпам іх пасяленняў былі селішчы. Першыя гарадзішчы ўзніклі ў 8 ст.Найб.стараж. помнікі С. — пахавальныя сопкі з абрадам трупаспалення. У 9—10 ст. побач з сопкамі пашыраны курганы з трупаспаленнем. З пач. 11 ст. пераважаў пахавальны абрад з трупапалажэннем. Наяўнасць у сопках фінскіх элементаў пахавальнага абраду адлюстроўвае працэс славянізацыі мясц. фіна-угорскіх плямён. Лічаць, што продкі С. рухаліся ў Прыільменне праз землі балтаў, у якіх запазычылі іх звычай рабіць курганныя насыпы над нябожчыкамі. Этнавызначальныя рысы С. — ромба- і авальнашчытковыя скроневыя кольцы 11—14 ст. (на Беларусі падобныя рэчы знойдзены каля Радашковіч і ў Чапліне). У 9 ст. С. і крывічы разам з фінскім племем весь утварылі паліт. саюз. Цэнтр С. — г. Ноўгарад. Землі С. сталі ядром уладанняў Наўгародскай феад. рэспублікі.
Літ.:
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСПО́РСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Баспор,
дзяржава ў Паўн. Прычарнамор’і ў 480 да нашай эры — канцы 4 ст. нашай эры. Сталіца — г.Пантыкапей (цяпер г.Керч). Займала Керчанскі і Таманскі п-авы, узбярэжжа Азоўскага і Чорнага мораў да сучаснага г. Новарасійск і ніжняга цячэння Дона; аб’ядноўвала грэч. гарады-калоніі Феадосію, Фанагорыю, Гаргіпію і інш. і стараж.мясц. плямёны. Б. ч. насельніцтва складалі свабодныя земляробы і рабы. Правілі Баспорскай дзяржавай дынастыі архантаў (цароў) Археанактыдаў (480—438 да нашай эры) і Спартакідаў (да 107 да нашай эры). З канца 2 ст. да нашай эры ўваходзіла ў Пантыйскае царства, з 1 ст. да нашай эры да 3 ст. нашай эры была васалам Стараж. Рыма. З сярэдзіны 3 ст. нашай эры ў эканам. і паліт. заняпадзе. Знішчана гунамі.
Археал. вывучэнне Баспора пачалося ў 19 ст. (П.Дзюбрукс, І.А.Стампкоўскі, А.Б.Ашык, Д.В.Карэйша, А.Е.Люцэнка, В.В.Шкорпіл і інш.), у 20 ст. даследаванні вялі В.Ф.Гайдукевіч, У.Д.Блавацкі, М.М.Кабыліна і інш. Выяўлены помнікі дойлідства (пахавальні з уступамі), Залаты, Царскі, Мелек-Чэсменскі курганы, зернясховішчы, рэшткі рыбазасольных і вінаробных ваннаў, ганчарныя і ювелірныя вырабы, манетныя скарбы, скляпы, размаляваныя ваеннымі, культавымі і бытавымі сцэнамі, партрэтныя скульптуры. Сусветна вядомыя маст. вырабы — залаты грэбень з кургана Солаха, сярэбраная ваза з Чартамлыцкага кургана, Кульобская ваза з электрону (сплаў золата і серабра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЖСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура ранняга сярэднявечча (5—7 ст.) на тэр. Еўропы, абмежаванай з У Дняпром, з З Эльбай, з Пд Дунаем, з Пн Прыпяццю. У самаст. культуру вылучана ў 1940-я г. чэшскім археолагам І.Баркоўскім пад назвай «кераміка пражскага тыпу». Помнікі П.к. належалі раннім славянам. Вядома больш за 600 яе паселішчаў і могільнікаў. Прадстаўлена пераважна неўмацаванымі селішчамі, часам гарадзішчамі. У міжрэччы Дняпра і Віслы асн. тыпам жылля была квадратная ў плане паўзямлянка пл. 6—20 м² зрубнай ці слупавой канструкцыі з печчу-каменкай у адным з кутоў. На зах. Валыні паўзямлянкі мелі глінабітныя печы, у Беларускім Палессі — агмені, складзеныя з камянёў, металургічнага шлаку і кавалкаў балотнай руды (Петрыкаў, Кажан-Гарадок, Камень, Востраў), або печы, складзеныя з дробных камянёў і гліны (Струга 1-я, Ліпляны). Пахавальныя помнікі П.к. — грунтавыя могільнікі, часам курганы з абрадам трупаспалення па-за магіламі. Рэчавы матэрыял складаецца з керамікі, вырабаў з металу, шкла, косці і каменю. Адметная рыса культуры — высокія гаршкі з усечана-канічным тулавам, крыху звужаным горлам і кароткаю шыйкай. На тэр.Усх. Еўропы вылучаюць карчакскі варыянт П.к. Наконт генезісу П.к. адзінай думкі няма. Існуюць меркаванні аб значнай ролі ў яе фарміраванні кіеўскай культуры, пшэворскай культуры верхнеднястроўскага варыянта і чарняхоўскай культуры. У Бел. Палессі пахаванні паводле абраду трупаспалення ў грунтавых ямах даследаваліся каля в. Хорск, Снядзін і Хотамель.