КАРА́ЛІ Вера Аляксееўна (8.8.1889, Масква — 16.11.1972),
руская артыстка балета і кінаактрыса. Па паходжанні грачанка. Пасля сканчэння Маскоўскага тэатр. вучылішча (1906, педагог А.Горскі) у Вял. т-ры. Мела эфектную сцэн. знешнасць; яе танцу былі ўласцівы вытанчанасць, адухоўленая пластыка, скульпт. завершанасць і прыгажосць поз. Сярод партый: Анітра («Нур і Анітра» на муз. А.Ільінскага), Саламбо і Багіня Таніт («Саламбо» А.Арэндса), Эўніка («Эўніка і Петроній» на муз. Ф.Шапэна), Раймонда, Пастушка («Раймонда», «5-я сімфонія» на муз. А.Глазунова), Жызэль, Медора («Жызэль», «Карсар» А.Адана), Нікія, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса). Выканала канцэртны нумар «Лебедзь, які памірае» на муз. К.Сен-Санса. З 1918 за мяжой. У 1919—20 у Рускім балеце С.Дзягілева, потым у розных трупах Еўропы і ЗША. З 1914 здымалася ў кіно (каля 30 фільмаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАУ́РЫ (інд. kauri),
невялікая ракавіна марскога малюска (даўж. 1—2,5 см). У стараж. часы К. выкарыстоўваліся як упрыгожанні і грашовы сродак у народаў Азіі, Афрыкі, Акіяніі (да пач. 20 ст.), Еўропы. Як грошы ў Афрыцы вядомы ў 11—12 ст. У 17—18 ст. тэрыторыя іх выкарыстання пашыралася, у сярэдзіне 19 ст. у Зах. Афрыцы зафіксаваны іх курс: 1 талер = 2500 ракавін, у народаў Індыйскага акіяна 1 рупія = 2500—12 000 К. На Беларусі К. выяўлены пры раскопках сярод знаходак 12 ст. (Гродзенскі Стары замак, Полацк і інш.) і 15—16 ст. (Панямонне). Звычайна К. мелі адтуліну для нанізвання на шнур. Магчыма, К. выкарыстоўваліся на тэр. Беларусі як грошы у безманетны перыяд (2-я пал. 11—13 ст.).
Каралі з кауры, бронзавыя пярсцёнак і бранзалет 12 ст. з Полацкага гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫПІСНЫ́Я СЯЛЯ́НЕ,
феадальна-залежнае насельніцтва Расіі ў 17 — сяр. 19 ст., якое замест аброку і падушнага падатку было абавязана працаваць на казённых і прыватных з-дах ці ф-ках. У канцы 17 і асабліва ў 18 ст. ўрад дзеля падтрымкі буйной прам-сці шырока практыкаваў прыпіску (звычайна без указання тэрміну) дзярж. сялян да з-даў ці мануфактур на Урале і ў Сібіры. Фармальна сяляне заставаліся ўласнасцю дзяржавы, але прадпрымальнікі эксплуатавалі і каралі іх як сваіх прыгонных. Цяжкае становішча П.с. выклікала шматлікія паўстанні і ўцёкі. З канца 18 ст. ўрад спыніў прыпіску сялян да з-даў. У пач. 19 ст. П.с. пад назвай «неадменных работнікаў» увайшлі ў катэгорыю пасэсійных сялян, скасаваную ў 1861—63 пасля адмены прыгоннага права.
Літ.:
Панкратова А.М. Формирование пролетариата в России. (XVII—XVIII вв.). М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЦЫЛІ́ЙСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,
дзяржава ў 12—13 ст., якая ўключала тэр. в-ва Сіцылія і Паўд. Італіі, заваяваныя нарманамі ў канцы 11 ст. Аформілася з каранацыяй Ражэра II [1130—54], заснавальніка Нарманскай дынастыі. Яго пераемнікі Вільгельм I [1154—66] і Вільгельм II [1166—89], абапіраючыся на дробнае рыцарства і царкву, стварылі магутную дзяржаву. У 1194 сіцылійская карона перайшла да імператара Генрыха VI Штаўфена (гл.Генрых, ням.каралі). У час праўлення Фрыдрыха II [1197—1250] завяршылася цэнтралізацыя С.к. Паводле законаў 12—13 ст. буйныя феадалы і гарады пазбаўлены вольнасцей, сяляне прымацаваны да зямлі. У 1266—68 апошнія сіцылійскія Штаўфены разбіты Карлам 1 Анжуйскім [1268—82]. У выніку паўстання ў 1282 на в-ве Сіцылія (гл.«Сіцылійская вячэрня») С.к. распалася. Сіцылія трапіла пад уладу ісп. Арагонскай дынастыі. У руках Анжуйскай дынастыі засталася толькі Паўд. Італія (Неапалітанскае каралеўства).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЎКАЛЮ́К Віктар Раманавіч (н. 18.8.1926, г. Анжэра-Суджанск Кемераўскай вобл., Расія),
бел. артыст аперэты (лірычны тэнар). Засл.арг. Беларусі (1968). Скончыў студыю пры Ленінградскім т-ры імя Ленінскага камсамола (1947). Працаваў у розных т-рах краіны. З 1962 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі, у 1970—90 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі. Камед. акцёр яскравага таленту, творчая палітра якога вызначалася разнастайнасцю вострахарактарных вобразаў. Сярод партый у бел. рэпертуары: Трынтрава, Віктор, Пустарэвіч, Даніла, Цар («Рабінавыя каралі», «Пяе «Жаваранак», «Паўлінка», «Тыдзень вечнага кахання», «Сцяпан — вялікі пан» Ю.Семянякі), Мацей («Несцерка» Р.Суруса). З інш. роляў: Боні і князь Валяпюк, Зупан («Сільва», «Марыца» І.Кальмана), барон Зета («Вясёлая ўдава» Ф.Легара), Амедэй і Фальк («Лятучая мыш» І.Штрауса), Яшка-артылерыст («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬДЭМАР (Valdemar),
каралі ў сярэдневяковай Даніі.
Вальдэмар I Вялікі (14.1.1131 — 12.5.1182), кароль у 1157—82. Праўнук па маці кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха. Ажыццявіў шэраг паходаў супраць палабскіх славян і падпарадкаваў каля 1169 в-аў Руяну (Руген). Заклаў асновы цэнтралізаванай феад. манархіі ў Даніі.
Вальдэмар II Пераможца (1170—28.3.1241), кароль у 1202—41. На пач. 13 ст. падпарадкаваў шэраг паўн.-герм.тэр., але страціў іх у 1227 пасля паражэння ў бітве з ням. феадаламі пры Борнхёведзе. У 1219 захапіў Паўн. Эстонію (Эстляндыю).
Вальдэмар IV Атэрдаг (каля 1320—24.10.1375), кароль у 1340—75. Аднавіў каралеўскую ўладу над большай ч. краіны. Пасля паўстання эстаў 1343—45 прадаў Паўн. Эстонію (1346) Лівонскаму ордэну. У вайне з ням.гандл. саюзам Ганзай 1367—70 за панаванне на Балтыйскім м. пацярпеў паражэнне, заключыў ганебны для Даніі Штральзундскі мір 1370.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМЕ́НКА Аляксандр Іванавіч (н. 16.10.1946, Мінск),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Адзін са стваральнікаў і гал. мастак (з 1995) выд-ва «Панграф». Сярод твораў у кераміцы: кампазіцыі «Злыя каралі» (1975), «Гартаючы старонкі кніг Якуба Коласа» (1982), «Песня травы» (1996), рэльефы «Напалм» (1976), «Беларускія спартыўныя гульні» (1979), трыпціх «Свет Міколы Гусоўскага» (1980).
Аформіў інтэр’еры будынкаў бел. аддзялення рас.інфарм. агенцтва «Навіны» (1971, рэльефы), б.ЦККПБ (1976, цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; паркеты, люстры, дэкар. агароджы), рэстарана «Беларусь» у Брэсце (1979; манум. размалёўка «Паляванне ў Белавежскай пушчы»). Стварае дызайн каштоўных папер, манет, марак, памятных медалёў. Працуе таксама ў жывапісе («Партрэт Казіміра Малевіча», «Гарадскі раманс», абедзве 1992). Аформіў кн. «Садружнасць незалежных дзяржаў», «Сядзібны партрэт Беларусі XVII — першай паловы XIX ст. са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь» (1996, абедзве з Дз.Бяліцкім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́МБАРАЎСКІЯ ЦЫСТЭРЦЫЯ́НСКІЯ КЛЯ́ШТАРЫ,
мужчынскі і жаночы кляштары каталіцкага манаскага ордэна цыстэрцыянцаў у Кімбараўцы (прыгарад Мазыра, цяпер у межах горада). Мужчынскі кляштар у пач. 18 ст. заснаваны навагрудскім кашталянам А.Аскеркам. У далейшым ахвяраванні на кляштар рабілі інш. прадстаўнікі гэтага роду, каралі Рэчы Паспалітай Аўгуст II і Аўгуст III. У 1825 манахі мелі юрыдыку ў Кімбараўцы, вёскі Навікі і Юхнаўку, 24 валокі зямлі. Пры кляштары працавала школа (у 1819—10 вучняў), у б-цы было 850 тамоў. У 1864 кляштар скасаваны, касцёл пераабсталяваны ў царкву. Жаночы кляштар існаваў у 1744—1888. Засн. па ініцыятыве прыёра мужчынскага кляштара Б.Ражанскага, кн. К.Сапега падараваў 30 тыс. злотых. У 1809 у школе пры кляштары вучылася 28 дзяўчат. Захаваліся будынкі касцёла і частка жылога корпуса.
А.А.Ярашэвіч.
Да арт.Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары. Агульны выгляд касцёла цыстэрцыянак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВА́РА (ісп. Navarra, франц. Navarre),
сярэдневяковае каралеўства ў Пірэнеях са сталіцай Памплона (у 905—1512). У старажытнасці Н. насялялі баскі, выцесненыя ў 6 ст. вестготамі. У 716—719 заваявана арабамі, у 2-й пал. 8 ст. падпарадкавана Карлам Вялікім. З сярэдзіны 9 ст. незалежнае каралеўства, першы вядомы з летапісаў кароль Н. — Санча Гарсія (905—925). У 1027—35 у саюзе з Кастыліяй і Арагонам, у 1076—1134 у персанальнай уніі з Арагонам. У 1234—84 і 1328—1512 на каралеўскім прастоле Н. былі франц. графы, у 1285—1328 — франц.каралі. У 1485 Верхнюю Н. заваяваў Фердынанд Арагонскі. У 1512 яна далучана да Іспаніі (цяпер прав. Навара). Ніжняя Н. была фармальна незалежнай да 1589. Калі яе кароль Генрых Наварскі стаў франц. каралём Генрыхам IV, тэр. Ніжняй Н. далучылі да Францыі (цяпер дэпартамент Ніжнія Пірэнеі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЕАГУ́ЛЬНАЯ ПРАЦО́ЎНАЯ ПАВІ́ННАСЦЬ,
мерапрыемствы сав. улады па абавязковым прыцягненні да працы ўсіх працаздольных грамадзян сав. Расіі, якія праводзіліся ў 1918—20. Мела на мэце забеспячэнне рабочай сілай патрэб гаспадаркі і абароны ва ўмовах грамадз. вайны і інтэрвенцыі; цесна звязана з палітыкай «ваеннага камунізму». У.п.п. абвешчана ў Дэкларацыі правоў працоўнага і эксплуатуемага народа (студз. 1918), дэкрэтам СНК РСФСР ад 5.10.1918 уведзена для прадстаўнікоў буржуазіі, Кодэксам законаў аб працы ад 10.12.1918 — для ўсяго працаздольнага насельніцтва. Дэкрэты СНК ад 12.4.1919 і 27.4.1920 забаранялі самавольны пераход на іншую працу і сурова каралі за прагулы. Паводле дэкрэта СНК ад 29.1.1920 «Аб парадку ўсеагульнай працоўнай павіннасці» ствараліся Гал. (старшыня Ф.Э.Дзяржынскі) і мясц. к-ты па правядзенні У.п.п., усё працаздольнае насельніцтва, незалежна ад пастаяннай работы, прыцягвалася да выканання розных прац. заданняў. З увядзеннем новай эканамічнай палітыкі У п.п. спыніла дзеянне. На тэр. Беларусі скасавана ў 1922.