БРЖАЗО́ЎСКАЯ (Людміла Генрыхаўна) (н. 4.6.1946, Мінск),

бел. артыстка балета. Нар. арт. Беларусі (1975). Дачка Г.Ф.Бржазоўскага. Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1966, педагогі Н.Младзінская, І.Савельева), Мінскі ін-т культуры (1987). Удасканальвала майстэрства ў Н.Дудзінскай у С.-Пецярбургу. У 1966—89 вядучая танцоўшчыца Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1989 выкладала ў Дзярж. харэагр. вучылішчы, з 1994 — у Бел. акадэміі музыкі. Яе майстэрства вызначалася высокім лірыка-трагедыйным напалам, завершанасцю ліній, уменнем спалучаць унутр. сутнасць вобраза з пластычным малюнкам танца. Упершыню на бел. сцэне выканала гал. партыі ў многіх балетах, пастаўленых А.Дадышкіліяні, В.Елізар’евым і інш. Сярод партый у бел. балетах: Нэле («Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава), Дзяўчына («Пасля балю» Г.​Вагнера), Маці («Крылы памяці» У.​Кандрусевіча); у балетах сучасных кампазітараў: Ева («Стварэнне свету» А.​Пятрова), КармэнКармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Каханая («Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа) і інш. Яе яркая індывідуальнасць найб. поўна выявілася ў спектаклях класічнага рэпертуару: Адэта—Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Сільфіда («Сільфіда» Х.​Левенскольда) і інш. Здымалася ў кінафільмах «Прададзены смех» (1981), «Міф» (1986), у тэлевізійных варыянтах балетаў «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Жызэль», «Стварэнне свету», «Камерная сюіта», тэлефільме «Танцуе Людміла Бржазоўская».

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 91—103;

Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;

Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993. С. 24—32.

Л.Г.Бржазоўская. Мастак А.​Шастакоў.
Л.Бржазоўская ў партыі Нэле.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕВА (Ларыса Філалогаўна) (н. 29.10.1907, г. Луцк Валынскай вобл., Украіна),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. Беларусі (1944). Скончыла муз. тэхнікум імя Гнесіных у Маскве (1936). У 1937—41 і 1944—46 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета БССР. У 1946—48 у Вялікім т-ры. Валодала голасам прыгожага тэмбру, высокай вак. культурай, сцэнічнай абаяльнасцю. Сярод партый: Русалка («Кветка шчасця» А.​Туранкова), Караліна («Дрыгва», пазней «У пушчах Палесся» А.​Багатырова), Марфачка («Алеся» Я.​Цікоцкага, канцэртнае выкананне, 1944), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Мікаэла («Кармэн» Ж.​Бізэ), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). У канцэртны рэпертуар уключала бел. нар. песні.

Б.​С.​Смольскі.

Л.Ф.Аляксеева.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОН (Анісім Міхайлавіч) (1.9.1895, г. Новамаскоўск, Украіна — 2.2.1975),

дырыжор. Скончыў Кіеўскую кансерваторыю па класах фп. (1916) і кампазіцыі (1918). Дырыжор т-раў оперы і балета ў Тбілісі, Баку, Харкаве, Кіеве, Ленінградзе. У 1926—56 працаваў у Муз. т-ры імя Неміровіча-Данчанкі ў Маскве, узначальваў оперны ансамбль Усесаюзнага радыё, Ансамбль сав. оперы Усерас. тэатр. т-ва. У 1944—48 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова выкладаў у Бел. кансерваторыі. Муз. кіраўнік пастаноўкі бел. опер «Алеся» (1944) і «Міхась Падгорны» (1957) Я.​Цікоцкага, «Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса (1947), а таксама опер «Кармэн» Ж.​Бізэ (1945), «Травіята» (1946) і «Рыгалета» (1948) Дж.​Вердзі.

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛО́НКІНА (Вольга Мікалаеўна) (н. 15.1.1956, г. Драгобыч, Украіна),

бел. тэатральны мастак. Пасля сканчэння Растоўскага маст. вучылішча (1981) мастак па касцюмах Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Створаныя ёй касцюмы вызначаюцца вынаходлівасцю, дасціпнасцю вырашэння, дакладнасцю характарыстыкі персанажаў. Найб. адметныя касцюмы да спектакляў «Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані і «Гуляем у прынца і жабрака» А.​Журбіна (1985), «Клоп» У.​Дашкевіча (1988), «Хэло, Долі!» Дж.​Германа (1992), «Халопка» М.​Стрэльнікава (1994), «Капялюш Напалеона» О.​Штрауса (1996), «Цыганскі барон» І.​Штрауса (1997) у т-ры муз. камедыі, оперы «Кармэн» Ж.​Бізэ (1990) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі.

Л.​І.​Дабравольская.

В.Жалонкіна. Эскізы касцюмаў да спектакля «Гуляем у прынца і жабрака» А.​Журбіна.

т. 6, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТО́НЫ ((Cotogni) Антоніо) (1.8.1831, Рым — 5.10.1918),

італьянскі спявак (барытон), педагог; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў мастацтва бельканта 2-й пал. 19 ст. З 12 гадоў вучыўся ў царк. школе спеваў. Быў салістам у царк. харах. У 1852—94 выступаў на оперных сцэнах Італіі і інш. краін (у 1872—94 у Італьян. оперы ў Пецярбургу). З 1894 выкладаў у Пецярбургскай кансерваторыі, з 1899 — у муз. ліцэі акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме. Сярод партый: Радрыга, Рэната («Дон Карлас», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Вільгельм Тэль, Фігара («Вільгельм Тэль», «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Невер, Нелуска («Гугеноты», «Афрыканка» Дж.​Меербера), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Тэльрамунд («Лаэнгрын» Р.​Вагнера). Сярод вучняў Дж.​Лаўры-Вольпі, Я.​М.​Рэшке.

т. 8, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСІЦЫЯ́Н (Павел Герасімавіч) (н. 6.11.1911, г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція),

расійскі і арм. спявак (барытон), педагог. Нар. арт. СССР (1956). Скончыў Ерэванскую кансерваторыю (1960), у 1967—73 выкладаў у ёй (з 1970 праф.). На опернай сцэне з 1935. У 1940—66 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Валодаў моцным голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Яго выкананне вылучалася высакароднасцю, бездакорнай інтанацыяй, дасканаласцю дыкцыі. Сярод партый: Казбіч («Бэла» А.​Аляксандрава), Аршак II («Аршак II» Т.​Чухаджана), Андрэ («Джаліль» Н.​Жыганава), Татул («Алмаст» А.​Спендыярава), Ялецкі, Анегін, Мазепа, Раберт («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Мазепа», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Жэрмон, Аманасра («Травіята», «Аіда» Дж.​Вердзі), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ).

Літ.:

Яковенко С.Б. П.​Г.​Лисициан: Уроки одной жизни. М., 1989.

П.Г.Лісіцыян.

т. 9, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАН [London; сапр. Бёрнстайн

(Bumstein)] Джордж (30.5.1920, г. Манрэаль, Канада — 24.4.1985),

амерыканскі спявак (бас-барытон), рэжысёр. З 1935 у ЗША. Вучыўся спевам у Р.​Лерта. У 1941—67 выступаў у буйнейшых т-рах ЗША і Еўропы. З 1975 кіраўнік Опернага т-ва ў Вашынгтоне. Яго творчасці ўласцівы выразная фразіроўка, разнастайнасць тэмбравых і эмацыянальных адценняў. Сярод партый: Дон Жуан («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Вотан («Валькірыя» Р.​Вагнера), Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Гало («Пелеас і Мелізанда» К.​Дэбюсі), Ліндорф, Капеліус, Дапертута, доктар Міракль («Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.​Мусаргскага), Яўген Анегін (аднайм. опера П.​Чайкоўскага). Паставіў шэраг опер Вагнера, Моцарта і інш.

т. 9, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУНЦЯ́Н (Міхаіл Іванавіч) (н. 15.8.1943, с. Крыва, Малдова),

малдаўскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. Малдовы (1980). Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Кішынёўскі ін-т мастацтваў (1971). З 1971 саліст Малд. т-ра оперы і балета. З 1983 выкладае ў Кішынёўскай акадэміі музыкі. Валодае голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, дасканалай вак. тэхнікай. Сярод партый: Герман, Ленскі, Княжыч, Вадэмон («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Чарадзейка», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Альфрэд, Рычард, Дон Карлас, Радамес, Манрыка, Дон Альвара («Травіята», «Баль-маскарад», «Дон Карлас», «Аіда». «Трубадур», «Сіла лёсу» Дж.​Вердзі), Турыду («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Каварадосі, Калаф («Тоска», «Турандот» Дж.​Пучыні), Паліён («Норма» В.​Беліні). Дзярж. прэмія Малдовы 1988.

т. 11, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧАРО́ВА (Людміла Мікалаеўна) (н. 19.1.1950, Мінск),

мастак тэатра. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1973). У 1973—80 маст. рэдактар выд-ва «Беларусь», з 1983 у Нац. акад. т-ры оперы Беларусі (з 1989 мастак-пастаноўшчык). Высокая культура малюнка, сакавітасць і гарманічная прыгажосць каларыту вызначаюць створаныя ёю эскізы касцюмаў да оперы «Кавалер руж» Р.​Штрауса (1989), «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага (1993), балета «Карсар» А.​Адана (1991), афармленне опер «Мадалена» С.​Пракоф’ева (1989), «Рыгалета» Дж.​Вердзі (1994), «Кармэн» Ж.​Бізэ (1995), «Князь Ігар» А.​Барадзіна (1996), фантазіі «Шэкспір і Вердзі» (1992). Па яе эскізах створаны таксама касцюмы да спектакляў «Залёты» В.​Дуніна-Марцінкевіча (1992) у Бел. т-ры імя Я.​Коласа, «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча (1993) у Бел. т-ры імя Я.​Купалы і інш.

т. 5, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́СІМАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 8.10.1947, Масква),

дырыжор. Засл. дз. маст. Расіі (1988). Скончыў Ленінградскую (1975) і Маскоўскую (1980) кансерваторыі. Дырыжор Ленінградскага Малога (1975—80) і Пермскага (1984—89) т-раў оперы і балета. У 1980—84 і з 1989 гал. дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Пад яго муз. кіраўніцтвам паст. нац. балет «Курган» Я.​Глебава (1982), оперы «Новая зямля» Ю.​Семянякі (1982) і «Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана (1989, Дзярж. прэмія Беларусі 1990). Сярод інш. работ на бел. сцэне: «Рыгалета» Дж.​Вердзі (1981), «Шчаўкунок» (1982) і «Іаланта» (1993) П.​Чайкоўскага, «Іван Сусанін» М.​Глінкі (1984), «Кармэн» Ж.​Бізэ (1990), «Карсар» А.​Адана (1991), «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.​Шастаковіча (1994).

Н.​В.​Кузняцова.

т. 1, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)