КАЎКА́ЗСКІЯ МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,

раён на Паўн. Каўказе (Расія), паміж Стаўрапольскім узвышшам і паўн. схілам Вял. Каўказа, багаты разнастайнымі мінер. крыніцамі. Больш за 130 мінер. крыніц. Група шырока вядомых курортаў: Есентукі, Жалезнаводск, Кіславодск, Пяцігорск. Клімат кантынентальны, з вял. колькасцю сонечных дзён і ўмеранымі ападкамі. Аснову курортных рэсурсаў складаюць мінер. крыніцы звычайных і тэрмальных вуглякіслых, радонавых, гідракарбанатна-хларыдна-натрыевых і інш. вод, у т. л. «Есентукі», «Нарзан». З лек. мэтамі выкарыстоўваюць клімататэрапію, рапу і сульфідныя гразі Тамбуканскага воз. Адзін са старэйшых курортных раёнаў. Мінер. крыніцы даследаваны ў пач. 18 ст. У зоне К.М.В. дзейнічае больш за 100 санаторыяў, пансіянатаў, турысцкіх баз.

Літ.:

Смирнов-Каменский Е.А., Павлов М.К. Край целебных вод. Ставрополь, 1978.

т. 8, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,

сістэма тэлебачання, якая выкарыстоўваецца для назірання за падводнымі аб’ектамі.

Адносіцца да сістэм замкнутага тыпу. У падводнай частцы маюць відэакамеру ў воданепранікальным боксе, крыніцы падсвечвання, блок фатаграфавання і спец. кабелі сілкавання і сувязі (глыбакаводныя сістэмы маюць аўтаномныя крыніцы сілкавання, а інфармацыя перадаецца па гідраакустычных ці інш. каналах). У надводнай размешчаны відэаманітор (ці тэлевізар), пульт кіравання і крыніца сілкавання. Кіраванне дыстанцыйнае ці ўручную (на малых глыбінях). Выкарыстоўваецца на розных глыбінях і пры розных умовах (у т. л. пры радыеактыўным забруджванні вады), напр., для агляду падводных частак суднаў, гідратэхн. збудаванняў, камунікацый, пошуку і абследавання затанулых суднаў, назірання за работай вадалазаў, станам лёдавага покрыва, разведкі касякоў рыбы, радовішчаў карысных выкапняў.

т. 11, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЛОКУЛЬТУ́РА раслін,

вырошчванне раслін пры штучным асвятленні. Выкарыстоўваецца ў цяплічных гаспадарках для атрымання ранняй расады, зімовага вырошчвання агародніны, у аранжарэях для зімовай выганкі дэкар. раслін, у фітатронах з навук. мэтамі. У якасці крыніцы святла выкарыстоўваюць лямпы дастатковай магутнасці, выпраменьванне якіх сканцэнтравана ў фізіял. ч. спектра (даўж. хвалі 400—710 мкм), пры невял. колькасці інфрачырв. і адсутнасці шкодных для раслін кароткахвалевых ультрафіялетавых прамянёў. Найб. эфектыўныя аранжава-чырв. прамяні (выклікаюць інтэнсіўны фотасінтэз), таму крыніцы святла, багатыя імі, выкарыстоўваюцца для паскарэння цвіцення, атрымання ранняга ўраджаю насення і пладоў. Сіне-фіялетавыя прамяні затрымліваюць развіццё раслін, іх выкарыстоўваюць пры неабходнасці затрымаць цвіценне або атрымаць ураджай лісця (напр., у салаты) ці караняплодаў (напр., у радысу радыску*).

т. 14, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́СА,

дзеючы вулкан у Японіі, у цэнтр. частцы в-ва Кюсю. Выш. 1592 м. Пакаты лававы конус зрэзаны радыяльнымі трэшчынамі; складзены пераважна з андэзітаў. Тэрмальныя крыніцы. Нац. парк Аса (пл. 73 тыс. га, засн. Ў 1934).

т. 2, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГУ́ЧАЯ ХВА́ЛЯ,

хваля, што пераносіць энергію ў напрамку распаўсюджвання ад крыніцы да спажыўца. Распаўсюджваецца ў свабоднай прасторы або ўздоўж якіх-н. ліній, напр., пругкія бягучыя хвалі — уздоўж стрыжня, струны, слупа вадкасці, эл.-магн. — уздоўж кабелю, хвалявода.

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́НСЕ (Orense),

горад на ПнЗ Іспаніі, у аўтаномнай вобласці Галісія, на рацэ Міньё. Адм. ц. правінцыі Арэнсе. 99,1 тысячы жыхароў (1986). Транспартны вузел. Гандлёвы цэнтр раёна вінаградарства і садаводства. Перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі. Лесапільныя, металаапрацоўчыя прадпрыемствы; аўтамабілебудаванне. Цёплыя серныя крыніцы.

т. 2, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРЫНГАСКАПІ́Я [ад грэч larynx (laryngos) гартань + ...скап(ія)],

метад даследавання гартані спец. інструментамі. Адрозніваюць Л. непрамую (люстраную), прамую і фібравалаконную. Непрамую Л. робяць з дапамогай гартаннага люстэрка, крыніцы святла і лобнага рэфлектара, прамую з дапамогай ларынгаскопа, фібравалаконную — прыборамі з выкарыстаннем фібравалаконнай оптыкі (святлаводаў).

П.​А.​Цімашэнка.

т. 9, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЗО́РКІ,

крыніцы касмічнага радыёвыпрамянення, звязаныя з зоркамі. Тыповая Р. — Сонца. Да Р. адносяцца пульсары, некаторыя ўспыхваючыя зоркі. Рэгіструюць радыёвыпрамяненне, якое ўзнікае, напр., пры ўспышках чырв. карлікаў і новых зорак, а таксама ў рэнтгенаўскіх і падвойных зорках.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФРАЧЫРВО́НАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна прыкладной фізікі і тэхнікі, што ўключае распрацоўку і выкарыстанне ў навук. даследаваннях, вытв-сці і ваен. справе прылад і прыстасаванняў, прынцып дзеяння якіх засн. на выкарыстанні інфрачырвонага выпрамянення. Такія прылады бываюць актыўныя (маюць уласныя штучныя крыніцы выпрамянення) і пасіўныя (выкарыстоўваюць натуральныя крыніцы выпрамянення).

Да І.т. адносяць распрацоўку і стварэнне прыёмнікаў і крыніц інфрачырвонага выпрамянення, святлафільтраў (гл. Дысперсійныя фільтры), матэрыялаў, празрыстых у інфрачырвонай вобласці, прылад для вывучэння спектраў паглынання і выпрамянення (гл. Інфрачырвоная спектраскапія), прылад для назірання (гл. Электронна-аптычныя пераўтваральнікі) і фатаграфавання ў цемнаце, дыстанцыйнага вымярэння т-ры нагрэтых цел па іх цеплавым выпрамяненні (гл. Балометр, Пірометр), сушкі драўніны і лакафарбавых пакрыццяў, дыягностыкі захворванняў, скрытай сігналізацыі, зямной і касм. сувязі і інш. Гл. таксама Інфрачырвоная дэфектаскапія.

М.​І.​Дудо.

т. 7, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІНХРО́ННЫ ГЕНЕРА́ТАР,

асінхронная машына, якая працуе ў генератарным рэжыме (першасны рухавік круціць ротар у адным напрамку з магнітным полем, але з большай частатой). Асінхронныя генератары выкарыстоўваюцца ў асноўным як дапаможныя крыніцы эл. току невял. магутнасці і як тармазныя прыстасаванні ў электрапрыводзе.

т. 2, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)