ЛАКАМАБІ́ЛЬ (франц. locomobile ад лац. locus месца + mobilis рухомы),
перасоўная ці стацыянарная парасілавая ўстаноўка Мае поршневую паравую машыну і паравы кацёл, аб’яднаныя ў адзін агрэгат. У якасці паліва выкарыстоўваліся адходы вытв-сці (напр., кастрыца, трэскі, пілавінне) або мясц. паліва (торф, дровы). Непатрабавальны да якасці вады і паліва. Выкарыстоўваўся як сілавая машына ці крыніца пары ў сельскай гаспадарцы і на невял. прамысл. прадпрыемствах для тэхнал. мэт, напр., варкі, сушкі, ацяплення. З 1960-х г. вытворчасць Л. ў б.СССР прыпынена з-за іх малой эканамічнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАВА́Я ТУРБІ́НА,
цеплавы рухавік, у якім цеплавая энергія вадзяной пары пераўтвараецца ў кінетычную энергію, а потым у мех. работу вярчальнага вала. З’яўляецца асн. рухавіком для прывода электрагенератараў на цеплавых электрастанцыях, выкарыстоўваецца таксама для прыводу цэнтрабежных паветрадувак, кампрэсараў, помпаў.
Бываюць актыўныя турбіны, рэактыўныя турбіны і камбінаваныя, стацыянарныя (на ЦЭС) і транспартныя (на суднах, лакаматывах); адна- і мнагакорпусныя (звычайна не больш як 4 корпусы), аднавальныя (валы ўсіх карпусоў на адной восі) і з паралельным размяшчэннем 2—3 валоў. Да стацыянарных П.т. адносяцца кандэнсацыйныя (рабочы цыкл заканчваецца кандэнсацыяй пары, а кандэнсат вяртаецца ў паравы кацёл), цеплафікацыйныя (для адначасовага атрымання эл. і цеплавой энергіі — турбіны з рэгулюемым адборам пары або з проціціскам) і інш. Амаль усе П.т. многаступеньчатыя — расшырэнне пары ад пачатковага да канчатковага ціску і пераўтварэнне яго цеплавой энергіі ў мех. работу адбываецца ў шэрагу паслядоўна размешчаных ступеняў. П.т. складаецца са статара, аснашчанага накіроўнымі апаратамі (сопламі), і ротара з дыскамі, на якіх замацаваны рабочыя лапаткі. П.т. эканамічныя, быстраходныя, простыя ў эксплуатацыі. Магутнасць да 1200 МВт і больш, частата вярчэння ротара ад 3000 аб/мін (у стацыянарных) да 30 000 і больш (у турбін невял. магутнасці). П.т. прамысл. значэння стварылі Ч.А.Парсанс (1884) і швед. вынаходнік К.Г.П.Лаваль (1889).
На Беларусі самыя магутныя П.т. (300 МВт) устаноўлены на Лукомскай ДРЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЕ́Н, Папін (Papin) Дэні (22.8.1647, Шытнэ, каля г. Блуа, Францыя — 1714, паводле інш. звестак 1712), французскі фізік і інжынер, адзін з вынаходнікаў цеплавога рухавіка. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1680) і Парыжскай АН. Скончыў Анжэрскі ун-т (1669). З 1675 у Лондане, у 1688—1707 у Германіі. Вынайшаў паравы кацёл з засцерагальным клапанам (1680), выкарыстаў вадзяную пару для падняцця поршня і апісаў замкнёны тэрмадынамічны цыкл паравога рухавіка (1690). Вынайшаў некалькі машын для падняцця вады, прапанаваў канструкцыю цэнтрабежнай помпы, сканструяваў печ для плаўкі шкла і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НСКІ ДРАЦЯ́НА-ЦВІКО́ВЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў на Беларусі з 1873 каля маёнтка Барань (цяпер горад Віцебскай вобл.). Выпускаў дрот, кастылі, цвікі, мэблевыя спружыны, шыны, вінты, шайбы. Меў паравы кацёл. У 1908 з-д згарэў. У 1909—10 пабудаваны цагляныя карпусы, устаноўлена замежнае абсталяванне, з-д пачаў выпускаць абівачныя цвікі, ручны тэкс і інш. вырабы для абутковай прам-сці. У 1913 працавалі 350 рабочых, 3 вадзяныя і 3 газагенератарныя рухавікі. У 1-ю сусв. вайну выпускаў калючы дрот і інш. прадукцыю для фронту. З 1921 з-д «Чырвоны Кастрычнік», рэканструяваны і расшыраны. У 1941 абсталяванне з-да эвакуіравана ў г. Благавешчанск (Башкірыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ «КАЦЁЛ»,
акружэнне войскамі 3-га Бел. і 1-га Прыбалт. франтоў у ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 пад Віцебскам 5 ням. дывізій у час Вял.Айч. вайны. 23 ліп. войскі 43-й арміі 1-га Прыбалт. фронту і 39-й арміі 3-га Бел. фронту прарвалі абарону ворага, абышлі Віцебск з Пд і ПдЗ, у ноч на 25 ліп. злучыліся каля в. Гняздзілава Бешанковіцкага р-на і замкнулі акружэнне групоўкі праціўніка, якую разграмілі, 26 ліп. вызвалілі Віцебск. Праціўнік страціў каля 20 тыс. салдат і афіцэраў забітымі і больш за 10 тыс. палоннымі. У в. Гняздзілава ў гонар сав. воінаў пастаўлена стэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПА́ЦІН (Антон Іванавіч) (18.1.1897, в. Каменная Брэсцкага р-на — 9.4.1965),
генерал-лейтэнант (1942), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы ўдасканалення камсаставу (1925, 1947), Вышэйшыя акад. курсы (1947). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. З 1941 камандуючы арміямі на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Паўн.-Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалт., 3-м Бел. франтах. Войскі пад яго камандаваннем удзельнічалі ў вызваленні Беларусі, Прыбалтыкі, правядзенні Усх.-Прускай аперацыі. У час Беларускай аперацыі 1944нам. камандуючага 43-й арміяй, удзельнічаў у акружэнні віцебскай групоўкі праціўніка і вызваленні Віцебска (гл.Віцебскі «кацёл»). Вызначыўся пры авалоданні г. Кёнігсберг. Удзельнік вайны з Японіяй на Д. Усходзе. Да 1954 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАСНЯ́ЛЬНІК,
тэхнічная сістэма для апраснення вады. Дыстыляцыйныя апрасняльнікі — найб. пашыраныя, бываюць адна- і многаступеньчатыя. У апошніх награванне і выпарэнне вады ў 1-й ступені робіцца парай, якая паступае з парагенератара, а кожная наступная ступень абаграваецца «другаснай» парай, што ўтвараецца ў папярэдняй ступені. Кандэнсат пары, якая абагравае 1-ю ступень, вяртаецца ў кацёл, а кандэнсат, што ўтвараецца ў астатніх ступенях, падаецца спажыўцам. У многаступеньчатых апрасняльніках з імгненным закіпаннем салёная вада паслядоўна паступае ў камеры з паніжаным ціскам, дзе часткова выпараецца; кандэнсат збіраецца ў паддоне. Існуюць таксама апрасняльнікі, у якіх выкарыстоўваюць метады электролізу, гіперфільтрацыі, вымарожвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ЎКІНСКІ ШКЛОЗАВО́Д.
Дзейнічаў у 1861—1942 у маёнтку Ноўка Віцебскага пав. (цяпер вёска ў Віцебскім р-не). Выпускаў у розныя гады бутэлькі, лямпы, лямпавае шкло, каміны, рэзервуары, шклянкі і інш. шкляны посуд. Меў 6 горнаў, 2 паравыя машыны, лакамабіль, паравы кацёл. У 1910 выпушчана 10 млн.шт. шкляных вырабаў. У 1913 на яго базе засн.акц.т-ва шкляных, хрусталёвых і лесапільных прадпрыемстваў «Заходняя Дзвіна», куды ўвайшлі і лесапільная ф-ка маёнтка Ноўка (дзейнічала ў 1864—1914 пры Н.ш.), і пабудаваны ў 1913 хрусталёва-шкляны з-д у Смаленскай губ. У 1913 на Н.ш. (разам з лесапільнай ф-кай) працавала 500 чал. У Вял.Айч. вайну Н.ш. разбураны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАКЧЭ́ЕЎ (Барыс Уладзіміравіч) (н. 19.4.1926, в. Турбанава Брэйтаўскага р-на Яраслаўскай вобл.),
бел. жывапісец, педагог. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). З 1971 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў станковым жывапісе. Яго творчасці ўласцівы жыццесцвярджальнасць, экспрэсіўная жывапісна-пластычная мова, кампазіцыйная завершанасць. Асн. работы: «Этапы вялікага шляху» (1959), серыя «Брэсцкая крэпасць» (1961—70), «Хлеб» (1969), «Гродзенскія гусары каля Полацка» (1995) і інш. Аўтар пейзажных кампазіцый: «Сакавік» (1964), «На сплаве» (1973), «Стары млын у Манькавічах» (1981), «Народныя песні» (1982), «Зямля заслаўская» (1985), «Ф.Скарына» (1990), «З думкай аб родных нівах. М.Багдановіч» (1991), «Вечар у Жыровічах» (1993). Адзін з аўтараў дыярамы «Мінскі кацёл» (1971, Бел.дзярж. музей гісторыі Вял.Айч. Вайны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ «КАЦЁЛ»,
акружэнне 3-й, 10-й і часткі 13-й армій Зах. фронту ў раёне Навагрудка і Налібоцкай пушчы Баранавіцкай вобл., Мінскім умацаваным раёне 28.6—4.7.1941 у Вял.Айч. вайну. Утварыўся ў выніку злучэння пад Мінскам ням. 3-й (наступала з Вільнюса праз Маладзечна) і 2-й (наступала ад Брэста і Баранавіч) танк. груп у час Мінска абароны 1941. У акружэнне трапіла 11—15 дывізій, якія мелі значныя страты ў баях пад Гроднам, Ваўкавыскам і Лідай, прарваліся каля Зэльвы, Дзярэчына, Слоніма з беластоцкага «катла». Упартае супраціўленне сав. войск пад Беластокам, Навагрудкам і Мінскам скавала 25 дывізій ням. групы армій «Цэнтр». Каля 12 дывізій Зах. фронту былі разгромлены ў Н.«к.». З цяжкімі баямі з акружэння прарваліся 24-я (ген.-м. К.М.Галіцкі), рэшткі 17-й, 55, 64, 108, 155-й стралк., 36-й кав., 204-й матарызаванай і інш. дывізій, зводныя атрады 11-га (ген.-м. Д.К.Маставенка) і 13-га (ген.-м ГІ.А.Ахлюсцін) механіз. карпусоў. Частка акружэнцаў рассеялася па лясных вёсках, перайшла да партыз. форм барацьбы. «Лясная дывізія» на чале з ген.-лейт. І.В.Болдзіным і палк. І.С.Стральбіцкім з баямі выйшла праз варожыя тылы да Смаленска. 4—5 ліп. 52 тыс. чырвонаармейцаў (паводле ням. звестак) вымушаны былі здацца ў палон. За час ліквідацыі Н.«к.» каля 15 ням. дывізій панеслі адчувальныя страты, што запаволіла рух. ням. злучэнняў да Масквы, дазволіла сав. камандаванню аднавіць у ліп. 1941 Зах. фронт па Дняпры і Зах. Дзвіне, правесці Магілёва абарону 1941, Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1941, Лепельскі контрудар 1941, рэйд трох кав. дывізій на чале з ген.-палк. А.І.Гарадавіковым па тылах 2-й ням. арміі, падцягнуць рэзервовыя арміі да Смаленска і Бранска.
Літ.:
Еременко А.И. В начале войны. М., 1964;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Навагрудскага р-на. Мн., 1996;