слой клетак утваральнай тканкі, з дапамогай якога здзяйсняецца другаснае патаўшчэнне сцёблаў і каранёў голанасенных і двухдольных раслін. Клеткі К. падоўжана-завостраныя на канцах, таблітчастыя (празенхімныя), з мяккімі цэлюлознымі абалонкамі. Размешчаны аднарадным цыліндрычным слоем (на папярочным зрэзе — у выглядзе кольца). Утварае ўнутр ад сябе драўніну (другасная ксілема), звонку — луб (другасная флаэма). Ва ўмераных шыротах на восень і зіму дзейнасць К. спыняецца. Сезонныя змены актыўнасці абумоўліваюць утварэнне гадавых кольцаў. Дзяленне некат. клетак К. на сцябле і корані дае корак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯЛЕ́ННЕў біялогіі,
працэс размнажэння клетак, у выніку якога з зыходнай мацярынскай утвараюцца новыя, даччыныя клеткі. Ляжыць у аснове росту тканак і працэсаў палавога размнажэння ў шматклетачных арганізмаў, у аднаклетачных арганізмаў забяспечвае рост іх колькасці. Працэс Дз. звычайна суправаджаецца глыбокімі зменамі ў клетачным ядры. Дзякуючы Дз. забяспечваецца няспыннасць існавання паслядоўных пакаленняў клетак і цэлых арганізмаў. У пракарыётаў (напр., бактэрый), клеткі якіх не маюць марфалагічна адасобленага ядра, Дз. ажыццяўляецца шляхам утварэння папярочнай перагародкі, пачкаваннем або множным Дз. з папярэднім падваеннем (рэплікацыя) генетычнага матэрыялу. У эўкарыётаў, клеткі якіх маюць ядро, адрозніваюць 2 тыпы Дз.: мітоз, уласцівы ўсім саматычным клеткам жывёльных і раслінных арганізмаў, і меёз, характэрны для палавых клетак чалавека і жывёл, а таксама раслін, што размнажаюцца палавым шляхам. У выніку меёзу ўзнікаюць палавыя клеткі з гаплоідным (адзінарным) наборам храмасом. У некаторых выпадках адбываецца прамое Дз. (амітоз) без утварэння храмасом і перабудовы ядра (рэакцыя тканкі на змененыя ўмовы асяроддзя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМУНАГЕНЕ́ТЫКА (ад імунітэт + генетыка),
раздзел імуналогіі, які вывучае генет. абумоўленасць фактараў імунітэту, унутрывідавую разнастайнасць і наследаванне тканкавых антыгенаў, генет. і папуляцыйныя аспекты ўзаемаадносін макра- і мікраарганізма і тканкавую несумяшчальнасць, анта- і філагенез імуннага адказу. Зарадзілася ў пач. 20 ст. ў сувязі з даследаваннямі груп крыві жывёл і чалавека (аўстр. ўрач К.Ландштайнер, англ. вучоны Дж.Натал і інш.). Далейшае развіццё І. звязана з адкрыццём генаў, што кадзіруюць сінтэз антыгенаў тканкавай сумяшчальнасці, і генаў, якія рэгулююць імунны адказ. Даказана, што падтрыманне генет. пастаянства саматычных (непалавых) клетак ажыццяўляецца шляхам падтрымання размнажэння ідэнтычных паводле генатыпуклетак і актыўнага прыгнечання размнажэння клетак, якія генетычна адрозніваюцца паміж сабой. Практычнае значэнне мае вывучэнне генет. асаблівасцей фарміравання імунітэту, алергіі, імуналагічнай талерантнасці, а таксама пашкоджанняў імуннай сістэмы, якія перадаюцца ў спадчыну. Вынікі імунагенет. даследаванняў маюць значэнне пры трансплантацыі органаў і тканак, для трансфузіялогіі, клінічнай імуналогіі, племянной справы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТЭ́НКА (Раіса Рыгораўна) (н. 13.9.1920, г. Белы Цвярской вобл., Расія),
савецкі біёлаг і біяхімік. Чл.-кар.АНСССР (1974), правадз.чл. УАСГНІЛ (1988). Скончыла Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.А.Ціміразева (1943). З 1947 у Ін-це фізіялогіі раслін АНСССР. Навук. працы па культуры ізаляваных клетак і тканак раслін, у т. л.эксперым. морфагенезе і дыферэнцыроўцы. Даследаванні па дзеянні іанізавальнага выпрамянення на дзяленне і рост клетак, з’яве фотаперыядызму. Дзярж. прэмія СССР 1984.
Тв.:
Культура изолированных тканей и физиология морфогенеза растений. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІ́ДЫЯ (ад грэч. basidion фундамент),
орган палавога споранашэння ў базідыяльных грыбоў. Утвараецца на канцах дыкарыятычных гіфаў з двух’ядровых клетак. Бываюць: аднаклетачныя (холабазідыі), складзеныя з дзвюх частак (гетэрабазідыі), падзеленыя на 4 клеткі папярочнымі перагародкамі (фрагмабазідыі, або склерабазідыі). У прымітыўных відаў узнікаюць непасрэдна на міцэліі або пры прарастанні спец.клетак (тэліяспораў), у больш высокаарганізаваных — на паверхні ці ў сярэдзіне пладовых цел. На кожнай з іх экзагенна развіваюцца па 2—4 базідыяспоры. У час развіцця базідыя нагадвае сумку. У базідыі завяршаецца палавы працэс — зліваюцца ядры дыкарыёна і дыплоіднае ядро рэдукцыйна дзеліцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ВЕРЫ ((Boveri) Тэадор) (12.10.1862, г. Бамберг, Германія — 15.10.1915),
нямецкі цытолаг і эмбрыёлаг. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1906). Скончыў Мюнхенскі ун-т (1885). Працаваў у заал. ін-тах у Мюнхене, Вюрцбургу (адначасова праф. Вюрцбургскага ун-та). Навук. працы па вывучэнні апладнення, змяненняў унутрыклетачных структур пры дзяленні клеткі, ранняга развіцця зародка, выспяванні палавых клетак. Вызначыў розніцу праміж храмацінам палавых і саматычных клетак. Адкрыў у ланцэтніка выдзяляльную сістэму. Разам з аўстр. біёлагам К.Раблем прапанаваў тэорыю «індывідуальнасці храмасом», якая лягла ў аснову храмасомнай тэорыі спадчыннасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ААГЕНЕ́З (ад аа... + ...генез),
паслядоўны працэс развіцця жаночай гаметы ад першаснай палавой клеткі да спелага яйца. Ахоплівае стадыі: размнажэння (павелічэнне колькасці дыплоідных палавых клетак — аагоніяў), росту аацытаў (павольны ў першай фазе, якая ў чалавека і жывёл можа працягвацца гадамі, у другой фазе — хуткі, з інтэнсіўным павелічэннем аб’ёмаў клетак) і іх выспявання (меятычнае дзяленне з утварэннем гаплоідных яйцаклетак, здольных да апладнення). У губак, некаторых кішачнаполасцевых і чарвей аагенез адбываецца ў любой частцы цела, у астатніх жывёл і чалавека лакалізаваны ў яечніках, у раслін — у аагоніях, архегоніях або зародкавым мяшку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛЬДЖЫ КО́МПЛЕКС, Гольджы апарат, Гольджы зона,
унутрыклетачны сеткаваты апарат, пастаянная клетачная арганела ўсіх эўкарыятычных клетак. Апісаны італьян. гістолагам К.Гольджы ў 1898. Мае форму сеткі, утворанай дыктыясомамі. У кожнай з іх плоскія цыстэрны, да якіх далучаюцца буйныя вакуолі; па краях цыстэрны расшыраюцца, ад іх ідуць групы дробных пузыркоў. Функцыі Гольджы комплексу: удзел у сакраторнай функцыі клетак у сінтэзе глікапратэідаў і поліцукрыдаў клеткі, у працэсах унутрыклетачнай засваяльнасці. Гольджы комплекс разбураецца пры дзеянні кіслот і растваральнікаў, ліпідаў, некат. ядаў, іанізуючай радыяцыі, мяняецца пры галаданні, траўмах, старэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАІЦЫ́ЗМ, мазаічнасць,
прысутнасць у аднаго мнагаклетачнага арганізма клетак рознага генатыпу (выключэнне — палавыя клеткі ў працэсе меёзу). Такія арганізмы наз. мазаікамі або хімерамі. Напр., стракаталістасць у раслін, розная пігментацыя радужнай абалонкі вачэй у чалавека (адно вока карае, другое — блакітнае). Асн. прычыны — мутацыі і рэкамбінацыі ў клетках, што дзеляцца шляхам мітозу. Адрозніваюць М. са зменай генатыпу, плазматыпу і фенатыпічны М., звязаны са зменай функцыі гена ці яго дозы. Да М. адносяць таксама штучнае аб’яднанне груп клетак або органаў: трансплантацыя, прышчэпкі ў раслін і інш. Выкарыстоўваюць для аналізу мутацый, асаблівасцей развіцця арганізмаў і інш.